Суседка - 3 глава
Дзверы шафы адчыніліся. Хацела Оля ці не.
– Прабачце, я ўсё ж зайду. Вы з такой хуткасцю зачынілі дзверы, што я зразумела: нам абавязкова трэба пагаварыць.
Олі стала душна і горача. Яна пачырванела і халодны пот пацёк па спіне. Яна непакоілася, што яе цяпер пакараюць. Пакой паменшыўся. І хоць паміж імі стаяў ложак, Олі здавалася, што суседка занадта блізка. Літаральна на адлегласці выцягнутай рукі. Яшчэ крыху і незнаёмка дакранецца да яе.
Оля паспрабавала выціснуць з сябе хоць слова, але нічога не выйшла. Затое суседка хутка асвоілася ў нумары. Яна зачыніла за сабой дзверы шафы, агледзела пакой, нават трохі прайшлася і зазірнула ў акно. Оля ж здранцвела. Яна спрабавала не глядзець на дзяўчыну, ці мала на ёй няма адзення. Але пакой быў такі маленькі, а дзяўчына так прыцягвала ўвагу, што толькі плямы ад віна на столі, адцягнулі Олю ад пахабных думак.
– Я Маша. Вы сёння прыехалі? Хто мог падумаць, што гэта сумежныя пакоі. Я так здзівілася. Гэтая шафа стаіць у такім нязручным месцы. Я спрабавала яе зрушыць, але нічога не атрымалася.
Маша казала і казала. А Оля круціла і круціла ў руках фанцік, які знайшла ў кішэні. Паперка размокла ад вільготнасці, а Маша ўсё казала. Яе голас супакойваў і Оля патроху прыходзіла ў сябе.
У суседкі былі саламяныя валасы, якія яна сабрала ў хвост. Маша прыйшла не голая, а ў халаце персікавага колеру. Ад яе пахла парэчкай і пудрай. Яна жэстыкулявала і трохі разгойдвалася, як быццам прытанцоўвала. Оля перастала слухаць дзяўчыну, яна думала, ці ёсць пад халатам бялізна. Хутчэй за ўсё няма, бо часу прайшло так мала.
А тым часам Маша моўчкі ўсміхалася і глядзела на Олю, яна чакала адказу на пытанне, якое Оля не чула:
– Адтуль вецер падзьмуў. Рука тузанулася і я … гэтыя дзверцы … карацей, прабачце, калі ласка. – Оля трохі памаўчала, а потым дадала тое, што яна часта казала ў дзяцінстве. – Я больш так не буду.
Суседка падалася наперад, грукнула рукамі па сцёгнах і зарагатала:
– Вы больш не будзеце? Шафу адчыняць не будзеце? А як жа вашы рэчы? На крэсла павесіце?
Працяг будзе…