Ці мараць андроіды пра электрычных авечак? - 12. ДВАНАЦЦАЦЬ
ДВАНАЦЦАЦЬ
Ва оперным тэатры Рыку Дэкарду і Філу Рэшчу паведамілі, што рэпетыцыя скончылася і міс Люфт сышла.
– Яна не казала, куды? – запытаўся Філ Рэшч у рабочага сцэны, паказваючы сваё паліцэйскае пасведчанне.
– У музей, – рабочы вывучыў пасведчанне. – Яна казала, што хоча ўбачыць выставу малюнкаў Эдварда Мунка, бо заўтра паказ скончыцца.
І Люба Люфт, падумаў Рык, таксама скончыцца, але сёння.
Калі яны разам ішлі па ходніках да музея, Філ Рэшч спытаў:
– Навошта мы губляем час? Яна ўцякла; мы не знойдзем яе ў музеі.
– Паглядзім, – адказаў Рык.
Яны дайшлі да будынку музея, вызначылі, на якім паверсе выстава твораў Мунка, і пайшлі ў той бок. Неўзабаве яны блукалі сярод малюнкаў і гравюр па дрэве. Шмат людзей глядзела выставу, уключна са школьным класам; грозны голас суровай настаўніцы пранікаў ва ўсе залы, і Рык падумаў, што вось так, як большасці здаецца, гучыць – і выглядае – андроід. А не так, як Рэйчал Разэн і Люба Люфт. І… мужчына побач з ім. Ці, дакладней, механізм побач з ім.
– Ты калі-небудзь сустракаў андра, які б меў жывёлу? – запытаў у яго Філ Рэшч.
Па незразумелай прычыне Рык адчуў, што хоча быць бязлітасна сумленным; магчыма, таму, што ўжо пачаў рыхтаваць сябе да таго, што адбудзецца далей.
– У двух выпадках, пра якія я ведаю, андры валодалі і даглядалі жывёл. Але такое сустракаецца зрэдку. З таго, што я здолеў зразумець, звычайна нічым добрым гэта не скончваецца; андры не здольныя падтрымоўваць жыццё. Жывёлам патрэбна пачуццё, што іх любяць, каб існаваць. Усім, акрамя рэптылій і казюрак.
– І вавёркі яно патрэбна? Пачуццё любові? Таму што з Бафі ўсё добра, ён гладкі, як выдра. Я яго вычэсваю штодзень.
Перад наступным малюнкам Філ Рэшч замер і пачаў засяроджана ў яго глядзець. З выявы безвалосае, зацюканае стварэнне з галавой, падобнай на перавернутую грушу, з рукамі, прыціснутымі ад жаху да вушэй, з шырока адкрытым ротам бязгучна крычала на іх. Скручаныя хвалі пакутаў істоты, рэха яе крыку разлівалася па паветры, якое атачала яе; мужчына ці жанчына, ці кім бы яно ні было, растваралася ў моцы ўласнага голасу. Яно прыкрыла вушы, каб абараніцца ад уласнага гуку. Яно стаяла на мосце, і нікога не было побач; яно крычала ў адзіноце. Адрэзанае ад астатніх уласным крыкам.
– Гравюра на дрэве, – сказаў Рык, калі счытаў надпіс з прымацаванай пад малюнкам таблічцы.
– Мне здаецца, – сказаў Філ Рэшч, – што так адчувае сябе андроід, – ён правёў рукой у паветры, робячы звіліны, падобныя на тыя, якімі разыходзіўся крык істоты. – Я не пачуваюся так, таму можа я не… – ён змоўк, бо яшчэ некалькі асоб падышло паглядзець малюнак.
– Бачу Любу Люфт, – Рык паказаў напрамак. Філ Рэшч спыніў свае змрочныя разважанні і апраўданні; абодва яны павольна пакрочылі ў яе бок, маючы спакойны выгляд, каб ніхто не западозрыў, што нешта адбываецца; як заўсёды ў такіх выпадках, важна было не парушаць атмасферу будзённасці. Іншых людзей, якія не ведалі, што сярод іх андроід, трэба засцерагчы ад небяспекі любым коштам – нават калі мішэнь пры гэтым магла ўцячы.
Трымаючы надрукаваны каталог, Люба Люфт у бліскучых завужаных нагавіцах і падобным на камізэльку аздобленым выцінанкамі топе стаяла цалкам зачараваная малюнкам перад ёй. На выяве маладая дзяўчына з перакрыжаванымі рукамі сядзела на краі ложка, на яе твары змешваліся выразы разгубленасці, раптоўнага захаплення і палохаючага здзіўлення.
– Магу купіць яе для вас, – сказаў Рык Любе Люфт; ён стаяў ззаду, злёгку трымаючы яе за перадплечча, каб паказаць, што праз гэты нібы нязмушаны дотык яна знаходзіцца пад яго кантролем – яму не трэба прыкладаць больш намаганняў, каб не даць ёй збегчы. На іншым баку Філ Рэшч паклаў сваю руку ёй на плячо, і Рык заўважыў выпукласць лазернай трубкі. Філ Рэшч не меў намеру рызыкаваць, відавочна пасля выпадку з інспектарам Гарландам.
– Яна не прадаецца, – Люба Люфт зірнула на яго спачатку без цікавасці, потым, калі пазнала, з лютасцю; яе вочы пабляклі, а твар займеў нездаровае адценне, нібы падчас цяжкай хваробы. Здавалася, жыццё раптоўна адступіла некуды глыбока ўнутр яе, штурхаючы цела пад уладу немінучай гібелі. – Я думала, вас арыштавалі. Чаму вы на волі?
– Міс Люфт, – пачаў ён, – гэта містар Рэшч. Філ Рэшч, гэта вядомая оперная спявачка Люба Люфт.
Любе ён сказаў:
– Патрульны бык, які мяне арыштаваў, – андроід. Як і яго начальнік. Вы ведаеце – дакладней, ведалі – інспектара Гарланда? Ён сказаў мне, што вы ўсе прыляцелі разам на адным караблі.
– Дэпартамент паліцыі, у які вы тэлефанавалі, – звярнуўся да яе Філ Рэшч, – знаходзіцца ў будынку на вуліцы Місіі, офісе арганізацыі, з якой вы ўсе звязаныя. Яны настолькі самаўпэўненыя, што нанялі чалавека – паляўнічага за галовамі; відавочна…
– Вас? – спытала Люба Люфт. – Вы не чалавек. Не больш за мяне; вы таксама андроід.
На некалькі секунд павісла цішыня, а потым Філ Рэшч сказаў ціхім, стрыманым тонам:
– Мы дадзім гэтаму рады ў належны час.
І прапанаваў Рыку:
– Давай адвядзём яе ў аўто.
Кожны са свайго боку, яны падштурхоўвалі яе ў кірунку ліфта. Люба Люфт не ішла добраахвотна, і ў той жа час не аказвала актыўнага супраціву; яна быццам скарылася. Рык і раней назіраў падобнае ў андроідах у крытычных абставінах. Штучнае жыццё, падавалася, хутка адступала перад моцным ціскам… прынамсі, у некаторых з іх. Але не ва ўсіх.
І магло вярнуцца і ўспыхнуць з неверагоднай сілай.
Андроіды, аднак, як ён ведаў, мелі ўсталяваную патрэбнасць не прыцягваць увагі. У музеі, калі вакол рухалася столькі людзей, Люба Люфт, хутчэй за ўсё, нічога не будзе рабіць. Сапраўдная бойка – для Любы, верагодна, апошняя – можа адбыцца ў аўто, дзе ніхто не ўбачыць. Сам-насам з імі, яна можа перастаць стрымліваць сваю лютасць і вонкавыя абмежаванні. Ён падрыхтаваўся — і не думаў пра Філа Рэшча. Як сказаў Рэшч, усяму дадзім рады ў належны час.
У канцы калідора побач з ліфтамі яны ўбачылі маленькі шапік, дзе прадаваліся рэпрадукцыі і кнігі па мастацтву. Люба спынілася і не рухалася далей.
– Паслухайце, – сказала яна Рыку. Колер вяртаўся да яе твару, цяпер яна зноў выглядала – няхай і зусім крыху – жывой. – Можаце купіць мне рэпрадукцыю таго малюнка, на які я глядзела, калі вы знайшлі мяне? На ім дзяўчына сядзела на ложку.
Імгненне памарудзіўшы, Рык звярнуўся да прадавачкі, сярэдняга веку жанчыны з цяжкай сківіцай і сівымі валасамі, сабранымі ў сетку:
– У вас ёсць рэпрадукцыя ‘Юнацтва’ Мунка?
– Толькі ў гэтай кнізе з яго выбранымі творамі, – адказала прадавачка, паказваючы прыгожы глянцавы том. – Дваццаць пяць даляраў.
– Бяру, – ён пацягнуўся па гаманец.
Філ Рэшч сказаў:
– Мой дэпартамент ніколі б не вылучыў на гэта бюджэт; ніколі ў мільён гадоў…
– Я са сваіх, – сказаў Рык; ён перадаў жанчыне купюры, а Любе кнігу. – Цяпер хадзем, – сказаў ёй і Філу Рэшчу.
– Як міла з вашага боку, – падзякавала Люба, калі яны ўваходзілі ў ліфт. – Ёсць штосьці дзіўнае і кранальнае ў людзях. Андроід гэтага б ніколі не зрабіў, – яна кінула ледзяны позіркам на Філа Рэшча. – Ён бы так не зрабіў; як ён сам сказаў – ніколі ў мільён гадоў, – яна працягвала пазіраць на Рэшча, цяпер з непрыхаванай варожасцю. – Я сапраўды не люблю андроідаў. З таго часу, як прыляцела сюды з Марса, маё жыццё складалася з таго, што я ўдавала сябе за чалавека, робячы тое, што б зрабіла дзяўчына, уяўляючы, што ў мяне ёсць яе думкі і памкненні. Імітавала, як мне падавалася, вышэйшую форму жыцця.
Яна звярнулася да Філа Рэшча:
– Хіба ў цябе не так, Рэшч? Намагаешся быць…
– Не магу гэта трываць, – Філ Рэшч пачаў нешта шукаць у кішэнях свайго паліто.
– Не, – сказаў Рык, хапаючы яго з руку; той сцішыўся, але пазбягаў глядзець Рыку ў вочы. – Тэст Банэлі, – сказаў Рык.
– Яно прызналася, што яно – андроід, – адказаў Філ Рэшч. – Нам не абавязкова праводзіць тэст.
– Але ты хочаш выключыць яе, – сказаў Рык, – толькі таму, што яна цябе раздражне. Аддай мне зброю.
Ён спрабаваў вырваць лазерную трубку з рук Філа Рэшча, але беспаспяхова: Трубка засталася ў Рэшча, які кружыў па вузкім ліфце, ухіляючыся ад Рыка, і не спускаў вачэй з Любы Люфт.
– Добра, – сказаў Рык. – Выключы яе; забі зараз. Пакажы ёй, што яна мела рацыю.
А потым ён убачыў, што Рэшч сапраўды мае намер гэта зрабіць:
– Чакай…
Філ Рэшч стрэліў, і ў гэты ж момант Люба Люфт, у спазмах адчайнага, вар’яцкага страху, скруцілася і адхіснулася, падаючы на падлогу. Спачатку прамень не трапіў у цэль, але Рэшч апусціў трубку ніжэй і бязгучна прапаліў дзірку ў жываце Любы. Яна пачала крычаць; яна ляжала, скручаная, прыціскалася да сцяны ліфта і крычала. Як на малюнку, падумаў Рык, і стрэлам са сваёй лазернай трубкі забіў яе. Цела Любы Люфт ляжала тварам уніз. Яно ніводнага разу не здрыганулася.
Праменем са сваёй лазернай трубкі Рык метадычна ператвараў на попел кнігу з малюнкамі, якую ён некалькі хвілін таму набыў для Любы. Ён працаваў старанна, нічога не кажучы; Філ Рэшч глядзеў з неразуменнем, яго тварам апанавала разгубленасць.
– Ты мог заставіць кнігу сабе, – сказаў Рэшч, калі ўсё было скончана. – Ты змарнаваў…
– Як думаеш, ці ёсць у андроідаў душа? – перабіў Рык.
Схіліўшы галаву на адзін бок, Філ Рэшч пазіраў на яго з яшчэ большым здзіўленнем.
– Магу сабе дазволіць, – сказаў Рык. – За сёння я зарабіў тры тысячы даляраў, і гэта яшчэ не канец.
– Маеш на ўвазе ўзнагароду за Гарланда? – спытаў Філ Рэшч. – Але яго забіў я, а не ты. Ты проста там быў. І з Любай таксама. Я забіў яе.
– Табе неадкуль забіраць узнагароды, – запярэчыў Рык. – Не са свайго дэпартамента і не з нашага. Калі вернемся да твайго аўто, я правяду з табой тэст Банэлі ці Войта-Кампфа, і тады паглядзім. Нават калі ты і не ў маім спісе.
Яго рукі трэсліся, калі ён адкрываў партфель і перабіраў скамечаныя жоўтыя аркушы.
– Не, цябе тут няма. Таму па законе я не магу патрабаваць за цябе ўзнагароду; я атрымаю яе за Любу Люфт і Гарланда.
– Ты ўпэўнены, што я андроід? Гэта табе Гарланд сказаў?
– Так.
– Можа, ён ілгаў, – сказаў Філ Рэшч. – Каб мы не давяралі адзін аднаму. Як зараз. Мы дурні, калі будзем адзін супраць аднаго, як хацеў ён; ты цалкам меў рацыю наконт Любы – я не павінен быў дазволіць ёй вывесці мяне з сябе. Я, пэўна, звышэмацыйны. Для паляўнічага за галовамі гэта, мяркую, нармальна; ты, пэўна, такі ж. Але падумай сам: нам усё роўна прыйшлося б выключыць яе, можа, на якіх паўгадзіны пазней – не больш за тое. У яе б нават не было часу прагледзець кнігу, якую ты падарыў ёй. І я па-ранейшаму думаю, што не трэба было кнігу знішчаць; гэта марнатраўства. Я не магу зразумеюць тваіх матываў, бо яны нерацыянальныя.
Рык сказаў:
– Я збіраюся кінуць гэтым займацца.
– І чым будзеш зарабляць на жыццё?
– Чым заўгодна. Страхавы бізнес, пра як напісана ў справе Гарланда. Ці эмігрую, – ён кіўнуў самому сабе. – Так. Эмігрую на Марс.
– Але нехта павінен гэтым займацца, – запярэчыў Філ Рэшч.
– Няхай выкарыстоўваюць андроідаў. Будзе нашмат лепей, калі андры гэтым зоймуцца. Я больш не магу; з мяне хопіць. Яна была цудоўнай спявачкай. Яна была карыснай сусвету. Гэта вар’яцтва.
– Гэта было неабходна. Не забывай: яны забілі людзей, каб збегчы. І калі б я не вывеў цябе з паліцэйскага ўчастка, яны б і цябе забілі. Вось для чаго Гарланд тады паклікаў мяне ў свой офіс. Хіба Полакаў амаль не забіў цябе? Як і Люба Люфт? Мы абараняем сябе; яны – прыхадні-забойцы на нашай планеце, якія маскіруюцца пад…
– Паліцыю, – сказаў Рык, – і паляўнічых за галовамі.
– Даставай тэст Банэлі. Можа, Гарланд ілгаў. Я думаю, што ілгаў – фальшывыя ўспаміны не могуць быць настолькі добрымі. Што наконт маёй вавёркі?
– Ну так, вавёрка. Зусім на яе забыўся.
– Калі я – андроід, – сказаў Філ Рэшч, – і ты заб’еш мяне, паклапаціся пра маю вавёрку. Вось; я зараз напішу, што перадаю яе табе ў спадчыну.
– Андры не могуць нічога перадаваць у спадчыну. Бо не могуць нічым валодаць.
– Проста вазьмі яе, – папрасіў Філ Рэшч.
– Паглядзім, – адказаў Рык. Тым часам ліфт даехаў да першага паверха, і дзверы расчыніліся. – Пабудзь тут з Любай; я выклічу патрульнае аўто, каб адвезці цела ў Дом Правасуддзя. Для аналізу касцянога мозга.
Рык убачыў тэлефонную будку, зайшоў унутр, укінуў манетку, і, адольваючы дрыжыкі пальцаў, набраў нумар. Тым часам людзі, якія раней чакалі на ліфт, сабраліся вакол Філа Рэшча і цела Любы Люфт.
“Яна была неверагоднай спявачкай, – сказаў ён сабе, калі вешаў слухаўку, завяршаючы выклік. – Не разумею: як талент, падобны гэтаму, можа быць пагрозай нашаму грамадству? Талент тут ні пры чым, яна была пагрозай сама па сабе. Як і Філ Рэшч, – думаў Рык. – Ён пагроза па той жа самай прычыне. Таму я і не магу зараз звольніцца.”
Ён пракладаў сабе шлях скрозь натоўп людзей, назад да Рэшча і нерухомай постаці дзяўчыны-андроіда. Нехта накрыў яе сваім паліто. Не Рэшч.
Рык падышоў да Філа Рэшча – той стаяў убаку і хуткімі зацяжкамі паліў маленькую шэрую цыгару – і сказаў яму:
– Малю бога, каб ты выявіўся андроідам.
– Да ты ненавідзіш мяне, – сказаў Філ Рэшч, здзіўлены. – Але хіба ты ненавідзеў мяне там, на вуліцы Місіі? Калі я ратаваў тваё жыццё?
– Цяпер я разумею. Тое, як ты забіваў Гарланда, а потым – Любу. Ты забіваеш не так, як я; ты не намагаешся… Халера, – сказаў ён. – Не ведаю, як гэта дакладна апісаць. Табе падабаецца забіваць. Усё, што табе трэба – гэта падстава. Калі б у цябе была падстава, ты б забіў і мяне. Вось чаму ты разглядаў верагоднасць таго, што Гарланд – андроід; гэта рабіла яго законнай цэллю для забойства. Цікава, што ты зробіш, калі не пройдзеш тэст Банэлі. Заб’еш сябе? Часам андроіды так і робяць.
Але такое здаралася зрэдку.
– Так, я дам рады ўсяму сам, – сказаў Філ Рэшч. – Табе не прыйдзецца нічога рабіць пасля таго, як ты правядзеш тэст.
Прыляцела патрульнае аўто; два паліцэйскія скочылі з яе і праклалі сабе шлях скрозь натоўп. Адзін з іх пазнаў Рыка і кіўнуў яму. Можна сыходзіць, адчуў Рык. Тут усё скончана. Нарэшце.
Калі ён і Рэшч ішлі назад па вуліцы да опернага тэатра, на чыім даху ляжаў іх хаверкар, Рэшч сказаў:
– Я аддам табе лазерную трубку. Каб ты не хваляваўся наконт маіх дзеяў пасля тэсту. Для тваёй жа бяспекі, – ён дастаў трубку, і Рык узяў яе.
– Як ты сам сябе заб’еш без яе? – спытаў Рык. – Калі не пройдзеш тэст?
– Затрымаю дыханне.
– Божа, – сказаў Рык. – Гэта немагчыма.
– Блакуючы нерв не дзейнічае сам па сабе, – адказаў Філ Рэшч, – у андроідаў. Не як у людзей. Хіба табе гэта не казалі падчас вучобы? Я пра гэта даведаўся шмат год таму.
– Але памерці вось так… – запярэчыў Рык.
– Болю няма. Чаму б і не?
– Але… – ён, пратэстуючы, падняў руку. Ды не здолеў знайсці слоў.
– Думаю, мне ўсё ж не прыйдзецца паміраць, – сказаў Філ Рэшч.
Разам яны падняліся на дах Опернага Тэатра-Мемарыяла Загінулым у Войнах, дзе была запаркавана аўто Філа Рэшча.
Сеўшы за руль і зачыніўшы дзверы, Філ Рэш сказаў:
– Я б хацеў, каб ты абраў тэст Банэлі.
– Не магу. Я не ведаю, як па ім ацэньваць.
“І тады мне б прыйшлося прасіць цябе, каб ты разлічыў вынікі, – ён разумеў. – А пра гэта не можа быць і гаворкі.”
– Ты не будзеш утойваць праўду, так? – спытаў Філ Рэшч. – Калі я андроід, ты мне скажаш?
– Канешне.
– Таму што я сапраўды хачу ведаць, я павінен ведаць, – Філ Рэшч запаліў цыгару. Крыху павярцеўся ў крэсле, каб уладкавацца зручней. Гэта ў яго відавочна не атрымлівалася. – Табе сапраўды спадабаўся той малюнак, які сузірала Люба Люфт? – запытаўся. – Бо мне ён абыякавы. Я не цікаўлюся рэалізмам. Мне падабаецца Пікаса, і…
– ‘Юнацтва’ было намалявана ў 1894-м, – рэзка перабіў Рык. – Тады апроч рэалізму нічога не існавала; ты павінен гэта ўлічваць.
– Але тая, іншая, дзе чалавек закрыў свае вушы і крычаў – гэта быў не рэалізм.
Рык адкрыў партфель і дастаў прылады для тэста.
– Скажы, – Філ Рэшч назіраў з цікаўнасцю, – колькі пытанняў табе патрэбна, каб вызначыць?
– Шэсць ці сем, – Рык перадаў яму клейкі дыск. – Прыкладзі гэта да шчакі. Шчыльна. І святло, – ён навёў ліхтар, – будзе напраўлена табе ў вока. Не рухайся; яно павінна заставацца на адным месцы.
– Хуткасць рэакцыі, – здагадаўся Філ Рэшч. – Але не на фізічнае ўздзеянне; ты не вымяраеш, напрыклад, пашырэнне зрэнак. Рэакцыя на пачутыя пытанні; тое, што мы называем падсвядомым успрыманнем.
Рык сказаў:
– Думаеш, ты здольны ёй кіраваць?
– Думаю, не. Хаця, можа быць. Але не сілу ваганняў; яна па-за кантролем свядомасці. Калі яна не як у… – ён не дакончыў выраз. – Пачынай. Я хвалююся; размаўляю зашмат.
– Размаўляй колькі хочаш, – адказаў Рык. Размаўляй увесь час, які табе застаўся. Калі хочаш. Мне ўсё адно.
– Калі ты вызначыш, што я андроід, – балбатаў Філ Рэшч, – ты наноўку паверыш у чалавецтва. Але, паколькі гэтага не будзе, прапаную табе задумацца наконт новага светапогляду, які возьме ў разлік тое, што…
– Першае пытанне, – сказаў Рык; прылады былі ўсталяваныя, і стрэлкі дзвюх шкал дрыжэлі. – Час рэакцыі істотны, таму адказвай як мага хутчэй.
Па памяці ён выбраў пытанне. Тэст пачаўся.
Пасля некаторы час Рык правёў у цішыні. Потым пачаў збіраць свае прылады і класці ў партфель.
– Бачу па тваім твары, – сказаў Філ Рэшч; ён выдыхнуў з усёабдымнай, бязважкай, амаль канвульсіўнай палёгкай. – Можаш вярнуць мне трубку, – ён выцягнуў руку далонню ўверх і чакаў.
– Відавочна, што ты меў рацыю, – сказаў Рык. – Наконт матываў Гарланда. Ён хацеў нас пасварыць; як ты і казаў.
Ён адчуваў сябе псіхалагічна і фізічна знясіленым.
– Што скажаш цяпер наконт свайго светапогляду? – запытаў Філ Рэшч. – Калі я ўсё ж прыналежу да чалавечай расы?
Рык адказаў:
– Ёсць дэфект у тваіх здольнасцях да спагады. Але менавіта на гэта мы не праводзім тэстаў. Я маю на ўвазе тваё стаўленне да андроідаў.
– Канешне, гэтага ніхто не правярае.
“А можа, было б варта.” Раней ён так ніколі не думаў, і не адчуваў ніякай спагады ў сябе да андроідаў, якіх забіваў. Ён заўсёды меркаваў, што праз усю сваю свядомасць успрымае андроіда як разумную машыну. А цяпер з’явілася розніца, калі ён параўноўваў сябе з Філам Рэшчам. І інстынктыўна адчуваў, што з іх дваіх мае рацыю ён. Спагада да штучнага стварэння? Пытаўся ён у самога сябе. Да нечага, што толькі ўдае, што жывое? Але Люба Люфт выглядала сапраўды жывой; яна не падавалася імітацыяй некага.
– Ты ўсведамляеш, – ціха сказаў Філ Рэшч, – да чаго гэта прывядзе. Калі дадаць андроідаў у спіс для вызначэння спагады, як зрабілі з жывёламі.
– Мы не зможам абараніць сябе.
– Безумоўна. Нэксус-6… яны нас проста размажуць. Цябе і мяне, і ўсіх паляўнічых за галовамі – мы стаім паміж Нэксус-6 і чалавецтвам, мы – загарадзь, якая аддзяляе людзей ад іх. Больш за тое… – ён змоўк, калі заўважыў, што Рык зноў дастае абсталяванне для тэстаў. – Я думаў, тэставанне скончана.
– Я хачу задаць сабе пытанне, – сказаў Рык. – І я хачу, каб ты сказаў мне, дакуль хіснуцца стрэлкі. Скажы мне паказчыкі. Вынік я разлічу сам, – ён прыляпіў клейкі дыск да шчакі і накіраваў святло так, каб яно свяціла дакладна ў вока. – Гатовы? Глядзі на шкалы. Час рэакцыі не ўлічваем; патрэбна толькі моц хістанняў.
– Канешне, Рык, – паслухмяна адказаў Філ Рэшч.
Услых Рык сказаў:
– Я спускаюся ў ліфце з андроідам, якога я злавіў. І раптам нехта яго забівае, без папярэджання.
– Рэакцыя нязначная, – сказаў Філ Рэшч.
– Дакуль даходзілі стрэлкі?
– Левая да 2.8, правая да 3.3.
Рык працягнуў:
– Андроід – жанчына.
– Цяпер адпаведна да 4 і 6 роўна.
– Дастаткова высокі паказчык, – сказаў Рык; ён зняў клейкі дыск са сваёй шчакі і выключыў святло. – Дастаткова спагадлівая рэакцыя для спагады, – сказаў ён. – Прыкладна такая, якая будзе ў чалавека па большасці пытанняў. Акрамя зусім скрайніх, напрыклад пра выкарыстанне чалавечай скуры ў дэкаратыўных мэтах… на якіх рэгіструюць псіхічныя адхіленні.
– І?
– Я здольны адчуваць спагаду па меншай меры да некаторых андроідаў. Не да ўсіх, толькі да аднаго-двух.
“Напрыклад, да Любы Люфт, – сказаў ён самому сабе. – Я памыляўся. Няма нічога ненатуральнага і нечалавечага ў рэакцыях Філа Рэшча; праблема ўва мне.”
Канешне, думаў ён, гэтага больш можа ніколі не здарыцца падчас працы; можа, гэта было анамаліяй, нешта, звязанае з маімі пачуццямі да Чароўнай Флейты. І да голасу, да таленту спявачкі. Безумоўна, такога ніколі раней не здаралася; прынамсі, таго, што ён бы асэнсоўваў. Не з Полакавым. Не з Гарландам. І, зразумеў ён, калі б Філ Рэшч быў андроідам, я б забіў яго і не адчуваў нічога падобнага на тое, што было пасля смерці Любы.
Так шмат, каб адрозніць сапраўдных жывых людзей ад гуманоідных стварэнняў. У тым ліфту ў музеі, сказаў ён сабе, я спускаўся разам з двума стварэннямі, чалавекам і андроідам… і мае пачуцці былі супрацьлеглымі да тых, якія я павінен быў адчуваць. Што я прызвычаіўся адчуваць – і што ад мяне чакалася.
Рык спытаў:
– Што мне рабіць?
– Паспрабуй сэкс, – параіў Філ Рэшч.
– Сэкс?
– Бо яна – яно – фізічна прывабнае. Хіба такога не здаралася з табой раней? – Філ Рэшч засмяяўся. – Нас так вучылі, што гэта адна з галоўных праблем у паляванні за галовамі. Хіба ты не ведаў, Дэкард, што ў калоніях андроідаў трымаюць як палюбоўніц?
– Гэта забаронена законам, – запярэчыў Рык.
– Безумоўна. Але большасць варыяцый сэксу забароненая. Але людзі ўсё роўна гэта робяць.
– А што наконт не сэксу, а любові і кахання?
– Каханне – проста яшчэ адна назва для сэксу.
– Як любоў да радзімы, – удакладніў Рык, – ці любоў да музыкі.
– Калі гэта любоў да жанчыны ці андроіда – жаночай імітацыі, гэта сэкс. Будзь з сабой сумленны, Дэкард. Ты хочаш пераспаць з жаночай версіяй андроіда – ні больш, ні менш. Некалі я пачуваўся так жа. Калі толькі пачынаў як паляўнічы за галовамі. Не дазваляй гэтаму зламаць цябе; гэта пройдзе. Здарылася тое, што ўсё адбылося наадварот. Ты забіваў яе – ці прысутнічаў, калі яна была забітая – і потым убачыў у ёй фізічную прывабнасць. Зрабі ўсё наадварот.
Рык утаропіўся ў яго.
– Спачатку пераспі з ёй, а потым забі, – скончыў Філ Рэшч. На яго твары была жорсткая, цынічная ўхмылка.
“Ты добры паляўнічы за галовамі, – думаў Рык. – Тваё стаўленню да працы гэта даказвае. А маё?”
Раптоўна ён зразумеў, што цікавіцца гэтым першы раз у жыцці.