comicsby.live
  • КОМІКСЫ
  • ФАНФІКІ
  • АПАВЯДАННІ
  • ЧАСОПІСЫ
  • БЛОГІ
  • ПЕРАКЛАДЫ
  • АЎТАРСКІЯ ТВОРЫ
  • ПРЫШПІЛЬНЫЯ КОМІКСЫ
  • Інфармацыя
    • Звязацца з намі
    • Прапанаваць публікацыю
  • Мой аккаўнт
    • Уваход праз google
    • Уваход праз Twitter (X)
    • Уваход для аўтараў
    • Мае налады
    • Выхад
Advanced
  • КОМІКСЫ
  • ФАНФІКІ
  • АПАВЯДАННІ
  • ЧАСОПІСЫ
  • БЛОГІ
  • ПЕРАКЛАДЫ
  • АЎТАРСКІЯ ТВОРЫ
  • ПРЫШПІЛЬНЫЯ КОМІКСЫ
  • Інфармацыя
    • Звязацца з намі
    • Прапанаваць публікацыю
  • Мой аккаўнт
    • Уваход праз google
    • Уваход праз Twitter (X)
    • Уваход для аўтараў
    • Мае налады
    • Выхад
Family Safe
Family Safe
  • Жанры
    • Рамантыка
    • Супергероі
    • Камедыя
    • Драма
    • Баявік
    • Дэтэктыў
    • Для дарослых
    • Прыгоды
    • Анімэ
    • Школа
    • Фэнтазі
    • Гістарычны
    • Хорар
    • Манга
    • Містыка
    • Уаншот
    • Псіхалагічны
    • Фантастыка
    • Спорт
  • Выдавецтвы коміксаў
    • Marvel
    • DC
    • Image comics
    • Dark Horse
    • IDW
    • Boom! Studios
    • Oni Press
  • Фандомы фанфікаў
    • Harry Potter
    • Avengers
    • Spider-man
    • Star Wars
    • Genshin Impact
    • Good Omens
  • Аўтары
Prev
Next

Ці мараць андроіды пра электрычных авечак? - 8. ВОСЕМ

  1. Хатняя старонка
  2. Ці мараць андроіды пра электрычных авечак?
  3. 8. ВОСЕМ
Prev
Next

ВОСЕМ

Паляўнічы за галовамі Рык Дэкард запаркаваў службовы хуткасны браніраваны хаверкар на даху Дома Правасуддзя на вуліцы Ломбард і з партфелем у руцэ накіраваўся ў кабінет Гэры Браянта.

– Ты вярнуўся падазрона хутка, – сказаў яго начальнік, адкідваючыся на крэсле і ўдыхаючы нюхальны тытунь ‘Спецыял №1’.

– Я атрымаў тое, па што мяне паслалі, – Рык сеў і павярнуўся тварам да стала, на які паклаў свой партфель. Я стаміўся, падумаў ён. Усё навалілася, калі ён вярнуўся; ён задаў сабе пытанне, ці здолее дастаткова сабрацца для працы, якая чакала яго. – Як Дэйв? – спытаў ён. – Дастаткова добра, каб размаўляць? Хачу трапіць да яго перад тым, як займуся першым андрам.

Браянт сказаў:

– Пачні з Полакава. Таго, што падстрэліў Дэйва лазерам. Яго лепш прыбраць адразу, бо ён ведае, што выкрыты.

– Нават да размовы з Дэйвам?

Браянт пацягнуўся па аркуш паўпразрыстай жоўтай паперы, размыты экзэмпляр трэцяй ці чацвёртай копіі:

– Полакаў працуе ў горадзе як збіральнік смецця, падальшчык.

– Хіба там працуюць не толькі ‘асаблівыя’?

– Полакаў удае з сябе ‘асаблівага’, разумова адсталага. Вельмі дэградаванага — прынамсі, ён спрабуе да такога быць падобным. Гэта тое, на чым пракалоўся Дэйв; Полакаў выглядае і паводзіць сябе як разумова адсталы, і Дэйв забыўся на небяспеку. Ты цяпер ўпэўнены наконт тэста Войта-Кампфа? Упэўнены абсалютна пасля таго, што здарылася ў Сіэтле, што…

– Так, – каротка адказаў Рык. І не дадаў нічога болей.

Браянт сказаў:

– Паверу табе на слова. Але нават адна памылка недапушчальная.

– А іх і не можа быць ў паляванні на андроідаў. Ніколі.

– Нэксус-6 – іншыя.

– Аднаго я ўжо знайшоў, – сказаў Рык. – І Дэйв двух. Трох, калі лічыць Полакава. Добра, я выключу сёння Полакава, а потым, можа вечарам, ці заўтра, пагутару з Дэйвам, – ён узяў размытую копію са звесткамі на андроіда Полакава.

– Дарэчы, – сказаў Браянт. – Савецкі коп, з СПА, хутка сюды прыедзе. Калі ты быў у Сіэтле, ён мне тэлефанаваў; ён ужо на борце ракеты Аэрафлоту, якая прызямліцца на бліжэйшым грамадскім аэрадроме праз гадзіну. Сандор Кадалый, так яго завуць.

– Што яму трэба?

Казалі, зрэдку – аднак Рык не памятаў ніводнага выпадку – копы з СПА прыязджалі ў Сан-Францыска.

– СПА настолькі зацікавіліся новымі мадэлямі Нэксус-6, што захацелі, каб побач з табой быў іх чалавек. Назіральнік, які, калі трэба, дапаможа. Табе вырашаць, з чым. Але я ўжо выдаў яму дазвол суправаджаць цябе.

– Што наконт узнагароды? – сказаў Рык.

– Яе не прыйдзецца дзяліць, – адказаў Браянт з крывой усмешкай.

– Я проста хачу, каб з фінансавым бокам усё было сумленна.

У яго не было ніякага жадання дзяліць сваю ўзнагароду з прыхадням з СПА. Ён вывучыў інфармацыю па Полакаву; у ёй было апісанне мужчыны – ці, дакладней, андроіда – і бягучы адрэс і месца працы: ‘Кампанія па апрацоўцы смецця на тэрыторыі Заліва’ з офісамі у Гіеры.

– Пачакаеш з выключэннем Полакава, пакуль не прыедзе савецкі коп са сваёй дапамогай? – спытаў Браянт.

Рык раззлаваўся:

– Я заўсёды працаваў адзін. Канешне, можаш загадаць – я зраблю ўсё, што скажаш. Але я б я лепей заняўся Полакавым зараз, не чакаючы на Кадалыя.

– Тады ідзі сам, – вырашыў Браянт. – А наступнага – гэта будзе міс Люба Люфт, аркуш з інфармацыяй на яе я табе перадам – будзеш шукаць разам з Кадалыем.

Рык склаў жоўтыя аркушы ў партфель і выйшаў з кабінета начальніка. Ён уздымаўся вышэй і вышэй па лесвіцы, якая вяла на дах, дзе быў запаркаваны хаверкар. А цяпер завітаем да містара Полакава, сказаў ён сабе. І крануўся сваёй лазернай трубкі.

Для першай спробы пошукаў Рык абраў месца працы андроіда і прызямліўся ля офісаў ‘Кампаніі па апрацоўцы смецця на тэрыторыі Заліва’.

– Я шукаю аднаго з вашых працаўнікоў, – сказаў ён на рэцэпцыі строгай жанчыне з шэрымі валасамі. Будынак збіральнікаў уразіў яго; вялікі і сучасны, ён змяшчаў вялікую колькасць высакакласных офісных супрацоўнікаў. Дываны з высокім ворсам, дарагія пісьмовыя сталы з натуральнага дрэва нагадалі яму, што збор смецця і ўтылізацыя адходаў сталі пасля вайны адной з самых важных галін прамысловасці на Зямлі. Планета пачала распадацца на купы смецця, і, каб заставацца прыгоднай для жыцця пазасталага насельніцтва, смецце час ад часу даводзілася знішчаць… ды, як любіў казаць Бастар Сяброўскі, Зямля загіне пад цяжарам – але не радыяктыўнага пылу – а смецця.

Рык паказаў сваё пасведчанне паліцэйскага:

– Дзе Полакаў зараз? Працуе ці дома?

Містар Экерс з неахвотай прагледзеў запісы і сказаў:

– Полакаў павінен быць на працы. Сплюшчваць хаверкары на нашым заводзе ў Дэлі Сіці і скідаць у заліў. Аднак… – менеджэр па персаналу прачытаў наступны дакумент, падняў свой відэафон і зрабіў унутраны выклік да некага яшчэ ў будынку. – Аднак яго там няма, – сказаў ён, кладучы слухаўку. – Полакаў не прыйшоў сёння на працу. Без тлумачэнняў. Што ён нарабіў, афіцэр?

– Калі ён з’явіцца, – сказаў Рык, – не кажы яму, што тут быў я і задаваў пытанні. Разумееш?

– Так, разумею, – адказаў Экерс панура, быццам абразіўся тым, што яго веды пра паліцэйскую працу паставілі пад сумнеў.

У браніраваным службовым хаверкары Рык паляцеў да будынка ў Тандарлойн, дзе жыў Полакаў. Мы ніколі яго не зловім, сказаў ён сабе. Яны – Браянт і Холдэн – чакалі занадта доўга. Замест таго, каб адпраўляць мяне ў Сіэтл, Браянт павінен быў загадаць мне ўзяць Полакава – найлепей мінулай ноччу, як толькі Дэйв Холдэн выбыў з гульні.

Якое бруднае месца, азіраўся ён, калі ішоў праз дах да ліфта. Закінутыя клеткі для жывёл, пакрытыя месячнымі слаямі пылу. І, у адной з клетак, няспраўная штучная жывёла, кураня. На ліфце ён спусціўся да паверха Полакава і апынуўся ў калідоры, падобным на падземную пячору. Ён скарыстаўся герметычным паліцэйскім ліхтарыкам, каб асвятліць калідор, і зноў глянуў у жоўты аркуш. Тэст Войта-Кампфа ўжо быў ужыты да Полакава, таму гэтую частку можна прапусціць і перайсці адразу да выключэння.

Лепей за ўсё выманіць яго адтуль, вырашыў ён. Дастаў свой рыштунак са зброяй, няспешна адкрыў яго, выняў перадатчык некіраваных хваляў Пэнфілда; паставіў пераключальнік на каталепсію. Сам ён быў абаронены ад уплыву выпраменьвання дзякуючы контрахвалям, што трансліраваліся праз металічны корпус перадатчыка, накіраваныя толькі на яго.

Яны цяпер усе застылыя, сказаў ён сабе і выключыў апарат. Усе, людзі ці андры ці што падобнае на іх паблізу. Ніякай рызыкі для мяне; усё, што мне трэба, гэта ўвайсці і стрэліць у яго з лазера. Калі, вядома, ён у кватэры, што малаверагодна.

З дапамогай вечнага ключа, які мог падладжвацца і адчыняць усе вядомыя мадэлі замкоў, Рык увайшоў у кватэру Полакава з лазернай трубкай у руцэ.

Ні следу андра. Толькі зруйнаваная мэбля, месца смецця і заняпаду. І ніякіх асабістых рэчаў: адно непатэрбныя рэшткі, якія Полакаў атрымаў у спадчыну, калі засяляўся, і якія пакінуў наступнаму – калі той некалі з’явіцца – жыхару.

Я так і думаў, сказаў ён сабе. Так знікае першая тысяча даляраў узнагароды; магчыма, андр паспеў уцячы за Палярнае кола. Некуды па-за маёй юрысдыкцыі; іншы паляўнічы за галовамі з іншага паліцэйскага дэпартамента выключыць Полакава і атрымае грошы. Цяпер да іншых андраў, якія не былі папярэджаныя, як Полакаў. Да Любы Люфт.

На даху у хаверкары ён даклаў па тэлефоне Гэры Браянту:

– Не пашанцавала з Полакавым. Уцёк, пэўна, пасля таго, як падстрэліў Дэйва, – ён зірнуў на гадзіннік на сваім запясці. – Хочаш, каб я сустрэў Кадалыя на аэрадроме? Зэканомім час, і я нарэшце пачну з міс Люфт.

Аркуш з яе справай ляжаў перад ім, і ён намагаўся дэталёва яго вывучыць.

– Добрая ідэя, – сказаў Браянт, – аднак містар Кадалый ужо тут; ракета Аэрафлоту – звычайная справа, ён сказаў – прызямлілася раней. Секунду, – нябачная размова. – Ён сам прыляціць туды, дзе ты зараз, – сказаў Браянт, вяртаючыся да экрана. – Пачытай пакуль пра міс Люфт.

– Оперная спявачка. Паходзіць з Нямеччыны. Падарунак Опернай Кампаніі Сан-Францыска, — сказаў ён, ківаючы на рэфлексе, пакуль чытаў матэрыялы справы. – Пэўна, мае выдатны голас, калі так хутка займела сувязі. Добра, пачакаю тут на Кадалыя, – ён даслаў Браянту каардынаты свайго месцазнаходжання і паклаў слухаўку.

“Буду ўдаваць з сябе аматара оперы, – вырашыў Рык і працягнуў чытаць. – Я б хацеў убачыць яе ў ролі Донны Ганны ў Доне Жуане. У маёй калекцыі ёсць запісы з цудоўных часоў Эльжбеты Шварцкопф, Лоці Лееман і Лізы Дэла Каса; у нас будзе, што абмеркаваць падчас усталёўкі прылад для тэста Войта-Кампфа.”

Тэлефон у аўто зазвінеў. Ён падняў слухаўку.

Аператар з паліцэйскага ўчастку сказаў:

– Містар Дэкард, вам тэлефануюць з Сіэтла; містар Браянт сказаў перадаць вам неадкладна. Тэлефануюць з Карпарацыі Разэн.

– Злучай, – сказаў Рык і пачаў чакаць. Яму было цікава, што ім трэба. Хапіла часу, каб зрабіць вынік, што ад Разэнаў могуць быць толькі праблемы. І так будзе і далей, няважна, чаго яны хочуць.

Твар Рэйчал Разэн з’явіўся на маленькім экране:

– Вітаю, афіцэр Дэкард, – у яе голасе ён пачуў прымірэнне, што адразу прыцягнула ўвагу. – Вы заняты зараз ці з вамі можна пагутарыць?

– Я слухаю, – сказаў ён.

– Мы ў карпарацыі абмяркоўвалі вашу сітуацыю са збеглымі Нэксус-6, і, ведаючы іх так, як ніхто іншы, лічым, што для вас было б добра, калі б нехта з нас працаваў разам з вамі.

– Дзеля чаго?

– Адзін з нас мог бы быць разам з вамі, калі вы будзеце іх шукаць.

– Навошта? Які ў гэтым сэнс?

Рэйчал сказала:

– Нэксус-6 насцярожыцца, калі да яго наблізіцца чалавек. Але калі іншы Нэксус-6…

– Ты маеш на ўвазе сябе.

– Так, – яна кіўнула са спакойным выразам твару.

– У мяне ўжо і так занадта шмат дапамогі.

– Але я думаю, што сапраўды буду вам карысная.

– Сумняюся. Я абдумаю ўсё і перазваню.

У нейкім аддаленым, нявызначаным часе будучыні, сказаў ён сабе. Ці, верагодней, ніколі. Гэтага мне і не хапала: Рэйчал Разэн сочыць у пыле за кожным маім крокам.

– Я вам не веру, – сказала Рэйчал. – Вы не патэлефануце мне ніколі. Вы не разумееце, наколькі разумным можна быць збеглы Нэксус-6, як цяжка, да немагчымасці, вам будзе. Мы адчуваем, што мы вінныя вам – ведаеце, за што. За тое, што мы з вамі зрабілі.

– Буду мець на ўвазе, – сказаў ён і пацягнуўся, каб пакласці слухаўку.

– Без мяне, – сказала Рэйчал, адзін з іх дабярэцца да вас раней, чым вы да яго.

– Да пабачэння, сказаў ён і паклаў слухаўку. Што гэта за такі сусвет, сказаў ён сабе, калі андроід тэлефануе паляўнічаму за галовамі і прапануе дапамогу?

Ён ператэлефанаваў аператару ў паліцэйскім участку:

– Не пераводзьце на мяне больш ніякіх званкоў з Сіэтла, – сказаў ён.

– Разумею, містар Дэкард. Містар Кадалый ужо далучыўся да вас?

– Я ўсё яшчэ чакаю. І няхай ён паспяшаецца, бо я не збіраюся стаяць тут увесь дзень, – ён зноў паклаў слухаўку і працягнуў чытаць справу Любы Люфт.

Таксі хаверкар спусцілася зверху, каб сесці на даху ў некалькіх ярдах ад яго. З аўто выйшаў румяны, анёльскага выгляду чалавек узростам за пяцьдзясят, у цяжкім імпазантным паліто ў рускім стылі, усміхнуўся, выцягнуў руку і пачаў рухацца да аўто Рыка.

– Містар Дэкард? – са славянскім акцэнтам спытаў мужчына. – Паляўнічы за галовамі Дэпартамента Паліцыі Сан Францыска?

Пустое таксі ўзнялася ў паветра, і рускі прасачыў за ім абыякавым позіркам.

– Я Сандор Кадалый, – сказаў ён і адкрыў дзверы аўто, каб сесці побач з Рыкам.

Паціскаючы Кадалыю руку, Рык заўважыў, што прадстаўнік СПА меў незвычайную лазерную трубку – нічога падобнай формы ён раней ніколі не сустракаў.

– А, гэта? – сказаў Кадалый. – Цікавая, так? – ён дастаў яе з кабуры на пасе. – Мне далі яе на Марсе.

– Я думаў, што ведаю кожную зброю, якая існуе, – сказаў Рык. – Нават тую, якую вырабляюць і выкарыстоўваюць у калоніях.

– Гэта мы вырабляем самі, – сказаў Кадалый. Яго румяны твар свяціўся ад гонару, як у славянскага Санты. – Вам падабаецца? Што яго адрознівае па функцыянальнасці, дык гэта… Карацей, паглядзіце самі, – ён перадаў зброю Рыку, які пачаў вывучаць яе з выглядам эксперта, за плячамі якога гады досведу.

– Дык чым яно адрозніваецца па функцыянальнасці? – спытаў Рык. Ён не здолеў здагадацца сам.

– Націсніце курок.

Рык пацэліў перад сабой, у шкло аўто, і націснуў курок. Нічога не адбылося; прамень не стрэліў. Здзіўлены, ён павярнуўся да Кадалыя.

– Спускавы перадатчык, – сказаў весела Кадалый, – не падлучаны. Ён застаецца са мной. Бачыце? – ён раскрыў далонь, на якой ляжала маленькая дэталь. – І я таксама магу напраўляць прамень, аднак з пэўнымі абмежаваннямі. Незалежна ад таго, куды цэліць руля.

– Ты не Полакаў, ты Кадалый, – сказаў Рык.

– Ты хацеў сказаць наадварот? Ты заблытаўся.

– Я маю на ўвазе, што ты Полакаў, ты андроід, а не коп з Савецкага Саюза, – Рык нагой націснуў аварыйную кнопку на падлозе аўто.

– Чаму яно не стрэліла? – сказаў Кадалый-Полакаў, пераключаючы маленькі перадатчык, які ён трымаў у далоні.

— Сінусоідальная хвалі, — сказаў Рык. — Яны выводзяць лазернае выпраменьванне з фаз і змяняюць прамень на звычайнае святло.

– Тады я зламаю табе шыю.

Андроід адклаў прыладу і з рыканнем схапіўся абедзвюма рукамі за глотку Рыка.

Калі рукі андроіда сціснулі горла, з кабуры на плячы Рык выхапіў службовы пісталет – стары добры магнум 38 калібру – і стрэліў; куля трапіла андроіду ў галаву і стала прычынай выбуху мазгавой скрыні. Нэксус-6, які быў унутры, разляцеўся на аскепкі, і іх нібы шалёным ветрам разнесла па аўто. Частка, быццам звычайны радыяактыўны пыл, асела на Рыку. Цела выключанага андроіда адкінула назад, дзе яно сутыкнулася з бакавымі дзвярамі, адскочыла і балюча ўдарыла Рыка; ён намагаўся адкінуць ад сябе рэшткі андроіда, якія торгаліся нібы ў канвульсіях.

Калоцячыся, ён дацягнуўся да тэлефона і набраў Дом Правасуддзя:

– Я хачу скласці рапарт, – сказаў ён. – Перадайце Гэры Браянту, што я пакончыў з Полакавым.

– ‘Вы пакончылі з Полакавым.’ Ён зразумее, так?

– Так, – адказаў Рык і паклаў слухаўку. “Божа, як блізка яно падабралася, – сказаў ён сабе. – Я дарма пагрэбаваў папярэджаннем ад Рэйчал Разэн; я вырашыў дзейнічаць па-свойму, і гэта амаль даканала мяне. Але я схапіў Полакава”. Узровень адрэналіну паступова падаў, спыняючы напампоўку сакрэцый у кровазварот; сэрцабіццё запаволілася і стала нармальным, дыханне станавілася менш частым. Але ён усё яшчэ дрыжаў. “Такім чынам, я толькі што зарабіў тысячу даляраў, – сказаў ён сабе. – Гэта было таго варта. І я рэагую хутчэй, чым Дэйв Холдэн. Аднак відавочна, што досвед Дэйва падрыхтаваў мяне. Дэйва ніхто не папярэджваў.”

Ён зноў уключыў тэлефон і набраў нумар сваёй кватэры, дзе была Ірэн. Нарэшце ён здолеў запаліць цыгарэту; дрыжыкі адступалі.

Твар яго жонкі, заліты слязьмі пасля шасцігадзіннай самаабвінаваўчай дэпрэсіі, якую яна прадказвала, з’явіўся на экране:

– Ну прывіт, Рык.

– Што здарылася з 594-й, якую я паставіў табе перад тым, як сысці? Задаволенасць прызнаннем…

– Я пераставіла. Як толькі ты сышоў. Што табе трэба? – яе голас пераходзіў у маркотны гул безнадзейнасці. – Я так стамілася, і ў мяне няма надзеі ні на што. І наконт нашага шлюбу таксама – цябе пэўна аднойчы заб’е нейкі андроід. Гэта ты хочаш сказаць мне, Рык? Што андр раніў цябе?

На заднім фоне роў і грымеў лямант Бастара Сяброўскі, скрадваючы яе словы; Рык бачыў, як рухаюцца яе вусны, але чуў толькі тэлевізар.

– Слухай, – перабіў ён. – Ты чуеш мяне? Я натрапіў на нешта значнае. Новы тып андроідаў, якому ніхто не можа даць рады, відавочна, акрамя мяне. Аднаго я ўжо выключыў, гэта тысяча даляраў. Ведаеш, колькі ў нас будзе, калі я выключу ўсіх?

Ірэн утаропілася ў яго без адзінай думкі ў поглядзе:

– Ааа, – сказала яна, ківаючы.

– Я не дагаварыў!

Ён зразумеў: на гэты раз яе дэпрэсія была настолькі глыбокай, што яна не магла яго пачуць. Яго словы раставалі ў паветры.

– Убачымся вечарам, – сказаў ён з горыччу і штурхнуў тэлефон. “Чорт яе бяры, – сказаў ён сабе. – Дзеля чаго я рызыкую жыццём? Ёй без розніцы, будзе ў нас страус ці не; Ірэн нічога не хвалюе. Лепей было яе пазбавіцца два гады таму, калі яна думала развесціся. Можна зрабіць гэта і зараз”, – нагадаў ён сабе.

Задуменны, ён нахіліўся і сабраў з падлогі аўто змятыя паперы, сярод якіх была ў тым ліку справа Любы Люфт. “Ніякай дапамогі, – нагадаў ён сабе. – Большасць андроідаў, якіх я ведаў, мелі болей жыццёвай энергіі і простага жадання жыць, чым мая жонка. Яна нічога не можа мне даць.”

Тады ён зноў падумаў пра Рэйчал Разэн. “Яе заўвага наконт таго, што разумова Нэксус-6 значна прасунуты, – зразумеў ён, – выявілася слушнай. І яна не прэтэндуе на ўзнагароду паляўнічага за галовамі, таму, можа, я і скарыстаюся яе дапамогай.”

Сутычка з Кадалыем-Полакавым значна змяніла яго ўспрыманне сітуацыі.

Ён уключыў рухавік хаверкара і ўзняўся ў неба, задаў кірунак да старога Опернага Тэатра-Мемарыяла Загінулым у Войнах, дзе, згодна з запісамі Дэйва Холдэна, павінна быць Люба Люфт у гэту гадзіну дня.

Ён задумаўся. Некаторыя андроіды жаночых мадэляў падаваліся яму даволі прывабнымі; ён не раз адчуваў фізічнае прыцягненне да некаторых з іх, і для яго гэта было дзіўнае пачуццё – розумам усведамляць, што яны машыны, аднак мець эмацыйную рэакцыю.

Напрыклад, Рэйчал Разэн. “Не, – вырашыў ён, – яна занадта худая. Ніякіх формаў, асабліва ў грудзях. Постаць, як у дзіцяці, плоская і нецікавая”. Ён знойдзе што лепшае. Колькі год, напісана ў справе, Любе Люфт? Ён ехаў і вывучаў пакамечаныя аркушы, знайшоў яе так званы ‘узрост’. Дваццаць восем, згодна з нататкамі. Па знешнасці, што ў андроідаў было адзін сродкам вызначэння.

“Добра, што я нешта ведаю пра оперу, – усвядоміў Рык. – Гэта яшчэ адна мая перавага над Дэйвам; я чалавек больш культурны.”

“Паспрабую з яшчэ аднім андрам да таго, як прасіць дапамогі ў Рэйчал”, – вырашыў ён. З міс Люфт можа быць надзвычай складана, але ў яго было прадчуванне, што ўсё пойдзе добра. Полакаў быў небяспечным; іншыя, якія не ведаюць, што на іх нехта палюе, упадуць адзін за адным, як шэраг даміно.

Ён зніжаўся да багата аздобленага велізарнага даху опернага тэатра і спяваў арыі з псеўда-італійскімі словамі, якія ён зараз прыдумляў; нават без прылады Пэнфілда ён быў поўны аптымізму. І прагнага, радаснага прадчування.

Prev
Next

Comments for chapter "8. ВОСЕМ"

MANGA DISCUSSION

Пакінуць адказ Адмяніць адказ

You must Register or Login to post a comment.

Падказка: прачытаўшы, ацаніце твор зоркамі і падтрымайце аўтара ў каментары - яму будзе прыемна.
  • HOME
  • БЛОГІ
  • КАНТАКТ
  • ПРА НАС
  • ПРАВІЛЫ І ПАГАДНЕННІ (RODO)

(C) ComicsBY 2024

Sign in

Залагуйся праз Google
Continue with X

Lost your password?

← Back to comicsby.live

Sign Up

Register For This Site.

Залагуйся праз Google
Continue with X

Log in | Lost your password?

← Back to comicsby.live

Lost your password?

Please enter your username or email address. You will receive a link to create a new password via email.

← Back to comicsby.live