Ці мараць андроіды пра электрычных авечак? - 17. СЯМНАЦЦАЦЬ
СЯМНАЦЦАЦЬ
Пасля яны насалоджваліся раскошай: Рык папрасіў, каб яму ў нумар прынеслі каву. Доўгі час ён сядзеў у мяккім крэсле, нібы складзеным з зялёнага, чорнага і залатога лісця, маленькімі глыткамі піў каву і думаў наконт таго, што адбудзецца ў наступныя некалькі гадзін. Рэйчал у лазенцы вішчала, і напявала, і пырскалася пад гарачым душам.
– Ты заключыў добрую ўгоду, калі вырашыўся, – закрычала яна пасля таго, як выключыла ваду; з валасоў, сцягнутых гумкай, капала, яна з’явілася голая і ружовая ў дзвярах лазенкі. – Мы, андроіды, не можам кантраляваць нашу фізічную, эмацыйную жарсць. Ты пэўна ведаў гэта; і, на мой погляд, проста скарыстаўся перавагай нада мной, – яна, аднак, не падавалася ані наколькі раззлаванай. Яна наадварот выглядала бадзёрай і вясёлай, як любая сапраўдная дзяўчына, якіх ён ведаў. – Мы можам абысціся без таго, каб ісці і высочваць сёння трох андраў?
– Не, – сказаў ён. “Двух выключу я, аднаго ты, – падумаў ён, – угода насамрэч заключаная, калі яна сама пра яе ўзгадала.”
Завінаючыся ў велічэзны ручнік, Рэйчал спытала:
– Табе спадабалася?
– Так.
– Пойдзеш зноў у ложак з андроідам?
– Калі яна будзе маладой. І нагадваць цябе.
– Ты ведаеш, якая працягласць жыцця ў гуманоіднага робата, такога, як я? Я існую ўжо два гады. Можаш палічыць, колькі мне засталося, – спытала Рэйчал.
Ён завагаўся, але нарэшце сказаў:
– Яшчэ два гады. Можа, крыху болей.
– Яны так і не вырашылі праблему з заменай клетак. Сталае ці паўсталае аднаўленне. Як ёсць, – яна пачала хутка выцірацца. З яе твару зніклі эмоцыі.
– Мне шкада, – сказаў Рык.
– Халера, – сказала Рэйчал. – Гэта мне шкада, што я ўзгадала. Ва ўсякім разе, зразумела, што адштурхоўвае чалавека ад таго, каб жыць з андроідам.
– Гэта датычыцца і Нэксус-6?
– Справа ў метабалізме, а не ў мазгах, – яна хутка падняла свае майткі і пачала апранацца.
Ён таксама апрануўся. Потым разам, амаль нічога адзін аднаму не кажучы, яны падняліся на дах і пайшлі ў той бок, дзе добразычлівы швейцар у белым адзенні запаркаваў яго хаверкар.
Калі яны рухаліся ў бок прыгараду Сан-Францыска, Рэйчал сказала:
– Якая прыемная ноч.
– Мая каза, пэўна, ужо спіць, – сказаў ён. – Ці, можа, козы – начныя стварэнні. Некаторыя жывёлы ніколі не спяць. Напрыклад, авечкі – прынамсі, я ніколі не заўважаў; калі б я ні глядзеў на іх, яны глядзелі ў адказ. Хацелі, каб іх пакармілі.
– Якая твая жонка?
Ён не адказаў.
– Ты…
– Калі б ты не была андроідам, – перабіў Рык, – калі б я мог законна ажаніцца з табой, я б ажаніўся.
– Ці мы маглі б жыць ў граху, калі не лічыць таго, што я – нежывая, – сказала Рэйчал.
– Па законе так. Але насамрэч ты жывая. Біялагічна. Калі не зроблена з транзістарных плат, як штучная жывёла; ты – арганічнае стварэнне.
“І праз два гады, – падумаў ён, – ты зносішся і памрэш. Бо мы так і не вырашылі праблему замены клетак, як ты сама заўважыла. Таму, мяркую, гэта ўжо не мае значэння.”
“Гэта канец, – сказаў ён самому сабе, – мяне як паляўнічага за галовамі. Пасля двух Бэці іншых не будзе. Не пасля таго, што было сёння.”
– Выглядаеш такім сумным, – сказала Рэйчал.
Яна выцягнула руку і кранулася яго шчакі.
– Ты больш не будзеш здольны паляваць на андроідаў, – працягнула яна спакойным голасам. – Не сумуй. Калі ласка.
Ён утаропіўся ў яе.
– Ніводзін паляўнічы за галовамі не працягваў сваю справу, – сказала Рэйчал. – Пасля таго, як быў са мной. Акрамя аднаго. Вельмі цынічнага. Філа Рэшча. Ён шалёны; усё робіць па-свойму і працуе адзін.
– Разумею, – сказаў Рык. Ён адчуваў, што дранцвее. Цалкам. Усім сваім целам.
– Але тое падарожжа, якое мы робім, – сказала Рэйчал, – не марнае, бо ты сустрэнеш цудоўнага, духоўна ўзвышанага мужчыну.
– Роя Бэці, – здагадаўся ён. – Ты ведаеш іх усіх?
– Я ведала іх усіх, пакуль яны існавалі. А цяпер ведаю толькі трох. Мы спрабавалі спыніць цябе сёння ўранку, перад тым, як ты пачаў працаваць па спісу Дэйва Холдэна. Я спрабавала зноў перад тым, як Полакаў атакаваў цябе. Але потым, пасля ўсяго, я была вымушаная чакаць.
– Пакуль я не зламаўся, – сказаў ён, – і не патэлефанаваў табе.
– Мы былі добрымі, вельмі добрымі сяброўкамі з Любай Люфт амаль два гады. Што ты думаў наконт яе? Яна табе падабалася?
– Падабалася.
– Але ты забіў яе.
– Філ Рэшч забіў яе.
– Ох, дык значыць Філ быў з табой, калі ты вярнуўся ва оперны тэатр. Мы гэтага не ведалі; сувязь паміж намі тады знікла. Мы толькі дазналіся, што яна забітая; відавочна, мы вырашылі, што гэта зрабіў ты.
– Я памятаю, што менавіта ў запісах Дэйва, – сказаў ён. – Думаю, я змагу выключыць Роя Бэці. Але наўрад ці Ірму Бэці.
“І дакладна не Прыс Стратан, – падумаў ён. – Нават зараз; нават ведаючы ўсё.”
– Дык усё, што адбывалася ў гатэлі, – сказаў ён, – гэта частка…
– Карпарацыя, – сказала Рэйчал, – хацела дацягнуцца да ўсіх паляўнічых за галовамі тут і ў Савецкім Саюзе. І, падаецца, у нас атрымалася… чаму, мы самі цалкам не разумеем. Напэўна, гэта ўжо па-за межамі нашага разумення.
– Сумняюся, што гэта спрацоўвае так часта ці так добра, як ты кажаш, – сказаў ён хрыпла.
– Але спрацавала з табой.
– Пабачым.
– Я ўжо ведаю, – запярэчыла Рэйчал. – Калі я ўбачыла той выраз на тваім твары, той смутак. Яго я і чакала.
– Колькі разоў ты ўжо гэта рабіла?
– Не памятаю. Сем, восем. Не, падаецца, дзевяць, – яна – ці, хутчэй, яно – ківала, падлічваючы. – Так, дзевяць разоў.
– Ідэя старая, як сусвет, – сказаў Рык.
Раптам уздрыгнуўшы, Рэйчал сказала:
– Ш-што?
Ён адштурхнуў стырно ад сябе і перавёў аўто на паступовае зніжэнне.
– Ці, прынамсі, мне так падаецца. Я заб’ю цябе, — сказаў ён. – А потым сам займуся Роем, і Ірмай Бэці, і Прыс Стратан.
– Вось чаму ты прызямляешся? – яна запытала, хвалюючыся. – Табе гэта не пройдзе дарма; я маёмасць, законная маёмасць карпарацыі. Я не збеглы андроід з Марса; я не такая, як іншыя.
– Але, – сказаў ён, – я магу і забіць цябе па-іншаму, не так, як іх.
Яе рукі занурыліся ў вялікую, запоўненую розным хламам торбачку; яна шукала адчайна, але ў выніку здалася.
– Халера на гэтую торбачку, – сказала яна раз’юшана. – Ніколі нічога не магу знайсці. Ты можаш забіць мяне так, каб не было балюча? Я не буду супраціўляцца, добра? Абяцаю. Згода?
– Цяпер я разумею, чаму Філ Рэшч сказаў тое, што сказаў. Ён не быў цынікам; ён проста шмат чаму навучыўся. Бо шмат праз што прайшоў. Я не магу ні ў чым яго вінаваціць. Гэта змяніла яго, – адказаў Рык.
– Не ў той бок, – цяпер звонку яна падавалася больш спакойнай, унутры, аднак, заставалася ўзрушанай і напружанай. Так, цёмны агонь згасаў; жыццёвыя сілы выходзілі з яе, што ён часта назіраў у іншых андроідаў. Змірэнне. Механічнае, інтэлектуальнае прыняцце непазбежнага – таго, чаму сапраўдны арганізм, сфармаваны за два мільярды год пад ціскам эвалюцыі і імкнення да жыцця, ніколі б не скарыўся.
– У патылічную косць, заднюю частку чэрапа, – сказала Рэйчал. – Калі ласка, – яна павярнулася так, каб не глядзець на лазерную трубку; яна б не паспела зразумець, што прамень стрэліў.
Рык адклаў трубку і сказаў:
– Не магу зрабіць тое, што казаў Філ Рэшч.
Ён уключыў рухавік, і праз імгненне хаврекар зноў падымаўся.
– Калі ты збіраешся гэта зрабіць, – сказала Рэйчал, – рабі гэта зараз. Не прымушай мяне чакаць.
– Я не буду забіваць цябе, – ён накіраваў аўто зноў у напрамку цэнтра Сан-Францыска. – Твой хаверкар у гатэлі, так? Я пакіну цябе там, і ты зможаш вярнуцца ў Сіэтл.
Гэта было ўсім, што ён хацеў сказаць. Далей яны ехалі моўчкі.
– Дзякуй, што не будзеш мяне забіваць, – хутка сказала Рэйчал.
– Халера, ты сама сказала, што ў цябе засталося толькі два гады жыцця. А ў мяне – пяцьдзясят. У дваццаць пяць разоў болей.
– Але ты пагарджаеш мной, – сказала Рэйчал. – За тое, што я зрабіла, – упэўненасць вярнулася да яе; ейны голас набіраў сілу. – Ты ідзеш па шляху іншых. Паляўнічыя за галовамі, якія былі да цябе. Штораз, калі яны станавіліся раз’юшанымі і пагражалі мяне забіць, у апошні момант не здолелі. Зусім як ты зараз, – яна запаліла цыгарэту, з задавальненнем зацягнулася. – Ты разумееш, што гэта значыць? Што я мела рацыю; ты не зможаш больш выключыць ніводнага андроіда; не толькі мяне, а Бэці і Стратан таксама. Таму ідзі дадому да сваёй казы. І адпачні.
Раптам яна пачала хутка змахваць нешта з адзення.
– Ой! Гарачы попел трапіў на паліто, – яна адкінулася на сядзенні і закрыла вочы.
Ён нічога не сказаў.
– Тая каза, – не змаўкала Рэйчал. – Ты, напэўна, любіш казу больш, чым уласную жонку. Спачатку каза, потым жонка, потым, пасля ўсяго… – яна весела засмяялася. – Хіба гэта не смешна?
Ён не адказаў. Яны ехалі ў цішыні, пакуль Рэйчал не паварушылася, знайшла радыё і ўключыла яго.
– Выключы, – сказаў Рык.
– Выключыць Бастара Сяброўскі і яго Сяброўскіх Сяброў? Выключыць Аманду Вернэр і Оскара Скрагса? Прыйшоў час пачуць пра яго вялікую сенсацыю, – яна нахілілася, каб лепей бачыць час на сваім гадзінніку ў святле радыё. – Зараз пачнецца. Ты ведаеш, пра што я? Ён так шмат пра яе гаварыў, нагнятаў інтрыгу…
Радыё забалбатала: ” – а ха-ха-ха я скажу вам, так людзі, што сядзім мы тут, я і мой сябрук Басці, мы як у выраі, файна нам так, чакаем – цік так ходзікі ідуць да самага разумееце важнага што я скажу ў вашых жыццях – “
Рык выключыў радыё.
– Оскар Скрагс, – пракаментаваў ён. – Голас ‘разумнага’ чалавека.
Рэйчал тут жа зноў уключыла радыё:
– Я хачу паслухаць. І буду слухаць. Гэта важна, што Бастар Сяброўскі скажа на сваім шоу сёння ўночы.
Дурнаваты голас зноў забубніў з дынаміка, і Рэйчал Разэн пачала зручна ўладкоўвацца ў крэсле. Побач у цемры свяціўся кончык яе цыгарэты, быццам святляк, які задаволена сядзіць на адным месцы – знак трыумфу Рэйчал Разэн. Яе перамогі над ім.