Ці мараць андроіды пра электрычных авечак? - 20. ДВАЦЦАЦЬ
ДВАЦЦАЦЬ
– Добра, – сказаў Гэры Браянт, калі Рык скончыў справаздачу. – Адпачні. Мы дашлём патрульнае аўто, каб забраць целы.
Рык Дэкард павесіў слухаўку.
– Андроіды глупыя, – сказаў ён злосна ‘асабліваму’. – Рой Бэці не мог адрозніць мяне ад цябе; ён падумаў, што гэта ты стаяў за дзвярыма. Паліцыя тут прыбярэцца; чаму б табе не пайсці ў іншую кватэру, пакуль яны не скончаць? Табе наўрад ці захочацца доўга заставацца пасярод усяго гэтага.
– Я з’еду з гэтага бу-бу-бу-дынка, – сказаў Ізідор. – Буду жы-жы-жыць у горадзе, дзе бо-бо-болей людзей.
– Падаецца, у маіх конапартаментах ёсць вольныя кватэры, – сказаў Рык.
Ізідор прамармытаў:
– Я не ха-ха-хачу жыць побач з та-та-бой.
– Ідзі вонкі ці наверх, – сказаў Рык. – Не заставайся тут.
‘Асаблівы’ замаргаў вачыма, не ведаючы, што рабіць; розныя нямыя выразы скажалі яго твар, пакуль ён, павярнуўшыся, не выйшаў з кватэры, пакідаючы Рыка аднаго.
“Такая ў мяне праца, – падумаў Рык. – Я – пошасць, як голад ці чума. Куды б я ні пайшоў, нясу з сабою свой праклён. Спагадчык сказаў, я павінен рабіць тое, што не слушна. Усё, што я рабіў, было не слушным ад самага пачатку. Цяпер час вяртацца дадому. Можа, калі я буду побач з Ірэн, усё забудзецца.”
Калі ён прыляцеў да свайго будынка, Ірэн сустрэла яго на даху. Яна пазірала дзіўным, шалёным позіркам; за ўсе гады разам ён ніколі не бачыў яе такой.
Ён прыабняў яе і сказаў:
– Цяпер усё скончана. І я тут падумаў; можа, Гэры Браянт можа перавесці мяне ў…
– Рык, – сказала яна. – Я павінна штосьці табе сказаць. Прабач. Каза мёртвая.
Па нейкай прычыне гэта яго не здзівіла; яму толькі стала горш, быццам да цяжару, які ціснуў на яго з усіх бакоў, дадалі яшчэ крыху.
– Мне падаецца, у кантракце прапісана гарантыя, – сказаў ён. – Калі яна захварэе на працягу першых 90 дзён, прадавец…
– Яна не захварэла. Хтосьці… – Ірэн адкашлялася і працягнула хрыпла, – хтосьці прыйшоў сюды, вывеў казу з клеткі і пацягнуў да ўскрайку даху.
– І скінуў? – спытаў ён.
– Так, – яна кіўнула.
– Ты бачыла, хто гэта зрабіў?
– Я бачыла яе вельмі дакладна, – сказала Ірэн. – Барбур быў тут; ён спусціўся да мяне і мы патэлефанавалі ў паліцыю, але жывёла была ўжо мёртвая, і яна ўцякла. Маленькая падобная на падлетка жанчына з чорнымі валасамі і вялікімі чорнымі вачамі, вельмі худая. На ёй было даўгое паліто з нечага падобнага на луску рыб. І торбачка. І яна не рабіла нічога, каб схавацца ад нас. Быццам ёй было ўсё адно.
– Не, ёй было не ўсё адно, – сказаў ён. – Рэйчал, напэўна, хацела, каб ты яе ўбачыла, каб я ведаў, хто гэта зрабіў, – ён пацалаваў яе. – Ты ўвесь гэты час чакала тут?
– Толькі паўгадзіны. Гэта ўсё здарылася паўгадзіны таму, – Ірэн пяшчотна пацалавала яго ў адказ. – Я такая дрэнная. Такая бескарысная.
Ён павярнуўся да запаркаванага аўто, адчыніў дзверы і сеў за стырно.
– Не бескарысная, – сказаў ён. – Яна зрабіла тое, на што, паводле яе, мела падставу.
“Падставу для андроіда,” – падумаў ён.
– Куды ты паляціш? Ты не пойдзеш разам са мной уніз? Па тэлебачанні паказалі вельмі шакуючыя навіны; Бастар Сяброўскі сцвярджае, што Спагадчык не сапраўдны. Што пра гэта думаеш, Рык? Гэта можа быць праўдай?
– Усё праўда, – сказаў ён. – Усё, што ўсе калі-небудзь думалі.
Ён уключыў рухавік аўто.
– З табой усё будзе добра?
– Са мной усё будзе добра, – сказаў ён і падумаў: “А яшчэ я памру. І тое, і гэтае слушна”. Ён зачыніў дзверы аўто, памахаў Ірэн і падняўся ў начное неба.
“Некалі, – падумаў ён, – я бачыў зоры. Даўно таму. Але цяпер на іх месцы пыл; ніхто не бачыў зор ужо шмат гадоў, дакладна не з Зямлі. Можа, я палячу туды, дзе змагу бачыць зоры”, – сказаў ён сабе, калі аўто набірала хуткасць і вышыню; ён кіраваўся далей ад Сан Францыска, у бок бязлюднай пустэчы на поўначы. Да месца, куды не пойдзе ніводнае жывое стварэнне. Не пойдзе, калі не адчувае, што канец блізка.