Ці мараць андроіды пра электрычных авечак? - 2. ДВА
ДВА
У гіганцкім, пустым, распадючымся будынку, дзе некалі мелі дом тысячы людзей, адзін тэлевізар прапанаваў свае тавары нежылому пакою.
Нічыйныя руіны да Вялікай Вайны Тэрмінуса былі заселенымі і дагледжанымі дамамі. Тут знаходзіліся прыгарады Сан Францыска, куды ездзіла хуткая манарэйка; увесь паўвостраў гуў размовамі, як поўнае птушак дрэва, і меркаваннямі, і скаргамі. Цяпер клапатлівыя гаспадары паспелі ці памерці, ці паляцець на каланізаваныя планеты. Больш верагодней другое. Гэта была дарагая вайна, нягледзячы на доблесныя прадказанні Пентагона і яго самаўпэўненых паслугачоў ад навукі, Карпарацыі Рэнд – якая, дарэчы, раней знаходзілася не вельмі далёк ад гэтага месца. Як і гаспадары апартаментаў, карпарацыя з’ехала, відавочна, назаўсёды. І ніхто па ёй не сумаваў.
У дадатак, ніхто сёння не памятаў, чаму пачалася вайна і хто яе пачаў, і ці хто-небудзь перамог. Пыл, які зрабіў радыёактыўнай большую частку паверхні планеты, з’явіўся не зразумела ў якой краіне і ніхто, нават вораг падчас вайны, не планаваў, што так будзе. Напачатку, дзіўна, загінулі совы. Тады гэта выглядала амаль смешна, калі тлустыя, пушыстыя белыя птушкі ляжалі тут і там, у дварах і на вуліцах; яны з’яўляліся не раней за прыцемкі, калі былі жывымі, таму заставаліся незаўважнымі. Чума Сярэднявечча казала пра сябе падобным спосабам – праз мноства мёртвых пацукоў. Гэта чума, аднак, спусцілася з неба.
Пасля соў, канешне ж, упалі іншыя птушкі, але тады загадка была ўжо разгаданая і зразумелая. Кволая праграма каланізацыі праводзілася і да вайны, але цяпер, калі сонца перастала свяціць над Зямлёй, намаганні каланізацыі перайшлі на цалкам іншы ўзровень. У сувязі з гэтым зброя вайны, Сінтэтычны Ваяр Свабоды, быў мадыфікаваны; здольны функцыянаваць у незнаёмым сусвеце чалавекападобны робат – дакладней кажучы, арганічны андроід – стаў рухавіком каланізацыйнай праграмы. Па законе ААН кожны эмігрант атрымоўваў у валоданне андроіда таго тыпу, які лічыў патрэбным, і ў 1990-х разнастайнасць тыпаў пераўзыходзіла разуменне, як колькасць мадэляў амерыканскіх аўтамабіляў у 1960-я.
Гэта былі галоўныя стымулы эміграцыі: слуга-андроід як пернік, радыёактыўнае забруджанне як бізун. ААН зрабіла так, што эміграваць было лёгка, а заставацца – цяжка, калі не немагчыма. Вандроўкі па Зямлі прыводзілі да таго, што аднойчы чалавека маглі прызнаць як біялагічна непрымальнага, пагрозу для генетыкі расы. Нават калі такія людзі пагаджаліся на стэрылізацыю, яны назаўсёды выпадалі з гісторыі. Яны фактычна пераставалі быць часткай чалавецтва. Аднак дагэтуль некаторыя людзі адмаўляліся эміграваць; гэта падавалася невытлумачальнай ірацыянальнасцю. Лагічна, што кожны нармальны чалавек павінен быў эміграваць. Магчыма, яны не эмігравалі таму, што нават дэфармаваная, Зямля заставалася ім знаёмай, тым, з чым яны маюць сувязь. Ці, магчыма, не-эмігранты думалі, што пыл сам знікне. Як бы там ні было, тысячы заставаліся, большасць з іх засяродзіліся ў гарадскіх раёнах, дзе яны маглі фізічна бачыць адзін аднаго, і ўзаемная прысутнасць іх падбадзёрвала. Гэта падавалася лагічным. А падазроным дадаткам да грамадства сталі выпадковыя дзіўныя асобы, якія існавалі ў фактычна закінутых прыгарадах.
Джон Ізідор, да якога даносіліся гукі тэлевізара з гасцёўні, пакуль ён галіўся ў лазенцы, быў адным з іх.
Ён проста аднойчы застаўся у гэтым месцы ў першыя дні вайны. У той злы час ніхто па-сапраўднаму не ведаў, насамрэч, што яны рабілі. Людзі, падзеленыя вайной, вандравалі з месца на месца, ненадоўга засяляючы спачатку адзін рэгіён, а потым іншы. Тады радыёактыўнае забруджанне было паасобным і цяжка зразумелым; у некаторых штатах яго амаль не было, іншыя яно паглынула. Зрынутыя людзі перамяшчаліся, калі перамяшчаўся пыл. Паўвостраў на поўдні Сан-Францыска спачатку быў чыстым, і шмат хто вырашыў жыць там; калі з’явіўся пыл, адны памерлі, іншыя сышлі. Джэй Эр Ізідор застаўся.
Тэлевізар крычаў: “Вярнуць бесклапотныя дні да Грамадзянскай Вайны ў Паўднёвых Штатах! Як слугі па дому ці як нястомныя рукі ў полі, зробленыя на заказ гуманоідные робаты, распрацаваныя спецыяльна для АСАБІСТА ВАШЫХ ПАТРЭБ, ВАШЫХ І ТОЛЬКІ ВАШЫХ – будуць падараваныя вам па прыбыцці абсалютна бясплатна, адразу працаздольныя, згодна з вашай замовай перад адлётам з Зямлі; верныя, заўжды паслухмяныя спадарожнікі ў самым грандыёзным, самым дзёрзкім падарожжы, што толькі рабіла чалавецтва ў сваёй гісторыі…” І паўтараў зноў і зноў.
Мне цікава, ці спазнюся я на працу, думаў Ізідор, калі рухаў брытвай. У яго не было гадзінніка, які б працаваў; ён арыентаваўся па часавых сігналах з тэлевізара, але сёння, так здарылася, быў Дзень Зорных Даляглядаў. Па тэлебачанню казалі, што святкуецца пятая (ці шостая?) гадавіна заснавання Новай Амерыкі, галоўнага паселішча ЗША на Марсе. І гэты тэлевізар, часткова пашкоджаны, лавіў толькі адзін канал, той, што быў нацыяналізаваны падчас вайны і такім застаўся пасля яе; урад у Вашынгтоне, са сваёй праграмай каланізацыі, быў адзіным спонсарам канала, які Ізідор вымушаны слухаць.
“Давайце паслухаем місіс Мэггі Клюгман, – прапанаваў тэлевядоўца Джону Ізідору, які ўсяго толькі хацеў даведацца час. – Нядаўняя эмігрантка на Марс, місіс Клюгман, у інтэрв’ю, запісаным у Нью Нью Йорку, жадае сказаць некалькі слоў. Місіс Клюгман, як бы вы параўналі ваша жыццё на забруджанай Зямлі з новым жыццём у сусвеце, поўным самых неверагодных магчымасцяў?” Паўза, а потым стомлены, сухі, голас жанчыны сярэдняга ўзросту сказаў: “Я думаю, тое, што я і мая сям’я з траіх чалавек галоўным чынам хацела б адзначыць – гэта годнасць.” “Годнасць, місіс Клюгман?” – перапытаў вядоўца. “Так, – адказала місіс Клюгман, цяпер жыхарка Нью Нью Йорка. – Гэта цяжка патлумачыць. Мець слугу, на якога можаш разлічваць у наш поўны нявызначанасці час… Мне гэта дадае ўпэўненасці.”
“А там, на Зямлі, місіс Клюгман, у былыя дні, ці хваляваліся вы, што вас пазначаць, хм, ‘асаблівай’?”
“Ну, мой муж і я ледзь не памерлі ад хвалявання. Канешне, калі мы эмігравалі, гэтыя турботы адразу зніклі, на шчасце, назаўжды.”
Джон Ізідор падумаў з’едліва: “І для мяне яны зніклі таксама назаўжды, без усялякай эміграцыі”. Ён быў ‘не такім’ ужо больш за год, і не толькі з-за хворых генаў, якія займеў. Горш – ён праваліў тэст на мінімальныя разумовыя здольнасці, што пазначала яго, кажучы простай мовай, як тупагаловага. Ім пагарджалі на ўсіх трох планетах. Аднак, нягледзячы на ўсё, ён выжыў. У яго была праца кіроўцы грузавіка ў фірме па рамонту фальшывых жывёл; Шпіталь Гадаванцаў Ван Нэсса і яго змрочны, быццам з таго свету, начальнік Ганібал Слоат ставіўся да яго як да чалавека, за што Джон быў удзячны. “Mors certa, vita incerta – Смерць непазбежна, жыццё не належна,” – як часам выказваўся містар Слоат. Ізідор, хаця і чуў выраз шмат разоў, меў цьмянае ўяўленне, што ён значыць. У рэшце рэшт, калі б тупагаловы мог зразумець крылаты выраз з лаціны, ён ужо б не быў тупагаловым. Містар Слоат, пачуўшы гэта, з ім пагадзіўся. І існавалі тупагаловыя яшчэ тупейшыя за Ізідора, якія не маглі выконваць ніводнай працы і заставаліся ў выхаваўчых установах, вычварна названых “Інстытут Асаблівых Гандлёвых Навыкаў Амерыкі”, і слова ‘асаблівых’ неяк здолела туды трапіць, як заўсёды.
“Ваш муж не адчуваў ніякай абароны, – працягваў тэлевядоўца, – калі меў і ўвесь час насіў дарагі і нязручны антырадыяцыйны свінцовы гульфік, місіс Клюгман?”
“Мой муж”, – пачала місіс Клюгман, але ў гэты момант Ізідор, дагаліўшыся, хуткімі коркамі прайшоў у гасцёўню і выключыў тэлевізар.
Цішыня. Яна вылезла з усіх шчылін; яна паглынула яго жудаснай, непераадольнай сілай, нібы створанай вялізным млынам. Яна падымалася ад падлогі слалася па працягнутым ад сцяны да сцяны шэрым пацёртым дыване. Яна паўставала з разбітых і паўразбітых рэчаў на кухні, з мёртвых машын, якія не працавалі ўвесь час, калі ён тут жыў. З бескарыснай лямпы ў гасцёўні яна цякла і змешвалася з пустым і бясслоўным увасабленнем самой сябе на пакрытай мухамі столі. Яна здолела, па сутнасці, праявіцца ў кожным прадмеце ў зоне бачнасці, быццам яна, цішыня, мела намер падмяніць сабой усё, да чаго можна дакрануцца. Так яна захапіла не толькі яго вушы, але і вочы; паколькі ён стаяў побач з выключаным тэлебачаннем, ён успрымаў цішыню як нешта бачнае і, у нейкім сэнсе, жывое. Жывое! Ён часта адчуваў яе суровае набліжэнне; калі яна прыходзіла, то нападала без усялякай далікатнасці, відавочна не здольная чакаць. Цішыня сусвету не магла стрымаць сваёй прагнасці. Не тады, калі яна, можна лічыць, перамагла.
Яму было цікава, канешне, ці іншыя, хто застаўся на зямлі, адчувалі пустэчу так жа, як ён. Ці такое адчуванне было ўласціва толькі яго своеасаблівай біялагічнай ідэнтычнасці, толькі яму, вырадку са скажоным сэнсарным апаратам? Цікавае пытанне, падумаў Ізідор. Але з кім ён мог параўнаць свае адчуванні? Ён жыў самотна ў гэтым занядбаным, сляпым будынку тысячы закінутых кватэр, што разам з падобнымі яму з кожным імгненнем быў на крок бліжэй да таго, каб яго блыталі з руінамі. У рэшце рэшт, усе рэчы ўнутры зліюцца, стануць безаблічнымі і ідэнтычнымі, як часткі нечага накшталт пудынгавай кашы, выраслага на столі кожнай кватэры. І, пасля гэтага, сам занядбаны будынак стане бясформенным, пахаваным пад усюдыісным пылам. А потым, само сабой, сам Джон будзе мёртвы, такая цікавая падзея, якую можна прадбачыць, калі ён стаіць тут у сваёй прыгнечанай гасцёўні самотны з недышучай, усёпранікальнай і ўсеўладнай сусветнай цішынёй.
Лепей, пэўна, зноў уключыць тэлебачанне. Але рэклама, што звярталася да пазасталых тут, пужала яго. Яны давалі яму зразумець безліччу спосабаў, што ён, ‘асаблівы’, нікому не патрэбны. Бескарысны. Не мог, нават калі б захацеў, эміграваць. Тады навошта гэта слухаць? Ён пытаўся ў самога сябе з раздражненнем. Ды пайшлі яны і іх каланізацыя, спадзяюся, што вайна пачнецца і там – тэарэтычна, гэта магчыма – і ўсё скончыцца так жа, як на Зямлі. І ўсе, хто эміграваў, выявяцца ‘асаблівымі’.
Ну добра, ён падумаў. Трэба ісці на працу. Крануўся дзвярной ручкі, якой адчыняўся ўваход у неасветлены калідор, а потым адхіснуўся, бо ўбачыў пустэчу астатняй часткі будынка. Яна ляжала, чакаючы на яго, там, існасць, якая, ён адчуваў, карпатліва пранікала ў яго асабістую кватэру. Божа, падумаў, і зноў закрыў дзверы. Ён не быў гатовы да падарожжа ўверх па тым ляскатаючым прыступкам на пусты дах, дзе ў яго не было жывёлы. Рэха ідзе ўніз; рэха нічога. Час пацягнуць за ручку, ён сказаў сам сабе, і прайшоў праз гасцёўню да чорнай скрыні спагаднасці.
Калі ён уключыў скрыню, з акумулятара вырваўся звыклы ледзь чутны электрычны пах; ён прагна ўдыхнуў яго, ужо натхнёны. Затым электронна-прамянёвая трубка заззяла, быццам імітуючы экран тэлевізара; паказаўся калаж, сфармаваны з выпадковых колераў, ліній і фігур, якія, пакуль ён не схопіцца за ручкі, не ператворацца на штосьці зразумелае. Ён глыбока ўдыхнуў, каб супакоіцца, і схапіўся за абедзве ручкі.
Выява застыла; ён адразу ўбачыў вядомы краявід, стары, карычневы, бясплодны пагорак з пучкамі засохлага, падобнага на костачкі, пустазелля, якія, крыху адхіліўшыся, тырчалі пад цьмяным і бяссонечным небам. Адна самотная фігура, больш-менш падобная на чалавечую, с цяжкасцю падымалася па пагорку; мужчына ў гадах у невыразнай мантыі, што ледзь пакрывала яго цела, быццам была садрана з варожай пустэчы неба. Чалавек, Уілбур Спагадчык, павольна крочыў наперад, і, сціскаючы ручкі, Джон Ізідор адчуваў, як паступова знікае гасцёўня, у якой ён стаяў; трухлявая мэбля і сцены раставалі, пакуль ён не перастаў зусім іх асэнсоўваць. А зараз ён, як заўсёды, перамяшчаўся ў краявід, у аднастайны краявід пад аднастайным небам. У той жа час ён больш не бачыў, як ідзе стары чалавек. Яго ўласныя ступні шукалі апору сярод знаёмых гладкіх камянёў; ён адчуваў тую ж самую знаёмую боль, непастаянную шурпатасць пад нагамі і зноў удыхаў горкую смугу неба – неба не Зямлі, але чужога месца, аддаленага, і ўсё ж, дзякуючы скрыні спагаднасці, цяпер дасяжнага.
Ён перайшоў звыклым дзіўным спосабам; фізічнае зліццё – да якога далучылася разумовае і духоўнае атаясамленне – з Уілбурам Спагадчыкам паўтарылася. Як гэта адбывалася з кожным, хто сціскаў ручкі, ці тут, на Зямлі, ці на адной з каланізаваных планет. Ён усведамляў іх, іншых, усмоктваў лапатанне іх думак, чуў ва ўласнай галаве гоман іх шматлікіх асобных існаванняў. Яны – і ён – былі зацікаўленыя ў тым жа самым; пасля зліцця ментальнасцяў увага засяроджвалася на пагорку – так пачыналася ўзыходжанне, іх патрэбнасць дайсці да вяршыні. Крок за крокам, так павольна, што ледзь адчуваўся рух. Але яны ішлі. Вышэй, думаў ён, калі камяні пастуквалі пад яго нагамі. Сёння мы вышэй, чым учора, і заўтра – ён, частка асобы Уілбура Спагадчыка, зірнуў уверх, каб убачыць шлях, што чакаў наперадзе. Канец заставаўся нябачным. Вельмі – занадта – далёка. Але ён дойдзе.
Камень, які шпурнулі ў яго, трапіў у руку. Ён адчуў боль. Паўабярнуўся, і яшчэ адзін камень праляцеў побач, і, не трапіўшы, сутыкнуўся з зямлёй. Гук напужаў яго. “Хто гэта робіць?” – яму было цікава, і ён пачаў узірацца, каб убачыць свайго ката. Старыя ворагі, якія ўзнікалі на мяжы яго зроку; яно, ці яны, ішлі за ім увесь шлях на пагорак і так будзе, пакуль вяршыня…
Ён узгадаў вяршыню, нечаканую роўнасць пагорка, калі ўздым скончыўся і пачаўся новы этап. Колькі разоў ён гэта рабіў? Успаміны расплываліся; тое, што ён ужо зведаў, і што ён у выніку зведае, змяшалася так, што нічога не засталося, акрамя моманту, калі ён стаяў і адпачываў, і цёр парэз на руцэ, пакінуты каменем. “Божа, я змораны. – падумаў ён. – Хіба гэта справядліва? Чаму я тут адзін, і пакутую ад тых, каго я нават убачыць не магу?” І потым унутры яго ўзаемнае лапатанне з іншымі, змяшанае ў адно, знішчыла ілюзію самотнасці.
“Вы таксама гэта пачулі”, – падумаў ён. Так, адказалі галасы. Нас ударылі ў левую руку; пякельны боль. Разумею, сказаў ён. Лепей зноў рухацца. Ён пачаў ісці, і ўсе неадкладна рушылі з ім.
Некалі, як ён памятаў, усё было інакш. Перад праклёнам, у даўняй, шчаслівай частцы жыцця. Яны, яго прыёмныя бацькі Фрэнк і Кора Спагадчыкі, знайшлі яго, калі ён плыў на надзіманым гумовым плоце, якія выдаюць пасажырам ў выпадку крушэння самалётаў, ля берагоў Новай Англіі… ці Мексікі, побач з портам Тампіка? Ён не мог узгадаць усе акалічнасці. Дзяцінства было файным; ён любіў жыццё, асабліва жывёл, насамрэч некаторы час ён мог вяртаць памерлых істот такімі, якімі тыя былі раней. Ён жыў з трусамі і жукамі, няважна, дзе гэта было – на Зямлі ці на каланізаваных планетах; гэта ён таксама паспеў забыць. Але ён памятаў забойцаў, якія арыштавалі яго, і называлі вырадкам, больш ‘асаблівым’ за ўсіх іншых ‘асаблівых’. І таму ўсё змянілася.
Мясцовыя законы забаранялі кіраванне часам у зваротны бок, каб памерлыя вярталіся да жыцця; яму сказалі гэта, калі яму было 16. Ён таемна працягваў яшчэ год, у лясах, якіх не паспелі ссекчы, але старая жанчына, якую ён ніколі не бачыў і пра якую ніколі не чуў, усё пра яго расказала. Без згоды яго бацькоў яны – забойцы – бамбардавалі ўнікальны вузел, які сфармаваўся ў яго мозгу, атакавалі радыёактыўным кобальтам, і шпурнулі яго ў іншы сусвет, аб існаванні якога ён ніколі не падазраваў. Сусвет быў ямай, поўнай трупаў і мёртвых костак, і ён гадамі змагаўся за тое, каб сысці адтуль. Асёл і асабліва рапуха, стварэнні, найбольш важныя для яго, зніклі, вымерлі; толькі гнілыя фрагменты, галава без вачэй тут, частка лапы там, засталіся. Нарэшце птушка, якая прыляцела туды, каб памерці, падказала яму, дзе ён быў. Ён трапіў у сусвет мёртвых. Ён не мог выбрацца, пакуль косткі, раскіданыя вакол яго, зноў не перарастуць у жывых істот; ён далучыўся да метабалізму іншых жыццяў, і пакуль яны не вернуцца да жывых, ён не вернецца таксама.
Колькі часу доўжылася гэта частка цыкла, ён не ведаў; увогуле нічога не адбывалася, таму змерыць час было немагчыма. Але нарэшце на касцях з’явілася плоць; з раней пустых вачніц пазіралі жывыя вочы, а адноўленыя дзюбы і раты рагаталі, брахалі і мяўкалі. Магчыма, гэта зрабіў ён; магчыма, экстрасэнсорны вузел у яго мозгу нарэшце адрос. Або не здолеў, і гэта ўсё ж быў натуральны працэс. Як бы там ні было, ён болей не тануў; ён пачаў узыходжанне, разам з іншымі. Доўгі час таму ён згубіў іх. Цяпер ён відавочна ўзбіраўся ў адзіноце. Але яны былі там. Яны былі разам з ім; ён адчуваў іх, на дзіва, унутры сябе.
Ізідор стаяў, трымаючыся за дзве ручкі, і ўсведамляў кожную жывую істоту, якая віравала вакол яго, і потым неахвотна дазволіў ім знікнуць. Гэта павінна было скончыцца, як заўсёды, і чамусьці яго рука балела і крывавіла тым, куды трапіў камень.
Ён адпусціў ручкі і агледзеў сваю рану, потым хісткімі крокамі пайшоў у ванну, каб прамыць парэз, дакладна не першую рану і без сумневу не апошнюю рану, якую ён атрымаў падчас зліцця са Спагадчыкам. Людзі, асабліва старэшйыя, паміралі, асабліва пазней, на вяршыні пагорка, калі чужынцы ўсчынялі надзвычай жорсткія катаванні. Цікава, ці змагу я зноў прайсці гэту частку, пытаўся ён у сябе, калі прамакаў рану. Ёсць верагоднасць, падумаў ён, што спыніцца сэрца, і лепей б я жыў у горадзе, дзе ўсе гэтыя будынкі, і доктар з электрычнымі прыладамі, ад якіх ідуць іскры. Тут, аднаму ў гэтым месцы, занадта рызыкоўна.
Але ён ведаў, што не адмовіцца ад рызыкі. Як і заўсёды раней. Як рабіла большасць людзей, нават старыя, такія фізічна крохкія.
З дапамогай Клінекса ён высушыў пашкоджаную руку.
І пачуў прыглушаны і далёкі тэлевізар.
Нехта яшчэ ў будынку, падумаў ён з прыемным здзіўленнем, не ў стане ў гэта паверыць. Не мой тэлевізар; ён выключаны, і я адчуваю рэзананс ад падлогі. Ён унізе, на іншым паверсе!
Я болей тут не адзін, адчуў ён. Яшчэ нехта засяліўся, узяў сабе закінутую кватэру, побач са мной, і я яго чую. Пэўна, на паверсе два ці на паверсе тры, не вышэй. Давай узгадаем, сказаў ён сабе, што звычайна робяць, калі засяляецца новы жыхар? Заходзяць і нешта дораць, хіба не так? Ён не мог прыгадаць дакладна; такога раней ніколі з ім не здаралася, тут ці дзе яшчэ: людзі высяляліся, эмігравалі, але ніхто не засяляўся. Трэба штосьці ім прынесці, вырашыў ён. Філіжанку вады ці лепей малака; так, малако ці мука, ці, можа, яйка – ці, уласна, іх эрзац замяняльнікі.
Ён пашукаў у сваёй лядоўні – кампрэсар перастаў працаваць доўгі час таму – і знайшоў падазроны кубік маргарыну. Усхваляваны, сэрца моцна б’ецца, разам з ім пабег да лесвіцы ўніз. Трэба быць цішэй, падумаў ён. Каб гэты нехта не падумаў, што я тупагаловы. Калі ён даведаецца, што я такі, то не захоча са мной размаўляць; чамусьці заўсёды так адбываецца. Цікава, чаму?
Ён заспяшаўся ўніз па калідоры.