У апошні раз - У апошні раз
Сонца.
Высокае недасяжнае сонца стаяла на бязмежна блакітным небе. Яно спальвала ўсё вакол, і не было выратавання ад яго ў гэтай знежывелай пустыні, дзе вецер бязгучна шамацеў пяском. І кожная пясчынка, спаленая сонцам іскрылася ўнутраным святлом.
А на адной з дзюнаў ляжаў зняможаны чалавек. Ён быў нерухомы і здавалася, што ён памёр. Сотні дзён Сонца і пустыня ляпілі з яго, як з гліны, тое, чым ён быў цяпер. Пясок выеў яму вочы, сонца спаліла скуру, вецер парэзаў плоць, а халодныя зоркі абсыпалі яго галаву, такую яшчэ маладую, сівізной. Такім ён ляжаў на пагорку, ледзь дыхаючы. Хто ведае, навошта ён адправіўся ў гэты шлях? Наўрадці ён сам ведаў пра гэта. Пад гарачым сонцам паўднёвы вецер, перабіраючы пясок, даўно ўжо замеў яго сляды, што тонкай нітачкай віліся кіламетр за кіламетрам, дзень за днём.
А абыякавае сонца не магло, ды і не хацела звяртаць увагу на такую вартую жалю істоту. Яно працягвала свой нястомны бег вакол Зямлі. Бурыліся імперыі, знікалі народы, паўставалі з попелу гарады, каб зноў згарэць. Жылі без вестак людзі і таксама без вестак паміралі за ідэі, якія ўжо праз імгненне станавіліся тленам. І толькі Сонца — спакойны і сляпы суддзя — абыякава назірала за гэтым.
Што яму да нас? Што яму да таго? Яшчэ адзін чалавек заблукаў у сабе… Што будзе, калі гэты чалавек памрэ тут у пясках? Хто будзе плакаць? Якія надзеі згінуць? Што добрае сыдзе разам з Ім? Але чалавек не збіраўся паміраць. Ён падняўся на ногі, засланіўся ад Сонца і пайшоў прэч, чэрпаючы з вядомых толькі Яму аднаму крыніц сілы. Так ён ішоў, адольваючы кожны метр, спатыкаючыся і падаючы. Вецер здрадніцкі дзьмуў у твар, перашкаджаў ісці, забіваў рот пяском. Але чалавек ішоў. Ішоў, і не спадзяваўся на дапамогу сяброў.
Сонца ўжо садзілася за пяскі, пасылаючы развітальныя прамяні святла. У чарнеючых нябёсах ветліва заміргалі зоркі. Чалавек упаў ад стомы і, нарэшце, забыўся сном. А зоркі, маўклівыя вартавыя цела, ва ўсю гуляліся з душой чалавека.
Але надыдзе новы дзень. І Сонца зноў устане над зямлёй, каб убачыць шлях асуджанага чалавека да мары. А зоркі былі спакойныя і ціхія, яны ведалі: калі-небудзь ён упадзе на белы пясок ля берагу мора і ўсміхнецца.
У апошні раз.