Ці мараць андроіды пра электрычных авечак? - 9. ДЗЕВЯЦЬ
ДЗЕВЯЦЬ
У велізарным кітовым чэраве сталі і каменя, высечаным так, каб утварыўся і прастаяў стагоддзі оперны тэатр, Рык Дэкард трапіў на шумнае, падоўжанае рэхам, часам крыху недарэчнае гучанне, якое было рэпетыцыяй. Ён пазнаў музыку, як толькі ўвайшоў: ‘Чароўная флейта’ Моцарта, апошнія сцэны першага акта. Рабы маўра – інакш кажучы, хор – пачалі спяваць сваю песню на такт раней, што сапсавала просты рытм чароўных званочкаў.
Якая асалода; ён любіў ‘Чароўную флейту’. Ён уладкаваўся у мяккім круглым крэсле (ніхто яго не заўважыў). Цяпер Папагено ў сваім фантастычным строі з пер’я птушак далучыўся да Паміны, каб праспяваць словы, ад якіх у вачах у Рыка заўсёды выступалі слёзы, калі ён узгадваў іх.
Könnte jedar brave Mann
solche Glöckchen finden,
eine Feinde würden dann
ohne Muhe schwinden.
“Дык вось, – падумаў Рык, – у рэальным жыцці не існуе такіх чароўных званочкаў, пасля якіх вораг бясследна знікае. Шкада. І Моцарт неўзабаве пасля заканчэння Чароўнай Флейты памёр. Яму было крыху за 30 – ад хваробы нырак. І быў пахаваны ў безыменнай магіле для беднякоў.”
Яму стала цікава, ці было ў Моцарта прадчуванне, што будучыні не існуе, што ён ужо амаль выкарыстаў адведзены яму невялікі прамежак часу. “Можа, і я свой амаль выкарыстаў, – падумаў Рык, назіраючы, як ідзе далей рэпетыцыя. – Рэпетыцыя скончыцца, канцэрт скончыцца, спевакі памруць, апошні запіс музыкі будзе знішчаны тым ці іншым шляхам; імя ‘Моцарт’ знікне, пыл пераможа. Калі не на гэтай планеце, дык на іншай. Мы можам некаторы час унікаць яго. Як андры могуць пазбягаць мяне і існаваць крыху даўжэй. Але ўсё роўна іх знайду я ці іншы паляўнічы за галовамі. У нейкім сэнсе я, – зразумеў ён, – з’яўляюся часткай працэсу энтрапіі, які разбурае форму. Карпарацыя Разэн стварае, а я разбураю. Ва ўсякім разе так ім павінна здавацца.”
На сцэне Папагено і Паміна пачалі дыялог. Ён прымусіў думкі выплыць з прорвы самааналізу, каб паслухаць.
Папагено: “Маё дзіця, што мы цяпер скажам.”
Паміна: “…праўду. Вось тое, што мы скажам.”
Рык выцягнуўся наперад і нахіліўся, каб лепей разгледзець Паміну ў яе цяжкім, нагрувашчаным адзенні, з каптуром, які спадаў вуаллю на плечы і твар. Зверыўся з запісамі, потым, задаволены, адкінуўся на крэсла. “Цяпер я бачу свайго трэцяга андроіда Нэксус-6, – усвядоміў ён. – Гэта Люба Люфт. Якая іронія, што ў яе такая чуллівая роля. Аднак якім бы жвавым і прыгожым ні быў збеглы андроід, ён наўрад ці паведаміць мне праўду; прынамсі не пра самога сябе.”
На сцэне спявала Люба Люфт, і ён захапіўся прыгажосцю яе голасу; голас дакладна быў адным з найлепшых, нават у параўнанні з тымі знакамітасцямі, чыё выкананне ён адабраў у сваю калекцыю запісаў. Карпарацыя Разэн добра яе зрабіла, пагадзіўся ён. І зноў у яго з’явілася адчуванне сябе як часткі вечнасці – формаразбуральніка, выкліканае тым, што ён чуў і бачыў тут. “Магчыма, чым лепей яна функцыянуе, тым лепей спявае, і тым болей запатрабаваныя мае здольнасці. Калі б андроіды заставаліся паўразумнымі, як старажытны q-40s, зробленыя карпарацыяй Дэрыян – не было б патрэбы ў такіх, як я. Трэба падумаць, калі я зраблю гэта, – сказаў ён самому сабе. – Пры першай жа магчымасці. У канцы рэпетыцыі, калі яна пойдзе ў сваю грымёрную.”
Пасля акту рэпетыцыя была часова скончана. “Яна працягнецца, – сказаў дырыжор па-англійску, французску і нямецку, – праз паўтары гадзіны”. А потым сышоў; музыкі пакінулі свае інструменты і таксама сышлі. Рык устаў і прайшоў за кулісы да грымёрных; ён рухаўся за плынню людзей. У яго быў час падумаць. “Так будзе лепей – адразу пакончыць з усім. Змарнаваць як мага меней часу на тэсты і пытанні. Як толькі ўпэўнюся…” – але тэхнічна ён не мог быць пэўны, пакуль не правядзе тэст. “Можа, Дэйв памыліўся наконт яе, – дапускаў ён. – Спадзяюся, што так.” Але ён у гэтым сумняваўся. Яго прафесійнае пачуццё ўжо падсвядома адрэагавала. А пакуль што ён ніколі не памыляўся… за ўсе гады працы ў дэпартаменце.
Ён спыніў працаўніка сцэны і запытаўся, дзе грымёрная Любы Люфт; працаўнік ў макіяжы і ўбранні егіпецкага капейшчыка паказаў, куды ісці. Рык стаў перад патрэбнымі дзвярамі, прачытаў на прымацаваным аркушу напісаныя атрамантам словы ‘Міс Люфт. Не перашкаджаць.’, і пагрукаў.
– Уваходзьце.
Ён увайшоў. Дзяўчына сядзела за туалетным столікам. Зашмальцаваная нотная кніга ляжала, адкрытая, на яе каленях, а яна асадкай рабіла пазнакі. На ёй па-ранейшаму былі грым і касцюм, акрамя каптура, які яна павесіла побач на стойку.
– Слухаю, – сказала яна, падымаючы галаву. Грым павялічыў яе вочы; вялізныя і карыя яны адразу ўтаропіліся ў яго, і яна іх не адводзіла. – Я занятая, як бачыце.
У яе англійскай не было і следу акцэнту.
– Вам пасуе болей, чым дзяўчатам Шварцкопф на плакатах, – сказаў Рык.
– Хто вы?
У яе голасе была халодная стрыманасць – і той іншы холад, які ён чуў у галасах шмат якіх андроідаў. Заўсёды адно і тое ж: звышінтэлект, здольнасць да вялікіх дасягненняў, але таксама гэта. Яму было шкада. Але ўсё ж інакш ён бы не змог іх адсочваць.
– Я з Дэпартамента Паліцыі Сан Францыска, – сказаў ён.
– Што? – яе вялізныя вочы не міргнулі, не адрэагавалі ніяк. – Што вас сюды прывяло? – яе тон, на дзіву, захоўваў ветлівасць.
Ён сеў у бліжэйшае крэсла і расшпіліў партфель.
– Мяне накіравалі сюды, каб я выканаў стандартную адміністратыўную працэдуру – правёў профільны тэст асобы. Зойме ўсяго некалькі хвілін.
– А гэта неабходна? – яна паказала рукой на нотную кнігу. – У мяне столькі працы…
Цяпер яна пачала выглядаць занепакоенай.
– Так, неабходна.
Ён дастаў прылады для тэста Войта-Кампфа і пачаў іх усталёўваць.
– Тэст IQ?
– Не. Спагады.
– Мне трэба апрануць акуляры.
Яна пацягнулася, каб адчыніць шуфлядку свайго туалетнага століка.
– Калі вы здольная разлічаць аб’екты без акуляраў, мы можам пачаць тэст. Я пакажу вам некалькі малюнкаў і задам некалькі пытанняў. Такім чынам… – ён падняўся, падышоў бліжэй, і, схіліўшыся, прыціснуў клейкі дыск з датчыкамі да яе моцна нафарбаванай шчакі. – Яшчэ святло, – сказаў ён, рэгулюючы вугал ліхтара-алоўка. – Цяпер усё.
– Вы думаеце, што я андроід? У гэтым справа? – яе голас станавіўся цішэйшым, ледзь чутным. – Я не андроід; я нават на Марсе ніколі не была; я ніколі не бачыла андроіда! – яе падоўжаныя вейкі мімаволі ўздрыгнулі; ён бачыў, што яна намагаецца захаваць спакой. – Думаеце, што сярод артыстаў ёсць андроід? Я магла б дапамагчы вам. Але калі б я была андроідам, ці прапанавала б я сваю дапамогу?
– Андроіду, – сказаў ён, – было б усё роўна, што здарыцца з іншым андроідам. Гэта адна з прыкмет, на якія мы звяртаем увагу.
– Тады, – сказала Люба Люфт, – вы, пэўна, і ёсць андроід.
Ён застыў; цяпер ён утаропіўся ў яе.
– Бо, – працягнула яна, – ваша праца – іх забіваць, так? Вы – той, каго называюць… – яна спрабавала ўзгадаць.
– Паляўнічы за галовамі, – падказаў Рык. – Але я не андроід.
– Той тэст, якім вы хочаце выпрабаваць мяне, – яе голас пачаў паходзіць на ранейшы. – Вы самі яго праходзілі?
– Так, – ён кіўнуў. – Даўно, вельмі даўно таму; калі я толькі пачаў працаваць.
– Можа, гэта несапраўдныя ўспаміны. Хіба андроідаў часам не ствараюць з несапраўднымі ўспамінамі?
Рык сказаў:
– У паліцыі захаваліся запісы майго тэста. Ён абавязковы.
– Можа, аднойчы вы забілі чалавека, які быў вельмі падобны на вас, і занялі яго месца. І ў паліцыі нічога не падазраюць, – яна ўсміхнулася, нібы запрашаючы яго пагадзіцца.
– Давайце пачынаць тэст, – сказаў ён, праглядаючы аркушы з пытаннямі.
– Я згодная прайсці тэст, – сказала Люба Люфт, – калі спачатку яго пройдзеце вы.
І зноў ён утаропіўся ў яе, застылы на месцы.
– Хіба так не будзе сумленна? – спытала яна. – Тады я буду ў вас упэўненая. Я не ведаю; вы выглядаеце такім незвычайным, і моцным, і дзіўным, – яна ўздрыгнула, а потым зноў усміхнулася. З надзеяй.
– Вы не зможаце праводзіць тэст Войта-Кампфа. Для гэтага патрэбны значны досвед. Цяпер, калі ласка, слухайце ўважліва. Пытанні датычацца сітуацый, у якія вы можаце трапіць; усё, што мне патрэбна ад вас – гэта адказ, што вы зробіце. І адказ патрэбны так хутка, як толькі магчыма. Адзін з паказчыкаў, на якія я буду звяртаць увагу – гэта затрымка ў часе, калі яна адбудзецца.
Ён выбраў першае пытанне:
– Вы глядзіце тэлевізар і раптам адчуваеце, што па вашым запясці паўзе аса.
Ён зірнуў на гадзіннік, каб палічыць секунды. І праверыў, таксама, дзве стрэлкі.
– Што такое аса? – спыталася Люба Люфт.
– Жалячае насякомае, якое лётае.
– О, як дзіўна, – яе велізарныя вочы ў дзіцячым здзіўленні павялічыліся яшчэ болей, нібы яна пачула адказ на адну з невырашальных загадак сусвету. – Яны яшчэ існуюць? Ніколі ніводнай не бачыла.
– Яны вымерлі з-за пылу. Вы сапраўды не ведаеце, што такое аса? Яны, пэўна, яшчэ жылі, калі вы нарадзіліся, бо мінула ўсяго…
– Скажыце, як гэта будзе па-нямецку.
Ён спрабаваў узгадаць, але не мог.
– Ваша англійская ідэальная, – сказаў ён, злосны.
– Мой акцэнт, – паправіла яна, – ідэальны. І павінен такім быць для роляў Пурцэла, Уолтана і Вона Уільямса. Але слоўнікавы запас у мяне не такі вялікі.
Яна сарамліва зірнула на яго.
– Wespe, – сказаў ён, узгадаўшы нарэшце.
– Дакладна. Eine Wespe, – яна засмяялася. – А якое было пытанне? Я ўжо і забылася.
– Давайце паспрабуем іншае пытанне, – немагчыма атрымаць разумны адказ. – Вы глядзіце старое кіно па тэлевізары, кіно з даваенных часоў. Адбываецца банкет, і ежа… – ён прапусціў першую частку пытання, – складаецца з варанага сабакі, фаршыраванага рысам.
– Ніхто не забівае катоў і сабак, – сказала Люба Люфт. – Яны каштуюць неверагодна шмат. Але, думаю, там імітацыя сабакі; ersatz. Так? Такая, якую робяць з правадоў і акумулятараў; іх немагчыма есці.
– Час да вайны, – прашаптаў ён.
– Я яшчэ не нарадзілася.
– Але вы бачылі старыя фільмы па тэлевізары.
– Кіно рабілі на Філіпінах?
– Што?
– Бо, – сказала Люба Люфт, – варанага сабаку з рысам гатавалі на Філіпінах. Я недзе чытала.
– Але мне патрэбны ваш адказ, – сказаў ён. – Натуральная, эмацыйная, маральная рэакцыя.
– Наконт кіно? – яна задумлаася. – Я б пераключыла канал на Бастара Сяброўскі.
– Чаму вы б пераключылі канал?
– Ну, – сказала яна рэзка, – якога чорта хто-небудзь захоча глядзець старое кіно з Філіпін? Што ўвогуле калі здаралася на Філіпінах, акрамя Батаанскага маршу смерці? – яна глянула на яго абурана. Стрэлкі хісталіся ва ўсе бакі.
Пасля паўзы ён сказаў асцярожна:
– Вы здымаеце домік у гарах.
– Ja, – яна кіўнула. – Давайце далей; я ўся ў чаканні.
– У пракаветнай мясцовасці.
– Гэта якой? – яна заціснула мочку вуха. – Першы раз чую гэта слова.
– Такой, дзе па-ранейшаму растуць дрэвы і хмызнякі. Гэта просты драўляны домік з вялікім камінам. На сцены нехта наклеіў старыя мапы, выдавецтва Курыер і Іўс, а над камінам вісіць галава аленя, гэта самец з вялікімі рагамі. Вы і вашы сябры ў захапленні ад дэкору доміка, і…
– Я не ведаю, што значыць ‘Курыер’, ‘Іўс’ і ‘дэкор’, – сказала Люба Люфт; яна, аднак, нібы сапраўды прыкладала намаганні, каб зразумець словы. – Стойце, – яна падняла руку з выразам шчырасці на твары. – Рыс, як у сабакі. Курыер – гэта тое, што дадаецца ў рыс. Гэта карры па-нямецку.
Ён ніяк не мог зразумець, ці гульня са словамі Любы Люфт была наўмыснай. Пасля хвіліны роздумаў, вырашыў паспрабаваць іншае пытанне; а што яму яшчэ заставалася?
– Вы былі на спатканні з мужчынам, – сказаў Рык, – і ён запрашае вас да сябе. Вы зайшлі…
– O nein, – перарвала Люба. – Я б не зайшла. Лёгкае пытанне.
– Гэта яшчэ не пытанне!
– Вы выбралі няправільнае пытанне? Але я не разумею; чаму пытанне, на якое я магу адказаць – няправільнае? Хіба я нечага не разумею? – яна нервова задрыжала і зняла са шчакі клейкі дыск. Той упаў на падлогу, падскочыў і пакаціўся пад туалетны столік. – Ach Gott, – яна прамармытала, схіляючыся, каб знайсці яго. Раздаўся гук, з якім ірвецца тканіна. Яе неверагодны касцюм.
– Я падыму, – сказаў ён і далікатна адсунуў яе ў бок. Стаў на калені і мацаў падлогу пад туалетным столікам, пакуль не знайшоў дыск.
Калі ён падняўся, то ўбачыў накіраваную у твар рулю лазернай трубкі.
– Вашы пытанні, – сказала Люба Люфт рэзкім, афіцыйным тонам, – пачалі датычыцца сэксу. Я так і думала. Вы не з паліцыі; вы сэксуальны вычварэнец.
– Можаце праверыць маё пасведчанне.
Ён пацягнуўся да кішэні ў паліто. Яго рука, ён заўважыў, зноў пачала трэсціся, як было падчас бойкі з Полакавым.
– Калі вы паспрабуеце што дастаць, – сказала Люфа Люфт, – я заб’ю вас.
– Вы заб’яце па-любому.
Ён падумаў, як бы ўсё магло быць, калі б ён папрасіў Рэйчал Разэн далучыцца да яго. Ну, нічога ўжо не зробіш.
– Хачу паглядзець, якія пытанні ў вас засталіся, – яна выцягнула руку, і ён з палёгкай перадаў ёй аркушы. – ‘Вы гартаеце часопіс і заўважаеце вялікі каляровы здымак аголенай дзяўчыны.’ Ага, так я і думала. ‘Вы зацяжарылі ад чалавека, які абяцаў ажаніцца з вамі. Ён сыходзіць да іншай жанчыны, вашай лепшай сяброўкі; вы робіце аборт.’ Тэма вашых пытанняў адна і тая ж. Я выклікаю паліцыю.
Трымаючы лазерную трубку скіраванай на яго, яна прайшла ў іншы канец пакоя, уключыла відэафон і набрала аператара.
– Злучыце мяне з Дэпартаментам Паліцыі Сан Францыска, – сказала яна. – Мне патрэбны дзяжурны паліцэйскі.
– Тое, што вы робіце, – сказаў Рык з палёгкай, – найлепшая ідэя з магчымых.
Аднак яму падавалася дзіўным, што Люба Люфт вырашыла так зрабіць; чаму яна проста не забіла яго? Калі прыедзе патрульны, шанца ў яе болей не будзе, і ўсё пойдзе па яго сцэнары.
Пэўна, яна думае, што яна чалавек. Так, яна не ведае.
Некалькі хвілін пасля, падчас якіх Люба ўважліва сачыла за ім, не апускаючы лазерную трубку, з’явіўся дужы, падобны на быка паліцэйскі ў архаічнай сіняй форме з зоркай і пісталетам.
– Добра, – адразу сказаў патрульны Любе. – Пакладзіце вашу зброю.
Яна паклала на стол лазерную трубку, ён падняў яе і павярнуў, каб праверыць, ці мела яна зарад.
– Што тут адбылося? – спытаўся ён у яе. Да таго, як яна паспела адказаць, ён павярнуся да Рыка. – Хто вы? – пацікавіўся ён.
Люба Люфт сказала:
– Ён прыйшоў у маю грымёрную; я першы раз у жыцці яго бачу. Ён удаваў, што праводзіць апытанку ці нешта падобнае і хоча запісаць мае адказы; я думала, што ўсё добра, і пагадзілася, а потым ён пачаў казаць непрыстойнасці.
– Пакажыце ваша пасведчанне, – звярнуўся бык да Рыка, выцягваючы руку.
Рык, пакуль даставаў гаманец, сказаў:
– Я – паляўнічы за галовамі пры дэпартаменце.
– Усіх паляўнічых за галовамі я ведаю, – сказаў бык, вывучаючы пасведчанне. – Дэпартамент у Сан Францыска?
– Інспектар Гэры Браянт – мой начальнік, – сказаў Рык. – Я працую над справай Дэйва Холдэна, пакуль ён у шпіталі.
– Як я ўжо сказаў, я ведаю ўсіх паляўнічых за галовамі, – працягнуў бык. – А пра вас ніколі не чуў.
Ён вярнуў Рыку пасведчанне.
– Патэлефануйце інспектару Браянту, – папрасіў Рык.
– Не ведаю ніякага інспектара Браянта, – адказаў патрульны.
Рык зразумеў, што адбываецца.
– Ты андроід, – сказаў ён быку. – Як міс Люфт.
Ён падышоў да відэафона і падняў слухаўку.
– Я патэлефаную ў дэпартамент.
Яму было цікава, ці паспее ён шмат зрабіць да таго, як андроіды яго спыняць.
– Нумар, – пачаў бык. – Такі…
– Я ведаю нумар.
Рык датэлефанаваўся да паліцэйскага аператара.
– Злучыце мяне з інспектарам Браянтам, – сказаў ён.
– Вашае імя, калі ласка.
– Рык Дэкард.
Ён чакаў. Тым часам, далей у пакоі бык запісваў паказанні Любы Люфт; ніхто з іх дваіх не звяртаў на яго ўвагі.
Праз імгненне твар Гэры Браянта з’явіўся на экране.
– Што ў цябе? – спытаў твар у Рыка.
– Бяда, – адказаў Рык. – Адзін з гэтых са спіса Дэйва здолеў выклікаць так званага патрульнага. У мяне не атрымоўваецца даказаць яму, хто я ёсць; ён сцвярджае, што ведае ўсіх паляўнічых за галовамі ў дэпартаменце і ніколі не чуў пра мяне, – і дадаў: – І пра цябе ніколі не чуў.
Браянт сказаў:
– Дай мне яго.
– Інспектар Браянт жадае з вамі пагутарыць, – Рык працягнуў слухаўку. Бык перастаў задаваць пытанні міс Люфт і падышоў да яго.
– Афіцэр Крамс, – выразна сказаў бык. Паўза. – Алё? – ён слухаў, потым яшчэ некалькі разоў сказаў ‘алё’ і павярнуўся да Рыка. – Нікога на лініі. І на экране, – ён паказаў пальцам на экран, і Рык убачыў, што той пусты.
Рык забраў слухаўку ў быка і выгукнуў у яе:
– Містар Браянт? – ён пачакаў; нічога. – Я патэлефаную ізноў.
Ён выключыў відэафон, пачакаў, потым зноў набраў знаёмы нумар. Выклік ішоў, але ніхто не адказваў. Яны чакалі.
– Дазвольце мне, – сказаў афіцэр Крамс, беручы слухаўку з рук Рыка. – Вы, пэўна, памыліліся нумарам, – ён пачаў выклік. – Нумар 842…
– Я ведаю нумар, – перабіў Рык.
– Тэлефануе афіцэр Крамс, – сказаў бык у слухаўку. – У дэпартаменце працуе інспектар Браянт? – кароткая паўза. – А што наконт паляўнічага за галовамі з імем Рык Дэкард? – зноў паўза. – Вы ўпэўнены? А можа, гэта было да таго – так, разумею, добра, дзякуй. Не, усё пад кантролем.
Афіцэр Крамс скончыў размову і павярнуўся ўсутыч да Рыка.
– Я з ім размаўляў, – сказаў Рык. – Я чуў яго; ён сказаў перадаць вам слухаўку. Пэўна, штосьці з тэлефонам; недзе перарвалася сувязь. Хіба вы не бачылі – твар Браянта з’явіўся а экране, а потым знік.
Ён пачуваўся збянтэжаным.
Афіцэр Крамс сказаў:
– У мяне ёсць паказанні міс Люфт, Дэкард. Давайце пойдзем у Дом Правасуддзя, дзе я змагу пачаць вашу справу.
– Добра, – адказаў Рык. І звярнуўся да Любы Люфт: – Я хутка вярнуся, каб скончыць тэст.
– Ён вычварэнец, – сказала Люба Люфт афіцэру Крамсу. – У мяне ад яго дрыжыкі.
Яна перасмыкнула плячыма.
– Якую оперу вы ставіце? – запытаў яе афіцэр Крамс.
– Чароўная флейта, – сказаў Рык.
– Я не вас пытаюся, а яе, – бык непрыязна зірнуў на яго.
– Хачу патрапіць у Дом Правасуддзя як мага хутчэй, – сказаў Рык. – Каб усё высветлілася.
Прыціснуўшы да сябе партфель, ён пачаў рухацца да дзвярэй грымёрнай.
– Спачатку я вас абшукаю, – афіцэр Крамс спрытна прагледзеў яго рэчы, засяродзіўся на службовым пісталеце і лазернай трубцы. І тое і тое ён старанна вывучыў, нават панюхаў дула пісталета.
– З яго нядаўна стралялі, – сказаў патрульны.
– Сёння я выключыў андра, – адказаў Рык. – Яго рэшткі дагэтуль ў маім аўто на даху.
– Цікава, – сказаў афіцэр Крамс. – Пойдзем паглядзім.
Міс Люфт праводзіла іх да дзвярэй і запытала:
– Ён больш не вернецца, афіцэр? Я вельмі яго баюся; ён вусцішны.
– Калі ў яго аўто труп, – сказаў Крамс, – ён дакладна не вернецца.
Ён злёгку штурхнуў Рыка, каб той ішоў перад ім. Удваіх на ліфце яны падняліся на дах опернага тэатра.
Афіцэр Крамс адкрыў дзверы аўто Рыка і моўчкі агледзеў цела Полакава.
– Андроід, – сказаў Рык. – Мяне паслалі па яго. Ён амаль забіў мяне, бо ўдаваў, што…
– Вашы паказанні запішуць у Доме Правасуддзя, – перабіў афіцэр Крамс. Ён штурхнуў Рыка ў бок запаркаванага паліцэйскага аўто з адпаведнымі пазнакамі; там, па паліцэйскаму радыё, бык перамовіўся з кімсьці наконт Полакава. – Добра, Дэкард, – сказаў ён, калі выключыў радыё. – Едзьма.
З імі двума на борце патрульны аўтамабіль узляцеў з даху і накіраваўся на поўдзень.
Нешта, адчуў Рык, было не так. Афіцэр Крамс вёў аўто ў памылковым кірунку.
– Дом Правасуддзя, – сказаў Рык, – на поўначы, вуліца Ломбард.
– Там стары будынак Дома Правасуддзя, – адказаў афіцэр Крамс. – Новы – на вуліцы Місіі. Стары распадаецца на часткі; гэта руіны, закінутыя шмат гадоў таму. Хіба столькі часу прайшло пасля вашага мінулага арышту?
– Адвязіце мяне туды, – сказаў Рык, – на вуліцу Ломбард.
Цяпер ён усё зразумеў; чаго андроіды, працуючы разам, змаглі дасягнуць. Ён не перажыве гэту паездку; для яго яна будзе ў адзін канец, як гэта амаль сталася для Дэйва.
– Тая дзяўчына – гэта нешта, – сказаў афіцэр Крамс. – Канешне, у тым касцюме цяжка разгледзець фігуру. Але я б паставіў на тое, што яна чартоўскі добрая.
Рык сказаў:
– Прызнайцеся, што вы андроід.
– Што? Я не андроід. Дык вы гэтым займаецеся – забіваеце навокал людзей, кажучы сабе, што яны андроіды? Разумею, чаму спужалася міс Люфт. Яна зрабіла слушна, што патэлефанавала ў паліцыю.
– Тады адвязіце мяне ў Дом Правасуддзя на вуліцы Ломбард.
– Як я ўжо сказаў…
– Гэта зойме не больш за тры хвіліны, – працягнуў Рык. – Я хачу яго ўбачыць. Штодзень я прыходжу туды на працу; я хачу ўпэўніцца, што будынак закінуты, як вы кажаце.
– Можа, вы андроід, – адказаў афіцэр Крамс. – З несапраўднай памяццю, якую вам далі. Думалі ўжо пра гэта? – ён халодна ўхмыльнуўся і працягнуў ехаць на поўдзень.
Усведамляючы сваю паразу, Рык адкінуўся на спінку сядзення. І безнадзейна чакаў, што будзе далей. Што б ні планавалі андроіды, ён быў цалкам пад іх уладай.
“Але я адолеў аднаго з іх, – сказаў ён сабе. – Полакава. А Дэйв – двух”.
Унізе была вуліца Місіі. Паліцэйскі аўтамабіль Крамса пачаў зніжацца, рыхтуючыся да прызямлення.