Ці мараць андроіды пра электрычных авечак? - 15. ПЯТНАЦЦАЦЬ
ПЯТНАЦЦАЦЬ
Урачыста, падобна на цырымонію, пачалося галасаванне.
– Мы застаемся тут, – сказала цвёрда Ірма. – У гэтай кватэры, у гэтым будынку.
Рой Бэці сказаў:
– Я галасую за тое, каб мы забілі містара Ізідора і хаваліся дзе яшчэ.
Ён і яго жонка – і Джон Ізідор – напружаныя, павярнуліся да Прыс.
Ціхім голасам Прыс сказала:
– Я галасую за тое, каб мы засталіся тут, – і дадала, ужо грамчэй: – Я думаю, што карысць ад Джэя Эр большая за пагрозу таго, што ён ведае, хто мы. Відавочна, мы не зможам жыць сярод людзей так, каб нас не раскрылі; памятайце пра Полакава, Гарланда, Любу і Андэрса. І чаму яны былі забітыя.
– Можа, яны рабілі тое самае, што робім мы, – сказаў Рой Бэці. – Стасаваліся і давяралі тым людзям, якіх лічылі адрознымі ад іншых. Як ты сказала, асаблівымі.
– Мы гэтага не ведаем, – адказала Ірма. – Гэта толькі здагадка. Я думаю, яны, ён… – яна зрабіла няўцямны жэст рукой. – Хадзілі паўсюль. Спявалі са сцэны, як Люба. Мы давяраем – я скажу, чаму мы давяраем і што нас губіць, Рой; гэта наш пракляты звышінтэлект! – яна ўтаропілася ў мужа, яе маленькія грудзі часта ўздымаліся і апускаліся. – Мы такія разумныя – Рой, ты дзейнічаеш так зараз; халера, Рой, вось прама зараз!
– Я думаю, Ірма мае рацыю, – сказала Прыс.
– Дык мы даверым нашыя жыцці непаўнавартаснаму, кволаму… – пачаў Рой, а потым здаўся. – Я стаміўся, – проста сказаў ён. – Гэты было доўгае падарожжа, Ізідор. Але тут усё хутка скончыцца. На жаль.
– Спадзяюся, – шчасліва сказаў Ізідор, – я здолею зрабіць вашае жыццё на Зямлі прыемным.
Ён быў пэўны, што здолее. Ён думаў пра гэта як пра сваё прызначэнне, галоўную мэту ўсяго жыцця – і працяг той упэўненасці, якую ён знайшоў у сабе, калі сёння на працы размаўляў па відэафоне.
Увечары, як толькі ён афіцыйна скончыў працу, Рык Дэкард паляцеў праз горад на кірмаш жывёл: некалькі кварталаў крам знаных гандляроў з вялікімі шклянымі вітрынамі і крыклівымі шыльдамі. Чарговая і да жудасці новая дэпрэсія, якая ахапіла яго раней удзень, не адступала. Тут, калі ён будзе мець справы з жывёламі і гандлярамі, ён знойдзе адзіную слабую кропку ў саване дыпрэсіі, за якую ён здолее ўхапіцца і пасля пазбавіцца смутку. У мінулым, як-ніяк, сузіранне жывёл і ўгод з вялікімі грашыма і высокімі стаўкамі шмат значылі для яго. Можа, так будзе і цяпер.
– Калі ласка, прысаджвайцеся, – ветліва сказаў апрануты ў прыгожы гарнітур чарговы заадылер, калі ўбачыў, што ён стаіць і пакорліва, нібы зачараваны, ўзіраецца ў вітрыны. – Што вам спадабалася?
– Шмат чаго, – сказаў Рык. – Што не падабаецца, дык гэта кошт.
– Вы кажаце нам, што менавіта вы хочаце забраць дадому, – сказаў гандляр. – І як хочаце за гэта заплаціць. А мы перадаём вашу заяўку нашаму менеджару па продажам, і ён дае сваю згоду.
– У мяне тры штукі наяўнымі.
У канцы дня дэпартамент з ім разлічыўся.
– Колькі, – спытаў ён, – каштуе тая сям’я трусікаў?
– Сэр, калі вы маеце тры штукі, я зраблю вас уладаром нечага значна большага, чым пара трусікаў. Напрыклад, казла?
– Ніколі не думаў пра казла, – адказаў Рык.
– Можна запытаць вас, сэр, ці гэта новая псіхалагічная рыса ў кошце для вас?
– Ну, нячаста ў мяне бывае тры штукі, – прызнаўся Рык.
– Я так і падумаў, сэр, калі вы згадалі трусікаў. Бо рэч у тым, што трусікаў можа дазволіць сабе кожны. А я віжу ў вас чалавека, які належыць да класу людзей, якія могуць сабе дазволіць казла. Кажучы шчыра, мне падаецца, што казёл – ваша жывёла.
– А якія перавагі ў казлоў?
Гандляр жывёламі сказаў:
– Бясспрэчная перавага казла ў тым, што яго можна навучыць бадаць рагамі любога, хто паспрабуе яго скрасці.
– Не, калі яго падстрэляць усыпляючым дроцікам і спусцяцца зверху па вяровачнай лесвіцы з хаверкара, – сказаў Рык.
Гандляр, быццам не пачуўшы, працягнуў:
– Казёл прыязны. І ён мае вольную, сапраўдную душу, якую не стрымае ніякая клетка. Існуе адна выключная асаблівасць казлоў, такая, пра якую вы можаце не ведаць. Часта, калі вы ўклалі грошы ў жывёлу і прывялі яе дадому, неўзабаве ранкам вы можаце заўважыць, што яна ясі нешта радыёактыўнае, ад чаго потым памірае. Аднак казлу не нашкодзяць забруджаныя радыяцыяй квазі-прадукты; ён можа есці ўсё запар, нават тое, што зваліла б карову, ці каня, ці, асабліва, ката. У якасці доўгатэрміновай інвестыцыі, як мы мяркуем, казёл – асабліва самка – дае ўнікальныя перавагі адказнаму ўладальніку жывёлы.
– Дык гэта самка? – ён узгадаў вялікага чорнага казла, які стаяў у цэнтры клеткі; Рык пайшоў у той бок, і гандляр суправаджаў яго. Каза, на яго думку, была прыгожай.
– Так, гэта самка. Чорная нубійская каза, даволі вялікая, як можаце бачыць. Надзвычай выдатны экзэмпляр на сёлетнім рынку, сэр. І ў нас яна па прывабным, незвычайна малым, кошце.
Рык выцягнуў свой зашмальцаваны каталог Сіднэя і адшукаў у змесце, на якой старонцы чорныя нубійскія козы.
– Плата цалкам наяўнымі? – спытаў гандляр. – Ці частку кошту пакрые вашая ўласная жывёла?
– Цалкам наяўнымі, – сказаў Рык.
На аркушу паперы гандляр накрэмзаў кошт і хуценька, амаль употайкі, паказаў яго Рыку.
– Зашмат, – сказаў Рык. Ён напісаў больш сціплую лічбу.
– Мы не можам дазволіць продаж казы за столькі, – запратэставаў гандляр і напісаў іншую лічбу. – У казы менш за год узросту і чаканая працягласць жыцця даволі вялікая, – ён паказаў лічбу Рыку.
– Згода, – адказаў Рык.
Ён падпісаў кантракт па аплаце ў растэрміноўку, перадаў тры тысячы даляраў – усю сваю ўзнагароду – як першы плацёж, і ачомаўся, калі ўжо стаяў побач з хаверкарам, у які працаўнікі крамы па гандлю жывёламі грузілі клетку. “Цяпер у мяне ёсць жывёла, – казаў ён сабе. – Сапраўдная жывёла, не электрычная. Другі раз у маім жыцці.”
Выдаткі, прадугледжаныя ў кантракце, хвалявалі яго; ён задрыжаў. “Але я павінен быў гэта зрабіць, – сказаў ён сабе. – Пасля досведу з Філам Рэшчам, я павінен знайсці ўпэўненасць, веру ў сябе і свае здольнасці. Інакш згублю працу.”
Калі рукі перасталі дрыжаць, ён узняў хаверкар у неба і накіраваўся да будынка, дзе жыў разам з Ірэн. “Яна раззлуецца, – сказаў ён сабе. – Бо яе пужае адказнасць. І калі яна ўвесь час дома, то нагляд будзе на ёй.” Ён зноў пачуваўся змрочна.
Пасля прызямлення на дах ён сядзеў некаторы час, думаючы, што ёй скажа. “Мая праца патрабуе гэтага, – падумаў ён і адчуў, што амаль дайшоў да мяжы. – Прэстыж. Мы больш не можам жыць з электрычнай авечкай; гэта зніжае маю мараль. Пэўна, гэта я ёй і скажу.” – вырашыў ён.
Ён вылез з аўто і пацягнуў клетку з задняга сядзення. Пасля значных намаганняў здолеў паставіць на дах. Каза, якая падчас пераносу соўгалася па клетцы, глядзела на яго яснымі, разумнымі вачыма, але не вымавіла аніводнага гуку.
Ён спусціўся на свой паверх і прайшоў па знаёмым шляху па калідоры да сваіх дзвярэй.
– Хто прыйшоў! – прывітала яго Ірэн, занятая на кухні гатаваннем вячэры. – Ты чаму так позна?
– Падымайся на дах, – сказаў ён, – Нешта табе пакажу.
– Ты набыў жывёлу.
Яна зняла фартух, інстынктыўна прыгладзіла валасы і рушыла за ім з кватэры; яны ішлі па калідоры вялікімі, нецярплівымі крокамі.
– Ты не павінен быў купляць яе без мяне, – зашыпела Ірэн. – Я мела права ўдзельнічаць у прыняцці рашэння наконт найбольш значнай пакупкі, якую мы ў сваім жыцці…
– Я хацеў зрабіць сюрпрыз, – сказаў ён.
– Ты атрымаў узнагароду за працу, – сказала Ірэн абвінаваўчым тонам.
– Так. Я выключыў трох андраў, – адказаў Рык.
Ён увайшоў у ліфт, і яны паляцелі бліжэй да бога.
– Мне трэба было сёння купіць, – сказаў ён. – Нешта пайшло не так; нешта наконт іх выключэння. Я б не змог працягваць, калі б не набыў жывёлу.
Ліфт даехаў да даху; ён вывеў сваю жонку ў вечаровую цемру да клеткі, уключыў пражэктары, пастаўленыя для карыстання ўсімі жыхарамі будынка, і моўчкі паказаў на казу. Чакаў на рэакцыю Ірэн.
– О Божа мой, – ціха сказала Ірэн. Яна падышла да клеткі, узіраючыся; потым прайшлася вакол яе, каб разгледзець казу з усіх бакоў. – Яна дакладна сапраўдная? – спытала. – Не штучная?
– Безумоўна, сапраўдная, – сказаў ён. – Калі мяне не падманулі.
Але такое здаралася вельмі рэдка; штраф за падробку быў бы занадта вялікім: у два з паловай разы болей, чым поўны рынкавы кошт арыгінальнай жывёлы.
– Не, ніхто не падманваў мяне.
– Гэта казёл, – сказала Ірэн. – Чорны нубійскі.
– Самка, – паправіў Рык. – Можа, некалі з’явіцца магчымасць яе спарыць. У нас будзе малако, з якога можна рабіць сыр.
– Ёй можна выходзіць з клеткі? Адвядзём яе туды, дзе была авечка?
– Яе трэба трымаць на прывязі, – сказаў ён. – Хаця б некалькі дзён.
Ірэн сказала нязвыклым тоненькім галаском:
– Маё жыццё – каханне і асалода. Старая, вельмі старая песня Язэпа Штрауса. Памятаеш? Калі мы сустрэліся ўпершыню, – яна пяшчотна паклала руку яму на плячо, прыціснулася да яго і пацалавала. – Шмат кахання. І вельмі шмат асалоды.
– Дзякуй, – сказаў ён, абдымаючы яе.
– Давай спусцімся і падзякуем Спагадчыку. А потым вернемся і назавём яе; ёй патрэбна імя. І, можа, ты знойдзеш якую вяроўку, каб прывязаць яе.
Ірэн пакрочыла ў напрамку ліфта.
Іх сусед Біл Барбур стаяў побач са сваёй кабылай Джудзі, якую расчэсваў і чысціў. Біл закрычаў да іх:
– Гэй, якая прыгожая ў вас каза, Дэкарды. Мае віншаванні. Добры вечар, місіс Дэкард. Можа, у яе будуць дзеці; і, можа, я абмяняю некалькіх з іх на свайго жэрабя.
– Дзякуй, – сказаў Рык і пайшоў за Ірэн. – Ты ўжо меней пакутуеш на сваю дэпрэсію? – спытаўся ён у яе. – Я – так.
Ірэн сказала:
– Цалкам не пакутую. Цяпер можна ўсім сказаць, што авечка была штучная.
– Не думаю, што гэта неабходна, – асцярожна адказаў ён.
– Але мы можам сказаць, – упарцілася Ірэн. – Разумееш, цяпер нам няма чаго хаваць; тое, чаго мы заўсёды хацелі, цяпер наша. Можа, я сплю!
Яна яшчэ раз прыўзнялася, прыціснулася да яго і хутка пацалавала; яе дыханне, перарывістае і поўнае жадання, казытала яго шыю. Яна пацягнулася, каб націснуць кнопку і выклікаць ліфт.
Інтуіцыя, ці нешта падобнае, папярэджвала яго. Нешта, што прымусіла сказаць:
– Давай яшчэ не будзем вяртацца. Давай застанемся тут, з казой. Давай проста сядзем і будзем на яе глядзець, і, можа, пакормім яе. Мне далі мех аўса. І мы можам пачытаць інструкцыю па дагляду казы; яе далі мне бескаштоўна. Можам назваць яе Эўфемія.
Ліфт, аднак, прыйшоў, і Ірэн адразу заскочыла ўнутр.
– Ірэн, пачакай, – сказаў ён.
– Было б амаральна не зліцца зараз са Спагадчыкам ва ўдзячнасці, – сказала Ірэн. – Пакуль я трымала ручкі скрыні, мая дэпрэсія крыху зменшылася – толькі крыху, а не як зараз. Усё-такі ў мяне трапіў камень, – яна падняла запясце; на ім ён заўважыў маленькі цёмны сіняк. – І я памятаю, як я думала, наколькі мы лепшыя, наколькі нам становіцца лепей, калі мы разам са Спагадчыкам. Нягледзячы на боль. Боль фізічны, а духоўна мы разам; я адчувала ўсіх іншых, паўсюль у сусвеце, усіх, хто адначасова са мной злучаўся, – яна прытрымала дзверы ліфта, каб тыя не зачыніліся. – Хадзем, Рык. Гэта не доўга. Не памятаю, калі ты апошні раз рабіў зліццё; я хачу, каб ты перадаў настрой, які ў цябе зараз, усім астатнім; ты вінен яго ім. Было б амаральна пакінуць гэта толькі сабе.
Яна, канешне, мела рацыю. Таму яны ўвайшлі ў ліфт і зноў паехалі ўніз.
У гасцёўні, побач са скрыняй спагаднасці, Ірэн жвава пстрыкнула ўключальнікам. Яе твар асвятляўся радасцю; яна заззяла, нібы ўзыходзячы маладзік.
– Я хачу, каб усе ведалі, – сказала яна ім. – Аднойчы са мною вось што здарылася; Я злучалася, і выбрала некага, хто толькі што завалодаў жывёлай. А потым аднойчы… – яе твар імгненна займеў засмучаны выгляд; асалода знікла. – Аднойчы я прыняла пачуцці ад таго, чыя жывёла толькі што памерла. Але іншыя дзяліліся рознымі асалодамі – якіх ў мяне не было, як вы, можа, ведаеце – і так падбадзёрвалі астатніх. Так мы можам дайсці да кагосьці, хто стаіць на парозе самагубства; што ў нас ёсць, што мы адчуваем, можа…
– Яны атрымаюць нашу асалоду, – сказаў Рык. – Але мы страцім. Мы абмяняем тое, што мы адчуваем, на тое, што адчуваюць яны. Наша асалода будзе страчана.
Экран скрыні спагаднасці паказваў равучыя струмені яркіх бясформенных колераў; яго жонка, глыбока ўздыхнуўшы, моцна прыціснулася да дзвюх ручак.
– Мы не згубім тое, што адчуваем, калі засяродзім на гэтым нашыя думкі. Ты так па-сапраўднаму і не спазнаў зліцця, так, Рык?
– Пэўна, не, – сказаў ён. Але цяпер ён пачаў разумець, упершыню, каштоўнасць, якую людзі кшталту Ірэн атрымоўвалі ад спагадызму. Можа, досвед з паляўнічым за галовамі Філам Рэшчам змяніў нейкі дробны сінапс у ім, закрыў адзін неўралагічны выключальнік і адкрыў іншы. І з-за гэтага, верагодна, пачалася ланцуговая рэакцыя. – Ірэн, – сказаў ён неадкладна; ён адсунуў яе ад скрыні. – Слухай; я хачу пагаварыць пра тое, што здарылася са мной сёння, – ён адвёў яе да канапы, і пасадзіў так, каб яе твар быў насупраць яго. – Я сустрэў іншага паляўнічага за галовамі, – сказаў ён. – Я ніколі не бачыў яго раней. Драпежнік, якому падабаецца іх знішчаць. Упершыню пасля таго, як я пабыў побач з ім, я пачаў глядзець на іх інакш. Я маю на ўвазе, да гэтага я бачыў іх гэтак жа, як ён.
– А гэта можа пачакаць? – спытала Ірэн.
Рык сказаў:
– Я правёў тэст, з аднаго пытання, і разлічыў вынік; я пачаў адчуваць спагаду да андроідаў, разумееш, што гэта значыць. Ты сама казала раніцай: ‘бедныя андры.’ Таму ты ведаеш, пра што я кажу. Вось чаму я і набыў казу. Я такога раней ніколі не адчуваў. Можа, гэта дэпрэсія, кшталту тваёй. Я цяпер магу зразумець твае пакуты, калі ты ў дэпрэсіі; раней я заўсёды думаў, што табе гэта падабаецца і ты можаш спыніцца ў любы час, калі толькі захочаш, калі не сама, дык з дапамогай прылады настрою. Але калі прыходзіць дэпрэсія, становіцца ўсё адно. Апатыя, бо губляеш пачуццё ўласнай каштоўнасці. Не істотна, ці стане табе лепей, бо калі ты нічога не вартая…
– Што наконт тваёй працы? – яе тон нібы штурхнуў яго; ён заміргаў. – Твая праца, – паўтарыла Ірэн. – Колькі трэба штомесяц плаціць за казу? – яна выцягнула руку; інстынктыўна ён дастаў кантракт, які падпісаў, і перадаў ёй.
– Гэта шмат, – сказала яна тонкім голасам. – Адсотак; божа ж мой – адзін толькі адсотак які. І ты гэта зрабіў, бо быў у дэпрэсіі. Не таму, што хацеў зрабіць мне сюрпрыз, як ты казаў, – яна вярнула яму кантракт. – Ай, не істотна. Я па-ранейшаму радая, што ты набыў казу; мне падабаецца каза. Але гэта такая кабала, – яна выглядала стомленай.
Рык сказаў:
– Я магу заняцца іншымі справамі. У дэпартаменце дзевяць ці адзінаццаць асобных кірункаў. Крадзеж жывёл, напрыклад; я магу займацца ім.
– Але грошы паляўнічага за галовамі. Яны нам патрэбныя, інакш у нас яе адбяруць!
– Я змяню дамову з 36 месяцаў да 48, – ён схапіў асадку і хутка накрэмзаў на зваротным баку аркуша. – Такім чынам, будзе меней на 52.5 даляра штомесяц.
Зазваніў відэафон.
– Калі б мы не спусціліся сюды, – сказаў Рык, – калі б мы засталіся на даху, з казой, гэтага званка б не было.
Ідучы да відэафона, Ірэн сказала:
– Чаму ты баішся? Яны не адбяруць казу, яшчэ не зараз.
Яна пачала здымаць слухаўку.
– Калі гэта з дэпартаменту, скажы, што мяне няма, – папрасіў ён і пайшоў у спальню.
– Вітаю, – сказала Ірэн у слухаўку.
Яшчэ тры андра, падумаў Рык, якіх я павінен быў высачыць сёння замест таго, каб ісці дадому. На экране з’явіўся твар Гэры Браянта, так што ўцякаць было позна. На драўляных нагах ён накіраваўся назад, да тэлефона.
– Так, ён тут, – сказала Ірэн. – Мы купілі казу. Прыходзьце паглядзець, містар Браянт, – яна на хвіліну змоўкла, слухаючы, а потым перадала слухаўку Рыку. – Ён хоча з табой пагаварыць, – сказала яна Рыку і пайшла да скрыні спагаднасці, побач з якой хутка села і зноў узялася за ручкі. Амаль адразу яна паглыбілася ў працэс. Рык стаяў і трымаў тэлефонную слухаўку, усведамляючы, што розум Ірэн ужо дзесьці далёка. Усведамляючы сваю самотнасць.
– Вітаю, – звярнуўся ён да відэафона.
– Мы на хвасце ў двух пазасталых андроідаў, – сказаў Гэты Браянт. Ён тэлефанаваў з уласнага кабінета; Рык бачыў знаёмы стол, купы дакументаў, і паперы, і смецце. – Відавочна, іх папярэдзілі – яны з’ехалі з адраса, які табе даў Дэйв, і цяпер іх можна знайсці… Чакай, – Браянт пачаў корпацца ў рэчах на сваім стале, пакуль не знайшоў тое, што хацеў.
Аўтаматычна Рык пачаў шукаць асадку; ён паклаў кантракт за казу на калена, рыхтуючыся запісваць.
– Конапартаменты, будынак 3967-С, – сказаў інспектар Браянт. – Будзь там як мага хутчэй. Мы мяркуем, што яны ведаюць наконт тых, каго ты спаймаў – Гарланда, Люфт і Полакава; вось чаму яны зрабілі незаконны пералёт.
– Незаконны, – паўтарыў Рык. Каб уратаваць свае жыцці.
– Ірэн сказала, ты набыў казу, – сказаў Браянт. – Сёння? Пасля таго, як сышоў з працы?
– Па дарозе дадому.
– Я прыеду паглядзець на казу, калі ты выключыш пазасталых андроідаў. Дарэчы – толькі што гутарыў з Дэйвам. Расказаў яму пра тое, што з табой здарылася; ён цябе павіншаваў і параіў быць больш асцярожным. Ён сказаў, што Нэксус-6 разумнейшыя, чым ён думаў. Ён не мог паверыць, што ты разабраўся з трыма за дзень.
– Тры – дастаткова, – сказаў Рык. – Я больш не магу. Мне трэба адпачыць.
– Да заўтра яны знікнуць, – сказаў інспектар Браянт, – з-пад нашай юрысдыкцыі.
– Не так хутка. Яны будуць недзе побач.
Браянт сказаў:
– Ляці туды сёння. Да таго, як яны падрыхтуюцца. Яны не чакаюць, што ты будзеш так хутка.
– Канешне чакаюць, – сказаў Рык. – Не маю сумневаў.
– У цябе трасуцца рукі? З-за таго, Полакава…
– У мяне не трасуцца рукі, – запярэчыў Рык.
– Тады ў чым справа?
– Добра, – сказаў Рык. – Я буду там, – ён пачаў вешаць слухаўку.
– Затэлефануй мне, калі ўсё скончыцца. Я буду ў сябе ў офісе.
Рык сказаў:
– Калі здолею іх выключыць, куплю сабе авечку.
– У цябе ёсць авечка. Столькі, колькі я цябе памятаю.
– Яна электрычная, – адказаў Рык. “Гэтым разам будзе сапраўдная, – паабяцаў ён сабе. – Яна мне патрэбна. Як кампенсацыя.”
Перад чорнай скрыняй спагаднасці яго жонка схілілася да падлогі, яе твар у экстазе. Ён пастаяў побач некаторы час, руку паклаў ёй на грудзі. Ён адчуваў, як яны ўздымаюцца і ападаюць, жыццё ў ёй, яе актыўнасць. Ірэн не заўважала яго; сумеснае перажыванне досведу Спагадчыка, як заўсёды, паглынула яе цалкам.
На скрыні невыразная, старая фігура Спагадчыка ў мантыі цяжка ішла наперад, і раптам побач з ёй праляцеў камень. Назіраючы, Рык падумаў: “Езу, у маёй сітуацыі ёсць нешта горшае, чым у яго. Спагадчык не павінен рабіць нічога, што яму неўласціва. Ён пакутуе, але яму хаця б не трэба дзейнічаць насуперак сваёй існасці.”
Ён нахіліўся і мякка зняў пальцы сваёй жонкі з ручак. А потым заняў яе месца. Упершыню за некалькі тыдняў. Імпэт: ён гэтага не планаваў; проста раптам неяк здарылася.
Перад ім узнік краявід пустазелля. Спустошанасць. Паветра было напоена рэзкім пахам кветак; ён быў у пустыні, праз якую даўно не ішоў дождж.
Перад ім стаяў чалавек, тужлівы агеньчык у яго стомленых, поўных болю вачах.
– Спагадчык, – сказаў Рык.
– Я твой сябра, – сказаў стары чалавек. – Але ты павінен ісці далей, быццам мяне не існуе. Ты здольны гэта зразумець? – ён развёў рукамі, у якіх нічога не было.
– Не, – адказаў Рык. – Я не магу гэта зразумець. Мне патрэбна дапамога.
– Як я магу ўратаваць цябе, – сказаў стары чалавек. – Калі не магу ўратаваць сябе? – ён пасміхнуўся. – Разумееш? Збавення няма.
– Тады навошта гэта ўсё? – працягваў роспыты Рык. – Навошта ты?
– Каб паказаць табе, – сказаў Уілбур Спагадчык. – Што ты не адзін. Я тут, з табой, і заўсёды так будзе. Ідзі і выканай сваёй заданне, нават калі ведаеш, што яно не слушнае.
– Чаму? – сказаў Рык. – Чаму я павінен выканаць яго? Я магу сысці з працы і эміграваць.
Стары чалавек патлумачыў:
– Табе прыйдзецца рабіць няслушныя рэчы, куды б ты ні пайшоў. Гэта аснова жыцця – патрабаванне дзейнічаць насуперак сваёй сутнасці. Кожная жывая істота павінна часам гэта рабіць. Гэта непераадольны цень, параза стварэння; праклён, які паглынае жыццё. Паўсюль у сусвеце.
– Гэта ўсё, што ты можаш сказаць? – здзівіўся Рык.
Камень прасвістаў побач з ім; ён хутка нахіліўся, і камень трапіў яму ў вуха. Адразу ён адпусціў ручкі і зноў стаяў ва ўласнай гасцёўні, побач са сваёй жонкай і скрыняй спагаднасці. Галава шалёна гудзела, ён заўважыў, як на падлогу вялікімі яркімі кроплямі капае кроў.
Ірэн асцярожна прамочвала насоўкай яго вуха.
– Дзякуй, што выцягнуў мяне. Я сапраўды ненавіджу гэтую частку, калі трапляе камень. Дзякуй, што прыняў яго за мяне.
– Мне трэба ісці, – сказаў Рык.
– Маеш справу?
– Тры справы, – ён узяў у яе насоўку і пайшоў да дзвярэй на калідор, усё яшчэ ашаломлены і з адчуваннем млоснасці.
– Удачы, – сказала Ірэн.
– Я нічога не атрымаў ад таго, што патрымаўся за гэтыя ручкі, – сказаў Рык. – Спагадчык размаўляў са мной, але гэта не дапамагло. Ён ведае не болей за мяне. Ён усяго толькі стары чалавек, які ідзе да верху пагорка, пакуль не памрэ.
– Хіба гэта не ёсць збавенне?
Рык сказаў:
– У мяне ўжо ёсць збавенне, – ён адчыніў дзверы на калідор. – Да пабачэння.
Ён выйшаў і зачыніў дзверы. Конапартаменты 3967-С, пастараўся запомніць ён, прачытаўшы на зваротным баку кантракта. “Гэта ў прыгарадзе; там амаль усё закінута. Добрае месца, каб схавацца. Але… агні ў ночы. Вось што я буду шукаць, – падумаў ён. – Агні. Буду цягнуцца на святло, нібы матыль ‘мёртвая галава’. Гэтыя будуць апошнімі, – падумаў ён. – І я займуся нечым іншым, буду інакш зарабляць на жыццё. Гэтыя тры – апошнія. Спагадчык мае рацыю; я павінен праз гэта прайсці. Але, – падумаў ён, – наўрад ці змагу. Два андры разам – пытанне не ў маралі, а ў фізічных здольнасцях.”
“Пэўна, у мяне не атрымаецца іх выключыць, – усвядоміў ён. – Нават калі я паспрабую; я занадта стомлены і занадта шмат чаго здарылася сёння. Можа, Спагадчык гэта ведаў, – разважаў ён. – Можа, ён прадбачыў усё, што адбудзецца. Але я ведаю, адкуль магу атрымаць дапамогу – тую, якую я адхіліў раней.”
Ён выйшаў на дах і неўзабаве сядзеў у цемры свайго хаверкара, набіраючы нумар.
– Карпарацыя Разэн, – сказаў жаночы голас.
– Мне трэба Рэйчал Разэн, – сказаў ён.
– Прабачце, хто, сэр?
Ён рыкнуў:
– Пакліч Рэйчал Разэн.
– Ці чакае міс Разэн…
– Безумоўна, чакае, – адказаў ён.
Дзесяць хвілін пасля маленькі цёмны твар Рэйчал Разэн з’явіўся на экране:
– Вітаю, містар Дэкард.
– Вы занятая зараз ці з вамі можна пагутарыць? – спытаў ён. – Як вы прапанавалі сёння ранкам.
Падавалася, што гэта было не сёння; пакаленні нараджаліся і гінулі з таго часу, як ён апошні раз размаўляў з ёй. І ўвесь цяжар, уся стомленасць цяпер захапілі яго цела, ад чаго ён адчуваў фізічную знямогу. “Магчыма, – падумаў ён, – з-за каменя.” Насоўкай ён дакрануўся да вуха, з якога ўсё яшчэ капала кроў.
– У вас паранена вуха, – сказала Рэйчал. – Спачуваю.
Рык сказаў:
– Ты сапраўды думала, што я табе не патэлефаную? Ці як ты казала?
– Я мела на ўвазе, – адказала Рэйчал, – што без мяне адзін з гэтых Нэксус-6 заб’е цябе раней, чым ты дакранешся да яго.
– Ты памылялася.
– Але ты патэлефанаваў. Усё-такі. Хочаш, каб я прыляцела ў Сан-Францыска?
– Сёння вечарам, – сказаў ён.
– Не, ужо занадта позна. Я буду заўтра; ляцець цэлую гадзіну.
– Мне сказалі разабрацца з імі сёння ўвечары, – ён памачаў і потым сказаў: – З васьмі засталося трое.
– У цябе такі голас, быццам ты прайшоў праз пекла.
– Калі ты не прыляціш сёння, – сказаў ён, – я пайду па іх адзін і не здолею ўсіх выключыць. Я толькі што набыў казу, – дадаў ён. – На ўзнагароду, якую атрымаў за траіх.
– Ой, людзі, – рассмяялася Рэйчал. – Козы ж смярдзяць.
– Толькі казлы. Я прачытаў гэта ў кнізе інструкцый, якую атрымаў разам з казой.
– Ты сапраўды стомлены, – сказала Рэйчал. – Выглядаеш спустошаным. Ты ўпэўнены, што ведаеш, на што ідзеш, калі кажаш пра яшчэ трох Нэксус-6 сёння? Ніхто не выключаў нават шасці андроідаў за адзін дзень.
– Франклін Паўэрс, – сказаў Рык. – Каля году назад, у Чыкага. Ён выключыў семярых.
– Састарэлыя мадэлі МакМіллан У-4, – сказала Рэйчал. – У цябе зусім іншае, – яна задумалася. – Рык, я не магу. Я яшчэ нават не вячэрала.
– Ты мне патрэбна, – прамовіў ён. “Інакш я загіну, – сказаў ён сабе. – Я ведаю; і Спагадчык ведае; і, думаю, ты таксама ведаеш. І я губляю час, калі спрабую дастукацца да цябе, – падумаў ён. – Нельга дастукацца да андроіда; там няма да чаго дакрануцца.”
Рэйчал сказала:
– Прабач, Рык, але не сёння. Я магу заўтра.
– Помста за андроідаў, – сказаў Рык.
– Што?
– Бо я падлавіў цябе на тэсце Войта-Кампфа.
– Ты сапраўды так думаеш? – спытала яна, вочы шырока раскрытыя. – Так?
– Бывай, – сказаў ён і пачаў вешаць слухаўку.
– Падумай, – хутка сказала Рэйчал. – Ты не карыстаешся сваёй галавой.
– Табе так падаецца, бо Нэксус-6 разумнейшыя за людзей.
– Не, я сапраўды не разумею, – уздыхнула Рэйчал. – Я бачу, што ты не хочаш рабіць сваю справу сёння – а можа, і ўвогуле. Ты ўпэўнены, што хочаш, каб я дапамагла табе выключыць трох пазасталых андроідаў? Зрабіла гэта магчымым? Ці хочаш, каб я адгаварыла цябе?
– Прыязджай, – сказаў ён. – Я здыму пакой у гатэлі.
– Навошта?
– Я сёння чуў, – сказаў ён хрыпла, – пра нешта, што можа здарыцца паміж мужчынай-чалавекам і жанчынай-андроідам. Прылятай сёння ў Сан-Францыска, і я пакіну пазасталых андраў у спакоі. Зоймемся нечым іншым.
Яна ўзіралася ў яго, а потым нечакана сказала:
– Добра, прылячу. Дзе сустрэнемся?
– ‘У Святога Францыска’. Гэта адзіны больш-менш прыстойны гатэль, які яшчэ працуе ў Заліве.
– І ты нічога не будзеш рабіць, пакуль я не прылячу.
– Я буду сядзець у гатэльным пакоі, – сказаў ён. – І глядзець Бастара Сяброўскі па тэлевізары. Яго госць у апошнія тры дні – Аманда Вернэр. Яна мне падабаецца; я б глядзеў на яе ўсё жыццё. У яе такія грудзі, што яны нібы ўсміхаюцца.
Ён паклаў слухаўку. Потым некаторы час сядзеў, ні пра што не думаючы. Нарэшце холад аўтамабіля вывеў яго з апатыі; ён уключыў рухавік і накіраваў хаверкар у цэнтр Сан-Францыска, да гатэля.