«Спадарыня Хіна і яе каханка з Вялікага храма Нарукамі» - Частка 3
Пасля размовы з Яе Правялебнасцю Гаро сапраўды стала лягчэй. Наступным ранкам яны распрацавалі план разведкі на бліжэйшыя тры дні, але не дзеля абароны Ватацумі, а каб Гаро меў магчымасць развеяцца перад мерапрыемствам у Вялікім храме Нарукамі. Агляд аддаленных куткоў, збор рэсурсаў і трэніроўка навабранцаў – такія звычныя рэчы, у якіх Гаро адчуваў сябе ўпэўнена і ў нейкія моманты нават забываўся на тое, якія выпрабаванні яго чакаюць…
Але выпрабаванні нікуды не падзеліся, і праз некалькі дзён яму прыйшлося зноў вяртацца на востраў Нарукамі. З асаблівай асалодай Яэ Міка назірала, як ейныя жрыцы апранаюць Гаро ва ўбранні спадарыні Хіны, увесь час робячы заўвагі, дзе, што і як трэба дарабіць. Як добра, што за гэтым працэсам не назірала Яе Правялебнасць, якая ў рэшце рэшт настаяла на тым, каб паехаць разам з ім дзеля падтрымкі (хаця Гаро недзе на ўскрайку свядомасці падазраваў, што яе канчатковай мэтай было паабмяркоўваць яго з Яэ Міка). Але апошнім штрыхом, якога Гаро ніяк не чакаў, стаў парык з мудрагелістай фрызурай, які жрыцы амаль гадзіну прыладжвалі вакол ягоных вушэй. І калі па загадзе Гудзі Яэ жрыцы прыцягнулі велічэзнае люстра, Гаро, убачыўшы сябе ў адбітку, не стрымаў гаротнае скуголенне. Як добра, што Кадзухі тут пэўна не будзе, і Гаро не зможа зганьбіцца перад ім яшчэ больш…
Жрыцы Яэ былі сапраўды майстрыцамі пераўвасаблення. Адбітак сапраўды быў падобны да Гаро, але не больш, чым бываюць падобныя брат і сястра. І гэтая «сястра», якая глядзела на яго з люстэрка, выглядала… даволі разбэшчанай, мякка кажучы. Гаро разумеў, чаму Яэ прыдумала менавіта такі вобраз – ён прывабіць мужчын, якія панясуць у выдавецтва свае грошы, і нават жанчын, магчыма, калі іх вабяць жанчыны ці цікавяць модныя ўбранні. Ідэальная стратэгія, Яе Правялебнасць ухваліла бы. Але Гаро не хацеў нікога прывабліваць, ён нават далёка не адразу даведаўся, што ягоная рубрыка вялася ад імя выдуманай «спадарыні Хіны», але адступаць было ўжо надта позна. Дамова заключаная, і Гаро павінен выконваць абавязкі са свайго боку дзеля дабрабыту Ватацумі.
Дзень быў такі ж пахмурны, як і настрой Гаро. Аднолькавыя шэрыя хмары марудна плылі па небе, нават не збіраючыся пралівацца дажджом – хаця на яго было столькі надзей, бо гэта перарвала бы сустрэчу з фанатамі прынамсі часова. На шчасце, Гаро не трэба было нічога казаць, толькі ўсміхацца падфарбаванымі вуснамі і падпісваць распрацаваным спецыяльна для спадарыні Хіны і загадзя адтрэніраваным аўтографам зборнікі ягоных парад, якія Яэ выдала абмежаваным накладам спецыяльна да мерапрыемства. Амаль усе фанаты і фанаткі ад усёй душы яму дзякавалі, але шчыра парадавацца такой удзячнасці перашкаджала ўсведамленне, што яны бачаць перад сабой спадарыню Хіну, а не спадара Гаро, і яшчэ невядома, ці былі б яны настолькі ж удзячныя, калі б ведалі, што гэтыя парады ім даваў генерал Ватацумі. Хіба толькі Яе Правялебнасць, якая раптам таксама падышла па кнігу з аўтографам, шчыра была ўдзячная менавіта свайму генералу, але хутчэй не за парады, сабраныя ў кнізе, а за ягоную самаадданасць.
Некалькі разоў яго прасілі сфатаграфавацца, і ў першы раз Гаро разгубіўся, пакуль Яэ не падказала, куды можна ўстаць, каб атрымаўся прыгожы фотаздымак, але потым ён нават скеміў, што калі ўставаць са свайго месца наўмысна марудна, робячы выгляд, што акуратна прытрымліваеш драпіроўкі мудрагелістай сукенкі, то так можна пацягнуць час, набліжаючы заканчэнне тройчы праклятага мерапрыемства.
Але гэта ўсё былі яшчэ толькі кветачкі… Недзе апоўдні да яго падышоў высачэнны спадар з чорнымі кіпцюрамі, голым торсам, чырвонымі татуіроўкамі, нахабнай крывой усмешкай і чырвонымі рагамі. Оні, калі Гаро нічога не пераблытаў. І нервова каўтнуў, калі па твары велічэзнага незнаёмца распаўзлося шчырае, бязглуздае абажанне.
– Мая шаноўная спадарыня Хіна! – тэатральна-выразна, нават залішне пераігрываючы, пачаў оні, і ад яго імпэту ў Гаро поўсць стала дуба не толькі на хвасце, надзейна схаваным пад шматлікімі складкамі сукенкі, але і ў куды больш патаемных месцах. – Мудрая, нібы зорка, прыгожая, як світанак, багата дасведчаная, і проста неверагодная! О чароўная спадарыня Хіна, якая сваёй кемлівасцю і спагадлівасцю заваявала сэрца Аратакі «самага шчыра закаханага ў свеце» Іта! – на гэтай фразе оні ледзь не з грукатам размашыста прыклаў далонь да мускулістых грудзей, і Гаро мелькам убачыў, што трое хлапцоў за яго спінай ўразнабой уздыхнулі і закрылі твары далонямі. – Ці не зробіць шаноўная спадарыня Хіна ласку на сціплую просьбу пайсці з ім – то бок, са мной – на спатканне пасля ўрачыстага мерапрыемства?
Гаро адчуў, як зямля сыходзіць з-пад ног, нават нягледзячы на тое, што ён сядзеў, а калі б не сядзеў – дакладна бы ўпаў. І да таго ж яму падалося, быццам ён пачуў смяшок Яэ недзе побач – яна што, прадбачыла, што такое можа здарыцца?! І яе жрыцы ўсё так жа нерухома стаяць навокал – Гаро ў паніцы азіраўся ўпотай, не паварочваючы галавы. Як жа так, яны ж дамовіліся, што жрыцы будуць тут, каб абараняць спадарыню Хіну, Яэ ўпэўнівала, што яны ўсе ў большай ці меншай ступені валодаюць баявымі мастацтвамі! І што цяпер? Ці такое адкрытае заляцанне – гэта недастаткова для абароны? Тады што яму рабіць? Гаро, канешне, з лёгкасцю мог за сябе пастаяць, нават на ўскрайку свядомасці прывычна пачаў прыкідаць, як лепей абясшкодзіць велічэзнага оні – але ж хіба тады ён не выйдзе з вобразу спадарыні Хіны і не парушыць дамоўленасць? Хіба не дзеля гэтага яго пільнавалі зараз з дзясятак жрыц?
І калі адна з іх зрабіла крок у бок Гаро, той ледзь зноў не ўпаў – на гэты раз ад палёгкі. Ростам ніжэйшая за астатніх, з бялявымі валасамі даўжынёй да плеч – нягледзячы на тое, што ён пэўна бачыў яе ўпершыню, нешта ў ёй падалося смутна знаёмым. Жрыца паволі, Гаро бы нават сказаў – паважна наблізілася да яго і стала, напалову прыкрыўшы спінай. Яна стаяла роўна і непахісна, на цэлую галаву ніжэйшая за велічэзнага оні, так, што той нават разгубіўся. Выпадковы прамень, што прабіўся скрозь хмары, крануўся светлых валасоў і надаў жрыцы выгляд горнай мудрыцы, якая занадта ўсяго бачыла ў сваім жыцці, каб яе мог напалохаць нейкі нахабны оні.
– Не, – урэшце нягучна, каб яе чулі толькі Гаро і оні, прамовіла жрыца нечакана нізкім для дзяўчыны голасам. – Спадарыня Хіна не зробіць ласку і не пойдзе з вамі на спатканне.
Людзі ў чарзе, якая ўжо паспела разрасціся ледзь не ўдвая, пачалі перазірацца і перашэптвацца. Разгубленасць на твары оні змянілася пагардай, асабліва ўлічваючы велічэзную розніцу ў росце паміж ім і жрыцай.
– Дазволь пацікавіцца, – калі оні звярнуўся да яе, урачыстага абажання ў ягоным голасе як і не было, – а ты, уласна кажучы, хто?
– Я? – перапытала жрыца, і ў Гаро раптам зашчымела ад таго, наколькі знаёмай яму падалася гэтая бесклапотна-насмешлівая інтанацыя. – Я – ейная каханка, і спадарыня Хіна не пойдзе на спатканне з вамі менавіта таму, што яна пойдзе на спатканне са мной!
На апошняй фразе жрыца трошкі падвысіла голас – ці то наўмысна, ці то не, Гаро не зразумеў, – і гул здзіўлення і захаплення разам з кропелькамі расчаравання ў ім пракаціўся па натоўпе, а оні ад такой нечаканасці ажно зрабіў крок назад. Адзін з хлопцаў, якія бянтэжыліся за спінай оні, пачаў нешта яму казаць, нясмела пахлопаўшы яго па руцэ, але Гаро ўжо не слухаў. Як бы ціха ні намагалася гаварыць жрыца, хаваючы тэмбр голаса, Гаро не мог яго не пазнаць – бо надта добра яго ведаў, нават шэптам. Ён выцягнуў шыю, намагаючыся ўбачыць твар «жрыцы», і тая, пэўна пачуўшы гэтае імкненне, азірнулася на яго праз правае плячо, паказваючы акуратна прыбраную ў прычоску чырвоную пасму, ледзь заўважную зараз, калі не ведаць, дзе шукаць, і ўсміхаючыся такімі знаёмымі чырвонымі вачыма.
– Досыць замінаць спадарыні Хіне! – прыкрыкнула з натоўпу нейкая жанчына, і ўслед за ёй яшчэ з дзясятак абураных галасоў абрынуліся на оні, які цяпер разгублена азіраўся. Ён пэўна не чакаў, што яго фанабэрыстыя заляцанні не спрацуюць – магчыма, наогул не разглядаў магчымасці, што спадарыня Хіна, у якую ён так слепа і наіўна закахаўся, не кінецца яму на шыю ад залішку ўзаемных пачуццяў.
– Бос, хадзем адсюль, – няёмка прамармытаў адзін з хаўруснікаў оні, торгаючы яго за плашч. Гаро разгублена назіраў, як яны намагаюцца адцягнуць свайго боса, і з урыўкаў іх фраз зразумеў, што таму не хапіла грошай, каб нават купіць асобнік зборніка парад яго ўлюбёнай спадарыні Хіны. І тады Гаро, нядоўга думаючы, узяў кнігу са стоса, накрэмзаў ужо абрыдлы мудрагелісты подпіс (Яэ пэўна прыдумала яго такім, каб яшчэ трошкі паздзеквацца) і працягнуў оні, якога яшчэ не паспелі адцягнуць далёка.
– Падарунак, – коратка і нягучна, каб не выдаць зусім не жаночы тэмбр голасу, патлумачыў Гаро. Шчырае, нічым не стрыманае захапленне на твары оні было тым яшчэ відовішчам, пэўна вартым таго, каб яго пабачыць. Праўда, прыняць бясцэнную кнігу з рук спадарыні Хіны ён не паспеў – да таго, як оні наблізіўся да Гаро, кнігу перахапіла светлавалосая «жрыца» і ўручыла адданаму фанату. Імгненне напружанага перазірання, оні глыбока ўдыхнуў – Гаро ў нейкі момант падалося, быццам ён зараз накінецца на «жрыцу», якая нібыта скрала яго каханую – і ўрэшце разразіўся празмерна эмацыйнай удзячнасцю. Праўда, ягоным хаўруснікам відавочна стала зусім сорамна за свайго боса, таму яны пацягнулі яго прэч са словамі «Хадзем, пакуль Сінобу цябе тут не знайшла!» А натоўп у захапленні назіраў, яўна ўражаны шчодрасцю іх улюбёнай спадарыні Хіны.
Бялявая «жрыца» таксама праводзіла нахабнага оні пільным позіркам. Пераканаўшыся, што ён нарэшце сышоў і спадарыню Хіну больш не трэба абараняць, яна таксама адышла на сваё папярэдняе месца, трошкі затрымаўшыся каля століка Гаро.
– У цябе добрае сэрца, – данёсся да яго ледзь чутны шэпт, ад якога поўсць зноўку паўстала дыбу, а па скуры пабеглі мурашкі.
Лёгкі драўняна-салёны водар крануўся пачуццяў Гаро, і ён зразумеў, што не зможа трываць далей. Наколькі атрымалася зграбным жэстам ён папрасіў наступную ў чарзе фанатку пачакаць, а сам падняўся з-за стала і, прытрымліваючы зялёныя драпіроўкі сукенкі, паспяшаўся наўздагон.
– Гар… спадарыня Хіна? – ледзь не выйшаўшы з ролі ад здзіўлення, азірнуўся Кадзуха, калі зразумеў, што Гаро йдзе за ім. – Што вы…
На нейкай вяр’яцкай хвалі рашучасці Гаро схапіў Кадзуху за руку і пацягнуў за сабой як мага далей ад натоўпу – і адначасова ліхаманкава шукаючы найбліжэйшае сховішча, каб рашучасць не паспела выветрыцца. Фанаты раптам ацішэлі і праводзілі іх здзіўленымі позіркамі. Калі Кадзуха дзеля яго прыбраўся ў кімано жрыцы Нарукамі, калі ягоныя словы былі праўдай, а не ролявай гульнёй – Гаро было пляваць, хто там глядзіць. Ён завярнуў у найбліжэйшы завулак і прыцягнуў Кадзуху да сябе. Дзякуючы пахмурнаму надвор’ю без ценяў, у завулку было не нашмат цямней за галоўную вуліцу, таму Гаро нарэшце здолеў разгледзець прычоску «жрыцы». Як жа Кадзуху пасавалі распушчаныя валасы! Некалькі пасмаў з абодвух бакоў былі сабраныя на патыліцы і амаль цалкам хавалі адметную чырвань сярод бялявых валасоў, так што з першага погляду і не пазнаеш, калі не ведаеш, куды глядзець. Гаро не стрымаўся і, падняўшы руку, прапусціў некалькі пасмаў скрозь пальцы. Такія мяккія… з яго фрызурай пэўна старанна папрацавалі. Кадзуха ўсміхнуўся на гэты жэст, і толькі тады Гаро нарэшце зазірнуў яму ў вочы.
– Тое, што ты сказаў… – варта было раскрыць рот, як такая моцная рашучасць раптам знікла, нібы туман неўзабаве пасля світання. Аднак з Кадзухам словы былі залішнімі. Ён мякка ўзяў далонь Гаро, якой той усё яшчэ кранаўся ягоных валасоў, у свае.
– Усё праўда, – у нягучным голасе чулася цёплая ўсмешка. – Я не хацеў цябе прыспяшаць, таму не ўзнімаў гэтую тэму. Але зараз, калі ўбачыў, што табе патрэбная абарона, то падумаў, што…
У Гаро не засталося сіл слухаць далей. На апошняй фразе ён толькі пахітаў галавой – і ўрэшце скараціў адлегласць паміж імі да пацалунка. У адрозненне ад бадзяжніцкіх пахаў марскога ветру і карабельнага дрэва, што даўно і шчыльна ўеліся ў адзенне і скуру Кадзухі, на смак ён быў такім дамашнім і родным, што Гаро нават не думаў стрымаць вілянне хваста, толькі прыціснуўся да яго мацней…
І ледзь не аглух ад хвалі радасных крыкаў. Ну канешне, фанаты пайшлі за ім і ўбачылі, як ён цалуе Кадзуху – а дакладней, з іх пункту гледжання гэта спадарыня Хіна цалавала адважную жрыцу з храма Нарукамі. Гаро збянтэжана ўперыўся ў натоўп, і першым яго імпэтам было збегчы прэч, схавацца ад усіх і больш ніколі нікому не паказвацца… але далоні Кадзухі ляжалі на ягоных плячах, ды й увесь ён быў настолькі побач, што Гаро адчуваў яго цеплыню скрозь храмавае кімано і сваю сукенку, нібы ўвасабленне не-здзяйснення яго самых страшных кашмараў.
Тады раптам яго ахінула такім вострым усведамленнем, наколькі яго страхі сталі маленькімі і неістотнымі, што ажно дух захапіла. Нават калі зараз Яэ Міка прыйдзе яго цкаваць, Гаро сустрэне яе не адзін. Яго сэрца напоўнілася такой удзячнасцю да Кадзухі, які не пакінуў яго ў адзіноце ў цяжкі час, што Гаро ні на імгненне не задумаўся, толькі ледзь затрымаў позірк на яго вуснах, на якіх толькі што пакінуў сляды сваёй памады, перад тым, як зноў прыцягнуць да сябе, каб пацалаваць – пад новую хвалю радасных ускрыкаў.
– А як ты наогул тут апынуўся? – Гаро нават не здолеў скончыць пытанне, бо перарваць пацалунак так надоўга падавалася невыносным. – Ды яшчэ ў жрэцкім убранні?
– А ты як думаеш? – Кадзуха гарэзліва паказытаў сваім шэптам яго вусны.
– Яэ?..
Кадзуха кіўнуў, і Гаро гэтага было дастаткова. Хіба мог ён тыдзень таму, пабачыўшы Кадзуху ў храме, здагадацца, што ён прыйшоў туды не пасмяяцца з яго, а дапамагчы? Зараз, цалуючы Кадзуху-«жрыцу» ў інадзумскім завулку пад крыкі фанацкага захаплення, Гаро нарэшцэ пачынаў разумець, што ў храм той прыйшоў менавіта па жрэцкае адзенне (толькі зараз Гаро прыгадаў, што скрутак, які перадавала Яэ, быў чырвона-белым), а на Ватацумі шукаў Гаро пэўна каб сказаць, што «спадарыні Хіне» не прыйдзецца перажываць усё сам-насам. І ў гэты момант Гаро паабяцаў сабе, што надалей будзе заўсёды шчырым са сваім каханкам – і змацаваў гэтае абяцанне апошнім пацалункам перад тым, як рука ў руку з Кадзухам вярнуцца да абсалютна шчаслівых фанатаў.
– «Спадарыня Хіна і яе каханка з Вялікага храма Нарукамі», – ледзь чутна пракурняўкала Яэ Міка, з драпежніцкай асалодай назіраючы за шчаслівым Гаро – і ледзь не з большай асалодай сузіраючы захапленне фанатаў. Потым перавяла позірк на Какомі, якая якраз падышла да яе і пэўна яе пачула: – Як табе ідэя для новага бестсэлера?
– Я бы дакладна захацела набыць такую кніжку ў сваю бібліятэку, – гігікнула Какомі, хітранька прыжмурыўшыся. – Толькі над назвай бы папрацаваць, занадта яна простая.
– О, не хвалюйся, да назвы кнігі яшчэ дойдзе, а гэта – толькі назва праекта, дастаткова выразная, каб выканаўцам адразу было зразумела, што ад іх патрабуецца, – Міка ледзь не аблізвалася. – Мушу аддаць табе належнае, ты гэта шыкоўна прыдумала, падключыць да справы маленькага роніна. Цяпер у мяне будзе паслухмяная спадарыня Хіна і звязаныя з ёю новыя праекты, якія прынясуць горы моры выдавецкаму дому.
– А ў мяне будзе ўпэўнены ў сабе генерал, які нарэшце мае кагосьці роўнага яму, каб даверыцца і абаперціся, – дадала Какомі, з пяшчотай старэйшай сястры гледзячы на Гаро і Кадзуху. Потым, праз некалькі хвілін, нарэшце адвяла ад іх позірк і павярнулася да Міка: – Наколькі я памятаю, ты згадвала, што падобная дапамога можа спатрэбіцца і генералу Яе Ўсемагутнасці?
Міка кіўнула, з яўнай неахвотай таксама пераводзячы позірк на Какомі:
– А ў цябе з’явіліся ідэі?
– О так, – на імгненне на твары жрыцы Ватацумі прамільгнуў такі нехарактэрны для яе, але нечакана гарманічны драпежніцкі выскал. – Ёсць у мяне адна думка на гэты конт… Не хочаш абмеркаваць?