comicsby.live
  • КОМІКСЫ
  • ФАНФІКІ
  • АПАВЯДАННІ
  • ЧАСОПІСЫ
  • БЛОГІ
  • ПЕРАКЛАДЫ
  • АЎТАРСКІЯ ТВОРЫ
  • ПРЫШПІЛЬНЫЯ КОМІКСЫ
  • Інфармацыя
    • Звязацца з намі
    • Прапанаваць публікацыю
  • Мой аккаўнт
    • Уваход праз google
    • Уваход праз Twitter (X)
    • Уваход для аўтараў
    • Мае налады
    • Выхад
Advanced
  • КОМІКСЫ
  • ФАНФІКІ
  • АПАВЯДАННІ
  • ЧАСОПІСЫ
  • БЛОГІ
  • ПЕРАКЛАДЫ
  • АЎТАРСКІЯ ТВОРЫ
  • ПРЫШПІЛЬНЫЯ КОМІКСЫ
  • Інфармацыя
    • Звязацца з намі
    • Прапанаваць публікацыю
  • Мой аккаўнт
    • Уваход праз google
    • Уваход праз Twitter (X)
    • Уваход для аўтараў
    • Мае налады
    • Выхад
Family Safe
Family Safe
  • Жанры
    • Рамантыка
    • Супергероі
    • Камедыя
    • Драма
    • Баявік
    • Дэтэктыў
    • Для дарослых
    • Прыгоды
    • Анімэ
    • Школа
    • Фэнтазі
    • Гістарычны
    • Хорар
    • Манга
    • Містыка
    • Уаншот
    • Псіхалагічны
    • Фантастыка
    • Спорт
  • Выдавецтвы коміксаў
    • Marvel
    • DC
    • Image comics
    • Dark Horse
    • IDW
    • Boom! Studios
    • Oni Press
  • Фандомы фанфікаў
    • Harry Potter
    • Avengers
    • Spider-man
    • Star Wars
    • Genshin Impact
    • Good Omens
  • Аўтары
Prev
Next

Ці мараць андроіды пра электрычных авечак? - 6. ШЭСЦЬ

  1. Хатняя старонка
  2. Ці мараць андроіды пра электрычных авечак?
  3. 6. ШЭСЦЬ
Prev
Next

ШЭСЦЬ

Шум тэлевізара мацнеў; спускаючыся па пакрытых пылам прыступках вялікага пустога будынка, Джон Ізідор пазнаў знаёмы голас Бастара Сяброўкі, які весела балбатаў са сваёй незлічонай аўдыторыяй з усёй галактыкі.

“Гэй-гэй-гэй, народ! Зіп-клік-зіп! Час для кароткай нататкі пра заўтрашняе надвор’е; спачатку ўсходняе ўзбярэжжа Штатаў. Спадарожнік Мангуст інфармуе, што радыёактыўныя ападкі будуць асабліва дакучаць бліжэй да поўдня, а потым будзе не так страшна. Таму, мае дарагія людцы, усе, хто хоча рызыкнуць і выйсці вонкі, лепей пачакайце да абеду, добра? І, калі ўжо згадалі чаканне, засталося толькі 10 гадзін да майго спецыяльнага выпуску навін! Скажыце сябрам, каб глядзелі! Я распавяду нешта, што вас уразіць. Зараз, магчыма, вы падумаеце, што гэта проста звычайнае…”

Ізідор пагрукаў у дзверы, і тэлевізар адразу памёр, быццам яго ніколі і не было. Не проста змоўк; ён перастаў існаваць, знік з перапуду ад аднаго грукату ў дзверы.

Ён адчуваў, што за закрытымі дзвярыма існуе жыццё, больш значнае за тэлевізар. Яго напружаныя органы пачуццяў ці выдумалі, ці насамрэч адчулі няўлоўны, бязгучны жах, які ішоў ад некага, хто адступаў перад ім, некага, хто стаяў ля самай далёкай сцяны кватэры ў спробе ўнікнуць яго.

– Гэй, – паклікаў ён. Я чуў ваш тэлевізар. Давайце пазнаёмімся.

Ён чакаў, слухаючы. Ні гуку, ні руху; яго словы не прымусілі таго, хто за дзвярыма, выявіць сябе.

– Я прынёс вам кавалак маргарыну, – сказаў ён, прыхіліўшыся да дзвярэй, каб яго голас праходзіў праз іх таўшчыню. – Мяне завуць Джэй Эр Ізідор і я працую ў вядомай клініцы містара Ганібала Слоата; вы напэўна пра яго чулі. У мяне добрая рэпутацыя; я маю працу. Я кіроўца грузавіка містара Слоата.

Дзверы павольна прыадчыніліся, і ён убачыў у кватэры скажоны сілуэт дзяўчыны, згорбленай і дрыжачай, якая і быццам намагалася адступіць, і працягвала трымацца за дзверы, нібы шукаючы ў іх фізічную апору. З-за ўласнага жаху яна падавалася хворай; жах скажаў абрысы яе цела, яна выглядала так, нібыта раней была зламаная на часткі, потым яе неахайна сабралі. Яе вочы, велізарныя, глядзелі засяроджана, калі яна паспрабавала ўсміхнуцца.

Ён сказаў, раптам зразумеўшы:

– Ты думала, што ў гэтым будынку нікога няма. Што ён закінуты.

Дзяўчына кіўнула і прашаптала:

– Так.

– Аднак, – сказаў Ізідор, – добра мець суседзяў. Эх, пакуль ты не з’явілася, у мяне не было ніводнага.

Бог ведае, як яму было з-за гэтага маркотна.

– Ты тут адзін? – спытала дзяўчына. – Акрамя мяне, ты адзін у гэтым будынку?

Цяпер яна падавалася менш спалоханай; яе постаць выпрасталася, і рукой яна дакранулася да сваіх цёмных валасоў. Цяпер ён заўважыў, што ў яе прывабная фігура, хаця і мініяцюрная, і прыгожыя вочы, выразна акрэсленыя доўгімі чорнымі вейкамі. Заспетая знянацку, яна мела на сябе толькі піжамныя нагавіцы. Ён зірнуў паўз яе і ўбачыў, што пакой быў у вэрхале. Паўсюль ляжалі раскрытыя чамаданы, змесціва выпала на захламленую падлогу. Але гэта было зразумела; яна толькі засялялася.

– Акрамя цябе, тут жыву толькі я, – сказаў Ізідор. – І я не буду цябе турбаваць.

Ён спахмурнеў; яго падарунак, падрыхтаваны згодна з даваенным рытуалам гасціннасці, не быў прыняты. Дзяўчына нават не звярнула на яго ўвагу. Ці, можа, яна не зразумела, для чаго патрэбны кавалак маргарыну. Інтуіцыя падказвала яму, што дзяўчына збітая з панталыку. Быццам вымушаная пакінуць звыклае наваколле, і цяпер плыве па сціхаючых хвалях страху.

– Стары добры Бастар, – сказаў ён, намагаючыся знізіць напружанне. – Ён табе таксама падабаецца? Я любіў глядзець яго штораніцы і потым ноччу, калі вяртаўся дадому. Пакуль еў вячэру, і потым яго позняе шоу перад тым, як пайсці спаць. Аднак мой тэлевізар зламаўся.

– Хто… – пачала дзяўчына, але амаль адразу змоўкла; яна прыкусіла губу, быццам была вельмі злая. Пэўна, на саму сябе.

– Бастар Сяброўскі, – патлумачыў ён. Яму было дзіўна, што гэтая дзяўчына ніколі не чула пра самага вясёлага коміка на Зямлі. – Дзе ты жыла да таго, як прыехала сюды? – спытаў ён з цікаўнасцю.

– Не думаю, што гэта мае значэнне.

Яна кінула хуткі позірк уверх на яго. Тое, што яна ўбачыла, здавалася, супакоіла яе; яе цела заўважна расслабілася.

– Я буду радая прывітаць гасцей, – сказала яна, – але пазней, калі ўладкуюся. Зараз пра гэта няма чаго і казаць.

– Чаму? – ён быў здзіўлены; усё наконт яе здзіўляла яго. Можа, падумаў ён, я жыў тут адзін занадта доўгі час. Я стаў дзіўным. Яны кажуць, усе тупагаловыя такія. Гэтая думка прымусіла яго адчуць яшчэ большы сум.

– Я мог бы дапамагчы табе з рэчамі, – прапанаваў ён наўздагад., калі дзверы амаль зачыніліся. – І з мэбляй.

Дзяўчына адказала:

– У мяне няма мэблі. А ўсе гэтыя рэчы, – яна паказала на пакой за спінай, – ужо былі тут.

– Яны непрыдатныя, – сказаў Ізідор. Ён гэта ўбачыў адразу. Крэслы, дыван, сталы – усё згніла; яны ператварыліся на частку руін, ахвяры бязлітаснай сілы часу. І закінутасці. Ніхто не жыў у гэтай кватэры шмат год; руіны амаль цалкам паглынулі яе. Ён не мог уявіць, што дзяўчына будзе існаваць у такіх умовах.

– Слухай, – сказаў ён шчыра. – Калі абшукаць будынак, можа, трапяцца рэчы, якія не так пашкоджаны. Лямпа з адной кватэры, стол з іншай.

– Так і зраблю, – адказала дзяўчына. – Сама. Дзякуй.

– Хочаш пайсці туды адна? – ён не мог у гэта паверыць.

– Чаму не? – яна зноў нервова пахіснула плячыма. Яе твар зморшчыўся, быццам яна баялася, што сказала штосьці не тое.

Ізідор сказаў:

– Я спрабаваў аднойчы. Пасля гэтага я проста вярнуўся да сябе і намагаўся ні пра што не думаць. Кватэры, у якіх ніхто не жыве – іх сотні, напоўненыя рэчамі, якія раней належалі людзям, сямейнымі фотаздымкамі і адзеннем. Тыя, хто загінуў, не маглі нічога забраць, а тыя, хто эміграваў, не хацелі. Гэты будынак, акрамя маёй кватэры, захоплены смеццюкамі.

– Смеццюкамі? – Яна не зразумела.

– Смеццюкі – непатрэбныя рэчы, як улёткі з рэкламай, ці пачак запалак, калі выкарыстаеш апошнюю, ці абгортка ад жуйкі, ці ўчорашняя газета. Калі нікога няма побач, смеццюкі размножваюцца. Напрыклад, калі пойдзеш спаць, пакінуўшы смеццюкі ў кватэры, назаўтра, калі прачнешся, іх будзе ўдвая болей. Іх заўсёды становіцца больш і больш.

– Разумею.

Дзяўчына пазірала на яго з насцярогай, не ведаючы, верыць яму ці не. Не ўпэўненая, сур’ёзна ён гэта кажа ці жартуе.

– Першы Закон Смеццюкоў, – працягнуў ён. – ‘Смеццюкі выціскаюць не-смеццюкоў.’ Як закон Грэшама пра горшыя грошы. І ў гэтых кватэрах няма нікога, хто б нішчыў смеццюкоў.

– Так яны і захапілі ўсё, – скончыла дзяўчына. І кіўнула. – Цяпер я разумею.

– Твая кватэра, – сказаў ён. – Гэта, якую ты выбрала – тут занадта шмат смеццюкоў, каб у ёй жыць. Мы можам адкінуць смеццюкоў назад; можам, як я прапаную, прайсціся па іншым кватэрам. Але… – ён уздыхнуў.

– Але што?

Ізідор працягнуў:

– Мы не можам перамагчы.

– Чаму? – дзяўчына зрабіла крок у калідор, зачыняючы за сабой дзверы; рукі складзены пад яе маленькімі высокімі грудзьмі. Яна ўтаропілася ў яго, жадаючы зразумець. Ці так яму здавалася. Яна хаця б слухала.

– Немагчыма перамагчы смеццюкоў, – сказаў ён. – Можа, толькі часова і ў адным месцы, такім, як мая кватэра. Я зрабіў нешта накшталт бар’ера паміж смеццюкамі і не-смеццюкамі, які пратрымаецца некаторы час. Але ўрэшце я памру ці з’еду, і смеццюкі зноў перамогуць. Гэта ўніверсальны прынцып функцыянавання свету; увесь свет рухаецца ў бок апошняга, татальнага панавання смеццюкоў, – дадаў ён. – Акрамя, канешне, шляху ўзыходжання Уілбура Спагадчыка.

Дзяўчына пазірала на яго.

– Не бачу ніякай сувязі.

– Гэта тое, чым уласна і ёсць спагадызм, – ён ізноў здзівіўся. – Ты не ўдзельнічаеш у зліцці? У цябе няма скрыні спагаднасці?

Пасля секунды маўчання дзяўчына асцярожна адказала:

– Я не ўзяла сваю. Думала, знайду тут.

– Але скрыня спагаднасці, – сказаў ён, заікаючыся ад хвалявання, – гэта самае асабістае, што толькі можна мець! Гэта працяг твайго цела; тое, як ты датыкаешся да іншых людзей, як перастаеш быць самотным. Але ты гэта ведаеш. Усе ведаюць. Спагадчык дазваляе нават такім людзям, як я… – ён раптоўна змоўк. Але занадта позна; ён ужо сказаў, і бачыў па яе твару, на якім прамільгнула агіда, што яна зразумела. – Я амаль прайшоў тэст IQ, – сказаў ён ціхім, дрыжачым голасам. – Я не вельмі ‘асаблівы’, толькі крыху; не так, як некаторыя, каго ты бачыла. Але Спагадчык не звяртае на гэта ўвагі.

– Што да мяне, – сказала дзяўчына, – то гэта можна лічыць сур’ёзным аргументам супраць спагадызму.

У яе голасе не было эмоцый; яна проста выказвала факт, як яму падалося. Факт яе стаўлення да тупагаловых.

– Думаю, мне час ісці наверх, – сказаў ён і пачаў аддаляцца ад яе з заціснутым у руцэ кавалкам маргарыну; той стаў вільготным і слізкім.

Дзяўчына глядзела, як ён сыходзіць, і на яе твары па-ранейшаму не было ніякіх эмоцый. Але потым яна сказала:

– Пачакай.

Ён павярнуўся з пытаннем:

– Навошта?

– Ты мне патрэбны. Каб знайсці добрую мэблю. У іншых кватэрах, як ты сказаў.

Яна хутка наблізілася, аголены верх яе цела быў зграбным і ахайным, без грама залішняга тлушчу.

– Калі ты вяртаешся дадому з працы? Можаш тады мне дапамагчы.

Ізідор адказаў:

– Ты магла б зрабіць для нас вячэру? Я прынясу прадукты.

– Не, у мяне шмат спраў, – дзяўчына без ваганняў адхіліла просьбу, ён гэта заўважыў і прыняў, але не зразумеў. Цяпер, калі знік яе пачатковы страх, нешта іншае пачало зыходзіць ад яе. Нешта вельмі дзіўнае. І, усвядоміў ён, сумнае. Холаднасць. Як подых з пустэчы паміж двума населенымі сусветамі, быццам зніадкуль; гэта было не тым, што яна зрабіла ці сказала, а хутчэй тым, чаго яна не зрабіла і не сказала.

– Іншым разам, – дадала дзяўчына і рушыла да дзвярэй сваёй кватэры.

– Ты запомніла маё імя? – з надзеяй спытаў ён. – Джон Ізідор, я працую ў…

– Ты ўжо казаў мне, дзе працуеш.

Яна на імгненне спынілася ля дзвярэй; штурхнула іх, каб расчыніць, і сказала:

– У нейкага цудоўнага чалавека, якога завуць Ганібал Слоат, і які, я ўпэўненая, не існуе па-за межамі тваёй фантазіі. Мяне завуць… – яна кінула на яго апошні пазбаўлены цеплыні позірк, калі ўжо была ў сваёй кватэры, і, секунду павагаўшыся, працягнула:

– Я – Рэйчал Разэн.

– З Карпарацыі Разэн? – спытаў ён. – Той, якая галоўны вытворца гуманоідных робатаў для праграмы каланізацыі?

Складаны выраз адразу ж з’явіўся на яе твары, мімалётны, які тут жа знік.

– Не, – адказала яна. – Ніколі не чула пра іх; і нічога не ведаю. Мяркую, зноў твае тупагаловыя фантазіі. Джон Ізідор і яго прыватная скрыня спагаднасці. Бедны містар Ізідор.

– Але тваё прозвішча…

– Мяне завуць, – сказала дзяўчына, – Прыс Стратан. Маё імя пасля шлюбу. Я ніколі не карыстаюся іншым імем, толькі Прыс. Можаш зваць мяне Прыс.

Яна задумалася, потым дадала:

– Не, лепей звяртайся да мяне як да міс Стратан. Мы ж зусім не ведаем адзін аднаго. Ва ўсякім разе, я цябе не ведаю.

Дзверы за ёй зачыніліся, і ён застаўся адзін у пыльным і змрочным калідоры.

Prev
Next

Comments for chapter "6. ШЭСЦЬ"

MANGA DISCUSSION

Пакінуць адказ Адмяніць адказ

You must Register or Login to post a comment.

Падказка: прачытаўшы, ацаніце твор зоркамі і падтрымайце аўтара ў каментары - яму будзе прыемна.
  • HOME
  • БЛОГІ
  • КАНТАКТ
  • ПРА НАС
  • ПРАВІЛЫ І ПАГАДНЕННІ (RODO)

(C) ComicsBY 2024

Sign in

Залагуйся праз Google
Continue with X

Lost your password?

← Back to comicsby.live

Sign Up

Register For This Site.

Залагуйся праз Google
Continue with X

Log in | Lost your password?

← Back to comicsby.live

Lost your password?

Please enter your username or email address. You will receive a link to create a new password via email.

← Back to comicsby.live