Майстрыца жывой татуіроўкі - Майстрыца жывой татуіроўкі
Удых. Выдых. І яшчэ раз удых — на гэты раз з доўгай зацяжкай. У горле запяршыла ад тытунёвага дыму, але трэба было супакоіцца.
Насупраць за столікам сядзела бледнаскурая дзяўчына і хваравіта жмурылася на сонечнае святло, што зазірала ў вокны кавярні. Так, менавіта дзяўчына, нягледзячы на тое, што была амаль равесніцай самой Марлены. Звалі яе Аніка, і ў яе былі марленіны «рукавы» — сапраўдныя жывыя татуіроўкі, філігранныя галінкі плюшчу, якія абвілі ейныя рукі ад запясцяў да плеч. Праўда, нягледзячы на прыход восені, парасонікі суквеццяў яны так і не распусцілі — надта даўно ў іх не абнаўлялі жыццё, таму татуіроўку нібыта ахутала сном — ужо не кажучы пра тое, што фарба ледзь заўважна пачала расплывацца.
Такая была існасць жывых татуіровак — змяшчаючы ў сябе часцінку душы майстрыцы, якая іх стварыла, яны ажывалі прама на скуры. Вось толькі для падтрымання ў іх жыцця праводзіць карэкцыю такіх татуіровак мусіла тая ж самая майстрыца, што іх стварыла. Гэта было блаславенне і праклён майстрыц жывой татуіроўкі: навекі звязаныя са сваімі творамі, яны не маглі сысці на вечны спакой, пакуль не пакіне гэты свет іх апошняя кліентка. Праўда, рана ці позна гэта ўсё роўна адбывалася — у пэўны момант, калі падыходзіў час майстрыцы аддаваць жыццё, яна аказвалася больш не здольнай укладваць сваю душу ў новыя творы, толькі падтрымліваць тыя, што ўжо існуюць.
Вось толькі з таго часу, як Марлена стварыла сваю апошнюю жывую татуіроўку, прайшло ўжо больш за сотню гадоў. А на той момант яна — калі не здраджвае памяць — размяніла восьмы дзясятак. То бок, ім з кліенткай было прынамсі па сто семдзесят гадоў.
— Дык значыць, у цябе ўся справа, — выдыхнула Марлена разам з воблакам дыму і стрэсла попел з цыгарэты ў попельніцу.
Аніка сарамліва паціснула плячыма:
— Я не ведала, што ўсё так складзецца. І… я праўда зусім нядаўна пра гэта даведалася.
Марлена чмыхнула:
— Ну канешне.
— Я праўда не ведала пра жывыя татуіроўкі! — Аніка выглядала такой засаромленай, нібыта яна не абяссмерціла Марлену, а наадварот, адняла пару дзесяцігоддзяў жыцця. — І я не думала, што я… ну…
— Што цябе ўкусіць вампір, — злітавалася над ёй Марлена перад тым, як зрабіць чарговую зацяжку.
Аніка раптам пачырванела, нібыта праліла на свае шчокі шклянку вішнёвага соку — такой заўважнай была чырвань на ейнай бледнай скуры.
— Насамрэч, вампірка, — прамямліла яна, адвёўшы позірк і камечачы ў руках край спадніцы. — Мы…
— Спаткаліся? — насмешліва падказала татуіроўшчыца, выгнуўшы брыво.
— Так… — вішнёвы сок на шчаках Анікі стаў ярчэйшым. Нібыта ёй не пад дзве сотні гадоў, а ўсяго пятнаццаць, ну сапраўды.
— Ясна, — Марлена пакруціла цыгарэту ў руках. — І яна вырашыла зрабіць цябе бессмяротнай.
— Угу…
— Але вы рассталіся, і цяпер ты шкадуеш аб гэтым…
— Ні ў якім разе! — Аніка так люта запярэчыла, што ледзь не падскочыла і не перакуліла стол. — Я не шкадую! Я падабаю такое жыццё! Непрыемна, канешне, што на сонцы больш не папесціцца і без кровапраліцця ніяк, але ўвогуле быць вампіркай вельмі нават нядрэнна.
Ну вось, з іроніяй падумала Марлена, абламілася ёй ідэя прапанаваць Аніцы таемна ад усіх перарваць нікчэмнае вампірскае існаванне (а заадно і ўласнае) асінавым колам — хаця, канешне, яна разумела, што ніколі бы да такога не дайшла.
— Што ж, радая за цябе, — працягнула татуіроўшчыца, страсаючы попел з цыгарэты прама ў сваю апусцелую філіжанку. — Але ў мяне няма вечнай маладосці. А ў вечнай старасці не так шмат радасці. Але я мела думку паспрабаваці звесці тваю жывую татуіроўку — хаця, наколькі мне вядома, такіх выпадкаў яшчэ не было…
—А ты абавязкова хочаш памерці? — Аніка шырока расплюшчыла вочы. — Я магла бы… цябе… ну…
Марлена цярпліва чакала, пускаючы дым танюткім струменьчыкам.
— Ну… гэта… — Аніка чамусьці перайшла на шэпт і толькі тады нарэшце вымавіла: — Укусіць…
Марлена міргнула. Чамусьці пра такую магчымасць яна й не падумала, зацыкліўшыся на тым, што ёй абавязкова трэба памерці.
— Укусіць? — на ўсялякі выпадак перапытала яна.
— Так, укусіць, — Аніка заківала. — І тады ты станеш бессмяротнай. І паступова станеш маладой. Я дакладна ведаю, што так і будзе!
Марлена марудзіла, робячы адну зацяжку за другой, а цыгарэта імкліва падыходзіла да канца. На шчасце, Аніка нікуды не спяшалася, папрасіла ў афіцыянткі яшчэ філіжанку кавы і пацягвала яе, даючы сабе магчымасць разабрацца са сваімі думкамі. Вось так проста ўзяць і пагадзіцца і замест жаданай смерці атрымаць вечную маладосць? У галаве не ўкладвалася. Марлена не ведала нават, што адчуваць на гэты конт — у грудзях забіўся незразумелы камяк ці то горкага шкадавання, ці то адчайнай надзеі.
А потым яе асяніла — ды так, што яна закашлялася, папярхнуўшыся дымам.
— І я зноў змагу рабіць жывыя татуіроўкі?! — прахрыпела яна, калі адкашлялася.
Аніка міргнула, нахмурылася, раздумваючы. І са шчырым спачуваннем паціснула плячыма.
Тады Марлена рашылася. У рэшце рэшт, што яна губляе? Горш за тое, што ёсць, усё адно не будзе.
— Добра. Кусай.
***
Кусаць Марлену прама ў кавярні Аніка адмовілася наадрэз. Для ажыццяўлення гэтай інтымнай дзеі яна прапанавала паехаць да татуіроўшчыцы дадому, дзе тая заадно зможа зрабіць ёй карэкцыю «рукавоў». Марлене ж было ўсё роўна.
Яны вырашылі пачаць з карэкцыі татуіроўкі. Нягледзячы на тое, што ўжо больш за паўстагоддзя прайшло з таго часу, як Марлена ў апошні раз гэта рабіла, варта было ўзяць машынку і занесці іглу над малюнкам, як рукі самі ўспомнілі патрэбныя дзеянні, а ад амаль забытага адчування, што цягнула ў грудзях падчас перадачы душы ў малюнак, на вочы навярнуліся слёзы.
— Ты ў парадку? — заклапочана спытала Аніка, заўважыўшы стан Марлены.
Тая кіўнула і гучна шморгнула носам. Перад вачыма ўсё плыло ад слёз, але зараз майстрыцы і не патрэбна было бачыць свой твор. Знудзіўшыся па прызванні, ейная душа сама вяла яе па знаёмым малюнку, паказваючы, дзе бракуе фарбы, а дзе — жыцця. Марлена проста слухала сваё сэрца і йшла на яго покліч.
І настолькі паглыбілася ў любімую справу, што хоць забі не памятала, як апынулася ў абдымках Анікі. Тая абхапіла майстрыцу захутанымі ў мяккія пялёнкі рукамі і замёрла ў задуменні. А калі ўбачыла, што тая ачулася, усміхнулася і спытала:
— Ты гатовая?
Марлена кіўнула — даўно гатовая. Калі, займеўшы сапраўдную вампірскую бессмяротнасць, яна зноў зможа прысвяціць сябе прызванню, то боязь сонца і патрэба ў чужой крыві — дробязная плата за здабыццё сэнсу жыцця.
Аніка выдыхнула, асцярожна ўзяла Марлену за падбародак, а другую руку паклала на грудзі. Нярвова каўтнула, марудзячы і пераводзячы позірк з твару Марлены на ейную шыю і назад.
— Прабач, я раблю гэта ўпершыню…
— Усё будзе добра, — запэўніла яе Марлена.
Вось ужо не думала, што гэта ахвяры прыйдзецца супакойваць вампірку.
Аніка яшчэ некалькі разоў удыхнула, нібыта збіраючыся нырнуць, — за гэты час да скуры Марлены паспеў дайсці холад вампірскіх далоняў. А калі тая ўжо збіралася зноў яе падбадзёрыць, Аніка прыўзняла ёй галаву — і рэзка нахілілася да ейнай шыі.
Цягам першых некалькіх секунд Марлене падавалася, нібы Аніка яе цалуе — настолькі пяшчотным атрымаўся гэты ўкус. Толькі калі ад шыі па ўсім целе пачаў разлівацца холад, стала зразумела, што гэта быў зусім не пацалунак. Марлену затрэсла, у вушах зашумела, і апошняе, што яна запомніла да таго, як страціць прытомнасць, былі моцныя, надзейныя абдымкі абгорнутых пялёнкамі рук.
***
І яны ж сустрэлі Марлену па абуджэнні. Расплюшчыўшы вочы, яна ляжала, не ў сілах паварушыцца — не таму, што не магла рухацца, а праз даўно забыты супакой, што нечакана размарыў яе. У нейкі момант ёй падалося, што яна памерла — яна не адчувала ні болю ў суставах, ні ў спіне, і нават у галаве была такая лёгкасць, якую яна даўно не адчувала нават ў самыя сонечныя дні. Ёй падавалася, што яна магла бы ляжаць так усё сваё жыццё — нават калі цяпер яна вампірка і гэтае жыццё будзе калі не вечным, то вельмі доўгім…
Цалкам забыўшыся на небяспечнасць рэзкага пад’ёму, Марлена падхапілася і паімчалася да тату-машынкі, ледзь не пацягнуўшы за сабой Аніку — на шчасце, тая ў апошні момант паспела расчапіць абдымкі, хаця спрасонку ледзь не звалілася з канапы. Толькі занёсшы іглу над сваім перадплеччам, яна скеміла, што на себе ж яна не зможа праверыць, ці вярнуўся ейны дар. Немагчыма зрабіць жывую татуіроўку самой сабе — усю тую энэргію, якую намагаешся ўкласці ў малюнак, цела забірае назад. Адчуваючы, як зямля сыходзіць з-пад ног, Марлена ў адчаі ўмольна зірнула на Аніку.
І ледзь не праслязілася, калі ўбачыла, што тая няёмкімі, яшчэ соннымі рухамі расшпільвае кашулю. Злавіўшы позірк Марлены, Аніка ўсміхнулася ёй:
— Можаш набіць матылька мне на раменніцы.
Матылёк… да чаго ж сімвалічна, што Аніка абрала менавіта гэты сімвал перараджэння для першай татуіроўкі ў новым жыцці Марлены. Яна не здолела стрымаць усмешкі ад усведамлення, што Аніка сапраўды зразумела, як многа значыць для Марлены ейнае прызванне. І ёй упершыню за доўгія дзесяцігоддзі хацелася спяваць і танцаваць, каб толькі выказаць Аніцы падзяку за тое, што яна дазволіла зрабіць гэтую татуіроўку — але замест гэтага не спяшала яе, цярпліва чакаючы, пакуль тая справіцца з гузікамі. І крадком змахвала слёзы.
Марлена баялася, што ад хвалявання ў яе будуць дрыжаць рукі, але майстэрства не здрадзіла ёй і ў гэты раз. Матылёк праяўляўся павольна, філігранна, як найкаштоўнейшая праца, якую Марлена калісьці рабіла. Нібыта экзамен на права быць сабой.
Толькі прыступіўшы да заліўкі колерам, Марлена зразумела, наколькі згаладнела — добра хоць, што галава не пачала кружыцца, а толькі смактала пад лыжачкай, але ўсё адно адцягвала ўвагу ад працы. Яна аблізнула сухія вусны і спытала ў Анікі, ледзь не папярхнуўшыся ад раптоўнай яснасці свайго голасу:
— А дзе… дзе ты бярэш кроў для харчавання?
Ну не кусае ж яна па начах людзей у сне, насамрэч. Іначай усе бы даўно ўжо былі вампірамі.
— Купляю ў фермераў, — падалося, Аніка чакала гэтага пытання. — Не хвалюйся, крыві патрэбна няшмат, я п’ю каля літру на тыдзень. Падыходзіць кроў любых млекакормячых, але з усіх, што я катавала, найсмачнейшая, як ні дзіўна, у кажаноў.
Марлена ажно адарвалася ад працы на некалькі імгненняў, каб зазірнуць Аніцы ў вочы:
— Ты піла кроў кажаноў?!
— Каго я толькі не перакусала за свой век! — тая меладычна рассмяялася. — Мару злётаць у Аўстралію пакусаць торбачнікаў.
Марлена толькі галавой пахітала. Праца была амаль скончаная, і яна не хацела яшчэ марудзіць. Яна павінная ведаць, стане ейнае вечнае жыццё блаславеннем ці праклёнам.
***
Аказалася, што ўсё было не нямарна. Як толькі Марлена прыбрала іглу і працерла скуру Анікі сурвэткай, замыкаючы энэргетычны контур на татуіроўцы, маленечкі матылёк нясмела ўзмахнуў блакітнымі крыльцамі і перапырхнуў да пляча, хаваючыся пад каўнерам кашулі.