Ці мараць андроіды пра электрычных авечак? - 10. ДЗЕСЯЦЬ
ДЗЕСЯЦЬ
Дом Правасуддзя на вуліцы Місіі, на чый дах сеў хаверкар, быў азначаны шэрагамі барочных, пакрытых арнаментамі спічакоў; адначасова мудрагелісты і сучасны, будынак спадабаўся Рыку сваёй архітэктурай. Калі не ўлічваць адзін момант – раней ён яго ніколі не бачыў.
Паліцэйскі хаверкар прызямліўся. Некалькі хвілін пазней Рык усвядоміў, што затрыманы.
– 304-я, – сказаў афіцэр Крамс сержанту на рэцэпцыі. – І 612-я, пэўна пункт 4-ы. Выдае сябе за афіцэра паліцыі.
– Гэта 406-я, пункт 7-ы, – удакладніў сяржант на рэцэпцыі, запаўняючы паперы. Ён пісаў няспешна, нібы яму было лянотна і сумна гэтым займацца. Звычайныя справы, паказвалі яго пастава і выраз твару. Нічога важнага.
– Сюды, – сказаў афіцэр Крамс Рыку і павёў яго да маленькага белага стала, за якім тэхнік усталёўваў знаёмыя прылады. – Для зняцця патэрну мазгавой актыўнасці, — патлумачыў Крамс. – У мэтах ідэнтыфікацыі.
– Ведаю, – прабурчаў Рык. Некалі ён сам працаваў быком і пасадзіў безліч падазраваных за стол кшталту гэтага. Кшталту, але не за гэты.
Калі патэрн мазгавой актыўнасці быў сабраны, Рыка адвялі ў пакой, які таксама падаваўся яму знаёмым; несвядома ён пачаў узгадваць рэчы, якія ў яго былі з сабой і якія прыйдзецца пакінуць. Ніякага сэнсу, казаў ён сабе. Хто гэтыя людзі? Калі гэта месца заўсёды існавала, чаму мы пра яго не ведалі? І чаму яны не ведалі пра нас? Два паралельныя паліцэйскія агенцтвы, нагадаў ён сабе; нашае і гэтае. Але мы ніколі не сустракаліся – наколькі я ведаю зараз. Ці ўсё ж сустракаліся, думаў ён. Можа, такое адбываецца не ўпершыню. Цяжка ўявіць, разважаў ён, што гэтага не здаралася так доўга. Калі тут сапраўдны паліцэйскі пост; калі яны сапраўды тыя, за каго сябе выдаюць.
Мужчына, не ва ўніформе, адхіснуўся ад сцяны, ля якой стаяў; ён наблізіўся да Рыка вывераным, спакойным крокам, пазіраючы на яго з цікавасцю. – Гэтага за што? – запытаўся ён у Крамса.
– Падазраваны ў забойстве, – адказаў Крамс. – Цела мы знайшлі – яно было ў яго аўто – але ён кажа, што гэта андроід. Мы праверым, адправім касцяны мозг на аналіз у лабараторыю. І выдае сябе за афіцэра паліцыі, паляўнічага за галовамі. Атрымаў доступ у грымёрную жанчыны, дзе задаваў ёй непрыстойныя пытанні. Яна займела сумневы, што ён той, за каго сябе выдае, і затэлефанавала да нас, – адступаючы назад, Крамс дадаў: – Закрываць яго, сэр?
– Так, – старэйшы афіцэр, не ва ўніформе, блакітнавокі, з вузкім, доўгім носам і невыразнымі вуснамі правёў вачыма па Рыку і спыніўся на яго партфелі. – Што ў вас там, містар Дэкард?
Рык адказаў:
– Прылады для правядзення тэста Войта-Кампфа. Я тэставаў падазраваную, калі афіцэр Крамс затрымаў мяне, – ён назіраў, як паліцэйскі выцягваў рэчы з партфеля і ўважліва вывучаў кожную. – Пытанні, якія я задаваў міс Люфт, гэта стандартныя пытанні тэста Войта-Кампфа, надрукаваныя…
– Вы знаёмы з Джорджам Глісанам і Філам Рэшчам? – спытаў паліцэйскі афіцэр.
– Не, – адказаў Рык. Ніводнае імя нічога не значыла для яго.
– Яны – паляўнічыя за галовамі ў Паўночнай Каліфорніі. Абодва належаць да нашага дэпартамента. Можа, вы іх заспееце, пакуль будзеце тут. Вы андроід, містар Дэкард? Я задаю гэтае пытанне, бо ў мінулым мы ўжо сустракалі збеглых андраў, якія выдавалі сябе за паляўнічых за галовамі з іншых штатаў, што апынуліся тут нібыта ў пошуках падазраваных.
Рык сказаў:
– Я не андроід. Можаце правесці тэст Войта-Кампфа; я ўжо яго праходзіў, і прайду зноў. Можна мне патэлефанаваць жонцы?
– Вам дазволена зрабіць адзін званок. І вы будзеце гутарыць з ёй, а не з адвакатам?
– Так, – адказаў Рык. – Яна знойдзе мне адваката.
Афіцэр у цывільным перадаў яму 50-ці цэнтавую манету і паказаў у дальні канец пакоя:
– Відэафон там.
Ён назіраў, як Рык ішоў праз пакой. Потым вярнуўся да вывучэння змесціва партфеля Рыка.
Рык укінуў манету і набраў дамашні нумар. І стаяў у чаканні, якое падавалася вечнасцю.
На экране з’явіўся жаночы твар.
– Вітаю, – сказала яна.
Гэта не Ірэн. Ён ніколі не бачыў гэтую жанчыну.
Ён паклаў слухаўку і павольна вярнуўся да афіцэра.
– Не пашанцавала? – спытаў афіцэр. – Можаце зрабіць яшчэ адзін званок; мы не будзем перашкаджаць. Аднак вы не можаце дамовіцца, каб за вас унеслі заклад, бо з вашымі абвінавачваннямі вас нельга выпускаць. Аднак, калі адбудзецца судовае пасяджэнне…
– Ведаю, – сказаў Рык з горыччу. – Паліцэйскія працэдуры мне знаёмыя.
– Ваш партфель, – сказаў афіцэр, перадаючы яго Рыку. – Зайдзіце пазней у мой кабінет, я б хацеў з вамі пагаварыць.
Ён ішоў па калідоры ўніз, Рык за ім. Потым афіцэр спыніўся, павярнуўся да яго і сказаў:
– Мяне завуць Гарланд, – ён працягнуў руку, і Рык яе паціснуў. – Сядайце, – сказаў Гарланд, адкрываючы дзверы кабінета і мінаючы вялікі, амаль пусты стол.
Рык сеў тварам да стала.
– Тэст Войта-Кампфа, – пачаў Гарланд, – які вы згадвалі, – ён кіўнуў на партфель. – І гэтыя рэчы, што вы носіце, – ён дастаў люльку, набіў яе і запаліў. Імгненне, зацягнуўшыся, пра нешта думаў. – Гэта аналітычная прылада для выяўлення андраў?
– Гэта наш асноўны тэст, – адказаў Рык. – Адзіны, якім мы карыстаемся зараз. Адзіны, здольны распазнаць андроідаў з мозгам Нэксус-6. Хіба вы не чулі пра яго?
– Я чуў пра некалькі аналітычных тэстаў. Але не пра гэты, – ён працягваў пільна вывучаць Рыка, яго твар стаў засяроджаным; Рык не мог зразумець, пра што Гарланд думае. – Гэтыя змятыя аркушы копій, – працягнуў ён, – якія ў вашым партфелі. Полакаў, міс Люфт… вашыя цэлі. І наступны – я.
Рык утаропіўся ў яго, потым узяў партфель.
Праз імгненне аркушы ляжалі перад ім. Гарланд меў рацыю; Рык прагледзеў запісы. Ніводзін з двух прысутных людзей – ці, дакладней, ні ён, ні Гарланд – нейкі час не казалі ні слова, пакуль Гарланд нервова не закашляўся, каб прачысціць горла.
– Прыкрая сітуацыя, – сказаў афіцэр. – Раптам знайсці сваё імя ў спісе цэляў паляўнічага за галовамі. Ці кім бы вы там ні былі, містар Дэкард, – ён націснуў кнопку на інтэркоме. – Мне патрэбны паляўнічы за галовамі; усё роўна хто. Добра. Дзякуй, – ён выключыў інтэрком. – Філ Рэшч далучыцца да нас неўзабаве, – сказаў ён Рыку. – Хачу прагледзець яго спіс да таго, як вырашыць, што рабіць далей.
– Думаеце, я магу быць яго цэлем?
– Верагодна. Хутка даведаемся. Лепей ведаць дакладна наконт такой важнай справы. Не пакідаць усё на самацёк. Гэтая інфармацыя пра мяне, – Ён паказаў на аркушы. – Там сказана, што я не інспектар паліцыі, а страхавы агент. Усё астатняе слушна: фізічныя дадзеныя, узрост, звычкі, дамашні адрас. Так, гэта я, згодны. Паглядзіце самі, – ён пасунуў старонку да Рыка, які ўзяў яе і бегла прачытаў.
Дзверы кабінета расчыніліся, і ў іх з’явіўся высокі хударлявы мужчына з рэзкімі рысамі твару. Ён насіў акуляры ў рогавай аправе і пушыстую бародку ў стылі Вандайка. Гарланд падняўся і кіўнуў на Рыка.
– Філ Рэшч, Рык Дэкард, вы абодва паляўнічыя за галовамі, і нарэшце вы сустрэліся.
Рык паціснуў руку Рэшча, і той запытаўся:
– У якім горадзе вы працуеце?
Гарланд адказаў замест Рыка:
– Сан Францыска. Вось, паглядзі яго спіс. Гэты ідзе наступным, – ён перадаў Філу Рэшчу аркуш, які вывучаў Рык і ў якім было яго ўласнае апісанне.
– Ого, Гар, – сказаў Філ Рэшч. – Гэта ж ты.
– І яшчэ, – сказаў Гарланд. – У яго лісце на выключэнне-ліквідацыю тая оперная спявачка, Люба Люфт, і Полакаў. Памятаеш Полакава? Ён цяпер мёртвы; паляўнічы за галовамі ці андроід ці хто ён там забіў яго, і мы цяпер робім аналіз касцянога мозга ў лабараторыі. Зразумець, ці ёсць нейкая магчымая падстава…
– Гэта той Полакаў, з якім я размаўляў? – сказаў Філ Рэшч. – Вялікі Санта Клаус з Савецкай паліцыі? – думаючы, ён несвядома пашчыпваў сваю растрапаную бародку. – Мяркую, гэта добрая ідэя – адправіць на аналіз яго касцяны мозг.
– Добрая ідэя? Чаму ты так кажаш? – спытаў Гарланд, дакладна раздражнёны. – Мы робім аналіз для таго, каб гэты чалавек Дэкард не меў законных падстаў сцвярджаць, што ён нікога не забіваў, а толькі ‘выключыў андроіда’.
Філ Рэшч сказаў:
– Ад Полакава ў мяне былі мурашкі. Вельмі засяроджаны і зашмат усё пралічвае; адчужаны.
– Ты зараз апісаў палову савецкіх паліцэйскіх, – сказаў Гарланд, амаль раз’юшаны.
– Асабіста не знаёмы з Любай Люфт, – сказаў Філ Рэшч. – Хаця і чуў яе ў запісах.
І звярнуўся да Рыка:
– Вы паспелі правесці з ёй тэст?
– Я пачаў, – сказаў Рык. – Але не мог дабіцца дакладных адказаў. Потым яна выклікала патрульнага, і вось я тут.
– А Полакаў? – спытаў Філ Рэшч.
– Ён не даў мне магчымасці правесці тэст.
Філ Рэшч сказаў, у большасці самому сабе:
– І, мяркую, тэставанне інспектара Гарланда вы таксама не праводзілі.
– Вядома, не, – перапыніў Гарланд з тварам, скрыўленым ад абурэння; ён нібы страляў словамі, горкімі і рэзкімі.
– Якім тэстам вы карыстаецеся? – спытаў Філ Рэшч.
– Шкала Войта-Кампфа.
– Менавіта гэты не ведаю, – абодва Рэшч і Гарланд задумаліся, але кожны нібы пра свае. – Я заўсёды казаў, – працягнуў Рэшч, – што найлепшым месцам для андроіда будзе вялікая паліцэйская арганізацыя, такая, як СПА. З першай сустрэчы з Полакавым я хацеў правесці над ім тэст, але не ведаў, якую знайсці нагоду. І ўжо не знайду… што і з’яўляецца адной з пераваг такой ролі для кемлівага андроіда.
Павольна падымаючыся, Інспектар Гарланд паглядзеў у твар Філа Рэшча і сказаў:
– Вы і мяне хацелі пратэставаць, так?
Стрыманая ўсмешка з’явілася на твары Філа Рэшча; спачатку ён нібы збіраўся адказаць, але проста паціснуў плячыма. І маўчаў. Не падавалася, што ён баіцца свайго начальніка, нягледзячы на відавочную злосць Гарланда.
– Не думаю, што вы добра разумееце сітуацыю, – сказаў Гарланд. – Гэты чалавек – ці андроід – Рэк Дэкард прыйшоў да нас з фантомнага, выдуманага, не існуючага паліцэйскага агенцтва, якое, як ён сцвярджае, дзейнічае з закінутага офіса на вуліцы Ломбард. Ён ніколі не чуў пра нас, а мы пра яго – хаця, як відаць, працуем у адным горадзе. Ён карыстаецца тэстам, пра які мы ніколі не чулі. Яго спіс – спіс не андроідаў, а людзей. Ён ужо забіваў сама меней раз. І калі б міс Люфт не патэлефанавала, ён бы забіў і яе, і потым, у рэшце рэшт, пачаў бы шукаць мяне.
– Ну… – прамармытаў Філ Рэшч.
– Ну-ну, – перадражніў Гарланд, ужо дакладна раз’юшаны. Яго, падавалася, зараз хопіць апаплексічны ўдар. – Гэта ўсё, што ты можаш сказаць?
Уключыўся інтэрком, і жаночы голас паведаміў:
– Інспектар Гарланд, аналіз лабараторыі наконт цела містара Полакава гатовы.
– Мяркую, мы ўсе маем права ведаць, што там, – сказаў Філ Рэшч.
Раздражнёны Гарланд кінуў на яго позірк і кіўнуў. Потым схіліўся і націснуў кнопку інтэркома:
– Скажыце, што там, міс Фрэнч.
– Аналіз коснага мозгу, – сказала міс Фрэнч, – паказаў, што містар Полакаў быў гуманоідным робатам. Ці жадаеце дэталёвы…
– Не, гэтага хопіць, – Гарланд адкінуўся ў крэсле і злосна сузіраў супрацьлеглую сцяну; ён не казаў нічога ні Рыку, ні Філу Рэшчу.
Рэшч сказаў:
– Што ў аснове вашага тэсту Войта-Кампфа, містар Дэкард?
– Эмацыйная рэакцыя. Спагада. У розных сацыяльных здарэннях. Большасць звязаная з жывёламі.
– Наш, пэўна, прасцейшы, – сказаў Рэшч. – Час утварэння рэфлектарнай дугі ў верхніх гангліях спіннога мозгу нервовай сістэмы ў гуманоіднага робата на некалькі секунд даўжэйшы, чым у чалавека, – ён пацягнуўся праз стол Гарланда, дастаў нататнік і асадкай намаляваў схему. – Мы выкарыстоўваем гукавы сігнал ці ўспышку святла. Асоба націскае кнопку і адзначаецца час рэакцыі. Канешне, робім некалькі спроб. У андроіда і чалавека час адрозніваецца. Пасля дзесяці вымярэнняў мы можам быць пэўныя. І, як у вашым выпадку з Полакавым, вынік падмацоўваецца тэстам коснага мозга.
Пасля хвіліны цішыні Рык сказаў:
– Можаце мяне праверыць. Я гатовы. І, канешне, вас я б таксама хацеў праверыць. Вы ж не супраць?
– Канешне, не, – адказаў Рэшч. Ён, аднак, вывучаў інспектара Гарланда. – Я гадамі казаў, – прамармытаў Рэшч, – што тэст Рэфлектарнай Дугі Банэлі варта рабіць усім супрацоўнікам паліцыі, і чым вышэй па службовай лесвіцы, тым прыярытэтней. Казаў жа, інспектар?
– Так, – адказаў Гарланд. – А я заўсёды быў супраць. Бо гэта панізіць маральны дух дэпартамента.
– Цяпер я думаю, – сказаў Рык, – што пярэчанняў з вашага боку не павінна быць, улічваючы вынікі з лабараторыі па Полакаву.