Ні краю, ні канца - Ні краю, ні канца
Марына нарадзілася тут выпадкова. Хтосьці за яе вырашыў, што ёй трэба з’явіцца менавіта тут, сярод цёмнага лесу. Яна ведала, што калі з усёй сілы крутануць глобус і ўважліва сачыць, то пальцам хутчэй трапіш у акіян, чым у гэтае месца з адной крамай, школай і адзінай дарогай. Кіроўцы, нягледзячы на знакі, паскараліся, абы не зацягнулі іх шчупальцы безнадзейнасці.
Марына, як і ўсе жыхары вёскі, ведалі, як адтуль выбрацца. Доўгімі вечарамі яны абмяркоўвалі тых, у каго атрымалася, тых, хто не змог, і тых, хто ўжо навечна тут лёг і больш не ўстане.
Адзін лёг пасярод вуліцы, але выспаўся і ўстаў, значыць, у яго яшчэ ёсць шанец. Проста пакуль ён не знайшоў выйсце.
Марына не сумнявалася, што яе сапраўднае жыццё не тут. Не важна дзе. Хутчэй за ўсё ў Італіі, замужам за мільянерам. Яна нават ведала, што зробіць у першыя секунды ў самалёце: створыць новыя соцсеткі і нікога з мясцовых не дадасць у сябры.
Засталося знайсці шлях на рукі да італьянскага мужа.
Аднойчы, калі зоркі можна было палічыць, Марына вырашыла, што з яе хопіць – і гэтых пахаў чужых катлет, і гэтых таемных спатканняў з хлапчуком, малодшым яе на дзесяць гадоў. Хопіць жыць пасярод гною, бо для такой ружы ёсць месца ў іншым, лепшым месцы.
Пад мітуслівае сапенне дзесьці на ўзроўні чароту і лабка Марына ўбачыла, чаму яна не можа выбрацца. Прастора вакол яе не мела рысы. Не было краю, не было канца, няма чаго было пераходзіць і нават няма за што было зачапіцца. Адштурхнуўшы галаву, якая сапла, яна пайшла ў цвёрдай упэўненасці знайсці станцыю або прыпынак, зваліць да чортавай маці адсюль зараз жа. Ішла на свет, бегла, спатыкалася, паўзла, уставала і зноў бегла. Яе выхад тут, побач, яна паспее, яна вырвецца і ўзляціць. І больш не будзе гэтага бясконцага лесу, не будзе ліпкай багны ўнутры.
Святло станавілася ўсё ярчэй, пакуль не знікла.
У спісе тых, хто лёг назаўжды дадаўся радок.