Летуценны пошук дзівоснага Кадата - Летуценны пошук дзівоснага Кадата
Летуценны пошук дзівоснага Кадата
Говард Філіпс Лавкрафт – 1927
Тройчы Рэндальф Картэр бачыў ува сне дзівосны горад, і тройчы сон перарываўся, калі ён стаяў на высокай тэрасе. Быў заход сонца, і залаты горад зіхацеў разам з усімі яго дамамі, цэрквамі, калонамі, мастамі-аркамі з узорыстага мармуру, срэбнымі купелямі фантанаў, чые вясёлкавыя пырскі падалі на брук прасторных пляцаў і паілі расліны духавітых садоў. Шырокія вуліцы акуратна віліся між спраўных дрэў, напоўненых кветкамі вазонаў і шэрагаў бліскучых статуй колеру слановай косткі; на іншым баку на стромкіх паўночных схілах уздымаліся ярусы чырвоных дахаў і старых спічастых франтонаў, паміж якімі хаваліся маленькія завулкі з зарослымі травой брукаванкамі. Гэта было баляванне багоў пад фанфары нябескіх труб і звон вечных цымбалаў. Таямніцы ахутвалі горад, быццам вечныя аблокі верхавіны няскораных гор; і пакуль у сваім чаканні Картэр стаяў на агароджаным балюстрадай парапеце, ад захаплення забыўшыся як дыхаць, да яго прыйшлі шчымлівасць і боль, якія адчувае чалавек, калі разумее, што забыўся на нешта істотнае, тое, што займала важнае месца ў яго жыцці, і шалёную патрэбнасць гэта вярнуць, нават не ведаючы, што.
Ён адчуваў, што некалі яно было для яго самым важным; хаця ў якім цыкле рэінкарнацый ён гэта сустракаў, і ці было яно ўва сне альбо ў рэчаіснасці, ён не мог сказаць. Пачуццё выклікала пробліскі даўняга, пазабытага часу ранняй маладосці, калі асалода і дапытліваць чакалі ў нявызначанасці будучых дзён, а світанак і змярканне аднолькава нешта прарочылі пад прагныя гукі лютняў і песняў, быццам прыадчыненыя дзверы да чароўных таямніц. Але штораз, калі ён стаяў на гэтай высокай мармуровай тэрасе з вытанчанымі ўрнамі і разьбянымі парэнчамі і глядзеў на прыцішаны ў заходзе сонца, вечны ў сваім харастве горад, ён адчуваў дотык непахіснай волі чужых багоў, бо не меў магчымасці прайсці далей ці спусціцца па шырокіх мармуровых сходах, што бясконца цягнуліся ўніз, да вуліц, якія так вабілі незямной прыгажосцю.
Калі ён прачнуўся ў трэці раз, разумеючы, што так і не сышоў па дзівосным лесвіцам і не даследаваў прыціхлыя ў заходзе сонца вуліцы, ён пачаў утрапёна маліцца невядомым багам, што сядзелі ў халоднай пустэчы па-за аблокамі над дзівосным Кадатам, там, дзе ніколі не было чалавека. Але багі не адказвалі ў сваёй бязлітасці, і нават не падалі знаку, калі ён маліўся ім ува сне і рабіў заклік праз барадатых святароў Нэшта і Каман-Тха, чыя пячора-кляштар з вялікім слупам агню знаходзіцца непадалёк ад брамы рэчаіснага сусвету. Але, здавалася, яго малітвы былі пачутыя ў адваротны бок, бо пасля першай ён перастаў бачыць дзівосны горад, быццам тры яго сны былі выпадковасцю ці недаглядам і супярэчылі нейкаму схаванаму плану ці жаданню багоў.
Доўгі час, хворы на тугу па ззяючых у заходзе сонца вуліцах і пагорках з таямнічымі сцежкамі, якія віліся сярод старажытных чарапічных дахаў, няздольны ў рэчаіснасці і сне пазбавіцца гэтых думак, Картэр наважыўся пайсці з просьбай туды, куды ніколі не трапляў чалавек, з дзёрзкай спробай перасячы ледзяныя пустэчы і цемру і трапіць у месца, дзе ў вэлюме аблокаў і кароне з незнаёмых сузор’яў таямнічы Кадат хаваў оніксавы замак са змрочнымі сакрэтамі Вялікіх.
У дрымоце ён спускаўся па сямідзесяці прыступкам да палымянай пячоры, і гутарыў пра яго хараство з барадатымі святарамі Нэшта і Каман-Тха. Але святары матлялі галовамі і прысягалі, што ён згубіць душу. Яны тлумачылі, што Вялікія выказалі сваю волю, і нельга іх турбаваць надакучлівымі просьбамі. І нагадалі яму, што ніводзін чалавек не толькі не быў у дзівосным Кадаце, але нават не ўяўляў, у якой частцы прасторы ён можа знаходзіцца; можа, ён у землях летуценняў вакол нашага сусвету, ці недзе на нябесным целе, што ляцяць праз Фамальгут ці Альдэбаран. Калі ў летуценных землях, імаверна яго можна дасягнуць, але ад пачатку часу толькі тры чалавекі праходзілі і вярталіся праз чорныя блюзнерскія бездані, і двое з трох звар’яцелі. У падарожжах чакалі незлічоныя пагрозы, самай небяспечнай з якіх было трапіць па-за межы ўпарадкаванага сусвету, туды, куды не сягалі мары; дзе аморфны ў апошняй агоніі, неспасцігальны для разумення віраваў у цэнтры бясконцасці бязмежны дэман-султан Азатот, чыё імя вусны не наважваліся казаць услых, які паталяў голад у неабсяжных, апанаваных цемрай пакоях па-за часам сярод прыглушанага, шалёнага біцця гідкіх барабанаў і манатоннага скуголення абрыдлівых флейт; пад гэты агідны стук і свіст таньчылі павольна, недарэчна і нязграбна гіганцкія багі, сляпыя, безгалосыя, змрочныя, невыразныя, бессвядомыя Іншыя Багі, чыё ўвасабленне і чый вястун – паўзучы хаос Н’ярлахатэп.
Аб усім гэтым Картэра папярэдзілі святары Нэшта і Каман-Тха ў палымянай пячоры, але ён вырашыў знайсці багоў дзівоснага Кадата ў халоднай пустэчы, дзе б гэта ні было, і атрымаць ад іх дазвол на позірк і памяць і прытулак у чароўным горадзе на заходзе сонца. Ён ведаў, што яго падарожжа можа быць дзіўным і доўгім, і што Вялікія будуць супраць; але ён быў не першы раз у летуценных землях, таму разлічваў на карысныя ўспаміны і рэчы, якія могуць прыдасца. Ён папрасіў манахаў дабраславіць на развітанне і, уважліва абдумаўшы свой шлях, мужна спусціўся па сямістам прыступкам да Брамы Глыбокага Сну і пакрочыў праз зачараваны лес.
У тунэлях пакручастага лесу, дзе нізкія магутныя дубы пераплятаюцца галінамі і цьмяна адбіваюць ззянне незвычайных грыбоў, жывуць затоеныя і скрытныя зуугі; якія ведаюць многія дзіўныя таямніцы сусвету летуценняў і некаторыя сусвету рэчаіснасці, таму што лес у двух месцах кранаецца зямель людзей, і было б вялікай памылкай удакладняць, дзе. Пэўныя невытлумачальныя чуткі, здарэнні, і знікненні здараюцца сярод людзей там, дзе з’яўляюцца зуугі, і добра, што яны не могуць падарожнічаць далёк ад летуценных зямель. Але па сваім сусвеце яны рухаюцца вольна, пырхаючы, маленькія, карычневыя і нябачныя, і расказваюць пікантныя гісторыі, калі збіраюцца разам ля вогнішча ў лесе, які яны так любяць. Большасць з іх жыве ў норах, але некаторыя селяцца у ствалах вялікіх дрэў; і хаця яны збольшага харчуюцца грыбамі, некаторыя мяркуюць, што іх таксама цікавіць мяса, як плоць ці як дух, бо шмат якія летуценнікі, хто зайшоў у іх лес, адтуль не выйшаў. Картэр, аднак, не баяўся; ён быў даўнім летуценнікам, і ведаў іх цвыркаючую мову і шмат стасаваўся з імі; з іх дапамогай ён знайшоў цудоўны горад Цэлефаіс ва Уот-Наргай за Танарыянскімі Узвышшамі, якім паўгады кіруе вялікі кароль Курэнас, чалавек, якога ён ведаў пад іншым імем, калі той жыў сярод рэчаіснасці. Курэнас быў тым, хто вандраваў па зорных безданях і вярнуўся, не паддаўшыся вар’яцтву.
Пралазячы праз вузкія ззяючыя праходы між гіганцкіх ствалоў, Картэр свісцеў, як свісцяць зуугі, і слухаў пошчакі ў адказ. Ён згадаў адну вёску, што месцілася амаль у цэнтры лесу, дзе кола вялікіх замшэлых камянёў сведчыла пра тое, што раней тут жылі больш жудасныя стварэнні, даўно забытыя, і прыспешыўся. Ягоны шлях асвятлялі вычварныя ззяючыя грыбы, якія падаваліся тым больш сакавітымі, чым бліжэй ён падыходзіў да вусцішнага кола, дзе забытыя істоты некалі таньчылі і рабілі ахвярапрынашэнні. Нарэшце яркае святло сакавітых грыбоў прывяло яго да злавеснай шэра-зялёнай неабсяжнай прасторы, што пачыналася за пераплеценымі дрэвамі і знікала на даляглядзе. Картэр зразумеў, што падышоў да кола камянёў так блізка, як толькі было магчыма, і вёска зуугаў недзе побач. Ён зноў засвісцеў, і цярпліва чакаў, пакуль не адчуў, што шмат вачэй глядзяць на яго. Гэта былі зуугі, чые дзівакаватыя вочы становяццы бачнымі раней за дробныя, невыразныя карычневыя абрысы.
Яны вылаўзалі з таемных нор і сот дрэў, пакуль не запоўнілі ўсю цьмяна асветленую прастору. Некаторыя, найбольш дзікія, пагрозліва штурхалі Картэра, а адзін нават балюча ўшчыкнуў яго за вуха; але гэтых свавольнікаў хутка прыструнілі старэйшыя. Рада Вешчуноў, пазнаючы госця, паднесла яму ў гарбузовай скарынцы жывіцу з прывіднага дрэва, якое вырасла з зерня, што нехта скінуў з Месяца; і пасля таго, як Картэр, згодна з традыцыяй, глытнуў, пачалася вельмі дзіўная размова. Зуугі, на жаль, не ведалі, дзе ляжаць вяршыні Кадата, і нават не маглі сказаць, знаходзіцца ледзяная пустэча ў летуценным сусвеце ці ў іншым месцы. Чуткі пра Вялікіх даходзілі аднолькавыя з розных месцаў; амаль з упэўненасцю можна было сказаць, што іх хутчэй трэба шукаць сярод вяршынь высокіх гор, чым у далінах, бо сярод вяршынь яны таньчаць свой вечны танец, калі ўверсе над імі свеціць месяц і ўнізе плывуць аблокі.
Адзін вельмі стары зууг прыгадаў тое, чаго не чулі астатнія; ён сказаў, што ва Ультары, над ракой Скэй, усё яшчэ знаходзіцца апошняя копія неспасцігальна старажытных Пнакоцкіх Манускрыптаў, напісаная неспячым чалавекам у забытых заледзянелых каралеўствах і прынесеная ў землі летуценняў, калі валахаты канібал Гнопкхес уварваўся ў краіну тысячы храмаў Алатой і змасакраваў усіх герояў зямлі Ломар. Тыя манускрыпты, казаў зууг, маглі шмат распавесці пра багоў; акрамя таго, ва Ультары жыў чалавек, які напаткаў знакі багоў, і адзін стары святар, які паднімаўся на вялікую гару, каб зірнуць, як багі таньчаць у месяцовым святле. У святара не атрымалася, аднак яго спадарожнік бачыў іх танец, пасля чаго бясследна знік.
Рэндальф Картэр падзякаваў зуугам, якія адначасна свіснулі ў адказ, і ў дарогу далі яму другую скарынку з віном месяцовага дрэва, і паказалі, як ісці скрозь ззяючы лес да таго месца, куды бурлівая рака Скэй спадае са схілаў Лерыёну, і Хатэг, і Нір, і Ультар сыходзяцца на раўніне. За ім, змоўклыя і нябачныя, краліся некалькі цікаўных зуугаў; бо яны хацелі даведацца, калі што з ім здарыцца, і пераказаць як легенду свайму народу. За вёскай велічэзныя дубы стаялі шчыльней, і ён углядаўся ў пошуках месца, дзе яны пачынаюць чахнуць, стаяць мёртвыя ці паміраючыя сярод ненатуральна вялікай колькасці грыбоў у цвілі і перагноі са сваіх упалых братоў. Там ён рэзка павярнуў у бок, каб не напаткаць каменную пліту, што ляжыць на лясной зямлі; і тыя, хто наважыўся падысці да яе, кажуць, што на ёй ляжыць жалезнае кальцо памерам тры футы ў папярочніку. Памятаючы пра круг з вялікіх старажытных заімшэлых камянёў, і для чаго яны маглі прызначацца, зуугі не затрымліваліся побач з шырокай плітой з яе жалезным кальцом; бо яны ўсведамляюць, што ўсё забытае не абавязкова мёртвае, і ім не хацелася б убачыць, як павольна і няўхільна падымаецца пліта.
Картэр абмінуў небяспечнае месца, і пачуў ззаду спужаны свіст баязлівых зуугаў. Ён ведаў, што яны пойдуць за ім, і не здзівіўся, бо паспеў прызвычаіцца да дзівацкіх паводзін гэтых назольных стварэнняў. Былі сутонні, калі ён дайшоў да ўскрайку лесу, і бляск сонца, што ўзмацняўся з кожным імгненнем, падказаў яму, што гэта сутонні раніцы. Над урадлівымі нівамі, што цягнуліся да ракі Скэй, ён заўважыў дым пячных комінаў. Узараныя палі, жывыя платы і саламяныя стрэхі дапаўнялі міралюбівы краявід. Ён спыніўся ля вясковай хаты, каб паспытаць шклянку вады, і сабакі спалохана забрахалі, чуючы непрыкметных зуугаў, якія ў гэты час паўзлі праз траву. У іншай хаце, поўнай людзей, ён задаваў пытанні пра багоў, асабліва як часта тыя таньчаць над Лерыёнам; ды селянін і яго жонка адное склалі пальцы ў Старэйшым Знаку, але падказалі шлях да Ніра і Ультара.
Апоўдні Рэндальф крочыў па адной з шырокіх вуліц Ніра, якую ён добра памятаў, бо яна была найдалейшым месцам, куды ён заходзіў падчас вандровак у гэтым напрамку; і хутка ён падышоў да каменнага маста праз раку Скэй, у цэнтры якога замуравалі чалавечую ахвяру, калі будавалі мост трынаццаць стагоддзяў таму. Вялікая колькасць катоў на іншым баку (якія натапырваліся, калі чулі зуугаў) была прыкметай наваколля Ультара; бо ва Ультары, згодна са старажытным і неаспрэчным законам, ніхто не можа забіць ката. Прадмесці, якія складаліся з зялёных домікаў і ахайных садоў, выглядалі файна; яшчэ файнейшым падаваўся гарадок з яго спічастымі дахамі і навісаючымі апошнімі паверхамі і незлічонымі комінамі і вузкімі ўзгорыстымі вуліцамі, дзе ледзь віднеўся брук на дарозе там, дзе не сядзелі каты. Паколькі зграя катоў рассеялася з-за ледзь бачных зуугаў, Картэр пайшоў напрамкі да сціплага Храма Старэйшых, дзе жылі святары і захоўваліся летапісы; і ў старадаўняй увітай плюшчом круглай вежы, якая стаяла на самым высокім узгорку Ультара, ён убачыў патрыярха Атала, які некалі ўзыходзіў на забароненую вяршыню Хатэг-Кла ў пустыні камянёў і вярнуўся жывым.
Аталу, які сядзеў на памосце са слановай косткі ў аздобленым маўзалеі на версе храма, было больш за трыста год; але розум яго быў дапытлівы, а памяць добрай. Ад яго Картэр шмат даведаўся пра багоў, галоўным чынам тое, што насамрэч яны былі толькі зямнымі багамі, амаль бяссільнымі, і кіравалі адно летуценнымі землямі, не маючы ніякай улады і існасці дзе-небудзь яшчэ. Яны маглі, казаў Атал, выслухаць просьбу, калі былі ў добрым гуморы; але ніхто не павінен думаць пра тое, каб ускараскацца да іх оніксавай цвярдыні паўзверх Кадата ў халоднай пустэчы. Гэта на шчасце, што ніхто не ведае, дзе знаходзяцца вежы Кадата, бо наступствы былі б вельмі пагрозлівымі. Атал дагэтуль памятаў крыкі свайго прыяцеля, Барзая Мудрага, калі той быў кінуты ў нябёсы за тое, што амаль узышоў на вяршыню Хатэг-Кла. Калі б хто знайшоў дзівосны Кадат, наступствы былі б нашмат горшымі; часам мудрыя смяротныя могуць атрымаць верх над зямнымі багамі, але зямнымі багамі апякуюцца Іншыя Багі са Знешняга Свету, аб якіх лепей не казаць услых. Не менш як двойчы ў гісторыі Іншыя Багі дасылалі сваю волю на нашу зямлю; першы раз у дагістарычныя часы, пра што можна здагадацца па малюнкам у тых частках Пнакоцкіх Манускрыптаў, што занадта старажытныя, каб іх прачытаць, і другі раз, калі Барзай Мудры спрабаваў падгледзець, як зямныя багі таньчаць у месяцовым святле. Таму, падсумаваў Атал, лепей пакінуць багоў у спакоі, і згадваць іх толькі ў тактоўных малітвах.
Картэр, расчараваны баязлівымі парадамі Атала і нязначнасцю знойдзенага ў Пнакоцкіх Манускрыптах і Сямі Утоеных Кнігах Ксана, аднак, не быў у роспачы. Спачатку ён спытаў старога святара пра чароўны горад на заходзе сонца, які можна аглядаць з агароджанай тэрасы, мяркуючы, што, магчыма, ён здолее адшукаць тое месца і без спрыяння багоў; але Атал нічога яму не сказаў. Атал лічыў, што горад мог належыць да сусвету яго падсвядомасці, а не да сусвету, які бачаць усе; ці ён можа быць на іншай планеце. У такім разе, зямныя багі не здольныя паказаць яму шлях, нават калі б захацелі. Але Картэру гэта не падавалася верагодным, бо раптоўнае перарыванне сну дакладна азначала, што ён бачыў тое, што Вялікія хацелі ад яго схаваць.
Далей Картэр зрабіў зламысны ўчынак, прапанаваўшы даверліваму гаспадару столькі глыткоў месяцовага віна, атрыманага ад зуугаў, што стары пачаў размаўляць безупынку. Пазбаўлены звыклай стрыманасці, бедны Атал вольна балбатаў на забароненыя тэмы; распавёў пра вялікую выяву, знойдзеную вандроўнікамі на суцэльнай скале гары Нгранэк, на абтоку Арыяб у Паўднёвым Моры, і выказаў здагадку, што гэта зямныя багі маглі накрэсліць свае абліччы падчас танцаў у месяцовым святле над гарой. І дадаў, што абрысы неапісальныя, але кожны можа лёгка іх разлічыць, і яны без сумневу ўласцівыя сапраўднай расе багоў.
Картэр разумеў, як гэта можа прыдасца ў пошуках. Вядома, што, змяніўшы аблічча, малодшыя з Вялікіх часта бяруць шлюб з людскімі жанчынамі, і каля межаў з халоднай пустэчай, дзе стаіць Кадат, у жылах сялян цячэ незямная кроў. Таму, каб знайсці пустэчу, трэба агледзець скалу на гары Нгранэк і запомніць рысы; потым знайсці падобных людзей. Дзе падабенства будзе найбольшым, там побач жывуць багі, і за каменнымі пустынямі па-за паселішчамі знаходзіцца месца, дзе стаіць Кадат.
Пра Вялікіх шмат можна даведацца ў гэтых людзей, бо тыя, хто мае іх кроў, могуць мець і іх успаміны, карысныя для шукальніка. Людзі могуць не ведаць, чыю кроў аддзедзічылі, бо багі вельмі не любяць, калі іх пазнаюць, і таму ніхто не ведае, як выглядаюць іх твары; Картэр гэта зразумеў падчас роздумаў, як будзе ўзбірацца на Кадат. І такія людзі маглі мець дзіўныя, узвышаныя думкі, і пець пра далёкія месцы і сады, якіх ніхто не бачыў нават у снах, за што астатнія называлі іх дурнямі; але з іх песняў можна даведацца пракаветныя таямніцы Кадата, ці атрымаць падказкі наконт чароўнага горада на заходзе сонца, які багі намагаліся схаваць. Болей за тое, у пэўных абставінах можна было ўзяць у закладнікі любімае дзіця аднаго з багоў; ці ўласна паланіць маладога бога, які ў змененым абліччы пабраўся шлюбам з прывабнай сялянкай і жыў сярод людзей.
Атал, аднак, не ведаў, як знайсці Нгранэк і абток Арыяб; ён параіў Картэру ісці па плыні пявучай ракі Скэй, не падымаючыся на яе высокія масты, пакуль ён не ўбачыць Паўднёвае Мора; так далёка ніколі не заходзілі жыхары Ультара, але адтуль прыплывалі на лодках купцы і прыходзілі караваны двухколавых вазоў, запрэжаных муламі. Там знаходзіцца вялікі горад Дылат-Ліен, які ва Ультары мае нядобрую вядомасць з-за чорных трохбортных галер, што возяць рубіны з абтоку, чыю назву дакладна ніхто не ведае. Гандляры, што сыходзяць з тых галер і прапануюць ювелірам свой тавар – людзі, ці амаль людзі, але весляроў ніхто ніколі не бачыў; і ва Ультары не лічаць прымальным тое, што купцы вядуць гандаль з чорнымі караблямі невядома адкуль, якія не паказваюць сваіх весляроў.
Чым далей ішла размова, тым болей Атала цягнула ў сон, і Картэр далікатна паклаў яго на інкруставаны эбанітам ложак і разгладзіў даўгую бараду. Ён павярнуўся, каб ісці, і заўважыў, што больш не чуе посвісту, і здзівіўся, што зуугі перасталі цікавіцца яго падарожжам. І тут ён заўважыў, як выгладжаныя, самазадаволеныя каты Ультара ліжуць сваю шэрстку з незвычайным імпэтам, і прыгадаў шыпенне і каціны вой у ніжніх пакоях храма, пакуль ён быў паглынуты размовай са старым святаром. Рэндальф памятаў, якімі злымі галоднымі вачамі глядзеў адзін асабліва нахабны малады зууг на маленькае чорнае кацянё на бруку вуліцы звонку. І паколькі ён не любіў нічога больш за маленькіх чорных кацянят, ён нахіліўся і гладзіў катоў Ультара, пакуль яны вылізвалі сваю шорстку, і не меў жалю наконт таго, што назойлівыя зуугі больш не будуць яго пераследаваць.
Сонца заходзіла, і Картэр вырашыў заночыць у старой карчме на пакручастай вуліцы, з якой было добра відаць ніжнія кварталы горада. Ён выйшаў на гаўбец свайго пакоя і ўглядаўся ў чырвоныя чарапічныя дахі, брукаваныя дарожкі і залатыя палі, ціхія і чароўныя ў слабеючым святле; Ультар быў прыемным месцам, каб тут застацца назаўжды, калі б не вобраз іншага горада ў святле на заходзе сонца, што няўхільна прыцягваў да сябе, нягледзячы на ўсе небяспекі. Прыйшоў змрок, у якім колер тынкоўкі франтонаў змяніўся з ружовага на ліловы і выглядаў містычна. Запальваліся адзін за адным жоўтыя агні ў старых крацістых вокнах. І салодка пераклікаліся званы наверсе храмавай вежы, і першая зорка нясмела падміргнула над лугамі ля ракі Скэй. Разам з начной цемрай па паветры разлівалася песня, і Картэр схіляў галаву ў такт мелодыі, якую, усхваляючы былыя дні, гралі лютністы з узорыстых гаўбцоў і мазаічных двароў гасціннага Ультара. Мілагучнымі падаваліся нават галасы шматлікіх катоў, хаця большасць з іх былі ціхімі і млявымі пасля незвычайнага застолля. Некаторыя з іх пракраліся ў сваё таямнічае каралеўства, вядомае толькі ім і якое, як вераць сяляне, знаходзіцца на зваротным баку месяца, куды яны трапляюць, робячы скокі з высокіх дахаў, але адно маленькае чорнае кацянё прабралася наверх і ўскочыла на калені Картэра, каб мурлыкаць і гуляць, і звілася ў клубочак ля яго ног, калі ён лёг на вузкі ложак і паклаў галаву на набітую духмянымі соннымі травамі падушку.
Ранкам Картэр далучыўся да каравану, які ішоў да Дылат-Ліена з цюкамі прадзенай воўны Ультара і ўраджаем капусты з руплівых ферм ля горада. І шэсць дзён яны ехалі пад пералівы званочкаў па гладкай дарозе ўздоўж ракі Скэй; у некаторыя ночы яны спыняліся ў корчмах малых рыбацкіх мястэчак, у іншыя ставілі намёты і засыпалі пад мігценнем зор, калі з боку спакойнай ракі даносіліся рыбацкія песні. Край быў вельмі прыгожым, з усімі яго расліннымі загарадзямі і гаямі і маляўнічымі спічастымі хаткамі і васьмікутнымі ветракамі.
На сёмы дзень на даляглядзе з’явілася смуга дыму, а за ёй – высокія чорныя вежы Дылат-Ліена, пабудаванага амаль цалкам з базальту. Здалёк вузкія гранёныя вежы Дылат-Ліена падаваліся дамамі гігантаў, а змрочныя вуліцы ніхто б не назваў гасціннымі. Паміж незлічоных прычалаў месціліся звычайныя для партовых гарадоў панурыя карчмы, а па ўсім горадзе сноўдалі натоўпы дзіўных маракоў з кожнай краіны летуценных зямель і, як казалі шэптам, з некаторых па-за іх. Картэр дапытваў незвычайна апранутых людзей наконт гары Нгранэк на абтоку Арыяб, і высветлілася, што яны добра яе ведалі. Караблі плылі адтуль з Бахарны, і адзін павінен быў прыплыць менш чым праз месяц, а Нгранэк у двух днях дарогі вярхом на зебры. Мала хто бачыў твар бога ў камяні, бо ён знаходзіцца на цяжка дасягальным баку гары, з якога можна ўбачыць хіба стромкія скалы і даліну кіпучай лавы. Некалі там зямныя багі раззлаваліся на людзей і паклікалі Іншых Багоў.
Было нялёгка збіраць звесткі ў партовых корчмах Дылат-Ліена, бо ўсё, пра што хацелі размаўляць гандляры і маракі, прытым шэптам, былі чорныя галеры. Адну такую, што, поўная рубінаў, прыйдзе з невядомага берага, чакалі праз тыдзень, і думка пра тое, што яна будзе стаяць у порце, выклікала неспакой сярод гараджан. Раты людзей, што сыходзілі з яе, былі занадта шырокія, а дзве выпукласці, што ўтвараліся на гарбатых турбанах па бакох над ілбом, падаваліся асабліва непрыемнымі. І іх туфлі былі самымі вузкімі і незвычайнымі з усіх, што можна знайсці ў Шасці Каралеўствах. Але самай кепскай была гісторыя з нябачнымі веслярамі. Па тры шэрагі вёслаў з кожнага боку рухаліся ненатуральна дакладна і хутка, і было нешта няправільнае ў тым, што, пакуль карабель тыднямі стаяў у порце і купцы гандлявалі, ніхто не бачыў ніводнага чальца каманды. Тое крыўдзіла карчмароў Дылат-Ліена, разам з бакалейшчыкамі і мяснікамі; і ніхто ніколі не заўважаў, каб хаця б адну бочку правіянту заносілі на борт. Купцы бралі толькі золата і чарнаскурых рабоў з Парга вышэй па рацэ. Тое было ўсім, што іх наогул цікавіла, тых купцоў з брыдкімі рысамі і іх нябачных весляроў; ніколі нічога ў бакалейшчыкаў і мяснікоў, толькі золата і тлустыя чарнаскурыя людзі з Парга, якіх яны куплялі на вагу. І не хапае брыдкіх слоў, каб апісаць смурод з галер, які прыносіў паўднёвы вецер. Перабіць яго мог толькі водар духмяных траў, якія безупынна жглі ў партовых корчмах. Дылат-Ліен ніколі б не меў зносін з чорнымі галерамі, калі б не рубіны, падобных якім немагчыма было знайсці ні ў адной шахце ва ўсіх летуценных землях.
Пра ўсё гэта пляткарыў разнастайны народ Дылат-Ліена, пакуль Картэр цярпліва чакаў на карабель з Бахарны, які мог адвесці яго да абтоку, дзе стаяць узнёслыя і пустыя вежы Нгранэка. Тым часам, ён працягваў роспыты вандроўнікаў наконт любых чутак пра Кадат у халоднай пустэчы і пра дзіўны горад з мармуровымі сценамі і срэбнымі фантанамі, бачны з вышыні тэрасы на заходзе сонца. Пошукі, аднак, былі марнымі; хаця аднойчы яму здалося, што адзін купец з раскосымі вачамі зацікавіўся размовай пра халодную бездань. Як казалі шэптам, гэты чалавек вёў гандаль з насельнікамі жудасных каменных вёсак на ледзяным пустынным плато Лэнг, куды ніхто ў сваім розуме не падыдзе і блізка, і адкуль ноччу здалёк відаць злавесныя вогнішчы. Хадзілі нават чуткі пра яго справы з першасвятаром, якога лепей не згадваць, што хавае твар за жоўтай шаўковай маскай і жыве самотна ў дагістарычным каменным кляштары. Тое, што такі чалавек меў зносіны з істотамі, якія, магчыма, жывуць у халоднай бездані, было верагодным, але Картэр хутка зразумеў, што не здолее ад яго нічога даведацца.
Потым чорная галера слізганула ў порт між базальтавым молам і высокім маяком, ціхая і чужая, і паўднёвы вецер прынёс у горад нясцерпны смурод. Трывога пракацілася па корчмах, і гандляры з шырокімі ратамі, з гарбатымі турбанамі і вузкімі туфлямі бязгучна сышлі на бераг шукаць кірмашы і ювеліраў. Картэр падышоў да іх так блізка, як толькі мог, і з кожным імгненнем побач адчуваў усё большую агіду. Потым ён назіраў, як тыя гналі па трапах мажных чарнаскурых людзей з Парга, што абліваліся потам і скуголілі, і задумаўся, у якіх землях – ці землях увогуле – накавана быць рабамі гэтым няшчасным людзям.
На чацвёрты дзень па з’яўленню галеры адзін з агідных купцоў звярнуўся да яго са злавеснай ухмылкай, намякаючы, што чуў у корчмах пра пошукі Картэра. І мог падзяліцца ведамі, занадта патаемнымі, каб пераказваць іх услых; і хаця голас чужаніцы быў поўны нясцерпнай нянавісці, Картэр падумаў, што гэта могуць быць веды, якімі яму, як вандроўніку, нельга грэбаваць. Ён запрасіў купца ў свой зачынены пакой наверсе, і наліў рэшткі месяцовага віна зуугаў, каб развязаць язык. Госць піў шмат, але ўхмыляўся па-ранейшаму і выглядаў на цвярозага. А затым выцягнуў дзіўную бутэльку з уласным віном, і Картэр убачыў, што бутэлька была суцэльным рубінам, пустым унутры і пакрытым гратэскнымі ўзорамі, занадта мудрагелітымі, каб іх зразумець. Госць прапанаваў выпіць, і хаця Картэр зрабіў толькі маленькі глыток, ён адчуў галавакружэнне космасу і ліхаманку джунгляў. Рот госця расплываўся ва ўсё большай усмешцы, і апошнім, што запомніў Картэр, пакуль канчаткова не слізнуў у несвядомасць, былі д’ябальскі смех на скажоным брыдкім твары і нешта зусім неапісальнае пад адной з дзвюх складак памаранчавага турбана, што распусцілася ад дрыжыкаў эпілептычнай весялосці.
Картэр ачуняў сярод жудаснага смуроду пад вялікім намётам на палубе карабля, які рухаўся з ненатуральнай хуткасцю непадалёк ад чароўных берагоў Паўднёвага мора. Яго рукі і ногі не былі звязаныя, але тры смуглыя купцы стаялі побач, ухмыляючыся, і ад віду складак іх турбаноў ён ледзь не пачаў губляць прытомнасць так жа, як ад смуроду, што прасочваўся праз вусцішныя люкі ў палубе. Ён бачыў, як за кармой праносіліся славутыя землі і гарады, пра якія ў былыя часы казаў яго зямны сябар-летуценнік, наглядчык маяка ў старым Кінгспорце, і пазнаў храмавыя тэрасы Заара – прыстанак забытых мрой; шпілі зняслаўленага Таларыёна, дэманічнага горада тысячы цудаў, якім кіраваў прывід Лат’і; магільныя сады Ксуры, зямлі недасягальных задавальненняў; і хрустальныя мысы-блізняты, што, сыходзячыся, утваралі бліскучую арку, якая ахоўвала гавань Сона-Ніл, блаславёную зямлю фантазій.
Паўз славутыя землі агідны карабель ляцеў не спыняючыся, рухомы ненатуральнымі ўзмахамі нябачных весляроў унізе. І калі дзень падыходзіў да канца, Картэр зразумеў, што напрамак, які абраў штурман, мог весці толькі да Базальтавых Слупоў Захаду, за якімі, як казалі простыя людзі, ляжала непаўторная Катурыя, а мудрыя летуценнікі ведалі як браму да велічэзнага вадаспаду, у які цякуць акіяны летуценных зямель да бяздоннага небыцця і імкнуцца дайсці праз бясконцую пустэчу да іншых сусветаў і іншых зораў і вусцішных пустот па-за ўпарадкаванай існасці, дзе дэман-султан Азатот прагна паталяе голад у хаосе сярод грукату і посвісту і д’ябальскіх танцаў Іншых Багоў, сляпых, безгалосых, змрочных і бессвядомых, чыё ўвасабленне і чый вястун – Н’ярлахатэп.
Тым часам тыя смуглыя купцы не казалі ні слова наконт сваіх намераў, але Картэр разумеў, што яны дакладна звязаныя з тымі, хто хацеў стрымаць яго пошукі. Вядома, што ў летуценных землях Іншыя Багі маюць шмат агентаў сярод людзей; і ўсе агенты, няважна, цалкам яны людзі ці амаль людзі, ахвочыя служыць воле сляпых бессэнсоўных істот дзеля прыхільнасці іх жахлівага ўвасаблення і вестуна, паўзучага хаосу Н’ярлахатэпа. Таму Картэр прыйшоў да высновы, што купцы ў гарбатых турбанах, пачуўшы пра дзёрзкі пошук Вялікіх і іх замку над Кадатам, вырашылі схапіць яго і ўласнаручна паднесці Н’ярлахатэпу за невядомую ўзнагароду. Дзе была краіна, у якой жылі гэтыя купцы, у вядомым нам сусвеце ці бясконцых прасторах па-за ім, Картэр не меў здагадкі; і таксама не мог уявіць, у якім пякельным месцы яны маглі сустрэцца з паўзучым хаосам, каб аддаць здабычу і прасіць аб узнагародзе. Ён ведаў, аднак, што ніводны чалавек ці падобная да чалавека істота, як гэтыя, не наважыцца падыходзіць да вялікага цёмнага трона дэмана Азатота ў бясформеннай цэнтральнай пустэчы.
На заходзе сонца гандляры аблізвалі свае надзвычай шырокія вусны і пераглядаліся прагнымі позіркамі, і адзін з іх спусціўся ўніз і вярнуўся з нейкай таемнай часткі карабля з рондалем і стосам талерак. Затым яны сабраліся пад намётам у кола і пачалі есці вэнджанае мяса, якое перадавалі адзін аднаму. Калі яны далі кавалак Картэру, ён заўважыў нешта вельмі жахлівае наконт памеру і формы; ён збляднеў яшчэ болей, чым раней, і выкінуў кавалак у мора, калі на яго ніхто не глядзеў. І зноў ён падумаў пра нябачных весляроў унізе; і пра падазроную ежу, ад якой яны атрымлівалі свае сілы на бесперапыннае механічнае веславанне.
Была ноч, калі галера прайшла праз Базальтавыя Слупы Захаду, і спераду данёсся гук велічэзнага вадаспаду. Яго пырскі сягалі настолькі высока, што закрывалі зоры, і палуба стала вільготнай, а карабель пакочваўся ў мацнеючай плыні на ўскрайку. Затым з дзіўным свістам і імклівым кідком карабель паляцеў уніз, і нясцерпны жах апанаваў Картэра, калі вада знікла, і карабель бясшумна, як камета, паляцеў у зорную прастору. Ніколі раней Картэр не ведаў, якія бясформенныя чорныя стварэнні ўзнікаюць і блукаюць і валтузяцца ў эфіры, ухмыляюцца юрліва да праходзячых міма вандроўнікаў, і часам абмацоўваюць слізкімі лапамі, калі нешта рухомае выклікае ў іх цікавасць. Гэта безыменныя лічынкі Іншых Багоў, таксама сляпыя і неразумныя, якія адчуваюць толькі голад і смагу.
Але агідная галера не накіроўвалася настолькі далёка, як таго баяўся Картэр, бо хутка ўбачыў, што курс, якога трымаўся стырнавы, вёў на месяц. Ззяючы маладзік набліжаўся, пакуль нарэшце не стала магчыма распазнаць асобныя кратары і вышыні на яго няўтульнай паверхні. Карабель не спыняўся над асветленай часткай, і стала відавочна, што месцам прызначэння быў той таямнічы і загадкавы бок, якім месяц ніколі не паварочваецца да Зямлі, і які наўрад ці хто з людзей, акрамя хіба летуценніка Сьнірэт-Ка, мог бачыць. Блізкае сузіранне месяца нервавала Картэра, бо яму не падабаліся памер і абрысы руін, што ўзнікалі тут і там. Закінутыя храмы ў гарах былі ў такіх месцах, дзе ніяк не маглі пакланяцца цэльным і дабратворным багам, а сіметрыя пабітых калон сваёй вусцішнай іншасцю не паддавалася разуменню. Якімі маглі быць формы цела і памеры вернікаў, Картэр забараніў сабе думаць.
Калі карабель праплыў над апошняй асветленай часцінай і заплыў на той бок, які ніколі не бачыць чалавек, яны апынуліся сярод дзіўнага краявіду з прыкметамі жыцця, і Картэр убачыў шмат нізкіх, шырокіх, круглыў дамоў і палі вялікіх белаватых грыбоў. Ён заўважыў, што ў дамах няма вокнаў, а формай яны нагадваюць юрты эскімосаў. Потым ён угледзеў масляністыя хвалі маруднага мора і зразумеў, што падарожжа зноў будзе па вадзе — ці, прынамсі, па вадкасці. Галера ўдарылася а яе з дзіўным гукам, і незвычайная пругкаць, з якой хвалі прынялі судна, здзівіла Картэра. Цяпер яны слізгалі з вялікай хуткасцю, адзін раз абмінулі, вітаючыся, галеру падобнай формы, але ў астатнім не сузіралі нічога, акрамя дзіўнага мора і неба, якое было чорным і поўным ззючых зораў, нават калі пякуча свяціла сонца.
Наперадзе ўзвышаліся няроўныя пагоркі сточанага ўзбярэжжа, і Картэр угледзеў непрыгожыя тонкія шэрыя вежы горада. Тое, як яны хіліліся і выгіналіся, як збіраліся ў купы, і тая адметнасць, што ў ніводнай з іх не было вокнаў, вельмі хвалявалі вязня; і ён праклінаў сябе за глупства, што глытнуў дзіўнага віна гэтых гандляроў у гарбатых турбанах. Набліжаўся бераг, і мацнеў смурод, які ішоў ад горада. Картэр разгледзеў сярод паточаных узгоркаў лес, дрэвы якога нагадалі яму тое самотнае месяцовае дрэва ў зачараваным лесе на зямлі, з якога зуугі сцэджвалі сок на віно.
Па моташных прычалах хадзілі істоты, і чым лепей Картэр іх бачыў, тым болей палохаўся і тым большую чуў агіду. Бо яны зусім не нагадвалі людзей, нават крыху, а былі вялікімі шэраватымі слізкімі стварэннямі, якія маглі з уласнай волі пашырацца і сціскацца, і чыя звычайная форма – хаця яна і ўвесь час змянялася – была падобная на рапуху без вачэй, але з вібруючай цікаўнай масай кароткіх ружовых тэнтакляў на канцы тупой расплывістай пысы. Гэтыя стварэнні хутка перакочваліся па прычалах, рухаючы цюкі і бочкі і скрыні так, быццам мелі звышнатуральную моц, і часам пераскоквалі з адной прышвартаванай галеры на іншую, трымаючы доўгія вёслы ў пярэдніх лапах. Некаторыя вадзілі статкі скаваных рабоў, якія абрысамі былі падобныя на людзей, толькі з шырокімі ратамі, як тыя гандляры, што мелі справы ў Дылат-Ліене; толькі зараз, калі яны не мелі турбаноў ды туфляў ды адзежы, ён бы не зблытаў іх з людзьмі. Некаторых рабоў – самых тлустых, якіх наглядчыкі наўмысна пашчыпвалі – звялі з караблёў і зачынілі ў клетках, якія працаўнікі цягнулі ў нізкія склады ці грузілі на вялікія драўляныя фурманкі.
Адну фурманку павезла жахлівая істота, ад віду якой у Картэра спынілася дыханне, хаця ён думаў, што ўжо бачыў усіх пачварных стварэнняў гэтага ненавіснага месца. Часам невялікія купкі рабоў, апранутых як смуглыя гандляры, ішлі на галеры, і іх суправаджалі слізкія шэрыя рапухападобныя стварэнні – афіцэры, навігатары і весляры. І Картэр убачыў, што стварэнняў, найбольш падобных на людзей, трымалі для таго, каб тыя займаліся найбольш зняважлівай працай, для якой не трэба быць моцным – стырнаваць караблём і гатаваць ежу, ці бегаць з даручэннямі і адносіць пасылкі, або гандляваць у летуценных землях і на іншых планетах, дзе яны мелі справы. Такія рабы былі зручнымі, бо ў правільным адзенні і з турбанам на галаве іх было амаль не адрозніць ад людзей, і яны маглі заходзіць у людскія крамы без няёмкасці і пазбягаць залішняй да іх цікавасці. Але большасць, акрамя хударлявых і непрыгожых, не мелі адзення і былі зачыненыя ў клетках, якія адвозілі на драўляных фурманках жахлівыя істоты. Стварэнняў іншых рас выводзілі з галер і змяшчалі ў клеткі; некаторыя былі таксама падобныя на людзей, некаторыя толькі крыху, а некаторыя зусім непадобныя. І яму было цікава, ці няшчасных, тлустых, чарнаскурых былых жыхароў Парга таксама выведуць з галеры і павязуць углыб кантынента на брыдкіх вазах.
Калі галера прыбілася да слізкага прычала, складзенага з сітаватых камянёў, жудасны натоўп рапухападобных стварэнняў вылез з люкаў, і двое з іх схапілі Картэра і сцягнулі на бераг. Пах і аблічча гэтага горада не перадаць словамі, і ў Картэра засталіся толькі абрывістыя ўспаміны пра брукаваныя вуліцы і чорныя дзверы і бясконцыя шэрыя сцены без вокнаў. Нарэшце яго ўвапхнулі ў нізкі ўваход і прымусілі караскацца па бясконцым прыступкам у непрагляднай цемры. Рапухападобныя, верагодна, бачылі аднолькава ў цемры і святле. Пах быў невыносны, і калі нарэшце Картэра замкнулі і пакінулі, ён ледзь знайшоў у сябе сілы абпаўзці пакой, каб высветліць яго форму і вымярэнні. Пакой быў круглым, каля дваццаці футаў упоперак.
Ад гэтага моманту час перастаў існаваць. Яму перадавалі ежу, але Картэр яе не кранаў. Што з ім будуць рабіць, ён не ведаў; але адчуваў, што яго трымаюць у чаканні з’яўлення жахлівага ўвасаблення і вестуна вечных Іншых Багоў, паўзучага хаосу Н’ярлахатэпа. Нарэшце, пасля таго, як прайшло невядома колькі гадзін, а можа, і дзён, вялізная каменная сцяна павярнулася, і Картэра пацягнулі ўніз па лесвіцы і вывелі на залітыя чырвоным святлом вуліцы вусцішнага горада. На месяцы была ноч, і паўсюль ля дамоў стаялі рабы, трымаючы запаленыя паходні.
На агіднай плошчы ўтварылася нешта накшталт працэсіі; дзесяць рапухападобных і дваццаць чатыры трымаючых паходні амаль людзей, па адзінаццаць з кожнага боку і па аднаму спераду і ззаду. Картэра трымалі ў сярэдзіне шэрагу; пяцёра рапухападобных спераду і пяцёра ззаду, і па аднаму амаль чалавеку з паходняй справа і злева. Некалькі рапухападобных выцягнулі флейты колеру слановай косткі і зацягнулі моташныя мелодыі. Пад гэты пякельны вой чарада прайшла па брукаваным вуліцам за горад да зацемненай раўніны, поўнай брыдкіх грыбоў, і неўзабаве пачала ўздымацца на адзін з найбольш нізкіх і спадзістых пагоркаў. Там на адным з жахлівых схілаў ці на блюзнерскім плато чакаў паўзучы хаос, у чым Картэр не меў сумневу; і ён жадаў, каб усё як найхутчэй скончылася. Незямное скавытанне мярзотных флейт было невыносным, і ён бы ўсё аддаў, каб пачуць які-небудзь звыклы для яго гук; але рапухападобныя не мелі галасоў, а рабы не размаўлялі.
Нарэшце праз зорчатую цемру прыйшоў звыклы гук. Ён скаціўся з высокіх пагоркаў, адкуль яго падхапілі няроўныя вяршыні, дзе ён ператварыўся на дэманічны хор нарастаючага рэха. Гэта было паўночнае кацінае мурканне, і Картэр зразумеў, што сяляне мелі рацыю, калі казалі пра таямнічае каралеўства, аб якім ведаюць толькі каты, і куды самыя старэйшыя з іх потайкам трапляюць ноччу, робячы скокі з высокіх дахаў. Насамрэч, яны ідуць на цёмны бок месяца, каб гойсаць і свавольнічаць з вечнымі ценямі, і тут, сярод натоўпу смярдзючых істот, Картэр пачуў іх хатняе, прыязнае мурканне і падумаў пра стромыя дахі, цёплыя коміны і асветленыя вокны дамоў.
Цяпер Картэр шмат разумеў у мове катоў, і ў гэтым далёкім, жудасным месцы ён выціснуў з сябе дарэчны гук у адказ. Але яму не трэба было гэтага рабіць, бо як толькі ён адкрыў вусны, ён пачуў, як хор змяняецца і становіцца бліжэй, і ў святле зораў убачыў, як маленькія жвавыя цені скочуць з пагорка на пагорак і збіраюцца ў легіёны. Кліч быў кінуты, і чальцы агіднай працэсіі нават не паспелі спужацца, калі воблака задушлівага футра і смяротных кіпцюроў імкліва накрыла іх. Флейты змоўклі, і пачаўся лямант. Паміраючы, падобныя на людзей стварэнні крычалі, каты візгаталі і рыкалі, але рапухападобныя не выціскалі з сябе ні гуку, калі зялёная смярдзючая жыжа з іх ранаў лілася на пакрытую жахлівымі грыбамі зямлю.
Відовішча было неверагодным, пакуль не згаслі паходні, і раней Картэр не бачыў столькі катоў. Чорныя, шэрыя і белыя; жоўтыя, тыгровыя і рознакаляровыя; дваровыя, персы, мэнксы; з Тыбету, Ангоры і Егіпту; і ўсе раз’юшаныя ў бойцы, і над імі лунала нейкая аўра той глыбокай і непарушнай святасці, якая рабіла іх багіню вялікай у храмах Бубастыса. Яны кідаліся да горлаў падобных на людзей істот ці да тэнтакляў на пысах рапухападобных і сцягвалі іх на грыбныя раўніны, дзе безліч хаўруснікаў накатвалі хвалямі і разрывалі целы кіпцюрамі і зубамі, няўмольныя ў сваім шаленстве. Картэр забраў паходню ў параненага раба, але хутка быў павалены чарговай хваляй уласных абаронцаў. Затым ён ляжаў у непрагляднай цемры, слухаючы лямант бойкі і візгат пераможцаў, і адчуваў дотык мяккіх лапаў сваіх сяброў, калі яна скочылі па ім у вэрхале.
Нарэшце, ад перажытага жаху і стомы яго вочы зачыніліся, і, калі ён ізноў адкрыў іх, быў вельмі ўражаны тым, што ўбачыў. Вялікі ззяючы дыск зямлі, трынаццаць разоў большы за дыск маладзіка, як мы назіраем яго, ліў плыні дзіўнага святла на месяцовы краявід; і па ўсёй прасторы дзікіх раўнін і няроўных хрыбтоў раскінулася адно бясконцае мора катоў, добра пашыхтаваных. Коламі яны падыходзілі да яго, і два ці тры галоўныя ў шэрагу лізалі яго твар і суцяшальна мурлыкалі. Ад мёртвых рабоў і рапухападобных нічога не засталося, толькі аднойчы Картэру падалося, што ён заўважыў костку на зямлі, калі да яго падыходзіла чарговае кола ваяроў.
Цяпер Картэр размаўляў з ачольнікамі на пяшчотнай кацінай мове, і даведаўся, што старадаўняе сяброўства паміж катамі і людзьмі часта згадвалася ў месцах, дзе каты збіраліся. Картэр не застаўся незаўважным, калі ён праходзіў праз Ультар, і старыя дагледжаныя каты згадалі, як ён іх лашчыў пасля таго, як яны паклапаціліся пра галодных зуугаў, якія драпежна глядзелі на маленькае чорнае кацянё. І яны таксама памяталі, як ён прывітаў тое чорнае кацянятка, калі яно прыйшло да яго ў карчме, і як ён пакінуў сподак смятаны на ранак, калі сыходзіў. Дзед малога кацяняці ачольваў сабранае войска, і гэта ён заўважыў агідную працэсію з далёкага пагорка і распазнаў у зняволеным вернага сябра катоў у рэчаіснасці і летуценных землях.
З далёкай вяршыні раздалася скавытанне, і стары правадыр перарваў размову. Там быў адзін з вартавых пастоў, размешчаны на самай высокай гары, каб назіраць за ворагам, якога найбольш баяцца зямныя каты – завялікімі і дзіўнымі катамі Сатурна, якія па нейкай прычыне часам згадвалі пра прывабнасць цёмнага боку месяца. Яны мелі дамову са злымі рапухападобнымі істотамі, і надзвычай варожа ставіліся да зямных катоў; сустрэча з імі зараз мела б сур’ёзныя наступствы.
Пасля кароткай нарады з генераламі, каты ўсталі і падцягнуліся бліжэй, каб абараніць, калі што здарыцца, Картэра, і пачалі рыхтавацца да вялікага скоку скрозь космас назад на дахі рэчаісных і летуценных зямель. Стары палявы маршал параіў Картэру расслабіцца і дазволіць несці сябе незлічонай колькасці пушыстых скакуноў, і паказаў яму, як ён павінен выгінацца і прызямляцца разам з астатнімі. Ён таксама прапанаваў даставіць Картэра ў любое месца, якое ён толькі пажадае, і Картэр назваў Дылат-Ліен, горад, адкуль выплыла чорная галера, бо адтуль ён хацеў морам трапіць у Арыяб і знайсці высечаны твар на гары Нгранэк, і таксама папрасіць гараджан болей не мець спраў з чорнымі галерамі, калі можна бяспечна разарваць дамову. Затым па сігнале каты зграбна скокнулі са сваім сябрам, які бяспечна ляцеў усярэдзіне, пакуль у гэты час у цёмнай пячоры на далёкай выклятай вяршыні адной з месяцовых гор на яго дарэмна чакаў паўзучы хаос Н’ярлахатэп.
Скок катоў праз космас адбыўся мякка; Картэр, абкружаны пухнатымі абаронцамі, на гэты раз не заўважыў вялікіх цёмных бясформенных ценяў, што ўзнікаюць і блукаюць і валтузяцца ў бездані. Да таго, як ён напоўніцу здолеў зразумець, што адбываецца, ён ужо быў у знаёмым пакоі карчмы Дылат-Ліена, і непрыкметныя, прыязныя каты плынямі выбягалі з вакна. Стары правадыр з Ультара сыходзіў апошнім, і, калі Картэр паціскаў ягоную лапу, сказаў, што дабярэцца дадому на золку. Калі развіднела, Картэр спусціўся ўніз і даведаўся, што мінуў тыдзень ад яго выкрадання да паратунку. Было яшчэ недзе два тыдні да таго, як карабель паплыве да Арыябу, і гэты час ён прысвяціў аповедам пра чорныя галеры і ганебныя ўчынкі іх уладальнікаў. Большасць гараджан верылі яму; аднак ювелірам так падабаліся вялікія рубіны, што ніхто не паабяцаў цалкам спыніць гандаль з шыракаротымі купцамі. Калі Дылат-Ліен напаткае зло за такі гандаль, гэта будзе не яго правінай.
Праз тыдзень чаканы карабель спыніўся ля чорнага мола і высокага маяка, і Картэр узрадаваўся, калі ўбачыў барку, поўную сапраўдных людзей, з пафарбаванымі парусамі і сівым капітанам у шаўковай тозе. Яны везлі чорную смалу з дрэў Арыяба, вытанчаную кераміку, зробленую майстрамі Бахарны, і дзіўныя фігуркі, высечаныя са старажытнай лавы Нгранэка. За гэта ім плацілі воўнай Ультара і пералівістымі тканінамі Хатэга і слановай косткай, якую здабываюць цемнаскурыя людзі на берагу вялікай ракі ў Паргу. Картэр дамовіўся з капітанам, каб той адвёз яго да Бахарны, і даведаўся, што шлях зойме дзесяць дзён. У пазасталы тыдзень ён шмат размаўляў з капітанам з Нгранэка, і той сказаў, што вельмі няшмат людзей бачылі высечаны на скале твар; большасць вандроўнікаў задавольваецца легендамі, пачутымі ад старых людзей і збіральнікаў лавы і стваральнікаў фігурак у Бахарне, а потым яны вяртаюцца дадому і кажуць, што сапраўды зірнулі на твар. Капітан нават не быў пэўны, ці бачыў высечаны твар хто з зараз жывых, бо ўзняцца на той бок Нгранэка вельмі складана і гэта закінутае і гіблае месца, і ходзяць чуткі, што ўночы з пячор побач з вяршыняй выходзяць прывіды. Але капітан не хацеў казаць, як выглядалі начныя прывіды, бо яны маюць здольнасць прыходзіць у снах да тых, хто шмат пра іх думае. Картэр спытаў, ці ведае капітан пра дзівосны Кадат у халоднай пустэчы, і чароўны горад на заходзе сонца, але пра іх прыстойны чалавек нічога не ведаў.
Картэр выплыў з Дылат-Ліена ранкам, калі пачаўся адліў і першыя прамяні сонца заблішчалі на гранёных вежах панурага базальтавага горада. Два дні яны плылі на ўсход уздоўж пакрытых зеленню берагоў, і часта бачылі чароўныя рыбацкія мястэчкі, чые дамы з чырвонымі дахамі і камінамі раскінуліся па ўзгорках, задумлівыя прыстані і берагі, дзе сохлі сеці. Але на трэці дзень карабель рэзка павярнуў на поўдзень, дзе плынь вады бегла хутчэй, і яны неўзабаве перасталі бачыць зямлю. На пяты дзень маракі хадзілі нервовыя, але капітан выбачыўся за іх жах і патлумачыў, што карабель будзе праходзіць над рэшткамі сцен і калон затопленага горада, занадта старажытнага, каб хтосьці памятаў яго назву, і ў празрыстай вадзе можна будзе ўбачыць рух шматлікіх ценяў на глыбіні, якіх непісьменныя людзі баяліся. Тым не менш, дадаў ён, шмат караблёў згубілася ў гэтай частцы мора; ён сам памятаў некалькі, што праплывалі блізка іх і якіх болей ніхто не бачыў.
Той ноччу месяц свяціў ярка, адбіваючыся на вадзе бліскучай сцежкай. Вецер быў такі малы, што карабель ледзь рухаўся, і акіян падаваўся лагодным. На вялікай глыбіні за бартом Картэр бачыў купал вялікага храма і шырокі бульвар з дзіўнымі сфінксамі, які вёў да гарадской плошчы. Дэльфіны з’яўляліся і знікалі сярод руін, і марскія свінні нязграбна перакочваліся з боку ў бок, часам выплывалі наверх і выскоквалі з вады. На дне акіяна, якое ўздымалася пагоркамі, сярод сточаных сцен маленькіх дамкоў віліся лініі старажытных вуліц.
Затым яны плылі над ускраінай горада, і нарэшце ўгледзелі вялікі адасоблены будынак на пагорку, больш простай архітэктуры, чым іншыя пабудовы, і ў значна лепшым стане. Ён быў цёмны, нізкі, меў вежы на чатырох кутах, брукаваны двор у цэнтры і безліч маленькіх цікавых круглых вокнаў у сценах. Можа, яго пабудавалі з базальту, хаця марское пустазелле пакрывала большую частку сцен; ён быў такім самотным на тым пагорку і так уражваў, бо, магчыма, з’яўляўся храмам ці кляштарам. З-за фасфарычных рыб маленькія круглыя вокны здаваліся асветленымі, і Картэр не ганіў маракоў за іх боязь. Нарэшце ў месяцовым святле пад вадой ён заўважыў высокі дзіўны маналіт, які стаяў у цэнтры двара, і прыкмеціў, што нешта было да яго прывязана. Картэр пазычыў тэлескоп у капітанскай каюце і распазнаў у прывязаным марака ў шаўковай тозе Арыяба, перавернутага ўніз галавой і з выкалатымі вачамі, і быў рады, што падняўся брыз і панёс карабель наперад, у больш прыемныя часткі мора.
На наступны дзень яны сустрэлі карабель з ліловымі парусамі, што плыў у Заар, зямлю забытых мрой, з цыбулінамі дзіўнага колеру лілій на продаж. І ў вечар адзінаццатага дня падарожжа ў поле зроку трапіў абток Арыяб і няроўная заснежаная вяршыня Нгранэка. Арыяб – вялікі абток, а партавы горад Бахарна – знакаміты і магутны. За парфіравымі прыстанямі Бахарны вялізнымі каменнымі тэрасамі ўздымаецца горад, а над яго вуліцамі прыступкамі вісяць аркі будынкаў і масты між дамамі. Вялікі канал цячэ пад горадам у тунэлі з гранітнымі брамамі і вядзе да возера Йат, на далёкай скале за якім пачынаюцца неабсяжныя цагляныя руіны настолькі старажытнага горада, што яго назва даўно забылася. Паколькі карабель заходзіў у бухту пад вечар, маякі-блізняты Тхонь і Тхаль прывіталі яго мігценнем, і ў незлічоных вокнах дамоў Бахарны пакрысе запальваліся цёплыя агні, як у сутонні запаляюцца зоры, пакуль пакручасты порт не стаў падобны на ззяючае сузор’е паміж нябёсамі і адбіццём нябёсаў у нерухомай вадзе ціхай гавані.
Капітан, пасля таго, як карабель прычаліў, запрасіў Картэра ва ўласны маленькі дом на скале ля Йата, дзе заканчваецца горад; і яго жонка і слугі прынеслі незнаёмую, але смачную ежу на радасць вандроўніку. Днямі пасля Картэр пытаўся наконт чутак і легенд пра Нгранэк ва ўсіх корчмах і месцах, дзе можна было сустрэць збіральнікаў лавы і стваральнікаў фігурак, але не напаткаў нікога, хто быў на вяршыні і бачыў высечаны на скале твар. На Нгранэк было цяжка падымацца, і да яго вяла толькі адна праклятая даліна, і акрамя таго, ніхто не быў пэўны, што начныя прывіды – не выдумка.
Калі капітан адплыў у Дылат-Ліен, Картэр пасяліўся ў старой карчме ля пакручастай алеі ў той частцы горада, якая была забудаваная дамамі з цэглы і нагадвала руіны на далёкім беразе Йата. Там ён планаваў узыходжанне на Нгранэк, звязваючы ў адно ўсё тое, што даведваўся ад збіральнікаў лавы пра шлях на гару. Уладаром карчмы быў вельмі стары чалавек, які за сваё жыццё пачуў безліч гісторый, шмат якія падаваліся карыснымі. Ён нават дазволіў Картэру зайсці ў адзін з пакояў наверсе і паказаў накід малюнка, які вандроўнік надрапаў на глінянай сцяне ў даўнія часы, калі людзі былі смялей і больш ахвотна ўзыходзілі на высокія схілы Нгранэка. Прадзед старога ўладара карчмы чуў ад свайго прадзеда, што вандроўнік, які надрапаў малюнак, узлез на вяршыню Нгранэка і бачыў высечаны твар, і пакінуў выяву, каб і іншыя маглі яго ўбачыць; але Картэр меў вялікія сумневы, паколькі грубыя рысы на сцяне былі зробленыя паспешліва і неахайна, у атачэнні прымітыўных безгустоўных ценярысаў з рагамі і крыламі і кіпцюрамі і закручанымі хвастамі.
Нарэшце, даведаўшыся ўсё, што толькі мог, у корчмах і грамадскіх месцах, Картэр арэндаваў зебру і ранкам паехаў па дарозе вакол Йата ў той бок, дзе ўзвышаўся каменны Нгранэк. На сваім шляху ён сузіраў пагоркі і чароўныя сады і мілыя каменныя домікі, якія нагадалі яму ўрадлівыя палі і паселішчы ўздоўж ракі Скэй. Пад вечар ён быў каля безыменных старажытных руін на дальнім беразе Йата, і хаця старыя збіральнікі лавы папярэджвалі яго не ночыць у гэтым месцы, ён прывязаў зебру да пахіленай калоны перад абваленым мурам і разаслаў коўдру ў зацішным кутку пад высечанымі іерогліфамі, якіх ніхто болей не мог прачытаць. Ён дастаў яшчэ адну коўдру, таму што ночы ў Арыябе халодныя; і калі аднойчы ён прачнуўся з-за таго, што, як яму падалося, ён адчуў дотыкі крылаў нейкай казюркі да свайго твару, ён завярнуўся ў коўдру з галавой і спаў глыбокім сном, пакуль яго не абудзілі сваім клёкатам птушкі маага ў далёкім гаі.
Сонца толькі паднялося над схілам, на якім незлічоныя закінутыя старажытныя цагляныя падмуркі і разбітыя сцены і небяспечна патрэсканыя калоны і падножжа зніклых статуй выцягваліся да берага Йата, і Картэр азірнуўся ў пошуках зебры. Ім апанаваў жах, калі ён убачыў, што бедная жывёла ляжыць ніцма побач з пахіленай калонай, да якой яна была прывязаная, і яшчэ болей яго засмуціла тое, што конь быў мёртвы, бо нешта цалкам высмактала яго кроў праз маленькую рану на шыі. Рэчы ляжалі раскіданыя, і некалькі бліскучых дробязяў знікла, і вакол на пыльнай глебе засталіся сляды перапончатых лапаў, столькі, што іх немагчыма было падлічыць. Ён прыгадаў легенды і перасцярогі збіральнікаў лавы, думаючы, што магло датыкацца да яго твара ўначы. Затым апрануў заплечнік і пакрочыў у бок Нгранэка, і ўздрыгнуў, калі ўбачыў побач з дарогай, якая ішла праз руіны, у сцяне старога храма вялікі ўваход у скляпенне, прыступкі якога вялі ўніз і знікалі ў цемры далей, чым ён мог бачыць.
Яго шлях цяпер ішоў праз дзікі і лясісты краявід, і ён бачыў толькі хаціны абпальвальнікаў вугалю і намёты тых, хто збіраў жывіцу ў гаі. Паветра напаўнялася водарам бальзаму, і птушкі маага бесклапотна спявалі, бліскаючы сваімі сямю колерамі на сонцы. Перад заходам сонца ён натрапіў на намёты збіральнікаў лавы, якія вярталіся з ніжніх схілаў Нгранэка; і застаўся ночыць разам з імі, слухаючы песні і гісторыі, і выпадкова пачуў размову пра сябра, якога яны згубілі. Той узбіраўся высока да прыгожага кавалку лавы, і не павярнуўся да прыцемкаў. Падчас пошукаў на наступны дзень яны знайшлі толькі яго турбан, а на скалах унізе не было ніякіх прыкмет таго, што ён упаў. І больш яны не шукалі, бо старыя збіральнікі сказалі, што гэта дарэмна. Ніхто не ведаў, ці забралі яго начныя прывіды, хаця само існаванне гэтых стварэнняў лічылася мітам. Картэр спытаў, ці высмоктвалі кроў начныя прывіды, ці любілі яны бліскучыя рэчы, і ці пакідалі па сабе сляды перапончатых лапаў, але збіральнікі толькі пакруцілі галовамі і выглядалі напужанымі яго роспытамі. Калі ён заўважыў, якімі негаваркімі яны сталі пасля гэтага, не стаў іх больш ні аб чым пытаць і пайшоў спаць у сваю коўдру.
На наступны дзень ён развітаўся са збіральнікамі лавы, паколькі яны ехалі на захад, а ён – на ўсход на зебры, якую набыў у іх. Стары чалавек блаславіў яго і папярэдзіў, што лепей не ўзбірацца занадта высока на Нгранэк, але, хаця Картэр і дзякаваў ад усяго сэрца, пераўпэўніць яго ў старога не атрымалася. Бо ён і далей адчуваў, што павінен знайсці багоў над дзівосным Кадатам, і даведацца ў іх шлях да незабыўнага і чароўнага горада на заходзе сонца. Увечары, пасля доўгага ўз’езду на пагорак, ён напаткаў закінутыя вёскі з цаглянымі дамамі, пабудаваныя людзьмі з пагоркаў, якія некалі жылі побач з Нгранэкам і накрэслілі выявы на гладкай лаве. Яны жылі тут да часоў прадзеда старога ўладара карчмы, але тады адчулі, што іх прысутнасць болей непажаданая. Чым вышэй па схілу яны будавалі свае дамы, тым болей людзей гублялі да таго, як узыходзіла сонца. Нарэшце яны вырашылі, што будзе лепей, калі сысці ўсім разам, бо часам у цемры заўважалі рэчы, з’яўленне якіх ніяк нельга было патлумачыць як добры знак; таму ў рэшце рэшт яны спусціліся ніжэй да мора і пасяліліся ў Бахарне, абраўшы вельмі стары квартал, дзе вучылі сваіх сыноў старажытнаму мастацтву стварэння фігурак, чым тыя і займаліся дагэтуль. Менавіта ад нашчадкаў выгнаных людзей з пагоркаў Картэр чуў найцікавейшыя аповеды пра Нгранэк у старых корчмах Бахарны.
З набліжэннем Картэра змрочная частка Нгранэка падавалася ўсё вышэйшай. На схіле перад ёй раслі рэдкія дрэвы, і кволыя хмызы па-за імі, і далей агідная скала, быццам здань, уздымалася ў неба, дзе злівалася з марозам, ільдом і вечным снегам. Картэр агледзеў расколіны і няроўнасці цёмнага каменя і неяк не знайшоў у сябе жадання ўзыходзіць. Часам ён сустракаў суцэльныя патокі лавы, і купы дзындры, што засмечвалі схілы і ўступы. Дзевяноста эпох таму, яшчэ да таго, як багі таньчылі над загостранай вяршыняй, гара размаўляла з вагнём і раўла галасамі ўнутраных грымотаў. Цяпер яна была застылай, безгалосай і злавеснай, і захоўвала на недасягальны баку выяву таямнічага волата, пра якога шэптам пераказвалі чуткі. І ў гары з’явіліся пячоры, якія маглі быць пустымі і самотнымі, напоўненымі спрадвечнай цемрай, ці – калі ў паданнях казалі праўду – захоўвалі жах у формах, непадуладных разуменню.
Зямля падымалася ўверх да падгор’я Нгранэка, пакрытая рэдкімі чэзлымі дубамі і ясенямі, і рассыпанымі кавалкамі скал, лавы і старажытнага вугалю. На ёй заставаліся рэшткі вогнішчаў шматлікіх стаянак збіральнікаў лавы, разам з некалькімі грубымі ахвярнікамі, якія яны збудавалі ці каб задобрыць Вялікіх, ці каб адвесці небяспеку, якую бачылі ў сваіх снах на высокіх сцежках Нгранэка і ў лабірынтычных пячорах. Увечары Картэр дасягнуў самых далёкіх рэшткаў вогнішчаў і вырашыў заночыць, прывязаўшы зебру да маладога дрэва і загарнуўшыся ў коўдру. І ўсю ноч раздаваўся вой вуунітаў здалёк з берага нябачнай азярыны, але Картэр не баяўся гэтай земнаводнай жудасці, паколькі яму з упэўненасцю паведамілі, што ні адзін з іх не наважыцца падысці блізка да схілаў Нгранэка.
Раніцай у ясным святле сонца Картэр пачаў доўгі ўздым, ведучы зебру настолькі далёка, наколькі магла ісці гэтая карысныя жывёла, але нарэшце быў вымушаны прывязаць яе да нізкарослага ясеня там, дзе вузкая сцежка стала занадта крутой. Далей ён караскаўся сам сярод высокай травы між кволымі хмызамі. Ён шкадаваў, што адышоў далёка ад дрэў, таму што схіл стаў вельмі абрывістым, і пачалося галавакружэнне. Паўсюль, куды б ён ні глянуў, разлічаў знаёмую ваколіцу – закінутыя хаты стваральнікаў фігурак, гаі дрэў з жывіцай, і стаянкі тых, хто яе збіраў, і лясы, дзе вілі гнёзды і спявалі вясёлкавыя птушкі маага, і нават абрысы берагоў Йата з небяспечнымі руінамі старажытнага горада, чыё імя даўно забыта. Ён палічыў за лепшае не глядзець уніз доўга, і ўзбіраўся далей, пакуль хмызы не сталі вельмі рэдкімі, і часта не было нічога, акрамя жорсткай травы, каб зачапіцца.
Потым усё радзей сустракалася глеба, замест яе ён караскаўся па лапікам голай скалы, і часам натыкаўся на арліныя гнёзды ў расшчэпінах. Нарэшце не засталося нічога, акрамя голай скалы, і калі б яна не была надта шурпатай і выветранай, ён наўрад ці падняўся б далей. Аднак выступы, шчыліны і расколіны моцна дапамагалі; яго падбадзёрвала тое, што часам трапляліся знакі збіральнікаў лавы, якія яны груба драпалі на рыхлых камянях, бо гэта значыла, што людзі былі тут да яго. Пасля пэўнай вышыні прысутнасць людзей нейкі час таму выяўлялася ў пакінутых апорах для рук і ног там, дзе яны былі патрэбныя, а таксама маленькіх раскапаных ямках там, дзе маглі быць знойдзеныя каменьчыкі і жылы струменяў лавы. У адным месцы ён знайшоў вузкі штучны ўступ, які быў высечаны наўмысна, каб дабрацца да багатай залежы правей ад напрамку ўзыходжання. Раз ці два Картэр наважыўся азірнуцца, і быў агаломшаны краявідам, які раскінуўся ўнізе. Ён мог азіраць увесь абток і ўзбярэжжа, з каменнымі тэрасамі Бахарны і дымам комінаў, які на воддалі падаваўся іншасветным. А далей – бязмежнае Паўднёвае мора з усімі яго нераскрытымі таямніцамі.
Сцежка стала пакручастай, і вышыня гары з высечанай выявай заставалася нябачнай. Картэр заўважыў уступ злева ўверсе, які, здавалася, вёў у патрэбным яму напрамку, і ён накіраваўся ў той бок, спадзеючыся, што не памыляецца. Праз дзесяць хвілін ён убачыў, што гэта сапраўды не тупік, а крутая дуга, якая, калі раптоўна не перарываецца і не адхіляецца, пасля некалькіх гадзін уздыму прывядзе яго да нябачнага паўднёвага схілу з відам на пустынныя скалы і праклятую лававую даліну. Землі, якія ён убачыў пад сабой, былі больш змрочнымі і дзікімі, чым краіна ля мора, якую ён перасек. Бок гары таксама адрозніваўся; ён заўважыў дзіўнай формы ўступы і ўпадзіны, якіх не было ўздоўж пакінутай сцежкі. Некаторыя былі вышэй, а некаторыя ніжэй яго, усе на голых вертыкальных скалах, недасягальныя для нагі чалавека. Паветра стала вельмі халодным, але пад’ём быў такім цяжкім, што на іншае ён не звяртаў увагі. Яго хвалявала толькі тое, што ўсё складаней было знайсці, за што зачапіцца, і ён нават падумаў, што гісторыі пра начных прывідаў, якіх лічылі віннымі ў знікненні падобных яму верхалазаў, былі бязглуздзіцай, бо насамрэч верхалазы падалі з такіх небяспечных сцежак. Яго не ўразілі байкі вандроўнікаў, але на ўсялякі выпадак ён узяў з сабой добры выгнуты ятаган. Іншыя думкі зніклі перад жаданнем убачыць высечаны твар, які мог стаць падказкай, як знайсці багоў, што жывуць над дзівосным Кадатам.
Нарэшце, у заледзянелым паветры, ён дайшоў да нябачнага боку Нгранэка, і ўбачыў у бясконцай прорве пад сабой стромкія скалы і неабсяжныя прасторы застылай лавы – сведчанне даўняга гневу Вялікіх. Ён сузіраў абшары зямлі на поўдні; гэта была пустынная мясцовасць без засеяных палёў і стрэх сялянскіх хат, і яна падавалася бязмежнай. Адсюль зусім не было відаць мора, бо Арыяб – вялікі абток. Ён і тут заўважыў безліч цёмных уступаў і вычварных расколін на стромых вертыкальных скалах, так жа для яго недасягальных. Цяпер над ім навісала скала, якая замінала бачыць, што наперадзе, і Картэр на момант знерухомеў у сумневах, ці зможа яе пераадолець. Здранцвелы на небяспечнай, прадзіманай халодным ветрам вяршыні ў мілях над зямлёй, з безданню і смерцю з аднаго боку і коўзкімі скаламі на іншым, ён зразумеў боязь, што прымушала людзей трымацца далей ад нябачнага боку Нгранэка. Ён не мог павярнуць назад, і сонца ўжо заходзіла. Калі ён не знойдзе шлях наверх, ноч заспее яго тут, а світанку ён можа не дачакацца.
Але там можна было прайсці, і ён у час гэта зразумеў. Толькі вельмі дасведчаны летуценнік здолеў бы скарыстацца непрыкметнымі выемкамі для ног, і Картэр быў такім. Пераадолеўшы навіслую скалу, ён убачыў, што далей караскацца будзе прасцей, бо раставанне вялікага ледавіка пакінула шмат плямаў гліны і ўступаў. Абрыў злева цягнуўся ад невядомай вышыні да невядомай глыбіні, а цёмная зеўра ўваходу ў пячору была ў недасягальнасці над ім. У іншых месцах, аднак, гара была не такой стромай, што давала магчымасць затрымацца і адпачыць.
Па надзвычай халоднаму ветру ён зразумеў, што недзе побач ляжыць снег, і зірнуў наверх, каб убачыць, як зіхацяць вершаліны ў познім рудаватым святле сонца. Без усялякага сумневу, тысячы футаў схілу над ім былі заснежаныя, а пад ім вісела вялікая стромая скала, падобная на тую, па якой ён толькі што ўзбіраўся; прыкметная, яна знаходзілася там заўжды, чорная пляма на белі скаванай марозным холадам вяршыні. І калі ён разгледзеў тую скалу, ён цяжка задыхаў, а потым, калі змог, моцна закрычаў і, уражаны і застрашаны адначасова, ухапіўся за шчарбаты камень; бо велізарная выпукласць была не такой, якой яе зрабіла прырода на пачатку сусвету, а блішчала, чырвоная і яшчэ больш ашаламляльная на заходзе сонца, высечанымі і адшліфаванымі рысамі бога.
Жорсткім і бязлітасным быў той запалены сонцам ззяючы твар. Немагчыма ўявіць, якім велізарным ён быў, ды Картэр адразу меў пэўнасць, што людзі не здольныя такое зрабіць. Гэта быў бог, увасоблены рукамі бога, які пазіраў пагардліва і ўладна на прагных. Чуткі казалі, ён быў ні на каго не падобным, і Картэр з тым пагадзіўся б; доўгія прымружаныя вочы і выцягнутыя мочкі вушэй, тонкі нос і вострае падбароддзе – усё казала пра расу, якая належыць не людзям, а багам. Картэр глядзеў, адчуваючы жах і пашану адначасова, на тое, што так доўга спадзяваўся знайсці; бачыць аблічча бога для яго стала большым цудам, чым ён мог уявіць, і калі гэты твар, велізарнейшы за вялікі храм, глядзіць уніз на заходзе сонца ў таямнічай цішыні з недасяжнай верхавіны, у чыёй цёмнай лаве яго высеклі рукі боскіх істот безліч часу таму, адчуванне цуду становіцца такім моцным, што яго немагчыма пазбегнуць.
Тут, таксама, да яго прыйшоў цуд пазнавання; хаця ён планаваў абшукаць усе летуценныя землі на падабенства гэтаму твару, што дазволіла б лічыць людзей боскімі дзецьмі, ён зараз ведаў, што яму не прыйдзецца гэтага рабіць. Безумоўна, рысы вялікага твару, высечанага на скале, не былі для яго цалкам незнаёмымі, бо ён часта бачыў падобныя ў корчмах партовага горада Цэлефаіс, які знаходзіцца ва Уот-Наргай за Танарыянскімі Узвышшамі, падуладны каралю Курэнасу, якога Картэр ведаў у жыцці па-за сном. Штогод маракі з падобнымі тварамі прыплывалі на цёмных караблях з поўначы, каб прадаць онікс і набыць разьблёны нефрыт і залатыя ніці і пяючых маленькіх чырвоных птушак Цэлефаіса, і было ясна, што яны не маглі быць нікім іншым, як паўбагамі. Блізка месца, дзе яны жывуць, павінна быць халодная пустэча, унутры якой дзівосны Кадат і оніксавы замак Вялікіх. Яму трэба на Цэлефаіс, які значна далей ад абтоку Арыяб – назад да Дылат-Ліена і наверх па рацэ Скэй да маста ля Ніра, і зноў ісці праз зачараваны лес зуугаў, адкуль ён зможа павярнуць на паўночны захад праз сады Аукрэнаса да пазалочаных шпіляў Трана, дзе можна знайсці галеон, які адвязе яго праз Царанійскае мора.
У глыбокім змроку вялікі высечаны твар глядзеў уніз яшчэ больш сурова. На тым выступе вандроўніка напаткала ноч; і ў цемры ён не мог рухацца ні ўніз, ні ўверх, мог толькі стаяць і трымацца і дрыжаць на гэтым вузкім лапіку, пакуль не прыйдзе дзень, благаючы на тое, што не засне, бо сон кіне яго ўніз скрозь мілі паветра на камяні і вострыя скалы праклятай даліны. З’явіліся зоры, але, акрамя іх, яго вочы бачылі толькі чорнае нішто; нішто, як прадвесце смерці, чыйму поклічу ён вырашыў супрацьстаяць, учэпіста трымаючыся за скальны выступ і адхіліўшыся ад нябачнага краю. Апошнім, што ён змог разгледзець у ахутанай ноччу прасторы, быў арол, які лунаў над прорвай на захадзе пад ім і з крыкам паляцеў прэч пасля таго, як наблізіўся да пячоры, чыя зеўра ўвахода шчэрылася ў недасягальнасці.
Раптам, без адзінага гука ў цемры, Картэр адчуў, як нябачная рука выхапіла з-за паса яго выгнуты ятаган. Затым ён пачуў, як той з лязгатам пакаціўся на скалах унізе. І яму падалося, што паміж ім і Вечным Шляхам прамільгнуў жудасны абрыс, агідна танклявы, з рагамі, хвастом і кажанымі крыламі. На захадзе нейкія плямы пачалі закрываць мігценне зор, і зграя невыразных існасцяў густа і бязгучна вылецела з недасяжнай пячоры над безданню. Затым нешта падобнае на пругкую руку абхапіла яго шыю і нагу, адарвала ад схілу і загайдала ў паветры. У момант зоры зніклі, і Картэр адчуў, што начныя прывіды схапілі яго.
Яны зацягнулі яго, нежывога ад страху, у скальную пячору, і панеслі праз неабсяжныя лабірынты. Спачатку ён спрабаваў вырвацца, як падказваў інстынкт, але яны асцярожна казыталі яго. Ад іх не сыходзіла ніякага гука, нават перапончатыя крылы не шамацелі. Стварэнні былі непрыемна халоднымі і вільготнымі і слізкімі, і іх лапы гідка датыкаліся. Ашаламляльна хутка яны падалі скрозь неймаверную бездань у галавакружным моташлівым струмені вільготнага і затхлага, як на могілках, паветра; і Картэр адчуваў сябе так, быццам трапіў у вірлівы лямант дэманічнага вар’яцтва. Ён крычаў зноў і зноў, але штораз чорныя лапы далікатна казыталі яго. Затым ён убачыў нешта падобнае на шэрае ззянне, і здагадаўся, што яны трапілі ў падземны сусвет першабытнага жаху, пра які ён чуў у легендах, дзе над смярдзючым агідным паветрам і вечнымі туманамі ямаў цэнтра зямлі свеціць бледны магільны агонь.
Далёка ўнізе ён разгледзеў невыразныя лініі шэрых і злавесных вяршынь, якія, як ён меркаваў, былі легендарнымі Вяршынямі Тхока. Агідныя і вусцішныя, яны стаялі ў прывідных сутоннях цьмяных і вечных глыбінь; вышэйшыя, чым чалавек можа ўявіць, яны ахоўвалі жахлівыя даліны, дзе поўзалі і рылі норы брыдкія бхолы. Але Картэр вырашыў засяродзіць позірк на іх, а не на сваіх захопніках, жудасных і нязграбных чорных стварэннях з гладкай, тлустай, падобнай на кітовую, скурай, гідкімі рагамі, павернутымі ўнутр адзін да аднаго, кажанымі крыламі, што шамацелі бязгучна, мярзотнымі ўчэпістымі лапамі, і калючымі хвастамі, што часам трывожна і ўпарта сцябалі яго. І горш за ўсё, стварэнні не размаўлялі і не ўсміхаліся, бо не маглі, таму, што ў іх не было твараў, каб усміхацца – а было толькі пустое месца там, дзе ў іншых твар. Усё, што яны маглі рабіць, гэта хапаць, лятаць і казытаць; такімі былі начныя прывіды.
Зграя ляцела ніжэй, і Вяршыні Тхока паўставалі шэрымі і высачэзнымі, і станавілася зразумела, што нічога не магло жыць на суровай і безуважнай цвердзі сярод вечнага змроку. На яшчэ ніжэйшых узроўнях, куды не сягалі забойчыя ўспышкі агню, існавала толькі спрадвечная цемра пустэчы, дзе загостраныя скалы былі падобныя на абрысы невядомых істот. Хутка вяршыні засталіся ззаду, і вакол не было нічога, акрамя хуткіх патокаў ветру і вільгаці з найглыбейшых гротаў. Затым начныя прывіды селі на падлогу, поўную нябачных рэчаў, якія адчуваліся, як слаі з касцямі, і пакінулі Картэра сам-насам у чорнай даліне. Прывезці яго сюды было абавязкам начных прывідаў, якія ахоўвалі Нгранэк; і калі справа была зробленая, яны бясшумна зляцелі. Калі Картэр паспрабаваў адсачыць іх рух, у яго нічога не атрымалася, бо нават Вяршыні Тхока сталі нябачнымі. Для яго не засталося нічога, акрамя цемры і жаху і цішыні і касцей.
Па дакладным крыніцам Картэр ведаў, што ён трапіў у даліну Пнатха, дзе поўзалі і рылі норы вялізныя бхолы; але ён не ведаў, чаго чакаць, бо ніхто ніколі не бачыў бхолаў, і нават не ўяўляў, на што яны падобныя. Пра бхолаў хадзілі цьмяныя чуткі, быццам нехта падслухаў іх шамаценне сярод гор з костак і хлюпаючыя гукі, якія яны рабілі, калі паўзлі адзін паўз аднаго. Іх немагчыма ўбачыць, бо яны з’яўляюцца толькі ў цемры. Картэр не гарэў жаданнем сустрэцца з бхолам, таму пачаў засяроджана слухаць, ці не ўзнікне які гук у невядомых глыбінях з костак вакол яго. Нават у гэтым страшным месцы ў яго былі план і мэта, бо шэпты і сцежкі Пнатха не былі невядомыя таму, з кім ён некалі меў размову ў старыя часы. Карацей кажучы, гэтае месца падавалася тым, куды ўсе гулі ў рэчаісных землях скідалі косткі пасля сваіх баляванняў; і можа яму пашанцуе напаткаць велізарную скалу, вышэйшую нават за вяршыні Тхока, якая пазначала мяжу іх уладанняў. Купы касцей падкажуць яму, дзе шукаць, і калі ён знойдзе, то папросіць гуля, каб скінуў лесвіцу; як ні дзіўна, ён быў па-асабліваму звязаны з гэтымі жахлівымі стварэннямі.
Чалавек, якога ён ведаў у Бостане – мастак, які маляваў дзіўныя выявы, меў таемную майстэрню ў старой і блюзнерскай алеі ля могілак – пасябраваў з гулямі і навучыў яго распазнаваць прасцейшыя выразы іх агіднага мармытання і ўскрыкаў. Гэты чалавек знік, і Картэр не быў упэўнены, што змог бы знайсці яго зараз, і ўпершыню ў летуценных землях загаварыў па-ангельску, мове з жыцця абуджаных. Як бы там ні было, ён адчуваў, што здолее пераканаць гуля вывесці яго з Пнатха; і лепей напаткаць гуля, які здольны бачыць, чым бхола, бачыць не здольнага.
Картэр увайшоў у цемру, і пабег, калі яму падалося, што ён нешта пачуў у кіпе касцей пад нагамі. Ён натрапіў на каменны схіл, і падумаў, што гэта можа быць пачатак адной з гор Тхока. Затым ён пачуў страшэнны грукат і ляскат высока ў паветры, і так упэўніўся, што падышоў блізка да скалы гуляў. Ён меў сумневы, што будзе пачуты, калі стаіць далёка ўнізе, але ўсведаміў, што ў гэтым свеце дзейнічаюць іншыя законы прыроды. Пакуль ён разважаў над усім гэтым, да яго прыляцела і моцна ўдарыла костка, падобная на чэрап, і, разумеючы сваю блізкасць да лёсавызначальнай скалы, ён закрычаў так моцна, як толькі мог, прызываючы гуляў.
Гукі ляцелі павольна, і прайшоў некаторы час перад тым, як ён пачуў ускрык у адказ. Ён быў задаволены, што пачуты, і неўзабаве яму сказалі, што спусцяць вяровачную лесвіцу. Ён чакаў у напружанні, і стараўся не думаць пра тое, каго мог абудзіць сярод касцей сваім гучным крыкам. Сапраўды, хутка ён пачуў невыразны шоргат удалечыні. Паколькі той набліжаўся, яму станавілася ўсё больш неспакойна, але ён не хацеў адыходзіць ад месца, дзе павінна была з’явіцца лесвіца. Яго трывога стала амаль нясцерпнай, і ён быў гатовы бегчы ў паніцы, калі грукат у купе касцей побач прыцягнуў яго ўвагу. Гэта была лесвіца, і пасля хвіліны пошукаў ён трымаў яе ў руках. Але іншы гук не сціх і пераследаваў яго, нават калі ён падымаўся. Ён падняўся на пяць футаў над зямлёй, калі грукат унізе стаў гучней, і на амаль дзесяці футах нешта ўнізе пачало разгойдваць лесвіцу. На вышыні ў пятнаццаць-дваццаць футаў ён адчуў, як да яго датыкнулася нешта слізкае, што выгіналася то ў адзін, то ў іншы бок, і ў адчаі ён пачаў уздымацца так хутка, як толькі мог, каб уцячы ад невыноснага дотыку моташнага і ўкормленага бхола, чыё цела ніводны чалавек не здольны ўбачыць.
Чатыры гадзіны ён уздымаўся да болю ў руках і сцёртых далоняў, каб зноў трапіць туды, дзе бледны магільны агонь асвятляе няўтульныя вяршыні Тхока. Нарэшце ён угледзеў над сабой выступаючы край вялікай скалы гуляў, чый стромы бок заставаўся нябачным; і гадзіны пасля ён заўважыў дапытлівы твар, які ўзіраўся ў яго, як узіраюцца гаргуллі ў наведвальнікаў Нотр Дама. Ён ледзь не згубіў прытомнасць, але праз момант зноў авалодаў сабой; яго зніклы сябра Рычард Пікман некалі пазнаёміў яго з гулем, таму ён добра ведаў іх клыкастыя твары і нахіленыя постаці і агідныя звычкі, і не разгубіўся, калі гэтае брыдкае стварэнне выцягнула яго з неабсяжнай пустэчы за край скалы, і не закрычаў, калі ўбачыў кіпы напалову з’едзеных целаў і сядзячых коламі гуляў, якія нешта грызлі і з цікавасцю пазіралі.
Цяпер ён быў на ледзь асветленай раўніне, адзінымі тапаграфічнымі асаблівасцямі якой былі вялікія валуны і ўваходы ў норы. У цэлым гулі былі пачцівыя, хаця адзін і паспрабаваў ушчыпнуць яго, калі астатнія задумліва сузіралі яго хударлявасць. Цярплівым мармытаннем ён пацікавіўся наконт свайго зніклага сябра, і даведаўся, што той стаў гулем, паважаным у бездані побач з сусветам па-за сну. Стары пазелянелы гуль прапанаваў праводзіць яго да месца жыхарства Пікмана, і, нягледзячы на зразумелую неахвоту, ён пайшоў услед за стварэннем у шырокую нару і поўз за ім гадзінамі па чорнай цвілі. Яны вылезлі на цьмянай раўніне, поўнай незвычайных рэліктаў – старых надмагільных камянёў, разбітых ўрнаў, вялікіх частак помнікаў – і Картэр зразумеў падсвядомасцю, што, хутчэй за ўсё, яны знаходзіліся бліжэй да рэчаісных зямель, чым ён калі трапляў з таго часу, як сышоў па сямістам прыступкам палымянай пячоры да Брамы Глыбокага Сну.
Там, на магільным камяні 1768 года, скрадзенага з Жытнёвых Могілак у Бостане, сядзеў гуль, які некалі быў мастаком Рычардам Эптанам Пікманам. Ён быў голым і бледным, і займеў столькі крывасмоцкіх рысаў, што незнаёмыя з ім маглі б мець сумневы наконт яго людскога паходжання. Але ён яшчэ крыху памятаў ангельскую мову, і здолеў пагутарыць з Картэрам, мармычучы і карыстаючыся аднаскладовымі словамі, і сядзячыя побач гулі дапамагалі яму, як маглі. Калі ён даведаўся, што Картэр хоча трапіць у зачараваны лес, а адтуль у горад Цэлефаіс ва Уот-Наргай за Танарыянскімі Узвышшамі, то адказаў, што яны наўрад ці здольныя паспрыяць яму ў гэтым, бо гулі з зямель рэчаіснасці не цікавіліся могілкамі летуценных зямель (пакінуўшы гэта перапончатым гулям, што занялі пакінутыя гарады), і было шмат іншых перашкод паміж іх краінай і чароўным лесам, такіх як жудаснае царства гугаў.
Гугі, велізарныя і валасатыя, некалі выклалі каменныя колы ў гэтым лесе і рабілі крывавыя ахвяраванні Іншым Багам і паўзучаму хаосу Н’ярлахатэпу, пакуль аднойчы пра гэту агіднасць не даведаліся зямныя багі, і выгналі гугаў у пячоры пад зямлёй. Толькі вялікая каменная пліта з жалезным кальцом аддзяляла бездань зямных гуляў ад зачараванага лесу, але гугі баяліся яе паднімаць з-за праклёну. Тое, што смяротны летуценнік можа перасекчы пячорнае царства гугаў і выйсці з тых дзвераў падавалася неверагодным; бо раней смяротныя летуценнікі былі іх ежай, і іх легенды гавораць пра неверагодны смак летуценнікаў, хаця на час выгнання дыету гугаў абмежавалі гастамі, брыдкімі стварэннямі, якія паміраюць ад сонечнага святла, і якія жывуць у скляпеннях Цына і скачуць на доўгіх задніх лапах, як кенгуру.
Так гуль, які некалі быў Пікманам, параіў Картэру выйсці з бездані ў Сармакандзе, закінутым горадзе ў даліне перад Лэнгам, куды да летуценных зямель вядуць чорныя лесвіцы, якія ахоўваюць крылатыя дыярытавыя ільвы, ці вярнуцца праз могілкі да сусвету па-за сну і пачаць пошукі наноўку ад сямідзесяці прыступак дрымоты да палымянай пячоры і сямісот прыступак да Брамы Глыбокага Сну і зачараванага лесу. Гэта, аднак, не задавальняла вандроўніка; бо шлях з Лэнга да Уот-Наргая быў яму незнаёмы, і таксама ён не меў ахвоты прачнуцца і забыцца на ўсё, што ён даведаўся ўва сне. Для яго пошукаў было б згубна забыць велічныя і незямныя твары маракоў, якія гандлявалі оніксам у Цэлефаісе, і якія, будучы сынамі багоў, маглі паказаць шлях у халодную пустэчу і Кадат, дзе жылі Вялікія.
Пасля доўгіх перамоў гуль пагадзіўся правесці госця за вялікую сцяну царства гугаў. Быў шанец, што Картэр здолее пракрасціся скрозь змрочнае царства круглых каменных веж у час, калі гіганты наядуцца і будуць храпці ў сваіх дамах, і дасягнуць галоўнай вежы з пазнакай Кхот, у якой будуць лесвіцы, якія вядуць да каменнай пліты ў чароўны лес. Пікман нават прапанаваў, каб з ім пайшлі тры гулі, каб дапамаглі яму падняць каменную пліту, бо гугі баяліся гуляў, і часта ўцякалі са сваіх вялізных могілак, калі заўважалі іх мярзотнае баляванне.
Ён таксама параіў Картэру апрануцца як гуль; згаліць бараду (бо ў гуляў яе няма), выкупацца голым у цвілі да адпаведнага колеру скуры, ісці падскокваючы і сутулячыся, а складзенае адзенне несці так, быццам гэта кавалак магільнага каменя. Яны дойдуць да горада гугаў – які і ёсць усім іх царствам – праз адпаведныя норы, з якіх вылезуць на могілках непадалёк ад Вежы Кхот, унутры якой лесвіцы. Трэба, аднак, асцерагацца вялікай пячоры каля могілак, бо гэта ўваход у скляпенні Цына, і помслівыя гасты заўсёды пільнуюць, гатовыя забіць, тых наведвальнікаў верхняй бездані, якія прыйшлі папаляваць ці памаліцца. Гасты намагаюцца выходзіць, калі гугі спяць, і нападаюць як на гугаў, так і на гуляў, бо не могуць іх разлічыць. Яны вельмі прымітыўныя, і ядуць адзін аднаго. Гугі выстаўляюць вартавога ў вузкім праходзе ў скляпеннях Цына, але ён часта засынае, і гасты заспяваюць яго знянацку. І хаця гасты зусім не пераносяць святло, у шэрых прыцемках бездані яны могуць знаходзіцца гадзінамі.
І Картэр палез праз несканчоныя норы з трыма гулямі, якія цягнулі з сабой надмагільную пліту палкоўніка Нахэмія Дэрбі, памерлага ў 1719 годзе, з могілак на вуліцы Чартэр у Салеме. Калі яны зноў апынуліся ў прыцемках, то зразумелі, што вылезлі ў лесе велізарных пакрытых лішайнікам маналітаў, сягаючых так высока, што губляўся зрок, якія былі надмагільнымі камянямі гугаў. Справа ад дзіры, з якой яны выпаўзлі, праз праход між маналітамі яны ўбачылі ашаламляльны доўгі шэраг круглых цыклапічных веж, што, падавалася, уздымаліся бясконца ўверх у шэрае неба ўнутранай зямлі. Такім быў вялікі горад гугаў, чые дзверы ў дамах маюць вышыню ў трыццаць футаў. Гулі часта прыходзілі сюды, бо адзін пахаваны гуг мог год карміць грамаду, і нават нягледзячы на небяспеку, усё ж прасцей рыць ямы да гугаў, чым мець справу з магіламі людзей. Картэр нарэшце зразумеў, чыімі былі ранейшыя вялізныя косткі, па якім ён хадзіў у даліне Пнатх.
Наперадзе, адразу за могілкамі, вырастаў стромы ўцёс, унізе якога зеўрал вялікі цёмны пралом пячоры. Гулі сказалі Картэру ні ў якім разе да яго не набліжацца, бо ён вёў да апаганеных скляпенняў Цына, дзе гугі палявалі на гастаў у цемры. І сапраўды, парада была карыснай; некалькі імгненняў гуль поўз да веж, каб праверыць, ці не памыліліся яны з часам адпачынку гугаў, як у зеўры вялікай пячоры запалілася першая пара жаўтавата-чырвоных вачэй, а затым яшчэ адна, і стала відавочна, што гугі страцілі свайго вартавога, а гасты выдатна знаходзілі ахвяр па паху. Гуль вярнуўся да сваіх прыяцеляў і загадаў ім сядзець ціха. Найлепш было б не перашкаджаць гастам, бо была верагоднасць, што яны хутка сыдуць, бо яны, пэўна, былі стомленыя пасля бітвы з вартавым гугаў у цёмных скляпеннях. Праз імгненне нешта памерам з жэрабя выскачыла ў шэрыя сутонні, і Картэру зрабілася дрэнна ад погляду на шурпатага і хваравітага драпежніка, чый твар, нягледзячы на адсутнасць носа, ілба, і іншых неабходных частак, быў дзіўна падобным на чалавечы.
Хутка побач выскачылі яшчэ тры гасты, і гуль ціха сказаў Картэру, што адсутнасць на іх баявых шнараў была дрэнным знакам. Гэта значыла, што яны зусім не біліся з гугам-вартаўніком, а толькі праслізнулі паўз яго, калі ён спаў, таму іх сіла і трываласць былі не растрачаныя, і застануцца такімі, пакуль яны не накінуцца на ахвяру. Было вельмі непрыемна бачыць гэтых брудных, непрапарцыйных у сваіх рысах жывёл, колькасць якіх павялічылася да пятнаццаці, якія нешта шукалі на зямлі і скакалі, як кенгуру, у шэрых сутоннях, там, дзе ўздымаліся гіганцкія маналіты і вежы, і больш непрыемным было чуць, як яны перамаўляліся між сабой кашляючымі гартаннымі гукамі. Але, хаця і выглядалі брыдка, яны былі не такімі жахлівымі, як тое, што вылезла з пячоры пасля іх з ашаламляльнай неспадзяванасцю.
Гэта была лапа, цалкам два з паловай фута ў шырыню, з цяжкімі грознымі кіпцюрамі. Потым з’явілася другая лапа, і за імі вялікая, пакрытая чорным мехам рука, з кароткіх перадплеччаў якой вырасталі абедзве лапы. Затым паказаліся два ружовых вока, і галава абуджанага гуга-вартаўніка, велічынёй з бочку, захісталася. Вочы тырчалі на дзве цалі з кожнага боку, зацененыя касцянымі выпукласцямі, парослымі буйным валоссем. Галава выглядала надзвычай жудасна перш за ўсё з-за рота. Клыкі ішлі ад верху да нізу галавы, а раскрываўся рот упоперак, а не ўздоўж.
Але перад тым, як няшчасны гуг здолеў выпаўзці з пячоры і выпрастацца на свае поўныя дваццаць футаў, драпежныя гасты ўскочылі на яго. На момант Картэр спужаўся, што той падыме трывогу і прыбяжыць увесь яго клан, але гуль ціха прамармытаў, што гугі не маюць галасоў, а размаўляюць выразамі твару. Бойка, якая пачалася, была страшэннай. З усіх бакоў зласлівыя гасты ліхаманкава накідваліся на паўзучага гуга, кусаючы і разрываючы сваімі пашчамі, і б’ючы бязлітасна цяжкімі вострымі капытамі. Увесь час яны захоплена візгаталі, і крычалі ад болю, калі вялікі рот гуга выпадкова кусаў аднаго з іх, так, што гоман бітвы напэўна б абудзіў спячы горад, калі б саслабелы вартаўнік не пачаў адступаць далей і далей у пячору. Як бы там ні было, хутка вэрхал знік у цемры, адкуль толькі часам далятала рэха, якое сведчыла пра працяг бойкі.
Затым гулі падалі знак ісці, і Картэр пакрочыў з імі з лесу маналітаў у цёмныя смуродныя вуліцы гэтага брыдкага горада, чые круглыя вежы з цыклапічнага каменя ўзвышаліся здалёк. Бязгучна яны прайшлі па каменным ходнікам, з агідай чуючы гідкае прыглушанае сапенне з-за чорных дзвераў, дзе спалі гугі. Хвалюючыся, бо часу заставалася ўсё меней, гулі паскорыліся; але нават так шлях не быў кароткім, бо адлегласці ў горадзе гігантаў былі значныя. Тым не менш, нарэшце яны выйшлі на пляцоўку перад самай вялікай вежай, дзе над велізарным уваходам вісеў барэльеф з пачварным сымбалем, сэнсу якога яны не ведалі, але ад позірку на які з’явіліся дрыжыкі. Гэта была цэнтральная вежа з сымбалем Кхота, і вялікія каменныя прыступкі з’яўляліся ў змроку, азначаючы пачатак даўгога ўздыму да верхніх летуценных зямель і зачараванага лесу.
І так пачаўся бясконцы ўздым у суцэльнай цемры; амаль немагчымы з-за гіганцкіх памераў прыступак, прызначаных для гугаў, пад ярд вышынёй. Іх колькасць Картэр быў не ў стане падлічыць, бо хутка стаміўся так, што нястомным і гібкім гулям прыйшлося яго цягнуць. Падчас усяго шляху існавала небяспека таго, што іх пачулі і будзе пагоня; і хаця ніводны гуг не наважыцца адчыніць каменныя дзверы ў лес з-за праклёну Вялікіх, наконт вежы і лесвіцы такіх абмежаванняў не існавала, і беглых гастаў часта пераследавалі аж да самага верху. Гугі мелі востры слых, і маглі б пачуць рухі тых, хто ўздымаўся, калі горад прачнецца; і няшмат часу спатрэбіцца для абуджаных гігантаў, звыклых з-за пагроз гастаў-паляўнічых у скляпеннях Цына бачыць без святла, каб схапіць малых і павольных уцекачоў на Цыклапічных прыступках. Асабліва засмучала думка пра тое, што бязгучных пераследуючых гугаў ніхто не пачуе, і яны нападуць раптоўна і бязлітасна ў цемры на прыступках. І нельга было разлічваць на звыклы страх гугаў перад гулямі ў гэтым дзіўным месцы, дзе ўсе перавагі былі на баку гугаў. Небяспека таксама магла прыйсці ад хітрых і помслівых гастаў, якія часта заскоквалі ў вежу, калі гугі спалі. Калі гугі будуць спаць доўга, і гасты прыйдуць сюды па расправе ў пячоры, пах уцекачоў будзе лёгка адчуты гэтымі агіднымі і драпежнымі стварэннямі; у такім разе, лепей быць з’едзеным гугамі.
Потым, пасля вечнасці, на якую расцягнуўся ўзыход, яны пачулі хрыпенне ў цемры над сабой; і справа набыла нечаканы і вельмі трывожны кірунак. Было відавочна, што гаст, ці некалькі гастаў, прабраліся ў вежу перад з’яўленнем Картэра і яго паплечнікаў; і не было сумневаў, што небяспека зусім блізка. Пасля секунды ў няпэўнасці, галоўны гуль штурхнуў Картэра да сцяны і загадаў дзвюм іншым гулям стаць з узнятымі надмагільнымі плітамі для знішчальнага ўдару, калі хто з ворагаў выйдзе да іх. Гулі бачаць у цемры, таму ўсё было не так безнадзейна, як калі б Картэр быў адзін. У наступны момант пачуўся грукат капытоў, з якім па меншай меры адзін з драпежнікаў скакаў уніз, і гулі прыгатавалі зброю для адчайнага ўдару. Неўзабаве бліснулі два жаўтавата-чырвоных вока, і яны пачулі цяжкае дыханне гаста скрозь лязг. Паколькі ён скокнуў на прыступку якраз над гулямі, яны ўдарылі старой надмагільнай плітой з незвычайнай сілай, і раздаўся толькі слабы ўсхліп перад тым, як ахвяра ўпала, адразу загінуўшы. Падавалася, драпежнік быў толькі адзін, і праз імгненне, калі яны прыслухоўваліся, гулі прапанавалі ісці далей. Як і раней, яны ледзь не цягнулі яго; і ён быў рады пакінуць месца, дзе адбылася крывавая сутычка, і нерухомае агіднае цела гаста ляжала, нябачнае, у цемры.
Нарэшце, гулі спыніліся і сказалі, што можна адпачыць; і Картэр зразумеў, што яны нарэшце дасягнулі каменных дзвераў. Не варта было нават думаць пра тое, каб цалкам падняць такую велічэзную рэч, але гулі спадзяваліся прыадчыніць яе настолькі, каб паставіць надмагільную пліту як падпорку, што дазволіла б Картэру праціснуцца праз шчыліну. Самі яны планавалі спусціцца і вяртацца праз горад гугаў, спадзеючыся на сваю няўлоўнасць, і да таго ж яны не ведалі шляху ў прывідны Сармаканд з яго брамай пад аховай ільвоў – уваходам ў бездань.
Моцна штурхалі тры гулі каменныя дзверы над сабой, і Картэр дапамагаў з усёй моцы, на якую быў здольны. Яны ўперліся нагамі ў край лесвіцы і ўклалі ўсю агульную моц ускормленых агіднай ежай цягліц. Праз некалькі імгненняў з’явілася паласа святла, і Картэр, якому даверылі гэтую працу, усунуў канец старой надмагільнай пліты ў адтуліну. Яны зноў пачалі штурхаць з усёй моцы; але справа ішла марудна, і штораз ім прыходзілася пачынаць наноўку, калі не атрымоўвалася павярнуць пліту, каб шчыліна стала большай.
Іх адчай стаў амаль невыносным, калі ззаду яны пачулі крокі. Але гэта былі толькі грукат і бразгатанне цела і капытоў гаста, калі ён скочваўся на ніжэйшыя прыступкі; але ніводнае магчымае тлумачэнне, чаму цела раптам зрушыла і пакацілася, не давала ім супакою. Таму, ведаючы звычкі гугаў, гулі пачалі ўпадаць у нешта падобнае да шаленства; і ў нечакана хуткім часе яны прыпаднялі дзверы дастаткова высока і здолелі трымаць іх, пакуль Картэр паварочваў пліту, каб зрабіць выйсце. Яны дапамаглі Картэру ўзняцца на іх цвёрдыя плечы і пазней падштурхоўвалі ногі, калі ён чапляўся за блаславёную глебу верхніх летуценных зямель. Яшчэ праз імгненне, яны пралезлі самі, і выбілі магільную пліту, каб зачыніўся праход, калі яны ўжо пачалі чуць цяжкае дыханне ўнізе. З-за праклёну вялікіх ніводзін гуг не мог прайсці праз дзверы, таму з вялікай палёгкай і адчуваннем спакою Картэр ціха прылёг на густыя зараснікі дзіўных ззяючых грыбоў чароўнага лесу, пакуль яго спадарожнікі прыселі на кукішкі, як звычайна адпачываюць гулі.
Чароўны лес, праз які ён вандраваў столькі часу таму, прыводзіў у захапленне і падаваўся сапраўдным выраем пасля таго месца, з якога ён выбраўся. Побач не было лясных жыхароў, бо застрашаныя зуугі пазбягалі таямнічых дзвераў, і Картэр абмеркаваў з гулямі іх далейшыя планы. Яны б не наважыліся вяртацца праз вежу, а сусвет па-за сну іх не вабіў, бо яны даведаліся, што тады прыйдзецца ісці праз прыстанак святароў Нэшта і Каман-Тха ў палымянай пячоры. Нарэшце яны вырашылі вяртацца праз Сармаканд з яго брамай у бездань, хаця зусім не ведалі, як туды трапіць. Картэр прыгадаў, што яна знаходзіцца ў даліне перад Лэнгам, і таксама распавёў, як сустрэў у Дылат-Ліене вусцішнага старога купца з раскосымі вачамі, пра якога хадзілі чуткі, што ён гандляваў з Лэнгам. Таму ён параіў гулям пашукаць у Дылат-Ліене, а затым прайсці праз палі да Ніра і ракі Скэй, а потым трымацца ракі, пакуль яны не дойдуць да яе вусця. Так яны і вырашылі зрабіць, і, не губляючы часу, сышлі, бо мацнеючы змрок быў пазнакай таго, што пачынаецца ноч для падарожжа. Картэр паціснуў лапы гэтых брыдкіх стварэнняў, падзякаваў за дапамогу і папрасіў перадаць удзячнасць да стварэння, якое некалі было Пікманам; але ўздыхнуў з палёгкай, калі яны сышлі. Бо гуль не самы прыемны спадарожнік для чалавека. Пасля гэтага Картэр убачыў лясную сажалку і ў ёй змыў з сябе бруд падзем’я, і апрануў вопратку, якую клапатліва насіў з сабой.
У пачварным лесе выродлівых дрэў была ноч, але дзякуючы ззянню можна было вандраваць, як удзень, і Картэр абраў вядомы яму напрамак на Цэлефаіс, ва Уот-Наргай над Танарыянскімі Узвышшамі. І, калі ён крочыў, то згадаў зебру, якую пакінуў, прывязаную да рэшткаў дрэва на Нгранэку ў далёкім Арыябе безліч часу таму; ён спадзяваўся на тое, што які-небудзь збіральнік лавы накарміў і вызваліў яе. І падумаў пра тое, ці будзе нагода вярнуцца калі-небудзь у Бахарну і заплаціць за зебру, забітую ўначы ў старажытных руінах на беразе Йата, і ці будзе памятаць яго стары гаспадар карчмы. Такія думкі прыйшлі да яго сярод наваколля аднойдзеных летуценных зямель.
Але хутка ён спыніўся, калі пачуў гук з велізарнага полага дрэва. Ён абышоў вялікае кола камянёў, бо не меў ахвоты зараз размаўляць з зуугамі; але з посвісту з вялікага дрэва вынікала, што старшыні раіліся недзе ў іншым месцы. Падышоўшы бліжэй, ён разлічыў гукі напружанай і вострай спрэчкі; і хутка даведаўся пра рэчы, якія выклікалі ў яго вялікую заклапочанасць. Бо на радзе абмяркоўвалася магчымая вайна з катамі. Прычынай яе была страта групы, якая прабралася за Картэрам ва Ультар, і якую каты справядліва пакаралі за нядобрыя намеры. Тое, што здарылася, выклікала іх гнеў, і зараз, праз месяц, важакі зуугаў былі гатовыя ўдарыць па ўсім каціным племені чарадой нечаканых нападаў, знішчаючы паасобных катоў і малыя групы, і не даць незлічоным катам Ультара ніводнага шанца сабрацца разам. Такім быў план зуугаў, і Картэр падумаў, што ён павінен сарваць яго перад тым, як працягнуць свой галоўны пошук.
Вельмі асцярожна прабраўся Рэндальф Картэр да ўскрайку лесу і завыў па-кацінаму над палямі ў зорным святле. І вялікі грымалкін у катэджы непадалёк падхапіў вой і перадаў яго праз лігі перакацістых сенажацяў да ваяроў вялікіх і малых, чорных, шэрых, тыгровых, белых, жоўтых і рознакаляровых; і рэха панеслася праз Нір над Скэем ва Ультар, і шматлікія каты Ультара запелі хорам і сталі ў шыхт. Пашанцавала, што не ўзышоў месяц, і таму ўсе каты былі на зямлі. Мяккімі і бязгучнымі скокамі з кожнага дымаходу і страхі яны зліліся ў бязмежнае футраное мора над раўнінамі да ўзлесся. Картэр быў там і прывітаў іх, і яго ўсцешыў від здаровых, прыгожых катоў пасля ўсяго таго, што ён спатыкаў у бездані. Ён быў рады бачыць свайго паважанага сябра і ратаўніка на чале аднаго са злучэнняў з Ультара, з ашыйнікам адпаведным чыну вакол шыі, і задранымі пад баявым вуглом вусамі. Яшчэ цікавей, што малодшым лейтэнантам у войску быў малады жвавы звер – некалі тое маленькае кацянятка ў карчме, якому Картэр даў сасіску са смятанай тым паўзабытым ранкам ва Ультары. Цяпер ён быў дужым, падаючым надзеі катом, і прамурлыкаў, датыкаючыся рукі сябра. Яго прадзед сказаў, што той мае выдатныя поспехі ў вайсковай справе, і хутка можа стаць капітанам.
Картэр распавёў пра небяспеку кашачаму роду, і быў узнагароджаны ўдзячным мурлыканнем са ўсіх бакоў. Параіўшыся з генераламі, ён падрыхтаваў план неадкладных дзеянняў, якія ўключалі ў сябе марш да месца рады зуугаў і іншых вядомых цвярдынь; прадухіленне нападаў і прымус да перамоваў да таго, як яны паспеюць сабраць сваё войска ўварвання. І, не губляючы ані імгнення, вялікі каціны акіян затапіў зачараваны лес, абкружаючы дрэва, на якім вялася рада, і кола з каменных пліт. Свіст займеў панічнае адценне, калі зуугі заўважылі сваіх ворагаў, і амаль не было супраціву з боку скрытных і цікаўных карычневых істот. Яны зразумелі, што іх ужо перамаглі, і з думак пра помсту перайшлі да думак пра самазахаванне.
Палова катоў села кругам вакол захопленых зуугаў, пакінуўшы праход, праз які ішлі палонныя з іншых часцін лесу. Перамовы распачаліся адразу, з Картэрам у якасці перакладчыка, і было вырашана, што зуугі могуць заставацца вольнымі з умовай, што яны будуць штогод перадаваць катам у якасці кантрыбуцыі цецерукоў, перапёлкаў і фазанаў з менш чароўных лясных закуткаў. Тузін маладых зуугаў са шляхетных сем’яў будзе ўтрымоўвацца ў Каціным Храме ва Ультары як закладнікі, і пераможцы далі зразумець, што любое знікненне катоў на мяжы з землямі зуугаў будзе мець цяжкія наступствы. Скончыўшы, каты расступіліся і дазволілі зуугам прашмыгнуць адзін за адным у свае дамы, што яны і паспешліва зрабілі, панура азіраючыся.
Стары каціны генерал прапанаваў Картэру суправаджэнне, да якой бы мяжы лесу ён ні жадаў дайсці, выказваючы перасцярогу, што зуугі маюць вялікую крыўду на яго з-за няўдалай вайны. Той з задаваленнем прыняў прапанову; не столькі дзеля бяспекі, а таму, што яму падабалася быць у кампаніі грацыёзных катоў. Такім чынам, сярод радаснага гуллівага войска, расслаблены пасля ўдалага выканання сваёй справы, Рэндальф Картэр ішоў з годнасцю праз чароўны ззяючы лес велічэзных дрэў, абмяркоўваючы свае пошукі са старым генералам і яго ўнукам, пакуль астатнія сваволілі і лавілі падаючае лісце, якое вецер ганяў сярод спрадвечных грыбоў. І стары кот распавёў, што ён шмат чуў пра дзівосны Кадат у халоднай пустэчы, але не ведаў, як туды трапіць. Наконт горада неверагоднай прыгажосці ў прамянях заходзячага сонца, ён пра яго ніколі не чуў, але пагадзіўся перадаць Картэру, калі што даведаецца.
Ён даў чалавеку некалькі вельмі важных пароляў для катоў летуценных зямель, і асабліва згадаў старога ачольніка катоў Цэлефаіса, куды Картэр накіроўваўся. Той стары кот, ужо крыху вядомы Картэру, быў высакародным Мальтысам; і будзе вельмі карысным у любой справе. На світанку, калі яны падышлі да мяжы лесу, Картэр неахвотна развітаўся з сябрамі. Малады лейтэнант, якога ён ведаў як кацяня, хацеў ісці з ім і далей, але стары генерал, хаця і не забараняў наўпрост, даў зразумець, што галоўны абавязак – быць разам са сваім родам і войскам. Таму Картэр у адзіноце пайшоў праз залатыя палі, якія, зацягнутыя містычнай смугой, вялі да зарослых вербамі берагоў ракі, а каты вярнуліся ў лес. Вандроўнік добра ведаў узараныя землі паміж лесам і Царанійскім Морам, і бестурботна пайшоў уздоўж пявучай ракі Аукрэнас, якая вызначала яго шлях. Сонца паднімалася вышэй над пакатымі схіламі гаяў і сенажацяў, робячы ярчэйшымі колеры тысяч кветак, якія аздаблялі пагоркі і лагчыны. Блаславёная смуга ахутала гэтыя землі, быццам бы тут было болей сонечнага святла, чым у іншых месцах, і крыху болей летняй дзынкаючай музыкі птушак і пчолаў; быццам чалавек ішоў праз казачную краіну, і адчуваў большую радасць і ўзнёсласць, чым калі-небудзь дагэтуль.
Пад вечар Картэр дайшоў да яшмавых тэрасаў Кірана, якія спускаліся да ўскрайку ракі і неслі неверагодна прыгожы храм, куды кароль Ілек-Ваада штогод прыплываў у залатым паланкіне са свайго далёкага каралеўства за сутонневым морам, каб усхваліць бога Аукрэнаса, які спяваў яму ў дзяцінстве, калі кароль жыў у доме на беразе ракі. Храм складзены з яшмы, і займае акр зямлі з усімі сваімі сценамі, і дварамі, і сямю спічастымі вежамі, і святыняй унутры, куды цячэ рака праз таемныя каналы і бог ціха спявае ўначы. Шмат разоў месяц чуе дзіўную музыку, калі асвятляе двары і тэрасы і вежы, але ці гэтая музыка – спеў бога, ці хор святароў, ніхто, акрамя караля Ілек-Ваада, не можа ведаць; бо толькі ён мае права ўваходзіць у святыню і бачыць святароў. Цяпер, у часе дзённай дрымоты, з вытанчанага разьбянага сховішча не даносілася ні гука, і Картэр чуў толькі цурчанне вялікага патока і гудзенне птушак і пчолаў, калі праходзіў паблізу, асветлены чароўным сонцам.
У другой палове дня пілігрым вандраваў па духмяным лугам сярод парослых травой узгоркаў у баку ад ракі, часам спатыкаючы мірныя хаткі з саламянымі стрэхамі і каплічкі добразычлівых багоў, зробленыя з яшмы або хрызаберыла. Ён падыходзіў блізка да берагу Аукрэнаса і свісцеў да жвавай і пералівістай рыбы ў крыштальна чыстай плыні, і спыняўся насупраць шэпчучага чарота і глядзеў на неабсяжны цёмны лес на дальнім баку, чые дрэвы галінамі спускаліся да самай вады. З мінулых летуценняў ён памятаў дзіўных няўклюдных буапатамаў, якія сарамліва выходзілі з лесу, каб папіць, але зараз не бачыў ніводнага. Раз-пораз ён спыняўся паглядзець на драпежных рыб, якія палявалі на птушак, заманьваючы іх у ваду водбліскамі сваёй спакуслівай лускі на сонцы, дзе хапалі за дзюбу сваёй вялізнай пашчай, калі крылаты рыбак кідаўся на іх.
Пад вечар ён узабраўся на высокі, парослы травой узгорак, і ўбачыў палаючую ў заходзе сонца тысячу пазалочаных шпіляў Трана. Вышэйшыя, чым можна ўявіць, алебастравыя сцены неверагоднага горада, што ўгінаюцца ўнутр на вяршыні і зробленыя з аднаго суцэльнага кавалка невядома як, бо яны старэйшыя за час. Якімі бы высачэзнымі ні былі сотня брам і дзвесце вышак, і прытуленыя адна да адной белыя пад залатымі шпілямі вежы ўнутры, сцены ўсё роўна вышэйшыя; чалавек з зямлі бачыць іх узлятаючымі ў нябёсы, часам ззяючымі, часам ахутанымі ўверсе клубкамі воблакаў і туману, а часам зацягнутымі толькі ўнізе, калі вольныя вяршыні ззяюць над смугой. І там, за рачной брамай Трана, пачынаюцца вялікія мармуровыя прыстані, ля якіх стаяць на якары, мякка пакочваючыся, багата аздобленыя галеоны, зробленыя з духмянага кедру і каламандры; і матросы з дзіўнымі бародамі сядзяць на бочках і цюках, падпісаных іерогліфамі далёкіх краін. На сушы за сценамі стаяць сялянскія хаткі, застылыя ў дрымоце паміж маленькіх узгоркаў, і вузкія дарогі са шматлікімі каменнымі масткамі зграбна ўюцца сярод рэчачак і садоў.
Паўз узараныя палі Картэр праходзіў увечары, і назіраў, як падымаюцца сутонні ад ракі да дзівосных залатых шпіляў Трана. І якраз у час заходу сонца ён падышоў да паўднёвай брамы, і быў спынены ахоўнікам у чырвоным мундуры, і распавёў яму тры неверагодныя сны, даказваючы тым самым, што ён летуценнік, варты таго, каб прайсці па крутым загадкавым вуліцам Трана і трапіць на кірмаш, дзе гандлявалі таварамі з прыгожа аздобленых галеонаў. Так ён увайшоў у гэты неймаверны горад праз браму – сцяна была такой шырокай, што праход нагадваў тунэль – і далей па пакручастым і перарывістым доўгім вузкім сцежкам паміж сягаючых нябёсы веж. Агні свяцілі праз крацістыя вокны і гаўбцы, і гук лютняў і флейт даносіўся з унутраных двароў, дзе журчэлі мармуровыя фантаны. Картэр ведаў, куды ісці, і павольна рухаўся праз цямнеючыя вуліцы да ракі, дзе ў старой марской карчме ён знайшоў капітанаў і матросаў, якіх ведаў па безлічы іншых летуценняў. Там ён набыў квіток да Цэлефаіса на вялікі зялёны галеон, і там жа спыніўся на ноч пасля сур’ёзнай размовы з шанаваным катом той карчмы, які ляжаў перад вялізным агменем і, пазяхаючы, у сваёй дрымоце згадваў даўнія бітвы і забытых багоў.
Ранкам Картэр узышоў на галеон, што плыў да Цэлефаіса, і сеў на карабельным носе, калі якар быў падняты і пачалося доўгае падарожжа па Царанійскім моры. На працягу доўгіх ліг узбярэжжы былі падобныя на тыя, што ён бачыў ля Трана, з дзівоснымі храмамі, якія з’яўляліся час ад часу на далёкіх узгорках на правым баку, і паўсоннымі вёскамі з хаткамі пад чырвонымі пахілымі дахамі і рыбацкімі сеткамі, раскладзенымі на сонцы. Засяроджаны на сваім пошуку, Картэр распытваў усіх маракоў пра тых, каго яны сустракалі ў корчмах Цэлефаіса, і ці не было сярод іх дзіўных людзей з доўгімі вузкімі вачамі, выцягнутымі мочкамі вушэй, тонкімі насамі і ўзнятымі падбароддзямі, якія прыплывалі на цёмных караблях з поўначы, каб прадаць онікс і набыць разьблёны нефрыт і залатыя ніці і пяючых маленькіх чырвоных птушак Цэлефаіса. Пра гэтых людзей маракі ведалі няшмат акрамя таго, што тыя зрэдку размаўлялі і побач з імі іншыя адчувалі незразумелае хваляванне.
Іх краіна знаходзілася вельмі далёка і называліся Інганок, і няшмат людзей хацелі там пабываць, бо гэта была халодныя зямля ў вечных сутоннях, вельмі блізка да змрочнага Лэнга; і хаця высокія непралазныя горы аддзялялі яе ад месца, дзе, як верылі, пачынаўся Лэнг, ніхто не мог сказаць дакладна, ці сапраўды там было згубнае плато з брыдкімі каменнымі вёскамі і храмамі, пра якія нельга згадваць, ці чуткі былі толькі страхам, які адчувалі ноччу баязлівыя людзі, калі грозныя чорныя вяршыні цягнуліся да ўзыходзячага месяца. Безумоўна, людзі сягалі Лэнг, прыплываючы з розных акіянаў. Аднак пра іншыя межы Інганока маракі не мелі ўяўлення, а пра халодную пустэчу і дзівосны Кадат чулі з рэдкіх недакладных паведамленняў. І пра чароўны горад на заходзе сонца, як Картэр і думаў, яны нічога не ведалі. Таму вандроўнік болей іх пра гэта не пытаў, аднак спадзяваўся на размову з дзіўнымі людзьмі з халоднага змрочнага Інганока, нашчадкамі багоў, чый твар выразаны на скалах Нгранэка.
У канцы дня галеон наблізіўся да павароту ракі, за якім пачыналіся духмяныя джунглі Кледа. Тут Картэр думаў сысці на бераг, бо ў гэтых трапічных джунглях спяць дзівоснай прыгажосці палацы са слановай косткі, самотныя і некранутыя, дзе некалі жылі ў раскошы ўладары княстваў, чые назвы даўно пазабываныя. Чары старэйшых трымаюць гэтыя месцы непадуладнымі пашкоджанням і распаду, бо, як напісана ў легендах, яны могуць спатрэбіцца зноў; і караваны сланоў сузіраюць іх здалёк у месяцовым святле, хаця ніхто не наважыцца падысці блізка з-за вартавых, што ахоўваюць іх непарушнасць. Але карабель імчаў далей, і ў прыцемках паступова заціхалі гукі дня, і першыя зоркі мігцелі ў адказ ранішнім светлякам на берагах, калі джунглі засталіся далёка ззаду, і толькі пазасталы водар, з кожным імгненнем слабеючы, некаторы час нагадваў пра іх. І ўсю ноч галеон плыў праз таямніцы мінулага, нечаканы і незаўважны. Раз дазорны паведаміў пра агні на ўзгорках з усходу, але сонны капітан параіў шмат на іх не глядзець, бо было зусім невядома, хто ці што іх запаліла.
Пад раніцу рака значна пашырылася, і Картэр па доміках на беразе зразумеў, што яны набліжаюцца да вялікага гандлёвага горада Гланіта на Царанійскім моры. Сцены яго былі складзеныя з шурпатага граніту, а спічастыя дамы выглядалі фантастычна праз свае незвычайна атынкаваныя франтоны і балюстрады. Людзі Гланіту больш за ўсіх у летуценных землях падобныя на людзей з сусвету рэчаіснасці; горад вядомы не толькі гандлем, надзвычай шануецца праца яго майстроў. Прыстані Гланіта зробленыя з дуба, і да іх прычаліў галеон, а капітан пайшоў гандляваць у карчмы. Картэр таксама сышоў з карабля, і глядзеў з цікавасцю на зрытыя каляінамі вуліцы, дзе грукаталі запрэжаныя валамі драўляныя фурманкі і гандляры, быццам у шаленстве, выкрыквалі назвы сваіх тавараў у паветра кірмашу. Партовыя карчмы знаходзіліся блізка да прыстаняў на брукаваных вулачках, пакрытыя соллю ад пырскаў прыліва, і падаваліся надзвычай старажытнымі з-за нізкіх столяў з чорнымі бэлькамі і зеленаватых аконных шкельцаў у форме туравага вока. Старыя маракі ў такіх корчмах любілі пагутарыць пра далёкія парты, і шмат распавялі пра дзіўных людзей з пакрытага вечнымі сутоннямі Інганока, але амаль нічога новага звыш таго, што ўжо ведалі маракі з галеона. Затым, нарэшце, пасля доўгіх разгрузак і пагрузак, карабель адправіўся ў падарожжа па вячэрняму мору, і высокія сцены і франтоны Гланіта асвятліліся апошнімі залатымі прамянямі сонца, падобныя на цуд у сваёй дзівоснай прыгажосці, такія, якімі іх ніколі не будзе здольны зрабіць чалавек.
Дзве ночы і два дні плыў галеон па Царанійскаму мору, без прыкмет зямлі на даляглядзе, спатыкаючы іншыя караблі, з якімі абменьваўся навінамі. На другі дзень перад заходам сонца яны ўгледзелі наперадзе заснежаную вяршыню Эрана, парослую дрэвамі гінка, што пагойдваліся на нізкіх пагорках, і Картэр ведаў, што яны ўжо блізка да краіны Уот-Наргай і чароўнага Цэлефаіса. Хутка з’явіліся бліскучыя мінарэты гэтага казачнага горада, і бездакорныя мармуровыя сцены з бронзавымі статуямі, і вялікі каменны мост, дзе Наракса ўпадае ў мора. Потым выраслі лагодныя пагоркі за горадам, з гаямі і садамі нарцысаў і маленькімі фантанамі і дамкамі сярод іх; і на даляглядзе пурпуровы краж гор Танарыяна, магутны і загадкавы, за якім ляжаць забароненыя шляхі да сусвету рэчаіснасці побач з іншымі мясцовасцямі летуценняў.
У бухце стаяла мноства рознакаляровых галер, некаторыя з якіх сюды трапілі з мармуровага горада на аблоках Сераніяна, што знаходзіцца ў эфірнай прасторы там, дзе мора сустракае неба, і некаторыя з нават больш аддаленых партоў у акіянах летуценных зямель. Стырнавы накіраваў карабель да пахнучых спецыямі прыстаняў, дзе прыстаў у прыцемках, калі гарадскія агні пачалі ўспыхваць над цёмнай вадой. Падобны на здань вечны горад заўсёды здаваўся маладым, бо час не меў сілы прывесці ў заняпад ці знішчыць яго. І заўсёды стаяў бірузовы храм Нат-Нартаха, і восемдзесят святароў у вянках архідэй былі тымі самымі, хто пабудаваў яго дзесяць тысяч год таму. Як і раней, ззяла бронза вялікай брамы, а оніксавыя ходнікі не мелі і следу зношанасці. І вялікія бронзавыя статуі на браме глядзелі ўніз на купцоў, і тыя ж самыя вябрлюджыя вершнікі, старэйшыя за любую легенду, без адзінага сівога валаска ў бародах.
Картэр не адразу пайшоў у храм ці палац ці замак, але застаўся ля мора сярод гандляроў і маракоў. І калі было запозна для чутак і паданняў, ён зняў пакой у старой карчме, якую добра ведаў, і адпачываў з думкамі пра багоў над дзівосным Кадатам. На наступны дзень ён абышоў усе прычалы ў пошуках дзіўных маракоў Інганока, але яму паведамілі, што нікога з іх не было ў порце, і іх галеры з поўначы не з’яўляліся ўжо два тыдні. Ён знайшоў, аднак, аднаго тарабаныянскага марака, які быў ва Інганоку і працаваў у оніксавых кар’ерах гэтага змрочнага месца; і гэты марак сцвярджаў, што за населенай мясцовасцю на поўнач дакладна пустыня, якую ўсе баяліся і якой цураліся. Тарабаныянец меркаваў, што пустыня ляжала ля самага краю непраходных вяршынь перад жудасным плато Лэнг, і таму людзі адчувалі страх; і так жа ён згадваў цьмяныя аповеды аб подыху зла і прысутнасці безыменных вартавых. Ці мог у той таямнічай пустэчы быць шлях да Кадата, ён не ведаў; аднак наўрад ці тое зло і вартавыя былі там дарма.
На наступны дзень Картэр пайшоў па Вуліцы Слупоў да бірузовага храма і меў размову з першасвятаром. І хаця Цэлефаіс пакланяецца найперш Нат-Нартаху, усіх Вялікіх таксама згадваюць падчас надзённых малітваў; і святар добра разумеў іх жаданні. Як Атал у далёкім Ультары, ён настойліва раіў кінуць любыя спробы адшукаць іх; ён сцвярджаў, што яны зменлівыя і капрызныя, і іх чамусьці абараняюць Іншыя Багі Звонку, чыё ўвасабленне і чый вястун – паўзучы хаос Н’ярлахатэп. Іх стараннае ўтойванне чароўнага горада на заходзе сонца ясна паказвала, што яны не хочуць, каб Картэр яго знайшоў, і сумнеўна, што яны будуць прыхільнымі да таго, хто хоча іх убачыць і ўкленчыць аб нечым. Ніводзін чалавек ніколі не знаходзіў Кадат, і верагодна, што так і застанецца. Чуткі, што хадзілі пра Вялікіх у оніксавым замку, не пераконвалі ў зваротным.
Падзякаваўшы першасвятару ў вянку з архідэй, Картэр пакінуў храм і пайшоў на кірмаш, дзе раздраблялі бараніну мяснікі, бо там жыў ачольнік катоў Цэлефаіса, ільсняны і задаволены. Гэтае шэрае і поўнае годнасці стварэнне прымала сонечныя ванны на оніксавым ходніку, і млява выцягнула лапу, калі наблізіўся чалавек. Але як толькі Картэр паўтарыў пароль і кліч, якія яму сказаў стары каціны генерал Ультара, пушысты патрыярх стаў ветлівым і гаваркім; і расказаў шмат пра сусвет вядомага толькі катам прыбярэжных схілаў Уот-Наргая. Найлепшым было тое, што ён пераказаў некаторыя рэчы, якія таемна пачуў ад палахлівых катоў з узбярэжжа Цэлефаіса пра людзей Інганока, на чыі цёмныя караблі не ўзыдзе ніводзін кот.
Падавалася, гэтыя людзі мелі вакол сябе незямную аўру, аднак гэта не прычына, па якой кот не стаў бы хадзіць па іх караблю. Прычынай было тое, што Інганок поўніўся ценямі, якіх не мог трываць ніводзін кот, вось таму ў халодным каралеўстве вечных сутонняў ніколі не пачуеш дамашняга муркання. Ці гэтыя цені прыносіць вецер з-над непралазных вяршынь перад меркаваным Лэнгам, ці яны ідуць аднекуль з мёрзлай пустыні на поўначы, ніхто не ведае; але несумнеўна тое, што на гэтай далёкай зямлі ёсць нешта ад пустэчы па-за планетай, якую каты не любяць, і якую ўспрымаюць чуллівей за людзей. Вось таму яны не сядаюць на цёмныя караблі, што плывуць да базальтавых прычалаў Інганока.
Стары каціны правадыр таксама параіў яму знайсці свайго прыяцеля караля Курэнаса, які ў ранейшых летуценнях Картэра папераменна кіраваў то з крыштальна-ружовага Палаца Сямі Асалодаў у Цэлефаісе, то з воблачнага шматвежавага замка, лунаючага ў нябёсах Сераніяна. Падавалася, Курэнас больш не мог знайсці нічога цікавага для сябе ў гэтых месцах, і меў вялікую тугу па ангельскім уцёсам і лагчынам са свайго дзяцінства; маленькім летуценным вёсачкам, дзе старыя ангельскія спевы разносяцца ў вечаровым паветры з-за крацістых вокнаў, і дзе шэрыя вежы англіканскіх цэркваў прыгожа ўздымаюцца над зелянінай далёкіх абшараў. Ён не мог вярнуцца да гэтых зямель у рэчаісным сусвеце, бо яго цела даўно памерла; але ён зрабіў лепшае, што мог – вылетуценніў невялікую даліну з такімі вёсачкамі ва ўсходняй мясцовасці ад горада, дзе лугі ганарліва коцяцца ад марскіх скал да падножжа Танарыянскіх Узвышшаў. Там ён жыў у шэрай гатычнай каменнай сядзібе з відам на мора, і намагаўся ўяўляць, што гэта старажытныя Вежы Трэвара, дзе ён нарадзіўся і дзе трынаццаць пакаленняў яго продкаў упершыню ўбачылі святло. А на ўзбярэжжы побач ён пабудаваў маленькую карнуольскую рыбацкую вёску з крутымі брукаванымі дарогамі, засяліў яе людзьмі, чые твары найбольш нагадвалі ангельскія, і намагаўся навучыць іх знакамітай гаворцы старых рыбакоў Карнуола. І ў даліне непадалёк ён узвёў вялікае Нарманскае Абацтва, на чыю вежу глядзеў з акна, і паклаў на цвінтары шэрыя камяні з выразанымі на іх імёнамі прашчураў, і пакрыў іх мохам, падобным на стары добры ангельскі мох. І хаця Курэнас быў манархам у летуценных землях, з усёй магчымай помпай і гонарам, бляскам і прыгажосцю, экстазам і асалодай, дзівацтвамі і забаўкамі на любы густ, ён не раздумваючы пакінуў бы свой пасаг і ўладу і раскошу і свабоду дзеля аднаго блаславеннага дня, калі ён быў малым хлопчыкам у чыстай і ціхай Англіі, пракаветнай, любімай Англіі, у якой ён вырас і якая заўсёды была часткай яго.
Картэр развітаўся са старым каціным правадыром, але не пайшоў шукаць палац з ружовага крышталя, а выйшаў з усходняй брамы праз парослае маргарыткамі поле да спічастага франтона, які ён угледзеў праз парослы дубамі парк, што цягнуўся да марскіх скал. І калі ён падышоў да вялікай загарадзі і брамы з маленькай цаглянай вартоўняй і торгнуў званочак, да яго выйшаў не апрануты па форме відны лёкай, а кульгаючы і пагорблены стары ў працоўнай робе, які намагаўся размаўляць старадаўнім дыялектам далёкага Карнуола. І Картэр пайшоў па зацененай сцежцы сярод ангельскіх дрэў, і ўзабраўся на тэрасы з садамі ў стылі садоў каралевы Ганны. Перад дзвярыма з каменнымі катамі па баках, як было некалі прынята яго сустрэў вусаты дварэцкі ў адпаведнай ліўрэі; і адразу правёў у бібліятэку, дзе Курэнас, Уладар Уот-Наргая і Неба Вакол Сераніяна, сядзеў, задуменны, у крэсле ля вакна і глядзеў на сваю маленькую вёску на марскім узбярэжжы, жадаючы, каб увайшла яго старая нянька і папракнула за тое, што ён не быў гатовы ісці на тую ненавісную вечарыну на лузе ў вікарыя, а яго маці, губляючы цярпенне, чакала на яго, седзячы ў карэце.
Курэнас, апрануты ў халат, якія шылі лонданскія краўцы ў ягонай маладосці, з радасцю ўстаў прывітаць госця; бо прысутнасць англасаксонца з сусвету рэчаіснасці была вельмі прыемнай для яго, нягледзячы на тое, што саксонец быў з Бостана, штат Масачусэтс, а не з Карнуола. І доўга яны абмяркоўвалі мінулыя часы, бо абодва былі спрактыкаванымі летуценнікамі і мелі шмат чаго распавесці адзін аднаму пра дзівосы ў неверагодных месцах. Курэнас, сапраўды, некалі быў па-за зорамі ў абсалютнай пустэчы, і лічылася, што ён быў адзіным, хто вярнуўся, не згубіўшы розум падчас падарожжа. Нарэшце Картэр закрануў тэму сваіх пошукаў, і задаў свайму суразмоўцу тыя ж пытанні, якія задаваў іншым шмат разоў раней. Курэнас не ведаў, дзе знаходзіцца Кадат і дзівосны горад на заходзе сонца; але ён дакладна ведаў, што Вялікія – вельмі небяспечныя істоты для тых, хто іх шукае, і што ў Іншых Багоў былі дзіўныя сродкі, каб абараніць іх ад непажаданай цікаўнасці. Ён шмат даведаўся пра Іншых Багоў у аддаленых частках прасторы па-за зямлёй, асабліва ў тых месцах, дзе форма не існуе сама па сабе, і каляровая дымка ахоўвае запаветныя таямніцы. Ліловая дымка З’нгац паведаміла яму жудасныя рэчы пра паўзучы хаос Н’ярлахатэп, і папярэдзіла ніколі не падыходзіць да цэнтру пустэчы, дзе дэман-султан Азатот паталяе голад у цемры. Агулам, лепей не мець спраў са Старэйшымі; калі яны ўпарта адмаўляюць ў доступе да чароўнага горада на заходзе сонца, лепей было не шукаць гэты горад.
Курэнас меў сумневы, што яго госць будзе задаволены нават калі знойдзе дзівосны горад. Ён сам доўгія гады марыў і прагнуў цудоўнага Цэлефаіса і краіны Уот-Наргай, і свабоды, і разнастайнасці, і вялікіх уражанняў, і жыцця, пазбаўленага ланцугоў, умоўнасцяў, глупства. Але цяпер, калі ён нарэшце знайшоў гэты горад і краіну, і стаў іх каралём, ён зразумеў, што воля і дзівоснасць занадта хутка надакучваюць, і яго не адпускала жаданне мець што-небудзь з яго мінулага жыцця, якое засталося толькі ва ўспамінах. Ён быў каралём Уот-Наргая, але не бачыў у гэтым сэнсу, і лічыў істотным толькі тое, што нагадвала знаёмыя рэчы Англіі часоў яго маладосці. Сваё каралеўства ён аддаў бы за тое, каб пачуць гук званоў карнуольскай царквы на світанку, і ўсе тысячы мінарэтаў Цэлефаіса абмяняў бы на хаткі з пакатымі дахамі вёскі побач з яго домам. Таму ён сказаў госцю, што дзівосны горад на заходзе сонца, магчыма, не мае таго, што яму патрэбна, і, можа, будзе лепей, калі горад застанецца прыемным і паўзабытым сном. Бо ў даўнія часы ў сусвеце рэчаіснасці ён часта наведваў Картэра, і выдатна памятаў прыгожыя пагоркі Новай Англіі, сярод якіх той нарадзіўся.
Усё роўна, меў ён пэўнасць, будуць важныя толькі ранейшыя ўспаміны; святло вячэрніх вокнаў Бікан Хіла, высокія шпілі і звілістыя вуліцы пагоркаў незвычайнага Кінгспорта, і пабітыя чарапічныя дахі з часоў палявання на ведзьмаў старадаўняга Аркхэма, і блаславёныя мілі сенажацяў і лагчын, скрозь якія цягнуліся каменныя муры, а ў засенях стаялі белыя сялянскія хаткі. Усё гэта ён сказаў Рэндальфу Картэру, але той быў непахісным. Кожны застаўся пры сваім меркаванні, і Картэр вярнуўся скрозь бронзавую браму ў Цэлефаіс і ўніз па Вуліцы Слупоў да старой дамбы ля мора, дзе ён гутарыў з матросамі з далёкіх зямель і чакаў на цёмны карабель з халоднага і змрочнага Інганока, чые дзіўнага выгляду маракі і гандляры оніксам мелі ў сябе кроў Вялікіх. Адным асвечаным зорамі вечарам, калі ярка свяціў Фарос, у бухту ўвайшоў жаданы карабель, і дзіўнатварыя маракі і купцы пачалі з’яўляцца па аднаму і гуртамі ў старых корчмах уздоўж дамбы. Яго вельмі ўзрушыў выгляд твараў, падобных на боскі твар з Нгранэка, але Картэр не спяшаўся размаўляць з маўклівымі маракамі. Ён не ведаў, колькі гонару і таямніц і цемры магла месціць звышнатуральная памяць гэтых дзяцей Вялікіх, і не меў сумневаў, што будзе неразумна распавесці ім аб сваіх пошуках ці распытваць пра халодную пустыню на поўначы іх змрочнай краіны. Яны амаль не размаўлялі з іншымі людзьмі ў гэтых старых партовых корчмах; але збіраліся ў гурты ў далёкіх вуглах, дзе паміж сабой спявалі манатонным рытмам песні з невядомых месцаў, ці нараспеў пераказвалі адзін аднаму доўгія апавяданні дыялектам, не знаёмым нікому ў летуценных землях.
З тыдзень дзіўныя маракі сядзелі ў корчмах і гандлявалі на кірмашах Цэлефаіса, і да таго, як яны адплылі, Картэр дамовіўся, што паплыве з імі на іх цёмным караблі, сказаўшы, што ён мае вопыт у здабычы оніксу, і будзе шукаць працу ў іх кар’ерах. Карабель быў вельмі прыгожым і спраўна зробленым, корпус з цІкавага дрэва з аздабленнем чорнага і залатымі ўзорамі, і каюта, у якой спаў вандроўнік, была аздобленая шоўкам і аксамітам. Адным ранкам пачаўся адліў, на караблі разгарнулі ветразі і паднялі якар, і, паколькі Картэр стаяў на высокай карме, ён бачыў асляпляльныя ў сонечным святле сцены і бронзавыя статуі і залатыя мінарэты вечнага Цэлефаіса, знікаючыя на адлегласці, і снежная вяршыня гары Эран станавілася меншай і меншай. Увечары нічога не было відаць, акрамя пяшчотнага блакіту Царанійскага мора, з адной расфарбаванай галерай ўдалечыні, якая плыла ў ахутанае воблакамі каралеўства Сераніян, дзе мора зліваецца з небам.
І прыйшла ноч разам з велічнымі зорамі, і цёмны карабель кіраваўся на Вялікую і Малую Мядзведзіцы, што павольна круціліся вакол полюса. І маракі спявалі дзіўныя песні з невядомых краін, а затым адзін за адным пайшлі на нос карабля, пакуль задуменныя назіральнікі мармыталі старажытныя песнапенні і выцягнуліся над кармой, адкуль назіралі, як рыба, што свяцілася ў цемры, сваволіла ў глыбіні мора. Картэр пайшоў спаць апоўначы і прачнуўся з першымі прамянямі маладой раніцы, адзначаючы, што сонца далей на поўдні, чым звычайна. І хаця на другі дзень ён здолей больш пастасавацца з людзьмі на караблі, патроху выцягваючы з іх веды пра халодную краіну, пакрытую вечнымі сутоннямі, захапляльны оніксавы горад і жах перад высокімі непраходнымі вяршынямі, за якімі, як меркавалася, знаходзіўся Лэнг. Яны казалі, як ім шкада, што каты не могуць жыць у землях Інганока, можа, з-за таямнічага Лэнга побач. Толькі пра каменную пустыню на поўначы яны не хацелі размаўляць. Было нешта незразумела трывожнае наконт той пустыні, і яны палічылі мэтазгодным паводзіць сябе так, быццам яе не існуе.
У наступныя дні яны абмяркоўвалі кар’еры, у якіх, як казаў Картэр, ён збіраўся працаваць. Кар’ераў мелася шмат, бо ўвесь горад Інганок быў пабудаваны з оніксу, і вялікія паліраваныя оніксавыя блокі абменьваліся ў Рынары, Агротане, і Цэлефаісе, і ўдому з купцамі, што прыплылі з Траа, Ілярнэка і Кадатхэрона на цудоўныя тавары з гэтых казачна прыгожых гарадоў. І далёка на поўначы, амаль у халоднай пустыні, чыё існаванне людзі Інганока дамовіліся адмаўляць, стаяў закінуты кар’ер, большы, чым усе астатнія; у забытыя часы там здабывалі такія велічэзныя глыбы і блокі, што адзін погляд на пазасталыя ад іх пустоты ўсяляў жах. Хто здабываў неверагодных памераў блокі, і куды іх перавёз, ніхто не ведаў; але лічылася найлепшым не чапаць гэты кар’ер, побач з якім розум апаноўвалі страшныя думкі, падобныя да нечалавечых успамінаў. Таму той стаяў, пакінуты сам-насам у змроку, і толькі крумкачы і, па чутках, мітычныя птушкі шантак сузіралі яго неабсяжнасць. Калі Картэр даведаўся пра кар’ер, ён згадаў, як чуў у старых легендах, што замак Вялікіх над дзівосным Кадатам быў пабудаваны з оніксу.
Кожны новы дзень сонца вісела ўсё ніжэй і ніжэй у небе, а туман над вадой станавіўся гусцей і гусцей. Праз два тыдні скрозь яго перастала прабівацца сонечнае святло, і толькі дзіўнае шэрае змрочнае ззянне прасочвалася скрозь вечныя аблокі ўдзень, і халодны бяззорны бляск з-пад аблокаў уночы. На дваццаты дзень вялікая шчарбатая скала была заўважана ўдалечыні – першая прыкмета зямлі, якую яны ўбачылі пасля заснежанай вяршыні Эрана. Картэр спытаў капітана пра назву скалы, але той сказаў, што яна не мае імя і ніхто на ніводным караблі не хацеў даваць ёй імя з-за гукаў, якія раздаваліся адтуль уночы. І калі, пасля цемры, манатонны і безупынны вой пачуўся са шчарбатай гранітнай вяршыні, вандроўнік уздыхнуў з палёгкай, што яны не зрабілі там прыпынку, і што скала была безыменнай. Маракі маліліся і пелі свае манатонныя спевы, пакуль вой перастаў дасягаць карабля, і Картэр бачыў жудасныя сны, калі здолеў заснуць на некалькі гадзін перад світанкам.
Дзве раніцы пасля далёка на ўсходзе паказаўся няясны абрыс лініі вялікіх шэрых гор, чые вяршыні губляліся ў нязменных аблоках гэтых змрочных зямель. Убачыўшы іх, маракі пачалі спяваць радасныя песні, і некаторыя ўкленчылі на палубе і маліліся; і так Картэр зразумеў, што яны прыплылі ў краіну Інганок і хутка прышвартуюцца ля базальтавага прычалу вялікага горада, які называўся так жа, як і краіна. Бліжэй да вечара з’явілася цёмная лінія каменнага ўзбярэжжа, і праз тры гадзіны яны стаялі насупраць паўночных сабораў з вежамі-цыбулінамі і дзівосных шпіляў оніксавага горада. Незвычайна вырастаў архаічны горад над мурамі і портам, увесь вытанчана чорны з закруткамі, аннелюрамі і арабескамі, інкруставанымі золатам. Дамы былі высокімі, мелі мноства вокнаў, і на сценах на кожным іх баку былі выразаныя кветкі і іншыя ўзоры, цемра чыёй неверагодна сіметрычнай прыгажосці асляпляла мацней за святло. Уверсе некаторыя дамы скончваліся раздутымі купаламі, што звужаліся ў адну кропку, іншыя – тэраснымі пірамідамі, з якіх цягнуліся разнастайныя, не падобныя адзін на аднаго мінарэты любой дзівоснасці, што толькі магчыма ўявіць; сцены былі нізкімі, са шматлікімі брамамі пад шырокімі аркамі, кожная з якіх была вышэй узроўню сцяны і ўпрыгожвалася галовамі бога, высечанымі з тым жа майстэрствам, што і велічэзны твар на далёкім Нгранэку. На ўзгорку ў цэнтры ўзвышалася большая за ўсе астатнія будынкі шаснаццацікутная вежа са званіцай пад востраканцовым купалам. Там, казалі маракі, быў Храм Старэйшых, у якім жыў першасвятар, вечна сумны з-за цяжару ведаў неверагодных таямніц.
Час ад часу паветра оніксавага горада скаланаў дзіўны гук звона, пасля якога гучала містычная музыка, складзеная з мелодый валторна, віёлы і манатонных песнапенняў. І з трыног на галерэі вакол высокага купала храма ўспыхвалі языкі агню ў вызначаныя моманты; святары і іншыя людзі гэтага горада былі абазнаныя ў спрадвечных таямніцах, і захоўвалі веру, і трымаліся жаданых Вялікімі рытмаў, апісаных у скрутках, старэйшых з Пнакоцкія Манускрыпты. Калі карабель праплыў за вялікі базальтавы хвалялом і ўвайшоў у бухту, і лямант горада пачаў даносіцца гучней, Картэр убачыў рабоў, маракоў і купцоў у доках. Маракі і купцы мелі на твары рысы прыналежнасці да расы багоў, але рабы былі прысадзістымі, з раскосымі вачамі; яны, па чутках, неяк вандравалі праз ці вакол непраходных вяршынь з далін па-за Лэнга. Прыстані сягалі далёка за гарадскія сцены, і на іх былі складзеныя ўсе магчымыя тавары з галер, што стаялі на якары побач, пакуль на іншым баку чакалі вялікія кавалкі оніксу, як паліраваная, так і неапрацаваныя, каб адправіцца на кірмашы Рынара, Агротана і Цэлефаіса.
Яшчэ не пачаўся вечар, калі цёмны карабель кінуў якар побач з выступам каменнага прычала, і ўсе маракі і купцы паспяшаліся на бераг, адкуль праз брамы пад аркай можна было трапіць у горад. Вуліцы гэтага горада брукаваліся оніксам, і некаторыя з іх былі шырокія і прамыя, а некаторыя звілістыя і вузкія. Дамы каля вады былі ніжэйшыя за астатнія і мелі над сваімі дзіўнымі арачнымі праёмамі залатыя знакі, нібыта ў гонар адпаведных невялікіх багоў. Капітан карабля адвёў Картэра ў старую партовую карчму, дзе збіраліся маракі з розных краін, і паабяцаў на наступны дзень паказаць усе дзівосы ахутанага вечнымі сутоннямі горада, і адвесці яго да корчмаў оніксавых шахцёраў ля паўночнай сцяны. І пачаўся вечар, і былі запаленыя малыя бронзавыя лямпы, і маракі ў карчме спявалі песні далёкіх зямель. І калі з высокай вежы па горадзе пранёсся звон са званіцы, у адказ загучала музыка з валторн і віёл разам з гучнымі выкрыкамі галасоў у такт, і іншыя песні і аповеды сціхлі, і ўсе схілілі галовы ў маўчанні, пакуль не знікла апошняе рэха. Было нешта дзіўнае і незразумелае ў ахутаным вечнымі сутоннямі Інганоку, і людзі баяліся не праявіць дастатковай павагі да абрадаў, бо адчувалі, што помста і смерць за гэта маглі надысці нечакана хутка.
Глыбока ў ценях карчмы Картэр убачыў постаць, якая яму не спадабалася, бо ён беспамылкова пазнаў у ёй старога купца з раскосымі вачамі, якога ён бачыў даўно таму ў корчмах Дылат-Ліена, той, пра якога казалі, што ён вёў гандаль з жудаснымі каменнымі вёскамі Лэнга, куды не ходзяць звычайныя людзі і чые вогнішчы ўначы бачныя здалёк, і нават меў зносіны з тым першасвятаром, пра якога нельга казаць услых, які насіў жоўтую шаўковую маску і жыў самотна ў старажытным каменным кляштары. Гэты чалавек выказваў цікавасць і ўдаваў, што нешта ведае, калі Картэр распытваў гандляроў Дылат-Ліена пра халодную пустыню і Кадат; і нейкім чынам яго прысутнасць у змрочным і неспакойным Інганоке, так блізка да цудаў поўначы, насцярожвала. Ён незаўважна знік перад тым, як Картэр займеў магчымасць з ім загаварыць, і маракі пазней сказалі, што ён прыйшоў з караванам якаў з нейкага месца, пра якое ніхто не ведаў, і меў з сабой агромністыя яйкі з незвычайным пахам, якія, па чутках, маглі быць яйкамі птушкі шантак, і хацеў купіць вытанчаныя нефрытавыя кубкі, што гандляры прывозілі з Ілярнэка.
Наступным ранкам капітан карабля правёў Картэра па оніксавым вуліцам Інганока, цёмным пад змрочным небам. Інкруставаныя дзверы і фігурныя фасады дамоў, разныя балконы і эркеры з крыштальнымі панэлямі – уся ззяла цёмнай і дасканалай прыгажосцю; тут і там адкрываліся плошчы з чорнымі слупамі, каланадамі, і статуямі дзіўных стварэнняў, як людзей, так і зусім не. Некаторыя віды доўгіх прамых вуліц, бакавых завулкаў, купалоў-цыбулін, шпіляў і арабескавых дахаў былі адначасова дзіўнымі і невымоўна прыгожымі; але нічога не магло параўняцца з раскошай грандыёзнага цэнтральнага Храма Старэйшых з шаснаццаццю пакрытымі ўзорамі бакамі, пляскатым купалам і ўзнёслай званіцай, вышынёй пераўзыходзячага ўсё навокал. І заўсёды на ўсходзе, далёка за гарадскімі сценамі, у лігах ад выганаў, уздымаліся змрочныя шэрыя хрыбты непраходных вяршынь, за якімі, як казалі, ляжыць плато Лэнг.
Капітан адвёў Картэра ў велічны храм, агароджаны садам на вялікай круглай плошчы, ад якой разыходзяцца вуліцы, як спіцы ад цэнтра кола. Сем брам пад аркамі гэтага саду, кожная з разным тварам над ёй, як у брамах перад уваходам у горад, заўсёды адкрытыя; і людзі вольна ходзяць па выкладзеным пліткай сцежкам і маленькім завулкам, уздоўж якіх стаяць алтары і капліцы малых багоў. Фантаны, басейны і ванны адлюстроўваюць бляскі з трыног на высокім балконе, усе зробленыя з оніксу, і ва ўсіх плаваюць рыбы, што свецяцца, якіх нырцы дасталі з глыбінь акіяна. Калі глыбокі звон ляціць з храмавай званіцы над садам і горадам, і гучаць у адказ валторны і віёлы і пяюць галасы з сямі вартоўняў ля садовых брам, з сямі дзвярэй паміж высокіх калон храма з’яўляюцца чарады святароў у масках і капюшонах і ў чорным адзенні, несучы на выцягнутых руках вялікія залатыя чашы, з якіх уздымаецца дзіўная пара. І ўсе сем чародаў становяцца адным шэрагам, ногі выкінутыя далёка наперад, але калені не сагнутыя, і рухаюцца ўніз па дарожкам, якія вядуць да сямі вартоўняў, дзе яны знікаюць і адкуль не з’яўляцца. Кажуць, падземныя хады злучаюць вартоўні з храмам, і доўгія чарады святароў вяртаюцца праз іх; і ніхто нават шэптам не наважваецца казаць, што оніксавыя прыступкі вядуць да таямніц, якія нельга згадваць. Як і мала хто ўслых выкажа здагадку, што святары ў чародах, чые твары схаваныя пад маскамі і капюшонамі, не людзі.
Картэр не ўваходзіў у храм, бо ўвайсці ў яго можа толькі Кароль-Пад-Вэлюмам. Але перад тым, як ён выйшаў з саду, надышоў час звона, і ён пачуў аглушальны гук над сабой, і лямант валторн і віёл і гучныя галасы з вартоўняў ля брам. І ўніз па сямі вялікіх дарожках пацягнуліся доўгія чарады нясучых чашы святароў, усяляючых ў вандроўніка жах, які не здольныя ўсяліць святары людзей. Калі апошні з іх знік, ён выйшаў з саду, і заўважыў на ходніку, над якім неслі чашы, пляму. Пры позірку на пляму капітан захваляваўся, і прыспешыў хаду да ўзгорку, на якім уздымаліся шматлікія купалы чароўнага палаца Караля-Пад-Вэлюмам.
Шляхі да оніксавага палаца стромкія і вузкія, акрамя аднаго, шырокага і пакручастага, якім кароль і яго світа ездзяць у запрэжаных якамі калясніцах. Картэр і яго праваднік узабраліся на алею, якая складалася з прыступак паміж інкруставаных сцен, на якіх былі дзіўныя залатыя сімвалы, а з балконаў і эркераў даносіліся ціхія гукі музыкі і плыў экзатычны водар. Заўсёды наперадзе былі бачныя велічэзныя сцены, магутныя контрфорсы і цыбуліны купалаў, якімі быў вядомы палац Караля-Пад-Вэлюмам; і хутка яны прайшлі пад вялікай чорнай аркай і трапілі ў сад каралеўскіх асалодаў. Там Картэр знерухомеў, убачыўшы столькі прыгажосці; оніксавыя тэрасы і дарожкі з калонамі, яркія кветнікі і пяшчотныя квітнеючыя дрэвы, агароджаныя залатымі платамі, медныя ўрны і трыножнікі з дзіўнымі барэльефамі, статуі з чорнага мармуру на п’едэсталах, якія ён ледзь не зблытаў з жывымі людзьмі, лагуны з базальтавым дном і выкладзеныя кафляй фантаны, у якіх плавалі рыбы, якія свецяцца, каплічкі з пяючымі вясёлкавымі птушкамі над пакрытымі разьбой калонамі, чароўныя закруткі вялікай бронзавай брамы, і квітнеючыя вінаградныя лазы, абрамляючыя кожную цалю паліраваных сцен – усё злучалася ў малюнак, прыгожы па-за разуменнем і казачны нават для летуценных зямель. Усё зіхацела, як міраж пад шэрым змрочным небам, а наперадзе ўзвышаўся велічны палац, і далёка справа вырасталі абрысы непраходных вяршынь. І нават малыя птушкі спявалі ў фантанах, пакуль водар рэдкіх раслін у цвеце разыходзіўся па неверагодным садзе. Акрамя іх, людзей у садзе не было, і Картэр быў гэтаму рады. Затым яны развярнуліся і зноў спусціліся па алеі оніксавых прыступак, бо ў сам палац нікому не дазволена заходзіць; і было не ветліва доўга глядзець на вялікі цэнтральны купал, бо, казалі, пад ім жыве старажытны родзіч усіх мітычных птушак шантак, і пасылае дзіўныя сны цікаўным.
Пасля капітан пайшоў з Картэрам у паўночную частку горада, каля Брамы Караванаў, дзе стаялі карчмы купцоў на яках і шахцёраў оніксавых кар’ераў. І там, у карчме з нізкай столлю, дзе збіраліся шахцёры, Картэр хацеў пагутарыць з імі пра поўнач. Там было шмат людзей, і хутка вандроўнік меў суразмоўцаў; ён сказаў ім, што сам некалі здабываў онікс, і хацеў даведацца што-небудзь пра кар’еры Інганока. Але амаль нічога новага ён не даведаўся, бо шахцёры станавіліся баязлівыя і ўніклівыя, калі ён пытаўся пра халодную пустыню на поўначы і кар’ер, хадзіць у які ніхто не наважваецца. Яны баяліся мітычных пасланцоў з зямель за гарамі, дзе, як казалі, ляжала плато Лэнг, і прысутнасці зла і безыменных вартавых далёка на поўначы сярод раскіданых скал. І яны таксама шапталі, што мітычныя птушкі шантак не дабратворная істоты, і, можа, так лепш для ўсіх, што ніводзін чалавек ніколі не бачыў птушак на свае вочы (бо мітычны родзіч шантакаў пад каралеўскім купалам жыве ў цемры).
На другі дзень, сказаўшы, што ён хоча самастойна агледзець кар’еры сам і наведаць асобныя фермы і дзіўныя оніксавыя вёскі Інганока, Картэр арандаваў яка і для вандроўкі назапасіў рэчы ў скураных сядзельных торбах. За Брамай Караванаў дарога ішла прама паміж засеяных палёў, абапал якіх стаялі дзіўныя фермы з нізкімі купаламі. Ля некаторых фермаў вандроўнік спыняўся, каб задаць пытанні; адзін з гаспадароў быў сціплы і негаваркі, аднак поўны незвычайнай велічы, падобнай на веліч твару на Нгранэку, і Картэр адчуў упэўненасць, што сустрэў ці аднаго з саміх Вялікіх, ці некага, чыя кроў на дзевяць дзясятых складалася з іх крыві, які, аднак, жыў сярод людзей. І ў размове са сціплым і негаваркім селянінам ён асцярожна падбіраў словы, калі казаў пра багоў, і дзякаваў за ўсе блаславенні, якія яны калі-небудзь давалі яму.
Картэр заночыў на лузе ля дарогі пад высокім дрэвам лігат, да якога прывязаў яка, і раніцай працягнуў сваю пілігрымку на поўнач. Прыкладна ў дзесяць гадзін ён дасягнуў вёскі Ург з дамамі пад малымі купаламі, дзе адпачывалі купцы і распавядалі свае гісторыі шахцёры, і хадзіў па корчмах да вечара. Гэта там вялікая дарога для караванаў паварочвае на захад да Селарна, але Картэр ехаў на поўнач у напрамку кар’ера. Паўдні дарога, вузейшая за бальшак, ішла на ўздым праз землі, дзе камянёў было болей, чым засеяных палёў. І пад вечар нізкія ўзгоркі злева змяніліся на вялікія чорныя скалы, і так ён зразумеў, што набліжаецца да мясцовасці з шахтамі. Увесь час вялікія змрочныя схілы непраходных гор узвышаліся справа ад яго, і чым далей ён заходзіў, тым страшнейшыя гісторыі чуў ад паасобных сялянаў і купцоў і возчыкаў драўляных фурманак, поўных оніксу, на сваім шляху.
На другую ноч ён спыніўся ў ценю шырокай чорнай стромай скалы, прывязаўшы яка да ўваткнутага ў зямлю слупа. Ён доўга назіраў за ззяннем аблокаў на поўначы, і некалькі разоў яму падалося, што ён заўважыў пад імі цёмныя абрысы. І на трэці ранак ён убачыў на свае вочы першы оніксавы кар’ер, і павітаў людзей, якія там працавалі з кіркамі і долатамі. Да вечара ён прамінуў адзінаццаць кар’ераў; зямля тут была суцэльна аддадзеная оніксавым скалам і валунам, зусім не мела расліннасці, і толькі вялікія часткі скал былі расцярушаныя па паверхні чорнай зямлі, і шэрыя непраходныя вяршыні заўсёды ўзвышаліся справа ад яго, змрочныя і злавесныя. Трэцюю ноч ён правёў у лагеры з людзьмі, мігценне чыіх вогнішчаў мела дзіўнае адлюстраванне на гладкіх скалах на захадзе. І яны спявалі шмат песняў і казалі шмат гісторый, поўных незвычайных ведаў пра ранейшыя дні і звычкі багоў, і Картэр зразумеў, што яны маюць шмат падсвядомых успамінаў ад сваіх родзічаў Вялікіх. Яны пыталіся ў яго, куды ён ідзе, і папярэджвалі не хадзіць занадта далёка на поўнач; але ён адказваў, што шукае новыя скалы оніксу, і будзе рызыкаваць не болей, чым звычайны выведнік пакладаў. На ранак ён развітаўся з імі і паехаў на цямнеючую поўнач, дзе, як яны папярэджвалі, ён знойдзе пужаючы і закінуты кар’ер, з якога рукі, старэйшыя за рукі людзей, некалі здабывалі агромністыя блокі. Але яго насцярожыла, што, калі ён павярнуўся, каб памахаць у апошнім развітанні, то убачыў падыходзячага да лагера прысадзістага і ўніклівага старога купца з раскосымі вачамі, аб чыім гандлі з Лэнгам пляткарылі ў далёкім Дылат-Ліене.
Пасля некалькіх кар’ераў населеная частка Інганока, падавалася, скончылася, і дарога звузілася да стромкай сцежкі для якаў, што ішла на ўздым сярод непрывабных чорных скал. Заўсёды справа ўздымаліся злавесныя вяршыні ў далечыні, і з кожным імгненнем, як Картэр занураўся далей і далей у гэтыя няходжаныя землі, станавілася цямней і халадней. Хутка ён заўважыў, што на чорнай сцежцы пад ім не было слядоў ног і капытоў, і зразумеў, што сапраўды трапіў на дзіўны і закінуты шлях з даўніх часоў. Раз-пораз высока над галавой каркалі крумкачы, і ляскат за якой-небудзь шырокай скалой прымушаў скаланацца ад думкі, што там можа быць мітычная птушка шантак. Але большасць часу ён быў сам са сваім кудлатым канём, і яго турбавала, што гэты выдатны як усё больш і больш неахвотна ішоў наперад, і палахліва фыркаў у адказ на любы шум побач з дарогай.
Цяпер шлях цягнуўся між цёмных і блішчастых сцен, і стаў яшчэ больш пакручастым, чым раней. Абапірацца было цяжка, і як часта слізгаў на камяністых абломках, раскіданых вакол. Праз дзве гадзіны Картэр убачыў перад сабой выразна акрэслены хрыбет, над якім не было нічога, акрамя сумнага шэрага неба, і падзякаваў за тое, што дарога перастала ісці на ўздым. Аднак дасягненне хрыбта не падавалася лёгкай справай, бо шлях пайшоў амаль вертыкальна і падаваўся небяспечным з-за рыхлага чорнага жвіру і дробных камянёў. Нарэшце Картэр спешыўся і павёў свайго палахлівага яка; моцна цягнуў, калі жывёла ўпарцілася і спатыкалася, і з усіх сіл намагаўся захоўваць раўнавагу. Так ён раптоўна апынуўся на вяршыні і зірнуў уніз, і быў настолькі ўражаны, што перастаў дыхаць.
Сцежка сапраўды вяла наперад і крыху ўніз, з тымі ж лініямі шэрагаў прыродных сцен абапал, як раней; але па левую руку адкрываліся акры велічэзнай прасторы, дзе нейкая архаічная сіла рассекла прыродныя скалы, забрала онікс і пакінула гіганцкі кар’ер. Далёка ўніз у суцэльную бездань вяла цыклапічная пустка, і глыбока ў нетрах зямлі была яе ніжняя прыступка. Кар’ер зрабілі не людзі, бо яго ўвагнутыя бакі былі выдзеўбаныя квадратамі шырынёй у акры, і блокі такога памеру высеклі невядомыя рукі з кіркамі. Высока над яго няроўнымі краямі хлопалі крыламі і каркалі вялікія крумкачы, а прычынай няяснага гудзення ў нябачных глыбінях маглі быць кажаны ці ўрхагі ці менш прыстойныя для згадвання істоты, якія палявалі ў бясконцай цемры. Так Картэр стаяў на вузкай сцежцы ў сутоннях перад скалістым шляхам, які ішоў уніз; высокія оніксавыя скалы справа цягнуліся так доўга, колькі ён мог бачыць, і высокія скалы злева абрываліся наперадзе, каб аточыць гэты жудасны і незямны кар’ер.
Адразу як закрычаў і вырваўся, праскочыў паўз Картэра і ў паніцы кінуўся далей, пакуль не перастаў быць бачным унізе на вузкім схіле на поўначы. Камяні, падкінутыя яго капытамі, упалі за край кар’ера і зніклі ў цемры без адзінага гуку ўдару аб дно; але Картэр не звяртаў увагі на небяспеку вузкай сцежкі, і, задыхаючыся, гнаўся за ўцякаючым зверам. Хутка з левага боку зноў выраслі скалы, і сцежка звузілася яшчэ болей; аднак вандроўнік працягваў бегчы за якам, белыя сляды чыіх капытоў падказвалі шлях.
Калі яму падалося, што ён чуе грукат капытоў спалоханай жывёлы, ён падвоіў хуткасць. Ён прабягаў мілю за міляй, і пакрысе шлях перад ім станавіўся шырэйшым, пакуль ён не зразумеў, што хутка трапіць у халодную і страшную пустыню на поўначы. Змрочныя шэрыя бакі далёкіх непраходных вяршынь зноў сталі бачныя з-за скал справа, і наперадзе былі камяні і валуны на адкрытай прасторы, якія відавочна былі прадвесцем цёмных і бязмежных стэпаў. І яшчэ раз у яго вушах раздаўся гук тупату капытоў, гэтым разам выразней, але цяпер ён адчуў жах, бо зразумеў, што гэта быў тупат не яго спужанага яка. Тупат падаваўся бязлітасным і мэтанакіраваным, і чуўся з-за яго спіны. Пагоня Картэра за якам ператварылася на ўцёкі ад нябачнай істоты, і ён не наважваўся глянуць праз плячо, бо адчуваў, што існасць за ім не можа быць дабратворнай і вартай згадвання. Яго як, пэўна, пачуў ці адчуў яе першым, і Картэр не хацеў ведаць, ці стварэнне пераследавала яго ад паселішч людзей, ці з’явілася з чорнай ямы кар’ера. Тым часам скалы засталіся ззаду, і надыходзячая ноч упала на вялікую прастору пяску і падобных на здані камянёў, сярод якіх губляліся ўсе сцежкі. Ён не мог бачыць сляды свайго яка, але за яго спінай працягвалася мярзотнае ляскатанне; час ад часу дадаваліся гукі ўзмаху, як яму здавалася, нечага вялікага, і гудзення. Тое, што ён пачынае стамляцца, было відавочным, і ён разумеў, што цалкам згубіўся ў закінутай праклятай пустыні непатрэбных камянёў і няходжаных сцежак. Толькі тыя далёкія непраходныя вяршыні справа давалі яму разуменне напрамку, і нават яны станавіліся ўсё няўцямней, калі шэры змрок знік і засталося толькі слабае ззянне хмар.
Затым у цьмянай туманнай поўначы ён разгледзеў жудасную рэч. Раней ён думаў, што гэта града чорных гор, але зараз бачыў, што гэта нешта іншае. Ззянне хмар, што ноччу станавіліся большымі, ясна ачэрчвала абрыс і асобныя яго часткі на фоне мацнеючай імглы. Як далёка яно было, Картэр не мог сказаць, але дакладна вельмі далёка. Яно было тысячы футаў у вышыню, і выцягвалася ў вялікую дугу ад шэрых непраходных вяршынь да неймаверных прастораў на захадзе, і некалі сапраўды было хрыбтом вялізных оніксавых гор. Але цяпер горы перасталі быць горамі, бо нешта рукой, большай за руку чалавека, дакранулася да іх. Бязгучныя, яны сядзелі на краю сусвету, як ваўкі ці гулі, увянчаныя хмарамі і туманамі, каб ахоўваць таямніцы поўначы, пакуль існуе сусвет. Яны сядзелі ў вялікім паўколе, гэтыя падобныя на сабакаў горы, выдзеўбаныя ў гіганцкія статуі-вартаўнікі, і іх правыя лапы былі ўзнятыя ў пагрозе чалавецтву.
Здавалася, што ў мігценні хмар схіленыя падвойныя галовы варушацца, але, спатыкнуўшыся, Картэр заўважыў у ценях ад іх ног вялікія фігуры, чые рухі, без усялякага сумневу, не былі ілюзіяй. Крылатыя і гудзячыя, з кожным імгненнем фігуры павялічваліся ў памерах, і вандроўнік падумаў, што надыходзіць яго канец. Яны не былі падобныя на вядомых у летуценных і рэчаісных землях птушак ці кажаноў, бо яны былі большыя за сланоў і галовы іх былі падобныя на галовы коняў. Картэр ведаў, што гэта павінны быць птушкі шантак са злавесных чутак, і для яго болей не было загадкай, кім былі безыменныя і бязлітасныя вартаўнікі, з-за якіх людзі пазбягалі каменнай паўночнай пустыні. Ён спыніўся і наважыўся азірнуцца; за ім сапраўды ехаў купец з раскосымі вачамі, пра якога казалі нядобрыя рэчы, ухмыляючыся, верхам на хударлявым яке, і вёў за сабой брыдкую арду прагных крыві шантакаў, да чыіх крылаў прыліплі шэрань і салетра закінутых шахтаў.
Хаця і трапіўшы ў пастку казачных хіпацэфалічных крылатых кашмараў, якія застрашліва лёталі вялікімі коламі, Рэндальф Картэр не згубіў прытомнасці. Велічна і жудасна гэтыя тытанічныя гаргуллі кружлялі над ім, калі купец з раскосымі вачамі скочыў са свайго яка і стаў, ухмыляючыся, перад ахвярай. Затым жэстам прапанаваў асядлаць аднаго з брыдкіх шантакаў і дапамог падняцца, пакуль розум Картэра намагаўся пераадолець агіду. Узабрацца на птушку было цяжка, бо замест пёраў яе цела пакрывала луска, якая была вельмі слізкай. Калі ён нарэшце ўзабраўся, чалавек з раскосымі вачамі сеў за ім, пакідаючы ўнізе яка, якога адвесці да кола выдзеўбаных гор павінна была адна з каласальных памераў птушак.
А затым пачаўся жахлівы вір палёту скрозь халодную прастору, бясконца ўверх і на ўсход да змрочных шэрых хрыбтоў непраходных гор, за якімі, як казалі, ляжала плато Лэнг. Яны ляцелі вышэй аблокаў, пакуль нарэшце ўнізе не паказаліся казачныя вяршыні, якіх ніколі не бачылі жыхары Інганока, і якія заўжды пакрывае віхур бліскучага туману. Картэр вельмі выразна бачыў іх, калі яны знікалі ўнізе, і заўважыў на самых верхніх частках дзіўныя пячоры, якія нагадалі яму тыя, што ён бачыў на Нгранэку; але ён не пытаўся пра гэта ў свайго захопніка, калі адчуў, што і чалавек, і шантак з конскай галавой вельмі спалохаліся, нервова прыспешыліся і не збаўлялі хуткасці, пакуль пячоры не засталіся далёка ззаду.
Шантак цяпер ляцеў ніжэй, і пад балдахінам хмар адкрылася шэрая бясплодная раўніна, дзе на вялікіх адлегласцях стаялі маленькія кволыя дрэвы. Яны зніжаліся, і час ад часу з’яўляліся самотныя хаткі з граніту і хмурныя каменныя вёскі, дзе ў вокнах дамоў мігцела бляклае святло. І даносіліся з тых хатак і вёсак вісклівы гул дудкі і моташны бразгат цымбалаў, што было пацвярджэннем некаторых чутак, якія яму пераказалі людзі Інганока. Бо вандроўнікі чулі падобныя гукі і раней, і ведалі, што яны плылі з плато ў халоднай пустыні, куды ніводны разважлівы чалавек не пойдзе; бо гэта таямнічае месца неспакойнага зла пад назвай Лэнг.
Вакол кволых вогнішчаў таньчылі цёмныя абрысы, і Картэру было цікава, што гэта за істоты; бо ніводзін чалавек у сваім розуме ніколі не наведваў Лэнг, і месца было вядома толькі сваімі вогнішчамі і каменнымі хаткамі, бачнымі здалёк. Вельмі павольна і нязграбна гэтыя сілуэты рухаліся, па-вар’яцку скручваліся і згіналіся настолькі брыдка, што часам хацелася адвесці вочы; і Картэр болей не пытаўся, ці былі праўдзівыя легенды пра вялікае зло, і чаму ва ўсіх у летуценных землях выклікала жах згадка пра гідкае змерзлае плато. Шантак ляцеў усё ніжэй, брыдкасць танцораў набыла адценне пякельнай распуснасці; і палонны працягваў углядацца і напружваць памяць у пошуках адказу, дзе ўжо бачыў гэтых стварэнняў раней.
Яны скочылі так, быццам мелі капыты замест ног, і насілі нешта падобнае на парыкі ці вобады з маленькімі рагамі. Больш нічога з адзення на іх не было, але на большасці расло шмат поўсці. З іх азадкаў звешваліся хвасты, і калі яны зірнулі ўверх, ён адзначыў завялікую шырыню іх ратоў. І тады ён зразумеў, кім яны былі; і што яны не насілі ніякіх парыкоў і вобадаў. Бо таямнічыя жыхары Лэнга былі адной расы з непрыемнымі купцамі з чорных галер і гандлявалі рубінамі ў Дылат-Ліене; гэта не-зусім-людзі, рабы месяцовых пачвар! Яны сапраўды былі тым смуглым народам, які трымаў Картэра на смуроднай галеры шмат часу таму, і чыіх родзічаў ён бачыў у статках на брыдкіх прыстанях праклятага месяцовага горада, дзе худыя цяжка працавалі, а тлустых некуды ўвозілі ў клетках для іншых патрэб іх рапухападобных аморфных гаспадароў. Цяпер ён разумеў, адкуль з’явіліся такія дзіўныя стварэнні, і здрыгануўся ад думкі, што Лэнг вядомы тым бясформенным мярзотам з месяца.
Але шантак праляцеў над вогнішчамі і каменнымі хаткамі і падобнымі на людзей танцорамі, і ўзнёсся над бясплоднымі пагоркамі з шэрага граніту і невыразнымі купамі каменя са снегам і льдом. Надышоў дзень, і ззянне нізкіх хмар змянілася на імглістыя сутонні паўночнага святла, а агідная птушка працягвала ляцець некуды скрозь холад і цішыню. Часам чалавек з раскосымі вачамі размаўляў са сваёй птушкай мовай, поўнай рэзкіх і гартанных гукаў, і шантак адказваў клёкатам, падобным на драпанне па матавым шкле. Увесь гэты час зямля ўздымалася, і нарэшце яны прыляцелі да адкрытага ветру пласкагор’я, які падаваўся дахам праклятага і нічыйнага сусвету. Тут, адныя ў маўчанні і прыцемках сярод холаду, узвышаліся неачэсаныя камяні сцен прысадзістага будынка без вокнаў, вакол якога стаяў круг прымітыўных маналітаў. Было не падобна, што гэта стварылі людзі, і Картэр, згадаўшы старыя аповеды, зразумеў, што ён насамрэч трапіў у найбольш жудаснае і мітычнае з усіх месцаў, аддалены і дагістарычны кляштар, у якім жыве самотны першасвятар, пра якога лепей не казаць услых, які носіць жоўтую шаўковую маску на твары і моліцца Іншым Багам і іх паўзучаму хаосу Н’ярлахатэпу.
Агідная птушка села на зямлю, і чалавек з раскосымі вачамі спешыўся і дапамог злезці сваёй ахвяры. Прычыны свайго палону Картэр цяпер разумеў дакладна; без сумневу, купец быў паслугачом цёмных сіл, і пажадаў схапіць для сваіх гаспадароў нахабнага смяротнага, які паставіў сабе за мэту знайсці дзівосны Кадат і размаўляць з Вялікімі ў іх оніксавым замку. Верагодна, гэты купец замовіў яго ранейшае выкраданне рабамі месяцовых істот у Дылат-Ліене, і зараз меў намер зрабіць тое, ад чаго раней Картэра ўратавалі каты; прывесці ахвяру на вусцішнае спатканне з жудасным Н’ярлахатэпам за нахабства весці пошук дзівоснага Кадата. Лэнг і халодная пустыня паўночней Інганока, хутчэй за ўсё, былі блізка да Іншых Багоў, і гэтая частка шляху да Кадата пільна ахоўвалася.
Чалавек з раскосымі вачамі быў невысокім і хударлявым, але хіпацэфалічная птушка, якой ён загадваў – вялікай; і таму Картэр пайшоў туды, куды ён загадаў, і прамінуў кола маналітаў і ўвайшоў у нізкі праход пад аркай гэтага безаконнага каменнага кляштара. Унутры не было святла, але ліхі купец запаліў гліняную лямпу, па баках якой былі высечаныя агідныя барэльефы, і пацягнуў ахвяру скрозь лабірынты вузкіх звілістых калідораў. На сценах былі намаляваныя поўныя жудасці відовішчы, старэйшыя за чалавечую гісторыю, у стылю, невядомым ніводнаму археолагу ў сусвеце. Пасля незлічоных эпох іх фарба па-ранейшаму блішчала, бо холад і сухасць вусцішнага Лэнга падтрымоўвалі жыццё ў шмат якіх першабытных рэчах. Картэр бачыў іх мімалётна ў прамянях цьмянай лямпы, што рухалася, і ад гісторый, якія яны апавядалі, яго бралі дрыжыкі.
Па архаічным фрэскам чыталіся летапісы Лэнга; рагатыя, шырокатварыя, з капытамі замест ног не-зусім-людзі таньчылі свае дэманічныя танцы ў зараз забытых гарадах. Там былі малюнкі старажытных войнаў, на якіх не-зусім-людзі Лэнга біліся з распухлымі фіялетавымі павукамі з навакольных далін; і таксама былі малюнкі прыбыцця чорных галер з месяца, і падпарадкаванне жыхароў Лэнга бясформенным аморфным жудасцям, якія выскоквалі, выпаўзалі і выслізгалі з галер. Гэтых слізкіх шаравата-белых стварэнняў лічылі багамі, і нават не скардзіліся, калі вялікую колькасць іх самых лепшых і ўкормленых мужчын забралі на чорныя галеры. Пачварныя стварэнні з месяца зрабілі сабе прыстанак на камяністым абтоку ў моры, і Картэр зразумеў па фрэскам, што гэта магла быць толькі самотная безыменная скала, якую ён бачыў, калі плыў на Інганок; тая шэрая праклятая скала, якой пазбягалі маракі з Інганока, і з каторай раздаваўся агідны вой, што пераследаваў іх усю ноч.
Фрэскі паказвалі вялікі порт і сталіцу не-зусім-людзей; узнёслы горад са слупамі паміж скал і прыстанямі з базальту, з высокімі дзівоснымі храмамі і выдзеўбанымі ў камяні будынкамі. Вялікія сады і запоўненыя калонамі вуліцы пачыналіся ля скал і праз шэсць упрыгожаных сфінксамі брам вялі на шырокі цэнтральны пляц, і на гэтым пляцы стаялі два велічэзныя крылатыя ільвы, якія вартавалі вяршыню лесвіцы, што сыходзіла пад зямлю. Ізноў і ізноў сустракаліся малюнкі вялікіх крылатых ільвоў, дыярыт на іх магутных баках блішчэў у шэрых сутоннях дня і ззянні хмар уначы. Малюнкі львоў часта паўтараліся, і нарэшце да Картэра прыйшла здагадка, чым яны насамрэч былі і дзе знаходзіўся горад, якім уладарылі не-зусім-людзі ў старажытнасці, пакуль не прыйшлі чорныя галеры. Памылкі быць не магло, бо легенды летуценных зямель на гэты конт падрабязныя і дакладныя. Несумненна, дагістарычны горад быў няйнакш як Сармакандам, чые руіны шчарбіў вецер мільёны лет да таго, як першы разумны чалавек убачыў сонца, і чые ільвы-блізняты вечна вартуюць прыступкі лесвіцы, якая вядзе з летуценных зямель да Вялікай Бездані.
На іншых малюнках ён пазнаў гіганцкія шэрыя вяршыні, якія аддзялялі Лэнг ад Інганока, і пачварных птушак шантак, што будавалі гнёзды на выступах скал. І таксама дзіўныя пячоры амаль ля самых верхаў, і як нават самыя адважныя шантакі з крыкамі абляталі іх. Картэр бачыў гэтыя пячоры, калі пралятаў над імі, і прыкмеціў іх падабенства да пячор Нгранэка. Цяпер ён ведаў, што падабенства не было выпадковым, бо ўбачыў на малюнках іх жахлівых насельнікаў; і гэтыя падобныя на кажаныя крылы, скручаныя рогі, калючыя хвасты, учэпістыя лапы, і моцныя целы не былі невядомымі для яго. Ён ужо сустракаў гэтых ціхіх, пырхаючых, учэпістых стварэнняў раней; неразумныя вартаўнікі Вялікай Бездані, якія застрашылі нават Вялікіх, і чый уладар не Н’ярлахатэп, а сівы Нодэнс. Бо яны былі жахлівымі начнымі істотамі, якія ніколі не смяюцца і не ўсміхаюцца, бо ў іх няма твараў, і якія бясконца пырхаюць у цемры між Далінай Пнатха і праходамі ў іншыя сусветы.
Купец з раскосымі вачамі цяпер штурхнуў Картэра ў вялікі пакой пад купалам, на чыіх сценах былі выразаныя жахлівыя барэльефы, і ў чыім цэнтры зеўрала яма, абкружаная шасцю бруднымі каменнымі алтарамі. Не было святла ў гэтым вялікім смуродным склепе, і маленькая лямпа ліхога купца свяціла так квола, што можна было ледзь разгледзець наваколле. У далёкім канцы стаяў высокі каменны памост, на які вяло пяць прыступак; і там, на залатым троне, сядзела прысадзістая фігура ў жоўтай шаўковай робе з чырвонымі ўзорамі і з жоўтай шаўковай маскай на твары. Гэтай істоце чалавек з раскосымі вачамі рабіў знакі рукамі, і фігура з цемры адказвала, падымаючы агідную дуду са слановай косткі агіднымі лапамі і выводзячы моташныя гукі з-пад дрыжачай жоўтай маскі. Дыялог доўжыўся некаторы час, і для Картэра было нешта непрыемна знаёмае ў гуках дуды і паху смуроднага месца. Гэта прымусіла яго згадаць жахлівы асветлены чырвонымі агнямі горад і гідкае шэсце, якое некалі ішло па вуліцах; жудасны ўзыход праз месяцовую ваколіцу, пакуль яго не выратаваў раптоўны напад прыязных катоў. Ён ведаў, што істота на троне без усялякага сумневу была першасвятаром, пра якога лепей не казаць услых, і якому шэптам перададзеныя легенды прыпісваюць незвычайныя і жахлівыя магчымасці, але ён усё яшчэ баяўся нават у думках рабіць здагадкі, кім гэты жахлівы першасвятар мог быць.
Затым узорысты шоўк крыху саслізнуў з адной шэравата-белай лапы, і Картэр зразумеў, чым быў гэты агідны першасвятар. І ў гэта жуданснае імгненне моцны страх прымусіў яго зрабіць тое, на што ў іншых абставінах ён бы ніколі не наважыўся, бо ва ўсёй яго хісткай свядомасці было месца толькі для адной шалёнай думкі – уцячы ад таго, што заняло залаты трон. Ён ведаў, што цёмныя лабірынты з каменя ляжаць паміж ім і халодным плато вонкі, і што нават на гэтым плато на яго чакаў пачварны шантак; аднак нягледзячы на ўсё гэта, яго розумам панавала непераадольнае жаданне збегчы ад выгібістай пачвары ў жоўтай мантыі.
Чалавек з раскосымі вачамі паставіў сваю дзіўную лямпу на высокі і заплямлены нечым жудасным каменны алтар ля ямы, і прайшоў наперад, каб жэстамі паразмаўляць з першасвятаром. Картэр, да гэтага часу нерухомы, цяпер з усёй моцы, узрослай ад страху, пхнуў яго так, што ахвяра адразу павалілася ў раскрыты правал, які, як кажуць, вядзе да пякельных Скляпенняў Цын, дзе ў цемры гугі палююць на гастаў. І амаль у тое ж самае імгненне ён падняў лямпу з алатара і пабег у размаляваныя фрэскамі лабірынты, рухаючыся з усёй магчымай хуткасцю наўздагад і намагаючыся не думаць пра ціхі хлюпат бясформенных лап па каменю ззаду яго, і пра ціхі шэлест, з якім нешта паўзло па цьмяных калідорах.
Праз некалькі імгненняў ён пашкадаваў аб сваёй неразважлівай паспешнасці, бо трэба было ад пачатку трымацца фрэсак, міма якіх ён праходзіў раней. Сапраўды, яны былі блытанымі і паўтараліся, таму гэта ніяк не магло дапамагчы яму, але ён шкадаваў, што не паспрабаваў ад пачатку. Цяпер ён бачыў нават больш жудасныя малюнкі, чым раней, і здагадваўся, што трапіў не ў тыя калідоры, якія вялі вонкі. З часам ён упэўніўся, што яго ніхто не пераследуе, і сцішыў крокі; але ледзь адчуў палёгку, як новая небяспека напаткала яго. Святло лямпы слабела, і ён мог хутка апынуцца ў апраметнай цемры без усялякага разумення, у які бок ісці.
Калі святло згасла, ён пайшоў навобмацак у цемры, і маліўся Вялікім аб любой дапамозе, на якую яны былі здольныя. У гэты час ён адчуў, як падлога ідзе на ўздым і спад, і аднойчы спатыкнуўся аб прыступку, у існаванні якой не было ніякага сэнсу. Чым далей ён ішоў, тым вільготней станавілася, і калі ён быў здольны адчуць скрыжаванне ці бакавы праход, ён заўсёды абіраў шлях, які ішоў пад найменшым схілам. Бо ён верыў, што галоўны напрамак быў уніз; і спёртае паветра і налёт на слізкіх сценах і падлозе сведчылі пра тое, што ён занураецца глыбока ў праклятае плато. Але нішто не папярэдзіла пра тое, што адбылося далей; толькі адчуванне жаху і шоку і спыняючы дыханне хаос. Ён павольна прабіраўся навобмацак па слізкай амаль роўнай падлозе, як у наступнае імгненне раптоўна паляцеў уніз, у цёмны тунэль, які быў амаль вертыкальны.
Пра час гэтага страшнага слізгання ён не мог быць упэўненым, але яму падалося, што яно расцягнулася на гадзіны блюзнерскай млоснасці і экстатычнага шаленства. Потым ён адчуў, што больш не рухаецца, а над ім цьмяна ззялі хмары паўночнай ночы. Вакол яго стаялі разбітыя сцены і ляжалі паваленыя калоны, і брук ходніка, на якім ён ляжаў, быў прабіты травой і часта перарываўся на хмызы і карэнне. Ззаду яго вырастала голая скала; на яе цёмным баку былі высечаныя агідныя малюнкі, якія пазначалі арачны ўваход у суцэльную цемру, з якой ён толькі што выйшаў. Наперадзе цягнуліся падвойныя шэрагі слупоў, а таксама іх часткі і падмуркі, што сведчыла пра шырокую ў мінулым вуліцу; і па ўрнам і вазам ён зрабіў вынік, што ўздоўж яе некалі раслі сады. Удалечыні вуліцы слупы разыходзіліся, утвараючы вялікую круглую плошчу, на адкрытым коле якой пад ледзь ззяючымі начнымі аблокамі вырастала пара велічэзных стварэнняў. Гэта былі зробленыя з дыярыту гіганцкія крылатыя ільвы, паміж якім месціліся цені і цемра. На поўныя дваццаць футаў уздымалі яны свае гратэскныя і непадуладныя часу галовы, і глядзелі насмешліва на руіны вакол. І Картэр быў упэўнены, што яны з’яўялюцца тым, чым і павінны быць, бо ва ўсіх легендах існуе толькі адна пара такіх блізнят. Яны былі бяссменнымі вартавымі Вялікай Бездані, і гэтыя цёмныя руіны насамрэч былі спрадвечным Сармакандам.
Перш за ўсё Картэр заваліў арачны ўваход у скале разбітымі блокамі і абломкамі з друза, што ляжаў навокал. Ён не хацеў, каб яго напаткала тое нешта з ненавіснага кляштара, бо наперадзе яго чакала дастаткова іншых небяспек. Як трапіць з Сармаканда ў заселеныя людзьмі часткі летуценных зямель, ён не меў ніякага ўяўлення; і наўрад ці б даведаўся што ад гуляў, калі б спусціўся ў іх пячоры, бо, як ён памятаў, яны былі абазнаныя не болей за яго. Тыя тры гулі, якія дапамагалі яму прайсці праз горад гугаў да знешняга сусвету не ведалі, як трапіць у Сармаканд на зваротным шляху, і вырашылі распытаць старых гандляроў у Дылат-Ліене. Яму не падабалася думка ізноў ісці ў падземны сусвет гугаў і яшчэ раз рызыкаваць жыццём у пякельнай вежы Кхота з яе цыклапічнымі прыступкамі, што вялі ў зачараваны лес, але ён адчуваў, што прыйдзецца гэта зрабіць, калі іншыя намаганні апынуцца марнымі. Ісці па плато Лэнг ён не наважваўся без дапамогі; бо ў першасвятара шмат прыслужнікаў, і там на яго без сумневу чакаюць птушкі шантак і можа хто яшчэ небяспечны. Калі б ён знайшоў лодку, мог бы даплыць да Інганока міма жудаснага абтоку са шчарбатымі скаламі ў моры, бо дагістарычныя фрэскі ў лабірынце кляштара дакладна паказвалі, што гэта страшнае месца знаходзіцца непадалёк ад базальтавага ўзбярэжжа Сармаканда. Але знайсці лодку ў гэтым навечна пакінутым горадзе не падавалася магчымым, і наўрад ці ён бы здолеў нешта змайстраваць сам.
Такімі былі думкі Рэндальфа Картэра, калі розум раптоўна захапіла новая ідэя. У гэты час перад ім ляжаў падобны на памерлага чалавека казачны Саркаманд з разбітымі чорнымі калонамі і паўабваленай брамай са сфінксамі наверсе, і велічэзнымі крылатымі ільвамі пад цьмяным ззяннем начных хмар. Цяпер ён убачыў далёка наперадзе і справа святло, якое не маглі выпраменьваць хмары, і зразумеў, што ён не адзін сярод цішыні мёртвага горада. Святло то ззяла мацней, то амаль згасала, і мела зеленаватае адценне, што не супакойвала назіральніка. І калі ён падабраўся бліжэй, уніз па засмечанай вуліцы і праз вузкія прагалы між абваленых сцен, то ўсведаміў, што святлом было вогнішча побач з прычалам, вакол якога сядзела шмат няясных абрысаў, і ў паветры вісеў непрыемны пах смерці. У масляністай вадзе гавані стаяў на якары вялікі карабель, і Картэр знерухомеў, моцна застрашаны, бо карабель быў вядомай яму вусцішнай чорнай галерай з месяца.
Раптам, амаль перад тым, як ён збіраўся бязгучна адысці ад мярзотнага вогнішча, сярод невыразных цёмных абрысаў пачалося хваляванне, і да яго данёсся дзіўны, але знаёмы гук. Гэта быў спужаны піск гуля, які праз імгненне перарос у сапраўдны хор пакутлівых візгатаў. Незаўважны ў ценю велізарных руін, Картэр дазволіў сваёй цікаўнасці ўзяць верх над страхам, і падкраўся бліжэй замест таго, каб сысці. Адзін раз яму прыйшлося паўзці, як чарвяк, каб перасячы вуліцу, а ў іншым месцы ён шырока ступаў, каб не нарабіць шуму сярод друзу з аскепкаў мармуру. Але ён паспяхова заставаўся непрыкметным, і так праз некаторы час знайшоў добрае месца за тытанічным слупом, адкуль мог бачыць у зеленаватым святле ўсё, што адбывалася. Там, вакол брыдкага вогнішча, у якое замест дроў падкідалі агідныя сцёблы месяцовых грыбоў, сядзела смуродная купа рапухападобных пачвар з месяца і іх падобныя на людзей рабы. Некаторыя з гэтых рабоў трымалі ў вогнішчы дзіўныя жалезныя дзіды, і часам тыкалі іх раскаленымі вастрынямі ў трох моцна звязаных зняволеных, якія ляжалі, курчачыся, перад верхаводамі зграі. Па рухам іх тэнтакляў Картэр разумеў, што тупамордыя месяцовыя пачвары былі ў захапленні ад відовішча, і яго жах стаў мацнейшым, калі ва ўтрапёным візгаце ён распазнаў галасы, і ўжо ведаў, што катаваныя былі тымі трыма сумленнымі гулямі, якія бяспечна вывелі яго з бездані і далей пайшлі з зачараванага лесу шукаць Сармаканд, дзе быў уваход у іх родныя глыбіні.
Колькасць смярдзючых месяцовых пачвар ля зеленаватага вогнішча была вялікай, і Картэр разумеў, што нічога не можа зрабіць, каб выратаваць сваіх былых прыяцеляў. Як стала магчымым, што гуляў схапілі, ён не меў ніякага ўяўлення; але дапускаў, што агідныя шэрыя рапухападобныя стварэнні маглі пра іх даведацца, калі тыя высвятлялі шлях да Сармаканду ў Дылат-Ліене, і не жадалі, каб нехта наблізіўся да ненавіснага плато Лэнг і першасвятара, пра якога лепей не казаць услых. Імгненні ён узважваў, што мог бы зрабіць, калі прыпомніў, што знаходзіцца вельмі блізка да брамы ў цёмнае царства гуляў. Зразумела, што найлепш было б прабрацца на ўсход да пляцу з ільвамі-блізнятамі і спусціцца адразу да бездані, дзе дакладна не будзе жахаў, горшых за тыя, што ён напаткаў тут, і дзе ён хутка можа знайсці гуляў, ахвотных выратаваць сваіх суродзічаў і, магчыма, знішчыць рапухаподабных стварэнняў з чорных галер. Яму прыйшло ў галаву, што, як і іншыя праходы ў бездань, гэты могуць вартаваць начныя прывіды; але цяпер ён не баяўся гэтых бястварых істот. Ён паспеў даведацца, што яны заключылі з гулямі вечную дамову, і гуль, які некалі быў Пікманам, навучыў яго, як вымавіць пароль, які яны зразумеюць.
І так Картэр зноў пачаў бязгучна прабірацца скрозь руіны, павольна набліжаючыся да вялікага цэнтральнага пляцу і крылатых ільвоў. Гэты было складанай справай, але месяцовыя пачвары былі надзвычай занятыя і не пачулі прыглушаных гукаў, якія ён два разы выпадкова зрабіў сярод раскіданых камянёў. Нарэшце ён падышоў да адкрытай прасторы і знайшоў шлях сярод чэзлых дрэў і калючага кустоўя, што там вырасла. Велічэзныя ільвы ўздымаліся жудаснымі статуямі над ім у кволым ззянні начных аблокаў, але ён мужна трымаўся іх і прабраўся да таго боку, дзе былі твары, бо ведаў, што там найгусцейшая цемра, якую яны і ахоўвалі. У дзесяці футах адзін ад аднаго сядзелі дыярытавыя зверы з насмешлівымі тварамі, занураныя ў роздуме на цыклапічных п’едэсталах, пакрытых вусцішнымі барэльефамі. Паміж імі знаходзілася пляцоўка, выкладзеная пліткай, якая некалі была абгароджаная оніксавымі балясамі. У сярэдзіне прасторы адкрываўся чорны праход, і Картэр хутка зразумеў, што ён сапраўды дасягнуў зяючай бездані, чые старажытныя запляснелыя прыступкі вялі ў склепы, поўныя кашмараў.
Жудаснымі застануцца ўспаміны пра той цёмны спуск, калі гадзіны паглыналі адна адну, пакуль Картэр навобмацак ішоў уніз па бясконцай спіралі прыступак стромай і слізкай лесвіцы. Прыступкі былі такімі зношанымі, і вузкімі, і пакрытымі ліпкім глеем з падзем’я, што той, хто спускаўся, заўсёды чакаў на балючае падзенне ў бездань; і ён быў гэтак жа сама не ўпэўнены, калі ці як начныя прывіды-вартаўнікі раптоўна накінуцца на яго, калі яны чакалі ў гэтым першабытным праходзе. Вакол разліваўся задушлівы пах бездані, і ён разумеў, што спёртае паветра ў гэтых глыбінях не прызначалася для людзей. Хутка ён стаў вельмі млявым і сонным, і рухаўся хутчэй несвядома па звычцы, чым асэнсавана; і ён не адчуў ніякай змены, калі спыніўся, бо нешта ціха абхапіла яго ззаду. Потым ён хутка ляцеў скрозь паветра, а непрыемная казытанне падказвала, што пругкія целы начных прывідаў выканалі свой абавязак.
Апрытомнеўшы ад холаду ў вільготнай хватцы бязтварых трапечучых стварэнняў, Картэр згадаў пароль ад гуляў і выгукнуў яго так хутка, як толькі мог сярод ветру і бязладдзя палёту. Хаця начныя прывіды лічыліся неразумнымі, вынік быў вокамгненным; казытанне адразу спынілася, і істоты паспяшаліся трымаць свайго нявольніка так, каб яму было больш зручней. Натхнёны, Картэр рызыкнуў зрабіць некалькі тлумачэнняў; ён расказаў пра захоп і катаванне трох гуляў месяцовымі пачварамі, і пра тое, што шукаў тых, хто можа дапамагчы іх выратаваць. Начныя прывіды не адказвалі, але, падавалася, разумелі, што ён казаў; і паляцелі хутчэй і больш мэтанакіравана. Раптоўна непраглядная цемра змянілася шэрымі сутоннямі падзем’я, і перад імі адкрылася адна з тых бясплодных раўнін, дзе гулі любілі сядзець на кукішках і нешта грызці. Раскіданыя магільныя пліты і часткі касцей пазначалі насельнікаў гэтых месцаў; і калі Картэр гучна завыў, што было сігналам тэрміновага збору, мноства істот вылезла са сваіх схаваных пад скурамі, падобных на сабачае жытло, сховішчаў. Начныя прывіды нізка спусціліся і паставілі свайго пасажыра на ногі, а потым крыху адляцелі, каб утварыць выгнуты паўкруг на зямлі, пакуль гулі віталі госця.
Картэр хутка перадаў сваё пасланне жудаснай кампаніі, і чатыры з іх адразу зніклі ў ямах, каб перадаць навіны і сабраць войска, здольнае выратаваць палонных. Пасля доўгага чакання з’явіўся нейкі важны гуль, і нешта паведаміў жэстамі начным прывідам, пасля чаго двое з іх паляцелі ў цемру. Потым да згорбленай зграі начных прывідаў далучаліся ўсё новыя асобы, пакуль з далечыні глеба не пачала здавацца суцэльна чорнай ад іх. Тым часам новыя гулі вылазілі з нор адзін за адным, узбуджана мармычучы, і станавіліся ў прымітыўныя баявыя шыхты непадалёк ад начных прывідаў. Пазней з’явіўся горды паважаны гуль, які некалі быў мастаком Рычардам Пікманам з Бостана, і яму Картэр хутка пераказаў тое, што здарылася. Тым часам Пікман, здзіўлены зноў бачыць свайго даўняга сябра, быў вельмі ўражаны, і правёў нараду з іншымі правадырамі крыху ў баку ад растучага натоўпу.
Нарэшце, пасля пільнага агляду шэрагаў, правадыры пачалі ва ўнісон віскатаць загады да натоўпу гуляў і начных прывідаў. Вялікая колькасць рагатых летуноў сышла адразу, пакуль астатнія па двое станавіліся на калені падоўжанымі пярэднімі лапамі, чакаючы, пакуль па аднаму падыдуць гулі. Калі гуль падыходзіў да пары начных прывідаў, тыя яго падымалі і зляталі ў цемру; пакуль не знік увесь натоўп, пакінуўшы для Картэра, Пікмана і іншых правадыроў па пары начных прывідаў. Пікман растлумачыў, што начныя прывіды – авангард і кавалерыя гуляў, і што войска рухаецца на Сармаканд, каб паквітацца з месяцовымі пачварамі. Картэр і ачольнікі гуляў падышлі да чакаючых прывідаў і былі паднятыя вільготнымі слізкімі лапамі. У наступны момант яны вірыліся сярод ветру і цемры: бясконца ўверх, уверх, уверх, да брамы пад крылатымі ільвамі і вечных руін дагістарычнага Сармаканда.
Калі праз вялікі прамежак часу над імі ізноў заззяла цьмянае начное неба Сармаканда, Картэр убачыў, што вялікі цэнтральны пляц быў поўны ваяўнічых гуляў і начных прывідаў. Дзень, без сумневу, амаль скончыўся; але войска было такім вялікім, што ў раптоўнасці нападу не мелася неабходнасці. Зеленаватае вогнішча побач з прыстанню ўсё яшчэ кідала слабыя водбліскі, хаця адсутнасць палонных гуляў сведчыла пра тое, што іх катаванні на сёння былі скончаныя. Мякка падказваючы напрамак сваім прывідам, а таксама статку без пасажыраў наперадзе, гулі сфармавалі доўгія віруючыя калоны і рушылі скрозь змрочныя руіны да злавеснага вогнішча. Картэр цяпер быў ззаду Пікмана сярод галоўных гуляў, і ўбачыў, калі яны наблізіліся да смярдзючага прыстанку, што месяцовыя пачвары былі цалкам бесклапотныя. Трое палонных ляжалі звязаныя і непрытомныя ля вогнішча, пакуль іх рапухападобныя захопнікі санліва слізгалі па наваколлю без усялякага парадку. Рабы не-зусім-людзі спалі, нават вартаўнікі грэбавалі сваімі абавязкамі, якія ў гэтай частцы іх каралеўства падаваліся ім бессэнсоўнымі.
Націск начных прывідаў і гуляў-вершнікаў быў раптоўным, кожную з шэраватых рапухападобных пачвар і іх не-зусім-людзей рабоў бязгучна абкружылі групы начных прывідаў. Месяцовыя пачвары, канечне, былі безгалосымі; і нават у рабоў амаль не было шансаў закрычаць перад тым, як пругкія лапы прымусілі іх змоўкнуць. Жудаснымі былі курчы вялікіх жэлепадобных, калі бязлітасныя начныя прывіды хапалі іх, і нічога не магло супрацьстаяць сіле чорных цэпкіх кіпцюроў. Калі месяцовыя пачвары спрабавалі адбівацца, начныя прывіды хапалі і цягнулі іх за дрыжачыя ружовыя тэнтаклі; і, падавалася, гэта прычыняла такі боль, што ахвяры спынялі супраціў. Картэр чакаў убачыць бойню, але гулі былі больш вытанчаныя ў сваіх планах. Яны правізгаталі некалькі простых загадаў начным прывідам, што трымалі захопленых, давяраючы астатняе інстынктам; як толькі няўдачлівыя стварэнні былі ціха ўнесены ў Вялікую Бездань, каб быць раўназначна падзеленымі між бхоламі, гугамі, гастамі, і іншымі насельнікамі цемры, чые звычкі харчавання не прадугледжвалі адсутнасці болю ў выбраных ахвяр. Тым часам трое звязаных гуляў былі вызваленыя і суцешаныя іх родзічамі-пераможцамі, чые групы працягвалі шукаць у наваколлі верагодна пазасталых месяцовых пачвар, і абшукалі смуродную чорную галеру ля прыстані, каб упэўніцца, што ніхто не збег пасля разгрому. Безумоўна, напад быў дасканалым; бо ніводнай прыкметы, што нехта ацалеў, пераможцы не выявілі. Картэр, заклапочаны тым, каб займець сродак для падарожжа адсюль у іншыя часткі летуценных зямель, пераканаў іх не тапіць галеру, і яго просьбу задаволілі ў падзяку за тое, што ён распавёў пра пакуты палоннай тройкі. На караблі Картэр знайшоў дзіўныя рэчы і ўпрыгожванні, але некаторыя адразу ж выкінуў у мора.
Далей гулі і начныя прывіды падзяліліся на асобныя групы, перад гэтым распытаўшы сваіх выратаваных сяброў пра тое, што здарылася. Тыя распавялі, што ішлі па падказаным Картэрам напрамку і трапілі з зачараванага лесу ў Дылат-Ліен на шляху да Ніра і ракі Скэй, скраўшы чалавечае адзенне з адасобленага хутара і з усіх сіл намагаючыся пераймаць чалавечую хаду. У корчмах Дылат-Ліена іх гратэскныя абрысы і твары звярталі на сябе вялікую ўвагу; аднак яны настойліва пыталі пра шлях да Сармаканду, пакуль нарэшце стары вандроўнік не распавёў ім тое, што ведаў. Толькі карабель да Лэлаг-Лэнга мог задаволіць іх патрабаванні, і яны сталі чакаць на такое судна.
Але злыя шпіёны, без сумневу, даклалі пра іх; неўзабаве ў порт прыплыла чорная галера, і шыракаротыя гандляры рубінамі запрасілі гуляў выпіць з імі ў карчме. Віно разлівалі з адной дзіўнай бутэлькі, высечанай з суцэльнага рубіну, і пасля пачастунку гулі сталі вязнямі на чорнай галеры, як некалі Картэр. Гэтым разам, аднак, нябачныя весляры рушылі карабель не на месяц, а ў старажытны Сармаканд; відавочна, збіраліся аддаць увязненых першасвятару, пра якога лепей не казаць услых. Яны спыніліся ля шчарбатай скалы ў паўночным моры, якой так пазбягаюць маракі Інганока, і гулі ўпершыню ўбачылі там сапраўдных гаспадароў карабля; ім зрабілася млосна, нягледзячы на прыродную трываласць, ад злых бясформеннасцяў і смуроду, што выклікаў жах. Яны таксама былі сведкамі безназоўных заняткаў рапухападобных насельнікаў гарнізона – такіх заняткаў, пасля якіх раздаваўся вой уночы, якога так баяцца людзі. Далей яны прыплылі да зруйнаванага Сармаканда, дзе пачаліся катаванні, чый працяг перарваў нечаканы паратунак.
Затым былі абмеркаваныя планы на будучыню; трое выратаваных гуляў прапанавалі зладзіць напад на шчарбатую скалу і знішчыць гарнізон рапухападобных. Гэтаму, аднак, запярэчылі начныя прывіды; перспектыва палёту над вадой іх не вабіла. Большасць гуляў паставілася з прыхільнасцю да ідэі, але не ведала, як туды трапіць без дапамогі начных прывідаў. Тады Картэр, разумеючы, што яны не ведаюць, як кіраваць галерай, прапанаваў навучыць іх карыстацца вялікімі вёсламі, нашто яны ахвотна пагадзіліся. Пачаўся шэры дзень, і пад свінцовым начным небам адборны атрад гуляў запаланіў смуродны карабель, дзе заняў месцы на лавах весляроў. Картэру яны падаліся здольнымі вучнямі, і перад надыходам ночы ён рызыкнуў зрабіць некалькі падарожжаў вакол бухты. Аднак толькі праз тры дні ён палічыў, што можна рабіць спробу ваяўнічай вандроўкі. Потым, калі весляры прыгатаваліся і начныя прывіды бяспечна ўладкаваліся ў пярэдняй частцы карабля, нарэшце пачалося плаванне; Пікман і іншыя правадыры сабраліся на карме, дзе абмяркоўвалі магчымасці і складалі план дзеянняў.
У першую ж ноч яны пачулі вой на скале. Ён быў такім вусцішным, што ўся каманда галеры задрыжала; але больш за ўсё трымцелі трое выратаваных гуляў, якія дакладна ведалі, што азначаў той вой. Рабіць напад ноччу выглядала не лепшай ідэяй, таму карабель пачаў дрэйф пад ззяннем аблокаў у чаканні світанку шэраватага дня. Калі святла стала дастаткова і вой сцішыўся, весляры пачалі зноў рабіць узмахі, і галера плыла бліжэй і бліжэй да шчарбатай скалы, чые гранітныя вяршыні падобна кіпцюрам упіваліся ў змрочнае неба. Бакі скалы былі вельмі стромымі; але на выступах дзе-нідзе віднеліся выпуклыя сцены дзіўных безаконных дамоў, і нізкая загарадзь на ахове шырокіх дарог. Ніводнага карабля з ніводным чалавекам ніколі не падыходзіла нават блізка да гэтага месца, а калі, можа, і падыходзілі, дык не былі здольныя да вяртання; але Картэр і гулі заставаліся непадуладнымі жаху і непахісна працягвалі плаванне, абыходзячы ўсходні бок скалы і шукаючы прыстань, якая, па словах выратаванай тройкі, была ў паўднёвай частцы бухты, утворанай стромкімі мысамі.
Мысы былі працягам абтоку, і сыходзіліся так шчыльна, што толькі адзін карабель за раз мог прайсці паміж імі. Падавалася, звонку не было вартавых, і галеру нахабна накіравалі скрозь вузкі праліў у затхлую гавань. Там, аднак, дзеялася мітусня; некалькі караблёў стаяла на якары ўздоўж непрывабнага каменнага прычала, і мноства не-зусім-людзей рабоў і месяцовых пачвар ля ўзбярэжжа перадавалі клеткі і скрыні ці кіравалі драўлянымі фурманкамі, запрэжанымі жахлівымі казачнымі безыменнымі стварэннямі. Там знаходзіўся маленькі каменны гарадок, высечаны ў вертыкальнай скале над прыстанню, і пачатак звілістай дарогі, чыіх выгібаў не сягаў зрок, калі тыя сыходзілі за вышэйшыя ўступы скалы. Ніхто не ведаў, што знаходзілася ўнутры гэтай велічэзныя гары, але тое, што яны бачылі вонкі, было далёкім ад прыемнасці.
Убачыўшы галеру, натоўп на прыстані выказаў вялікую радасць; тыя, хто меў вочы, пільны ўзіраліся, а тыя, хто не меў, жвава выгіналі свае тэнтаклі. Яны, канешне, не ведалі, што чорная галера гэтым разам належала не іх суродзічам; бо гулі выглядалі падобнымі на рагатых не-зусім-людзей з капытамі, а начных прывідаў было не бачна. Да гэтага часу правадыры паспелі вызначыцца з планам; які складаўся з таго, каб выпусціць начных прывідаў, як толькі карабель наблізіцца да прыстані, а затым адплыць назад, цалкам пакідаючы справу на інстынкты гэтых амаль бессвядомых істот. Апынуўшыся на скале, рагатыя летуны перш за ўсё накінуцца на ўсё жывое, што знойдуць, а затым, не здольныя на думкі, складанейшыя за жаданне вярнуцца дадому, забудуцца на свой страх перад вадой і імкліва паляцяць да бездані; несучы сваю брыдкую здабычу ў адпаведным напрамку сярод цемры, у якой не шмат хто з палонных выжыве. Гуль, які некалі быў Пікманам, спусціўся ўніз і перадаў начным прывідам простыя ўказанні, пакуль карабель дрэйфаваў непадалёк ад злавеснай і смуроднай прыстані. На ўзбярэжжы пачаўся незвычайны рух, і Картэр зразумеў, што ход галеры выклікаў падазрэнні. Відавочна, што штурман накіраваў карабель не ў той док, і, магчыма, назіральнікі заўважылі розніцу паміж страшнымі гулямі і не-зусім-людзьмі рабамі, чые месцы тыя занялі. Пэўна, быў пададзены нейкі бязгучны сігнал трывогі, бо неяк адразу хеўра смярдзючых месяцовых пачвар пачала выслізгаць з чорных дзвярных праёмаў безаконных дамоў і рухацца ўніз па звілістай дарозе з правага боку. Дождж з дзіўных коп’яў пасыпаўся на галеру, як толькі карабельны нос крануў прыстань, збіваючы з ног двух гуляў і лёгка ранячы яшчэ аднаго; але ў гэтае імгненне ўсе люкі былі адкрытыя, каб выпусціць чорнае воблака жужжачых начных прывідаў, якія паглынулі горад, быццам зграя рагатых цыклапічных кажаноў.
Жэлепадобныя месяцовыя пачвары дасталі аднекуль вялікі слуп і намагаліся адпіхнуць варожую галеру, але калі наскочылі начныя прывіды, кінулі свой намер. Гэта было страшнае відовішча – бачыць у дзеі бязтварых пругкіх казытаючых істот, і было нешта ашаламляльнае ў тым, як іх густое воблака разыходзілася па горадзе і цякло ўверх па звілістай дарозе да самых вяршынь. Часам група чорных летуноў памылкова скідала рапухападобных палонных з вышыні, і ў тым, як целы распырскваліся, было нешта абразлівае для позірку, а калі даходзіў смурод – да нюху. Калі апошнія з начных прывідаў пакінулі галеру і ачольнікі гуляў правізгаталі загад аб адыходзе, весляры павольна выплылі з бухты між шэрых мысаў, пакуль горад заставаўся полем бязладнага бою.
Гуль, які некалі быў Пікманам, вырашыў пачакаць некалькі гадзін, пакуль зачаткавая свядомасць начных прывідаў здолее пераадолець страх лятання над вадой, і трымаць галеру прыкладна ў мілі ад шчарбатай скалы, тым часам перавязваючы параненых. Надышла ноч, і шэрыя сутонні змяніліся ззяннем нізкіх аблокаў, і ўвесь гэты час правадыры гуляў углядаліся ў вяршыню праклятай скалы, каб убачыць палёт начных прывідаў. Пад раніцу яны заўважылі чорную крапінку, якая нясмела лунала над самай вяршыняй, і хутка крапінка ператварылася на рой. Перад сярэдзінай дня рой зменшыўся да плямкі, і праз чвэрць гадзіны цалкам знік у кірунку паўночнага ўсходу. Раз ці два падавалася, што з рою нешта падае ў мора; але Картэр не хваляваўся, бо ведаў са сваіх назіранняў, што рапухападобныя месяцовыя пачвары не здольныя плаваць. Праз час гулі, задаволеныя тым, што ўсе начныя прывіды зляцелі ў Сармаканд і Вялікую Бездань са сваёй прырэчанай ношай, вярнулі галеру ў бухту між шэрымі мысамі; і ўся дзіўная кампанія сышла з карабля і бадзялася з цікаўнасцю па пустой скале з яе вежамі і жытламі і крэпасцямі, выдзеўбанымі ў суцэльным камяні.
Жахлівымі былі таямніцы, адкрытыя ў злосных і безаконных скляпах; шматлікія рэшткі няскончаных забаў знаходзілі ў адрозным ад першапачатковага стану. Картэр сустрэў некалькіх істот, якія дакладна былі жывымі, і некалькіх, наконт якіх не быў упэўнены. Напоўненыя смуродам дамы мелі з мэблі толькі вялікія крэслы і лаўкі, зробленыя з месяцовых дрэў, а ўнутры былі размаляваныя безназоўнымі і вар’яцкімі выявамі. Незлічоная зброя, прылады і ўпрыгожванні ляжалі купамі; сярод іх ён бачыў вялікіх ідалаў з суцэльнага рубіну, чые абрысы належалі істотам, якіх не сустрэць на зямлі. Ідалы, нягледзячы на матэрыял, не выклікалі жаданні імі валодаць і разглядаць; і пяць з іх Картэр разбіў на маленькія аскепкі. Ён сабраў раскіданыя коп’і і пікі, і, з дазвалення Пікмана, раздаў іх гулям. Падобныя рэчы былі незнаёмы сабакападобным істотам, але адносная прастата зброі дазваляла хутка навучыцца карыстацца ёю пасля некалькіх падказак.
У верхніх частках скалы месцілася болей храмаў і асобных хат, і ў незлічоных выдзеўбаных залях былі знойдзеныя вусцішныя разныя алтары і падазрона заплямленыя купелі і прошчы для пакланення рэчам больш жахлівым, чым багі над Кадатам. Ззаду аднаго з вялікіх храмаў пачынаўся нізкі чорны праход, па якому Картэр ішоў з паходняй глыбока ў скалу, пакуль не трапіў у цьмяны зал вялікіх памераў са столлю-купалам, чые сцены пакрывала дэманічная разьба і ў чыім цэнтры зеўрала смярдзючая і бяздонная яма, такая ж, як у жахлівым кляштары Лэнга, дзе ў адзіноце існаваў першасвятар, пра якога лепей не казаць услых. У далёкім зацененым баку над смярдзючай ямай, яму падалося, ён разгледзеў маленькія дзверы з дзіўна выкаванай бронзы; але па нейкай прычыне адчуў невытлумачальны жах ад думкі адкрыць яе ці нават наблізіцца, і паспяшаўся назад скрозь пячору да сваіх непрыемных з выгляду прыяцеляў, што хадзілі вакол з лёгкасцю і абыякавасцю, якіх яму так не хапала. Гулі абшуквалі рэшткі ахвяр ад няскончаных забаваў месяцовых пачвар у пошуках карыснага для сябе. Яны таксама знайшлі вялікую бочку месяцовага віна, і кацілі яе да прыстані, каб узяць з сабой для выкарыстання ў дыпламатычных перамовах, пра што ім падказала выратаванае трыа, згадаўшы, як яно ўздзейнічала на іх у Дылат-Ліене. Вялікі склад, поўны рубінаў, здабытых у шахтах на месяцы, адшліфаваных і шурпатых, стаяў ля аднаго са сховішчаў ля вады; але калі гулі выявілі, што іх немагчыма есці, згубілі ўсялякую цікавасць. Картэр не ўзяў ніводнага, бо паспеў зашмат даведацца пра тых, хто іх здабывае.
Раптоўна пачуўся ўсхваляваны візгат ад вартавых на прыстані, і ўсе кінулі свае справы, каб сабрацца на ўзбярэжжы і глядзець на мора. Паміж шэрых мысаў хутка плыла чорная галера, і магло прайсці ўсяго імгненне перад тым, як не-зусім-людзі заўважаць уварванне і паведамяць жудасным стварэнням унізе. На шчасце, гулі па-ранейшаму трымалі дзіды і пікі, якія ім раздаў Картэр; і па яго загаду, перададзеным гулем, які некалі быў Пікманам, яны пашыхтаваліся і былі гатовыя не дапусціць высадкі з карабля. Хутка на галеры ўсчалося хваляванне, калі каманда зразумела сэнс пераменаў на беразе, і карабель раптоўна спыніўся, пэўна, беручы пад увагу пераўзыходзячую колькасць гуляў. Пасля кароткіх ваганняў галера развярнулася і зноў праплыла між мысамі, але гулі ні на імгненне не паверылі ў тое, што здолелі пазбегнуць канфлікту. Альбо цёмны карабель будзе шукаць падмацавання, альбо каманда паспрабуе высадзіцца дзе-небудзь яшчэ на абтоку; таму адразу невялікую групу выведнікаў паслалі на вяршыню, каб назіраць, што будзе рабіць вораг.
Праз некалькі хвілін гуль вярнуўся сказаць, што месяцовыя пачвары і не-зусім-людзі высадзіліся вонкі на адным з шэрых шчарбатых мысаў на ўсходзе, і паднімаліся па схаваным сцежкам і стромым уступам там, дзе нават горны казёл адчуваў бы сябе ў небяспецы. Амаль адразу пасля гэтага галеру зноў заўважылі за пралівам, падобным да жолаба, але толькі на імгненне. Неўзабаве другі гуль спусціўся зверху, каб паведаміць, што яшчэ адна група высадзілася на іншым мысе; абедзве нашмат большыя, чым можна было меркаваць па памеру галеры. Сам карабель, павольна рухаючыся ўсяго з адным ярусам вёслаў, хутка з’явіўся паміж скаламі і лёг у дрэйф у смярдзючай гавані, быццам чакаючы бітвы, і быў гатовы аказаць любую дапамогу нападаючым.
Картэр паспеў падзяліць гуляў на тры групы: дзве, каб сустрэць калоны нападаючых, і адна, якая застанецца ў горадзе. Першыя дзве адразу ўскараскаліся на скалы кожная ў сваім кірунку, пакуль трэцяя была яшчэ распадзеленая на марскую і сухапутную групы. Марская, узначаленая Картэрам, узышла на сваю галеру і павеславала да амаль пустой галеры захопнікаў, і тая збегла праз праліў у адкрытае мора. Картэр не пераследаваў яе, бо ведаў, што можа быць больш патрэбным ля горада.
Тым часам групы жудасных месяцовых пачвар і не-зусім-людзей ускараскаліся на вяршыні мысаў, і іх абрысы жахліва адлюстроўваліся на фоне шэрага змрочнага неба. Тонкія пякельныя жалейкі захопнікаў пачалі скавытаць, і гэтыя змешанае, невыразнае шэсце выклікала млоснасць з-за водару, які выдзяляла з сябе рапухападобная месяцовая погань. Затым у поле зроку ўзніклі дзве групы гуляў, чые абрысы далучыліся да краявіду. Дзіды паляцелі з абодвух бакоў, і нарастаючы візгат гуляў і звярыны вой не-зусім-людзей паступова далучыліся да пякельнага скавытання жалеек, утвараючы неапісальны вар’яцкі хаос дэманічнай какафоніі. Тут і там з вузкіх хрыбтоў падалі целы ў мора на знешнім баку прыстані, і хутка ўцягваліся на дно невядомымі падводнымі насельнікамі, чыя прысутнасць пазначалася толькі агромністымі бурбалкамі.
Паўтары гадзіны гэтая бітва шалела пад небам, пакуль на заходнім уцёсе захопнікі не былі цалкам знішчаныя. Аднак на ўсходнім, дзе прысутнічаў правадыр месяцовых пачвар, гулі спраўляліся не так добра; і павольна адступалі да стромых схілаў. Пікман хутка перакінуў падмацаванні з горада на той фронт, і гэта вельмі дапамагло на ранніх этапах бітвы. Потым, калі бой на захадзе быў скончаны, ацалелыя пераможцы паспяшаліся на дапамогу сваім цяжка прыціснутым суродзічам; і павярнулі зыход бойкі на сваю карысць і прымусілі захопнікаў адыходзіць па вузкім хрыбце мыса. Не-зусім-людзі да гэтага часу былі ўсе забітыя, але апошнія з рапухападобных пачвар біліся з адчаем, узмахваючы вялікімі гарпунамі, сціснутымі ў іх магутных брыдкіх лапах. Час кідання дзідаў мінуў, і бойка перарасла ў блізкае сутыкненне паміж дзіданосцамі на вузкім хрыбце.
Узровень безразважлівай раз’юшанасці ўзрастаў, і колькасць тых, хто падаў у ваду, таксама хутка павялічвалася. Хто ўпаў у гавань, сустрэў немінучую смерць ад нябачных стварэнняў, што пакідалі бурбалкі, але тыя, хто падаў у бок адкрытага мора, здолелі даплыць да падножжа ўцёсаў і вылезці на пустыя скалы, і да таго схаваная галера выратавала некалькіх месяцовых пачвар. На ўцёсы немагчыма было ўзабрацца нідзе за выключэннем тых месяцаў, дзе высадзіліся ворагі, таму ніводны гуль, які быў на скалах, не мог далучыцца да бойкі. Некаторыя былі забітыя кінутымі дзідамі з варожай галеры ці месяцовымі пачварамі ўверсе, але некаторыя выжылі і былі выратаваныя. Калі перамога на ўцёсах была забяспечаная, галера Картэра праплыла між мысамі і накіравалася да варожага карабля далёка ў моры, спыняючыся, каб падабраць тых гуляў, якія вылезлі на скалы ці боўталіся ў вадзе. Нешматлікіх месяцовых пачвар, выкінутых на скалы і рыфы, хутка пазбавіліся.
Нарэшце, калі варожая галера была ўдалечыні і болей не магла ўяўляць пагрозу, і войска захопнікаў згуртавалася ў адным месцы, Картэр высадзіў значныя сілы на ўсходнім мысе ў тыле ворага; пасля чаго бітва хутка скончылася. Атакаваныя з двух бакоў, смярдзючыя рапухападобныя былі хутка парэзаныя на кавалкі ці скінутыя ў мора, і пад вечар ачольнікі гуляў пагадзіліся, што абток вольны ад ворагаў. Галера захопнікаў, тым часам, знікла; і было прынята рашэнне пакінуць вусцішную шчарбатую скалу да таго, як здолее з’явіцца велічэзная арда месяцовых пачвар і кінуцца ў новы бой з пераможцамі.
Пад ноч Пікман сабраў усіх гуляў і пільна пералічыў, выявіўшы, што больш за чвэрць загінула падчас дзённых бітваў. Параненых размясцілі на ложках у камбузе галеры, бо Пікман заўсёды пагарджаў старой традыцыяй гуляў з’ядаць уласных параненых, а баяздольных гуляў адправіў на вёслы і ў іншыя месцы, дзе ад іх будзе найбольшая карысць. Пад нізкімі ззяючымі аблокамі ночы плыла галера, і Картэр не адчуваў шкадавання, што яны вымушаныя пакінуць гэты абток, поўны блюзнерскіх таямніц, і штораз пры згадцы цёмнай залі пад купалам, з бяздоннай ямай і агіднымі бронзавымі дзвярыма, яго свядомасцю будзе апаноўваць трывога. На світанку з карабля яны ўбачылі разбураныя базальтавыя прыстані Сармаканда, дзе некалькі начных прывідаў вартавых усё яшчэ чакалі, скавытаючы, быццам чорныя рагатыя гаргуллі на разбітых калонах і асыпаючыхся сфінксах поўнага жахаў горада, росквіт і заняпад якога адбыліся задоўга да эпохі людзей.
Гулі разбілі лагер сярод руін Сармаканда, адправіўшы пасланца па дастатковую колькасць начных прывідаў, якія маглі б служыць ім як баявыя коні. Пікман і іншыя правадыры былі бязмежна ўдзячныя за дапамогу, атрыманую ад Картэра; і Картэр адчуваў, што складзеныя ім планы добра здзяйсняюцца, і што ён будзе і надалей мець за хаўруснікаў гэтых бясстрашных стварэнняў, якія дапамогуць не толькі пакінуць гэтую частку летуценных зямель, але і будуць карыснымі ў яго галоўным пошуку багоў над дзівосным Кадатам, і чароўнага горада на заходзе сонца, у які багі чамусьці настойліва не давалі прайсці падчас летуценняў. Ён абмеркаваў гэта з ачольнікамі гуляў; паведаміў ім усё, што ведаў пра халодную пустэчу, дзе знаходзіцца Кадат, і пра жудасных шантакаў і горы, выдзеўбаныя у двутварыя статуі, каб яе ахоўваць. Ён казаў пра жах шантакаў перад начнымі прывідамі, і як вялікія гіпацэфалічныя птушкі вылятаюць з крыкамі з чорных нор на змрочных шэрых вяршынях, што аддзяляюць Інганок ад ненавіснага Лэнга. Ён таксама распавёў пра тое, што даведаўся наконт начных прывідаў з фрэсак у безаконным кляштары першасвятара, пра якога лепей не казаць услых; што нават Вялікія іх баяліся, і што іх гаспадар не паўзучы хаос Н’ярлахатэп, а сівы і спрадвечны Нодэнс, Уладар Вялікай Бездані.
Усё гэта Картэр распавёў на сходзе гуляў, і адразу выказаў просьбу, якую паспеў добра ўзважыць, і якая не падавалася звышмернай, улічваючы дапамогу, якую ён аказаў пругкім, падобным на сабакаў істотам. Яму было патрэбна столькі начных прывідаў, каб перанесці яго скрозь паветра над краем шантакаў і выдзеўбаных у статуі гор, і далей уверх у халодную пустэчу, адкуль не вяртаўся ніводны смяротны. Ён хацеў паляцець ва оніксавы замак над невядомым Кадатам у халоднай пустэчы і спытаць Вялікіх пра горад на заходзе сонца, які тыя хавалі ад яго, і быў упэўнены, што начныя прывіды здольныя перанесці яго туды; высока над небяспекамі даліны, і над брыдкімі двухгаловымі, выдзеўбанымі з гор вартаўнікамі, якія нясуць вечную варту ў шэрых сутоннях. Рагатым бястварым істотам нічога не пагражае ў прасторы па-за зямлёй, бо нават Вялікія адчуваюсць жах перад імі. І калі б Іншыя Багі, схільныя назіраць за дзеяннямі мелкіх зямных багоў, зрабілі нешта нечаканае, начным прывідам не было б чаго баяцца; ціхія і слізкія летуны абыякавыя да таго, што дзеецца ў знешнім сусвеце, бо іх уладар не Н’ярлахатэп, а магутны і спрадвечны Нодэнс.
Групы з дзесяці ці пятнаццаці начных прывідаў, мовіў Картэр, будзе дастаткова, каб трымаць любую колькасць шантакаў на адлегласці; і канешне было б добра, калі б з імі паляцела некалькі гуляў, якія б кіравалі істотамі, бо гулі іх ведаюць лепей за людзей. Група магла б спусціць яго на зямлю на любым зручным месцы перад сценамі мітычнага оніксавага замка, і чакаць у ценях яго вяртання ці сігналу, пакуль ён не наважыцца ўвайсці ўнутр замка і не звернецца да зямных багоў. Калі які з гуляў пажадае суправаджаць яго ў тронны пакой Вялікіх, ён будзе ўдзячны, бо іх прысутнасць надасць важнасці яго просьбе. Ён, аднак, не будзе настойваць на гэтым, аднак яму вельмі патрэбна, каб яго перанеслі да і з замка над дзівосным Кадатам; далейшае падарожжа будзе ўласна ці да чароўнага горада на заходзе сонца, калі багі выкажуць прыхільнасць, ці назад да Брамы Глыбокага Сну ў зачараваным лесе, калі яго намаганні выявяцца марнымі.
Пакуль Картэр казаў, гулі слухалі з вялікай увагай, і з цягам часу неба стала чорным ад хмар тых начных прывідаў, па якіх хадзіў пасланец. Крылатыя жахі селі, утвараючы паўкруг вакол войска гуляў, паважліва чакаючы, пакуль падобныя на сабакаў правадыры раіліся наконт пажаданняў вандроўніка з надзем’я. Гуль, які некалі быў Пікманам, доўга раіўся са сваімі суродзічамі, і нарэшце Картэру прапанавалі нават болей, чым ён чакаў. Паколькі ён дапамог гулям у іх вайне з месяцовымі пачварамі, яны дапамогуць яму ў яго смелай вандроўцы ў месцы, з якіх ніхто раней не вяртаўся; дадуць яму не некалькіх са сваіх хаўруснікаў начных прывідаў, а ўсё войска, якое ўжо было тут, разам з дасведчанымі байцамі-гулямі і навічкамі начнымі прывідамі, і пакінуць толькі малы гарнізон на захопленай чорнай галеры на выпадак, калі якая мярзота пойдзе на іх з той шчарбатай скалы ў моры. Яны гатовыя паляцець, як толькі ён пажадае, і калі яны трапяць у месца над Кадатам, адпаведная світа з гуляў суправодзіць яго, калі ён пойдзе выказваць сваю просьбу зямным багам у іх оніксавым замку.
Расчулены ўдзячнасцю і задаволены вышэй усялякіх чаканняў, Картэр разам з правадырамі гуляў склаў план сваёй смелай вандроўкі. Яны вырашылі, што войска паляціць высока, над вусцішным Лэнгам і яго безыменным кляштарам і злавеснымі каменнымі вёскамі; спыняцца толькі над велічэзнымі шэрымі вяршынямі, каб параіцца з пужаючымі шантакаў начнымі прывідамі, якія жывуць на самым версе ў норах, падобных на соты. Тады яны, у залежнасці ад таго, якую параду ім дадуць гэтыя істоты, абяруць далейшы кірунак; паспрабуюць дасягнуць дзівоснага Кадата ці праз пустыню з гарамі-статуямі на поўначы ад Інганока, ці праз больш паўночныя мясціны самога прыкрага Лэнга. Падобныя на сабакаў і не маючыя душы, гулі, як і начныя прывіды, не пераймаліся тым, што можа напаткаць іх сярод невядомых частак пустыні; і, можа, таму не адчувалі паважлівага хвалявання пры згадках Кадата і поўнага таямніц оніксавага замка.
Апоўдні гулі і начныя прывіды былі гатовыя ляцець; кожны гуль абраў пару рагатых істот, каб яго неслі. Картэр добра пачуваўся ў пачатку калоны ззаду Пікмана, а наперадзе сфармаваўся падвойны шэраг начных прывідаў без ношы як авангард. Пасля рэзкага віску Пікмана ўсё вялікае войска паднялося, як цёмнае воблака, над разбуранымі калонамі і асыпаючыміся сфінксамі дачалавечага Сармаканда; вышэй і вышэй, пакуль нават базальтавы ўцёс за горадам не апусцеў, і не сталі бачныя халодныя, бясплодныя ўскрайкі плато Лэнг. Усё вышэй ляцела чарада, пакуль нават плато не стала ледзь бачным пад імі, і паколькі яны накіроўваліся на поўнач над адкрытым ветру вусцішным пласкагор’ем, Картэр зноў з трапятаннем убачыў кола неапрацаваных маналітаў і прысадзісты безаконны будынак, у якім, як ён ведаў, існавала жахлівая погань са схаваным пад маскай тварам, ад чыіх сціскаў ён ледзь збег. Гэтым разам ён не спускаўся ўніз, бо войска як статак кажаноў пранеслася над пустым краявідам, на вялікай вышыні прамінула кволыя вогнішчы занядбаных каменных вёсачак, нават на імгненне не спыняючыся, каб паглядзець на брыдкія выгібы рагатых, з капытамі замест ног не-зусім-людзей, якія таньчылі і гралі на жалейках, як і вечнасць таму. Раз яны заўважылі птушку шантак, што ляцела над раўнінай, але калі тая заўважыла іх, то палахліва закрычала і ў вялікай паніцы кінулася на поўнач.
На заходзе сонца яны дасягнулі шэрых шчарбатых вяршынь, што стаяць, як агароджа, перад Інганокам, і паляцелі да тых дзіўных пячор ля самага верху, якія, як згадваў Картэр, так пужалі шантакаў. На кліч ачольнікаў гуляў з кожнай нары вырваўся струмень чорных рагатых летуноў; з якімі гулі і начныя прывіды стасаваліся на адлегласці з дапамогай непрыемных жэстаў. Хутка стала зразумела, што лепшым кірункам будзе напрамак на поўнач ад Інганока над халоднай пустыняй, бо на паўночным прасцягу Лэнга вялікая колькасць нябачных пастак, небяспечных нават для начных прывідаў; благое ўздзеянне, што сыходзіць з паўсферычных будынкаў на незвычайных пагорках, якія легенды лічаць праявай злой волі Іншых Багоў і паўзучага хаосу Н’ярлахатэпа.
Летуны з вяршынь амаль нічога не ведалі пра Кадат, аднак казалі, што на поўначы ёсць штосьці чароўнае, што ахоўваюць шантакі і горы-статуі. Яны пераказвалі чуткі пра анамаліі ў суадносінах памераў рэчаў на лігах бездарожжа ўнізе, і згадвалі неакрэсленыя, перадаваныя шэптам пагалоскі пра край вечнай ночы, але нічога дакладнага сказаць не маглі. Картэр і яго прыяцелі падзякавалі ім; і, перасякаючы гранітныя верхавіны пад небам Інганока, спусціліся ніжэй у ззяючыя начныя аблокі і ўбачылі ў далечыні жахлівых, нібы сядзячых, гаргулляў, якія былі гарамі, пакуль нейкі тытан не выдзеўб гэты жах у першабытных скалах.
Там яны сядзелі ў пякельным паўколе, іх ногі ў пяску пустыні і мітры на іх галовах пранізвалі ззяючыя нябёсы; злавесныя, ваўкападобныя, двухгаловыя, з лютасцю на тварах і ўзнятымі правымі рукамі, пагардліва і з нянавісцю сузіраючыя вір людскога сусвету і выпраменьваючыя жах, з якім яны неслі варту межаў халоднага паўночнага краю, што не належыць людзям. З іх страшных каленяў уздымаліся ліхія шантакі памерамі большыя за сланоў, але ўсе яны разляцеліся, звар’яцелыя ад страху, як толькі ўбачылі авангард начных прывідаў у імглістым небе. Войска праляцела паўночней над гарамі-гаргуллямі, і трымалася над аднастайнымі лігамі цьмянай пустыні, дзе воку не было за што зачапіцца. Слабей і слабей ззялі аблокі, пакуль у нейкае імгненне Картэр не апынуўся ў суцэльнай цемры; але не завагаліся крылатыя істоты, што неслі яго, бо яны жылі ў найцямнейшых скляпах падзем’я, і бачылі не з дапамогай вачэй, а ўсёй вільготнай паверхняй слізкага цела. Яны ляцелі і ляцелі, скрозь вятры з сумніўнымі пахамі і падазронымі гукамі; і цемра была найшчыльнейшай; і пакінулі за сабой такую вялікую адлегласць, што Картэр меў сумнеў, ці яны дагэтуль знаходзяцца ў межах летуценных зямель.
Раптоўна аблокі зрадзелі, і над імі замігцелі, нібы прывідныя, зоры. Унізе па-ранейшаму была цемра, але гэтыя бледныя агні ў небе падаваліся жывымі, поўнымі сэнсу і прызначэння, якога раней у іх ніколі і нідзе не было. Не тое каб сузор’і былі іншымі, хутчэй тыя ж самыя знаёмыя абрысы цяпер мелі зусім іншае значэнне, якое ўбачыць раней не падавалася магчымым. Яны ўсе засяроджваліся на поўначы; кожная лінія і фігура на мігцеючым небе сталі часткай велізарнага малюнка, чыёй роляй было прыспешыць спачатку вока, а потым і ўсяго назіральніка наперад да нейкай таемнай і жудаснай мэты, у якой яны сыходзіліся над змерзлай пустыняй, што бясконца цягнулася вакол. Картэр паглядзеў на ўсход, дзе ўзвышаўся вялікі хрыбет непралазных вяршынь на ўсю даўжыню Інганока, і ўбачыў пад зоркамі няроўны сілуэт, што сведчыў аб сваёй сталай прысутнасці. Цяпер ён быў больш няроўным, з зяючымі цяснінамі і неверагодна зменлівымі вяршынямі; і Картэр уважліва вывучаў магчымыя павароты і нахілы дзіўнага краявіду, які, як падавалася, разам з зорамі няўлоўна імкнуўся да поўначы.
Яны ляцелі на ашаламляльнай хуткасці, таму назіральнік мусіў моцна напружвацца, каб убачыць падрабязнасці; калі раптам ён заўважыў нешта цёмнае і рухомае над лініяй самых высокіх вяршынь пад зорамі, чый курс быў дакладна паралельны курсу яго дзіўнага войска. Гулі таксама гэта прыкмецілі, бо ён чуў візгат, з якім яны перагаворваліся недзе над ім, і на момант падумаў, што гэта гіганцкі шантак, памерам значна большы, чым звычайны. Хутка, аднак, ён упэўніўся, што памыліўся; бо абрыс гэтай істоты над гарамі не быў падобны на цела гіпацэфалічнай птушкі. Яе рысы на фоне зор, хаця і невыразныя, хутчэй нагадвалі велізарную галаву з мітрай ці пару галоў, неверагодна павялічаных; імклівы з хістаннямі палёт істоты ў небе, падавалася, здзяйсняўся без крылаў. Картэр не мог зразумець, на якім баку гор яна ляцела, але неўзабаве заўважыў, што ў яе былі іншыя часткі цела ніжэй тых, што ён убачыў першымі, бо яна засланіла ўсе зоркі над вяршынямі, дзе хрыбет рассякалі глыбокія цясніны.
Затым у горным хрыбце з’явіўся шырокі прагал, дзе вусцішныя прасцягі міжгорнай часткі Лэнга пераходзілі ў халодную пустэчу, да якой вёў нізкі праход, над якім цьмяна свяцілі зоры. Картэр глядзеў на прасцяг з незвычайнай уважлівасцю, ведаючы, што, можа, здолее ўбачыць на фоне неба ніжнія часткі велізарнай істоты, якая ляцела, нібы плыла на хвалях, над вяршынямі. Яна крыху пралунала наперад, і кожнае вока іх войска засяродзілася на цясніне, дзе хутка павінен быў з’явіцца яе поўны абрыс. Паступова велізарная істота над гарамі наблізілася да прагалу, і запаволілася, быццам разумеючы, што дастаткова апярэдзіла войска гуляў. Яшчэ хвіліну трывала чаканне, пакуль у адно імгненне не з’явіўся поўны абрыс і яго асэнсаванне; бо з вуснаў гуляў сарваўся паўздушаны ўскрык глыбокага здзіўлення і касмічнага жаху, і ў душу вандроўніка прабраўся холад, які цалкам яе ніколі не пакіне. Бо гіганцкая пагойдваючаяся істота, што памерамі пераўзыходзіла хрыбет, была толькі падвойнай галавой з мітрай, унізе якой у вусцішнай пустэчы рухалася падскокамі жудаснае распухлае цела, якое яе несла; вышынёй з гару выродлівая пачвара, здольная рухацца незаўважна і бязгучна; нагадваючае гіену скажэнне гіганцкай чалавекападобнай фігуры, якое трушком бегла ў цемры на фоне нябёсаў, з гідкай парай галоў-конусаў, якія сягалі да паловы зеніту.
Картэр не знепрытомнеў і нават не закрычаў, бо быў дасведчаным летуценнікам; але, поўны жаху, азірнуўся і затрымцеў, калі заўважыў абрысы іншых гіганцкіх галоў на вяршынямі, што так жа бязгучна пагойдваліся, як першая. І там, ззаду, дзе тры магутныя гары былі добра бачныя пад ззяннем паўднёвых зораў ідучыя па-воўчы на дыбачках і нязграбна, іх высокія мітры гайдаліся на тысячы футаў у паветры. Горы-статуі не сядзелі на дыбачках, застылыя ў паўколе на поўначы ад Інганока з узнятымі правымі далонямі. Яны мелі абавязкі, якія трэба было выконваць і якімі нельга было грэбаваць. Ды было вусцішным тое, што яны заўсёды маўчалі, і рухаліся зусім бязгучна.
Тым часам гуль, які некалі быў Пікманам, правізгатаў загад начным прывідам, і ўсё войска ўзляцела вышэй у паветра. Бліжэй да зораў гратэскнай чарадой, пакуль нічога не засталося ўнізе; ні шэрага гранітнага хрыбта, па-ранейшаму застылага, ні гор пад мітрамі, што рухаліся. Пад імі была толькі цемра, калі легіёны вялікімі хвалямі луналі на поўнач сярод імклівага ветру і нябачнага смеху ў эфіры, і ніколі ані шантак, ані драбнейшая існасць не паўсталі з неспакойнай пустэчы, каб пагнацца за імі. Чым далей яны рухаліся, тым хутчэй ляцелі, пакуль не сталі імклівей за кулю, а потым іх хуткасць наблізілася да хуткасці планеты на сваёй арбіце. Картэр здзівіўся, што пры такой імклівасці зямля ўсё яшчэ ляжала пад імі, пакуль не згадаў, што ў летуценных землях вымярэнні маюць незвычайныя суадносіны. Такімі яны былі без сумневу і ў краі вечнай ночы, і яму здалося, што сузор’і над ім далікатна акрэсліваюць свой напрамак на поўнач; гуртуюцца разам, быццам маюць намер закінуць лятучае войска ў пустэчу паўночнага полюса, як сцягваецца тканіна торбы, каб выштурхнуць рэчы вонкі.
Затым ён з жахам заўважыў, што крылы начных прывідаў болей не лапаталі. Рагатыя і бязтварыя істоты склалі свае перапончатыя канечнасці, і даволі безуважна адпачывалі ў хаосе ветру, які віраваў і хіхікаў і нёс іх на сабе. Незямная сіла ўладарыла над войскам, і гулі і начныя прывіды былі бездапаможныя перад тым, што цягнула іх апантана і няўмольна на поўнач, адкуль не вяртаўся ніводзін смяротны. Ён бачыў самотнае блеклае святло далёка на небасхіле, якое з іх набліжэннем паступова павялічвалася, а пад імі быў чорны абшар, які сваёй цемрай засланяў зоры. Картэр падумаў, што гэта падобна да маяка на гары, калі толькі гара магла ўздымацца настолькі высока, каб быць бачнай з такой неверагоднай вышыні ў паветры.
Большым і большым станавілася святло і цемра пад ім, пакуль палову паўночнага неба не паглынула няроўная конусападобная прастора. Якім бы вялікім ні было войска, бледны і злавесны маяк быў большым за яго, узвышаючыся над усімі вяршынямі і турботамі зямлі, і паглынаючы бязрэчывы эфір, у якім кружыліся шалёныя планеты і ўтоены месяц. Перад імі была гара, невядомая ніводнаму чалавеку. Высокія хмары далёка ўнізе пакрывалі толькі яе падножжа. Усеўладнае паветра з’яўлялася не больш чым поясам над яе сцёгнамі. Насмешліва і прывідна цягнулася яна мастом паміж зямлёй і нябёсамі, чорная ў вечнай ночы і каранаваная вянцом невядомых зораў, жахлівыя і выразныя абрысы якой кожнае імгненне станавіліся ясней. Гулі завіскаталі ад здзіўлення, калі ўбачылі яе, і Картэр здрыгануўся ад жаху, што войска разаб’ецца ўшчэнт аб непрабівальны онікс цыклапічнай скалы.
Святло падымалася вышэй і вышэй, пакуль не далучылася да найдалейшых сфер небасхілу, адкуль міргала летунам, быццам дасылаючы злавесныя кпіны. Усю поўнач пад імі цяпер паглынула цемра; жахлівая, каменная цемра ад вечных глыбінь да вечных вяршынь, з толькі адным бледным недасягальным маяком на мяжы бачнасці. Картэр пачаў больш пільна ўглядацца ў святло, пакуль нарэшце не заўважыў падобныя на атрамантавыя лініі на фоне зораў. На гіганцкай вяршыні гары былі вежы; на вяршыні гэтай гары стаялі вежы, жахлівыя вежы пад купаламі на незлічоных жудасных ярусах і выступах, значна дасканалейшыя за ўсё, што толькі можа стварыць чалавек; зубчастыя сцены і тэрасы, поўныя дзівос і пагроз, усе яны здаваліся маленечкімі, чорнымі і далёкімі на фоне вобада з зораў, якія ззялі злавесна на самым ускрайку бачнасці. Вянчаў гэтую неабсяжную гару замак, немагчымы для разумення смяротных, і ў ім ззяла дэманічнае святло. Рэндальф Картэр ведаў, што яго пошук завершаны, і над сабой ён бачыць мэту ўсіх забароненых крокаў і нахабных мрояў; неймавернае, мітычнае месца, дзе жывуць Вялікія над дзівосным Кадатам.
Калі Картэр нарэшце зразумеў гэта, кірунак бездапаможнага войска, зацягнутага ў вір, змяніўся. Цяпер яны строма падымаліся ўверх, і было відавочна, што напрамак вёў іх да оніксавага замка, дзе блішчэла цьмянае святло. Вялікая чорная гара была настолькі блізка, што яе схілы імкліва праносіліся побач, калі войска ляцела ўверх, і ў цемры на ёй немагчыма было нічога разгледзець. Большымі і большымі станавіліся змрочныя вежы начнога замка, і Картэр падумаў, што замак зневажаў усемагутных багоў сваёй неабсяжнасцю. Цалкам верагодна, што ён быў складзены з камянёў, здабытых безназоўнымі шахцёрамі ў той страшнай бездані за ўзгоркамі на паўночным шляху з Інганока, бо яго памер быў такі, што чалавек на яго парозе падаваўся мурашом на прыступцы самай высокай крэпасці на зямлі. Вобад з невядомых зораў над незлічонымі вежамі з купаламі ззяў жаўтаватым, кволым святлом, быццам сутонні ахутвалі змрочныя сцены са слізкага оніксу. Цьмяны маяк выявіўся адзіным асветленым акном высока ў адной з верхніх веж, і з набліжэннем бездапаможнага войска да вяршыні гары Картэру падалося, што ён заўважыў дзіўныя гідкія цені, якія мільгалі ў квола асветленай прасторы дзіўнага вакна з аркай, форма якога была цалкам незямной.
Суцэльная скала змянілася фундаментам велічэзнага замка, і падалося, што хуткасць, з якой яны ляцелі, змяншаецца. Уздымаліся велізарныя сцены, і мімаходзь яны ўбачылі вялікую браму, у якую вандроўнікаў усмактала. У нязмерным двары была ноч, якая затым ператварылася на непраглядную спрадвечную цемру, калі арачны праход паглынуў іх натоўп. Віры халоднага ветру праносіліся скрозь нябачныя лабірынты з оніксу, і Картэр мог толькі ўяўляць, якія цыклапічныя лесвіцы і калідоры стаялі ў цішыні ўздоўж іх пакручастага шляху скрозь паветра. З кожным імгненнем яны ўсё глыбей занураліся ў цемру, шчыльнае покрыва таямніцы якой ніводнага разу не парушылася ані гукам, ані дотыкам, ані кволым агеньчыкам. Якім бы вялікім ні было войска гуляў і начных прывідаў, яно згубілася ў агромністай пустэчы незямнога замка. І калі нарэшце вакол іх раптоўным світанкам заззяла пужаючае святло ў пакоі той самотнай вежы, чыё вакно было маяком у вышыні, Картэр не адразу распазнаў далёкія сцены і высокую, на вялікай адлегласці столь, і паверыў, што ён сапраўды зноў не апынуўся вонкі ў бязмежным паветры.
Раней Рэндальф Картэр спадзяваўся ўвайсці ў тронную залю Вялікіх з вытрымкай і годнасцю, са світай уражальных шэрагаў гуляў у цырыманіяльным парадку, і казаць сваю просьбу як просьбу вольнага і магутнага спрактыкаванага летуценніка. Ён ведаў, што самі Вялікія былі не настолькі моцнымі, каб смяротны не мог іх адолець, і спадзяваўся, што яму пашанцуе, і Іншыя Багі і іх паўзучы хаос Н’ярлахатэп не прыйдуць на дапамогу ў вырашальны момант, як яны часта рабілі раней, калі людзі знаходзілі зямных багоў у сваіх дамах ці ў гарах. І са сваім брыдкім суправаджэннем ён часам нават спадзяваўся кінуць выклік Іншым Багам, калі спатрэбіцца, ведаючы, што ў гуляў няма гаспадароў, а начныя прывіды належаць не Н’ярлахатэпу, а толькі спрадвечнаму Нодэнсу. Але цяпер ён разумеў, што боскі Кадат у сваёй халоднай пустэчы сапраўды апяразаны цёмнымі цудамі і безназоўнымі вартаўнікамі, і што Іншыя Багі, без сумневу, пільна ахоўваюць рахманых і кволых зямных багоў. І хаця ў іх няма ўлады над гулямі і начнымі прывідамі, бессвядомыя, бясформенныя пачвары знешняга космасу ўсё ж могуць кантраляваць іх, калі ім гэта патрэбна; таму не як вольны і магутны спрактыкаваны летуценнік са сваімі гулямі ўвайшоў Рэндальф Картэр у тронную залю Вялікіх. Паглынутае і гнанае кашмарнымі вірамі з зораў, і пераследуемае нябачнымі жахамі паўночнай пустэчы, усё тое войска лунала, зняволенае і бездапаможнае ў злавесным святле, і здранцвела падала на оніксавую падлогу, калі па бязгучнаму загаду жахлівыя вятры сціхалі.
Пры з’яўленні Рэндальфа Картэра не было ні залатога трона, ні кола аўгусцейшых каранаваных і памазаных асоб з прымружанымі вачамі, выцягнутымі мочкамі вушэй, тонкім носам, і вострым падбароддзем, чыё падабенства высечанаму твару на Нгранэку магло вызначыць тых, перад кім летуценнік павінен складаць просьбу. За выключэннем аднаго пакоя ў вежы, оніксавы замак над Кадатам патанаў у цемры, і ўладароў у ім не было. Картэр дайшоў да дзівоснага Кадата ў халоднай пустэчы, але не знайшоў у ім багоў. Аднак злавесны агеньчык свяціў у адным гэтым вежавым пакоі, памер якога быў такі параўнальна малы, чым усё вонкі, і чые далёкія сцены і дах былі амаль нябачныя ў цяжкім, пакручастым тумане. Зямных багоў тут не было, сапраўды, аднак не выключалася прысутнасць нечага драбнейшага і меней заўважнага. Калі рахманыя багі адсутнічаюць, значыць, Іншыя Багі не маюць прадстаўніцтва; і, безумоўна, оніксавы замак не быў зусім пусты. У якой жахлівай форме ці формах выявіць сябе вусціш, Картэр не мог уявіць. Ён адчуваў, што на іх з’яўленне чакалі, і яму было цікава, як блізка ад яго быў у сваім назіранні паўзучы хаос Н’ярлахатэп падчас усяго шляху. Гэта Н’ярлахатэп, вусціш незлічоных форм і нясучае жах увасабленне і вястун Іншых Багоў, якому паслугуюць месяцовыя пачвары; і Картэр падумаў пра чорную галеру, якая знікла, калі зыход бітвы вызначыўся не на карысць рапухападобных істот на шчарбатай скале ў моры.
Разважаючы пра усё гэта, ён, хістаючыся, падняўся на ногі і стаў сярод сваёй кашмарнай кампаніі, калі скрозь ледзь асветленую бязмежную залю пранёсся жудасны гук дэманічнай трубы. Тры разы грымеў гэты жахлівы, нахабны віск, і калі сціхла хіхікаючае рэха апошняга, Картэр убачыў, што ён застаўся адзін. Куды, чаму і як гулі і начныя прывіды зніклі, было не да яго разумення. Ён ведаў толькі, што раптоўна застаўся адзін, і што якія б нябачныя сілы ні віравалі насмешліва вакол яго, ён болей не меў дапамогі з летуценных зямель. Цяпер з-пад вышыні скляпенняў залі прыйшоў новы гук. Гэта было таксама рытмічнае трубенне; але зусім іншае, чым тры ранейшыя рэзкія грымоты, якія пакінулі яго без ваяўнічых кагорт. У гэтым нізкім фанфарным гучанні змясціліся цалкам цуд і мелодыя незямной мары; уяўленні неверагодна экзатычнага хараства, якія выходзілі з кожным дзіўным акордам і тонкай незямной мадуляцыяй. Пахі фіміяму суаднесліся з залатымі нотамі; і над ім заззяла вялікае святло, чые колеры, невядомыя на зямлі, цыклічна змяняліся, і святло пераклікалася з мелодыяй трубы ў дзіўнай гармоніі. На адлегласці запаліліся паходні, а бой барабанаў гучаў усё бліжэй сярод хваляў напружанага чакання.
З туману, што паступова развейваўся, і воблака дзіўнага фіміяму з’явіліся дзве калоны гіганцкіх цемнаскурых рабоў у адных набедраных павязках з пералівістага шоўку. На іх галовах былі прымацаваныя вялікія падобныя на шаломы паходні з бліскучага металу, ад якога дымчатымі спіралямі распаўсюджваўся водар невядомага бальзаму. У правых руках яны трымалі крыштальныя жэзлы, на чыіх навершах ашчэрваліся выдзеўбаныя хімеры, пакуль левыя рукі сціскалі доўгія, тонкія срэбныя трубы, у якія яны дулі па чарзе. Іх рукі і ногі абхоплівалі залатыя бранзалеты, і паміж кожнай парай бранзалетаў цягнуўся залаты ланцуг, з-за якога яны не маглі рухацца хутка. Тое, што яны былі цемнаскурымі мужчынамі з летуценных зямель падавалася відавочным, але меней верагодным было тое, што іх рытуал і адзенне паходзілі адтуль жа. За дзесяць футаў ад Картэра калоны спыніліся, і як толькі яны зрабілі гэта, трубы імгненна ўзляцелі да іх вуснаў. Дзікім і экстатычным быў гук трубаў, а яшчэ дзічэйшым быў прарэзлівы выкрык, які прагучаў хорам з глотак адразу за ім.
Затым па доўгім праходзе між двух чалавечых калон пракрочыла самотная фігура; высокая і тонкая, з маладым тварам спрадвечнага Фараона, юнак у вясёлкавай тозе і з залатой падобнай на мітру каронай, якая ззяла ўласным святлом. Блізка да Картэра падышла гэтая царская асоба; у яе годнай паставе і смуглых рысах праяўлялася чароўнасць цёмнага бога ці зрынутага арханёла, а ў вачах затойваўся агеньчык капрызнага гумару. Яна загаварыла, і мяккі голас цурчэў лагоднай музыкай лецейскіх ручаёў.
“Рэндальф Картэр, – сказаў голас. – Ты прыйшоў сюды, каб убачыць Вялікіх, якіх людзям забаронена бачыць. Назіральнікі казалі пра гэта, і Іншыя Багі абураліся, бессэнсоўна гойдаючыся пад гукі тонкіх жалеек у чорнай абсалютнай пустэчы, дзе існуе дэман-султан, чыё імя вусны не наважацца сказаць услых.
Калі Барзай Мудры ўзабраўся на Хатэг-Кла, каб убачыць Вялікіх, што таньчылі і спявалі над аблокамі ў месяцовым святле, ён адтуль не вярнуўся. Іншыя Багі былі там, і зрабілі тое, што ад іх чакалася. Цаніг з Афарату хацеў дасягнуць дзівоснага Кадата ў халоднай пустэчы, і яго чэрап цяпер у пярсцёнку на малым пальцы таго, чыё імя няма неабходнасці называць.
Але ты, Рэндальф Картэр, прайшоў праз усе перашкоды летуценных зямель, і ў цябе не сціхла жаданне шукаць далей. Ты прыйшоў не як цікаўны, а як той, хто шукае яму належнае, і ніколі не губляў пашаны да рахманых зямных багоў. Але дагэтуль гэтыя багі не давалі табе прайсці ў чароўны горад на заходзе сонца з тваіх сноў, але ўсё гэта з-за іх дробнай сквапнасці; сапраўды, яны прагнулі дзіўнай прыгажосці таго, што стварыла твая фантазія, і далі зарок, што адгэтуль ніякае іншае месца не будзе іх домам.
Яны сышлі са свайго замка над Кадатам, каб жыць у тваім чароўным горадзе. У яго палацах з узорыстага мармуру яны балююць цягам дня, а калі заходзіць сонца, яны ідуць у духмяныя сады і глядзяць, як адбіваюцца залатыя прамяні ад храмаў і каланад, арачных мастоў і фантанаў у срэбных чашах, і шырокіх вуліц з квітнеючымі раслінамі ў вазах і шэрагамі бліскучых статуй са слановай косткі. А калі надыходзіць ноч, яны ўзбіраюцца на высокія тэрасы ў прахалодзе, і сядзяць на выдзеўбаных у парфіры лавах і назіраюць за зорамі, ці звешваюцца з бялёсых балюстрад і ўглядаюцца ў стромкія схілы на поўначы, дзе ў маленькіх вокнах спічастых франтонаў адзін за адным гаснуць лагодныя агеньчыкі дамашніх свечак.
Багі любяць твой цудоўны горад, і дзейнічаюць не як багі. Яны забыліся на высокія месцы зямлі і горы, якія памятаюць іх маладымі. На зямлі болей няма багоў, якія насамрэч багі, і толькі Іншыя Багі з космасу ўладараць над забытым Кадатам. Далёка ў даліне твайго дзяцінства, Рэндальф Картэр, гуляюць неабачлівыя вялікія. Ты летуценніў занадта добра, о вялікі летуценнік, бо здолеў забраць багоў летуценняў з мрояў усіх людзей і прывесці ў сусвет, які цалкам твой; ты пабудаваў з маленькіх фантазій свайго дзяцінства горад, болей цудоўны, чым усе летуценні, праз якія яны праходзілі дагэтуль.
Не павінна быць так, што троны зямных багоў зарастаюць павуціннем, а іх землямі ўладараць Іншыя сваім цёмным чынам. З вялікай ахвотай знешнія сілы пакаралі б цябе жахам і хаосам, Рэндальф Картэр, бо ты прычына іх засмучэння, аднак яны ведаюць, што толькі ты можаш вярнуць багоў у іх сусвет. У гэтых напаўабуджаных летуценных землях, якія твае, ніякая воля вялікай ночы не можа нашкодзіць табе; і толькі ты можаш далікатна выправіць эгаістычных Вялікіх з твайго чароўнага горада на заходзе сонца назад, скрозь сутонні поўначы, у звыклае ім месца над дзівосным Кадатам у халоднай пустэчы.
Таму, Рэндальф Картэр, ад імя Іншых Багоў я праяўляю да цябе літасць і загадваю табе служыць маёй волі. Ты павінен адшукаць горад на заходзе сонца, што належыць табе, і забраць адтуль спячых марнатраўных багоў, на якіх чакае летуценны сусвет. Не складана адшукаць баляванне багоў, пачуўшы фанфары нябескіх труб і звон вечных цымбалаў – тую таямніцу, чые месца і сэнс хвалявалі цябе ў дамах рэчаіснасці і прасторах летуценняў, і спакушалі цябе падказкамі хісткіх успамінаў і болем страты нечага неверагоднага і важнага. Не складана знайсці гэты сімвал і здабытак часоў тваіх пошукаў, як трывалы і вечны дыямент, у якім ззяюць, быццам прамяні, усе знойдзеныя табой цуды, асвятляючы твой вечаровы шлях. Азірніся! Не за невядомыя акіяны, але назад, у добра вядомыя гады павінен быць накіраваны твой пошук; назад, да яркіх дзіўных фантазій і імклівага, залітага сонечнымі пробліскамі чараўніцтва, якое даўно таму адлюстроўвалі шырока адкрытыя маладыя вочы.
Бо твой горад цудаў з золата і мармуру – гэта сабранае ў адно тое, што ты бачыў і любіў у дзяцінстве. Хараство Бостанскіх дахаў на ўзгорках і вокнаў на захадзе, ахопленых полымем знікаючага сонца; напоенага духмянымі водарамі парка Комман і вялікага сабора на пагорку і лабірынта франтонаў і комінаў у ліловай даліне, дзе пад шматлікімі мастамі сонна плыве рака Чарльз. Ты гэта бачыў, Рэндальф Картэр, калі твая нянька ўпершыню вынесла цябе вонкі вясною, і гэта было апошнім, што ты калі бачыў вачамі, поўнымі любові ад добрых успамінаў. І там стары Салем з яго задуменнай гісторыяй, і нібы прывідны Марблхэд, чые скалістыя абрывы прарастаюць у мінулыяй стагоддзі, і прыгажосць Салемскіх веж і шпіляў, бачных здалёк з выганаў Марблхэда праз гавань пад заходзячым сонцам.
І Провідэнс, старамодны і ўладны на сямі пагорках за сіняй гаванню, з зялёнымі тэрасамі, якія вядуць да спічастых веж і прыстанкаў існай антычнасці, і Ньюпорт, што ўзвышаецца, як прывід, над сваім спячым хвалярэзам. І Аркхэм, са сваімі замшэлымі мансарднымі дахамі і поўнымі рухомых камянёў лугамі за ім; і спрадвечны сівы Кінгспарт з яго шмат’яруснымі трубамі і закінутымі шахтамі і навісаючымі франтонамі, і дзіва высокіх уцёсаў і ахутанага малочнай дымкай акіяна са звонкімі буйкамі ўдалечыні.
Прахалодныя даліны ў Канкордзе, брукаваныя дарожкі ў Портмундзе, цёмныя выгібы вясковых дарог Нью-Гэмпшыра, дзе пад гіганцкімі вязамі хаваюцца белыя сцены сялянскіх хат і рыпучыя калодзежы. Салёныя прыстані Глостэра і ветраныя вербы Трура. Віды далёкіх гарадоў са шпілямі веж і лесвіц пагоркаў уздоўж Паўночнага Узбярэжжа, ціхіх камяністых схілаў і нізкіх, увітых плюшчам хатак пад укрыццём агромністых валуноў у глыбінцы Род-Айленда. Водар мора і духмянасць палёў; таямнічасць цёмных лясоў і асалода пладовых садоў на світанку. Гэта, Рэндальф Картэр, твой горад; ён – частка цябе. Нью-Англія нарадзіла цябе і напоўніла тваю душу прыгажосцю, якая не знікне. Гэтая прыгажосць, сфармаваная, крышталізаваная, і паліраваная гадамі памяці і летуценняў, і ёсць тая няўлоўная тэраса цудаў на заходзе сонца; і каб знайсці той мармуровы парапет з дзіўнымі вазамі і ўзорыстымі парэнчамі, каб спусціцца нарэшце па гэтым бясконцым прыступкам з балюстрадамі ў горад шырокіх плошчаў і рознакаляровых фантанаў, трэба толькі вярнуцца да думак і вобразаў мройнага дзяцінства.
Глядзі! Праз акно ззяюць зоры вечнай ночы. Нават цяпер яны лунаюць над краявідамі, якія ты ведаў і любіў, і п’юць іх чароўнасць, каб ззяць яшчэ прыгажэй над садамі летуценняў. У гэты момант над дахамі вуліцы Трэманд міргае Антарэс, і ты можаш бачыць гэту зорку са свайго вакна на Бікан-Хілл. А за зорамі зеўраюць бездані, адкуль мае бессвядомыя гаспадары прыслалі мяне. Аднойчы і ты будзеш здольны пайсці туды, але, калі ты мудры, то будзеш пазбягаць такой безразважнасці; бо з усіх смяротных, хто там быў і вярнуўся, толькі адзін захаваў розум, не знішчаны ўсёпранікальнымі, учэпістымі жахамі пустэчы. Вусцішы і блюзнерства грызуць адзін аднаго ў космасе, і ў малых болей зла, чым у вялікіх; нават як ты ведаеш з учынкаў тых, хто меў намер даставіць цябе да мяне, у той час як я не меў намеру знішчаць цябе, і сапраўды дапамог бы табе значна раней, калі б не быў заняты ў іншым месцы, і ты дакладна б знайшоў да мяне шлях. Пазбягай знешніх пякельных прастораў, і трымайся спакойных, прыгожых рэчаў з твайго дзяцінства. Адшукай свой чароўны горад і забяры адтуль адступнікаў Вялікіх, далікатна накіруй іх да краявідаў з іх уласнай маладосці, дзе тужліва чакаюць на іх вяртанне.
Прасцейшы нават за шлях невыразнай памяці той шлях, які я падрыхтую для цябе. Чакай! Сюды ідзе вялізны шантак, ведамы рабом, і раба для захавання тваёй свядомасці лепей трымаць нябачным. Сядлай і будзь гатовы! Цемнаскуры Ягаш дапаможа табе ўзабрацца на пакрыты лускай жах. Ляці да самай яркай зоркі на поўдзень зеніту – гэта Вега, і праз дзве гадзіны ты будзеш на тэрасах свайго горада на заходзе сонца. Ляці, пакуль не пачуеш далёкія спевы ў высокім эфіры. Далей чакае вар’яцтва, таму стрымай свайго шантака, як толькі пачуеш першыя ноты. Тады азірніся і паглядзі на зямлю, і ты ўбачыш непадуладнае смерці ззяючае вогнішча-алтар Ірэд-Наа на свяшчэнным даху храма. Гэты храм знаходзіцца ў прагным табою горадзе на заходзе сонца, таму скіруйся туды да таго, як заслухаешся спеваў і згубішся.
Калі ты наблізішся да горада, ляці на высокі парапет, адкуль даўно таму назіраў за яго неабсяжным хараством, падганяючы шантака, пакуль ён голасна не закрычыць. Гэты ўскрык Вялікія пачуюць і пазнаюць, бо яны сядзяць на сваіх духмяных тэрасах, і іх агорне такая туга па дому, што ўсе цуды твайго горада будуць не здольныя замяніць ім цёмны замак Кадата і вобад з вечных зораў, што ззяе над ім.
Затым ты павінен пасадзіць шантака на зямлю паміж імі, і дазволіць ім убачыць і крануцца гэтай вусцішнай хіпацэфалічнай птушкі; затым распавядзі пра дзівосны Кадат, які ты нядаўна пакінуў, і скажы пра бязмежныя залі, самотныя і неасветленыя, дзе ў ранейшыя часы яны гулялі і насалоджваліся зорным ззяннем. І шантак пагутарыць з імі так, як гутараць шантакі, але ў вас не будзе магчымасці пераканаць іх нічым іншым, акрамя ўспамінаў пра даўнія дні.
Больш і больш ты павінен казаць цікаўным Вялікім пра іх дом і маладосць, пакуль нарэшце яны не заплачуць і не папросяць паказаць зваротны шлях, які яны забылі. Тады ты можаш адпусціць шантака, і даслаць яго ў неба, каб ён крычаў так, як крычаць шантакі, згадваючы дом; пачуўшы яго, Вялікія заскочаць ад радасці, і неадкладна пакрочаць за агіднай птушкай так, як рухаюцца багі, скрозь бязмежны вырай да знаёмых веж і купалаў Кадата.
І потым цудоўны горад на заходзе сонца будзе тваім, каб жыць і насалоджвацца ім вечна, і зноў зямныя багі будуць кіраваць летуценнямі людзей з належнага ім месца. Ідзі зараз – дзверы расчыненыя, і вонкі чакаюць зоры. І твой шантак хрыпіць і тупае ад нецярплівасці. Кіруйся на Вегу скрозь ноч, але падай уніз, калі пачуеш спеў. Не забывайся на гэта, бо вусціш несвядома зацягне цябе ў поўную візгату і крыкаў прорву вар’яцтва. Памятай пра Іншых Багоў; яны вялікія і бессвядомыя і вусцішныя, і жывуць у знешніх безданях. Яны добрыя багі, якіх, аднак, трэба пазбягаць.
Гэй! Аа-шанта н’і! Я скончыў! Дашлі назад зямных багоў у іх пакоі на дзівосным Кадаце, і маліся ўсяму космасу, каб ты болей не сустрэў мяне ні ў адной з тысячы іншых формаў. Бывай, Рэндальф Картэр, і бойся; бо я – Н’ярлахатэп, Паўзучы Хаос!”
І Рэндальф Картэр, цяжка дыхаючы і змагаючыся з галавакружэннем на сваім агідным шантаку, паімчаўся ў космас насустрач халоднаму блакітнаму ззянню паўночнай Вегі; і толькі раз азірнуўся на хаатычныя зборы вежачак оніксавага кашмару, дзе працягваў міргаць самотны бледны агеньчык у вакне над паветрам і аблокамі летуценных зямель. Вялікія паліпы жахаў злавесна слізгалі ў цемры побач, і нябачныя кажаныя крылы часта білі вакол яго, але ён працягваў трымацца за брыдкую грыву пакрытай лускай хіпацэфалічнай птушкі. Зоры кпліва таньчылі, мяняючыся месцамі, каб утварыць цьмяныя знакі смерці, якіх мог бы спужацца той, хто не бачыў іх раней; і нават вятры эфіру прырэчана лямантавалі ў чорнай пустэчы і адзіноце космасу.
Затым скрозь ззяючую бездань наперадзе раздаўся ціхі гук прадвесця, і ўсе вятры і жахі зніклі, як знікаюць прыкметы ночы перад світанкам. Дрыжучы ў хвалях, якія залатыя пасмы імглы зрабілі на дзіву бачнымі, рос нясмелы пачатак далёкай мелодыі, які гуў кволымі акордамі, невядомымі ў вымярэнні нашых зораў. І паколькі музыка станавілася гучней, шантак узняў вушы і рынуўся наперад, а Картэр схіліўся, каб чуць кожны дзівосны акорд. Гэта была песня, але спявалася яна не голасам. Ноч і планеты спявалі яе, і яна ўжо была старой, калі космас і Н’ярлахатэп і Іншыя Багі былі народжаныя.
Імкліва ляцеў шантак, і ніжэй хіліўся вершнік, п’яны ад дзівосаў з дзіўных безданяў, і круціўся ў крыштальных кольцах іншасусветнага чараўніцтва. Позна ён згадаў папярэджанне злавеснага, кплівага легата дэманаў сцерагчыся вар’яцтва гэтай песні. Толькі для насмешкі пазначыў Н’ярлахатэп шлях да бяспекі ў цудоўным горадзе на заходзе сонца; толькі каб пакпіць адкрыў цёмны прадвеснік сакрэт свавольных багоў, якім лёгка мог загадаць вярнуцца. Бо вар’яцтва з дзікай помстай бездані – адзіныя дары Н’ярлахатэпа нахабным; і шалёна спрабаваў вершнік павярнуць свайго агіднага летуна; гэты страшны, хіхікаючы шантак ляцеў імпэтна і няўмольна, махаючы сваімі вялікімі крыламі ў злараднай радасці і накіроўваючыся да тых блюзнерскіх прорваў, куды не сягаюць мары; дзе аморфны ў апошняй агоніі, неспасцігальны для разумення віруе ў цэнтры бясконцасці бязмежны дэман-султан Азатот, чыё імя вусны не наважваюцца вымаўляць услых.
Непахісна і паслухмяна выконваючы загады злавеснага легата, пякельная птушка ляцела наперад скрозь чарады бясформенных насельнікаў цемры, і полых статкаў дрэйфуючых існасцяў, якія хапалі і мацалі, мацалі і хапалі; безназоўныя лічынкі Іншых Багоў, якія, як і яны, сляпыя і бессвядомыя, і адчуваюць толькі голад і смагу.
Няўхільна і няўмольна наперад, з шалёным хіхіканнем пад візгат, рогат і гістэрыку, на якія ператварылася спакуслівая песня ночы і сфер, вусцішная, пакрытая лускай пачвара несла свайго бездапаможнага вершніка; імчала і неслася, перасякаючы далёкія ўскрайкі і занураючыся ў самыя глыбокія прорвы; пакідаючы ззаду зоры і ўпарадкаваны сусвет, летучы, як камета, скрозь суцэльную бясформеннасць да тых неабсяжных, апанаваных цемрай пакоях па-за часам, дзе цёмны Азатот паталяе голад, бясформенны і пражэрлівы, сярод прыглушанага, шалёнага біцця гідкіх барабанаў і манатоннага скуголення абрыдлівых флейт.
Наперад-наперад скрозь выючы, рагочучы, населены злавеснымі існасцямі вір – і потым з няяснай блаславёнай воддалі прыйшлі вобраз і думка да прырэчанага Рэндальфа Картэра. Занадта добра запланаваў Н’ярлахатэп сваю кпіну і яго пакуты, бо прымусіў згадаць тое, чаго ніякія шквалы ледзянога жаху не здольныя сцерці з памяці. Дом – Новая Англія – Бікан Хілл – сусвет рэчаіснасці.
“Бо твой горад цудаў з золата і мармуру – гэта сабранае ў адно тое, што ты бачыў і любіў у дзяцінстве… хараство Бостанскіх дахаў на узгорках і вокнаў на захадзе, ахопленых полымем знікаючага сонца; напоенага духмянымі водарамі парка Комман, і вялікага сабора на пагорку, і лабірынта франтонаў і комінаў у ліловай даліне, дзе пад шматлікімі мастамі сонна плыве рака Чарльз… Гэтая прыгажосць, сфармаваная, крышталізаваная, і паліраваная гадамі памяці і летуценняў, і ёсць тая тэраса няўлоўных цудаў на заходзе сонца; і каб знайсці той мармуровы парапет з дзіўнымі вазамі і ўзорыстымі парэнчамі, каб спусціцца нарэшце па гэтым бясконцым прыступкам з балюстрадамі ў горад шырокіх плошчаў і рознакаляровых фантанаў, трэба толькі вярнуцца да думак і вобразаў мройнага дзяцінства.”
Наперад, наперад не зважаючы ні на што, наперад да немінучай смерці скрозь цемру, дзе кранаюць сляпыя шчупальцы і слізкія пысы штурхаюць і безназоўныя існасці хіхікаюць і хіхікаюць і хіхікаюць. Але да яго прыйшлі вобраз і думка, і Рэндальф Картэр дакладна ведаў, што ён бачыць сон і толькі сон, і недзе па-за ім сусвет рэчаіснасці і горад яго дзяцінства. І зноў згадаліся словы: “трэба толькі вярнуцца да думак і вобразаў мройнага дзяцінства.” Ды як вярнуцца, калі цемра паўсюль; аднак Рэндальф Картэр здолеў.
Нягледзячы на няспынны кашмар, які ахапіў яго, Рэндальф Картэр здолеў падняцца і рухацца. Ён мог рухацца, і калі б захацеў, мог бы саскочыць са злога шантака, які няўмольна нёс яго насустрач смерці па загадзе Н’ярлахатэпа. Ён мог саскочыць і кінуць выклік гэтым істотам ночы, якія бясконца крычалі з бездані ўнізе, гэтым істотам жаху, страх перад якімі аднак не быў параўнальны са страхам перад безыменнай смерцю, што хавалася, чакаючы, у ядры хаоса. Ён мог устаць і рухацца і скочыць – ён мог – мог бы…
Прырэчаны і адчайны вандроўнік саскочыў з хіпацэфалічнай мярзоты, і падаў уніз скрозь бясконцую прорву разумнай цемры. Віравалі эоны істот, сусветы паміралі і нараджаліся зноў, зоры станавіліся туманнасцямі, а туманнасці – зорамі, а Рэндальф Картэр працягваў падаць скрозь бясконцую прорву разумнай цемры.
Затым у павольнай плыні вечнасці вышэйшы цыкл космасу падышоў да наступнага марнага завяршэння, і рэчы зноў сталі такімі, якімі былі незлічоныя мірыяды год таму. Матэрыя і святло ўзніклі наноўку на тых жа месцах у прасторы; і каметы, і сонцы, і сусветы адрадзіліся, пылаючы, хаця на іх нічога не выжыла, каб распавесці, што некалі яны ўжо былі і скончыліся, былі і скончыліся, заўсёды і назаўсёды, зноў да першапачатку.
І быў небасхіл, і вецер, і ззянне пурпуровага святла ў вачах падаючага летуценніка. І былі багі і існасці і воля; хараство і зло, і прарэзлівы крык згубнай ночы, у якой адабралі здабычу. Бо ў невядомым бясконцым цыкле жылі думкі і вобраз дзяцінства летуценніка, і быў адроблены наноўку рэчаісны сусвет і стары пяшчотны горад, каб увасобіць і ўсхваліць гэтыя рэчы. З пустэчы паказвала шлях З’нгац, ліловая дымка, і спрадвечны Нодэнс роў свае настаўленні з нязнойдзеных глыбінь.
Зоры пашыраліся, ператвараючыся на світанкі, а світанкі выбухалі фантанамі залатога, кармінавага і пурпуровага, а вандроўнік усё яшчэ падаў. Ускрыкі раздзіралі эфір, калі стужкі святла білі па нячысціках, што прыйшлі звонкі. І сівы Нодэнс узняў трыумфальны лямант, калі Н’ярлахатэп, блізкі да сваёй ахвяры, спыніўся, збянтэжаны асляпляльным бляскам, які ператварыў яго жахаў-паляўнічых на шэры пыл. Рэндальф Картэр нарэшце сапраўды спусціўся па шырокім мармуровым лесвіцам у свой чароўны горад – ён зноў вярнуўся ў мілую Новую Англію, якая некалі ўзгадавала яго.
Пад арганныя акорды мірыядаў ранішніх свістаў, і асляпляючыя водбліскі світанку ў пурпуровых шыбах вялікага залатога купала будынка муніцыпаітэта на ўзгорку, Рэндальф Картэр з крыкам падскочыў, прачнуўшыся, у сваім бостанскім пакоі. Птушкі спявалі ў зацішных садах, і тужлівы водар вінаградных лоз плыў ад альтанак, зробленых яшчэ яго дзедам. Хараство і святло ззялі на звыклым каміне і разным карнізе і сценах з дзіўнымі выявамі, пакуль ільсняны чорны кот падымаўся, пазяхаючы, з паліцы над агменем, устрывожаны крыкам свайго гаспадара. І на бясконцай адлегласці за Брамай Глыбокага Сну, і зачараваным лесам, і поўнымі духмяных садоў землямі, і Царанійскім морам, і цьмянымі ўскрайкамі Інганока, паўзучы хаос Н’ярлахатэп крочыў задумліва ў оніксавы замак над дзівосным Кадатам у халоднай пустэчы, і нахабна кпіў з рахманых зямных багоў, якіх бессаромна выцягнуў з іх бесклапотных свавольстваў у чароўным горадзе на заходзе сонца.
перакладзена ўлеку 2024