Ці мараць андроіды пра электрычных авечак? - 7. СЕМ
СЕМ
Вось яно як, думаў Джон Ізідор, сціскаючы змякчэлы кавалак маргарыну. Можа, яна перадумае, і дазволіць называць яе Прыс. І, верагодна – калі я знайду бляшанку даваеннай гародніны – наконт вячэры таксама.
Але, пэўна, яна проста не ўмее гатаваць, раптам прыйшла да яго думка. Добра, я сам магу; зраблю вячэру для нас абодвух. І пакажу ёй, як гатаваць, каб яна сама гэта рабіла, калі захоча. Яна дакладна захоча, бо я пакажу ёй, як; наколькі я ведаю, большасць жанчын, нават такія маладыя, як яна, любяць гатаваць: гэта іх першародны інстынкт.
Па прыступках у змроку ён вярнуўся ў сваю кватэру.
Яна сапраўды адарваная ад жыцця, думаў ён, апранаючы белую працоўную ўніформу; нават калі ён паспяшаецца, усё роўна спозніцца на працу, і містар Слоат будзе злы, дык што з таго? Напрыклад, яна ніколі не чула пра Бастара Сяброўскі. І гэта неверагодна; Бастар – самы знакаміты з існуючых людзей, акрамя, канешне ж, Уілбура Спагадчыка… але Спагадчык, ён быў упэўнены, не чалавек; відавочна, што ён – калектыўная зорная існасць, дасланая ў нашу культуру вышэйшай сілай з космасу. Прынамсі, так кажуць; ён чуў такое, напрыклад, ад містара Слоата. А Ганібал Слоат абы што казаць не будзе.
Дзіўна, што яна была непаслядоўнай нават ва ўласным імені, разважаў ён. Можа, ёй патрэбна дапамога. “Ці магу я ёй неяк дапамагчы?” – пытаўся ён у самога сябе. ‘Асаблівы’, тупагаловы; што я магу ведаць? Я не магу ажаніцца і не магу эміграваць, і пыл павольна забівае мяне. Мне няма чаго ёй прапанаваць.
Ён скончыў апранацца і быў гатовы ісці ў левае крыло будынка, каб падняцца на дах, дзе стаяў яго патрапаны хаверкар.
Гадзіну пасля, кіруючы грузавіком кампаніі, ён забраў першую няспраўную жывёлу. Электрычнага ката: яно ляжала ў пластыкавай, пылаадпорнай клетцы ззаду грузавіка і цяжка дыхала. Можна было амаль паверыць, што яно жывое.
Ізідор часам паглядаў на ката, калі ехаў назад у Шпіталь Гадаванцаў Ван Нэсса – маленькага прадпрыемства з дзіўнай назвай, якое ледзь выжывала ў бязлітасна канкурэнтнай галіне рамонту псеўдажывёл.
Пакутуючы, кот застагнаў.
“Нічога сабе”, – сказаў Ізідор услых. Гук такі, быццам яно насамрэч памірае. Можа, закараціла разлічаную на дзесяць год батарэйку, і пачалі адна за адной выгараць электронныя платы. Значныя пашкоджанні; Мілта Барагруў, рамонтніка Шпіталя Гадаванцаў Ван Нэсса, чакае шмат працы. І ён не назваў замоўцу прыкладны кошт, з сумам узгадаў Ізідор. Гэты хлопец проста сунуў мне ката, сказаў, што яно пачало часта падаць уначы, а потым, мяркую, ён паімчаўся на працу. У любым выпадку, раптоўны і хуткі абмен словамі паміж імі перарваўся; уласнік ката на сваім новым прыгожым хаверкары адной з апошніх мадэляў з ровам узняўся ў неба. Так гэты чалавек стаў іх новым кліентам.
Ізідор глянуў на ката і сказаў: “Будзеш трымацца, пакуль не даедзем да майстэрні?” Кот працягваў хрыпець. “Я падзараджу цябе па дарозе.” Ізідор прыняў рашэнне; ён спыніў грузавік на бліжэйшым вольным даху і, не выключаючы рухавік, прабраўся ў заднюю частку аўто і адчыніў пылаадпорную клетку-пераноску, якая, разам з белым касцюмам і імем на баку грузавіка, складала ўражанне, што гэта сапраўдны ветэрынар забірае сапраўдную жывёлу.
Электрычны механізм унутры шэрай, амаль не адрознай ад сапраўднай скуры булькатаў і пускаў бурбалкі, вочы-лінзы ашклянелі, металёвыя сківіцы сціснутыя. Яго заўсёды ўражвала, як з-за плат узнікала ‘хвароба’, калі галоўны кампанент псаваўся: увесь механізм падаваўся – не зламаным – а захварэлым, як у арганікі. Я б на такое павёўся, сказаў Ізідор самому сабе, калі спрабаваў намацаць у штучным футры жывата схаваную панэль кіравання (даволі малую ў гэтай мадэлі штучнай жывёлы) і ўключальнік рэжыму хуткай зарадкі батарэі. І не мог нічога знайсці. І доўга шукаць не мог; механізм амаль перастаў працаваць. Калі сапраўды адбылося кароткае замыканне, разважаў ён, і перагарэлі платы, тады, можа, трэба паспрабаваць адчапіць адзін з кабеляў; механізм выключыцца, і больш сабе не нашкодзіць. І тады ў майстэрні Мілт зноў яго запусціць.
Ён спрытна правёў пальцамі ўздоўж штучнага пазваночніка. Кабелі павінны быць тут. Чорт, якая па-майстэрску зробленая рэч; абсалютна дасканалая імітацыя. Кабелі не праступалі нават пры пільным пошуку. Пэўна, выраблена ва ‘Уілрайт і Карпентар’ – у іх высокія кошты, але якая дасканалая праца.
Ён здаўся. Штучны кот перастаў функцыянаваць, бо, відавочна, кароткае замыканне – калі гэта было яно – канчаткова сапсавала сілкаванне і прывадны механізм. Будзе дорага каштаваць, падумаў ён песімістычна. З іншага боку, уласнік не рабіў прафілактычную чыстку і змазку тры разы на год, што магло і стаць прычынай. Можа, гэта яго нечаму навучыць.
Ён пералез на сядзенне кіроўцы, паставіў стырно на ўздым, узняў аўто ў паветра і працягнуў шлях да майстэрні.
У любым выпадку, больш яму не трэба было слухаць нервуючае рыпенне істоты; можна было расслабіцца. “Смешна, – падумаў ён. – Хаця рацыянальна я разумеў, што гэта былі гукі штучнай жывёлы, калі ў яе гарэў прывадны механізм і сілкаванне, мой страўнік усё роўна сціскаўся. Хацеў бы я, – падумаў ён з болем, – каб у мяне была іншая праца. Калі б я не праваліў тэст IQ, мяне б не панізілі да гэтага зневажальнага занятку, які суправаджалі такія эмацыйныя пабочнымі эфекты. З іншага боку, сінтэтычныя пакуты штучных жывёл не цікавілі Мілта Барагрува і начальніка Ганібала Слоата.”
“Можа, гэта я такі, – сказаў самому сабе Джон Ізідор. – Можа, калі скочваешся назад па лесвіцы эвалюцыі – як здарылася са мной – калі знаходзішся на дне сусвету і цябе называюць ‘асаблівым’… не, лепей перастаць пра гэта думаць. Нішто не засмучала яго болей, чым моманты, калі ён бачыў супярэчнасць паміж сваімі цяперашнімі ментальнымі здольнасцямі з тымі, якія ў яго некалі былі. Штодзень ён станавіўся менш кемлівым і бадзёрым. Ён і тысячы іншых ‘асаблівых’ на Зямлі, усе, хто рухаецца да таго, каб стаць купай попелу. Жывымі смеццюкамі.”
Каб не адчуваць сябе самотным, ён уключыў радыё, на якім ішло аўдыёшоу Бастара Сяброўскі, якое, як і версія на тэлебачанні, цягнулася без перапынку 23 гадзіны на дзень… гадзіна была адведзена для рэлігійнага завяршэння, дзесяці хвілін цішыні, а затым рэлігійнага пачатку.
“Рады, што вы зноў з намі, – казаў Бастар Сяброўскі. – Давай узгадаем, Аманда; прайшло два дні з таго часу, як мы заходзілі да цябе. Ты ўжо пачала працу над новымі фільмамі, дарагая?”
“Ну, я хотела начать сьёмкі ўчора, але, холера, воны хотелі, шчоб я прыйшла ў сем…”
“У сем ранкам?” – перабіў Бастар Сяброўскі.
“Ну, у сем ранку!” – Аманда Вернэр засмяялася сваім знакамітым смехам, амаль такім жа штучным, як смех Бастара. Аманда Вернэр і некалькі іншых прыгожых, элегантных жынчын з вялікімі грудзьмі, з нявызначаных краін, плюс некалькі так званых сельскіх гумарыстаў складалі пастаяннае ядро падобных адно на адно шоў Бастара. Такія людзі, як Аманда Вернэр, ніколі не здымаліся ў кіно, ніколі не гралі ў п’есах; яны жылі сваё дзіўнае, бесклапотнае жыццё як госці бясконцага шоу Бастара, у якім удзельнічалі, як некалі падлічыў Ізідор, не менш за семдзесят гадзін на тыдзень.
Як Бастар знаходзіў час на тое, каб рабіць і аўдыё, і відэашоу? Дзівіўся Ізідор. І як Аманда знаходзіла час, каб быць госцем праз дзень, месяц за месяцам, год за годам? Як яны не стамляліся размаўляць? Яны ніколі не паўтараліся – ён такога ніводнага разу не заўважыў. Іх каментары – заўсёды дасціпныя, заўсёды новыя – не былі прыдуманымі загадзя. Валасы Аманды блішчалі, вочы ззялі, зубы адбівалі святло; яна ніколі не выходзіла са студыі, ніколі не стамлялася, ніколі не была збянтэжана, каб адказаць на раптоўныя жартачкі і заўвагі Бастара. Шоу Бастара Сяброўскі, трансляцыя якога вялася праз спадарожнік па ўсёй Зямлі, таксама даходзіла і да эмігрантаў на каланізаваных планетах. Былі спробы пашырыць сігнал да Праксімы на выпадак, калі каланізацыя зойдзе настолькі далёка. Калі Саландэр-3 дасягне свайго пункту прызначэння, вандроўнікі знойдуць шоу Бастара Сяброўскі і там. І будуць гэтаму радыя.
Але было ў Бастары Сяброўскі нешта, што раздражняла Джона Ізідора, менавіта адна канкрэтная рэч. Хітра, ледзь заўважна, Бастар кпіў са скрынь спагаднасці. Ад часу да часу, шмат разоў. І, дарэчы, рабіў гэта менавіта зараз.
“…няхай толькі паспрабуюць што шпурнуць у мой бок, – балбатаў Бастар, звяртаючыся да Аманды Вернэр. – Калі і падымацца на гару, то толькі з півам Будвайзар!”
Прысутныя ў студыі смяяліся, і Ізідор пачуў рэдкія воплескі апладысментаў. “І вы атрымаеце ад мяне паведамленне там, наверсе – дакладна праз дзесяць гадзін!”
“І для мане, любімы! – захоплена казала Аманда. – Возьмі мане з собой! Я пойду коло тебе, і колі воны ў нас кінуть камне, я тебэ обороню!”
Зноў удзельнікі перадачы выбухнулі смехам. Джон Ізідор збянтэжыўся і адчуў, як бездапаможны гнеў падымаецца ззаду яго шыі. Чаму Бастар Сяброўскі заўсёды кпіць са спагадызму? Ніхто больш, падавалася, не адчуваў нічога дрэннага да вучэння, якое ўхваляла нават ААН. Амерыканская і савецкая паліцыі афіцыйна сцвярджалі, што спагадызм знізіў узровень злачыннасці, бо людзі сталі больш прыязна ставіцца да сваіх суседзяў. Чалавецтву патрэбна больш спагады, некалькі разоў звяртаў увагу ў прамовах Тытус Корнінг, генеральны сакратар ААН. Можа, Бастар раўнуе, дапускаў Ізідор. Менавіта, гэта ўсё тлумачыць; ён і Уілбур Ізідор – сапернікі. Але за што яны сапернічаюць?
За нашы розумы, вырашыў Ізідор. Яны змагаюцца за кантроль над нашай свядомасцю; скрыня спагаднасці з аднаго боку, з другога — жарты і кпіны Бастара. Распавяду гэтую думку Ганібалу Слоату, вырашыў ён. Спытаюся, ці слушна я думаю; ён-та ведае дакладна.
Ён запаркаваў свой грузавік на даху Шпіталя Гадаванцаў Ван Нэсса і хутка панёс пластыкавую клетку са штучным катом уніз, у офіс Ганібала Слоата. Калі ён увайшоў, містар Слоат зірнуў з-над паперкі са спісам запасных частак, і яго шэры, рыхлы твар быў падобны на ўсхваляваную ваду. Занадта стары, каб эміграваць, Ганібал Слоат, хаця і не з’яўляўся ‘асаблівым’, быў прырэчаны правесці пазасталую частку жыцця на Зямлі. Пыл гадамі знішчаў яго; яго скура зрабілася шэрай, і думкі шэрымі; пыл сагнуў яго постаць, зрабіў ногі тонкімі, а крокі — няўстойлівымі. Ён бачыў свет праз акуляры, літаральна пакрытыя пылам. Па нейкай прычыне Слоат ніколі іх не чысціў. Такім чынам ён быццам здаўся; доўгі час таму змірыўся з пылам, і той пачаў сваю справу – знішчаць яго. Ужо зрабіў цьмяным зрок. І праз некалькі год сапсуе іншыя органы пачуццяў, пакуль не застанецца толькі вісклівы, падобны на птушыны крык – голас застанецца, а потым знікне і ён.
– Што ў цябе? – спытаўся містар Слоат.
– Кот з кароткім замыканнем у ланцугу сілкавання.
Ізідор паставіў клетку на завалены дакументамі стол начальніка.
– Навошта мне на яго глядзець? – сказаў Слоат. – Нясі ў майстэрню, да Мілта.
Слоат, аднак, рэфлектарна адчыніў клетку і выцягнуў жывёлу вонкі. Некалі ён быў рамонтнікам. Вельмі добрым.
Ізідор сказаў:
– Я думаю, Бастар Сяброўкі і Спагадчык змагаюцца за кантроль над нашай свядомасцю.
– Калі і так, – сказаў Слоат, вывучаючы ката, – Бастар перамагае.
– Ён перамагае зараз, – сказаў Ізідор. – Але ў выніку прайграе.
Слоат падняў галаву і ўтаропіўся ў яго:
– Чаму?
– Таму што Уілбур Спагадчык заўжды аднаўляецца. Ён вечны. На вяршыні пагорка ён падае; ён спускаецца на той свет, але потым непазбежна падымаецца. І мы разам з ім. Таму мы таксама вечныя, – ён пачуваўся добра, калі размаўляў так складна; звычайна побач з містарам Слоатам ён запінаўся.
Слоат адказаў:
– Бастар бессмяротны, як Спагадчык. Ніякай розніцы.
– Няўжо? Ён чалавек.
– Не ведаю, – сказаў Слоат. – Але гэта праўда. Яны ніколі, канешне, гэта не прызнавалі.
– Гэта таму Бастар Сяброўскі можа рабіць шоу сорак шэсць гадзін штодня?
– Так, – сказаў Слоат.
– Што наконт Аманды Вернэр і іншых жанчын у студыі?
– Яны таксама бессмяротныя.
– Яны – вышэйшае жыццё з іншага сусвету?
– Мне ніколі не ўдавалася вызначыць дакладна, – сказаў містар Слоат, усё яшчэ вывучаючы ката. Ён зняў забітыя пылам акуляры і ўзіраўся ў прыадкрыты рот, – як у выпадку з Уілбурам Спагадчыкам, у якім я ўпэўнены, – скончыў ён амаль нячутна. Ён вылаяўся, а затым вымаўляў праклёны, што, здалося Ізідору, доўжылася цэлую хвіліну. – Кот, – нарэшце сказаў Слоат, – не штучны. Я ведаў, што аднойчы такое здарыцца. І ён мёртвы, – ён глянуў на цела ката. І зноў вылаяўся.
У брудным сінім парусінавым фартуху, вялікі і з шурпатай скурай, у дзвярах з’явіўся Мілт Барагруў і спытаў:
– Што здарылася?
Убачыўшы ката, ён зайшоў у кабінет і падняў жывёлу.
– Яго прынёс, – сказаў Слоат, – тупагаловы.
Ніколі раней ён не ўжываў гэтага слова ў прысутнасці Ізідора.
– Калі б ён яшчэ быў жывы, – сказаў Мілт, – можна было б адвезці яго да сапраўднага ветэрынара. Цікава, колькі такі каштуе. Ёсць у каго сіднэйскі каталог?
– А н-н-наша с-с-с-страхоўка н-н-не п-п-пакрые гэта? – спытаў Ізідор містара Слоата. Ногі трэсліся, а пакой, яму падавалася, пачаў станавіцца цёмна-бардовым з зеленаватымі крапінкамі.
– Так, – сказаў нарэшце Слоат, амаль рыкаючы. – Але грошы – не тое, чаго мне зараз шкада. Мы згубілі яшчэ адно жывое стварэнне. Ты што, не бачыў, Ізідор? Не заўважыў розніцы?
– Я думаў, – здолеў сказаць Ізідор, – што гэта была выдатная праца. Такая выдатная, што я падмануўся; Я хачу сказаць, што яно падавалася жывым, і праца такая выдатная…
– Не думаю, што Ізідор мог заўважыць розніцу, – мякка сказаў Мілт. – Для яго яны ўсе жывыя, уключна са штучнымі жывёламі. Я думаю, ён спрабаваў выратаваць яго.
І звярнуўся да Ізідора:
– Што ты намагаўся зрабіць? Падсілкаваць батарэю? Ці знайсці, дзе адбылося замыканне?
– Т-так, – прызнаўся Ізідор.
– Магчыма, усё зайшло настолькі далёка, што яму было ўжо не дапамагчы, – сказаў Мілт. – Пакінь тупагаловага ў спакоі, Ган. Ён мае рацыю; падробкі становяцца амаль неадрознымі ад жывых, асабліва з гэтымі платамі хвароб, якія ставяць у новыя мадэлі. І сапраўдныя жывёлы гінуць; гэта адна з рызык, на якую ідзеш, калі імі валодаеш. Мы не прызвычаіліся да гэтага, бо ўсё, што мы бачым – падробкі.
– Чортава смецце, – сказаў Слоат.
– Згодна са Спа-па-пагадчыкам, – адзначыў Ізідор, – усё жыццё вяртаецца. Кола за-за-за-вяршаецца і па-па-чынаецца для жы-жы-вёлаў та-такжа. Я маю на ўвазе, мы ўсе ўзыходзім разам з ім, і паміраем…
– Перадай гэта таму, чый быў кот, – сказаў містар Слоат.
Не ўпэўнены, ці начальнік сапраўды загадвае так зрабіць, Ізідор сказаў:
– Вы маеце на ўвазе, я павінен? Але відэазванкамі заўсёды займаліся вы.
Ён заўсёды баяўся відэазванкоў і лічыў званок, асабліва незнаёмцу, нечым для сябе немагчымым. Містар Слоат, канешне ж, гэта ведаў.
– Не прымушай яго, – сказаў Мілт. – Я пазваню.
Ён падышоў да слухаўкі.
– Які нумар?
– Быў у мяне недзе тут, – адказаў Ізідор і пачаў мацаць кішэні свайго працоўнага халата.
Слоат сказаў:
– Я хачу, каб званіў тупагаловы.
– Я н-н-н-не магу званіць праз відэафон, – пратэставаў Ізідор. Яго сэрца калацілася. – Таму што я валасаты, непрыгожы, брудны, гарбаты, у мяне крывыя зубы і шэрая скура. І я хворы ад радыяцыі; я думаю, што хутка памру.
Мілт усміхнуўся і сказаў Слоату:
– Думаю, калі б я пачуваўся так жа, я б таксама нікому не званіў па відэафоне. Хутчэй, Ізідор; калі ты не дасі мне нумар уласніка, я не патэлефаную, і тады прыйдзецца табе, – ён прыязна працягнуў руку.
– Гэта зробіць тупагаловы, – сказаў Слоат. – Ці ён звольнены.
Ён не глядзеў ні на Ізідора, ні на Мілта; ён утаропіўся выключна ў паветра перад сабой.
– Ды ладна табе, – запратэставаў Мілт.
Ізідор сказаў:
– Я н-н-н-не люблю, калі мяне за-за-за-вуць тупагаловы. Я хачу сказаць. Пы-пы-пыл і вам на-на-нашкодзіў. Можа, не-не-не вашаму мозгу, як мне.
“Я звольнены, – зразумеў ён. – Я не здолею патэлефанаваць.”
І тут ён згадаў, што ўласнік ката паляцеў на працу. Таму дома нікога не будзе.
– Я ду-ду-думаю, што магу пазваніць, – сказаў ён, нарэшце дастаючы цыдулку з нумарам на ёй.
– Бачыш? – звярнуўся Слоат да Мілта. – Ён можа, калі павінен.
Ізідор сеў перад відэафонам, узяў у руку слухаўку і пачаў злучэнне.
– Ага, – сказаў Мілт, – але ў гэтым не было неабходнасці. І ён мае рацыю: пыл уздзейнічае і на цябе – ты амаль што сляпы, і праз некалькі год не будзеш нічога чуць.
Слоат сказаў:
– Як і на цябе, Барагруў. Твая скура колеру сабачага гною.
На экране відэатэлефона з’явіўся дагледжаны і прыгожы твар жанчыны, падобна, з Цэнтральнай Еўропы. Яе валасы былі сабраныя ў пучок.
– Слухаю, – сказала яна.
– Мі-мі-місіс Пілсан? – сказаў Ізідор, прасякнуты жахам; ён не падумаў, што, звычайна, ва ўласніка магла быць жонка, якая, канешне ж, была дома. – Я хачу пагутарыць з вамі наконт вашга ка-ка-ка… – ён спыніўся і нервовымі рухамі пачаў гладзіць падбароддзе. – Вашага ката.
– Ага, так. Гэта ж вы забіралі Гарацыя, – сказала місіс Пілсан. – Ён захварэў на пнеўманію? Так думаў містар Пілсан.
Ізідор сказаў:
– Ваш кот памёр.
– Святы Езу.
– Мы заменім яго, – сказаў ён, – па страхоўцы.
Ён зірнуў на містара Слоата; той, здаецца, згаджаўся.
– Ачольнік нашай фірмы, містар Ганібал Слоат… – ён збіўся. – Асабіста…
– Не, – сказаў Слоат. – Мы вышлем чэк. Кошт па каталогу Сіднэя.
– Мы асабіста прывязём вам ката на замену, – нечакана для сябе вымавіў Ізідор. Ён вёў размову, якой не мог спачатку трываць, а цяпер не быў здольны спыніць. Сказы складаліся ў ланцуг, якога ён не мог пакінуць, пакуль усё само не дойдзе да лагічнага канца. Містар Слоат і Мілт Барагруў утаропіліся ў яго, пакуль ён працягваў балбатаць. – Дайце нам апісанне ката, якога вы жадаеце. Колер, пол, парода – мэнкс, персідскі, абісінскі…
– Гарацый памёр, – перарвала місіс Пілсан.
– У яго была пнеўманія, – сказаў Ізідор. – Ён памёр па дарозе ў шпіталь. Наш галоўны доктар, доктар Ганібал Слоат, зрабіў заключэнне, што на гэтым этапе ўжо немагчыма было што-небудзь зрабіць, каб выратаваць яго. Але хіба гэта не ўдача, місіс Пілсан, што мы можам замяніць яго. Што думаеце?
Місіс Пілсан, са слязамі ў вачах, сказала:
– Ніхто не заменіць Гарацыя. Ён любіў – калі быў кацянём – стаяць і глядзець так, быццам хоча ў нас нешта спытаць. Мы так і не зразумелі, што. Можа, нарэшце ён знайшоў адказ, – зноў паліліся слёзы. – Як і ўсе мы аднойчы.
Да Ізідора прыйшло натхненне:
– Што наконт дакладнай электрычнай копіі вашага ката? Мы можам замовіць выдатную мадэль ручной зборкі ва Уілрайт і Карпентар, у якой кожная рыса былой жывёлы будзе дакладна паўторана ў сталым…
– Гэта непрымальна! – запратэставала місіс Пілсан. – Што вы такое кажаце? Нават не думайце размаўляць пра гэта з маім мужам; нават не намякайце, бо Эд ашалее. Ён любіў Гарацыя болей за любога ката, які ў яго калі-небудзь быў, а каты ў яго былі з дзяцінства.
Мілт забраў у Ізідора відэафон і сказаў жанчыне:
– Мы можам даслаць вам чэк з сумай згодна з сіднэйскім каталогам, а можам, як прапанаваў містар Ізідор, замовіць для вас новага ката. Мы вельмі вам спачуваем, што ваш кот памёр, але, як ужо зазначыў містар Ізідор, у ката была пнеўманія, што ў амаль ва ўсіх выпадках фатальна, – яго голас гучаў упэўнена; з іх траіх у Шпіталі Гадаванцаў Ван Нэсса Мілт лепей за ўсіх давай рады камерцыйным размовам па тэлефоне.
– Я не магу прапанаваць гэта мужу, – сказала місіс Пілсан.
– Разумею, мэм, – сказаў Мілт, і скрывіўся. – Мы самі яму патэлефануем. Вы не маглі б даць яго працоўны нумар? – ён пачаў шукаць асадку і паперу; містар Слоат перадаў іх яму.
– Паслухайце, – сказала місіс Пілсан; яна быццам на нешта вырашалася. – Можа, другі джэнтльмен мае рацыю. Можа, мне трэба пагадзіцца на замену Гарацыя электрычнай жывёлай і так, каб Эд пра гэта не ведаў; ці будзе рэпліка настолькі дакладнай, што мой муж не заўважыць розніцу?
З сумневам, Мілт сказаў:
– Калі гэта тое, чаго вы хочаце. Але згодна з нашым досведам, уласнік жывёлы ніколі не можа быць падмануты. Гэта дзейнічае толькі на выпадковых назіральнікаў, такіх, як суседзі. Разумееце, як толькі вы пабудзеце сапраўды доўга побач са штучнай жывёлай…
– Эд ніколі не быў фізічна блізка да Гарацыя, хаця і любіў яго; я – адзіная, хто клапаціўся пра ўсе патрэбнасці Гарацыя, такія, як, напрыклад, латок. Думаю, я паспрабую з электрычнай жывёлай, а калі не спрацуе, знайду сапраўднага ката, каб замяніць Гарацыя. Я проста не хачу, каб мой муж ведаў; не думаю, што ён бы звыкся з гэтым. Таму ён і ніколі не быў блізкі з Гарацыем; ён занадта баяўся. І калі Гарацый захварэў – пнеўманіяй, як вы мне сказалі – Эда ахапіла паніка і ён проста не хацеў прызнаваць, што кот хворы. Таму ён і патэлефанаваў вам так позна. Занадта позна… А я ведала яшчэ да таго, як вас пачула. Ведала, – яна кіўнула, цяпер кантралюючы сябе і свае слёзы. – Колькі часу ўсё зойме?
Мілт на імгненне задумаўся і сказаў:
– Кот будзе гатовы цягам дзесяці дзён. Мы даставім яго ўдзень, калі ваш муж на працы.
Потым развітаўся і павесіў слухаўку.
– Ён здагадаецца, – сказаў Мілт містару Слоату. – За пяць секунд. Але мы дадзім ёй тое, чаго яна хоча.
– Уласнікі, якія занадта любяць сваіх жывёл, – сказаў Слоат змрочна, – потым разрываюцца на часткі. Я вельмі рады, што мы не працуем з сапраўднымі жывёламі. Можаце ўявіць, што ветэрынары вымушаныя рабіць такія званкі ўвесь час? – ён уважліва паглядзеў на Джона Ізідора. – У некаторых рэчах ты не такі ўжо і дурны, Ізідор. Ты даў рады гэтаму надзіва нядрэнна. Нават з улікам таго, што давялося ўмяшацца Мілту.
– Ён малайчына, – сказаў Мілт. – Божа, гэта было цяжка, – ён падняў мёртвага Гарацыя. – Аднясу яго ўніз, у майстэрню; Ган, патэлефануй Уілрайту і Карпентару, і няхай іх канструктар прыедзе да нас і зробіць абмеры і здымкі. Я не дазволю забраць цела; хачу потым сам параўнаць з рэплікай.
– Думаю прызначыць Ізідора адказным за размовы з імі, – вырашыў містар Слоат. – Ён гэта пачаў; ён павінен весці справу з Уілрайтам і Карпентарам пасля таго, як размаўляў з місіс Пілсан.
Мілт сказаў Ізідору:
– Не дазваляй ім забраць арыгінал, – ён падняў Гарацыя. – Яны будуць настойваць, бо гэта зробіць іх працу значна лягчэйшай. Будзь цвёрдым.
– Ага, – сказаў Ізідор, міргаючы. – Добра. Можа, трэба ім пазваніць зараз, калі цела яшчэ не пачало разлагацца. Хіба мёртвыя целы не разлагаюцца ці штосьці падобнае?
Ён пачуваўся ўсцешаным.