Ці мараць андроіды пра электрычных авечак? - 22. ДВАЦЦАЦЬ ДВА (апошняя)
- Хатняя старонка
- Ці мараць андроіды пра электрычных авечак?
- 22. ДВАЦЦАЦЬ ДВА (апошняя)
ДВАЦЦАЦЬ ДВА
Ён паклаў слухаўку і ўтаропіўся ў пляму, якая рухалася побач з аўто. Выпукласць на зямлі, сярод камянёў. “Жывёла”, – сказаў ён сабе. І яго сэрца загрукатала ад здзіўлення і пазнавання. “Я ведаю, што гэта, – падумаў ён. – Я ніколі не бачыў такога на ўласныя вочы, але памятаю па старых перадачах пра прыроду на дзяржаўным канале”.
“Яны вымерлыя!” – сказаў ён сабе; ён імкліва выцягнуў свой зашмальцаваны каталог Сіднэя і дрыготкімі пальцамі гартаў старонкі.
РАПУХА (Bufonidae), усе віды…….. Е
Вымерлі шмат год таму. Істота, найбольш любімая Уілбурам Спагадчыкам, разам з аслом. Але рапух Спагадчык любіў усё ж болей.
“Мне патрэбна скрыня”. Ён паглядзеў вакол, зірнуў на задняе сядзенне хаверкара, але нічога не знайшоў; скочыў вонкі, заспяшаўся да багажніка, павярнуў ключ і адкрыў. Унутры ляжала кардонная скрынка з запасной паліўнай помпай. Выкінуў помпу, знайшоў кавалак шурпатай вяроўкі і павольна пакрочыў да рапухі, не зводзячы з яе вачэй.
Рапуха амаль цалкам злівалася колерам з усюдыісным пылам. Яна, магчыма, эвалюцыянавала, каб прыстасавацца да новага клімату, як рабіла гэта для ўсіх кліматаў раней. Калі б яна не варушылася, ён бы яе не заўважыў; нават калі сядзеў усяго ў двух ярдах побач. “Што адбываецца, калі ты знаходзіш жывёлу, якая лічыцца вымерлай?” – ён намагаўся ўзгадаць. Гэта здаралася так рэдка. Хіба зорка ад ААН і ўзнагарода. Да мільёны даляраў. І з усіх магчымых – знайсці менавіта тое стварэнне, якое Спагадчык шануе найбольш. “Езу, – падумаў ён, – гэта не можа быць насамрэч. Можа, я пашкодзіў мозг: быў занадта доўга пад рыдыяцыяй. Я ‘асаблівы’, са мной нешта здарылася. Як з тупагаловым Ізідорам і яго павуком; тое, што здарылася з ім, цяпер здараецца са мной. Гэта здзейсніў Спагадчык? Але я – Спагадчык. Я здзейсніў гэта; я знайшоў рапуху. Знайшоў, бо гляджу вачамі Спагадчыка”.
Ён прысеў на кукішкі, зусім блізка да рапухі. Яна капалася ў жвіры, адсоўваючы пыл сваім тулавам, каб зрабіць ямку, так што толькі верх плоскай галавы і вочы вытыркаліся з-пад зямлі. Тым часам, яе метабалізм запаволіўся амаль да поўнага спыну, і яна нібы сышла ў транс. У вачах не было ані пробліску, ані разумення яго прысутнасці, і ён з жахам падумаў, што яна мёртвая, верагодна, ад смагі. Але яна паварушылася.
Ён паклаў кардонную скрынку на зямлю і пачаў асцярожна адкідаць жвір вакол рапухі. Яна відавочна не была супраць, можа, таму, што не ўсведамляла яго прысутнасці.
Рапуха ў яго руках была дзіўна сцюдзёнай; яе цела падавалася сухім і зморшчаным – амаль мяккім – і такім халодным, быццам яна жыла ў пячоры шмат міль пад зямлёй удалечыні ад сонца. Цяпер рапуха дрыгалася; слабымі заднімі лапамі яна намагалася вызваліцца з яго хваткі, інстынктыўна жадаючы адскочыць у бок. “Вялікая, – падумаў ён, – дарослая і разумная. Прыстасаваная, сваім чынам, да выжывання, калі ў людзей не вельмі атрымоўваецца выжываць. Цікава, дзе яна знаходзіць ваду для сваіх яек”.
“Дык вось што бачыць Спагадчык, – падумаў ён, калі закрыў і пачаў старанна перавязваць картонную скрынку, перавязваў яе зноў і зноў. – Жыццё, якое мы болей не здольныя распазнаць; жыццё, старанна закапанае па самы лоб у рэшткі мёртвага свету. У кожнай дробцы попелу Спагадчык, напэўна, заўважае ледзь прыкметнае жыццё. Цяпер я ведаю. І, паглядзеўшы адзін раз вачыма Спагадчыка, я, хутчэй за ўсё, не змагу глядзець інакш”.
“І ніводзін андроід, – падумаў ён, – не адрэжа ў гэтай істоты лапы. Як яны зрабілі з павуком тупагаловага”.
Ён паклаў старанна перавязаную скрынку на крэсла ў аўто і сеў за стырно. “Гэта як зноў стаць дзіцём, – разважаў ён. Увесь цяжар пакінуў яго, уся гэтая цяжкая стомленасць. – Трэба дачакацца, калі Ірэн пачуе пра гэта; – ён уключыў відэафон, пачаў набіраць нумар. Потым спыніўся. – Няхай будзе неспадзяванка, – вырашыў ён. Дадому наўпрост паўгадзіны лёту”.
Ён адразу ж уключыў рухавік, узняў аўто ў неба і паляцеў у напрамку Сан Францыска, семсот міль на поўдзень.
Ірэн Дэкард сядзела ля прылады настрою Пэнфілда, трымаючы палец на кнопцы з нумарам. Але яна ніяк не магла яе націснуць; яна пачувалася вельмі вялай і хворай, каб чаго-небудзь жадаць; цяжар, з якім не было надзеі на будучыню з усімі яе магчымасцямі, якія маглі аднойчы ўзнікнуць. “Калі б Рык быў тут, – падумала яна, – ён быў прымусіў мяне націснуць 3, і так я б пачала хацець выбраць што-небудзь значнае, бурлівую радасць, ці, калі не гэта, то, магчыма, 888 – жаданне глядзець тэлевізар незалежна ад таго, што там ідзе. Цікава, што там зараз, – падумала яна. – І дзе зараз Рык. Можа, ён ужо вяртаецца назад, а можа, і не”, – казала яна самой сабе, і адчувала, як яе косці сціскаюцца ад старасці.
Яна пачула стук у дзверы кватэры.
Яна адклала прыладу і ўскочыла, думаючы, што ёй не трэба націскаць кнопку; у яе ўжо было жаданне – што гэта вярнуўся Рык. Яна падбегла да дзвярэй і шырока іх адчыніла.
– Вітаю, – сказаў ён. Яго шчака была рассечана, адзенне памятае і шэрае, нават валасы поўныя пылу. Рукі, твар – пыл прыліп да кожнай часткі цела, акрамя вачэй. Аднак вочы, круглыя ў захапленні, ззялі, нібы ён быў малым хлопчыкам. “Ён выглядае так, – падумала яна, – нібы ён доўга гуляў на дварэ, але прыйшоў час скончыць і вярнуцца дадому. Адпачыць, памыцца і распавесці пра цуды, якія напаткаў цягам дня”.
– Рады цябе бачыць, – сказаў ён.- У мяне штосьці ёсць.
Ён трымаў кардонную скрынку абедзвюма рукамі; калі ён увайшоў у кватэру, то не паставіў яе на падлогу. Быццам бы, падумала яна, у ёй было нешта занадта крохкае і каштоўнае, каб адпускаць гэта; тое, што ён хацеў трымаць у руках вечна.
– Я зраблю табе каву, – сказала яна.
Ля пліты яна націснула кнопку, і праз імгненне паставіла вялікі кубак на яго месца за кухонным сталом. Трымаючы скрынку, ён сеў, і на яго твары былі ранейшыя круглыя цікаўныя вочы. За ўсе тыя гады, якія яна яго ведала, яна ніколі раней не сустракала такога выразу. Нешта здарылася з таго часу, як яна бачыла яго апошні раз; з таго моманту, як ён узняўся ў неба на сваім аўто. Цяпер ён вярнуўся, і з ім была гэтая скрынка, якую ён не выпускаў з рук: нібы тая змяшчала ўсё, што з ім здарылася.
– Я буду спаць, – сказаў ён, – увесь дзень. Я размаўляў з Гэры Браянтам; ён сказаў мне ўзяць выходны і адпачыць. Што я і зраблю.
Ён асцярожна паклаў скрынку на стол і ўзяў кубак з кавай; праз сілу, таму што Ірэн хацела гэтага, зрабіў некалькі глыткоў.
Яна села насупраць і спытала:
– Што ў скрынцы, Рык?
– Рапуха.
– Можна паглядзець?
Яна назірала, пакуль ён развязваў вяроўку і здымаў накрыўку.
– Ох, – сказала яна, калі ўбачыла рапуху; па нейкай прычыне істота спужала яе. – Яно кусаецца?
– Вазьмі яе. Не, не кусаецца – у рапух няма зубоў.
Рык падняў рапуху і працягнуў ёй. Стрымліваючы агіду, яна ўзяла яе.
– Я думала, што рапухі вымерлі, – сказала яна, перавярнула істоту і пачала з цікаўнасцю разглядаць лапы; яны падаваліся амаль бескарыснымі. – Рапухі могуць скакаць, як жабы? Я маю на ўвазе, ці не выскачыць яна раптам у мяне з рук?
– Ногі ў рапух слабыя, – адказаў Рык. – У гэтым галоўная розніца паміж рапухай і жабай, гэта і вада. Жаба застаецца ля вады, а рапуха можа жыць у пустыні. Я знайшоў яе ў пустыні, побач з мяжой ля Арыгона. Дзе ўсё загінула.
Ён пацягнуўся, каб забраць істоту ў яе. Але яна нешта знайшла; трымаючы рапуху перавернутай, пагрукала па жывату, пазногцем падчапіла малюсенькую панэль кіравання і адчыніла яе.
– Ох, – яго твар адразу асунуўся. – Так, бачу; ты маеш рацыю.
Змрочны, ён маўкліва ўзіраўся ў штучную жывёлу; забраў яе, пачаў круціць лапкі, збянтэжаны – быццам не мог да канца паверыць. І потым асцярожна паклаў у скрынку.
– Цікава, як яна трапіла ў такую закінутую частку Каліфорніі. Нехта, пэўна, пакінуў яе там. Ніколі не зразумею, чаму.
– Можа, мне не трэба было казаць табе – пра тое, што яна электрычная, – яна кранулася яго рукі; яна адчула сябе вінаватай, калі ўбачыла, як гэта на яго падзейнічала.
– Не, – сказаў Рык. – Я рады, што ведаю. Ці, дакладней… – ён змоўк. – Я лічу за лепшае ведаць.
– Хочаш скарыстацца прыладай настрою? Каб адчуць сябе лепей? Табе яна заўсёды дапамагала болей, чым мне.
– Са мной усё будзе добра, – ён патрос галавой, нібы спрабаваў ачысціць ад думак, усё яшчэ збянтэжаны. – Павук, якога Спагадчык даў тупагаловаму, ізідору, таксама, пэўна, быў штучным. Але гэта не істотна. Электрычныя рэчы таксама пражываюць свае жыццё. Няхай яно і ўбогае.
– Выглядаеш так, нібы прайшоў сотні міль, – сказала Ірэн.
– Дзень быў доўгім, – кіўнуў ён.
– Лягай у ложак і спі.
Ён разгублена паглядзеў на яе:
– Усё скончана, так?
З надзеяй ён чакаў на яе адказ, быццам яна магла ведаць. Быццам словы, сказаныя яго вуснамі, нічога не значылі; ён не давяраў уласным словам – яны станавіліся рэальнымі толькі тады, калі яна з імі пагаджалася.
– Так, усё скончана, – сказала яна.
– Божа, усё было падобна на марафон, – сказаў Рык. – Пасля таго, як пачаў, не было магчымасці спыніцца; я нёсся на хвалі, пакуль нарэшце не знайшоў Бэці, і потым раптоўна не засталося, чаго рабіць. І гэта… – ён засумняваўся, відавочна здзіўлены тым, што пачаў казаць. – Гэта частка была найгоршай, – сказаў ён, – калі я скончыў. Я не мог спыніцца, бо ў мяне нічога б не засталося, калі б спыніўся. Ранкам ты мела рацыю, калі сказала, што я ўсяго толькі нячулы паліцэйскі з нячулымі паліцэйскімі рукамі.
– Я больш так не думаю, – сказала яна. – Я проста да халеры радая, што ты вярнуўся дадому, дзе табе і трэба быць, – яна нахілілася з пацалункам, і яго гэта быццам бы ўсцешыла; яго твар праясніўся, стаў амаль такім жа, як раней – да таго, калі яна паказала яму, што рапуха – электрычная.
– Ты думаеш, гэта было не слушна? – спытаў ён. – Тое, што я сёння ўчыніў?
– Не, не думаю.
– Спагадчык сказаў, што гэта не слушна, але я ўсё роўна павінен гэта зрабіць. Сапраўды дзіўна. Часам лепей зрабіць тое, што не слушна, чым тое, што слушна.
– На нас праклён, – сказала Ірэн. – Той, пра які часам кажа Спагадчык.
– Пыл? – спытаў ён.
– Забойцы, якія знайшлі Спагадчыка, калі яму было шаснаццаць год, калі яны сказалі яму, што ён не можа рабіць так, каб час ішоў у зваротным напрамку, і зноў вяртаць рэчы да жыцця. Што ўсё, што ён цяпер можа – гэта ісці разам з часам, туды, куды завядзе жыццё, да смерці. І забойцы кідалі камяні; гэта яны іх кідалі. І гналіся за ім. І ўсе мы, насамрэч. Гэта адзін з іх парэзаў табе шчаку, з якой зараз капае кроў?
– Так, – сказаў ён ледзь чутна.
– Пойдзеш зараз спаць? Калі я пастаўлю прыладу настрою на 670?
– А гэта пра што? – спытаў ён.
– Доўгачаканы адпачынак, – адказала Ірэн.
Ён устаў на ногі, і стаяў з цяжкасцю, твар сонны і здзіўлены, быццам сотні бітваў распачыналіся і скончваліся перад яго вачыма. І потым павольнымі крокамі рушыў да спальні.
– Добра, – сказаў ён. – Доўгачаканы адпачынак.
Ён выцягнуўся ў ложку, пыл пасыпаўся з адзення і валасоў на белыя прасціны.
Няма патрэбы ўключаць прыладу настрою, зразумела Ірэн і націснула кнопку, якая рабіла вокны спальні святлонепранікальнымі. Шэрае неба дня знікла.
Праз імгненне Рык ужо спаў.
Яна пастаяла некаторы час, гледзячы на яго, каб упэўніцца, што ён не ўскочыць ад пачуцця жаху, як гэта часам здаралася ўначы. Неўзабаве яна вярнулася ў кухню і зноў села за стол.
Побач з ёй электрычная рапуха шамацела і вярцелася ў скрынцы; Ірэн было цікава, што яно ‘ела’, і колькі будзе каштаваць рамонт. “Электрычных мух”, – вырашыла яна.
Яна адкрыла тэлефонную кнігу і знайшла на жоўтых старонках катэгорыю ‘аксэсуары для жывёл, электрычных’; патэлефанавала, і калі пачула голас кансультанткі, сказала:
– Я б хацела замовіць 1 фунт штучных мух, якія па-сапраўднаму лётаюць і гудуць, калі ласка.
– Для электрычнай чарапахі, мэм?
– Для рапухі, – сказала яна.
– Тады можам прапанаваць Вам сумесь штучных паўзучых і лятаючых казюрак усіх відаў, сярод іх…
– Калі ласка, толькі мухі, – сказала Ірэн. – У вас ёсць дастаўка? Не хачу выходзіць з дому; мой муж спіць, і я хачу быць упэўнена, што з ім усё добра.
Кансультантка адказала:
– Для рапух мы таксама прапануем лужыну, якая самаабнаўляецца, толькі калі гэта не рагатая рапуха, у гэтым выпадку – набор з пяском, рознакаляровай галькай і кавалкамі арганічнай пароды. І калі вы збіраецеся ажыццяўляць рэгулярнае кармленне, раем вам замовіць перыядычную каліброўку языка ад нашага дэпартамента абслугоўвання. Для рапух гэта вельмі важна.
– Добра, – сказала Ірэн. – Я хачу, каб яно працавала выдатна. Мой муж вельмі любіць яе, – яна прадыктавала адрас і павесіла слухаўку.
І, нарэшце ў добрым настроі, прыгатавала сабе кубак чорнай, гарачай кавы.
КАНЕЦ.