«Спадарыня Хіна і яе каханка з Вялікага храма Нарукамі» - Частка 1
Надвор’е было цудоўным. Цёплыя сонечныя промні ружовымі плямамі прасочваліся скрозь пялёсткі сакуры і пяшчотна дакраналіся да скуры, робячы павекі цяжкімі, а дыханне павольным. У такі дзень найвышэйшай асалодай было б падрамаць пасля інтэнсіўнай трэніроўкі недзе ў зацішным месцы на Ватацумі, слухаючы лагодны плёскат марскіх хваляў…
Вось толькі зараз Гаро мог толькі марыць пра такую асалоду. Праз сваё недальнабачнае абяцанне ён цяпер захрас на гары Ёга ў Вялікім храме Нарукамі, ды й не проста захрас, а быў адданы на разарванне Яэ Міка, якой амаль што выпадкова пагадзіўся прыйсці ў выглядзе спадарыні Хіны на мерапрыемства ейнага выдавецтва. І зараз ён, апрануты ў мудрагелістую сукенку з адкрытымі плячыма (язык нават не паварочваўся назваць гэтае дзіўнае адзенне кімано), стаяў пасярод унутранага дворыка храма, бо на просьбы перанесці прымерку ў памяшканне Яэ адказала катэгарычнай адмовай, абгрунтаваўшы гэта тым, што раз мерапрыемства будзе праводзіцца на свежым паветры, то, значыць, трэба не толькі падагнаць убранні па памеры, але й праверыць, ці вытрываюць яны вонкавыя ўмовы. Канешне, Гаро разумеў, што гэта ўсяго толькі надуманая нагода яго пацкаваць, і бачыў пацверджанне гэтай здагадцы ва ўсмешцы кожнай жрыцы, што праходзілі міма. Адзінае, што прымірала Гаро з яго мізэрным становішчам, было тое, што Яэ ў абмен на гэта сапраўды дапамагла сельскай гаспадарцы Ватацумі, і ён, як генерал, мусіў вынесці ўсе знявагі і нягоды, якія дапамогуць ягонаму народу. Ну і адсутнасць наведвальнікаў у гэты час трошкі суцяшала…
– Спадарыня Гудзі Яэ! – пачуўся голас адной са жрыц разам з набліжаючыміся крокамі. – Прабачце, калі ласка, за непакой, але да вас прыйшоў наведвальнік!
Гаро ледзь не заскуголіў – вось жа паскудства, нібыта сурочыў! Ён збіраўся было адсунуцца хоць кудысьці, схавацца ад чужых вачэй, пажадана паспець заскочыць у памяшканне…
Але ўчэпістая рука кіцунэ прадбачліва апусцілася на яго прадплечча.
– Пачакайце тут, – прыкра-салодкім голасам прамовіла Яэ, больш звяртаючыся да Гаро, чым да сваіх памочніц, якія пад яе наглядам ужо паспелі ўтыкнуць у сукенку з паўсотні шпілек, падганяючы пад яго сухарлявую фігуру, і больш гучна адказала жрыцы: – Няхай заходзіць, я зараз падыду!
Яна здзекуецца, думаў Гаро ў адчаі. Яна пэўна здзекуецца. Ён гатовы быў ісці ў заклад, што гэта ў Яэ такая рэкламная стратэгія: зараз зойдзе наведвальнік ці наведвальніца, убачыць спадарыню Хіну і ў захапленні разбалбоча ўсім знаёмым, каб прыходзілі на сустрэчу. А гэта, вядома, ніяк не супакойвала, бо чым больш народу прыйдзе, тым больш верагоднасть таго, што сярод іх знойдуцца тыя, хто пазнаюць генерала Ватацумі…
Але калі невысокая постаць наведвальніка выйшла з-за будынку насустрач спадарыні Гудзі, Гаро зразумеў – найгоршае чакае яго не ў будучыні. Яно ўжо здарылася. Яго погляд адразу сустрэўся з такімі знаёмымі чырвонымі вачыма, ледзь прыкрытымі адрослымі бялявымі валасамі з чырвонай пасмай. Яно й не дзіва, бо позірк не мог не зачапіцца за зялёную сукенку на тле чырвона-ружовага храма. У Гаро перахапіла дыханне, калі ён пабачыў у гэтых вачах здзіўленне – і ўсё абрынулася ўнутры, калі заўсёдная лагодная ўсмешка на такім любым твары стала значна шырэй і весялей. Ён відавочна смяяўся. Гаро гатовы быў паклясціся, што Кадзуха ўнутры смяецца з яго, хаця яму хапала такту не рагатаць услых, а толькі спыніцца на шырокай усмешцы. Потым Кадзуха звярнуўся да Яэ, але Гаро ўжо не слухаў, пра што яны гаварылі – але ж напэўна і яго паспелі абмеркаваць, бо яшчэ некалькі разоў абое кідалі на яго позіркі. Здаецца, Яэ дала Кадзуху нейкі пакунак – Гаро не разгледзеў, бо ў вачах ужо паплыло, і ён паспяшаўся адвярнуцца, каб употай выцерці недарэчныя слёзы, не зважаючы на шпількі ў рукаве, якія балюча кальнулі локаць. Не хапала толькі яшчэ больш зганьбіцца перад Кадзухам, хаця куды ўжо больш, ён жа пэўна цяпер не будзе ставіцца да Гаро сур’ёзна, а хутчэй за ўсё, наогул разлюбіць такое мяккае, бязвольнае, нікчэмнае шчанё…
– Ды няўжо адважны і непахісны генерал Ватацумі сышоў да таго, каб пусціць слязу? – да яго вярнулася Яэ з ейным звычным сарказмам, і кожнае яе слова біла нібы лязо ў самыя балючыя месцы. – Калі я сказала табе ўвайсці ў вобраз спадарыні Хіны, то зусім не абавязкова было ўдаваць сябе за чуллівую паненку… Падбярыце яшчэ трошкі вось тут, нам важна падкрэсліць талію і надаць аб’ём сцёгнам.
Апошняя фраза прызначалася ўжо памочніцам Яэ, і малодшыя жрыцы зноў узяліся за працу. А Гаро стаяў між імі, канчаткова разгублены. Свежая ранішняя цеплыня неяк незаўважна пераўтварылася ў ліпкую паўдзённую спёку, але Гаро ўжо нават схавацца ад яе не хацелася, ён толькі ляніва варушыў вушамі, калі рабілася ўжо зусім кепска. Ён не зважаў ні на спёку, ні на іголкі, якімі малодшыя жрыцы так і важыліся ўкалоць яго то тут, то там, ні нават на каментары Яэ – судзячы па тоне, часам не менш колкія за тыя іголкі, але словы не затрымліваліся ў ягонай галаве. Гаро засмучана глядзеў на ўсход, туды, дзе ледзь віднеўся на гарызонце туманны прывід вострава Ватацумі, марачы толькі пра тое, каб хутчэй вярнуцца дадому і скруціцца калачыкам у якой пячоры ля мора. Толькі не ў той, дзе яны звычайна бавілі час з Кадзухам, ні ў якім разе. Гаро больш не дазволіць яму бачыць сябе такім вартым жалю, а менавіта такім ён зараз сябе і адчуваў, і яму трэба было толькі правесці ў адзіноце той тыдзень, што заставаўся да сустрэчы са спадарыняй Хінай. Шкада толькі, што абавязкі генерала Ватацумі нікуды не падзеліся, але ж частку з іх можна часова дэлегаваць падначаленым, праўда? Не хапала толькі каб салдаты бачылі яго ў такім стане, хіба працягнуць яны тады яго паважаць?
Хіба працягне яго паважаць Кадзуха? Гаро зноў і зноў вяртаўся да гэтай думкі, але так і не знаходзіў адказу. Кадзуха заўсёды быў спагадлівым, але ж Гаро дагэтуль імкнуўся заўсёды быць для яго моцным і непахісным, намагаючыся хоць часткова замяніць страчанага соўлмэйта і палегчыць яго смутак, які ён хаваў глыбока ў душы. Але сёння Кадзуха пабачыў Гаро… такім вось. Смешным. Няздольным абараніць нават самога сябе ад Яэ, што ўжо казаць пра абарону Кадзухі ад навакольных нягод. Зусім не вартым месца ў ягоным сэрцы… І Гаро не мог пакуль адказаць сабе на пытанне, ці гатовы ён прыняць непазбежную паразу ў спробах дабіцца пачуццяў з боку Кадзухі…