comicsby.live
  • КОМІКСЫ
  • ФАНФІКІ
  • АПАВЯДАННІ
  • ЧАСОПІСЫ
  • БЛОГІ
  • ПЕРАКЛАДЫ
  • АЎТАРСКІЯ ТВОРЫ
  • ПРЫШПІЛЬНЫЯ КОМІКСЫ
  • Інфармацыя
    • Звязацца з намі
    • Прапанаваць публікацыю
  • Мой аккаўнт
    • Уваход праз google
    • Уваход праз Twitter (X)
    • Уваход для аўтараў
    • Мае налады
    • Выхад
Advanced
  • КОМІКСЫ
  • ФАНФІКІ
  • АПАВЯДАННІ
  • ЧАСОПІСЫ
  • БЛОГІ
  • ПЕРАКЛАДЫ
  • АЎТАРСКІЯ ТВОРЫ
  • ПРЫШПІЛЬНЫЯ КОМІКСЫ
  • Інфармацыя
    • Звязацца з намі
    • Прапанаваць публікацыю
  • Мой аккаўнт
    • Уваход праз google
    • Уваход праз Twitter (X)
    • Уваход для аўтараў
    • Мае налады
    • Выхад
Family Safe
Family Safe
  • Жанры
    • Рамантыка
    • Супергероі
    • Камедыя
    • Драма
    • Баявік
    • Дэтэктыў
    • Для дарослых
    • Прыгоды
    • Анімэ
    • Школа
    • Фэнтазі
    • Гістарычны
    • Хорар
    • Манга
    • Містыка
    • Уаншот
    • Псіхалагічны
    • Фантастыка
    • Спорт
  • Выдавецтвы коміксаў
    • Marvel
    • DC
    • Image comics
    • Dark Horse
    • IDW
    • Boom! Studios
    • Oni Press
  • Фандомы фанфікаў
    • Harry Potter
    • Avengers
    • Spider-man
    • Star Wars
    • Genshin Impact
    • Good Omens
  • Аўтары
Prev
Next

Ці мараць андроіды пра электрычных авечак? - 1. АДЗІН

  1. Хатняя старонка
  2. Ці мараць андроіды пра электрычных авечак?
  3. 1. АДЗІН
Prev
Next

АДЗІН

 

Маленькі жвавы разрад электрычнасці, дасланы аўтаматычным будзільнікам ад прылады настрою побач з ложкам, пазбавіў сну Рыка Дэкарда. Здзіўлены – раптоўнае абуджэнне заўсёды здзіўляла яго – ён вылез з ложка, выпрастаўся ў сваёй рознакаляровай піжаме і пацягнуўся. Цяпер, у ейным ложку, яго жонка Ірэн адкрыла шэрыя, невясёлыя вочы, міргнула, прастагнала і заплюшчыла вочы ізноў.

 

– Ты паставіла свой Пэнфілд на занадта малы разрад, – сказаў ён. – Я яго пераналадую, ты прачнешся, і…

 

– Не лезь сваімі рукамі ў мае налады, – у яе голасе ён пачуў горыч і рэзкасць. – Я не хачу прачынацца.

 

Ён сеў побач, нахіліўся над ёй і мякка патлумачыў:

 

– Калі ты паставіш дастаткова высокі разрад, то будзеш радая, што прачнулася; у гэтым і сэнс. На ўзроўні С пераадольваецца бар’ер свядомасці, адказны за нежаданне прачынацца, як гэта адбываецца ў мяне.

 

Лагодна, бо ён адчуваў любоў да сусвету дзякуючы сваёй наладзе на D, ён крануўся яе аголенага, бледнага пляча.

 

– Прыбяры свае грубыя паліцэйскія рукі, – сказала Ірэн.

 

– Я не паліцэйскі, – ён адчуў раздражненне, да якога не быў гатовы.

 

– Ты горшы, – сказала яго жонка з па-ранейшаму закрытымі вачамі. – Ты забойца, якога наймаюць копы.

 

– Я не забіў ніводнага чалавека ў сваім жыцці.

 

Цяпер яго раздражнёнасць узмацнілася; перарасла ў адкрытую варожасць.

 

Ірэн сказала:

 

– Толькі бедных андраў.

 

– Ніколі не заўважаў, каб у цябе былі нейкія ваганні, ці траціць грошы, якія я прыносіў, на што заўгодна вартае тваёй мімалётнай увагі.

 

Ён устаў і пакрочыў да панэлі кіравання свайго Пэнфілда.

 

– Замест таго, каб ашчаджаць, – сказаў ён, – на сапраўдную авечку, каб замяніць гэтую электрычную наверсе. Электрычная жывёла, а колькі я зарабіў, працуючы ўсе гэтыя гады.

 

Ля сваёй панэлі ён вагаўся, ці абраць супрэсар таламуса (які б пазбавіў яго гневу) ці стымулянт таламуса (які б зрабіў яго дастаткова раззлаваным, каб перамагчы ў спрэчцы).

 

– Калі ты паставіш болей злосці, – сказала Ірэн, – тады і я зраблю так жа. Я пастаўлю на максімум, і ты сутыкнешся з такой спрэчкай, што ўсе аргументы, якія мы знаходзілі дагэтуль, пададуцца нікчэмнымі. Пастаў і ўбачыш; выпрабуй мяне.

 

Яна імкліва паднялася, павісла над панэллю ўласнай прылады, і застыла ў чаканні, з лютасцю пазіраючы на яго.

 

Ён уздыхнуў, пераможаны яе пагрозамі:

 

– Я пастаўлю тое, што ў мяне па раскладзе на сёння.

 

Па раскладзе на 3 студзеня 1992 яму патрабаваўся сур’ёзны, прафесійны падыход да спраў.

 

– Калі я буду ставіць па раскладзе, – сказаў ён абачліва, – ты таксама будзеш?

 

Ён чакаў, дастаткова разумны, каб не прыняць на сябе нейкія абавязкі, пакуль яго жонка не пагодзіцца ўзяць з яго прыклад.

 

– Па раскладзе ў мяне сёння шасцігадзінная самаабвінаваўчая дэпрэсія, – сказала Ірэн.

 

– Што? Чаму ты паставіла ў расклад такое?

 

Гэта зводзіла на нішто ўвесь сэнс прылады настрою.

 

– Я нават не ведаў, што такое можна выбраць, – сказаў ён скрушна.

 

– Неяк апоўдні я сядзела тут, – сказала Ірэн, – і, як звычайна, заліпала ў Бастара Сяброўскі і Яго Сяброўскіх Сяброў, і ён гаварыў пра вялікую навіну, якую збіраецца распавесці ўсім, і раптам пачалася тая жудасная рэклама, ну, якую я ненавіджу; можа, ведаеш – свінцовыя гульфікі Манцібанк. На хвіліну я выключыла гук. І пачула будынак, гэты будынак; я пачула…

 

Яна абвяла рукамі вакол сябе.

 

– Пустыя кватэры, – сказаў Рык. Часам і ён чуў, уначы, калі не мог заснуць. І ўсё ж, у гэты дзень і час будынак з напалову заселенымі конапартаментамі меў высокі рэйтынг на мапе шчыльнасці насельніцтва; але ў параўнанні з тым, што было да вайны, будынкі лічыліся б зусім пустымі… хіба нешта такое ён калісьці чуў. Інфармацыя да яго трапляла ад іншых; і ён, як і большасць людзей, не лічыў патрэбным правяраць яе наўпрост.

 

– У той момант, – працягвала Ірэн, – калі гук з тэлевізара знік, я была на 382-ім настроі; я толькі перад гэтым наладавала сябе. Таму, хаця інтэлектуальна я і чула пустэчу, я не адчувала яе. Маёй першай рэакцыяй была ўдзячнасць за тое, што мы можам дазволіць сабе Пэнфілд. Але я прачытала, што гэта ненармальна – асэнсоўваць адсутнасць жыцця, не толькі ў гэтым будынку, але паўсюль, і ніяк на гэта не рэагаваць. Ты разумееш? Здагадваюся, што не. Некалі гэта лічылася прыкметай псіхічнай хваробы, якую называлі ‘адсутнасць адпаведнай рэакцыі’. Таму я пакінула тэлевізар з выключаным гукам і села ля сваёй прылады і пачала эксперыментаваць. І нарэшце знайшла наладу для адчаю.

 

Яе смуглы, нахабны твар выяўляў задавальненне, быццам яна вынайшла нешта вартаснае.

 

– Таму я паставіла яе ў расклад двойчы на месяц; я падумала, што гэта разумная колькасць часу для асэнсавання безнадзейнасці наконт усяго; наконт таго, каб заставацца на Зямлі, калі ўсе, нават менш вартыя нас, эмігравалі, як думаеш?

 

– Але гэта такі настрой, – сказаў Рык, – у якім ты прырэчана заставацца, бо не пазбавішся яго. Падобны адчай, ва ўсёй нашай рэальнасці, будзе самападтрымліваць сваё існаванне.

 

– Я запраграмавала аўтаматычную змену праз тры гадзіны, – сказала яго жонка лісліва, – на 481. Разуменне разнастайных магчымасцяў, якія стануць даступныя для мяне ў будучыні; новая надзея, што…

 

– Я ведаю 481, – перабіў Рык. Ён карыстаўся гэтым спалучэннем шмат разоў; і вельмі давяраў яму. – Слухай, – сказаў ён, сядаючы на свой ложак і беручы яе рукі, каб прыцягнуць да сябе, – нават з аўтаматычным адключэннем небяспечна перажываць дэпрэсію любога віду. Забудзься на тое, што ты паставіла ў расклад, і я забудуся на тое, што паставіў я; мы разам уключым 104 і абодва перажывем яго, а потым ты яшчэ крыху так застанешся, а я зраблю перазапуск свайго на звычайнае працоўнае стаўленне. Пасля я хачу ўзабрацца на дах і праверыць нашу авечку, і нарэшце палячу ў офіс; і буду ведаць, што ты не сядзіш тут, у маркоце, перад выключаным тэлевізарам.

 

Ён адпусціў яе танюткія, даўгія пальцы, і прайшоў праз прасторныя апартаменты ў гасцёўню, дзе яшчэ адчуваўся пах выпаленых мінулай ноччу цыгарэт. Там ён нахіліўся, каб уключыць тэлевізар.

 

Са спальні ён пачуў голас Ірэн:

 

– Не зношу тэлевізара перад сняданкам.

 

– Пастаў 888, – сказаў Рык, калі тэлевізар нагрэўся. – Жаданне глядзець тэлебачанне, не істотна, што менавіта.

 

– У мяне няма жадання нешта ставіць, – сказала Ірэн.

 

– Тады пастаў 3, – сказаў ён.

 

– Я не магу паставіць наладу, якая стымулюе мой мозг жадаць ставіць! Калі я не хачу нічога ставіць, то я не хачу нічога ставіць больш за ўсё ў свеце, таму што потым я захачу ставіць, а хацець ставіць зараз найбольш далёкае ад мяне жаданне, якое толькі можна ўявіць. Усё, чаго я хачу, гэта сядзець на ложку і пазіраць на падлогу.

 

Яе голас стаў рэзкім і займеў ноткі змрочнасці, яе душа застыла, а яна перастала рухацца, нібы падсвядомая, усюдыісная заслона велізарнага цяжару, амаль абсалютнай інертнасці, накрыла яе.

 

Ён павялічыў гук тэлевізара. Голас Бастара Сяброўскі грымнуў і заняў пакой: “Гэй гэй, народ. Час для некалькіх слоў пра сённяшняе надвор’е. Спадарожнік Мангуст паведамляе, што радыёактыўныя ападкі будуць асабліва дакучлівыя ўвечары, а потым пачнуць змяншацца, таму кожны з вас, народ, хто адважыцца выйсці вонкі…”

 

Яна апынулася побач з ім – начная кашуля цягнулася складкамі – і выключыла тэлевізар.

 

– Добра, здаюся; я пастаўлю. Усё, што ты захочаш; асалода сэксуальнага экстазу – мне так дрэнна, што я вытрымаю нават гэта. Якога чорта. Якая, увогуле, розніца?

 

– Я пастаўлю для нас абодвух, – сказаў Рык і павёў яе назад у спальню. Там, на яе панэлі кіравання, ён увёў 594; задаволенасць прызнаннем пераважаючай мудрасці мужа ва ўсіх справах. На ўласнай панэлі ён абраў крэатыўнае і бадзёрае ўспрыманне сваёй працы, хаця гэта яму было амаль не патрэбна; такім быў яго звыклы, прыроджаны падыход без неабходнасці штучнай стымуляцыі мозга Пэнфілдам.

 

Пасля паспешлівага сняданку – час быў страчаны з-за спрэчак з жонкай – ён падняўся, апрануты, да выхаду, разам са сваім Аяксам мадэлі Манцібайк Свінцовы Гульфік, і выйшаў на дах, дзе быў крыты выган, на якім яго электрычная авечка ‘пасвілася’. Там яна, складаная электрычная прылада, жавала, сімулюючы задавальненне, чым уводзіла ў зман іншых насельнікаў будынка.

 

Канешне, некаторыя з іх жывёл без сумневу таксама складаліся з электрычных кампанентаў; ён, канешне, ніколі не соваў нос у такія справы болей, чым яны, яго суседзі, паглыбляліся ў сапраўдную сутнасць яго авечкі. Нішто не магло быць больш няветлівым. Спытаць ‘Ваша авечка сапраўдная?’ было горшым парушэннем добрых манер за цікаўнасць, ці былі зубы, валасы, ці ўнутраныя органы чалавека тымі, з якімі ён нарадзіўся.

 

Ранішняе паветра, напоенае шэрым радыёактыўным пылам, засланяла сонца і віравала вакол яго, намагаючыся трапіць у нос; ён мімаволі ўдыхнуў лёгкі водар смерці. Ну, гэта было занадта моцнае азначэнне для паху, як ён вырашыў, калі ішоў да патрэбнага ўчастка з глебай, якім ён валодаў разам з непрыстойна вялікімі апартаментамі ўнізе. Спадчына Сусветнай Вайны Тэрмінуса панізіла значнасць рэчаў; тыя, хто не мог жыць у пыле, зніклі ў пекле гады таму, а пыл, цяпер слабейшы, змагаўся з моцнымі выжыўшымі, якіх усяго толькі даводзіў да вар’яцтва і генетычных адхіленняў. Нягледзячы на свінцовы гульфік, пыл – без сумневу – будзе пранікаць да яго штодзень, пакуль ён не імігруе, пакінуўшы невялікую купу агіднага бруду. Пакуль што медычныя абследаванні штомесяц сцвярджалі, што з ім усё ў парадку; мужчына, які можа размнажацца ў межах, вызначаных законам. У любы месяц, аднак, праверка Дэпартаменту Паліцыі Сан Францыска можа выявіць іншае. Дагэтуль з’яўляліся новыя рэчывы, у якія складаліся часціцы з усюдыіснага пылу. І балбаталі паўсюль, праз постары, рэкламу на тэлебачанні, урадавы спам: ‘Эмігруй ці дэградуй! Выбар за табой!’ “Як слушна, – падумаў Рык, адчыніў вароты свайго маленькага выгану і накіраваўся да сваёй электрычнай авечкі. – Але я не магу эміграваць, – казаў ён сабе. – З-за працы”.

 

Уладальнік сумежнага выгану, яго сусед па конапартаментам Білл Барбур, павітаў яго; ён, як і Рык, быў апрануты на працу, але таксама прыйшоў паглядзець на сваю жывёлу.

 

– Мая кабыла, – абвясціў ззяючы Барбур, – цяжарная. Ён паказаў на вялікага Першарона, які стаяў, без намёку на думку пазіраючы ў прастору. – Што на гэта скажаш?

 

– Скажу, што хутка ў цябе будзе два каня, – адказаў Рык. Цяпер ён быў побач са сваёй авечкай; яна ляжала, сузіраючы наваколле; яе вочы сфакусаваліся на ім на выпадак, калі ён прынёс з сабой аўсяныя камячкі. Меркаваная авечка мелася распазнаваць авёс; калі б ён прынёс камячкі, яна б ўпэўнена паднялася і пакрочыла ў яго бок. – Хто яе апладніў? – спытаў ён Барбура. – Няўжо вецер?

 

– Я набыў крыху плазмы самай высокай фертыльнай якасці, якую можна дастаць у Каліфорніі, – паінфармаваў яго Барбур. – У мяне ёсць сувязі ў Дзяржаўнай Радзе па Жывёлагадоўлі. Хіба ты не памятаеш, як у мінулы тыдзень іх інспектар прыходзіў, каб агледзець Джудзі? Яны вельмі чакаюць ад яе жарабя; яна – сама дасканаласць.

 

Барбур пяшчотна правёў рукой па шыі кабылы і схіліў яе галаву да сябе.

 

– Калі-небудзь думаў прадаць свайго каня? – спытаўся Рык. Ён маліў Бога, каб мець каня, ці хаця б якую-небудзь жывёлу. Разуменне таго, што ён валодае і даглядае за фальшыўкай, дэмаралізавала. І, аднак, жывучы сярод грамады, ён павінен быў гэта рабіць, калі сапраўднай жывёлы ў яго не было. Так, ён не меў іншага выбару, акрамя як працягваць. Нават калі б яму было ўсё адно, заставалася яго жонка, а Ірэн было не ўсё адно. Далёка не ўсё адно.

 

Барбур сказаў:

 

– Было б амаральна прадаць майго каня.

 

– Тады прадай жэрабя. Мець дзвюх жывёл болей амаральна, чым ніводнай.

 

Задуменны, Барбур сказаў:

 

– Што ты маеш на ўвазе? Шмат у каго ёсць дзве жывёлы, нават тры, як у Фрэда Вашборна, уладальніка фабрыкі па перапрацоўцы водарасцяў, дзе працуе мой брат, ці нават пяць. Ты чытаў артыкул пра яго качку ва ўчорашняй Хроніцы? Гэта будзе самая вялікая, самая тлустая мускусная качка на Заходнім Узбярэжжы, – яго вочы шклянелі, калі ён уяўляў, як гэта, калі такім валодаеш; ён нібы ўпадаў у транс.

 

Рык пакапаўся ў кішэнях паліто і дастаў сваю пакамечаную, вывучаную на памяць копію студзеньскага дадатку да каталога ‘Жывёлы і птушкі Сіднэя’. Ён прагледзеў указальнік, знайшоў жэрабя (‘гл. коні, патомства’) і спраўдзіў кошт.

 

– Я магу замовіць жэрабя Першарона з каталога за пяць тысяч даляраў, – сказаў ён гучна.

 

– Не, не можаш, – адказаў Барбур. – Паглядзі ўважлівей; радок надрукаваны курсівам. Гэта значыць, што ў іх няма ніводнага ў наяўнасці, а гэта кошт, калі б былі.

 

– Падумай, – сказаў Рык, – я мог бы дзесяць месяцаў плаціць табе пяцьсот даляраў штомесяц. Поўны кошт па каталогу.

 

– На жаль, – сказаў Барбур, – ты, Дэкард, нічога не разумееш у конях; ёсць прычына, па якой у Сіднэю няма Першаронаў ў наяўнасці. Жэрабя Першарона ніколі не змяняюць уласніка – нават па кошце з каталога. Яны занадта рэдкія, нават тыя, якія кволыя.

 

Ён нахіліўся над іх агульнай агароджай, жэстыкулючы. – Джудзі ў мяне ўжо тры гады, і за ўвесь гэты час я не бачыў Першарона падобнай якасці. Каб атрымаць яе, мне прыйшлося ляцець у Канаду, і я асабіста вёз яе назад, каб упэўніцца, што яе не скрадуць. Прывязеш такую жывёлу куды ў Каларада ці Вайомінг – і цябе заб’юць, каб ёй завалодаць. Ведаеш, чаму? Таму што перад СВТ там існавалі літаральна сотні…

 

– Але, – перабіў Рык, – у цябе ёсць два кані, а ў мяне ніводнага, і гэта парушае ўсе асновы тэалагічнай і маральнай структуры спагадызму.

 

– У цябе ёсць твая авечка; ты можаш прытрымлівацца Узыходжання ў сваім асабістым жыцці, і калі ты возьмешся за дзве ручкі скрыні, ты будзеш падымацца з гонарам. Калі б у цябе не было гэтай старой авечкі, я б бачыў нейкую логіку ў тваім меркаванні. Канешне, калі б у мяне было дзве жывёлы, а ў цябе ніводнай, я б разумеў, чаму ты пазбаўлены сапраўднага зліцця са Спагадчыкам. Але кожная сям’я ў гэтым будынку – давай падлічым; недзе каля пяцідзесяці: адна на кожныя тры кватэры, як я думаю – і ў кожнай ёсць нейкая жывёла. Курка Грэйсана вунь там, – ён паказаў на поўнач. – У Оака і яго жонкі той вялікі чырвоны сабака, што лае ўначы. – Ён задумаўся. – Я думаю, у Эда Сміта ў кватэры жыве кот; ну, ён так кажа, аднак ніхто ката не бачыў. Можа, проста ўдае.

 

Рык падышоў да сваёй авечкі, нахіліўся і шукаў сярод густой белай воўны – адно што воўна была натуральнай – пакуль не знайшоў тое, што хацеў; скрытая панэль кіравання механізмам. Барбур назіраў, калі ён адсоўваў накрыўку, каб паказаць яе.

 

– Бачыш? – сказаў ён Барбуру. – Цяпер разумееш, чаму я так моцна хачу жэрабя?

 

Пасля невялікай затрымкі Барбур сказаў:

 

– Небарака. І заўсёды было так?

 

– Не, – адказаў Рык, вяртаючы на месца накрыўку сваёй электрычнай авечкі; ён выпрастаўся і павярнуўся, каб стаць тварам да суседа. – У мяне была сапраўдная авечка. Тата маёй жонкі аддаў яе нам якраз перад тым, як эміграваў. Потым, недзе год таму, памятаеш, калі я вазіў яе да ветэрынара – ты быў тут, наверсе, у тую раніцу. Яна ляжала на баку, і я доўга не мог падняць яе.

 

– Ты паставіў яе на ногі, – сказаў Барбур, узгадваючы і ківаючы. – Так, ты здолеў гэта зрабіць, але яна пахадзіла хвіліну ці дзве і зноў павалілася.

 

Рык сказаў:

 

– Авечка захварэла на дзіўную хваробу. Ці, калі казаць па-іншаму, яна атрымала шмат хвароб, але сімптомы заўсёды аднолькавыя; авечка не здольна ўстаць і ніхто не можа сказаць, наколькі ўсё сур’ёзна: ці гэта расцягнутыя звязкі на назе, ці жывёла памірае ад слупняку. Вось ад чаго мая памерла – ад слупняку.

 

– Яна захварэла тут? – спытаў Барбур. – На даху?

 

– Сена, – патлумачыў Рык. – Той адзін раз я не прыбраў цалкам дрот з цюка; я пакінуў кавалак, і Гручы – такую мянушку я даў яму – атрымаў драпіну і праз яе слупняк. Я забраў яго да ветэрынара, і ён памёр, і я думаў пра гэта, і нарэшце я скантактаваўся з адной з гэтых крам, дзе робяць штучных жывёл, і паказаў ім фота Гручы. Яны зрабілі вось гэта.

 

Ён паказаў на эрзац-жывёлу, што ляжала перад імі і працягвала задуменна жаваць паветра, усё яшчэ чакаючы на аўсяныя камячкі.

 

– Гэта мадэль прэміўм-класа. І я прыклаў столькі ж часу і намаганняў на клопат пра яе, каб калі б яна была сапраўдная. Але…

 

Ён паціснуў плячыма.

 

– Гэта не тое ж самае, – скончыў Барбур.

 

– Але амаль што. Ты адчуваеш тое ж самае, калі робіш гэта; ты павінен прыглядаць за ёй так жа, як ты б рабіў, калі б яна была насамрэч жывой. Таму што яны ламаюцца, і потым усе ў апартаментах ведаюць. Яе вазілі на рамонт у краму шэсць разоў, большасць па маленькіх няспраўнасцях, але калі б хто заўважыў – напрыклад, калі б аднойчы сапсавалася галасавая стужка і яна б няспынна бляяла – гэта б распазналі як механічную паломку.

 

Ён дадаў:

 

– На грузавіку рамонтнікаў, канешне ж, быў надпіс ‘шпіталь для жывёл’ ці нешта падобнае. І кіроўца, апрануты як ветэрынар, увесь у белым.

 

Раптам ён зірнуў на гадзіннік, узгадаўшы пра час.

 

– Трэба ехаць на працу, – сказаў ён Барбуру. – Убачымся ўвечары.

 

Калі ён рушыў да свайго аўто, Барбур паспешліва крыкнуў:

 

– Нікому ў апартаментах я нічога не скажу.

 

Рык спыніўся і хацеў сказаць дзякуй. Але потым нешта падобнае на адчай, пра які казала Ірэн, быццам кранула яго за плячо, і ён крыкнуў:

 

– Не ведаю. Можа, гэта нічога не зменіць.

 

– Але яны пачнуць глядзець на цябе з пагардай. Не ўсе з іх, але некаторыя. Ты ведаеш, як думаюць пра людзей, якія не клапоцяцца пра жывёл; іх лічаць амаральнымі і неспагадлівымі. Я маю на ўвазе, гэта больш не злачынства, як было адразу пасля СВТ, але пачуцці засталіся.

 

“Божа, – з безнадзейнасцю сказаў Рык і склаў пустыя рукі ў малітве. – Я хачу жывёлу; я спрабую купіць. Але з маім заробкам, што я атрымоўваю ў горадзе… – калі, падумаў, яму зноў пашчасціць на працы. Як атрымалася два гады таму – тады ён здолеў схапіць чатырох андраў цягам месяца. – Калі б я тады ведаў, што Гручы памрэ… але гэта было да слупняку. Да двухцалевага кавалку зламанага дроту, што падзейнічаў, як укол”.

 

– Ты мог бы купіць ката, – прапанаваў Барбур. – Каты танныя; паглядзі ў каталозе Сіднэя.

 

Рык сказаў ціха:

 

– Мне не патрэбна дамашняя жывёла. Я хачу падобнае таму, што ў мяне было – вялікую жывёлу. Авечку, ці, калі з’явяцца грошы, карову, ці быка, ці тое, што ў цябе – каня.

 

Ён падумаў, што ўзнагароды за выключэнне пяці андраў хопіць. Па тысячы даляраў за штуку, звыш майго заробку. Потым недзе, у некага, я змагу знайсці тое, што мне трэба. Нават калі ў спісе ‘Жывёл і птушак Сіднэя’ гэта будзе пазначана курсівам. Пяць тысяч даляраў – але, ён падумаў, спачатку пяці андрам трэба будзе знайсці шлях на Зямлю з каланізаваных планет; я не магу на гэта паўплываць, я не магу зрабіць так, каб яны ўпяцярых з’явіліся тут, а нават калі б і мог, існуюць іншыя паляўнічыя за галовамі ў іншых паліцэйскіх агенцтвах па ўсім свеце. Андрам трэба будзе захацець пасяліцца менавіта ў Паўночнай Каліфорніі, і старэйшы паляўнічы за галовамі ў гэтай мясцовасці, Дэйв Холдэн, павінен ужо ці памерці, ці сысці на пенсію.

 

– Купі цвыркуна, – дасціпна прапанаваў Барбур. – Ці мыш. Гэй, за дваццаць пяць баксаў ты можаш набыць дарослую мыш.

 

Рык сказаў:

 

– Твая кабыла можа памерці, як памёр Гручы, знянацку. Калі ты вернешся дадому гэтым вечарам, ты можаш знайсці яе ляжачай на спіне, з капытамі ў паветры, як жук. Ці, як ты сказаў, цвыркун.

 

Ён пакрочыў, трымаючы у руцэ ключы ад аўто.

 

– Прабач, калі пакрыўдзіў цябе, – сказаў Барбур нервова.

 

У цішыні Рык Дэкард пацягнуў дзверы свайго хаверкара. Ён больш не меў чаго сказаць свайму суседу; яго розум быў засяроджаны на працы, на дню наперадзе.

Prev
Next

Comments for chapter "1. АДЗІН"

MANGA DISCUSSION

Пакінуць адказ Адмяніць адказ

You must Register or Login to post a comment.

Падказка: прачытаўшы, ацаніце твор зоркамі і падтрымайце аўтара ў каментары - яму будзе прыемна.
  • HOME
  • БЛОГІ
  • КАНТАКТ
  • ПРА НАС
  • ПРАВІЛЫ І ПАГАДНЕННІ (RODO)

(C) ComicsBY 2024

Sign in

Залагуйся праз Google
Continue with X

Lost your password?

← Back to comicsby.live

Sign Up

Register For This Site.

Залагуйся праз Google
Continue with X

Log in | Lost your password?

← Back to comicsby.live

Lost your password?

Please enter your username or email address. You will receive a link to create a new password via email.

← Back to comicsby.live