Музыка вясны - Музыка вясны
Бясконца-блакітнае неба раскінулася над галавой, нібы загатоўка палатна для жывапіснай імправізацыі мастачкі-прыроды. І на тле туркусовага палатна, якое кранула пакуль толькі асляпляльна-яскравая пляма жыццярадаснага веснавога сонца, гарэзавалі першыя пералётныя птушкі, і іх радасным пошчакам нібыта падтаквала сама зямля, паспеўшы засумаваць па іх за доўгія зімовыя месяцы. Падтаквала цурчаннем ручаёў, праз якія, незадаволена бурчучы, скакалі паспешлівыя мінакі; падтаквала капеллю, падтаквала дзівоснай песняй за гранню ўспрымання, і песню гэтую могуць пачуць толькі тыя, чыё сэрца адкрытае свету, яшчэ не паспеўшы пакрыцца ледзяной коркай і ашчацініцца калючкамі пад гнётам жыццёвага бязладдзя.
Саскочыўшы з плота, я з гучным плюхам увязла красоўкамі ў размоклай зямлі. У ноздры ўдарыў цяжкі пах глебы, такі дзікі і ў той жа час такі родны і заспакаяльны, нібы дотык матчыных далоняў. Перабраўшыся на асфальт, каб не прамачыць ногі канчаткова, я зноў паглядзела дагары, прыжмурыўшыся на сонца, што заблыталася ў пакуль яшчэ голых галінах дрэў. Падумаць толькі, як хутка ажывае прырода, залітая яго цёплымі залацістымі промнямі.
Бо мінула ўсяго два тыдні вясны.
Некалькі крокаў па рыпучых прыступках на сцэну – рыпення не чуваць за рытмічнымі апладысментамі, але я дакладна ведаю, што прыступкі злёгку парыпваюць, чула не раз, прыходзячы сюды глядачкай на рэпетыцыі, смеючыся разам з музыкамі, бегаючы ўніз і ўверх, то на сцэну, то ў глядзельную залу, пустую і гулкую, калі не прыходзіла прадзюсарка – о, гэтая валявая жанчына ўмела займаць сабой усю даступную прастору. Але не гэтай вясной.
Некалькі крокаў – і, мелькам азірнуўшыся, ледзь не пахіснулася ад галавакружнага выгляду са сцэны. Ніколі не разумела, як музыканты вытрымліваюць цяжар славы, такой шумнай і ўтомнай, як іх не зносіць гэтай энэргіяй абажання і аглушальнымі апладысмештамі. Але калі ты марыла пра гэта – я радая, што твая мара здзейснілася.
Знаходжу цябе позіркам. За шчаслівай усмешкай і сцэнічным макіяжам ад мяне не схавалася стома. Я надта доўга і надта добра ведала цябе, каб верыць у тваю нястомнасць, як вераць твае фанаты. Ці не ты засынала ў мяне на руках прама ў гуказапісвальнай студыі, пакуль іншыя музыкі запісвалі свае партыі? Ці не ты заліпала ў віртуальныя шутары, каб трошкі расслабіцца, пакуль я гатавала твой любімы фалафель?
Дзевяць белых хрызантэм – твой любімы лік, твае любімыя кветкі, чый водар настолькі ж горкі і свежы, якімі калісьці былі нашыя стасункі. Калі я ўручаю букет, ты толькі ўсміхаешся куткамі вуснаў і на імгненне апускаеш позірк, машынальна папраўляючы светла-русыя валасы з ліловай пасмай у чубку.
А калі нашыя позіркі сустракаюцца, я разумею, што ўсё было зроблена правільна. І ўсміхаюся.
Гэтая ўсмешка не пакідае мой твар, пакуль спускаюся па прыступках, пакуль пад шум апладысментаў пакідаю залу, не дачакаўшыся песень на біс – і ты не глядзіш мне ўслед, я бы адчула, калі б ты глядзела. Яно й да лепшага. Не варта чапляцца за мінулае.
Прынамсі я магу ўсміхацца, не стрымліваючы слёзы – ужо прагрэс.
А на дварэ расліны зелянелі юным лісцем, пакуль яшчэ пяшчотным, светла-салатавым. Знянацку наляцеў прахалодны вецер і прымусіў сцепануцца, адначасова ацверажаючы і ап’яняючы сумессю пахаў разнастайных квітнеючых дрэваў.
Вясна была ў самым разгары.
Дні станавіліся ўсё даўжэй, сонца – цяплей, а лісце – бучней і зеляней. Адна за адной змяняліся раннія кветкі, робячы тыдні непадобнымі адзін да аднаго. І штодзённая дарога на працу і назад ніколі не надакучвала – то распусцяцца новыя кветкі, пра якія за год я і думаць забыла, то загрыміць навальніца, прымушаючы ўкрыцца парасонам і прахлюпаць па лужынах. Але больш за ўсё я любіла сонца. Сляпучае ўсёвідушчае вока, такое цёплае, такое жаданае, як бы ні наракала я гарачым летам на спёку – тое, што даруе жыццё, бескарыслівай любоўю ахутваючы планету. І прырода прымае гэтую любоў з удзячнасцю, раскрываючыся ва ўсёй сваёй заканамернай складанасці і дзіўнай разнастайнасці.
З людзьмі крыху складаней. З’яўляючыся дзецьмі прыроды, усе людзі ад нараджэння здольныя на гэтую дзівосную бескарыслівую любоў, падобную да промняў сонца і кветак адначасова, вось толькі для мяне заўсёды заставалася загадкай, як у некаторых хапае смеласці адмовіцца ад найвялікшага дара, ад святла ў цемры і ад крылаў над безданню дзеля таго, каб схаваць за халодным каменем сваё раненае некалі сэрца, каб абараніць яго ад ледзяных вятроў, што дзьмуць ад такіх жа халодных сэрцаў.
У свой час я выбрала быць агнём. Калі мой агонь не растапіў тваё сэрца, то няхай ён хаця бы дапаможа сагрэцца іншым. І калі ты не прымеш маё каханне, маю любоў, я буду любіць прыроду, буду любіць увесь свет, толькі б не забіць у сабе тое, што робіць чалавека чалавекам.
Толькі б не развучыцца бачыць свет ва ўсім яго харастве, толькі б не развучыцца ўсміхацца сонцу і смяяцца, падстаўляючы ветру твар. Бо жыццё кароткае, а ўсё, што ў ім адбываецца, і ўвогуле вокамгненнае, дык хіба можна дазволіць сабе марнаваць каштоўныя імгненні на абыякавасць?
Вяртаючыся дадому, я заўважыла, што пад вокнамі пачаў распускацца бэз. Падышла бліжэй да куста і спынілася на некалькі хвілін ля маленькай могілкі пад яго каранямі, пра якую ведалі толькі тыя, чыя рука калісьці даўно краналася трохкаляровай коткавай спінкі.
Напэўна, толькі жывёлы яшчэ не развучыліся любіць так, як умеюць любіць толькі дзеці прыроды.
Калі я працягнула шлях, зноўку наляцеў вятрыска, прымусіўшы лісце зашаптаць і кінуўшы наўздагон свежы водар бэзу.
Неўзабаве канец вясны.
Музыка зайграла нечакана, і спакойная пералівістая мелодыя флейты падалася мне халадней ледзяной вады, што знянацку вылілі на галаву. Я так і застыла, не азіраючыся, утаропіўшыся дагары, кудысьці на мяжу паміж дрэвамі ў парку і небам, але насамрэч не бачыла ні падобных да невагомых абрыўкаў ваты аблокаў, ні ластавак, што нагадвалі каліграфічна выпісаныя іерогліфы, чый палёт так і сачыўся энэргіяй жыцця. Не было для мяне жыцця ў той момант. Была толькі музыка, і я замёрла, не варушачыся і ледзве дыхаючы, баючыся патрывожыць чароўнае неасцярожным выдыхам.
Ці вечнасць доўжыўся цуд або кароткае імгненне, але ў адзін момант мелодыя змоўкла, абрынуўшы на мяне невыносную цішыню. І толькі тады я асмелілася азірнуцца – увесь гэты час я стаяла спінай да чараўніцы з флейтай, і гэта нават не падалося мне дзіўным, бо крылы, напэўна, якраз за спінай і мусяць быць.
Я азірнулася і сустрэлася позіркам з флейтысткай. Яна ўсміхнулася, трасянуўшы кароткімі цёмнымі валасамі, і ў ейнай усмешцы змяшаліся і светлая радасць стварання, і бязмерная туга істоты, што пражыла тузіны ўвасабленняў і прайшла сотні тысяч шляхоў. Нібыта ў ёй увасобіўся ўвесь свет, і яна перадала ў музыцы яго маўчанне.
Я зрабіла крок насустрач. Яна звузіла свае цёмныя вочы, не даючы канчаткова патануць у іх бяззорных вірах.
Урэшце нездарма ж мяне ўсё жыццё цягнула да музыкі, будзь то канцэрт сімфанічнага аркестра альбо спевы птушак пад акампанемент шамацення лісця.
Плямы ранішняга сонца скакалі па ейным твары, а яна ўсё маўчала. Маўчала і я, бо нашто гаварыць, калі ўсё ўжо даўно было сказана за нас?
А ластаўкі вакол крычалі надрыўна, адчайна, і вецер гайдаў верхавіны смарагдава-зялёных дрэваў, прымушаючы танцаваць і цені, што яны кідалі на зямлю.
Заўтра канец вясны.
Новый
О, як міла