comicsby.live
  • КОМІКСЫ
  • ФАНФІКІ
  • АПАВЯДАННІ
  • ЧАСОПІСЫ
  • БЛОГІ
  • ПЕРАКЛАДЫ
  • АЎТАРСКІЯ ТВОРЫ
  • ПРЫШПІЛЬНЫЯ КОМІКСЫ
  • Інфармацыя
    • Звязацца з намі
    • Прапанаваць публікацыю
  • Мой аккаўнт
    • Уваход праз google
    • Уваход праз Twitter (X)
    • Уваход для аўтараў
    • Мае налады
    • Выхад
Advanced
  • КОМІКСЫ
  • ФАНФІКІ
  • АПАВЯДАННІ
  • ЧАСОПІСЫ
  • БЛОГІ
  • ПЕРАКЛАДЫ
  • АЎТАРСКІЯ ТВОРЫ
  • ПРЫШПІЛЬНЫЯ КОМІКСЫ
  • Інфармацыя
    • Звязацца з намі
    • Прапанаваць публікацыю
  • Мой аккаўнт
    • Уваход праз google
    • Уваход праз Twitter (X)
    • Уваход для аўтараў
    • Мае налады
    • Выхад
Family Safe
Family Safe
  • Жанры
    • Рамантыка
    • Супергероі
    • Камедыя
    • Драма
    • Баявік
    • Дэтэктыў
    • Для дарослых
    • Прыгоды
    • Анімэ
    • Школа
    • Фэнтазі
    • Гістарычны
    • Хорар
    • Манга
    • Містыка
    • Уаншот
    • Псіхалагічны
    • Фантастыка
    • Спорт
  • Выдавецтвы коміксаў
    • Marvel
    • DC
    • Image comics
    • Dark Horse
    • IDW
    • Boom! Studios
    • Oni Press
  • Фандомы фанфікаў
    • Harry Potter
    • Avengers
    • Spider-man
    • Star Wars
    • Genshin Impact
    • Good Omens
  • Аўтары
Prev
Next

Ці мараць андроіды пра электрычных авечак? - 18. ВАСЯМНАЦЦАЦЬ

  1. Хатняя старонка
  2. Ці мараць андроіды пра электрычных авечак?
  3. 18. ВАСЯМНАЦЦАЦЬ
Prev
Next

ВАСЯМНАЦЦАЦЬ

– Прынясі сюды тое, што засталося, – сказала Прыс Джэй Эр Ізідору. – Спачатку тэлевізар. Каб мы маглі пачуць сенсацыю Бастара.

– Так, – пагадзілася Ірма Бэці, – Нам патрэбны тэлевізар; мы так доўга чакалі сённяшняга вечара, і нарэшце ўсё хутка пачнецца.

– Мой тэлевізар ловіць урадавы канал, – адказаў Ізідор.

У куце гасцёўні, седзячы ў глыбокім крэсле так, быццам ён збіраўся застацца там назаўсёды, быццам там ужо яго жытло, Рой Бэці хмыкнуў і цярпліва прамовіў:

– Мы хочам паглядзець Бастара Сяброўскі і яго Сяброўскіх Сяброў, Із. Ці хочаш, каб я называў цябе Джэй Эр? Ты мяне разумееш? Дык прынясі нарэшце тэлевізар.

Адзін, Ізідор пайшоў уніз па пустому калідору, які адгукаўся рэхам. Чароўныя, магутныя пялёсткі шчасця па-ранейшаму распускаліся ў ім, сэнс яго жыцця – які ён упершыню знайшоў у сваім сумным, нецікавым існаванні – быць карысным. “Іншыя залежаць ад мяне”, – думаў ён, радуючыся, калі ішоў уніз на ніжні паверх па запыленых прыступках.

“І, – думаў ён, – будзе файна зноў глядзець Бастара Сяброўскі па тэлевізары, замест таго, каб проста слухаць па радыё ў працоўным фургоне. І гэта слушна, – вырашыў ён, – Бастар Сяброўскі распавядзе пра сваё сенсацыйнае адкрыццё сёння ўвечары. Таму дзякуючы Прысу, Рою і Ірме я пагляджу тое, што, можа быць, будзе самай важнай навіной за некалькі год. Вось так вось,” – сказаў ён сабе.

Жыццё, адчуў Джэй Эр Ізідор, дакладна наладжваецца.

Ён увайшоў у былую кватэру Прыс, выключыў з разеткі тэлевізар і дастаў антэну. Адразу ж з’явілася цішыня; яго рукі сталі бязважкімі. У адсутнасці абодвух Бэці і Прыс яму падавалася, што ён знікае сам, паступова, частка за часткай, становіцца падобным да змоўклага тэлевізара, які ён сам толькі што выключыў. “Табе трэба больш быць сярод людзей, – падумаў ён. – Каб увогуле жыць. Але цяпер усё змянілася. Ты не зможаш жыць так, як раней. Нельга было сыходзіць ад людзей да не-людзей”. У паніцы ён усвядоміў, што цяпер залежыць ад іх. Дзякуй Богу, што яны засталіся.

Спатрэбіцца двойчы вярнуцца, каб перанесці ўсе рэчы Прыс у кватэру наверсе. Ён вырашыў спачатку перанесці тэлевізар, а потым валізкі і пазасталыя рэчы.

Пра некалькі хвілін ён занёс тэлевізар наверх; з хрустам у пальцах паставіў яго на кававы столік у гасцёўні. Абодва Бэці і Прыс безуважна назіралі.

– У гэтым будынку добра ловіцца сігнал, – ён перавёў дыханне, уваткнуў шнур у разетку і прымацаваў антэну. – Калі я глядзеў Бастара Сяброўскі і яго…

– Проста ўключы тэлік, – перабіў Рой Бэці, – і змоўкні.

Ізідор так і зрабіў, а потым заспяшаўся да дзвярэй.

– Трэба схадзіць яшчэ раз, – сказаў ён. І марудзіў, каб крыху пагрэцца ў цяпле іх прысутнасці.

– Добра, – сказала Прыс здалёк.

Ізідор рушыў. “Можа, яны проста карыстаюцца мной, – падумаў ён. Але яму было ўсё адно. – Яны мае сябры, і добра, што яны ў мяне ёсць.”

Унізе ён сабраў разам рэчы дзяўчыны, паклаў у валізы, потым ізноў цяжка пакрочыў па калідоры і падняўся па сходах.

На прыступцы вышэй за яго нешта малое рухалася ў пыле.

Ён тут жа апусціў валізы; дастаў пластыкавую медыцынскую бутэльку, якую, як кожны чалавек, насіў з сабой якраз для такога выпадку. Павук, непрыкметны і жывы. Дрыготкімі рукамі ён асцярожна перамясціў істоту ў бутэльку і шчыльна зашпіліў загадзя праколатае іголкай вечка.

Уверсе, ля дзвярэй сваёй кватэры, ён спыніўся, каб перавесці дыханне, і пачуў:

“… так, народ, час прыйшоў. Гэта Бастар Сяброўскі, я сам нецярпліва чакаю, каб падзяліцца адкрыццём, якое я зрабіў і якое, дарэчы, пацверджана вядучымі даследчыкамі, яны дзеля таго працавалі да ночы пару мінулых тыдняў. Хо-хо-хо, народ! Пачынаем!”

– Я знайшоў павука, – сказаў Ізідор.

Тры андроіды імгненна павярнуліся, пераводзячы сваю ўвагу з тэлевізара на яго.

– Пакажы, – сказала Прыс і працягнула руку далонню ўверх.

– Не замінайце слухаць Бастара, – крыкнуў Рой Бэці.

– Ніколі не бачыла павука, – сказала Прыс. Яна вярцела бутэльку, вывучаючы стварэнне ўнутры. – Колькі ног. Навошта яму столькі ног, Джэй Эр?

– Яны нараджаюцца такімі, – адказаў Ізідор, яго сэрца моцна білася; дыхаць станавілася цяжка. – У іх восем ног.

Устаўшы з крэсла, Прыс сказала:

– Ведаеш, што я думаю, Джэй Эр? Наўрад ці яму патрэбна столькі ног.

– Восем? – здзівілася Ірма Бэці. – Хіба чатырох яму было б недастаткова? Адрэж чатыры, і паглядзім.

Імпульсіўна яна раскрыла сваю торбачку, дастала пару чыстых, вострых манікюрных нажніцаў і тут жа перадала іх Прыс.

Жах ахапіў Джэй Эр Ізідора.

Прыс занесла бутэльку ў кухню і села за столік, за якім Ізідор звычайна еў. Яна скруціла вечка і вытрасла павука.

– Ён, пэўна, болей не зможа бегчы так жа хутка, як раней, – сказала яна. – Але тут усё роўна няма нікога, каго б ён мог лавіць. Ён памрэ так ці інакш.

Яна ўзяла нажніцы.

– Калі ласка, не, – сказаў Ізідор.

Прыс зірнула на яго дапытліва:

– Яно для цябе нешта значыць?

– Не нявеч яго, – папрасіў ён хрыпла. Умольна.

Прыс адрэзала нажніцамі адну з лап.

У гасцёўні Бастар Сяброўскі прамаўляў з экрана тэлевізара:

– Паглядзіце на гэты павялічаны кавалак фону. Неба, якое вы звычайна бачыце. Секунду, у мяне тут Эрл Вымяральнік, ачольнік даследчай каманды, ён патлумачыць вам адкрыццё, ад якога страсянецца сусвет.

Прыс адрэзала наступную нагу, трымаючы павука краем рукі. Яна смяялася.

– Пасля пільнага лабараторнага даследавання павялічаных кадраў відэа, – сказаў новы голас з тэлевізара, – мы прыйшлі да высновы, што шэры ўчастак неба і дзённы маладзік, на фоне якіх рухаецца Спагадчык, не былі знятыя на Зямлі – яны ўвогуле штучныя.

– Вы ўсё прапусціце! – крыкнула да Прыс усхваляваная Ірма; яна пабегла да дзвярэй кухні. Убачыла, што пачала рабіць Прыс. – Зробіш гэта пасля, – прапанавала яна настойліва. – Тое, што яны кажуць, вельмі важна; гэта даказвае, што ўсё, ува што мы верылі…

– Ціха! – сказаў Рой Бэці.

…праўда, – скончыла Ірма.

Па тэлевізары казалі далей:

– Месяц намаляваны; у павелічэнні, што вы цяпер бачыце на экране, можна заўважыць мазкі пэндзля. І нават ёсць некалькі сведчанняў таго, што сухія хмызы і змрочная, бясплодная глеба — магчыма, нават камяні, кінутыя ў Спагадчыка нявідомымі нібыта нападнікамі — таксама падробленыя. Цалкам магчыма, што гэтыя ‘камяні’ зробленыя з мяккага пластыку, ад якога немагчыма атрымаць сапраўдных ран.

– Іншымі словамі, – перарваў Бастар Сяброўскі, – Уілбур Спагадчык не пакутуе ад слова зусім.

Ачольнік даследчыкаў працягнуў:

– Нарэшце мы здолелі, містар Сяброўскі, знайсці былога працаўніка Галівуду, прафесіянала ў галіне спецэфектаў, містара Уэйда Картота, які наўпрост сцвердзіў з вышыні свайго шматгадовага досведу, што фігура ‘Спагадчыка’ магла быць сыграна якім-небудзь другарадным акторам, які проста ішоў па сцэне пад музыкальнае суправаджэнне. Картот нават сказаў, што ён распазнае сцэну – гэта адна з тых, якімі раней карыстаўся адзін былы кінарэжысёр, з якім Картот вёў справы некалькі дзесяцігоддзяў таму.

– Ніякіх сумневаў, – сказаў Бастар Сяброўскі, – пасля слоў Картота.

Прыс паспела адрэзаць тры лапы ў павука, які, няшчасны, поўз па стале, шукаючы выйсце, шлях да свабоды, але не мог знайсці.

– Мы ўпэўненыя ў звестках Картота, – сказаў ачольнік даследчыкаў сухім, педантычным голасам, – і прысвяцілі шмат часу таму, каб вывучыць усе даступныя фотаздымкі актораў другога плана, якія некалі працавалі ва ўжо неіснуючай кінаіндустрыі Галівуду.

– І вы знайшлі…

– Слухайце ўважліва, – сказаў Рой Бэці. Ірма пачала засяроджана ўзірацца ў экран, і Прыс перастала нявечыць павука.

– Мы знайшлі, прааналізаваўшы тысячы і тысячы здымкаў, цяпер вельмі старога чалавека па імені Эл Джэры, які граў ролі другога плану ў даваенных фільмах. Некалькі чалавек з нашай лабараторыі паехалі да дому Джэры ва Ўсходняй Гармоніі, Індыяна. І зараз адзін з чальцоў гэтай каманды распавядзе, што яны там убачылі.

Цішыня, потым новы голас, такі ж нудны:

– Хісткі і заняпалы дом стаіць на праспекце Ларка ва Ўсходняй Гармоніі на ўскрайку мястэчка, і ў ім не жыве ніхто, апроч Эла Джэры. Ён гасцінна запрасіў нас у дом. Я сеў у стары, няўтульны фатэль у затхлай, напоўненай смеццюкамі гасцёўні, і тэлепатычна прааналізаваў размыты, загрувашчаны аскепкамі мінулага розум Эла Джэры, які сядзеў насупраць мяне.

– Слухайце, – сказаў Рой Бэці. Ён сядзеў на самым канцы свайго крэсла, напружаны і гатовы кінуцца наперад, быццам драпежнік перад рыўком.

– Я высветліў, – працягнуў даследчык, – што стары чалавек зняўся ў шэрагу кароткіх пятнаццаціхвілінных відэа для замоўніка, з якім ён ніколі не сустракаўся. І, як мы і думалі, ‘камяні’ былі зробленыя з падобнага на гумку пластыка. Кроў – гэта кетчуп, і… – даследчык спыніўся, каб хіхікнуць, – адзінымі сапраўднымі пакутамі, якія зведаў містар Джэры ў той дзень, было тое, што цягам некалькіх гадзін ён не мог зрабіць ані глытка віскі.

– Эл Джэры, – сказаў Бастар Сяброўскі, вяртаючы свой твар у экран. – Ну і ну. Стары чалавек, які нават у свае лепшыя гады не дасягнуў нічога, за што яго можна было б паважаць. Эл Джэры зняў серыю нудных кароценькіх фільмаў. Для каго – ён не ведаў, і мы дагэтуль не ведаем. Аматарам вопыту спагадызму казалі, што Уілбур Спагадчык – не чалавек, што ён – вышэйшая істота, магчыма, незямная, з іншай зоркі. У нейкім сэнсе іх вера пацвердзілася. Уілбур Спагадчык не чалавек – яго насамрэч не існуе. Сусвет, у якім ён узыходзіць, на самой справе – танныя галівудскія дэкарацыі, якія ператварыліся на смецце дзесяцігоддзі таму. І хто тады зрабіў гэты розыгрыш з усёй Сонечнай сістэмай? Падумайце пра гэта, сябры.

– Можа, мы ніколі і не даведаемся, – ледзь чутна сказала Ірма.

Бастар Сяброўскі працягнуў:

– Можа, мы ніколі і не даведаемся. І не зразумеем, якая мэта стаяла за гэтым дзіўным падманам. Так, народ, падманам. Спагадызм – гэта падман!

– У гэтым няма сумневаў, – сказаў Рой Бэці. – Гэта відавочна. Спагадызм узнік…

– Але паразважайце пра гэта, – працягваў Бастар Сяброўкі. – Спытайце сябе, што робіць гэты спагадызм. Ну, калі верыць яго шматлікім прыхільнікам, досвед зліцця…

– Спагада, якая ёсць у людзей, – сказала Ірма, – злучае мужчын і жанчын па ўсёй Сонечнай Сістэме ў адзіную існасць. Але існасць, якой можна кіраваць праз так званы тэлепатычны голас ‘Спагадчыка.’ Гэта важна ўсведамляць. Амбіцыйны палітыкан кшталту Гітлера мог бы…

– Зноў гэтая спагада, – сказала Ірма. Сціснуўшы кулакі, яна ўвайшла на кухню да Ізідора. – Хіба гэта не спосаб даказаць, што людзі здольныя на нешта, на што не здольныя мы? Бо без гэтага досведу зліцця нам застаецца толькі верыць вам на слова, што вы адчуваеце нейкую спагаду, якой можаце дзяліцца, калі вы разам. Як там павук? – яна схілілася над плячом Прыс.

Прыс адрэзала нажніцамі яшчэ адну павучыную лапу.

– Цяпер чатыры, – сказала яна і злёгку кранула павука. – Ён не ідзе. Але мог бы.

Рой Бэці з’явіўся ў дзвярах, часта дыхаючы, з выразам задавальнення на твары:

– Гатова. Бастар сказаў гэта ўслых, і амаль кожны чалавек у сусвеце чуў яго. ‘Спагадызм – гэта падман.’ І ўсе размовы пра спагаду – падман, – ён падышоў бліжэй і з цікаўнасцю зірнуў на павука.

– Яно нават не спрабуе ўцячы, – сказала Ірма.

– Я прымушу яго ўцячы.

Рой Бэці дастаў пачак запалак, запаліў адну і трымаў яе побач з павуком, падносіў бліжэй і бліжэй, пакуль істота не пачала квола адпаўзаць.

– Я мела рацыю, – сказала Ірма. – Хіба я не казала, што яно можа рухацца і на чатырох лапах? – яна зірнула на Ізідора, нібы хацела, каб ён адказаў. – У чым справа? – спытала яна, кранаючыся яго рукі. – Ты нічога не згубіў; мы заплацім табе па – як яно там дакладна называлася – па каталогу Сіднэя. Ты выглядаеш такім сумным. Гэта з-за таго, што вынайшлі наконт Спагадчыка? Усё гэта іх выкрыццё? Гэй, адказвай, – яна нецярпліва штурхнула яго.

– Ён засмучаны, – сказала Прыс. – Бо ў яго ёсць скрыня спагаднасці. У іншым пакоі. Ты карыстаешся ёй, Джэй Эр? – запытала яна Ізідора.

Рой Бэці зірнуў на іх і сказаў:

– Канешне карыстаецца. Яны ўсе карыстаюцца – ці карысталіся. Можа, цяпер яны пачнуць задаваць пытанні.

– Я не думаю, што гэта пакладзе канец культу Спагадчыка, – сказала Прыс. – Але ў гэтую мінуту вельмі шмат людзей нешчаслівыя.

Яна звярнулася да Ізідора:

– Мы чакалі некалькі месяцаў; мы ведалі, што гэта адбудзецца, гэты выступ Бастара, – яна крыху павагалася, але дадала: – Ну, не бачу прычын ад цябе гэта хаваць. Бастар – адзін з нас.

– Андроід, – патлумачыла Ірма. – І ніхто не ведае. Ніводзін чалавек, я маю на ўвазе.

Прыс нажніцамі адрэзала яшчэ адну лапу ў павука. Раптам Джон Ізідор адштурхнуў яе і падняў скалечанае стварэнне. Ён паднёс яго да ракавіны і кінуў у ваду, дзе той патануў. Як і ўсе надзеі ўнутры Ізідора. Патанулі так жа хутка, як павук.

– Ён сапраўды засмучаны, – нервова прамовіла Ірма. – Не глядзі так, Джэй Эр. І чаму ты нічога нам не кажаш?

Прыс і свайму мужу Ірма сказала:

Мне становіцца вельмі сумна з-за таго, што ён стаіць там побач з ракавінай і не размаўляе; ён не сказаў ні слова з таго часу, як мы ўключылі тэлевізар.

– Гэта не з-за тэлевізара, – сказала Прыс. – А з-за павука. Так, Джон Эр Ізідор? З Ізідорам будзе ўсё добра, – паведаміла яна Ірме, якая выходзіла ў іншы пакой, каб выключыць тэлевізар.

Пазіраючы на Ізідора з лёгкай усмешкай, Рой Бэці сказаў:

– З ім пакончана, Із. Са спагадызмам, – сваімі пазногцямі ён здолеў выцягнуць цела павукі з ракавіны. – Можа, гэта быў апошні павук, – працягнуў ён. – Апошні жывы павук на Зямлі, – ён задумаўся. – У такім разе з павукамі таксама пакончана.

– Я… я дрэнна сябе адчуваю, – прамовіў Ізідор. З кухоннай шафы ён выцягнуў філіжанку; некалькі імгненняў стаяў, трымаючы яе – ён дакладна не мог сказаць, як доўга. І потым звярнуўся да Роя Бэці:

– А неба Спагадчык проста намаляваў? І яно не сапраўднае?

– Ты бачыў павелічэнне ў тэлевізары, – адказаў Рой Бэці. – Мазкі пэндзля.

– Са спагадызмам не пакончана, – запярэчыў Ізідор. Нешта было агульнае паміж трыма андроідамі, нешта жудаснае. “Павук, – падумаў ён. – Можа, гэта і быў апошні павук на зямлі, як сказаў Рой Бэці. І павука больш няма; Спагадчыка няма.” Ён бачыў пыл і руіны дамоў, якія паўзлі паўсюль – ён чуў, як ідуць смеццюкі, агульны хаос усіх форм, пустэча, якая ўсё пераможа. Яна расла вакол яго, калі ён стаяў, трымаючы пустую керамічную філіжанку; кухонныя шафы трашчалі і ламаліся, і ён пачуў, як прагінаецца падлога ў яго пад нагамі.

ЁН працягнуў руку і крануўся сцяны. Рука прабіла паверхню; шэрыя крупінкі сыпаліся і хутка падалі ўніз; фрагменты тынкоўкі, якія нагадвалі радыёактыўны пыл звонкі. Ён сеў за стол і, як згнілыя, падкасіліся ножкі крэсла; ён хутка ўстаў, паставіў філіжанку і паспрабаваў выправіць крэсла, паспрабаваў вярнуць яму слушную форму. Крэсла развальвалася ў яго руках; шрубы, якімі раней мацаваліся між сабою розныя часткі, вытыркнуліся і звісалі бездапаможна. Ён убачыў, як пакрываецца расколінамі керамічная філіжанка, нібы па ёй паўзе цень вінаграднай лазы. Маленькі кавалачак адкалоўся ад краю, агаліўшы шурпатую, няшліфаваную ўнутраную паверхню.

– Што ён робіць? – голас Ірмы Бэці сыходзіў нібы з далечыні. – Ён знішчае ўсё! Ізідор, хопіць…

– Не, – сказаў ён. Хістаючыся, прайшоў у гасцёўню, каб пабыць аднаму; стаў ля падранай канапы і ўтаропіўся ў жоўтую, заплямленую сцяну, кропкі на якой былі слядамі казюрак, якія казюркі пакінулі, калі некалі паўзлі па ёй, і зноў падумаў пра цела павука з чатырма ацалелымі лапамі. “Усё тут такое старое, – падумаў ён. – Гніенне пачалося шмат часу таму і ўжо не спыніцца. Усё тут такое, як цела мёртвага павука.”

У западзіне, выкліканай прагінаннем падлогі, з’явіліся часткі жывёл: галава крумкача, муміфікаваныя рукі, якія некалі маглі належаць малпе. Асёл стаяў крыху ў баку, не рухаўся і быў падобны на жывога; ён яшчэ не пачаў разлагацца. Ізідор пайшоў у той бок, адчуваючы, як пад яго ботамі трашчаць падобныя на галінкі косткі, сухія, як пустазелле. Але да таго, як ён дайшоў да асла – аднаго з тых стварэнняў, якія ён любіў найбольш – бліскучы сіні крумкач упаў зверху і сеў на абыякавую пысу жывёлы.

“Не трэба”, – сказаў ён гучна, але крумкач хутка выдзеўб асліныя вочы.

“Зноў, – падумаў ён. – Гэта адбываецца са мной ізноў. Я буду тут доўга, як раней. Гэта заўсёды доўга, бо тут ніколі нічога не змяняецца; у пэўны момант спыняецца нават гніенне.”

Узняўся сухі вецер, які зруйнаваў купы касцей вакол яго. “Нават вецер знішчае іх, – адзначыў ён. – Зараз, на гэтым этапе, якраз перад тым, як спыніцца час. Хацеў бы я памятаць, як вылезці адсюль.” Ён паглядзеў уверх, але не ўбачыў нічога, за што мог бы ўчапіцца.

“Спагадчык, – выгукнуў ён. – Дзе ты цяпер? Гэта магільнік, у які я трапіў ізноў, але гэтым разам цябе тут няма.”

Штосьці прапаўзло паўз яго нагу. Ён укленчыў і пачаў шукаць, што гэта было – і знайшоў, бо яно перамяшчалася вельмі павольна. Знявечаны павук, які рухаўся, спатыкаючыся, на сваіх пазасталых лапах; ён падняў яго і трымаў на сваёй далоні. Косці вакол, зразумеў ён, зрастаюцца, і павук зноў жывы. Значыць, Спагадчык блізка.

Падуў вецер, расколваючы і раскідваючы пазасталыя косткі, але ён адчуваў прысутнасць Спагадчыка. “Ідзі сюды, – сказаў ён Спагадчыку. – Прапаўзі паўз маю нагу ці знайдзі іншы спосаб дабрацца да мяне. Добра? Спагадчык, – падумаў ён. І закрычаў: – Спагадчык!”

Па краявіду кацілася пустазелле; пустазелле пранікала ў сцены вакол яго і разбірала іх, пакуль камень не ператварыўся на споры. Споры раслі, раздзяляліся і выбухалі дротам іржавай сталі і аскепкамі бетону, з якіх некалі складаліся сцены. Але спусташэнне засталося пасля таго, як сцены зніклі; спусташэнне паглынула ўсё астатняе. Акрамя кволай, цьмянай постаці Спагадчыка; стары чалавек са спакойным выразам твару глядзеў на яго.

“Неба намаляванае? – спытаў Ізідор. – Ці сапраўды можна ўбачыць мазкі пэндзля, калі яго павялічыць?”

“Так,” – адказаў Спагадчык.

“Я іх не бачу.”

“Ты занадта блізка, – патлумачыў Спагадчык. – Трэба быць далёка, як андроіды. У іх лепшая магчымасць для агляду.”

“І таму яны кажуць, што ты – ашуканства?”

“Я – ашуканства, – сказаў Спагадчык. – Яны шчырыя; іх даследаванне шчырае. З іх пункту гледжання я – стары актор другога плану Эл Джэры, які даўно на пенсіі. Усё іх выкрыццё – праўда. Яны размаўлялі са мной у мяне дома, як і сцвярджаюць; я сказаў ім усё, што яны хацелі ведаць, а хацелі яны ведаць усё.”

“І пра віскі таксама?”

Спагадчык усміхнуўся.

“Менавіта. Яны зрабілі добрую працу, з іх пункту гледжання выкрыццё Бастара Сяброўскі пераканаўчае. У іх будуць цяжкасці зразумець, чаму нічога не зменіцца. Бо ты па-ранейшаму тут, і я па-ранейшаму тут, – Спагадчык паказаў рукой на такі знаёмы бясплодны пагорак. – Я толькі што забраў цябе з магільніка і буду забіраць заўсёды, пакуль ты не страціш цікавасць і не пажадаеш скончыць. Тады ты павінен перастаць шукаць мяне, бо я ніколі не перастану шукаць цябе.”

“Мне не спадабалася тое, што казалі пра віскі, – сказаў Ізідор. – Гэта прыніжальна.”

“Гэта таму, што ты – высокамаральны чалавек. А я не. Я нікога не асуджаю, нават самога сябе, – Спагадчык працягнуў сціснутую руку, далонню ўверх. – Пакуль я не забыўся, у мяне засталося нешта тваё.” Ён раскрыў далонь. На ёй ляжаў раней скалечаны павук, але цяпер у яго ўсе лапы былі на месцы.

“Дзякуй.” Ізідор асцярожна ўзяў павука. Ён хацеў сказаць нешта яшчэ…

Спрацавала сігналізацыя.

Рой Бэці злосна закрычаў:

– У будынку паляўнічы за галовамі! Згасіце ўсё святло. Адцягніце яго ад скрыні спагаднасці; ён павінен быць у прытомнасці і стаяць ля дзвярэй. Давайце – штурхніце яго!

Prev
Next

Comments for chapter "18. ВАСЯМНАЦЦАЦЬ"

MANGA DISCUSSION

Пакінуць адказ Адмяніць адказ

You must Register or Login to post a comment.

Падказка: прачытаўшы, ацаніце твор зоркамі і падтрымайце аўтара ў каментары - яму будзе прыемна.
  • HOME
  • БЛОГІ
  • КАНТАКТ
  • ПРА НАС
  • ПРАВІЛЫ І ПАГАДНЕННІ (RODO)

(C) ComicsBY 2024

Sign in

Залагуйся праз Google
Continue with X

Lost your password?

← Back to comicsby.live

Sign Up

Register For This Site.

Залагуйся праз Google
Continue with X

Log in | Lost your password?

← Back to comicsby.live

Lost your password?

Please enter your username or email address. You will receive a link to create a new password via email.

← Back to comicsby.live