«Спадарыня Хіна і яе каханка з Вялікага храма Нарукамі» - Частка 2
Заход сонца, што віднеўся з неглыбокай пячоры непадалёк ад старога свяцілішча Ватацумі, расквітнеў барвовымі фарбамі, кідаючы залатыя водбліскі на ледзь кранутае рабізной мора. Сонца адсюль было не відаць, затое адценні, у якія яно фарбавала гэтую частку неба, стваралі сапраўды захапляльнае відовішча. З аднаго боку Гаро шкадаваў, што не паспеў падзяліцца гэтым месцам з Кадзухам, каб назіраць такую прыгажосць разам; а з іншага… ён радаваўся, што захаваў гэтае месца для сябе, каб мець магчымасць пабыць у адзіноце. Ужо трэці вечар Гаро прыходзіў сюды, каб самотна скурчыцца абаранкам на імправізаванай ляжанцы і абняць свой хвост. Яэ ўвесь час яго гэтым дражніла, але зараз яму было ўсё роўна. Навошта наогул цяпер трымаць вобраз, калі яго ўнутраную мізэрнасць пабачыў Кадзуха?.. Не-не, тут ён пэўна трошкі перабольшыў, ён усё яшчэ застаецца генералам Ватацумі, які павінен быць прыкладам для сваіх падначаленых, але гэта было раней, зранку, калі ён раздаваў штодзённыя загады. А тут і зараз яму хацелася пашкадаваць сябе і аддацца смутку – у рэшце рэшт, хіба ён не мае на гэта права пасля ўсяго, на што ён пагадзіўся дзеля дапамогі востраву Ватацумі? Праўда, ён разлічваў толькі на прыніжэнні ад Яэ і некалькі гадзін на публіцы ў недарэчнай сукенцы, а не на ганьбу перад каханкам…
І зноў за сумнымі думкамі ён праваліўся ў сон, не дачакаўшыся, пакуль неба канчаткова пацямнее і цалкам абсыплецца зоркамі. Учора і заўчора ён прачынаўся незадоўга да світанку, калі неба толькі-толькі пачынала святлець, і паспяваў вярнуцца на Ватацумі да ўсходу сонца, але зараз…
Зараз Гаро прачнуўся ад таго, што яму ў твар біла святло. Ён спрасонку нават не звярнуў увагу на тое, што для сонечнага яно было надта халодным, толькі, падскокваючы і жмурачыся, здзівіўся, што зусім не паспеў выспацца, хаця праспаў світанак…
– Цішэй, цішэй, – нягучна прамовіў знаёмы мяккі голас, і маленькая далонь у аксамітнай пальчатцы ласкава апусцілася яму на плячо, супакойваючы. – Гэта я. Прабач, калі напалохала.
– Вашая Правялебнасць!
Гаро таропка пакланіўся і толькі цяпер, калі Санганомія Какомі паступова пагасіла ззянне сваёй магіі, а ён сам нарэшце праміргаўся ад сну, то зразумеў, што навокал усё яшчэ ноч, а раптоўнае святло, якое яго пабудзіла, мусіла быць усплёскам магіі, з дапамогай якой Яе Правялебнасць да яго з’явілася. Какомі кіўнула, вітаючыся, і хутка агледзела Гаро на прадмет ран. Пад ейным уважлівым позіркам ён мімаволі стуліўся, але адразу ж апамятаўся і выцягнуўся перад ёй у струну (праўда, цяпер было няёмка глядзець на Яе Правялебнасць зверху ўніз).
– Усё добра, Гаро, калі ласка, супакойся, – пераканаўшыся, што Гаро здаровы, Какомі зноў суцяшальна паклала яму далонь на руку і лагодна ўсміхнулася. – Я прыйшла да цябе не як Вярхоўная жрыца Ватацумі, а як сяброўка, якая клапоціцца пра дарагіх ёй асоб. Я бачу, што апошнімі днямі нешта вельмі цябе засмучае, і калі гэта магчыма, я бы хацела дапамагчы. Ці хаця бы падтрымаць, калі дапамога па-за маімі магчымасцямі.
Гаро так расчуліўся ад уважлівасці Какомі, што не мог падабраць словы. З аднаго боку, хацелася адразу ж выліць усю душу Яе Правялебнасці, якую ён паважаў і багоміў больш за ўсіх, каго калісьці ведаў – але з іншага боку… ці вартыя яго недарэчныя турботы ейнага часу і ўвагі?
– Вашая Правялебнасць…
– Гаро, калі ласка, зараз проста Какомі, – далонь у аксамітнай пальчатцы мякка сціснула ягоную руку. – Я заўважыла, што апошнім часам ты дэлегуеш сваім падначаленым нават тыя справы, якія раней заўсёды выконваў сам. Мяне клапоціць твой стан, але, як бачу, не хвароба таму прычынай. Ці магу я дапамагчы табе, Гаро?
Какомі глядзела наўпрост на Гаро, і яе вочы ў цемры былі нібыта дзве бездані. Немагчыма было ў іх не патануць, не даверыцца ім цалкам і поўнасцю, не расхінуць душу іх уладальніцы. У нейкі момант яму нават падалося, што ёй і слоў не патрэбна, каб зразумець, што робіцца ў ягоным сэрцы – і нібыта ў пацверджанне яго думак Какомі прамовіла:
– Гэта звязана з той дамовай з Яэ Міка ў абмен на дапамогу востраву Ватацумі, праўда?
Гаро ўздыхнуў і адвёў позірк, разрываючы зрокавы кантакт. Акрамя Яэ і ейных жрыц, толькі Какомі ведала пра дамову Гаро сыграць ролю спадарыні Хіны на публіку. Яе Правялебнасць не ціснула на свайго генерала, дазволіўшы таму самастойна прыняць узважанае рашэнне, але была яму вельмі ўдзячная, калі ён яго ўрэшце прыняў. Можа, дзеля таго і было ўсё варта…
– Так… – нарэшце прызнаў ён, засмучана апускаючы вушы.
– Калі хочаш, я гатовая цябе выслухаць, – зграбным рухам далоні Какомі прапанавала ім абаім прысесці на ляжанку. – І мы можам разам абмеркаваць, як табе дапамагчы.
– Ды не тое каб дапамога была патрэбная, бо гэта ўсё зноў мае страхі, але я спраўлюся з імі, абяцаю! – таропка залапатаў Гаро, але спыніўся, калі вочы Какомі бліснулі ў цемры, і яна кіўком запрасіла яго ўсё такі прысесці.
Яна першая ў сваім раскошным убранні жрыцы без ваганняў апусцілася на даволі неахайную ляжанку, і Гаро прышлося няёмка сесці побач. Не парушаючы цішыні, Какомі велічна павяла рукой, і ўслед за яе далонню ў паветры апынулася некалькі чароўных паўпразрыстых рыбак, якія ахуталі пячору мяккім блакітным святлом. З хвіліну Гаро назіраў, як Какомі чаравала, робячы яго таемнае месца сапраўды ўтульным, якое натхняла расслабіцца, забыцца на дзённыя турботы, даверыцца Яе Правялебнасці… І калі Какомі, скончыўшы чараваць, абняла Гаро адной рукой за плечы і мякка прытуліла да сябе, ён не стрымаўся, закрыў твар далонямі і даверліва прамармытаў, адказваючы на яе папярэдняе пытанне:
– Гэта ўсё праз Кадзуху…
– Праз Кадзуху? – голас Какомі на імгненне прагучаў разгублена, таму Гаро адняў далоні ад твару і паспяшаўся ўдакладніць:
– Ён прыйшоў у храм і пабачыў мяне, калі я быў на прымерцы убранняў спадарыні Хіны.
Яму падалося ў няпэўным зіхаценні магіі Какомі, альбо крайчыкі ейных вуснаў сапраўды ўздрыгнулі, хаваючы ўсмешку?
– І што ён сказаў?
– Нічога… але ён усміхаўся, а яшчэ яны гутарылі з Яэ Міка, і… – Гаро абарваў сябе, усвядоміўшы, як смешна гэта прагучала, і трошкі адсунуўся, каб кінуць вінаваты позірк на Какомі. У няяркім святле чароўных рыбак ён убачыў, як ейныя вусны ўсё ж расцягнуліся ва ўсмешцы – але зусім не кплівай, а лагоднай і суцяшальнай. Какомі трошкі пачакала, дазваляючы Гаро працягнуць, але ён маўчаў, і тады яна мякка прамовіла:
– Быць можа, ён хацеў падбадзёрыць цябе гэтай усмешкай? Ці проста быў рады цябе пабачыць?
Цяпер настала чарга Гаро разгубіцца. Ён быў цалкам упэўнены, што Кадзуха ўспрыме генерала ў сукенцы толькі як нешта смешнае і недарэчнае.
– Я… не думаў пра гэта з такога боку…
– Але чаму не? – цяпер Какомі ўсміхалася шырока і заразліва, і Гаро адчуў, як уздрыгнулі яго ўласныя вусны, адгукаючыся на ўсмешку Яе Правялебнасці. – Наколькі я ведаю Кадзуху, ён зусім не падобны да Яэ. Ён дакладна не з тых, хто будзе наўмысна кпіць, пагатоў з такой нязначнай нагоды…
– Нязначнай?! – Гаро нават сам не зразумеў, абурыўся ён ці здзівіўся. Забыўшыся, ён падскочыў на месцы так, што некалькі паўпразрыстых рыбак спалохана растварыліся ў паветры, а Какомі прыйшлося прыбраць руку з яго пляча, і развярнуўся да яе: – Як гэта нязначнай? Я заўсёды хацеў быць для Кадзухі моцным, мужным, адважным, але ўсё цяпер дарэмна, бо ён бачыў мяне ў вобразе гэтай тройчы праклятай спадарыні Хіны, у якую мяне пераўтварыла Яэ, ствараючы персанаж на падставе маёй рубрыкі ў ейным часопісе! Вашая Пра… эм, Какомі, вы бы бачылі, якую сукенку яна для мяне зрабіла! Так ходзяць толькі… – Гаро паспрабаваў падабраць словы, каб апісаць, але сумеўся і раптам замоўк.
Тады зноў загаварыла Какомі:
– А я бачу ў гэтым высакародны ўчынак самаадданага генерала, які гатовы дзеля свайго народа не толькі ісці ў літаральны бой, але й сустракацца са сваімі найвялікшымі страхамі. Я бачу ў гэтым праяўленне тваёй шматграннай асобы, якая можа знайсці падыход да самых розных сэрцаў – і да салдатаў, і да вандроўніц, і да паэтаў, да маладых і да старых. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што ў розных жыццёвых выпадках ты будзеш выглядаць па-рознаму, бо як урачыстае кімано будзе недарэчным на поле бітвы, так і ваенная форма не пасуе сустрэчы з паклоннікамі. І чамусьці я ўпэўненая, што меркаванне Кадзухі на гэты конт не надта адрозніваецца ад майго.
Гаро маўчаў, разгублена гледзячы на Какомі, крануты такой моцнай прамовай. Тым часам тыя магічныя рыбкі, якіх ён напалохаў сваім скачком, зноўку ўвасобіліся ў паветры, робячы ў пячоры трохі святлей. Какомі працягнула да іх далонь, нібы вітаючы, але амаль адразу ж вярнула позірк да Гаро. Той не вытрымаў праніклівасці яе бяздонных вачэй, і адвёў погляд.
– Я хацеў замяніць Кадзуху яго соўлмэйта, – урэшце ледзь чутна прамовіў Гаро, прызнаючыся Яе правялебнасці ў самым патаемным. Раптам ён заўважыў, што пачаў несвядома камячыць свой хвост, каб супакоіцца, і адразу збянтэжана выпусціў яго з рук. – Калі ён дазваляе сабе быць шчырым, то я бачу, як яму яго не хапае. І я хачу зрабіць усё, што ў маіх сілах, каб запоўніць гэтую пустэчу ў ягоным сэрцы.
Какомі спагадліва ўздыхнула:
– Але ці будзе гэта сапраўдным пачуццём, калі Кадзуха пакахае не цябе, а той вобраз, які ты намагаешся з сябе стварыць?
Ізноў пытанне Какомі стала для Гаро неспадзяванкай. Пра сябе ён пакуль не задумваўся, бо ўсё, што ён дагэтуль хацеў – каб Кадзуха адчуваў сябе камфортна побач з ім.
– І я не думаю, што калі б ён цябе не падабаў, то наведваў бы сёння Ватацумі, жадаючы цябе пабачыць.
– Кадзуха наведваў Ватацумі?! – Гаро зноў падскочыў, але ў гэты раз магічныя рыбкі прадбачліва ўхіліліся, кідаючы на сцены пячоры дрыготкія цені. – А калі? І што яму сказалі? І дзе ён зараз?
– Шчыра кажучы, не ведаю, куды ён пайшоў. Я сказала яму, што ты сёння ўвесь дзень у разведцы, бо тады ўжо зразумела, што ты хочаш пабыць у адзіноце. Я дарэмна так зрабіла?
– Н-напэўна, не… – збянтэжана працягнуў Гаро. – Да нашай з вамі размовы я бы ўсё адно не змог бы глядзець яму ў вочы.
– А цяпер? – Какомі схіліла галаву на бок, і рыбкі, нібы падгадаўшы момант, сабраліся вакол яе, ахутаўшы чароўным блакітным ззяннем. Але Гаро было трошкі не да магічных дзівосаў Яе Правялебнасці, бо ў ягонай душы бушаваў сапраўдны шторм, пераварочваючы ўсё ў ёй дагары нагамі.
– Цяпер… – Гаро ўсё ж нярвова ўчапіўся ў свой хвост і затрас галавой. – Не ведаю, ох не ведаю… Напэўна, пакуль што не. Мне трэба яшчэ будзе абдумаць усё, пра што мы з вамі гутарылі, а яшчэ гэтае мерапрыемства…
Ён скалануўся і глыбока ўдыхнуў, збіраючыся з духам. Какомі цярпліва чакала, не выказваючы ніводнай эмоцыі.
– Мабыць, пакуль усё ж не… – Гаро знянацку заўважыў, што несвядома прыціснуў свой хвост да грудзей, і зноў сарамліва выпусціў яго. Какомі не стрымала ўсмешку.
– Тады калі Кадзуха вернецца, я працягну падтрымліваць легенду пра разведку? – удакладніла яна.
– Я не асмелюся прасіць вас аб хлусні, Вашая… прабачце, Какомі. Але разведка сапраўды не пашкодзіць. Давайце заўтра зранку абмяркуем яе план, і я павяду атрад.
– Выдатная ідэя, Гаро, – у чарговая усмешцы Какомі нарэшце была доўгачаканая палёгка. – І для Ватацумі карысць, і ты зможаш развеяцца. Толькі паабяцай мне, што не будзеш больш намагацца стаць кімсьці іншым, добра? Той Гаро, які зараз сядзіць перада мной, які з’яўляецца генералам Ватацумі і які так шчыра закахаўся ў Кадзуху – адзіны і непаўторны, і ніякага іншага нам не патрэбна.
Гаро ледзь не заскуголіў ад залішку пачуццяў, толькі расчулена глядзеў на Какомі, не ў сілах падабраць словы падзякі. А ёй і гэтага было дастаткова. Узмахнуўшы рукой, яна прымусіла святлістых рыбак знікнуць і ўжо ў змроку паднялася з ляжанкі, паўстаўшы на тле зорнага неба зграбным сілуэтам.
– Дзякуй, Вашая Правялебнасць! – нарэшце спахапіўся Гаро, калі Какомі ўжо ахутала блакітным ззяннем магіі. – Дзякуй вам за ўсё!
Да таго, як знікнуць ва ўспышцы магіі, вялікасная жрыца Ватацумі паспела азірнуцца на яго і кіўнуць, пэўна задаволеная, што змагла дапамагчы свайму генералу.