Тэрмін падачы – 21:00 - Тэрмін падачы – 21:00
Тэрмін падачы – 21:00
9:02. Сёння Віктар — прафесійны пісьменнік з дваццацігадовым стажам — прачнуўся на дзве хвіліны пазней, чым звычайна.
— Спазняюся, — з раздражненнем сказаў ён.
Пісьменнік не любіў выбівацца з графіку. Да 21:00 яму трэба было даслаць у выдавецтва кнігу.
Як і ў кожнага пісьменніка, у яго быў свой рытуал. Перад працай Віктар набываў каву ў турэцкай кавярні. Дарога займала 15 хвілін — няхай шлях і не блізкі, але варты таго.
9:26. Віктар ішоў па вуліцы, разважаючы над сюжэтам новай кнігі.
“Што калі на гэты раз забойцам аказваецца сама ахвяра, якая імітавала смерць, каб асудзілі яе заклятага ворага?.. Не, гэта ўжо было пяць кніг таму. Нельга так часта паўтарацца. Чытачы падумаюць, што я нічога новага прыдумаць не магу. Пакуль адкладу гэтую ідэю”.
А 9:41, як і было запланавана, Віктар ужо стаяў у чарзе па каву. “Калі б не праспаў — не стаяў бы цяпер на вуліцы”, — падумаў ён, прыкрываючы твар ад сонца.
А 9:59 перад ім застаўся адзін наведвальнік. Прайшло яшчэ пяць хвілін, а той усё яшчэ не вызначыўся з заказам. Віктар з нуды разглядаў незнаёмца: мужчына сталага веку, у акулярах і з паласатым чамаданам на колах.
“Турыст, — з пагардай фыркнуў Віктар. — З-за яго я яшчэ больш выбіўся з графіку”.
10:11. Нарэшце Віктар выйшаў з кавярні. Ён хацеў пайсці ў парк — звычайная частка рытуалу, але электронны памочнік парушыў яго планы.
Нагадванне. Праз 20 хвілін запланаваная сустрэча з чытачамі з нагоды выхаду новай кнігі. Кнігарня па адрасе… — прапішчаў у вуха сінтэзаваны голас.
“Дап’ю ўжо там”, — прабурчаў пісьменнік.
Памочнік параіў ісці пехам. Спазненне складала 10 хвілін. Яго ўжо сустракаў адміністратар мерапрыемства:
— Вы спазніліся на 9 хвілін.
— Прабачце, дзень з самай раніцы не задаўся.
— Прыхільнікі вас ужо чакаюць.
На сустрэчы гучалі звыклыя пытанні: “Як аўтару прыйшла ідэя такой цудоўнай гісторыі?”, “Ці ўваскрэсне зноў галоўная гераіня?”, “Ці вернецца ў наступнай кнізе галоўны ліхадзей?”, “Як вы прыдумваеце назвы кніг?”
— Наступная кніга выйдзе, як заўжды, у тэрмін. Усе дэталі пакуль трымаю ў сакрэце. Пачакайце зусім трошкі.
Пасля была аўтограф-сесія. Чытачы падыходзілі са сваімі асобнікамі, Віктар іх падпісваў, усё ішло па графіку. Пакуль не застаўся апошні чалавек. Ён падышоў нясмела, з усмешкай на твары. За сабой цягнуў той самы паласаты чамадан. “Зноў ён, турыст”, — адчуў нядобрае Віктар.
— Мая жонка не змагла прыехаць, таму паслала мяне замест сябе, — пачаў мямліць пажылы мужчына, раскрываючы чамадан проста на падлозе.
— На каго падпісаць? — паспрабаваў паскорыць госця Віктар.
— Пачакайце хвіліначку. Яна, мая жонка, прасіла падпісаць… Яна вялікая ваша прыхільніца, купляе кнігі ў дзень выхаду… Не ўсё паспявае чытаць, але ёй вельмі падабаюцца вокладкі.
“Вось ён — ідэальны чытач. Яму можна кожны дзень прадаваць адну і тую ж кнігу з новай вокладкай — і ён нічога не заўважыць”. Віктар даўно ўжо не адчуваў радасці ад сустрэч з чытачамі.
Тым часам мужчына працягваў корпацца ў чамадане. Там аказаўся стос кніг, адну з якіх ён дастаў і паклаў перад Віктарам.
Пісьменнік зірнуў краем вока на знаёмы, патрапаны томік. Ягоны твар выказаў здзіўленне, і прыхільнік патлумачыў:
— Ваш першы раман.
Сапраўды, гэта была кніга з тых часоў, калі друкаваныя асобнікі выпускаліся не толькі дзеля аўтографаў. Гэта было 20 гадоў — 1040 тыдняў — 5200 працоўных дзён таму.
Пажылы чытач вывеў Віктара са здранцвення:
— Яна проста абажае вашы кнігі. Таму і адправіла мяне ў ваш горад. Вось тут у мяне быў падрыхтаваны тэкст…
Час ішоў. Замест запланаваных 20 хвілін, аўтограф-сесія цягнулася ўжо 40. Працаўнікі кнігарні ўжо змянілі вітрыну — рыхтаваліся да прыходу наступнага аўтара. А фанат усё не хацеў сыходзіць.
— Мне сапраўды трэба ісці, — нарэшце Віктар дапісаў апошняе слова і вярнуў кнігу. Узяў са стала астыўшы, сумны кубак кавы і паспяшаўся да выхаду.
14:24. Тэлефанаваў рэдактар. Віктар ведаў, чаго ад яго хочуць. Але шчыры адказ нікому не быў патрэбны, таму пісьменнік скінуў званок і даслаў паведамленне:
Няма часу, страшэнна заняты, пазней
14:25. “Нічога не паспяваю”, — з крыўдай падумаў пісьменнік. Жывот прагна заварушыўся.
Нагадванне. Праз 35 хвілін у вас запланаваны эфір на радыё — паведаміў памочнік.
— Асістэнт, закажы мне таксі.
Адхілена. З улікам затораў вы не паспееце. Рэкамендую ісці пехам — я падкажу найкарацейшы маршрут.
— Каб цябе, — вылаяўся пісьменнік. Але іншага выйсця не было — давялося слухацца.
У 14:58 Віктар заскочыў у студыю, збіты з дыхання. Памочнік ніколі не падводзіў. Ён паспеў.
Уступнае слова вядучага, прадстаўленне госця, абмен кампліментамі, стандартныя пытанні пра мінулае, цяперашняе і будучыню, жарты, дзве рэкламныя паўзы і адна музычная. Усё ішло па плане, пакуль у студыю не датэлефанаваўся слухач. Віктар адразу пазнаў таго самага “турыста” з папяровай кнігай.
“Ён мяне пераследуе!” — узрушыўся пісьменнік. Больш ніхто не змог датэлефанавацца — лінію заняў самы адданы прыхільнік. Настрой быў сапсаваны.
16:00. Віктар выйшаў са студыі з тым жа халодным кубкам кавы ў руцэ. “Можа, хаця б цяпер я яго вып’ю? Навошта я яго цэлы дзень цягаў з сабой?”
Яго надзею перарваў званок рэдактара:
— Ведаю, што ты не заняты — толькі што слухаў тваю праграму. Так што ў гэты раз не адкруцішся. Справа ў вокладцы новай кнігі. Калі ты ўжо вызначыўся з назвай або хоць бы з колерам, дызайнер бы ўжо пачаў працаваць, — прагучаў голас у вуху.
— Разумею, але пакуль не магу сказаць дакладна. Абяцаю, што да тэрміну ўсё будзе гатова.
— Добра… добра. Веру. Проста ўсе хочуць хутчэй скончыць працоўны дзень. Раптам у гэты раз ты здасі раней — было б цудоўна.
— 21:00. Кніга. Будзе. У вас.
Віктар скончыў званок. Сітуацыя была крытычная. Ранішняя кава прапушчаная, абед таксама, кніга яшчэ не пачатая, новы прыхільнік пераследуе. Трэба як найхутчэй вяртацца дадому і брацца за справу.
17:25. Віктар вярнуўся дадому. У кватэры было ціха і спакойна, рэчы ляжалі на сваіх звыклых месцах. Звычайна ён натхняўся спісам Топ-30 папулярных раманаў дня.
Ён запусціў праграму з штучным інтэлектам, паставіў задачу — і праз хвіліну ў Віктара ўжо быў кароткі агляд усіх кніг і падрабязная справаздача пра сённяшнія трэнды крымінальных раманаў. Пісьменнік заглыбіўся ў чытанне, уважліва вывучаючы кожную дробязь. Ачнуўся толькі без пятнаццаці дзевяць.
Да тэрміну падачы заставалася 15 хвілін. Пісьменнік пачуў голас памочніка, які нагадаў, што ён яшчэ паспявае.
Віктар запусціў пісьменніцкую праграму, увёў асноўныя тэзісы, ідэю твора, скапіраваў персанажаў з папярэдняй кнігі, выбраў з выпадальнага спісу падазраваных і забойцу, нават трохі павесяліўся — абраў шаблон лексікі 1990-х гадоў. Заставалася самае складанае — прыдумаць назву.
З улікам уведзенай інфармацыі генератар прапанаваў некалькі варыянтаў. Два з іх былі даволі кароткія — усяго 5 слоў, але Віктару яны падаліся невыразнымі. Ён абраў выдатную назву з шасці слоў — “Прэтэнцыёзна і трапляю ў таргет”, – падумаў ён. Віктар пацвердзіў выбар і даслаў у выдавецтва новую кнігу, не забыўшы паставіць птушкі насупраць дадатковых функцый, якія прапаноўваў пашыраны пакет “Про”: аўтаматычны пераклад на 30 найбольш распаўсюджаных моў, аўдыякніга з 15 рознымі галасамі, 100 ілюстрацый для люкс-выдання.
Віктар зірнуў на гадзіннік: 20:59 — паспеў. Справа зроблена. Можна дапіць сваю астыўшую ранішнюю каву і класціся спаць.
Заўтра трэба прачнуцца ў час. Да 21:00 выдавец будзе чакаць новую кнігу.