Ці мараць андроіды пра электрычных авечак? - 4. ЧАТЫРЫ
ЧАТЫРЫ
“Можа, я і хвалююся, – меркаваў Рык, – што тое, што здарылася з Дэйвам, здарыцца і са мной. Андр, дастаткова разумны, каб падстрэліць яго з лазера, магчыма, трапіць і ў мяне”. Але, зразумела, яму было дрэнна не з-за гэтага.
– Бачу, ты прынёс апісанне гэтых новых мазгоў, – сказаў інспектар Браянт, кладучы трубку відэафона.
Рык адказаў:
– Ну так, да мяне дайшлі чуткі. Колькі ўсяго андраў і як далёка прасунуўся Дэйв?
– Спачатку было восем, – сказаў Браянт, перад гэтым удакладніўшы на сваім экране. – Дэйв даў рады з першымі двума.
– І астатнія шэсць тут, у Паўночнай Каліфорніі?
– Наколькі мы ведаем. Так лічыць Дэйв. Гэта я з ім размаўляў. У мяне яго запісы; ён пакінуў іх на стале. Сказаў, усё, што ён ведае, знаходзіцца тут, – Браянт паляпаў па стосу паперы. Ён быццам яшчэ не быў схільны перадаць справу Рыку; па нейкай прычыне ён працягваў гартаць лісты, насупіўшы бровы і высунуўшы кончык языка.
– У маім раскладзе нічога няма, – працягнуў Рык. – Я гатовы ўзяцца за справу Дэйва.
Браянт імгненне марудзіў, нешта абдумваючы, а потым сказаў:
– Дэйв карыстаўся альтэрнатыўнай шкалой Войта-Кампфа для праверкі індывідаў, якіх падазраваў. Ты разумееш – павінен разумець – што гэты тэст не быў распрацаваны ўласна для гэтых новых мазгоў. Тэстаў для іх не існуе; шкала Войта, мадэфікаваныя тры гады таму Кампфам – усё, што ў нас ёсць, – ён спыніўся, разважаючы. – Дэйв лічыў яе дакладнай. Можа, так і ёсць. Але на тваім месцы я б у гэтым упэўніўся перад тым, як ісці па шасці пазасталых, – ён зноў паляпаў па стосу нататак. – Злятай у Сіэтл і пагутары з людзьмі Разэн. Няхай яны пакажуць узорныя мадэлі з Нэксус-6.
– І я даследую іх тэстам Войта-Кампфа, – сказаў Рык.
– Нібы нічога складанага, – дадаў Браянт, хутчэй каб упэўніць самога сябе.
– Што яшчэ?
Браянт сказаў:
– Думаю, я сам пагутару з карпарацыяй Разэн падчас твайго палёту, – ён зірнуў Рыку ў вочы ў змоўк. Ён нешта прамармытаў, прыкусіў пазногаць і нарэшце скеміў, што хоча сказаць:
– Я хачу абмеркаваць з імі магчымасць уключыць у праверку і некалькіх людзей разам з новымі андроідамі. Гэта маё рашэнне, я дамоўлюся з вытворцамі. Усё будзе падрыхтавана да твайго прылёту, – ён рэзка выцягнуў указальны палец у бок Рыка, яго твар стаў суровым. – Гэта твая першая справа ў ролі старэйшага паляўнічага за галовамі. Дэйв ведае шмат; у яго за плячамі гады досведу.
– Як і ў мяне, – напружана адказаў Рык.
– Ты займаўся заданнямі, якія табе перадаваў Дэйв. Ён заўсёды вырашаў, што аддаць табе, а што не. Але цяпер ты маеш справу з шасцю, якіх ён збіраўся выключыць уласнаруч – і адзін з іх здолеў першым дабрацца да яго. Гэты, – Браянт павярнуў і пасунуў запісы так, каб Рык мог іх бачыць. – Макс Полакаў, – дадаў Браянт. – Так яно сябе называе. Калі дапусціць, што Дэйв не памыліўся. Усё грунтуецца на гэтым дапушчэнні, увесь спіс. Альтэрнатыўнай шкалой Войта-Кампфа былі правераныя першыя тры, двух з іх Дэйв выключыў, а потым Полакаў. Усё здарылася, калі Дэйв праводзіў тэст; тады Полакаў стрэліў лазерам.
– Што даказвае, што Дэйв меў рацыю, – сказаў Рык. Інакш у Дэйва б не стрэлілі; у Полкава не было б матыву.
– Вылятай у Сіэтл, – сказаў Браянт. – Не размаўляй з імі зараз; я сам. Слухай, – ён устаў з-за стала і ўважліва паглядзеў на Рыка. – Калі ты правядзеш Войт-Кампф і адзін з людзей яго праваліць, то…
– Немагчыма, – перабіў Рык.
– Некалькі тыдняў таму я абмяркоўвай з Дэйвам менавіта гэта. Ён думаў у такім жа напрамку. У мяне на руках мемарандум савецкай паліцыі, уласна СПА, які распаўсюджвалі па Зямлі і калоніях. Група псіхіятраў з Ленінграда звярталася да СПА з падобнымі ідэямі. Ім былі патрэбныя апошнія і самыя дакладныя інструменты па аналізу асобы, якімі карыстаюцца для выяўлення андроіда – іншымі словамі, шкала Войта-Кампфа для старанна падабранай групы шызоідных і шызафрэнічных пацыентаў. Гаворка ідзе менавіта пра тых, у каго назіраецца так званая ‘слабая інтэнсіўнасць эмоцый’. Ты пра гэта чуў.
Рык сказаў:
– Менавіта для вымярэння гэтага і патрэбна шкала.
– Тады ты разумееш, пра што яны хвалююцца.
– Гэтая праблема існавала заўсёды. З таго часу, як мы ўпершыню сутыкнуліся з андроідамі, якія выдавалі сябе за людзей. Афіцыйнае меркаванне паліцыі табе вядома з артыкула Лурыя Кампфа, напісанага яшчэ восем год таму. Блакаванне ролевага ўспрымання ў шызафрэнікаў. Кампф параўнаў зніжаную здольнасць да спагады, якая назіраецца ў людзей з псіхічнымі захворваннямі, са знешне падобнай, але па сутнасці…
– Ленінградскія псіхіятры, – рэзка перабіў Браянт, – лічаць, што невялікая катэгорыя людзей не здольная прайсці тэст Войта-Кампфа. Калі б іх тэставаў паліцэйскі, ён бы вырашыў, што перад ім гуманоідны робат. Ён бы памыліўся і забіў іх, – ён змоўк, чакаючы на адказ Рыка.
– Але гэтыя асобы, – сказаў Рык. – Яны ўсе ў…
– Так, яны ўсе ў лякарнях, – пагадзіўся Браянт. – Яны б не змаглі жыць належным чынам у знешнім свеце; іх бы дакладна вызначылі як псіхічна хворых – за выключэннем выпадкаў, калі б іх зрывы адбываліся раптоўна і нікога б не было побач, каб гэта заўважыць. Але такое можа здарыцца.
– Шанец адзін на мільён, – сказаў Рык. Але сутнасць ён зразумеў.
– Што хвалявала Дэйва, – працягнуў Браянт, – гэта з’яўленне новага тыпу – Нэксус-6. Карпарацыя Разэн упэўнівала нас, як ты ведаеш, што Нэксус-6 можа быць выяўлены праз стандартныя профільныя тэсты. Мы ім паверылі. А цяпер нам прыйдзецца, як мы і прадбачылі, праверыць гэта ўласнаруч. Гэтым ты і будзеш займацца ў Сіэтле. Ты ж разумееш, што ўсё можа атрымацца не так, як мы спадзяёмся. Калі ты не зможаш вызначыць усіх гуманоідных робатаў, значыць, у нас няма надзейнага аналітычнага інструмента і мы ніколі не зможам выявіць збеглых. Калі твая шкала памылкова пазначыць чалавека як андроіда, – Браянт з’едліва ўсміхнуўся, – будзе няёмка, хаця ніхто, асабліва людзі з Разэн, не дазволяць, каб пра гэта даведаліся ўсе. Уласна мы зможам утойваць гэта бясконца, хаця канешне ж прыйдзецца паведаміць у СПА і яны ў сваю чаргу перададуць у Ленінград. З цягам часу, вядома, усё прасочыцца ў газеты. Але да таго моманту мы, спадзяюся, распрацуем лепшую шкалу, – ён падняў слухаўку. – Вылятаеш зараз? Карыстайся службовым аўто і бяры паліва на нашых запраўках.
Рык устаў і запытаўся:
– Можна ўзяць з сабой нататкі Дэйва Холдэна? Хачу прагледзець па дарозе.
Браянт сказаў:
– Давай дачакаемся вынікаў тэсту ў Сіэтле, – яго тон быў нязвыкла бязлітасным, і Рык Дэкард гэта адзначыў.
Калі ён прызямляў хаверкар паліцэйскага дэпартамента на дах будынка Карпарацыі Разэн у Сіэтле, то заўважыў, што на яго чакае маладая жанчына. Чорнавалосая і стройная, у новых вялізных акулярах з фільтрамі ад пылу, яна падышла да яго аўто, хаваючы рукі ў кішэнях свайго яркага даўгога паліто ў палоску. На яе рэзка акрэсленым і маленькім твары адлюстроўвалася хмурая пагарда.
– У чым справа? Чаму вы тут? – спытаўся Рык, выходзячы з аўто.
Дзяўчына нібы спрабавала ўхіліцца ад прамога адказу:
– Дакладна не ведаю. Можа, у тым, што мы абмяркоўвалі па тэлефоне. Не істотна.
Раптам яна працягнула руку, і ён на рэфлексе паціснуў яе.
– Я Рэйчал Разэн. Думаю, вы – містар Дэкард.
– Гэта была не мая ідэя, – сказаў ён.
– Інспектар Браянт так нам і паведаміў. Але вы афіцыйны прадстаўнік дэпартамента паліцыі Сан Францыска, у якім не вераць, што наша карпарацыя прыносіць карысць грамадству.
Яе вочы глядзелі на яго з-пад доўгіх чорных веек, магчыма, штучных.
Рык адказаў:
– Гуманоідны робат такіх ж, як і іншыя машыны; ён прыносіць карысць, але вельмі хутка можа стаць пагрозай. Пакуль ён карысны, ён для нас не праблема.
– Але, калі ён становіцца пагрозай, – сказала Рэйчал Разэн, – тады прыходзіце вы. Гэта праўда, Рык Дэкард, што вы – паляўнічы за галовамі?
Ён паціснуў плячыма і з неахвотай кіўнуў.
– І вы без ваганняў лічыце андроідаў нечым нежывым, – сказала дзяўчына. – Каб, як кажуць, выключыць.
– Вы адабралі для мяне групу? – спытаў ён. – Я б хацеў… – ён змоўк. Бо раптоўна ўбачыў жывёл.
Ён разумеў, што магутная карпарацыя магла сабе такое дазволіць. Падсвядома, канешне, ён прадбачыў, што будзе шанец зірнуць на такую калекцыю; не дзіўна, што ў ім з’явілася нешта падобнае на тугу. Ён без слоў прамінуў жанчыну і падышоў да бліжэйшай загарадкі. Ён ужо адчуваў іх пах, некалькі пахаў істот, што стаялі і сядзелі, ці, як было ў выпадку з янотам, спалі.
Ніколі ў сваім жыцці ён не бачыў янота. Ён ведаў гэту жывёлу толькі з 3D фільмаў па тэлебачанні. Па нейкай прычыне пыл нашкодзіў гэтаму віду амаль так жа моцна, як птушкам – амаль ніводзін не выжыў. Па незразумелай прычыне ён выцягнуў свой пакамечаны сіднэйскі каталог і паглядзеў раздзел пра іх з усімі падкатэгорыямі. Кошты ў спісе, канешне ж, былі надрукаваныя курсівам; як і коні Першарона, ніводзін не існаваў для продажу ні ў якім стане. Каталог змяшчаў кошт, па якім было здзейснена апошняе пагадненне наконт куплі. Лічба была астранамічнай.
– Яго мянушка Біллі, – сказала дзяўчына ззаду яго. – Янот Біллі. Мы атрымалі яго летась ад даччынай кампаніі, – яна паказала пальцам паўз яго, і тады ён заўважыў узброеных ахоўнікаў, з кулямётамі напагатове, хуткастрэльная палегчаная мадэль ‘Шкода’; ахоўнікі не зводзілі з яго вачэй з таго часу, як аўто прызямлілася. І гэта, падумаў ён, улічваючы, што аўто мае пазнакі аб прыналежнасці да паліцыі.
– Галоўны вытворца андроідаў, – сказаў ён задуменна, – інвестуе частку капіталу ў жывых істот.
– Паглядзіце на саву, – прапанавала Рэйчал Разэн. – Вунь там, я абуджу яе для вас.
Яна паказала на маленькую клетку ўдалечыні, у цэнтры якой узвышалася ссохлае дрэва з невялікімі галінамі.
Соваў не існуе, хацеў ён сказаць. Ці так усе лічылі. Напрыклад, у Сіднэі, падумаў ён; пазначаны ў іх каталогу як вымерлыя; пазнавальны дробны і акуратны шрыфт, якога так шмат у каталогу. Дзяўчына ішла перад ім, а ён спяшаўся за ёй, каб праверыць, ці ён мае рацыю. У Сіднэі ніколі не памыляюцца, казаў ён сабе. Усе гэта ведаюць. А калі не так, то каму ўвогуле можна давяраць?
– Яна штучная, – сказаў ён, раптам гэта ўсвядоміўшы; горыч расчаравання імкліва і балюча напоўніла яго.
– Не, – яна ўсміхнулася, і ён убачыў, што зубы ў яе маленькія і белыя, як вочы, на кантраст з чорнымі валасамі.
– Але ў Сіднэі пазначылі, – сказаў ён, спрабуючы паказаць ёй каталог як доказ.
Дзяўчына адказала:
– Мы не маем спраў з Сіднэем ці яшчэ якімі заадылерамі. Усе нашы пакупкі з прыватных калекцый і мы нікому не паведамляем кошт пагадненняў.
Яна дадала:
– Аднак у нас ёсць і ўласныя натуралісты; яны зараз працуюць у Канадзе. Там яшчэ засталіся добрыя ўчасткі лясоў, калі параўнаць з іншымі месцамі на Зямлі. Добрыя для малых жывёл, і часам для нас знаходзяць нават птушак.
Доўгі час ён пільна ўглядаўся у саву, якая сядзела на сваёй жэрдцы. Безліч думак з’яўлялася ў яго галаве, думак пра вайну, пра дні, калі совы падалі з неба; ён узгадаў, як у дзяцінстве газеты кожны дзень пісалі, як выміраў адзін від за адным – гэтым ранкам лісы, наступным барсукі, пакуль людзі не перасталі чытаць бясконцыя некролагі жывёлам.
Ён таксама думаў пра сваю патрэбнасць мець сапраўдную жывёлу; у ім зноў уздымалася нянавісць да электрычнай авечкі, якую яму трэба было даглядаць і любіць, быццам яна жывая. Залежнасць ад рэчы, падумаў ён. Яна не ведала, што я існую. Як і ў андроідаў, у яе не было здольнасці да спагады існаванню іншых. Ніколі раней ён не разважаў пра падабенства электрычнай жывёлы і андра. Электрычную жывёлу, прыйшоў ён да высновы, можна лічыць падвідам андроіда, нечым накшталт вельмі прымітыўнага робата. Ці, наадварот, гэта андроід – новая, высокаразвітая прыступка эвалюцыі штучнай жывёлы. Абодва гэтыя меркаванні выклікалі ў яго агіду.
– Калі б вы выставілі на продаж саву, – сказаў ён Рэйчал Разэн, – колькі б за яе папрасілі, і з якім авансам?
– Мы ніколі не прададзім нашу саву, – у яе поглядзе, якім яна зірнула на яго, была сумесь задавальнення і шкадавання. – А калі б мы нават падумалі пра гэта, вы пэўна не змаглі б столькі заплаціць. Якая жывёла ў вас дома?
– Авечка, – адказаў ён. – Гатунак з чорнай пысай, з Суффалка.
– Вы, пэўна, шчаслівы.
– Так, шчаслівы, – адказаў ён. – Але я заўсёды хацеў мець саву, яшчэ тады, калі яны ўсе не пападалі з неба.
Ён паправіў сябе:
– Усе, акрамя вашай.
Рэйчал сказала:
– Наша цяперашняя мэта і агульны план палягае ў тым, каб займець яшчэ адну саву, якая б спарылася са Скрэпі.
Яна паказала на птушку, якая спала на сваёй жэрдцы; тая на імгненне расплюшчыла вочы – жоўтыя шчыліны, якія зноў зачыніліся, калі сава варухнулася, каб уладкавацца зручней і працягнуць свой сон. Яе грудзі прыкметна ўздымаліся і падалі, быццам у гэтым дрымотным стане сава ўздыхала.
Ён перавёў погляд – абсалютная горыч паядналася з ранейшымі пачуццямі захаплення і прагі – і сказаў:
– Цяпер я б хацеў правесці тэсты з адабранай групай. Мы можам ісці?
– Мой дзядзька меў тэлефонную размову з вашым галоўным, і цяпер ён пэўна…
– Вы што, сям’я? – перабіў яе Рык. – Такая вялізная карпарацыя – сямейны бізнэс?
Рэйчал працягнула:
– Дзядзька Элдан ужо павінен быў скласці кантрольную групу і групу з андроідаў. Таму хадзем.
Яна пакрочыла ў бок ліфта, рэзка ўсунула рукі ў кішэні паліто; яна не азіралася, і ён імгненне марудзіў, адчуваючы раздражненне, але нарэшце пайшоў услед за ёй.
– Я вам не падабаюся? – спытаў ён, калі яны спускаліся разам.
Яна быццам крыху раздумвала.
– Ну, – сказала яна, – вы, нязначны служачы паліцыі, цяпер ва ўнікальнай сітуацыі. Разумееце, што я маю на ўвазе?
Яна кінула на яго пагардлівы позірк.
– Колькі з таго, што вы зараз прадукуеце, – спытаў ён, – складае мадэлі, якім ставяць Нэксус-6?
– Усе, – адказала Рэйчал.
– Упэўнены, тэст Войта-Кампфа іх вызначыць.
– А калі не, нам прыйдзецца адклікаць усе Нэксус-6 з рынка, – яе чорныя вочы ўспыхнулі, яна злосна пазірала на яго ўвесь час, пакуль ліфт спускаўся. – Бо ваш паліцэйскі дэпартамент не здольны адпаведным чынам даць рады такому простаму пытанню, як выявіць мізэрную колькасць Нэксус-6, якія разладзіліся…
Мужчына, шыкоўна апрануты, хударлявы і амаль стары, падышоў да іх і працягнуў руку; на яго твары з’явіўся заклапочаны выраз, быццам усё, што адбылося раней, занадта на яго ўздзейнічала.
– Я Элдан Разэн, – патлумачыў ён Рыку, калі яны паціскалі рукі. – Слухай, Дэкарт; ты ж разумееш, што на Зямлі ў нас няма ніякай вытворчасці? Мы не можам проста затэлефанаваць уніз у цэх і папрасіць, каб нам нешта прынеслі; гэта не значыць, што мы не маем намеру ці не жадаем з вамі супрацоўнічаць. Як бы там ні было, я зрабіў усё, што мог, – яго левая рука з дрыготкай прайшлася па рэдкім валоссі.
Паказаўшы на свой службовы партфель, Рык сказаў:
– Я гатовы пачаць.
Нервовасць старэйшага Разэна падмацоўвала яго ўласную ўпэўненасць. “Элдан баіцца мяне, – раптоўна зразумеў ён. – І Рэйчал таксама. Я, магчыма, мог бы забараніць вытворчасць Нэксус-6; тое, што я зраблю ў бліжэйшую гадзіну, паўплывае на іх бізнес. Магчыма, гэта вызначыць будучыню карпарацыі Разэн у Злучаных Штатах, у Расіі і на Марсе.”
Два чальцы сям’і Разэн насцярожана вывучалі яго, і ён адчуваў холад у іх паводзінах; ён прынёс ім пустэчу, калі прыйшоў сюды, уварваўся з прывідам бездані хуткай эканамічнай смерці. Яны маюць празмерную ўладу, падумаў ён. Карпарацыю лічаць адным са слупоў індустрыі; вытворчасць андроідаў, як вядома, звязана з праграмай каланізацыі настолькі шчыльна, што, калі ператворыцца на руіны адно, знікне і другое. У карпарацыя Разэн, канешне ж, выдатна гэта разумелі. Элдан Разэн відавочна ўсведамляў гэта яшчэ падчас званка Гэры Браянта.
– На вашым месцы я б хваляваўся, – сказаў Рык, калі двое Разэнаў вялі яго ўніз па моцна асветленым калідоры. Ён сам пачуваўся задаволеным. Гэты момант найбольш з якіх іншых, якія ён потым узгадваў, падабаўся яму. Хутка яны даведаюцца, на што здольныя апараты да тэставання – і на што не. – Калі вы не маеце даверу да шкалы Войта-Кампфа, – заўважыў ён, – магчыма, ваша карпарацыя магла б распрацаваць альтэрнатыўны тэст. Можам, канешне, наконт гэтага паспрачацца, але частка адпавядальнасці ляжыць і на вас. Так, дзякуй.
Разэны вывелі яго з калідора ў шыкоўную гасцёўню, напоўненую кубічнай мэбляй, з дыванамі, лямпамі, канапай і сучаснымі невялікімі столікамі, на якіх ляжалі свежыя часопісы… уключна, ён заўважыў, з лютаўскім дадаткам да каталога з Сіднэя, якога ён уласнаруч яшчэ не бачыў. Насамрэч, лютаўскі дадатак павінен быў выйсці толькі праз тры дні. Відавочна, што карпарацыя Разэн мела асаблівыя адносіны з Сіднэем.
Раздражнёны, ён узяў у рукі дадатак:
– Гэта парушэнне грамадскага даверу. Ніхто не павінен загадзя атрымоўваць інфармацыю аб змене коштаў.
Па сутнасці, гэта магло парушаць федэральныя законы; ён паспрабаваў узгадаць адпаведны артыкул, але не здолеў.
– Гэта я забяру з сабой, – сказаў ён, адчыніў партфель і паклаў дадатак туды.
Пасля некалькіх секунд цішыні, Элдан Разэн сказаў са стомленасцю ў голасе:
– Разумееце, афіцэр, палітыкай нашай кампаніі ніколі не было прасіць загадзя…
– Я не праваахоўнік, – перабіў Рык, – а паляўнічы за галовамі.
Са свайго партфеля ён дастаў прылады для тэсту Войта-Кампфа, сеў за бліжэйшы кафейны столік з чырвонага дрэва і пачаў злучаць адносна простыя часткі паліграфа.
– Можна запрашаць першага, хто будзе праходзіць тэст, — паведаміў ён Элдану Разэну, які цяпер выглядаў яшчэ больш знясіленым, чым раней.
– Я б хацела паглядзець, – сказала Рэйчал, сядаючы побач. – Ніколі не бачыла, як праводзяць тэст на спагаду. Што вымяраюць гэтыя прылады?
Рык сказаў:
– Гэта, – ён падняў плоскі клейкі дыск са звісаючымі з яго правадамі, – вымярае пашырэнне капіляраў у вобласці твару. Мы ведаем, што гэта будзе першасная некантраляваная рэакцыя, такая, як ‘сорам” ці ‘пачырваненне’ у адказ на нешта, што супярэчыць маральным устаноўкам. Яе не можна кантраляваць наўмысна, як змену тэмпературы, дыханне і кардыярытм.
Ён паказаў ёй наступную прыладу, ліхтар, формай падобны на аловак.
– Гэта запісвае змены напружання ў мышцах вока. Адначасова з пачырваненнем, як правіла, заўважаецца невялікі, але вымяральны рух.
– У андроідаў такога няма, – сказала Рэйчал.
– Яны не рэагуюць на стымулы-пытанні. Хаця біялагічна яны жывыя істоты. Нібы.
Рэйчал сказала:
– Давайце пачнём тэст.
– Што? – запытаўся Рык, здзіўлены.
Элдан Разэн сказаў хрыпла:
– Мы выбралі яе як ваш першы суб’ект. Можа, яна андроід. Мы спадзяёмся, што вы гэта вызначыце, – ён няўклюдна сеў, дастаў цыгарэту, запаліў і пачаў неадрыўна пазіраць.