Ці мараць андроіды пра электрычных авечак? - 14. ЧАТЫРНАЦЦАЦЬ
ЧАТЫРНАЦЦАЦЬ
– Тут бяспечна гаварыць? – спытаў Рой, калі заўважыў Ізідора.
Прыс, дрыжучы ад шчасця, адказала:
– У пэўнай ступені, – потым звярнулася да Ізідора. – Прабач нас, – яна адвяла ў бок Роя і Ірму і нешта шаптала ім; калі яны вярнуліся, Джон пачуваўся няўтульна. – Гэта містар Ізідор, – сказала Прыс. – Ён клапоціцца пра мяне, – у яе словах прагучала нешта падобнае на з’едлівую насмешку; Ізідор міргнуў, разгублены. – Бачыце? Ён прынёс натуральную ежу.
– Ежа, – рэхам адазвалася Ірма Бэці і лёгкімі крокамі прайшла на кухню паглядзець. – Персікі, – сказала яна і адразу падняла міску і лыжку; усміхаючыся Ізідору, яна ела хуткімі, дробнымі, падобнымі на жывёльныя, укусамі. Яе ўсмешка, не такая як усмешка Прыс, агортвала цеплынёй; у ёй не было схаваных падтэкстаў.
Ідучы за ёй – ён пачуваўся зачараваным – Ізідор сказаў:
– Вы з Марса.
– Ты, мы не вытрымалі, – яе голас дрыжаў, а блакітныя вочы з птушынай праніклівасцю заззялі, калі яна зірнула на яго. – У якім жудасным будынку ты жывеш. Тут болей ніхто не жыве, так? Мы не бачылі іншых агнёў.
– Я жыву наверсе, – паведаміў Ізідор.
– О, а я падумала, што вы з Прыс жывяце разам, – Ірма Бэці не казала гэта незадаволена ці з кпінамі; яна сапраўды так думала.
Сумна – але з ранейшай усмешкай на твары – Рой Бэці сказаў:
– Яны ўзялі Полакава.
Радасць, якая раней з’явілася на твары Прыс, калі яна ўбачыла сяброў, імгненна знікла.
– Каго яшчэ?
– Гарланда, – сказаў Рой Бэці. – Андэрса і Гітчала, і зусім нядаўна – сёння – Любу, – ён дзяліўся навінамі так, быццам пераказваць такое дастаўляла яму вычварную радасць. Нібыта ён атрымліваў асалоду ад шоку Прыс. – Я не думаў, што яны дабяруцца да Любы; памятаеце, я гэта казаў, калі мы ляцелі?
– Тады застаецца… – сказала Прыс.
– Нас трое, – адказала Ірма з трывожнай паспешлівасцю.
– Вось таму мы тут, – у голасе Роя Бэці была новая, нечаканая цеплыня; чым горшай была сітуацыя, тым болей ён ёй насалоджваўся. Ізідор ніяк не мог гэтага спасцігнуць.
– Езу, – сказала Прыс, ашаломленая.
– У іх ёсць гэты следчы, паляўнічы за галовамі, – сказала Ірма з хваляваннем. – Дэйв Холдэн, – яе вусны нібы плюнулі атрутай, калі яна згадала імя. – І Полакаў амаль з ім разабраўся.
– Амаль, – рэхам адазваўся Рой з неабсяжнай усмешкай.
– Ён у шпіталі, гэты Холдэн, – працягнула Ірма. – І канешне ж яны перадалі спіс іншаму паляўнічаму за галовамі. Той выключыў Полакава. А пасля прыйшоў за Любай; мы ведаем пра гэта, бо яна здолела звязацца з Гарландам, і ён прыслаў некага, каб паляўнічага за галовамі схапілі і адвезлі ў будынак на вуліцы Місіі. Люба патэлефанавала нам, калі агент Гарланда затрымаў яго. Яна была ўпэўненая, што ўсё скончыцца добра; што Гарланд разбярэцца з ім, – і дадала. – Але, відавочна, нешта пайшло не так. Мы не ведаем, што. І, можа, не даведаемся ніколі.
Прыс спытала:
– У гэтага паляўнічага за галовамі ёсць нашыя імёны?
– Так, мілая, думаю, ёсць, – сказала Ірма. – Але ён не ведае, дзе мы. Мы з Роем не вернемся ў нашу кватэру; у аўто ў нас столькі рэчаў, колькі мы здолелі забраць; мы вырашылі, што будзем жыць у адной з закінутых кватэр гэтага вартага жалю старога будынка.
– А гэта разумна? – загаварыў Ізідор пасля таго, як сабраў у кулак усю сваю мужнасць. – Б-б-б-быць усім у адным месцы?
– Яны схапілі ўсіх астатніх, сказала Ірма, канстатуючы факт; яна таксама, як яе муж, падавалася дзіўна абыякавай, нягледзячы на ранейшую ўзбуджанасць. Усе яны, падумаў Ізідор, дзіўныя. Ён адчуваў гэта, хаця і не мог зразумець, чым. Нібыта іх думкі падпарадкоўваліся нейкай злавеснай і невытлумачальнай абстрактнасці. Акрамя, магчыма, Прыс; яна была ўсяго толькі моцна напужаная. Прыс падавалася амаль зразумелай, амаль звычайнай. Але…
– Чаму ты не пераедзеш да яго? – спытаў Рой Прыс, паказваючы на Ізідора. – Ён бы клапаціўся пра цябе, наколькі б мог.
– Тупагаловы? – сказала Прыс. – Я не буду жыць з тупагаловым, – яна фыркнула.
Ірма паспешліва сказала:
– Ты выглядаеш недарэчна са сваёй фанабэрыстасцю ў нашай сітуацыі. Паляўнічыя за галовамі рухаюцца хутка; ён можа паспрабаваць усё скончыць ужо гэтым вечарам. Можа, атрымае за гэта бонус…
– Божа, да закройце вы дзверы, – сказаў Рой, падышоў да дзвярэй і ўдарыў так, што яны зачыніліся, а потым зашчоўкнуў замок. – Я думаю, табе трэба жыць разам з Ізідорам, Прыс, і, думаю, Ірма і я павінны жыць тут, у адным будынку; так мы зможам дапамагчы адзін аднаму. У мяне ў аўто ляжыць электроніка, хлам, які я выцягнуў з карабля. Я ўсталюю двухбаковую сувязь, так, што Прыс зможа чуць нас і мы зможам чуць яе, і пастаўлю сігналізацыю, якую толькі нехта з нас чацвярых зможа адключыць. Відавочна, што штучныя ідэнтычнасці не спрацавалі, нават у Гарланда. Канешне, Гарланд сам падставіўся, калі прывёў паляўнічага за галовамі ў будынак на вуліцы Місіі – прыкрая памылка. І Полакаў замест таго, каб быць як мага далей ад паляўнічага, вырашыў пагуляць з ім. Мы такога не зробім; мы застанемся тут, – ён не падаваўся занепакоеным, хаця б крыху; абставіны, здавалася, надавалі яму маніякальную энергію. – Я думаю… – ён з шумам уцягнуў паветра, каб увага ўсіх, уключна з Ізідорам, засяродзілася на ім. – Я думаю, ёсць прычына, па якой мы трое яшчэ жывыя. Я думаю, калі ў яго была хаця б якая зачэпка, дзе мы, ён бы ўжо быў тут. Галоўны сэнс палявання за галовамі – дзейнічаць хутка, нібы бяжыш праз пекла. Тады атрымаеш узнагароду.
– А калі ён будзе чакаць, – сказала, пагаджаючыся, Ірма, – мы знікнем, як раней. Стаўлю на тое, што Рой мае рацыю; што ў паляўнічага нашы імёны, але не месцы. Бедная Люба; засталася ў сваім оперным тэатры, на вачах ва ўсіх. Нічога дзіўнага, што яе знайшлі.
– Ну, – суха сказаў Рой. – Яна так хацела; верыла, што, калі стане знакамітай, гэта яе абароніць.
– Ты яе адгаворваў, – сказала Ірма.
– Так, – пагадзіўся Рой. – Я казаў ёй, і я казаў Полакаву не ўдаваць сябе за супрацоўніка СПА. І я казаў Гарланду, што адзін з яго паляўнічых за галовамі яго ж і выкрые, што было вельмі верагодна, і прадказальна, і, думаю, менавіта гэта і здарылася, – ён калыхаўся ўзад і ўперад на сваіх масіўных абцасах з глыбакадумным выразам твару.
Ізідор загаварыў:
– Я-я-я т-т-так разумею, што містар Бэці ваш са-са-сапраўдны лідар.
– Так, Рой – лідар, – сказала Ірма.
Прыс дадала:
– Ён прыдумаў нашу вандроўку з Марса сюды.
– Таму, – працягнуў Ізідор., – лепей рабіць тое, што ён пра-пра-пра-пануе, – у яго голасе адначасова адчуваліся надзея і няёмкасць. – Я думаю, было бы цу-цу-цудоўна, Прыс, калі б ты жы-жы-жыла са мной. Я б застаўся дома на некалькі дзён і не хадзіў на працу – у мяне хутка водпуск. Каб быць пэўным, што з табой усё добра.
І можа, быць, Мілт, які быў вельмі вынаходлівым, здолеў бы прыдумаць для яго якую зброю. Нешта арыгінальнае, што магло б знішчыць гэтых паляўнічых за галовамі… кім бы яны ні былі. У яго розуме ўзнік цьмяны, змрочны вобраз; нешта бязлітаснае, з аркушам паперы і пісталетам, якое механічна рухаецца па кватэры, бюракратычная машына для забойстваў. Нешта без эмоцый і нават без твару; нешта, замест чаго, калі яно забітае, паўстае іншае такое ж. І так далей, пакуль усё сапраўднае і жывое не будзе знішчана.
Неверагодна, падумаў ён, што паліцыя не можа нічога зрабіць. Не магу ў гэта паверыць. Гэтая людзі, пэўна, здзейснілі нейкае злачынства. Можа, нелегальна вярнуліся на Зямлю з эміграцыі. Нас прасілі – па тэлевізары – паведамляць пра кожны касмічны карабель, які прызямляецца па-за дазволеных зон. Паліцыя павінна сачыць за гэтым. Але, калі так і ёсць, ніхто больш нікога не забівае вось гэтак наўмысна. Гэта супярэчыць спагадызму.
– А я падабаюся, – сказала Прыс, – тупагаловаму.
– Не называй яго так, Прыс, – сказала Ірма; яна зірнула на Ізідора са спачуваннем. – Падумай, як бы ён мог называць цябе.
Прыс нічога не адказала. Яна аб нечым задумалася.
– Пайду ўсталёўваць сувязь, – сказаў Рой. – Ірма і я застаемся ў гэтай кватэры; Прыс, ты ідзеш разам з містарам Ізідорам, – ён пачаў рухацца да дзвярэй з нечаканай для чалавека такой камплекцыі хуткасцю. Праз імгненне ён быў ля парога, і дзверы з грукатам адскочылі. У Ізідора на секунду з’явілася дзіўная галюцынацыя: ён убачыў металёвы корпус, поўны блокаў, плат, батарэй, шасцерняў, механізмаў і прылад… Але затым нядбайная постаць Роя Бэці зноў стала выразнай. Ізідор адчуў, як унутры яго падымаецца смех; ён нервова стрымаў яго. І адчуў разгубленасць.
– Чалавек, – сказала Прыс нібы здалёк, – дзеяння. Шкада толькі, што ў яго не вельмі атрымоўваецца працаваць рукамі, рабіць розныя механічныя штукі.
– Калі мы і выжывем, – сказала Ірма строгім, жорсткім голасам, нібы саромячы яе, – то толькі дзякуючы Рою.
– Але гэта таго варта, – сказала Прыс, збольшага да самой сабе. Яна выпрасталася і кіўнула Ізідору. – Добра, Джэй Эр, я пераеду да цябе, каб ты мяне абараняў.
– Ка-ка-ка-нешне, – адразу ж сказаў Ізідор, – у-у-усіх вас.
Паважна, афіцыйным тонам, Ірма Бэці сказала яму:
– Я хачу, каб вы ведалі, містар Ізідор, што мы вельмі ўдзячныя вам за гэта. Я думаю, вы першы сябра, якога мы знайшлі тут, на Зямлі. Гэта вельмі смела з вашага боку, і, спадзяюся, некалі мы зможам аддзячыць вам, – яна павольна падышла да яго і пяшчотна пагладзіла па руцэ.
– У вас ёсць якая-небудзь дакаланіяльная фантастыка, якую я мог бы пачытаць? – спытаў ён.
– Што? – Ірма Бэці запытальна глянула на Прыс.
– Старыя часопісы, – сказала Прыс; яна сабрала некаторыя рэчы, якія думала забраць з сабой, і перадала Ізідору. Ён адчуў такое задавальненне, якое можна спасцігнуць толькі калі дабіцца даўно жаданай мэты. – Не, Джэй Эр. Мы не маглі нічога ўзяць з сабой, па прычыне, якую я табе ўжо тлумачыла.
– Я па-па-па-йду заўтра ў бібліятэку, – сказаў ён, выходзячы на калідор. – І ва-ва-ва-зьму вам і сабе што-небудзь пачытаць, таму вам будзе што рабіць, пакуль вы чакаеце.
Ён павёў Прыс наверх у сваю кватэру, цёмную, і пустую, і затхлую, і халодную; ён занёс яе рэчы ў спальню і адразу ж уключыў абагравальнік, святло і тэлевізар з адзіным каналам.
– Мне падабаецца тут, – сказала Прыс, але тым жа абыякава-адчужаным тонам, як раней. Яна хадзіла па кватэры, рукі ў кішэнях спадніцы; на яе твары застыла крыўда, якая шчыра паказвала ступень яе незадаволенасці. І супярэчыла таму, што яна казала.
– Што не так? – спытаў ён, калі паклаў яе рэчы на ложак.
– Нічога.
Яна спынілася ля вакна, рассунула фіранкі і панура зірнула на тое, што было вонкі.
– Калі думаеш, што цябе шукаюць… – пачаў ён.
– Гэта ўсё сон, – сказала Прыс. – Ад лекаў, якія даў мне Рой.
– Ш-ш-што?
– Ты праўда думаеш, што паляўнічыя за галовамі існуюць?
– Містар Бэці кажа, што яны забілі вашых сяброў.
– Рой Бэці такі ж псіх, як я, – сказала Прыс. – Мы збеглі са шпіталя для душэўнахворых на Усходнім Узбярэжжы. Мы ўсе шызафрэнікі, з сапсаванымі эмацыйнымі перажываннямі – паніжаны эмацыйны ўзровень, вось як гэта называецца. І ў нас групавыя галюцынацыі.
– Не думаю, што ўсё было так, – сказаў ён з палёгкай.
– Не верыш? Чаму не? – яна павярнулася і ўтаропілася ў яго; яе погляд быў настолькі суровым, што ён адчуў, як чырванее.
– Та-та-та-му шта гэта немагчыма. Ура-ра-д ніколі нікога не забівае, ні за якое злачынства. І спагадызм…
– Але, разумееш, – перабіла Прыс, – калі ты не чалавек, для цябе ўсё інакш.
– Гэта няпраўда. Нават жывёлы – і такія, як вугры, і суслікі, і змеі, і павукі – недатыкальныя.
Прыс, усё яшчэ гледзячы яму ў вочы, спытала:
– Няпраўда, так? Як ты кажаш, нават жывёлы пад аховай закону. Цягам усяго жыцця. Усё арганічнае, што варушыцца, курчыцца, рые норы, лётае, поўзае, адкладае яйкі, ці… – яна змоўкла, бо з’явіўся Рой Бэці, які неспадзявана адкрыў дзверы кватэры і ўвайшоў; за ім цягнуўся клубок правадоў.
– Насякомыя, – сказаў ён без усялякага сораму за тое, што пачуў іх размову, – надзвычай шануюцца, – ён зняў карціну за сцяны гасцёўні і прымацаваў да цвіка маленькую электронную прыладу, адступіў на крок, агледзеў вынік і вярнуў карціну на месца. – Цяпер сігналізацыя, – ён сабраў правады, што цягнуліся за ім да складанага механізму. З загадкавай усмешкай ён паказаў механізм Прыс і Ізідору. – Сігналізацыя. Правады ідуць пад дыванам; яны як антэна. Якая выяўляе прысутнасць… — ён запнуўся на імгненне, — Мыслячай істоты, — дадаў ён неадназначна, — якая не з’яўляецца адной з нас чацвярых.
– Яна зазвініць, – сказала Прыс. – І што? У яго пісталет. Мы не можам накінуцца на яго і загрызці да смерці.
– У механізм, – працягнуў Рой, – убудаваны блок Пэнфілда. Калі сігналізацыя спрацуе, ён выпраменіць хвалю панікі на парушальніка. Калі паляўнічы не зрэагуе імгненна — а ён можа, — яго ахопіць сапраўдны жах. Неверагоднай сілы паніка – я паставіў магутнасць на максімум. Ніводны чалавек не будзе здольны заставацца ў прытомнасці даўжэй за некалькі секунд. Гэта сутнасць панікі: яна выклікае хаатычныя рухі, бессэнсоўную мітусню і міжвольныя спазмы нерваў і цягліц, што дасі нам шанец разабрацца з ім раз і назаўсёды. Тэарэтычна. Залежыць ад таго, наколькі ён спрытны.
Ізідор спытаў:
– Ці падзейнічае сігналізацыя на нас?
– Так, – сказала Прыс Рою Бэці. – Яна падзейнічае на Ізідора.
– Ну дык што, – сказаў Рой. І працягнуў усталёўку. – Тады яны абодва выбегуць з панічнай атакай. І ў нас будзе шанец адрэагаваць. Яны не заб’юць Ізідора; ён не ў спісе. Вось таму ён і карысны як прыкрыццё.
Прыс сказала гідліва:
– Не мог прыдумаць нічога лепей, Рой?
– Не, – адказаў той. – Не мог.
– Я зда-да-дабуду зброю заўтра, – загаварыў Ізідор.
– А ты ўпэўнена, што прысутнасць Ізідора не падзейнічае на сігналізацыю? – спытала Прыс. – Бо ён жа… сам ведаеш.
– Я скампенсаваў узровень яго мазгавой актыўнасці, – патлумачыў Рой. – Яна ні на што не паўплывае; толькі калі падвоіцца – калі з’явіцца яшчэ адзін чалавек, – ён злосна зірнуў на Ізідора, запозна ўсвядоміўшы, што толькі што сказаў.
– Вы – андроіды, – сказаў Ізідор. Але яму было ўсё адно; для яго не было ніякай розніцы. – Разумею, чаму яны хочуць забіць вас, – сказаў ён. – Насамрэч вы не жывыя, – нарэшце ён усё зразумеў. Паляўнічы за галовамі, забойства іншых, падарожжа на Зямлю, усе ранейшыя засцярогі.
– Калі я сказаў ‘чалавек’, – сказаў Рой Бэці Прыс, – я дарма выкарыстаў гэтае слова.
– Так, містар Бэці,- сказаў Ізідор. – Але хіба гэта што змяняе для мяне? Вы ведаеце, я ‘асаблівы’; яны і да мяне не добра ставяцца, а менавіта, не дазваляюць эміграваць, – ён пачуў, што балбоча, як малое дзіця. – Вам нельга было прылятаць сюды; а мне нельга… – ён сцішыўся.
Праз некалькі секунд цішыні Рой Бэці сціпла адказаў:
– Табе б не спадабаўся Марс. Ты нічога не згубіў.
– Мне было цікава, колькі часу пройдзе, – сказала Прыс Ізідору, – калі ты зразумееш. Мы розныя, так?
– Гэта, пэўна, тое, што выдала Гарланда і Макса Полакава, – сказаў Рой Бэці. – Яны былі да халеры ўпэўненыя, што змогуць не выдзяляцца. Як і Люба.
– У вас звышінтэлект, – сказаў Ізідор; ён зноў адчуў радасць з-за таго, што здагадаўся. Радасць і гонар. – Вы мысліце абстрактна, і вы не… – ён замахаў рукамі, яго словы блыталіся адно з адным. Як заўсёды. – Хацеў бы я, каб у мяне быў IQ такі ж, як у вас; тады я б прайшоў тэст і не лічыўся б тупагаловым. Я думаю, вы неверагодныя; я шмат чаму змагу ад вас навучыцца.
Пасля паўзы Рой Бэці сказаў:
– Трэба скончыць усталёўку сігналізацыі.
І працягнуў працу.
– Ён яшчэ не ведае, – сказала Прыс рэзкім, нервовым, гучным голасам. – Як мы збеглі з Марса. Што мы зрабілі.
– Што нам прыйшлося зрабіць, – паправіў, але неяк ціха, Рой Бэці.
У адчыненых дзвярах калідора стаяла Ірма Бэці; яе не заўважалі, пакуль яна не пачала гаварыць.
– Не думаю, што нам трэба хвалявацца наконт містара Ізідора, – прамовіла яна шчыра; мякка падышла да Ізідора і зірнула ў вочы. – Яго тут таксама не любяць, як ён сцвярджае. І яму не цікава, што мы зрабілі на Марсе; ён ведае нас, і мы яму падабаемся. І эмацыйнае прыняцце, якое мы яму даем, для яго значыць амаль усё. Нам складана гэта ўсведаміць, але гэта праўда.
А Ізідору яна сказала, стоячы да яго ўсутыч і зноў пазіраючы ў вочы:
– Ты б мог атрымаць шмат грошай, калі б нас выдаў; ты ж разумееш?
Яна павярнулася да мужа:
– Бачыш, ён разумее, але нічога нікому не скажа.
– Ты вялікі чалавек, Ізідор, – сказала Прыс. – Гонар сваёй расы.
– Калі б ён быў андроідам, – сказаў Рой прыязна, – ён бы нас выдаў у дзесяць заўтра раніцай. Сказаў бы, што ляціць на працу – і ўсё. Я ў захапленні, – яго голас гучаў загадкава, але тон нельга было расшыфраваць; прынамсі, Ізідор не змог. – Мы думалі, у нас тут не будзе сяброў, планета варожых твараў, усе супраць нас.
Яго смех быў падобны на сабачы брэх.
– Я зусім не хвалююся, – сказала Ірма.
– Страх павінен напаўняць цябе да кончыкаў пальцаў, – запярэчыў Рой.
– Давайце прагаласуем, – прапанавала Прыс. – Як мы рабілі на караблі, калі ў нас была спрэчка.
– Тады, – сказала Ірма, – мне больш няма чаго дадаць. Але калі мы ад яго адмовімся, не думаю, што мы знойдзем яшчэ якога чалавека, які будзе добра да нас ставіцца і дапаможа. Містар Ізідор… – яна шукала адпаведнае слова.
– Асаблівы, – падказала Прыс.