Ці мараць андроіды пра электрычных авечак? - 19. ДЗЕВЯТНАЦЦАЦЬ
ДЗЕВЯТНАЦЦАЦЬ
Ізідор паглядзеў уніз і ўбачыў уласныя рукі; яны ўчапіліся за ручкі скрыні спагаднасці. Калі ён стаяў, пазіраючы на іх, святло ў гасцёўні раптоўна знікла. Ён паспеў заўважыць, як у кухні Прыс паспешліва ўзяла са стала лямпу.
– Слухай, Джэй Эр, – прашаптала Ірма ў яго вуха; яна сціснула яго плячо так, што пазногці з вар’яцкай сілай ўпіліся ў скуру. Яна падавалася несвядомай таго, што рабіла; у невыразным паўночным святле звонку твар Ірмы стаў скажоным, перакрыўленым, ператварыўся на баязлівую маску з маленькімі, бязвечнымі вачамі. – Ты пойдзеш, – прашаптала яна, – да дзвярэй, калі ён пагрукае; пакажаш яму сваё пасведчанне і скажаш, што гэта твая кватэра і акрамя цябе тут ніхто не жыве. І запытаеш ордэр.
Прыс стаяла па іншым баку ад яго, паўсхіленая:
– Не дазваляй, каб ён увайшоў, Джэй Эр. Кажы што заўгодна; што заўгодна, што спыніць яго. Ты разумееш, што паляўнічы за галовамі зробіць, калі яму дазволіць сюды ўвайсці? Ты ўсведамляеш, што будзе з намі?
Ізідор адышоў ад дзвюх жанчын-андроідаў і навобмацак дабраўся да дзвярэй; пальцамі намацаў ручку, знерухомеў і прыслухаўся. Ён адчуваў, што калідор вонкі быў такім жа, як і заўсёды – пустым, гулкім і без прыкмет жыцця.
– Чуеш што-небудзь? – прашаптаў Рой Бэці, схіляючыся побач. Ізідор адчуў прагорклы пах цела, якое дрыжала; ён удыхаў жах, жах, які сыходзіў ад андроіда, нібы дымка. – Выйдзі і паглядзі.
Ізідор прыадчыніў дзверы і зірнуў у цемру калідора. Паветра было чыстым, нягледзячы на пыл. Ён усё яшчэ трымаў павука, якога яму даў Спагадчык. Ці быў гэта той самы павук, ад якога Прыс адразала часткі нажніцамі Ірмы Бэці? Напэўна, не. Ён ніколі не даведаецца. Але нейкім чынам павук быў жывы; поўз унутры сціснутай далоні, не кусаючы; як і ў большасці малых павукоў, жавалы не маглі пракалоць чалавечую скуру.
Ён дайшоў да канца калідора, спусціўся па лесвіцы і выйшаў на вуліцу, туды, дзе некалі была каменная сцежка, па баках якой квітнеў сад. Сад знік падчас вайны, а плітку пакрылі незлічоныя расколіны. Але ён памятаў наваколле; ён адчуваў пад нагамі знаёмую сцежку і ад таго напаўняўся спакоем, і ішоў па ёй уздоўж будынка, пакуль не дасягнуў апошняга зялёнага месца на мілі вакол – лапіка зямлі, дзе з пылу вытыркалася рэдкае, знемагаючае лісце пустазелля. Туды ён асцярожна паклаў павука. Адчуў няўпэўненыя рухі істоты, калі тая спаўзла з рукі. Ну, вось і ўсё; Ізідор выпрастаўся.
Прамень ліхтарыка ўзнік сярод пустазелля; у яго святле паўмёртвыя расліны выглядалі моцнымі, нават пагрозлівымі. І цяпер Ізідор мог бачыць павука; істота адпачывала на зубчатым лісці. Значыць, з ёй усё было добра.
– Што ты робіш? – спытаў чалавек, які трымаў ліхтар.
– Я адпусціў павука, – сказаў ён, не разумеючы, чаму мужчына не бачыць істоту; у жоўтым святле павук падаваўся поўным жыцця. – Каб ён мог уцячы.
– Чаму ты не забярэш яго да сябе ў кватэру? Ты мог бы трымаць яго ў банцы. Згодна з сіднэйскім каталогам, кошт большасці павукоў падняўся на дзесяць адсоткаў у рознічным гандлі. Ты мог бы атрымаць за яго сто з нечым даляраў.
– Калі я аднясу павука назад, яна зноў парэжа яго на часткі. Каб паглядзець, што з ім будзе, – адказаў Ізідор.
– Так робяць андроіды, – сказаў чалавек. Ён палез рукой у кішэню свайго паліто, дастаў нешта, разгарнуў і працягнуў Ізідору.
У няроўным святле ліхтара паляўнічы за галовамі падаваўся звычайным чалавекам, які нічым не ўражваў. Круглы твар і невыразныя, гладкія рысы; як у клерка-бюракрата ў офісе. Сістэматычны, але не скрупулёзны. Не паўбог; зусім не такі, якім Ізідор яго ўяўляў.
– Я следчы Дэпартамента Паліцыі Сан Францыска. Дэкард. Рык Дэкард, – мужчына закрыў свой гаманец з пасведчаннем і паклаў назад у кішэню паліто. – Яны там? Усе тры?
– Разумееце, рэч у тым, – пачаў Ізідор. – Што я клапачуся пра іх. Дзве – жанчыны. Яны апошнія ў групе; іншыя загінулі. Я прынёс тэлевізар Прыс з яе кватэры ў сваю, каб яны маглі глядзець Бастара Сяброўскі. Бастар знайшоў бясспрэчныя доказы таго, што Спагадчык не існуе, – Ізідор адчуў узбуджэнне, бо ён ведаў нешта важнае – навіну, якую паляўнічы за галовамі відавочна яшчэ не чуў.
– Хадзем туды, – сказаў Дэкард. Раптам у яго руцэ з’явілася лазерная трубка, нацэленая ў Ізідора; потым, аднак, ён нерашуча яе апусціў. – Ты ‘асаблівы’, так? – сказаў ён. – Тупагаловы.
– Але ў мяне ёсць праца. Я кіроўца грузавіка ў… – напалоханы, ён зразумеў, што забыўся на назву. – шпіталі для жывёл, – сказаў ён. – Шпіталь Гадаванцаў Ван Нэсса, – дадаў. – Які належыць Га-га-гані-ба-балу Слоату.”
Дэкард сказаў:
– Ты праводзіш мяне ўнутр і скажаш, у якой яны кватэры? Тут больш за тысячу асобных кватэр; інакш я змарную шмат часу, – яго голас быў стомленым.
– Калі ты заб’еш іх, то больш не зможаш зліцца са Спагадчыкам, – сказаў Ізідор.
– Ты не пойдзеш са мной? Не пакажаш, які паверх? Проста скажы, які. Кватэру я сам знайду.
– Не, – адказаў Ізідор.
– Згодна з федэральным законам і законам штата… – пачаў Рык. І змоўк. Не стаў усчынаць допыт. – Добрай ночы, – развітаўся ён і пайшоў, па сцежцы і да будынка, святло ліхтара рассейвалася на пажоўклай, расплывістай дарозе перад ім.
Унутры шматкватэрнага будынка Рык Дэкард згасіў свой ліхтар; ён кіраваўся рэдкім цьмяным святлом лямпачак уздоўж калідора. “Тупагаловы ведае, што яны андроіды; ён ведаў гэта да таго, як я сказаў яму. Але ён не разумее. З іншага боку, хіба разумее хто іншы? Напрыклад, я? Ці разумеў я што ўвогуле? Адзін з іх будзе двайніком Рэйчал, – узгадаў ён. – Можа, асаблівы жыў разам з ёй. Цікава, чаму яна спадабалася яму. Можа, яна была той, хто адразаў часткі павука. Я магу вярнуцца і забраць гэтага павука сабе, – падумаў ён. – Я ніколі не знаходзіў жывой, дзікай істоты. Пэўна, гэта неверагодны досвед – зірнуць пад ногі і ўбачыць, што нешта жывое мітусіцца побач. Можа, аднойчы гэта здарыцца і са мной, як здарылася з ім.”
Ён узяў з сабой абсталяванне для праслухоўвання, калі выходзіў з аўто; уключыў яго зараз і глядзеў у міргаючы экран, пакуль круціў датчыкам па баках. У цішыні калідора экран нічога не паказваў. “Яны не на гэтым паверсе,” – сказаў ён сабе. Павярнуў датчык у вертыкальнае становішча. Дэтэктар знайшоў слабы сігнал. Наверсе. Ён сабраў абсталяванне ў партфель і пайшоў да прыступкаў на наступны паверх.
Постаць у ценю чакала на яго.
– Калі варухнешся, я цябе выключу, – сказаў Рык.
Мужчына. Сціснутымі пальцамі Рык чамусьці не мог падняць лазерную трубку і навесці. Яго ўбачылі першым, убачылі занадта хутка.
“Я не андроід, – сказала постаць. – Я – Спагадчык, – і выйшла на святло. – Я з’явіўся ў гэтым будынку дзякуючы містару Ізідору. Асаблівы, у якога павук; ты размаўляў з ім вонкі.”
“Я буду адлучаны ад спагадызму? – спытаў Рык. – Як сказаў тупагаловы? З-за таго, што збіраюся зрабіць у наступныя некалькі хвілін?”
Спагадчык адказаў:
“Містар Ізідор выказаў сваё меркаванне, не маё. Тое, што ты будзеш рабіць, павінна быць зроблена. Я ўжо гэта згадваў, – ён падняў руку і паказаў на зоры ззаду Рыка. – Я прыйшоў сказаць, што адзін з іх за табой унізе, а не ў кватэры. З ім будзе цяжэй, чым з астатнімі, і ты павінен выключыць яго першым, – хрыплы, стары голас раптам займеў сілу. – Хутчэй, містар Дэкард. На прыступках.”
Рык дастаў лазерную трубку, крутануўся і прысеў, каб зірнуць у лесвічны пралёт. Да яго ішла жанчына, і ён яе ведаў; ён пазнаў яе і апусціў зброю.
– Рэйчал, – сказаў ён. Яна ляцела за ім на сваім хаверкары, высочвала яго? Навошта? – Вяртайся ў Сіэтл, – папрасіў ён. – Пакінь мяне ў спакоі; Спагадчык сказаў мне, што я павінен гэта зрабіць.
І тут ён заўважыў, што гэта была не зусім Рэйчал.
– У імя таго, чым мы былі адзін для аднаго, – сказала андроід-жанчына, калі ішла да яго. Яны выцягнула рукі так, быццам мела намер сціснуць. “Адзенне, – падумаў ён, – іншае. Але вочы, вочы тыя ж самыя. Больш за тое; такіх, як яна, можа быць безліч, кожная са сваім уласным імем, але ўсе яны – Рэйчал Разэн, Рэйчал, прататып, выкарыстаны вытворцам, каб абараніць іншых”. Ён стрэліў у яе, калі яна, нібы ўмольна, кінулася на яго. Андроід выбухнуў і разляцеўся на часткі; Рык закрыў твар рукамі, а потым зноў паглядзеў і ўбачыў, што лазерная трубка, якую яна мела, пакацілася да прыступак, а потым заскочыла па кожнай з іх, і гук рэха, які ішоў ад стуку металу, паступова змяншаўся. “Найцяжэйшы з трох, як казаў Спагадчык, – ён азірнуўся, шукаючы Спагадчыка. – Стары знік. Яны могуць дакучаць мне з Рэйчал Разэн, пакуль я не памру, – падумаў ён, – ці пакуль гэта мадэль не састарэе, калі гэта здарыцца раней. Цяпер апошнія два. Адзін з іх не ў кватэры, як казаў Спагадчык. Спагадчык абараніў мяне, – зразумеў ён. – З’явіўся сам і прапанаваў дапамогу. Яна – яно – забіла б мяне, – сказаў ён сабе, – калі б Спагадчык не папярэдзіў. Цяпер я магу скончыць і з астатнімі. Гэта падавалася немагчымым; яна ведала, што я не змагу гэта зрабіць. Але ўсё змянілася. У імгненне. Я зрабіў тое, што, думаў, не магу зрабіць. Двух Бэці я адсачу стандартнымі сродкамі; з імі будзе цяжка, але не так.”
Ён стаяў адзін у пустым калідоры; Спагадчык пакінуў яго, бо зрабіў тое, дзеля чаго прыйшоў, Рэйчал – ці, дакладней, Прыс Стратан – распалася на часткі, і зараз не засталося нікога і нічога, толькі ён сам. Але недзе ў будынку на яго чакалі Бэці; яны ведалі, што ён ідзе. Зразумелі, што ён зрабіў тут. Магчыма, яны зараз баяліся. Можа, гэта быў іх адказ на яго прысутнасць у будынку. Іх спроба. Без Спагадчыка гэта б спрацавала. Але цяпер ён ідзе па іх.
“Усё павінна быць зроблена хутка”, – падумаў ён; паспяшаўся далей па калідоры, і адразу датчык зафіксаваў прысутнасць мазгавой актыўнасці. Ён знайшоў патрэбную кватэру. Больш няма неабходнасці ў абсталяванні; ён зняў яго і пагрукаў у дзверы кватэры.
Знутры адазваўся мужчынскі голас:
– Хто там?
“Гэта я, Ізідор, – сказаў Рык. – Дазвольце ўвайсці, каб я мог клапаціцца пра цябе і дз-дз-дзвюх жанчын.
– Мы не адкрыем дзверы, – сказаў жаночы голас.
– Я хачу паглядзець Бастара Сяброўскі па тэлевізары Прыс, – сказаў Рык. – Цяпер, калі ён даказаў, што Спагадчыка не існуе, мне вельмі важна не прапускаць перадачы. Я важу грузавік для Шпіталя Гадаванцаў Ван Нэсса, якім валодае містар Ганібал С-с-слоат, – ён удаваў, што заікаецца. – Д-д-д-ык вы а-а-а-дчыніце дз-дз-дз-веры? Гэта мая кватэра.
Ён чакаў, і дзверы адчыніліся. У кватэры ён бачыў цемру і невыразныя абрысы іх двух. Меншы абрыс – жанчына – сказала:
– Вы павінны правесці тэсты.
– Занадта позна, – сказаў Рык. Вышэйшая постаць паспрабавала штурхнуць дзверы і ўключыць нейкае электрычнае абсталяванне. – Не, – сказаў Рык. – Мне трэба ўвайсці.
Ён дазволіў Рою Бэці стрэліць толькі раз; ён не страляў у адказ, пакуль лазерны прамень не пайшоў у яго бок так, што прыйшлося адхіліцца.
– Вы згубілі легальныя паставы для тэста, – сказаў Рык, – калі стрэлілі. Вы павінны былі прымусіць мяне правесці з вамі тэст Войта-Кампфа. Але цяпер ужо не істотна.
Рой Бэці зноў даслаў лазерны прамень у яго бок, не пацэліў, адкінуў трубку і пабег кудысьці ўглыб кватэры, магчыма, у іншы пакой, пакінуўшы свае электрычныя прылады.
– Чаму Прыс не забіла цябе? – спытала місіс Бэці.
– Тут няма Прыс, – сказаў ён. – Толькі Рэйчал Разэн, зноў і зноў.
Ён заўважыў трубку ў невыразным контуры яе рукі. Рой Бэці перадаў ёй лазер – яны хацелі заманіць яго ў кватэру, далей у пакоі, каб Ірма Бэці забіла яго ззаду, у спіну.
– Мне шкада, місіс Бэці, – сказаў Рык і застрэліў яе.
У іншым пакоі роспачна закрычаў Рой Бэці.
– Разумею, ты кахаў яе, – сказаў Рык. – А я кахаў Рэйчал. А ‘асаблівы’ кахаў іншую Рэйчал.
Ён стрэліў у Роя Бэці; буйное цела; яно ўпала на кухонны столік і пацягнула за сабой талеркі і іншы посуд. Рэфлексы прымушалі цела дрыжэць і торгацца ў сутаргах; Рык наўмысна не глядзеў туды, як не глядзеў на тое, што засталося ад Ірмы Бэці ля дзвярэй на калідор. “Я пакончыў з апошнім, – падумаў ён. – Шасцёра за сёння; амаль рэкорд. Цяпер я магу вярнуцца дадому, назад да Ірэн і казы. І ў нас будзе дастаткова грошаў, нарэшце.”
Ён сеў на канапу і, пакуль сядзеў у цішыні сярод нерухомых рэчаў, у дзвярах кватэры з’явіўся ‘асаблівы’, містар Ізідор.
– Лепей не глядзі вакол, – параіў Рык.
– Я бачыў Прыс на лесвіцы, – ‘асаблівы’ плакаў.
– Не прымай блізка да сэрца, – сказаў Рык. Ён павольна ўстаў. Злёгку круцілася галава. – Дзе ў цябе тэлефон?
‘Асаблівы’ нічога не адказаў. Ён не рабіў нічога акрамя таго, што стаяў. Рык пачаў шукаць тэлефон сам, знайшоў, і затэлефанаваў у дэпартамент да Гэры Браянта.