comicsby.live
  • КОМІКСЫ
  • ФАНФІКІ
  • АПАВЯДАННІ
  • ЧАСОПІСЫ
  • БЛОГІ
  • ПЕРАКЛАДЫ
  • АЎТАРСКІЯ ТВОРЫ
  • ПРЫШПІЛЬНЫЯ КОМІКСЫ
  • Інфармацыя
    • Звязацца з намі
    • Прапанаваць публікацыю
  • Мой аккаўнт
    • Уваход праз google
    • Уваход праз Twitter (X)
    • Уваход для аўтараў
    • Мае налады
    • Выхад
Advanced
  • КОМІКСЫ
  • ФАНФІКІ
  • АПАВЯДАННІ
  • ЧАСОПІСЫ
  • БЛОГІ
  • ПЕРАКЛАДЫ
  • АЎТАРСКІЯ ТВОРЫ
  • ПРЫШПІЛЬНЫЯ КОМІКСЫ
  • Інфармацыя
    • Звязацца з намі
    • Прапанаваць публікацыю
  • Мой аккаўнт
    • Уваход праз google
    • Уваход праз Twitter (X)
    • Уваход для аўтараў
    • Мае налады
    • Выхад
Family Safe
Family Safe
  • Жанры
    • Рамантыка
    • Супергероі
    • Камедыя
    • Драма
    • Баявік
    • Дэтэктыў
    • Для дарослых
    • Прыгоды
    • Анімэ
    • Школа
    • Фэнтазі
    • Гістарычны
    • Хорар
    • Манга
    • Містыка
    • Уаншот
    • Псіхалагічны
    • Фантастыка
    • Спорт
  • Выдавецтвы коміксаў
    • Marvel
    • DC
    • Image comics
    • Dark Horse
    • IDW
    • Boom! Studios
    • Oni Press
  • Фандомы фанфікаў
    • Harry Potter
    • Avengers
    • Spider-man
    • Star Wars
    • Genshin Impact
    • Good Omens
  • Аўтары
Prev
Next

Ці мараць андроіды пра электрычных авечак? - 5. ПЯЦЬ

  1. Хатняя старонка
  2. Ці мараць андроіды пра электрычных авечак?
  3. 5. ПЯЦЬ
Prev
Next

ПЯЦЬ

Маленькі пучок белага святла незварушна пазіраў у левае вока Рэйчал Разэн, а на яе шчацэ трымаўся металічны дыск са звісаючымі правадамі. Рэйчал падавалася спакойнай.

Сеўшы так, каб можна было бачыць дзве шкалы вымярэнняў з тэставых прылад Войта-Кампфа, Рык Дэкард сказаў:

– Я апішу шэраг сітуацый. Ваша задача – патлумачыць ваша меркаванне так хутка, як гэта магчыма. Час, канешне ж, таксама будзе ўлічаны.

– І канешне ж, – сказала Рэйчал недружалюбна, – мае вусныя адказы не істотныя. Для ацэнкі вы возьмеце выключна рэакцыю вочных мышц і капіляраў. Але я буду адказваць; я хачу праз гэта прайсці, і… – яна раптам змоўкла. – Пачынайце, містар Дэкард.

Рык абраў пытанне тры і сказаў:

– Вам падарылі гаманец са скуры цяля на дзень народзінаў.

Абедзве шкалы неадкладна пераскочылі зялёную зону і засталіся ў чырвонай; стрэлкі некаторы час вагаліся перад тым, як суняцца.

– Я б не прыняла такога падарунка, – сказала Рэйчал, – і заявіла на гэтага чалавека ў паліцыю.

Хутка зрабіўшы нататку, Рык працягнуў. Ён вырашыў перайсці да восьмага пытання профільнай шкалы Войта-Кампфа:

– Маленькі хлопчык паказвае вам сваю калекцыю матылёў, разам з банкай, дзе ён іх забівае.

– Я б адвяла яго да доктара.

Голас Рэйчал быў нізкім, але цвёрдым. Зноў дзве стрэлкі падскочылі, але гэтым разам не так далёка. Ён і гэта занатаваў.

– Вы глядзіце тэлевізар, – працягнуў ён, – і раптам адчуваеце, што па вашым запясці паўзе аса.

Рэйчал адказала:

– Я б забіла яе.

Стрэлкі гэтым разам амаль не варухнуліся; толькі кволае і кароткае ваганне. Ён гэта таксама запісаў і ўважліва пачаў выбіраць наступнае пытанне.

– Вы гартаеце часопіс і заўважаеце вялікі каляровы здымак аголенай дзяўчыны.

Ён змоўк.

– Вы правяраеце, андроід я ці лесбіянка? – спыталася Рэйчал з’едліва. Стрэлкі не варухнуліся.

Ён працягнуў:

– Вашаму мужу падабаецца здымак.

Стрэлкі па-ранейшаму не рэгістравалі ніякай рэакцыі.

– Дзяўчына, дадаў ён, – ляжыць тварам уніз на шырокім і прыгожым дыване з мядзведжага футра. Стрэлкі заставаліся на сваіх месцах, і ён сказаў самому сабе, што так бы было ў андроіда. Няздольнасць заўважыць галоўны фактар, частку мёртвай жывёлы. Яна – яно – засяроджвае ўвагу на іншым. – Ваш муж вешае здымак на сцяну ў сваім кабінеце, – ён скончыў, і цяпер стрэлкі пачалі рухацца.

– Я б дакладна яму не дазволіла, – сказала Рэйчал.

– Добра, – сказаў ён, ківаючы. – А цяпер падумайце пра наступнае. Вы чытаеце раман, які быў напісаны ў старыя часы, яшчэ да вайны. Героі наведваюць рыбацкую верф у Сан Францыска. Яны галодныя, і ўваходзяць у рыбную рэстарацыю. Адзін з іх замаўляе амара, і кухар кідае істоту ў рондаль з кіпенем, пакуль астатнія назіраюць.

– О божа, – сказала Рэйчал. – Як жудасна! Тады сапраўды так рабілі? Якая ганьба! Вы маеце на ўвазе жывога амара?

Стрэлкі, аднак, не рэагавалі. З фармальнага пункту гледжання, слушны адказ. Але яна ўдае.

– Вы здымаеце домік у гарах, – сказаў ён, – у пракаветнай мясцовасці. Гэта просты драўляны домік з вялікім камінам.

– Разумею, – сказала Рэйчал, нецярпліва ківаючы.

– На сцены нехта наклеіў старыя мапы, выдавецтва Курыер і Іўс, а над камінам вісіць галава аленя, гэта самец з вялікімі рагамі. Вы і вашы сябры ў захапленні ад дэкору доміка, і вы разам вырашаеце…

– Мы не будзем жыць у доміку з галавой аленя, – сказала Рэйчал. Стрэлкі, аднак, вагаліся ў межах зялёнай зоны.

– Вы зацяжарылі, – працягнуў Рык. – Ад чалавека, які абяцаў ажаніцца з вамі. Ён сыходзіць да іншай жанчыны, вашай лепшай сяброўкі; вы робіце аборт, і…

– Я б ніколі не зрабіла аборт, – сказала Рэчайл. – У любым разе гэта забаронена. Пажыццёвае зняволенне, і ад паліцыі не схавацца.

Гэтым разам абедзве стрэлкі рэзка хіснуліся ў чырвоную зону.

– Адкуль вы гэта ведаеце? – спытаўся Рык у яе з цікавасцю. – Пра цяжкасці з атрыманнем дазволу на аборт?

– Усе гэта ведаюць, – адказала Рэйчал.

– Прагучала так, быццам вы кажаце з уласнага вопыту.

Ён пільна назіраў за стрэлкамі; яны па-ранейшаму рухаліся на значную адлегласць па шкале.

– Яшчэ пытанне. Вы былі на спатканні з мужчынам, і ён запрашае вас да сябе. Вы зайшлі, і ён прапануе вам выпіць. Са шклянкай у руцэ вы заглядаеце ў спальню; яна ўпрыгожана постарамі з боем быкоў, і вы робіце некалькі крокаў, каб іх лепей разглядзець. Ён ідзе за вамі і закрывае дзверы. Ён кладзе руку вам на талію, і кажа…

Рэйчал перабіла:

– Што такое постар з боем быкоў?

– Малюнкі, часцей за ўсё каляровая і вялікія, на якіх матадор з плашчом і бык, які спрабуе ўзняць матадора на рогі.

Ён быў здзіўлены.

– Колькі вам год? – спытаўся; у гэтым магла быць прычына.

– Мне 18, – адказала Рэйчал. – Давайце далей; мужчына зачыняе дзверы і кладзе руку мне на талію. Што ён пры гэтым кажа?

Рык запытаў:

– Вы ведаеце, чым скончваліся баі быкоў?

– Мяркую, некаму было балюча.

– У канцы быка заўсёды забівалі, – ён чакаў, назіраючы за двума стрэлкамі. Яны неспакойна трымцелі, але толькі крыху. Зусім ніякай значнай рэакцыі. – Апошняе пытанне, – сказаў ён. – З дзвюх частак. Вы глядзіце старое кіно па тэлевізары, кіно з даваенных часоў. Адбываецца банкет, і госці з задавальненнем ядуць сырых вустрыц.

– Фу, – сказала Рэйчал; стрэлкі хутка варухнуліся.

– Галоўная страва, – працягнуў ён, – складаецца з варанага сабакі, фаршыраванага рысам.

Стрэлкі зрушыліся на меншую адлегласць; значна меншую, чым гэта было, калі ён казаў пра вустрыц.

– Страва з сырых вустрыц вам падаецца больш прымальнай, чым з варанага сабакі? – звярнуўся ён да Рэйчал. – Відавочна, што не.

Ён адклаў аловак, згасіў ліхтарык і зняў дыск з яе шчакі.

– Вы – андроід, – сказаў ён. – Гэта выснова тэставання, – дадаў так, каб яна чула – ці, хутчэй, яно – і Элдан Разэн, які пазіраў на яго з непрыхаваным хваляваннем; твар старога чалавека скрывіўся, на яго насунулася злосная заклапочанасць. – Я маю рацыю, хіба не так? – сказаў Рык. Ніводзін з Разэнаў не палічыў патрэбным адказаць яму. – Слухайце, – разважліва сказаў ён, – тут няма ніякага канфлікту інтарэсаў; тэст Войта-Кампфа працуе, і для вас гэта так жа важна, як для мяне.

Стары Разэн сказаў:

– Яна не андроід.

– Я вам не веру, – адказаў Рык.

– Навошта яму ілгаць? – спытала Рэчайл з лютасцю ў голасе. – Калі б так было, мы б хавалі гэта ад вас па-іншаму.

– Я хачу, каб зрабілі аналіз вашага касцянога мозгу, – сказаў ёй Рык. – Па арганічнаму аналізу будзе канчаткова вызначана, андроід вы ці не; ён павольны і балючы, але…

– Па законе, – адказала Рэйчал, – вы не можаце прымусіць мяне зрабіць аналіз касцянога мозгу. Так было вырашана ў судах, гэта як самаабгавор. І ў любым выпадку, на жывой асобе – не на мерцвяку ці выключаным андроідзе – аналіз зойме шмат часу. Вы можаце карыстацца гэтым чортавым тэстам Войта-Кампфа з-за асаблівых распараджэнняў; аналізы трэба праводзіць доўгі час, а ўраду прыярытэтней шукаць ‘асаблівых’, таму вашыя паліцэйскія агенцтвы адкапалі тэст чортавых Войта і Кампфа. Толькі з адным, што вы сказалі, я згодная – тэставанне скончана.

Яна ўстала, абышла стол і стала, упёршы рукі ў бакі, спінаю да яго.

– Пытанне не ў тым, ці законна прымушаць праводзіць аналіз касцянога мозгу, – хрыпла сказаў Элдан Разэн. – А ў тым, што ваша шкала на вызначэнне спагады не спрацавала на пытаннях да маёй пляменніцы. Я магу патлумачыць, чаму тэст паказаў, што яна андроід. Рэйчал расла на борце Саландэра-3. Яна нарадзілася на ім; яна правяла 14 са сваіх 18 год, маючы веды пра Зямлю толькі з бібліятэкі запісаў і ад іншых дзевяці чальцоў экіпажа, якія ўсе былі дарослымі. Потым, як вы ведаеце, карабель павярнуў назад, калі прайшоў не больш за шостую частку шляху да Праксімы. Інакш Рэйчал ніколі б не ўбачыла Зямлю – прынамсі, да таго, як стала б зусім старой.

– Вы б выключылі мяне, – сказала Рэйчал праз плячо. – Падчас паліцэйскай аблавы мяне б забілі. Я гэта ведаю з таго часу, як прыляцела сюды чатыры гады таму; мне не ўпершыню праходзіць тэст Войта-Кампфа. Насамрэч я зрэдку пакідаю гэты будынак; рызыка занадта вялікая з-за ўсіх гэтых пастоў на дарогах, якія ўсталявала паліцыя, і раптоўныя лятаючыя праверкі, каб злавіць незарэгістраваных ‘асаблівых’.

– І андроідаў, — дадаў Элдан Разэн. – Хаця, канешне ж, людзям пра гэта не паведамляюць; ніхто не павінен ведаць, што андроіды знаходзяцца на Зямлі, сярод нас.

– Я не думаю, што яны сярод нас, – запярэчыў Рык. – Я думаю, што розныя паліцэйскія агенцтвы тут і ў Савецкім Саюзе знайшлі іх усіх. На Зямлі людзей засталося няшмат; рана ці позна кожны трапіць на выпадковую праверку.

Так, прынамсі, меркавалася.

– Якія ў вас былі інструкцыі наконт таго, – спытаў Элтан Разэн, – калі б вы памылкова вызначылі, што чалавек – андроід?

– Мне нельга выдаваць правілы свайго дэпартамента.

Ён пачаў складаць прылады для тэста ў партфель.

– Аднак скажу, і гэта відавочна, – ён дадаў, – што мне загадалі ў такім выпадку адразу спыніць далейшае тэставанне, што я зараз і раблю. Калі ёсць хаця б адна памылка, няма сэнсу працягваць.

Ён замкнуў партфель.

– Мы маглі б падмануць вас, – сказала Рэйчал. – Нішто б не замінала нам сказаць, што вы правільна правялі на мне тэст. І яшчэ на дзевяці асобах, якіх мы адабралі, – яна энергічна жэстыкулявала. – Усё, што нам трэба было б рабіць – казаць, што вашы вынікі слушныя, так ці інакш.

Рык адказаў:

– Я б дамогся, каб вы далі мне спіс загадзя. У запячатанай капэрце. І параўнаў бы са сваімі вынікамі.

Цяпер я не маю сумневаў, падумаў ён, што вынікі б не супалі. Браянт меў рацыю. Дзякуй богу, што я не пачаў паляванне, маючы толькі гэты тэст.

– Так, мяркую, вы б так і зрабілі, – сказаў Элдан Разэн. Ён зірнуў на Рэйчал, якая кіўнула. – Мы абмяркоўвалі такую магчымасць, – неахвотна дадаў Элдан.

– Гэта праблема, – сказаў Рык, – паўстала выключна з-за вашых дзеянняў, містар Разэн. Ніхто не прымушаў вашу арганізацыю ўдасканальваць вытворчасць андроідаў да ўзроўню, дзе…

– Мы вырабляем тое, што патрэбна каланістам, – запярэчыў Элдан Разэн. – Мы прытрымліваемся праверанага часам прынцыпу, на якім грунтуецца дзейнасць любога камерцыйнага прадпрыемства. Калі б не наша карпарацыя пачала вытворчасць гэтых больш прагрэсіўных, больш падобных на людзей мадэляў, пачалі б іншыя карпарацыі. Мы разумелі рызыку, калі стваралі мазгавы блок Нэксус-6. Але ваш тэст Войта-Кампфа быў няслушным і да таго, як мы выпусцілі новую мадэль андроіда. Рэч не ў тым, што вы б не здолелі вызначыць мадэль з Нэксус-6, а вырашылі б, што перад вамі – чалавек, – яго голас стаў жорсткім і пранізлівым. – Ваш дэпартамент паліцыі – як і іншыя – маглі выключыць, і вельмі верагодна, што выключалі сапраўдных людзей з недаразвітымі здольнасцямі да спагады, такіх, як мая невінаватая пляменніца. З маральнага пункту гледжання, вы стаіце на вельмі хісткай глебе, містар Дэкард. А мы – не.

– Іншымі словамі, – рэзка сказаў Рык, – мне не дадуць правесці тэст на ніводным Нэксус-6. Вы далі мне толькі гэту шызоідную дзяўчыну.

І мой тэст, усвядоміў ён, можна адправіць у сметніцу. Я не павінен быў даць мяне так проста падмануць. Аднак ужо запозна.

– У вас нічога не атрымалася, містар Дэкард, – дадала Рэйчал Разэн ціхім, разважлівым голасам; яна павярнулася да яго і ўсміхнулася.

Ён да канца не мог зразумець, нават цяпер, як карпарацыя Разэн так лёгка завабіла яго ў пастку. Яны прафесіяналы, падумаў ён. Такія гіганцкія карпарацыі, як гэта, валодаюць занадта вялікім досведам. Які ператвараецца ў нешта накшталт калектыўнага розуму, чыімі прадстаўнікамі з’яўляюцца Элдан і Рэйчал. Памылка палягала ва ўспрыманні іх як індывідаў. Наступным разам ён будзе больш уважлівым.

– Ваш начальнік, містар Браянт, – сказаў Элдан Разэн, – будзе губляцца ў здагадках, як мы вызначылі бескарыснасць вашых прылад яшчэ да таго, як тэставанне пачалося.

Ён падняў палец уверх, паказваючы на столь, і Рык убачыў лінзу камеры. Значная памылка, якія ён дапусціў у зносінах з сям’ёй Разэн, была запісаная.

– Думаю, адзінае, што нам застаецца, гэта сесці і… – Элдан добразычліва паляпаў па спінцы крэсла, – знайсці нейкае рашэнне, містар Дэкард. Не трэба хвалявацца. Андроід з Нэксус-6 – спраўджаная рэальнасць; мы тут, у карпарацыі Разэн, гэта прымаем, і, мяркую, вы цяпер таксама.

Рэйчал, апынуўшыся побач з Рыкам, спытала:

– Вы б хацелі, каб у вас была сава?

– Сумняюся, што ў мяне калі-небудзь будзе сава.

Але ён разумеў, што яна мела на ўвазе; да чаго вяла гульню, якую пачала карпарацыя. Супярэчнасці, якіх раней ён ніколі не заўважаў у сябе, віравалі ўнутры яго; яны паступова прасякалі кожную частку яго цела. Ён адчуваў іх, усведамляючы, што адбудзецца, калі яны цалкам захопяць яго.

– Але сава, – сказаў Элдан Разэн, – гэта тое, чаго вы хочаце, – ён запытальна зірнуў на сваю пляменніцу. – Не думаю, што ён разумее…

– Канешне ён разумее, – запярэчыла Рэйчал. – Ён дакладна ведае, да чаго ўсё ідзе. Так, містар Дэкард?

Цяпер яна стаяла яшчэ бліжэй да яго; ён адчуў далікатны водар парфумы і цеплыню, якая ішла ад яе.

– Амаль што, містар Дэкард. Амаль што ў вас ёсць сава, – яна павярнулася да Элдана Разэна. – Ён паляўнічы за галовамі, памятаеш? Сам працэс палявання цікавіць яго больш за ўзнагароду. Так, містар Дэкард?

Ён кіўнуў.

– Колькі андроідаў збегла гэтым разам? – пацікавілася Рэйчал.

Пасля кароткай паўзы ён адказаў:

– Восем. Двух ужо выключылі. Не я, іншы паляўнічы.

– І колькі вам плацяць за кожнага андроіда?- запытала Рэйчал.

Ён паціснуў плячыма і адказаў:

– Па-рознаму.

Рэйчал сказала:

– Калі ў вас няма тэста, якому можна давяраць, значыць, вы не здольны вызначыць андроіда. Калі вы не вызначыце андроіда, вы і ўзнагароду не атрымаеце. Таму, калі тэст Войта-Кампфа будзе прызнаны састарэлым…

– Новы тэст, – сказаў Рык, – заменіць яго. Такое ўжо было раней.

Тры разы, калі дакладна. Але новы тэст, з больш дакладнымі прыладамі, заўсёды з’яўляўся загадзя; без ніякіх прамежкаў часу паміж двума тэстамі. Гэтым разам усё інакш.

– Аднойчы, канешне, тэст Войта-Кампфа будзе прызнаны састарэлым, – пагадзілася Рэйчал. – Але не зараз. Мы пераканаліся, што ён можа вызначыць мэдэлі Нэксус-6 і мы б хацелі, каб вы працягвалі выкарыстоўваюць яго ў сваёй надзвычайна важнай працы.

Яна крыху пахіствалася назад і ўперад, пільна ўзіраючыся ў яго, пэўна, каб адгадаць думкі.

– Скажы яму, што ў яго будзе сава, – прабурчаў Элдан Разэн.

– Можаце забраць саву, – сказала Рэйчал, усё яшчэ гледзячы яму ў вочы. – Тую, што на даху. Скрэпі. Але мы б хацелі спарыць яе, калі ў нас будзе самец. І ўсё магчымае патомства будзе нашым; гэта не абмяркоўваецца.

Рык адказаў:

– Вывадак папалам.

– Не, – тут жа запярэчыла Рэйчал; Элдан Разэн хіснуў галавой, пагаджаючыся з ёй. – Тады б вы маглі аспрэчваць правы на ўвесь радавод соў да сканчэння часу. І ёсць яшчэ адна ўмова. Вы не можаце нікому перадаваць саву, нават у спадчыну. Пасля вашай смерці яна вяртаецца ў валоданне карпарацыі Разэн.

– Падобна, – сказаў Рык, – на нагоду неўзабаве забіць мяне. Каб вярнуць саву. Я на такое не пагаджуся; занадта небяспечна.

– Вы – паляўнічы за галовамі, – сказала Рэйчал. – І ведаеце, як абыходзіцца з лазернай трубкай, дарэчы, адна такая з вамі зараз. Калі вы не здольны абараніць сябе, як вы збіраецеся выключыць 6 пазасталых андраў з Нэксус-6? Яны нашмат разумнейшыя за састарэлых Ві-4, якіх вырабляе карпарацыя Гоцы.

– Але гэта я палюю на іх, – сказаў ён. – А ў выпадку з савой будуць паляваць на мяне.

І яму не падабалася думка, што яго будуць пераследаваць; ён бачыў, як гэта адбівалася на самаадчуванні андроідаў. Змены былі заўважныя, нават у іх.

Рэйчал сказала:

– Добра; мы на гэта пагодзімся. Можаце пакідаць саву ў спадчыну. Але мы настойваем, што вывадак будзе толькі нашым. Калі вы супраць гэтага, можаце вяртацца ў Сан Францыска і сказаць вашым начальнікам у дэпартаменце, што тэст Войта-Кампфа, прынамсі ў вашым выкананні, не можа адрозніць андроіда ад чалавека. І пачынайце шукаць іншую працу.

– Мне патрэбны час падумаць, – сказаў Рык.

– Думайце, – адказала Рэйчал. – Можаце пабыць тут, калі вам камфортна. Яна зірнула на свой гадзіннік.

– Паўгадзіны, – сказаў Элдан. Ён і Рэйчал моўчкі пайшлі да дзвярэй пакоя. Яны сказалі ўсё, што хацелі сказаць, зразумеў ён; рэшта залежала ад яго.

Калі Рэйчал пачала зачыняць дзверы за сабой і сваім дзядзькам, Рык выгукнуў:

– Вы выдатна мяне падлавілі. У вас ёсць запіс, дзе я памыліўся; вы ведаеце, што мая праца залежыць ад выкарыстання тэста Войта-Кампфа; і вы валодаеце чортавай савой.

– Вашай савой, даражэнькі, – сказала Рэйчал. – Вы што, забыліся? Мы прывяжам цыдулку з вашым дамашнім адрасам вакол лапы, і яно паляціць у Сан-Францска; яно сустрэне вас, калі вы вернецеся з працы.

Яно, прыйшла думка. Яна называе саву яно.

– Пачакайце, – сказаў ён.

Спыніўшыся ля дзвярэй, Рэйчал спытала:

– Ужо вырашылі?

– Я хачу, – сказаў ён, адчыняючы партфель, – задаць вам яшчэ адно пытанне з тэста Войта-Кампфа і паглядзець на шкалу. Калі ласка, сядайце.

Рэйчал зірнула на дзядзю; ён кіўнуў, і яна нехаця вярнулася, і села там, дзе сядзела раней.

– Навошта? – насцярожана спытала яна, яе брыво паднялося, выказваючы непрыязнасць – і насцярожанасць. Ён прафесійна зазначыў, што яна занадта напружылася.

Хутка ліхтар зноў свяціў ёй у вока, а ліпкі дыск зноў быў замацаваны на шчацэ. Рэйчал з ранейшай агідай на твары ўтаропілася ў крыніцу святла.

– Мой партфель, – сказаў Рык, корпаючыся ў нататках па тэсту Войта-Кампфа. – Прыгожы, праўда? Атрымаў яго на працы.

– Ну так, – адказала Рэйчал крыху безуважна.

– Дзіцячая скура, – сказаў Рык. Ён пагладзіў чорную скураную паверхню партфеля. – Стопрацэнтная арыгінальная дзіцячая скура, – ён убачыў, як стрэлкі падскочылі. Але не адразу. Рэакцыя ёсць, але запозненая. Ён ведаў, што нармальны перыяд да рэакцыі – мізэрная доля секунды, лічы, ніякай паўзы няма. – Дзякуй, міс Разэн, – сказаў ён, зноў збіраючы прылады; ён скончыў паўторнае тэставанне. – Гэта ўсё.

– Вы з’язджаеце? – спытала Рэйчал.

– Так, адказаў ён. – Я задаволены.

Рэйчал зацікаўлена спытала:

– А што наконт іншых дзевяці асоб?

– Тэст паказаў адпаведныя вынікі ў вашым выпадку, – адказаў ён. – З гэтага я раблю высновы, што ён па-ранейшаму дзейсны.

Затым звярнуўся да Элдана Разэна, які панура прыхіліўся да дзвярэй пакоя:

– Яна не ведае?

Часам яны не ведаюць; часам іх трэніруюць на няісных успамінах, дарма спадзеючыся, што палепшаць рэакцыі, і вынікі тэстаў будуць іншымі.

Элдан Разэн адказаў:

– Не. Так мы яе запраграмавалі. Але, думаю, у канцы тэста яна пачала падазраваць.

І звярнуўся да дзяўчыны:

– Ты здагадалася, калі ён папрасіў пра яшчэ адну спробу.

Збялелая, Рэйчал сцвярджальна кіўнула.

– Не бойся яго, – сказаў ёй Элдан Разэн. – Ты не збеглы на Зямлю нелегал-андроід; ты – уласнасць карпарацыі Разэн, прызначаная для дэманстрацыі патэнцыяльным каланістам, – ён падышоў да дзяўчыны і мякка паклаў руку ёй на плячо; ад яго дотыку дзяўчына ўздрыгнула.

– Ён мае рацыю, – сказаў Рык. – Я не збіраюся вас выключаць, міс Разэн. Добрага вам дня.

Ён пачаў рухацца да дзвярэй, затым на імгненне спыніўся, каб запытаць іх:

– Сава сапраўдная?

Рэйчал паспешліва кінула погляд на старэйшага Разэна.

– Ён усё роўна сыходзіць, – сказаў Элдан Разэн. – Таму не істотна; не, сава штучная. Соў не існуе.

– Хм, – прабурчэў Рык, і няўпэўнена пакрочыў у калідор. Абодва яны пазіралі, калі ён сыходзіў. Ніхто не казаў нічога. Не засталося нічога, каб сказаць. “Вось як праводзіць справы галоўны вытворца андроідаў”, – сказаў Рык самому сабе. Зманліва, ні з чым падобным ён раней не сутыкаўся. Незвычайны і цяжкі для зразумення новы тып асобы; не дзіўна, што праваахоўныя агенцтвы хваляваліся наконт Нэксус-6.

Нэксус-6. Рэйчал, падумаў ён; яна, хутчэй за ўсё, Нэксус-6. Упершыню я ўбачыў аднаго з такіх. Чорт, і ў іх амаль атрымалася; яны падышлі занадта блізка да таго, каб зрабіць бескарысным тэст Войта-Кампфа, адзіны сродак, які ў нас ёсць, каб выяўляць іх. Карпарацыя Разэн добра папрацавала – выдатная спроба, трэба прызнаць, абараніць свой прадукт.

“І мяне чакае сустрэча яшчэ з шасцю такімі, – ён уздыхнуў, – каб закрыць справу”.

Ён атрымае ўзнагароду. Кожны цэнт.

Калі здолее выжыць.

Prev
Next

Comments for chapter "5. ПЯЦЬ"

MANGA DISCUSSION

Пакінуць адказ Адмяніць адказ

You must Register or Login to post a comment.

Падказка: прачытаўшы, ацаніце твор зоркамі і падтрымайце аўтара ў каментары - яму будзе прыемна.
  • HOME
  • БЛОГІ
  • КАНТАКТ
  • ПРА НАС
  • ПРАВІЛЫ І ПАГАДНЕННІ (RODO)

(C) ComicsBY 2024

Sign in

Залагуйся праз Google
Continue with X

Lost your password?

← Back to comicsby.live

Sign Up

Register For This Site.

Залагуйся праз Google
Continue with X

Log in | Lost your password?

← Back to comicsby.live

Lost your password?

Please enter your username or email address. You will receive a link to create a new password via email.

← Back to comicsby.live