Ці мараць андроіды пра электрычных авечак? - 16. ШАСНАЦЦАЦЬ
ШАСНАЦЦАЦЬ
У велічэзным раскошным пакоі гатэля Рык Дэкард чытаў справы двух андроідаў – Роя і Ірмы Бэці. Да аркушаў былі далучаныя тэлескапічныя здымкі – невыразныя 3D каляровыя раздрукоўкі, на якіх ледзь што можна было разгледзець. Жанчына, вырашыў ён, выглядае прывабна. Рой Бэці, аднак, нешта іншае. Нешта горшае.
Фармацэўт з Марса, прачытаў ён. Ці андроід, які проста выкарыстоўваў гэта як прыкрыццё. Можа, насамрэч ён быў працоўным, нешта рабіў рукамі, і меў прагу да нечага іншага. Ці мараць андроіды? Спытаў самога сябе Рык. Відавочна, што так; таму яны час ад часу забіваюць сваіх працадаўцаў і збягаюць сюды, на Зямлю. Лепшае жыццё без няволі. Як у Любы Люфт; спяваць у ‘Доне Жуане’ і ‘Вяселлі Фігара’ замест таго, каб гнуць спіну на неўрадлівай і поўнай камянёў глебе. У абсалютна непрыгодным для пражывання каланіяльным свеце.
Рой Бэці (як было напісана ў даведцы) мае напорысты, агрэсіўны тып паказнога лідарства. Захоплены дзіўнымі ідэямі, гэты андроід узяў на сябе арганізацыю ўцёкаў групы, укараніў у яе чальцоў прэтэнцыёзны погляд на так званае ‘жыццё’ андроідаў, а менавіта яго сакральнасць. У дадатак, раней андроід краў і эксперыментаваў з рознымі наркотыкамі, якія змяняюць свядомасць, а потым, калі яго злавілі, сказаў, што спадзяваўся даць андроідам вопыт, падобны на той, які людзі могуць атрымаць ад спагадызму, але які, як выявілася, для андроідаў немагчымы.
У гэтай гісторыі было нешта жаласнае. Грубы, халодны андр намагаўся атрымаць досвед, які, з-за наўмысна ўбудаванага дэфекту, быў для яго недасягальны. Рой Бэці не мог выклікаць асаблівага спачування ў Рыка: у нататках Дэйва ён убачыў якасць гэтага андроіда, якая адштурхоўвала. Бэці намагаўся гвалтам атрымаць вопыт зліцця, а калі гэта не атрымалася, перайшоў да забойстваў людзей… і прыляцеў на Зямлю. Цяпер, а менавіта пасля сённяшняга дня, група ўцекачоў скарацілася з васьмі андроідаў да трох. І яны, самыя асцярожныя чальцы групы па-за законам, таксама былі прырэчаныя, бо, калі ў яго не атрымаецца іх схапіць, атрымаецца потым у некага. Час і напрамак, падумаў ён. Цыкл жыцця. Якое скончыцца апошнімі прыцемкамі. Цішынёй смерці. Ён бачыў у гэтым мікрасусвет, дасканалы і завершаны.
Дзверы пакоя з грукатам расчыніліся.
– Ну і палёт, – цяжка дыхаючы, сказала Рэйчал Разэн, калі ўвайшла. Яна мела на сябе доўгае паўрасшпіленае паліто, якое нагадвала рыбныя лускі, і падобныя па стылю станік і шорты; акрамя вялікай, багата аздобленай торбачкі, яна несла папяровы пакет. – Прыгожы пакой, – яна глянула на наручны гадзіннік. – Менш, чым гадзіна – і я ўжо тут, – яна выцягнула папяровы пакет. – Я прынесла бутэльку віскі.
Рык сказаў:
– Горшы з васьмі па-ранейшаму жывы. Той, хто ўсё арганізаваў.
Ён перадаў ёй аркушы са справай Роя Бэці; Рэйчал паставіла пакет і ўзяла іх.
– Ты ведаеш, дзе ён? – спытала яна, калі прачытала.
– У мяне ёсць нумар конапартаментаў. У прыгарадзе, дзе, магчыма, таксама вядуць сваё вартае жалю існаванне розныя ‘асаблівыя’ кшталту тупагаловых.
Рэйчал працягнула руку і спытала:
– Што наконт іншых?
– Абедзве жанчыны.
Ён перадаў ёй справы, адна на Ірму Бэці, другая на андроіда, якая называла сябе Прыс Стратан.
Рэйчал прагледзела апошні аркуш і сказала:
– Ох, – яна перавярнула паперы, падышла да вакна і пачала сузіраць цэнтр Сан Францыска. – Я думаю, цябе заб’е апошні з іх. А можа, і не; можа, табе ўсё адно, – яна збялела, і яе голас дрыжаў. Раптам яна ледзь не захісталася.
– Што ты такое кажаш? – ён падняў аркушы і ўважліва вывучыў іх, спрабуючы зразумець, што менавіта так узрушыла Рэйчал.
– Давай вып’ем віскі, – Рэйчал прайшла разам з папяровым пакетам у лазенку, узяла дзве шклянкі і вярнулася; яна па-ранейшаму выглядала няўпэўненай і разгубленай – і заклапочанай. На яе насупленым, напружаным твары ён назіраў імклівы палёт думак і разважанняў. – Адкрыеш? – спыталася яна. – Ведаеш, гэта скарб. Яно не сінтэтычнае; яно з даваенных часоў, зроблена з сапраўднага соладу.
Ён узяў бутэльку і адкрыў яе, наліў віскі ў шклянкі.
– Скажы мне, чаму ты такая напружаная, – пачаў ён.
– Па тэлефоне ты прасіў мяне прыляцець і абяцаў, што пакінеш у спакоі трох пазасталых андраў. ‘Зоймёмся нечым іншым’, казаў ты. І вось мы тут… – адказала Рэйчал.
– Скажы, што цябе засмуціла, – папрасіў ён.
Задзірліва пазіраючы яму ў вочы, Рэйчал сказала:
– Што ты думаў мы будзем рабіць замест таго, каб бегаць і пужаць гэтых апошніх андраў з Нексус-6?
Яна расшпіліла гузікі на паліто, зняла яго і павесіла ў шафу. Тады ён упершыню змог добра яе агледзець… Рэйчал мела незвычайныя прапорцыі: з-за густой масы цёмных валасоў яе галава здавалася вялікай, а з-за маленькіх грудзей цела выглядала худым, амаль дзіцячым. Але яе вялікія вочы з доўгімі, старанна апрацаванымі вейкамі, маглі належаць толькі жанчыне – тут падабенства з падлеткам скончвалася. Рэйчал злёгку пагойдвалася, і яе рукі, калі яна нахілялася, згібаліся ў локцях. Пастава, падумаў ён, як у насцярожанага паляўнічага, магчыма, перыяду краманьёнцаў. Раса высокіх паляўнічых. Ніякай лішняй вагі, плоскі жывот, вузкія сцёгны і яшчэ менш выразныя грудзі — для Рэйчал пад узор узялі кельцкі тып целаскладу, анахранічны, але па-свойму прыгожы. Ніжэй за кароткія шорты яе ногі, стройныя, мелі нейтральны, несэксуальны выгляд, без акруглых форм. На агульнае ўражанне, безумоўна, цела было прывабным. Хоць яно належала хутчэй дзяўчыне, а не жанчыне. За выключэннем неспакойных, разумных вачэй.
Ён глытнуў віскі; паўзабытая моц напою, ні з чым не параўнальныя смак і пах, паспелі стаць для яго нязвыклымі, і глытаць была цяжка. У Рэйчал, наадварот, глыткі ішлі лёгка.
Рэйчал села на ложак і рассеяна прыгладзіла пакрывала; яна зноў паглыбілася ў свае думкі. Ён паставіў сваю шклянку на столік і пасунуўся бліжэй да яе. Пад яго цяжарам ложак прагнуўся, і Рэйчал паварушылася.
– Дык што? – сказаў ён. Прыхіліўся і крануўся яе рукі; тая была халоднай, кашчаватай, злёгку вільготнай. – Што цябе засмуціла?
– Тая апошняя з Нэксус-6, – сказала Рэйчал, намагаючыся выразна вымаўляць словы, – той жа мадэлі, што і я, – яна зірнула ўніз на пакрывала, падняла нітку і скруціла яе ў камяк. – Хіба ты не звярнуў увагі на апісанне? Яна такая ж, як я. У яе можа быць іншая фрызура і апранацца яна можа па-іншаму – ці ўвогуле насіць парык. Але калі ты ўбачыш яе, то зразумееш, што я мела на ўвазе, – яна саркастычна засмяялася. – Добра, што карпарацыя прызналася, што я – андр; інакш, пэўна, ты б звар’яцеў, калі б убачыў Прыс Стратан. Ці падумаў бы, што гэта я.
– Чаму цябе гэта так хвалюе?
– Халера, і я буду побач, калі ты яе выключыш.
– Можа, і не. Можа, я не знайду яе.
Рэйчал сказала:
– Я ведаю псіхалогію Нэксус-6. Вось чаму я тут; вось чаму я магу дапамагчы. Яны хаваюцца разам, усе трое. Згуртаваныя вакол таго звар’яцелага, які называе сябе Рой Бэці. Ён распрацуе план іх апошняй, рашучай і адчайнай, абароны, – яе вусны скрывіліся. – Халера, – сказала яна.
– Не сумуй, – сказаў ён, беручы яе маленькі востры падбародак у сваю далонь. Ён падняў яе галаву так, каб яна глядзела яму ў вочы. Цікава, як гэта – цалаваць андроіда, падумаў ён, прысунуўся бліжэй яшчэ на дзюйм і пацалаваў яе ў сухія вусны. Ніякай рэакцыі; Рэйчал заставалася абякавай, быццам гэта яе не датычылася. І ён усвядоміў нешта яшчэ. Ці, можа, яму падалося, бо ён хацеў гэта ўсвядоміць.
– Шкада, – сказала Рэйчал, – што я не ведала гэтага раней. Тады б я не прыляцела да цябе. Ты просіш зашмат. Ведаеш, што я адчуваю да яе? Да гэтага андроіда Прыс?
– Спагаду, – сказаў ён.
– Нешта падобнае на гэта. Двайнік; вось пра што я падумала… Божа; вось што можа здарыцца. У мітусні ты выключыш мяне, а не яе. І яна можа тады паехаць у Сіэтл і жыць маім жыццём. Раней я такога ніколі не адчувала. Мы машыны, вырабленыя на канвееры, як вечкі для бутэлек. Гэта ілюзія, што я – і мая асабістасць – існуюць; я толькі адзінка сваёй мадэлі.
Яна задрыжала. Ён не мог стрымаць усмешкі; Рэйчал стала такой панура сентыментальнай.
– Мурашы так сябе не адчуваюць, – сказаў ён, – хаця ўсе яны фізічна аднолькавыя.
– Мурашы. Яны ўвогуле нічога не адчуваюць.
– Ідэнтычныя чалавечыя блізняты. Яны не…
– Але яны разлічаюць адзін аднаго; паміж імі ёсць спагада, асаблівая сувязь, – крыху вагаючыся, яна ўстала і пацягнулася да бутэлькі; напоўніла сваю шклянку і зноў павольна выпіла. Некаторы час яна блукала па пакоі з насупленымі бровамі, а потым, нібы выпадкова наблізіўшыся да яго, зноў прысела на ложак, гэтым разам адкінулася спінай на пухнатыя падушкі і выцягнула ногі. І ўздыхнула. – Забудзься наконт трох андраў, – яе голас быў ціхім, ледзь чутным. – Я такая стомленая, пэўна, з-за палёту. І ўсяго, што я даведалася сёння. Я проста хачу спаць, – яе вочы заплюшчыліся. – Калі я памру, – працягнула яна так жа ціха, – можа, я буду перароджана ў адзін з новых экзэмпляраў чарговай мадэлі андроідаў Карпарацыі Разэн.
Раптам яна адкрыла вочы і ўтаропілася ў яго раз’юшана:
– А ты ведаеш, – сказала яна, – чаму насамрэч я прыляцела? Чаму Элдан і іншыя Разэны – людзі – хацелі, каб я пайшла з табой?
– Каб назіраць, – сказаў ён. – І дакладна запомніць, што менавіта робіць і кажа Нэксус, калі гэта выдае яго на тэсце Войта-Кампфа.
– На тэсце і ў іншых акалічнасцях. Усё, чым ён вылучаецца. Пасля маёй справаздачы карпарацыя мадыфікуе ДНК на ўзроўні зіготы. І з’явіцца Нэксус-7. І калі яго зловяць, мы мадыфікуем яго зноўку і далей, пакуль нарэшце карпарацыя не зробіць мадэль, якую будзе немагчыма выявіць.
– Ты ведаеш пра тэст Рэфлектарнай Дугі Банэлі? – спытаў ён.
– Мы працуем і над спіннымі гангліямі. Прыйдзе дзень, калі тэст Банэлі пакрыецца саванам забыцця ў пекле мінулага, – яна па-добраму ўсміхнулася, нібы насуперак сваім словам. У гэты момант яна не магла з усёй сур’ёзнасцю ставіцца да таго, што кажа. Пытанні, якія змяняюць сусвет, а яна наконт іх жартуе; магчыма, такая асаблівасць андроідаў, падумаў ён. Ніякага эмацыйнага ўсведамлення, ніякіх пачуццяў наконт сапраўднага сэнсу сказанага. Толькі пустыя, фармальныя, інтэлектуальныя азначэнні асобных тэрмінаў.
І, больш за тое, Рэйчал пачала дражніць яго. Непрыкметна яна перайшла ад скарг наконт свайго стану да кпін з яго.
– Адчапіся, – сказаў ён.
Рэйчал засмяялася.
– Я п’яная. Я не змагу пайсці з табой. Калі ты сыдзеш… – яна ўзмахнула рукамі ў паветры. – Я застануся тут і буду спаць, а ты пазней распавядзеш, як усё прайшло.
– Акрамя таго, – сказаў ён, – таго, што ‘пазней’ не будзе, бо Рой Бэці мяне заб’е.
– Але я ніяк не змагу табе дапамагчы, бо я п’яная. У любым выпадку, ты ведаеш праўду, зменлівую, слізкую частку праўды. Я ўсяго толькі назіральніца і не буду ўмешвацца, каб цябе выратаваць; мяне не хвалюе, заб’е цябе Рой Бэці ці не. Мяне хвалюе, ці застануся я жывая, – яе вочы былі круглыя і вялікія. – Божа, я адчуваю спагаду да самой сябе. І, разумееш, калі я паеду на ўскраіну да таго закінутага будынка… – яна працягнула руку і пачала гуляць з гузікам яго кашулі; павольнымі, разлічанымі рухамі яна пачала расшпільвала іх. – Я не збіраюся ісці з табой, бо андроіды не маюць вернасці адзін да аднаго. Халера, я ведаю, што Прыс Стратан знішчыць мяне і зойме маё месца. Разумееш? Здымай пінжак.
– І што потым?
– Пойдзем спаць, – сказала Рэйчал.
– Я купіў чорную нубійскую казу, – сказаў ён. – Мне трэба выключыць яшчэ трох андраў. Я павінен скончыць сваю працу і вярнуцца дамоў да жонкі.
Ён устаў, абышоў ложак і ўзяў пляшку з віскі. Асцярожна наліў сабе другую шклянку; яго рукі, ён заўважыў, дрыжаць толькі злёгку. Магчыма, з-за стомленасці. Мы абодва, зразумеў ён, стомленыя. Занадта, каб паляваць на трох андраў, калі найгоршы з васьмі аддае загады.
Калі ён там стаяў, то зразумеў, што мае непрыхаваны, бясспрэчны жах да галоўнага андроіда. Усё сыходзілася на Бэці – толькі на ім, ад самага пачатку. Да гэтага моманту ён спатыкаў і выключаў усё больш злавесныя ўвасабленні Бэці. А цяпер прыйшла чарга і самога Бэці. Ян заўважыў, што жах у ім расце; і паглыне цалкам, бо ён дазволіў пачуццю трапіць у свядомасць.
– Я не магу ісці без цябе, – сказаў ён Рэйчал. – Нават адсюль не магу сысці. Полакаў дастаў мяне; Гарланд амаль таксама.
– Думаеш, Рой Бэці высачыць цябе? – яна паставіла пустую шклянку і нахілілася наперад, завяла рукі за спіну і расшпіліла станік. Спрытна сцягнула яго і ўстала, загайдалася, і ўсміхалася, калі гайдалася. – У маёй торбе, – сказала яна, – прылада, якую вырабляе наша аўтаномная фабрыка на Марсе. Гэта авар… – яна скрывілася, – аварыйны механізм бяспекі, калі новы андроід праходзіць належныя праверкі. Дастань. Нагадвае вустрыцу. Ты пазнаеш.
Ён пачаў корпацца ў торбачцы. Нібы звычайная жанчына, Рэйчал мела там усё, што толькі можна было ўявіць – параспіханае па складках і кутах; ён адчуў марнасць сваіх намаганняў.
Тым часам яна зняла боты і расшпіліла шорты; балансуючы на адной назе, падчапіла пальцам другой нагі непатрэбную частку адзення і шпурнула праз пакой. Потым упала на ложак, перакацілася, каб намацаць сваю шклянку, але выпадковы штурхнула яе на падлогу. – Халера, – сказала яна і зноў, гойдаючыся, узнялася на ногі; у адных майтках яна назірала, як ён корпаецца ў яе торбачцы. Потым, з асцярожнасцю і засяроджанасцю, яна адцягнула коўдру, залезла пад яе і захінулася з галавою.
– Гэта яно? – ён трымаў у руцэ металічны шар са стрыжнем-кнопкай.
– Яно выклікае ў андроіда каталепсію, – сказала Рэйчал, нават не зірнуўшы. – На некалькі секунд. Прыпыняе дыханне; і тваё таксама, але людзі могуць не дыхаць – ці, як вы кажаце, ‘затрымліваць дыханне’ – на некалькі хвілін, але блукаючы нерв андра…
– Я ведаю, – ён выпрастаўся. – Нервовая сістэма андроіда анатамічна не такая гнуткая, як наша, у розных абставінах. Але, як я разумею, будзе дзейнічаць не даўжэй за 5-6 секунд.
– Гэтага хопіць, – ціха сказала Рэйчал, – каб уратаваць табе жыццё. Разумееш… – яна прыўзнялася і села на ложку. – Калі з’явіцца Рой Бэці, і ты будзеш трымаць гэта ў сваёй руцэ, то паспееш націснуць кнопку. І пакуль ён будзе паралізаваны, без паветра, што не паступае ў кроў і з-за чаго клеткі мозга паміраюць, зможаш забіць яго стрэлам з лазера.
– У цябе ёсць лазерная трубка, – сказаў ён, – у торбачцы.
– Несапраўдная. Андроідам, – яна пазяхнула, вочы ізноў закрытыя, – не дазваляецца мець лазер.
Ён падышоў да ложка.
Выгнуўшыся, Рэйчал нарэшце здолела перакуліцца на жывот, тварам у белую прасціну.
– Гэта чысты, шляхетны, ложак, – сцвердзіла яна. – Толькі чыстыя, шляхетныя дзяўчыны, якія… – яна задумалася. – Андроіды не могуць мець дзяцей, – нарэшце сказала яна. – Гэта хіба ці перавага?
Ён скончыў распранаць яе. Агаліў яе белыя, халодныя сцёгны.
– Гэта хіба? – паўтарыла Рэйчал. – Я насамрэч не ведаю; і не магу даведацца. Што адчуваеш, калі ў цябе ёсць дзіця? Што адчуваеш, калі нараджаешся? Мы не нараджаемся; не сталеем; замест таго, каб памерці ад хвароб ці ад старасці, мы зношваемся, як мурашы. Так, мурашы; гэта тое, чым мы ёсць. Не ты; я маю на ўвазе сябе. Хітынавыя механізмы з рэфлексамі, мы нават насамрэч нежывыя.
Яна павярнула галаву на бок і гучна сказала:
– Я нежывая! Ты будзеш у ложку не з жанчынай. Не расчароўвайся, добра? Ты калі-небудзь займаўся каханнем з андроідам?
– Не, – адказаў ён, здымаючы кашулю і гальштук. – Я разумею – мне казалі – гэта атрымаецца, калі шмат пра гэта не думаеш. Але калі разважаеш зашмат, калі засяроджваешся на тым, што робіш – тады не зможаш працягваць. Па… хм… фізіялагічных прычынах.
Нахіліўшыся, ён пацалаваў яе аголенае плячо.
– Дзякуй, Рык, – сказала яна сумна. – Рабі, а не думай пра гэта. Без перарываў на філасофскія размовы, бо з філасофскага пункту гледжання гэта змрочна. Для нас абодвух.
Ён сказаў:
– Пасля я ўсё роўна павінен знайсці Роя Бэці. І мне трэба, каб ты была там. Я ведаю, што лазерная трубка ў тваёй торбачцы…
– Ты думаеш, я выключу кагосьці з андраў дзеля цябе?
– Я думаю, што ты ўсё ж мне дапаможаш і зробіш усё магчымае. Інакш ты б зараз не ляжала ў гэтым ложку.
– Я кахаю цябе, – сказала Рэйчал. – Калі б я ўвайшла ў пакой і знайшла цябе на ложку, тэст Войта-Кампфа меў бы станоўчы вынік.
“Сёння ўночы, – падумаў ён, калі гасіў святло над ложкам, – я выключу Нэксус-6, які выглядае так жа, як гэтая аголеная дзяўчына. Божа мой, – падумаў ён, – усё адбываецца так, як казаў Філ Рэшч. Спачатку схадзі з ёй у ложак, – узгадаў ён. – Потым забі яе.”
– Я не магу, – сказаў ён і зрабіў крок ад ложка.
– Я хачу, каб ты мог, – сказала Рэйчал. Яе голас дрыжаў.
– Ты не прычым. З-за Прыс Стратан; з-за таго, што я павінен зрабіць з ёй.
– Мы не аднолькавыя. Мне ўсё адно на Прыс Стратан. Паслухай, – Рэйчал пералезла праз ложак і села побач; у цемры ён ледзь бачыў яе стройную, амаль бязгрудую постаць. – Кладзіся са мной у ложак, і я выключу Прыс Стратан. Добра? Бо я не вытрымаю, калі мы так блізка, але…
– Дзякуй, – сказаў ён; удзячнасць – без сумневу, пад уздзеяннем віскі – падымалася ў ім, сціскаючы горла. “Два, – падумаў ён. – Мне трэба выключыць толькі двух; двух Бэці. Ці сапраўды Рэйчал зробіць гэта? Напэўна. Андроіды думалі і функцыянавалі такім чынам. Хаця раней ён нічога падобнага не сустракаў.”
– Халера, ідзі ўжо да мяне, – сказала Рэйчал.
І ён пайшоў да яе.