comicsby.live
  • КОМІКСЫ
  • ФАНФІКІ
  • АПАВЯДАННІ
  • ЧАСОПІСЫ
  • БЛОГІ
  • ПЕРАКЛАДЫ
  • АЎТАРСКІЯ ТВОРЫ
  • ПРЫШПІЛЬНЫЯ КОМІКСЫ
  • Інфармацыя
    • Звязацца з намі
    • Прапанаваць публікацыю
  • Мы ў сацсетках
    • Твітэр (Х)
    • Тэлеграм
    • Ютуб
  • Мой аккаўнт
    • Уваход праз google
    • Уваход праз Twitter (X)
    • Уваход для аўтараў
    • Мае налады
    • Выхад
Advanced
  • КОМІКСЫ
  • ФАНФІКІ
  • АПАВЯДАННІ
  • ЧАСОПІСЫ
  • БЛОГІ
  • ПЕРАКЛАДЫ
  • АЎТАРСКІЯ ТВОРЫ
  • ПРЫШПІЛЬНЫЯ КОМІКСЫ
  • Інфармацыя
    • Звязацца з намі
    • Прапанаваць публікацыю
  • Мы ў сацсетках
    • Твітэр (Х)
    • Тэлеграм
    • Ютуб
  • Мой аккаўнт
    • Уваход праз google
    • Уваход праз Twitter (X)
    • Уваход для аўтараў
    • Мае налады
    • Выхад
Family Safe
Family Safe
  • Жанры
    • Рамантыка
    • Супергероі
    • Камедыя
    • Драма
    • Баявік
    • Дэтэктыў
    • Для дарослых
    • Прыгоды
    • Анімэ
    • Школа
    • Фэнтазі
    • Гістарычны
    • Хорар
    • Манга
    • Містыка
    • Псіхалагічны
    • Фантастыка
    • Спорт
    • Графічная навэла
    • Уаншот
  • Выдавецтвы коміксаў
    • Marvel
    • DC
    • Image comics
    • Dark Horse
    • IDW
    • Boom! Studios
    • Oni Press
  • Фандомы фанфікаў
    • Harry Potter
    • Avengers
    • Spider-man
    • Star Wars
    • Genshin Impact
    • Good Omens
  • Аўтары
Prev
Next

Ці мараць андроіды пра электрычных авечак? - 11. АДЗІНАЦЦАЦЬ

  1. Хатняя старонка
  2. Ці мараць андроіды пра электрычных авечак?
  3. 11. АДЗІНАЦЦАЦЬ
Prev
Next

АДЗІНАЦЦАЦЬ

Гарланд адказаў:

– Думаю, так, – ён ткнуў пальцам у паляўнічага за галовамі Філа Рэшча. – Але папярэджваю: вам не спадабаюцца наступствы.

– Вы ўжо ведаеце, якімі яны будуць? – спытаў Рэшч, відавочна здзіўлены і незадаволены.

– Да драбніцы, – адказаў інспектар Гарланд.

– Добра, – кіўнуў Рэшч. – Пайду наверх, вазьму прылады для тэста Банэлі.

Ён хутка апынуўся ля дзвярэй кабінета, расчыніў іх і выйшаў у калідор.

– Вярнуся праз тры-чатыры хвіліны, – паспеў сказаць Рыку да таго, як дзверы зачыніліся.

Інспектар Гарланд залез рукой у верхнюю шуфлядку стала, некаторы час нешта там мацаў, а потым дастаў лазерную трубку; ён павярнуў яе так, каб яна ўказвала на Рыка.

– Гэта нічога не зменіць, – сказаў Рык. – Рэшч зробіць аналіз майго коснага мозгу, як было з Полакавым. Ён і далей будзе патрабаваць, каб – як вы гэта называеце – тэст Рэфлектарнай Дугі Банэлі правялі над вамі і над ім самім.

Лазерная трубка не варухнулася, а інспектар Гарланд сказаў:

– Дрэнны дзень. Я гэта адчуў, калі ўбачыў, што вас прывёў афіцэр Крамс; у мяне спрацавала інтуіцыя – вось чаму я ўмяшаўся.

Ён паступова апускаў лазерную трубку; некаторы час ён сядзеў, моцна сціскаючы яе, пакуль не паклаў назад у шуфлядку, якую затым закрыў на замок і паклаў ключ у кішэню.

– Што пакажуць тэсты ў нас траіх? – спытаў Рык.

Гарланд сказаў:

– Рэшч – дурань.

– Ён не ведае?

– Не ведае; не падазравае; нават такой думкі яму ў галаву не прыходзіць. Інакш ён бы не мог весці жыццё як паляўнічы за галовамі, гэта праца для чалавека, а не для андроіда, – Гарланд паказаў на партфель Рыка. – Справы іншых падазраваных, якіх вы павінны пратэставаць і выключыць. Я ўсіх іх ведаю, – ён спыніўся, а потым працягнуў. – Мы ўсе прыляцелі разам на караблі з Марса. Усе, акрамя Рэшча; ён застаўся там яшчэ на тыдзень, пакуль яму ўсталёўвалі сінтэтычную памяць, – і змоўк.

Ці, хутчэй, стала ціха.

Рык сказаў:

– Што ён будзе рабіць, калі зразумее?

– Каб я толькі ведаў, – адказаў Гарланд адчужана. – Аднак, калі разважаць абстрактна, з інтэлектуальнага пункту гледжання, гэта цікава. Ён можа забіць мяне, можа забіць сябе; а можа, і вас таксама. Можа забіць усіх, каго здолее, людзей і андроідаў. Такое можа здарыцца з тымі, у каго ўсталяваная сістэма сінтэтычнай памяці. Калі яны думаюць, што з’яўляюцца людзьмі.

– Калі вы яе ўсталёўваеце, то рызыкуеце.

Гарланд сказаў:

– Рызыка таксама ў тым, што мы, калі вырваліся на волю, дасягнулі Зямлі, дзе нас не лічаць нават за жывёл. Дзе кожны чарвяк і вош больш жаданыя, чым мы ўсе разам узятыя, – раздражнёны Гарланд прыкусіў вусны. – Ты б меў шанец, калі б Філ Рэшч мог прайсці тэст Банэлі, калі б справа была толькі ўва мне. Вынікі, такім чынам, былі б прадказальныя; для Рэшча я б стаў яшчэ адным андрам, якога трэба выключыць як мага хутчэй. Таму для цябе не ўсё так добра, Дэкард. Амаль так жа дрэнна, як для мяне. Ведаеш, дзе я дапусціў памылку? Я не ведаў наконт Полакава. Ён, пэўна, прыехаў сюды раней. З зусім іншай групай, якая была не ў кантакце з намі. Я дазволіў правесці лабараторнае даследаванне, чаго не павінен быў рабіць. Крамс, безумоўна, таксама ў гэтым памыліўся.

– Полакаў амаль стаў прычынай і майго канца, – паведаміў Рык.

– Так, ён быў па-свойму незвычайным. Не думаю, што ён меў той жа мазгавы блок, што ў нас; яго неяк палепшылі, мадыфікавалі – нейкім альтэрнатыўным блокам, пра які нават мы не ведаем. Таксама добрым. Амаль дастаткова добрым.

– Калі я тэлефанваў дадому, – пацікавіўся Рык, – чаму там была не мая жонка?

– Усе сігналы з нашых відэафонаў перахопліваюцца. Выклікі перанапраўляюцца ў іншыя кабінеты ўнутры будынка. Мы стварылі самадастатковую і замкнёную структуру, Дэкард, адарваную ад іншых частак Сан-Францыска. Мы ведаем пра іх, але яны не ведаюць пра нас. Часам, як выключэнне, нейкая асоба трапляе сюды ці, як у тваім выпадку, яе прыводзяць сюды – пад нашу ахову, – ён рэзка паказаў на дзверы кабінета. – Наш усёзнайка Філ Рэшч вяртаецца са сваім супер-пупер тэстам. Хіба ён не малайчына? Вось-вось знішчыць сябе, мяне, і, магчыма, цябе.

– Вы, андроіды, – сказаў Рык, – не дапамагаеце адзін аднаму падчас крызісных сітуацый.

Гарланд насупіўся:

– Думаю, ты маеш рацыю; падаецца, у нас адсутнічае здольнасць, якую маеце вы, людзі. Пэўна, гэта тое, што называецца спагадай.

Дзверы офіса расчыніліся; у руках Філ Рэшч трымаў прыладу, з якой звісалі правады.

– А вось і я, – сказаў ён, зачыняючы за сабой дзверы; падлучыў прыладу да разеткі і сеў.

Гарланд выцягнуў правую руку ў бок Рэшча. Вокамгненна Рэшч – а таксама і Рык Дэкард – упалі са сваіх крэслаў на падлогу; Рэшч нават паспеў нацэліць сваю лазерную трубку і стрэліць.

Лазерны прамень, дакладна пацэліўшы – вынік гадоў трэніровак – знёс палову галавы інспектара Гарланда. Той хіснуўся наперад, з яго рукі выпала маленькая лазерная трубка і пакацілася па паверхні стала. Цела закалацілася ў крэсле, каб потым, як мех з яйкамі, заваліцца на бок і з грукатам упасці на падлогу.

– Яно забылася, – сказаў Рэшч, устаючы на ногі, – што гэта мая праца. Я магу амаль заўсёды прадказаць, што зробіць андроід. Як, мяркую, і ты, – ён адклаў лазерную трубу, схіліўся і з цікавасцю агледзеў цела свайго начальніка. – Што яно казала табе, пакуль мяне не было?

– Што ён – яно – было андроідам. І ты… – Рык асекся. Лініі ў яго мозгу імкліва запрацавалі, каб пралічыць варыянты і падабраць лепшы замест таго, што ён ледзь не сказаў. – гэта вызначыш, – скончыў ён. – За некалькі хвілін.

– Што яшчэ?

– Будынак поўны андроідаў.

Рэшч адказаў задуменна:

– Тады нам будзе цяжка сысці адсюль. Я, канешне, маю права сыходзіць у любы час, калі захачу. І браць з сабой арыштаваных, – ён слухаў; за межамі кабінета не было гукаў. – Мяркую, яны не пачулі. У пакоі, я гэта дакладна ведаю, няма жучкоў, якія б здымалі ўсё, што тут адбываецца, – ён асцярожна штурхнуў цела наском бота. – Ёсць нешта неверагоднае ў тым, як развіваюцца падчас такой працы разумовыя здольнасці; я ведаў яшчэ да таго, як адчыніў дзверы, што ён стрэліць у мяне. Шчыра кажучы, я здзіўлены, што ён не забіў цябе, пакуль я быў наверсе.

– Ён думаў пра гэта, – сказаў Рык. – І некаторы час трымаў мяне на прыцэле лазернай трубкі. Збіраўся ўключыць прамень. Але ён больш хваляваўся наконт цябе, а не мяне.

– Андроід уцякае, – працягнуў з усмешкай Рэшч. – калі паляўнічы за галовамі прыбягае. Ты ж разумееш, што цяпер табе прыйдзецца вярнуцца ў оперны тэатр і заняцца Любай Люфт да таго, як яна атрымае папярэджанне ад каго-небудзь з гэтага будынка. Яно атрымае, я хацеў сказаць. Ты ў думках таксама называеш іх ‘яно’?

– Некалі называў, – адказаў Рык. – Калі мая свядомасць даймала мяне наконт працы, якую я павінен рабіць; я абараняўся, думаючы пра іх такім чынам, але цяпер у гэтым няма неабходнасці. Добра, я паеду наўпрост у оперны тэатр. Калі, канешне, ты выведзеш мяне адсюль.

– Давай пасадзім Гарланда за стол, – сказаў Рэшч. Ён зацягнуў цела андроіда назад у крэсла і ўклаў рукі і ногі так, каб поза падавалася цалкам натуральнай – калі ніхто не пачне прыглядацца зблізку. Націснуўшы кнопку на інтэркоме, Філ Рэшч сказаў: – Інспектар Гарланд просіць не турбаваць яго званкамі ў наступныя паўгадзіны. Ён займаецца працай, якую нельга перарываць.

– Прынята, містар Рэшч.

Філ Рэшч выключыў інтэрком і звярнуўся да Рыка:

– На нас будуць кайданкі, пакуль будзем ісці праз будынак. Як толькі паднімемся ў паветра, я іх здыму, – ён дастаў пару кайданак і замкнуў іх вакол запясця Рыка і свайго. – Хадзем. Скончым з гэтым.

Ён выпрастаў плечы, глыбока ўдыхнуў і штурхнуў дзверы кабінета.

Паўсюль сядзелі і стаялі паліцэйскія ва ўніформе, робячы сваю звыклую штодзённую працу; ніхто з іх не звяртаў ніякай увагі на тое, як Філ Рэшч вёў Рыка праз вестыбюль да ліфта.

– Чаго я баюся, – сказаў Рэшч, калі яны чакалі на ліфт, – дык гэта таго, што ў Гарланда ўбудавалі кампанент, які папярэджвае астатніх пра яго смерць. Але, – ён паціснуў плячыма, – гэта б ужо спрацавала, інакш якая ў ім карысць.

Прыехаў ліфт; некалькі ўдаючых паліцэйскіх мужчын і жанчын выйшлі з яго і накіраваліся праз вестыбюль па сваіх справах. Ніводзін з іх нават не зірнуў на Рыка ці Філа Рэшча.

– Як думаеш, твой дэпартамент прыме мяне на працу? – спытаў Рэшч, калі дзверы ліфта зачыніліся, пакідаючы іх дваіх сам-насам. Рэшч націснуў кнопку даху, і ліфт пачаў бясшумна падымацца. – Бо, лічы, я застаўся без працы. Калі не сказаць горш.

Рык асцярожна адказаў:

– Чаму б і не. Аднак у нас ужо ёсць два паляўнічыя за галовамі. “Я павінен яму сказаць, – думаў ён. – Гэта не этычна і жорстка. Містар Рэшч, вы – андроід. Вы вывелі мяне з гэтага месца, і вось вашая ўзнагарода; вы – усё тое, што мы супольна ненавідзім. Увасабленне таго, што мы абавязаны знішчыць.”

– Цяжка звыкнуцца з гэтай думкай, – сказаў Філ Рэшч. – Гэта падаецца немагчымым. Я тры гады працаваў пад кіраўніцтвам андроідаў. Чаму я не падазраваў – я маю на ўвазе, дастаткова – каб штосьці пачаць рабіць?

– Можа, яны тут нядоўга. Толькі нядаўна пачалі захопліваць будынак.

– Яны былі там увесь час. Гарланд быў маім начальнікам з самага пачатку, усе тры гады.

– Згодна з нашымі звесткамі, – сказаў Рык, – большасць з іх прыляцела на Зямлю разам. І гэта было не тры гады таму, а некалькі месяцаў.

– Значыць, некаторы час існаваў сапраўдны Гарланд, – сказаў Філ Рэшч. – І аднойчы яго проста замянілі, – яго твар, худы і рэзкі, як у акулы, скрывіўся, калі ён з цяжкасцю спрабаваў зразумець. – Ці мне зрабілі фальшывую памяць. Можа, толькі я памятаю Гарланда ўвесь мінулы час. Але… – яго твар, пачырванелы ад пакут, працягваў крывіцца і сутаргава сціскацца. – Толькі ў андроідаў можа быць няісная памяць; з людзьмі такое немагчыма.

Ліфт перастаў падымацца; дзверы раз’ехаліся, і перад імі выцягнуўся пусты, калі не лічыць некалькіх запаркаваных аўтамабіляў, дах паліцэйскага ўчастка.

– Вось і маё аўто, – сказаў Філ Рэшч, адчыніў дзверы ў бліжэйшым хаверкары і хутка зацягнуў Рыка ўнутр; ён сам сеў за стырно і завёў рухавік. Праз імгненне яны ўжо падняліся ў неба і, павярнуўшы на поўнач, рухаліся ў напрамку Опернага Тэатра-Мемарыяла Загінулым у Войнах. Філ Рэшч вёў аўто на рэфлексах; ланцуг змрочных думак захапіў яго розум і прыгнёў увагу. – Слухай, Дэкард, – раптам сказаў ён, – пасля таго, як мы выключым Любу Люфт, я хачу, каб ты… – яго хрыплы ад пакут голас змоўк. – Ну, разумееш. Правёў са мной тэст Банэлі ці той твой на спагаду. Каб ведаць наконт мяне.

– Падумаем пра гэта пасля, – адказаў Рык унікліва. – Насамрэч ты не хочаш, каб я гэта рабіў, так?

Філ Рэшч зірнуў на яго з праніклівай здагадкай:

– Пэўна, ты ўжо ведаеш, які будзе вынік; Гарланд, мабыць, нешта табе распавёў. Факты, пра якія я не ведаю.

Рык адказаў:

– Будзе цяжка нават нам дваім даць рады з Любай Люфт; яна мацнейшая за тых, з чым я працую звычайна. Давай засяродзім увагу на ёй.

– Справа не толькі ў няіснай памяці, – сказаў Філ Рэшч. – У мяне ёсць жывёла; не фальшывая, а сапраўдная. Вавёрка. Я яе люблю, Дэкард; кожны божы дзень кармлю яе і замяняю паперу – чышчу клетку – і потым увечары, калі вяртаюся з працы, дазваляю ёй бегаць па ўсёй кватэры. У клетцы ёсць кола; ты калі-небудзь бачыў, як вавёрка бегае па коле? Яна бяжыць безупынку, кола круціцца, але вавёрка застаецца на тым жа самым месцы. Бафі гэта, аднак, падабаецца.

– Вавёркі ніколі не падаваліся мне разумнымі, – сказаў Рык.

Рэшту шляху яны ляцелі моўчкі.

Prev
Next

Comments for chapter "11. АДЗІНАЦЦАЦЬ"

MANGA DISCUSSION

Пакінуць адказ Адмяніць адказ

You must Register or Login to post a comment.

Падказка: прачытаўшы, ацаніце твор зоркамі і падтрымайце аўтара ў каментары - яму будзе прыемна.

YOU MAY ALSO LIKE

Transformers 012 (2024) 001
Трансформеры
22 чэрвеня 2026
P00001
Дзівосныя Людзі Ікс 2024
10 верасня 2026
Вельмі дзіўныя справы 04 by01
Вельмі дзіўныя справы
15 верасня 2024
Gung-Ho – Sexy Beast 002-001
Гун Хо
2 кастрычніка 2026
  • HOME
  • БЛОГІ
  • КАНТАКТ
  • ПРА НАС
  • ПРАВІЛЫ І ПАГАДНЕННІ (RODO)
  • Аўтарскія правы / Copyright / DMCA Policy

(C) ComicsBY 2024

Sign in

Залагуйся праз Google
Continue with X

Lost your password?

← Back to comicsby.live

Sign Up

Register For This Site.

Залагуйся праз Google
Continue with X

Log in | Lost your password?

← Back to comicsby.live

Lost your password?

Please enter your username or email address. You will receive a link to create a new password via email.

← Back to comicsby.live