А вецер спяваў - А вецер спяваў
Вецер ласкава дзьмуў з поўначы. Нават не дзьмуў. Гэта было слабым подыхам, ледзь кранаючым верхавіны белых акацый. Лёгкім, нябачным рухам калыхнуў ён клёны, весела прабег па кожнаму лісточку ліп, несучы неймаверны кактэйль: скошанай травы, садовых руж, простых палявых кветак і зусім невядома адкуль прынёс ён водар ванілі і карыцы. Удалечыні зіхацела гладкая паверхня рачулкі, якая ляніва агінала невялікі астравок са старым каменем і адзінай бярозкай на ім. А за ракою, наколькі хапала позірку, раскінуліся лугі, такія ж роўныя і гладкія, якой цяпер выглядала рака. Так жа ляніва па лугах прабягалі хвалі ветру. Зусім блізка, у траве, на сотню галасоў скрыпелі конікі. Яны весела гралі свае асабістыя партыі ў неймаверным канцэрце гукаў.
Ля самага берагу, на пяску, сядзеў Ён і неадрыўна глядзеў удалечыню. Зусім сівая галава злёгку трэслася, але позірк быў цвёрдым і свяціўся розумам, наколькі гэта магчыма ў семдзесят з лішнім. На Ім была лёгкая кашуля з заблытаным малюнкам і шэрыя, ледзь прымятыя штаны. Дзве жоўтыя маршчыністыя рукі ляжалі на каленах без руху. Гэта было Ягонае любімае месца, і сюды ён прыходзіў кожны дзень на працягу ўжо месяца. Сядзеў на пяску, думаў і глядзеў так, як і цяпер, у неабсяжныя далі блакітнага неба. І як звычайна, яму прыйшла думка, якая заўсёды прыходзіла, калі навокал усё было маладым і прыгожым. «Так, я пастарэў, —ляніва, але з усё большым сумам думаў Ён, — я пастарэў. І не проста пастарэў, я цяпер стары трухлявы мяшок з касцямі. Я нават не магу дапамагчы сыну рамантаваць машыну. — Ён прыгадаў, як у тым месяцы, калі Яго наведаў сын, з-за сваёй старыкоўскай нязграбнасці абярнуў чамадан з інструментамі, а пасля праліў масла з маслёнкі на кашулю сына. — Я наогул ні на што не здольны. Толькі сяджу ў гэтым закутку і трухлею. Хвіліна за хвілінаю, дзень за днём…» Ён падняўся і падышоў да рачулкі. У вадзе добра адлюстроўваўся яго твар. Яго перакрыўлены, зморшчаны, як сухі лімон, твар з рэдкімі сівымі брывамі і гарбатым носам. Плюнуўшы ў гэтае страшыдла, Ён адышоў ад вады і сеў на ранейшае месца.
«Чаму? Чаму нельга вярнуць мінулага, адвярнуць стрэлкі гадзінніка? — думаў Ён. — Так жа прыемна быць маладым! — Ён сам ледзь памятаў, як гэта прыемна. І ад таго, што не памятаў, Ён раззлаваўся на сябе яшчэ больш. — Якім жа ідыётам можа быць чалавек? Сядзець днямі і марыць аб тым, што ўжо не вярнуць. Не вярнуць!» — ледзь не выкрыкнуў Ён. Камяк падступіў да горла, і Ён уткнуў твар у пясок. І Ён не змог спыніць слёз. І Ён плакаў доўга, доўга, доўга, і ласкавы вецер спяваў сваю неназойлівую песню над Яго галавой.
Зусім блізка ад Яго зашамацеў пясок. Дробныя крокі спыніліся ў паўметры ад Ягонай галавы. Ён нават не адрываў галавы ад зямлі, але адразу зразумеў, што гэта была Яна. Жанчына прысела каля Яго і абняла свае калены, а Ён змахнуў апошнюю слязу і прытуліў да сябе адзінага блізкага чалавека. Яна ні пра што не пытала — ўсё зразумела, а Ён баяўся зазірнуць Ёй у вочы, каб не ўбачыць тое, што звычайна бачыў кожны дзень: сухі твар, увесь у маршчынах, заблытаныя белыя валасы, жоўтыя бялкі вачэй, бяскроўныя вусны. «Ці такой Яна была, — думаў Ён і злёгку гладзіў Яе плячо. — Не! Пяцьдзясят гадоў таму Яна была іншай.» Так, у шаснаццаць Яна была іншай. Каляровыя фотаздымкі яскрава сведчаць аб гэтым. На іх яна маладая, стройная, носіць белыя джынсы, што абцягваюць сцёгны, у Яе густыя валасы і прямяністая ўсмешка. Але ўсё гэта растварылася ў Часе — сквапнай істоце, якая толькі і робіць, што паглынае людзей.
Сонейка садзілася, разліваючы па палях усе адценні чырвонага. Сціхлі конікі, і толькі раз на раз галасістыя цвыркуны сакаталі ў надыходзячай цемры. Вось па-над галавой ужо зазіхацелі першыя зоркі, а Яны ўсё сядзелі і маўчалі. І кожны ўспамінаў сваё мінулае жыццё, але ніхто не выдаваў ні гуку. У адзін момант Яны ўспомнілі адно і тое ж, адзін і той жа віхар думак узняўся ў Іх і звязаў у адзінае. Два чалавекі цяпер мелі адзіны мозг і адзіныя думкі. Яны ўспаміналі падарожжа да Рагвалодава камяня дваццаць гадоў таму. Успаміналі вяселле сына трыццаць гадоў таму, ягоны дзень нараджэння пяцьдзясят гадоў таму, і тую папойку, якую ён зладзіў з гэтай нагоды, і сваіх сяброў, і сваё вяселле… Упершыню за гэтыя некалькі гадзін Ён паглядзеў на жонку. Іх вочы сустрэліся і нешта новае, да таго невядомае, Ён убачыў у гэтых вачах, і сам воблік жанчыны змяніўся нябачна для Яго. І яны ўспаміналі сваё жыццё доўга, доўга, доўга…
На наступны дзень нейкі чалавек знайшоў на беразе ракі два целы: Яго і Яе. Абаім было не больш шаснаццаці. Яны моцна трымаліся за рукі і ўсміхаліся.
А вецер усё шамацеў і шамацеў сваю простую песню, несучы невядома адкуль водар ванілі, карыцы і ладану.