Ці мараць андроіды пра электрычных авечак? - 21. ДВАЦЦАЦЬ АДЗІН
ДВАЦЦАЦЬ АДЗІН
У ранішнім святле пад ім цягнулася бясконцая зямля, шэрая і пакрытая смеццем. Камяні памерам з дом даўно таму, пэўна, перакатваліся і спынілі свой рух побач адно з адным. Ён падумаў, што наваколле падобна на склад, адкуль забралі ўсе рэчы. Засталіся толькі рэшткі скрыняў-кантэйнераў, якія больш нікому не патрэбныя. “Некалі, – падумаў ён, – тут расло жыта і пасвіліся жывёлы. Якая неверагодная думка, што нехта мог есці з гэтай зямлі траву”.
“Якое дзіўнае месца, – разважаў ён, – для таго, дзе ўсё гэта памерла”.
Ён накіраваў хаверкар уніз, нейкі час ляцеў над самай паверхняй. “Што б цяпер сказаў пра мяне Дэйв Холдэн? – задаваў ён пытанне самому сабе. – У пэўным сэнсе я цяпер найлепшы паляўнічы за галовамі з усіх, хто калі-небудзь займаўся гэтай справай; ніхто ніколі не выключаў шасцёра Нэксус-6 цягам дваццаці чатырох гадзін і наўрад ці здолее гэта калі-небудзь зрабіць. Трэба яму патэлефанаваць.”
Засмечаны схіл з’явіўся перад ім раптоўна, і ён рэзка ўзняў хаверкар. “Стомленасць; – падумаў ён, – не трэба кіраваць хаверкарам у такім стане”. Ён знізіў хуткасць, хвіліну павісеў у паветры, а потым прызямліў аўто. Яно паскоквала і трэслася на камянях, пакуль нарэшце не спынілася са скрыгатам.
Ён падняў слухаўку тэлефона ў аўто і набраў аператара ў Сан Францыска.
– Злучыце мяне са шпіталём у Маўнт Зіёне, – папрасіў ён.
Неўзабаве іншы аператар узнік на экране.
– Шпіталь Маўнт Зіён.
– У вас ляжыць пацыент, якога завуць Дэйв Холдэн, – сказаў ён. – Ці можна з ім пагутарыць? Ён дастаткова добра сябе пачувае?
– Хвілінку, сэр.
Экран часова згас. Час ішоў. Рык насыпаў нюхальнай табакі доктара Джонсана і ўдыхнуў; без уключанага абагравальніка ў аўто станавілася халодна.
– Доктар Коста кажа, што містар Холдэн не прымае званкоў, – паведаміў яму аператар, калі вярнуўся.
– Я з паліцыі, – сказаў Рык і наблізіў пасведчанне да экрана.
– Хвіліначку.
Аператар зноў знік. Зноў Рык удыхнуў дробку табакі доктара Джонсана; ментол адчуваўся агідна, асабліва ранкам. Ён апусціў шкло аўто і выкінуў маленькую жоўтую бляшанку ў груду камення.
– Не, сэр, – сказаў аператар. – Містар Коста сцвярджае, што стан містара Холдэна не дазваляе таму праводзіць размовы, нават тэрміновыя, як мінімум…
– Добра, – сказаў Рык і паклаў слухаўку.
Паветра таксама смярдзела; ён закрыў вакно. “Дэйв выбыў, – усвядоміў ён. – Цікава, чаму ў іх не атрымалася са мной”.
“Бо я быў вельмі хуткім, – вырашыў ён. – Усё за адзін дзень; яны гэтага не чакалі. Гэры Браянт меў рацыю.”
У хаверкары стала вельмі халодна, таму ён адчыніў дзверы і выйшаў вонкі. Злы, нечаканы вецер прасочваўся праз адзенне, і ён пачаў ісці, паціраючы рукі.
“Было б добра пагутарыць з Дэйвам, – разважаў ён. – Дэйв ухваліў бы тое, што я зрабіў. Але ён бы таксама зразумеў і іншую частку, якую, я думаю, нават Спагадчык не разумее. Для Спагадчыка ўсё падаецца простым, бо Спагадчык прымае ўсё. Яму нішто не падаецца чужым. Але тое, што зрабіў я; гэта перастала быць уласцівым мне. Насамрэч, усё наконт мяне стала неўласцівым; я стаў неўласцівым самому сабе.”
Ён ішоў далей, па схілу, і з кожным крокам нібы важыў болей. “Занадта стаміўся, – падумаў ён, – каб узыходзіць”. Ён спыніўся, выцер пякучы пот са сваіх вачэй – салёныя слёзы, што вырабляла яго скура, усё прасякнутае болем цела. Потым, злы на сябе, сплюнуў — з гневам і пагардай да сябе, з бясконцай нянавісцю — на пустую, неўрадлівую зямлю. Потым працягнуў свой цяжкі шлях па схілу, у самотным і незнаёмым наваколлі, аддаленым ад усяго; дзе не было нічога жывога, апроч уласна яго.
Спякота. Стала спякотна; прамінула яшчэ болей часу. І ён адчуў голад. Ён не еў бог ведае колькі. Голад і спякота злучаліся ў атрутны смак, які нагадваў паразу; “Так, – падумаў ён, – менавіта так і ёсць: я нейкім незразумелым чынам пацярпеў паразу. Ад таго, што забіваў андроідаў? Ад таго, што Рэйчал забіла казу?” Ён не ведаў, але пакуль цяжка ішоў далей. Галюцынагенная імгла пакрыла яго розум; ён ачомаўся на ўскрайку, не ведаючы, як туды трапіў, за крок ад несумненна смяротнага падзення са схілу. “Падзення зневажальнага і бязраднага, – падумаў ён, – уніз і ўніз, і ніхто б не стаў сведкам.” Тут не існавала нікога, хто мог бы засведчыць заняпад яго ці каго іншага, як і любыя мужнасць ці гонар, якія маглі б праявіцца напрыканцы, засталіся б незаўважанымі – мёртвыя камяні, пакрытае пылам сухое пустазелле не ўспрымалі нічога, не запаміналі нічога ні пра яго, ні пра сябе.
У гэты момант першы камень – і ён быў зусім не з гумы ці з пластыку – ударыў яго ў пах. І боль, першае ўсведамленне абсалютнай ізаляцыі і пакут, крануў яго ў сваёй непрыхаванай, сапраўднай форме.
Ён спыніўся. А потым, падштурхнуты – сілай нябачнай, але рэальнай, якой немагчыма было супрацьстаяць – працягнуў свой пад’ём. “Качуся наперад, – падумаў ён, – як камяні; я раблю тое, што робяць камяні, бязвольна. Без сэнсу”.
– Спагадчык, – прахрыпеў ён, спыніўся і стаў. Перад сабой убачыў цьмяную нерухомую постаць. – Уілбур Спагадчык! Гэта ты?
“Божа мой, – падумаў ён, – гэта мой цень. Трэбы сысці адсюль, спусціцца з гэтага схілу!”
Ён упаў. Нарэшце, ён упаў; воблакі пылу паглыналі ўсё, і ён пабег ад пылу – як найхутчэй, слізгаў і зноў падаў у друз. Наперадзе ўбачыў сваё запаркаванае аўто. “Я спусціўся, – сказаў ён сабе. – Сышоў са схілу”. Ён рвануў дзверы, праціснуўся ўсярэдзіну. “Хто кінуў у мяне камень? – задаваў ён сабе пытанне. – Ніхто. Але чаму гэта мяне хвалюе? Я праходзіў праз гэта раней, падчас зліцця. Калі карыстаўся скрыняй спагаднасці, як і ўсе іншыя. Нічога новага”. Але новае было. “Бо, – падумаў ён, – зараз я адзін.”
Дрыжучы, ён выцягнуў новую бляшанку нюхальнай табакі з бардачка аўто; ён зняў ахоўную плёнку і насыпаў большую, чым звычайна, дробку, расслабіўся, седзячы на палову ўнутры і напалову вонкі – ногі пастаўленыя на сухую, пыльную глебу. “Гэта апошняе месца, куды было б варта трапіць. Я не павінен быў прылятаць сюды”. І цяпер ён адчуваў сябе занадта стомленым, каб ляцець назад.
“Калі б я толькі мог пагутарыць з Дэйвам, – падумаў ён, – усё б стала добра; я б мог зляцець адсюль, вярнуцца дадому і спаць. У мяне па-ранейшаму ёсць мая электрычная авечка і мая праца. Будуць яшчэ андроіды, якіх трэба выключыць; мой працоўны шлях не скончаны; я не выключыў апошняга існуючага андроіда. Можа, у гэтым і справа, – падумаў ён. – Я баюся, што яны скончацца”.
Ён зірнуў на гадзіннік. 9:30.
Ён падняў слухаўку тэлефона і набраў Дом Правасуддзя на вуліцы Ломбард.
– Злучыце мяне з Існпектарам Браянтам, – сказаў ён аператарцы камутатара міс Уілд.
– Інспектара Браянта няма на месцы, містар Дэкард; ён некуды паляцеў на сваім аўто; няма адказу, можа, ён часова адышоў.
– А ён казаў, куды паляціць?
– Нешта наконт андроідаў, якіх вы выключылі мінулай ноччу.
– Злучыце мяне з маёй сакратаркай, – папрасіў ён.
Імгненне пазней аранжавы, трыкутны твар Энн Марстэн з’явіўся на экране.
– О, містар Дэкард, іспектар Браянт намагаўся звязацца з вамі. Здаецца, ён перадае вашу справу дырэктару Рэзчыку для падліку ўзнагароджання. Бо вы выключылі шэсць…
– Я ведаю, што я зрабіў, – сказаў ён.
– Такога раней ніколі не здаралася. Яшчэ, містар Дэкард; тэлефанавала ваша жонка. Яна хоча ведаць, што з вамі ўсё добра. З вамі ўсё добра?
Ён нічога не адказаў.
– Усё-ж такі, – сказала міс Марстэн, – можа, вам было б варта звязацца з ёй. Яна пакінула паведамленне, што будзе дома чакаць на ваш званок.
– Вы чулі пра маю казу? – спытаў ён.
– Не, я нават не ведала, што ў вас ёсць каза.
– Яны забралі маю казу, – сказаў Рык.
– Хто, містар Дэкард? Злодзеі, якія крадуць жывёл? Мы толькі што атрымалі рапарт пра новую вялікую банду, верагодна падлеткаў, якія дзейнічаюць у…
– Злодзеі, якія крадуць жыццё, – сказаў ён.
– Я не разумею, містар Дэкард, – міс Марстэн пільна ўзіралася ў яго. – Містар Дэкард, вы выглядаеце жахліва. Вы такі стомлены. І, Божа, на вашай шчацэ кроў.
Ён крануўся шчакі і адчуў кроў. Ад каменя, напэўна. Некалькі, відавочна, трапілі ў яго.
– Вы падобны, – працягнула міс Марстэн, – на Уілбура Спагадчыка.
– Я і ёсць, – адказаў ён. – Уілбур Спагадчык; Я зліўся з ім. І не магу раз’яднацца. Я сяджу і чакаю на раз’яднанне. Недзе ля мяжы з Арэгонам.
– Нам даслаць каго? Аўто дэпартамента можа вас падабраць.
– Не, – сказаў ён. – Я больш не працую ў дэпартаменце.
– Відавочна, вы вельмі шмат працавалі ўчора, містар Дэкард, – сказала яна дакорліва. – Таму вам патрэбны адпачынак. У ложку. Містар Дэкард, вы найлепшы паляўнічы за галовамі, лепшы за ўсіх, хто ў нас працаваў. Я перадам інспектару Браянту, калі ён вернецца; а вы ідзіце дадому і адпачніце. Патэлефануйце вашай жонцы неадкладна, містар Дэкард, бо яна страшэнна хвалюецца. Я ведаю. Вы абодва ў жахлівым стане.
– Гэта з-за маёй казы, – сказаў ён. – Не з-за андроідаў; Рэйчал не мела рацыі – у мяне не было ніякіх праблем з тым, каб іх выключыць. І ‘асаблівы’ памыляўся таксама, што я не буду здольны зліцца са Спагадчыкам. Адзіны, хто меў рацыю – гэта Спагадчык.
– Лепей вярніцеся ў Заліў, містар Дэкард. Дзе ёсць людзі. Побач з Арэгонам ніхто не жыве; гэта так? Хіба вы зараз не адзін?
– Як дзіўна, – сказаў Рык. – У мяне была абсалютная, поўная, цалкам сапраўдная ілюзія, што я стаў Спагадчыкам і людзі кідалі ў мяне камяні. Але ўспрыманне не такое, як калі трымаеш ручкі скрыні спагаднасці. Са скрыняй ты адчуваеш, што разам са Спагадчыкам. Розніца ў тым, што акрамя мяне не было нікога; я быў адзін.
– Кажуць, Спагадчык – гэта мана.
– Спагадчык – не мана, – сказаў ён. – Інакш увесь наш сусвет – мана.
“Схіл, – падумаў ён. – Пыл і гэтыя камяні, кожны з якіх адрозніваўся ад іншых”.
– Я баюся, – сказаў ён. – Што не змагу не быць Спагадчыкам. Калі пачаў – позна вяртацца назад.
“Ці трэба мне будзе зноў уздымацца па схілу? – задумаўся ён. – Вечна, як Спагадчык… у пастцы вечнасці”.
– Бывайце, – сказаў ён і пачаў вешаць слухаўку.
– Абяцаеце патэлефанаваць жонцы?
– Так, – ён кіўнуў. – Дзякуй, Энн.
Ён скончыў размову. “Паспаць у ложку, – падумаў ён. – Апошні раз я быў у ложку разам з Рэйчал. Парушэнне закона. Палавыя стасункі з андроідам; безумоўна па-за законам, тут і ў калоніях. Яна, пэўна, ужо вярнулася ў Сіэтл. Туды, дзе іншыя Разэны, сапраўдныя. Я хацеў бы зрабіць з табой тое, што ты зрабіла са мной. Але гэта немагчыма зрабіць андроіду, бо ім усё адно. Калі б я забіў цябе мінулай ноччу, мая каза была б жывая. Вось дзе я прыняў памылковае рашэнне. Так, усё можна звесці да таго моманту. Нейкім чынам ты мела рацыю наконт адной рэчы: гэта сапраўды змяніла мяне. Але не так, як табе хацелася”.
“А ў значна горшы бок”, – вырашыў ён.
“Але цяпер мне ўсё адно. Так, – думаў ён, – пасля таго, што здарылася са мной там, на шляху да вяршыні схілу. Мне цікава, што б здарылася далей, калі б я ўзбіраўся і дасягнуў вяршыні. Бо там Спагадчык памірае. Там адбываецца трыумф Спагадчыка, там, дзе канец вялікага зорнага цыклу.”
“Але калі я – Спагадчык, – разважаў ён, – я не магу памерці. Ніколі і праз дзесяць тысяч год. Спагадчык бессмяротны.”
Ён яшчэ раз падняў слухаўку, каб патэлефанаваць жонцы.
І застыў.