Сад блакітных гліцыній - Сад блакітных гліцыній
Спевы птушак і шэпт ветру ў лісці не парушалі, а толькі падкрэслівалі цішыню, што панавала ў садзе, ажыўлялі яе. Высокі жываплот адсякаў маленькі дамок ад астатняга сада блакітных гліцыній, дазваляючы ягонай гаспадыні адасобіцца, калі ў тым узнікае неабходнасць. Маленькая, загорнутая ў аднатонную бэзавую юкату, павязаную сінім поясам, Кінасіта Сэеры выглядала надзвычай далікатнай, асабліва зараз, калі сядзела на ганку дома, падцягнуўшы босыя ногі да грудзей, трымаючы ў руках несуразмерна вялікую ў параўнанні з маленечкімі далонькамі піялу і напружана ўглядаючыся ў бок сада, нібыта магла нешта ўбачыць праз жываплот. Заглядзеўшыся на сяброўку, Хару злавіла сябе на думцы, што яна сама, якая ў сваіх джынсах і цішотцы сядзела, проста скрыжаваўшы ногі, і закусвала гарбату маленькімі пірожнымі, падавалася надзвычайна недарэчнай у гэтым чароўным месцы.
Так, яно было чароўным нават нягледзячы на тое, што асноўнага цуду — блакітных гліцыній, якія нідзе больш не сустракаліся за межамі сада Кінасіты — адсюль было не відаць. Дамок Сэеры быццам бы знаходзіўся па-за часам і нібыта захаваў у сябе тое, што ўжо даўно павінна было знікнуць.
— Дык чаму ты ўсё ж такі яе пазбягаеш? — Хару сама здрыганулася ад свайго голасу, ад таго, як нават нягучна вымаўленая фраза ўзрэзала цішыню. Так зыходзіць кругамі водная гладзь, калі ў яе кінуць камень.
Сэеры паволі ўздыхнула і гэтаксама ж павольна прыплюшчыла вочы. Шчыльней сціснула пальцы рук, ямчэй узяўшыся за піялу. Там, за жываплотам, гулялі людзі, зараз не такія натоўпы, як неўзабаве пасля адкрыцця сада, але й бязлюднымі яго сцежкі назваць было нельга. Гліцыніі Кінасіты, што раскінуліся па галінах старых дрэў у некалі занядбалым садзе на ўскрайку, квітнелі амаль круглы год, і людзі з усяго свету з’язджаліся ў гэты маленькі гарадок, каб палюбавацца на кветкі, якія больш нідзе не раслі. Здавалася б — не так ужо занадта адрозніваецца колер ад звычайнага для вістэрыі бэзавага ці ліловага, але выглядала ўсё так, быццам асколкі неба не даляцелі да зямлі ды так і засталіся гайдацца на вятры. Многія прасілі ў гаспадыні сада насенне, прапаноўвалі неймаверныя грошы за парасткі гліцыніі, якая давала незвычайныя блакітныя суквецці, але нідзе больш яны не прыжываліся. Так і стаў сад блакітных гліцыній Кінасіты мясцовай славутасцю. Гаспадыня была не супраць, яна цёпла прымала гасцей, частавала іх гарбатай з пірожнымі, са многімі вольна заводзіла гутаркі пра ўсё на свеце. Але часам — як сёння — затульвалася ў сваім дамку за жываплотам, падпускаючы да сябе толькі нямногіх, напрыклад, найлепшую сяброўку Хару. Напачатку Хару не разумела прычын, але пазней заўважыла, што Сэеры адасабляецца, калі ў сад прыходзіць Такано Кахэку — былая аднагрупніца гаспадыні сада па Акадэміі, адкуль тая сышла, так і не давучыўшыся. Больш Хару пакуль высветліць не атрымалася, і хаця яе раздзірала цікаўнасць, яна разумела, што ціснуць на сяброўку, выпытваючы падрабязнасці, даволі жорстка.
Але зараз пытанне само сарвалася з языка. Хару замёрла, чакаючы рэакцыі Сэеры. Тая таксама замёрла, трымаючыся за піялу, як за ратавальную саломінку. Паміж сяброўкамі стаяў паднос з імбрычкам і пірожнымі, і ў нейкім момант Хару падалося, што на месцы гэтага падноса пачынае разявацца прорва…
А ў наступны момант Сэеры прыплюшчыла вочы і, раслаблена ўсміхнуўшыся, зрабіла глыток гарбаты. Хару з палёгкай выдыхнула, для заспакаення адправіўшы ў рот чарговае пірожнае.
— Ведаеш… думаю, мне варта распавесці, — нарэшце адгукнулася Сэеры, наўмысна прыглушаючы голас, каб не надта парушаць цішыню. — Няхай хоць хтосьці ведае… а табе я якраз магу давяраць.
Хару прытаіла дыханне, каб не спужаць гатовую адкрыцца ёй таямніцу. Зрабіла глыток гарбаты — даўно астыла, але не час адцягваць увагу на падаграванне імбрыка.
Сэеры тым часам таксама адпіла гарбаты і загаварыла:
— Мы з Кахэку пазнаёміліся падчас навучання ў Акадэміі, гэта ты ўжо ведаеш. Пасябравалі амаль адразу. На вучобе ўсе парныя заданні выконвалі разам, пасля заняткаў разам чыталі, глядзелі серыялы, а калі даводзілася ўвільнуць ад увагі настаўніц, то ўблытваліся ў нейкія прыгоды кшталту разведвання занядбаных будынкаў непадалёк ад Акадэміі. Падтрымлівалі цікаўнасці адна адной. Я тады, памятаю, захапілася арыгамі, увесь пакой быў у папяровых упрыгожваннях. Ну а Кахэку… — Сэеры ўздыхнула, позірк ейны затуманіўся ўспамінамі. — Кахэку малявала. Звычайна акварэллю, часам алоўкамі ці тушшу. Людзей малявала рэдка, часцей жывёл ці пейзажы. Але лепей за ўсё ў яе атрымліваліся…
— Гліцыніі, — Хару рэхам скончыла за сяброўку фразу, нібыта ўлавіўшы ход ейных думак. Ёй сапраўды здавалася, што яна вось-вось зразумее, пра што ёй хочуць распавесці.
Сэеры кіўнула:
— Не проста гліцыніі. Блакітныя. Як казала Кахэку, прырода не ўгадала з колерам для гэтай расліны, таму яна выпраўляе хаця б на малюнках, — гаспадыня сада ўсміхнулася, адпіла яшчэ трошкі гарбаты, пасля чаго пасур’ёзнела: — А з Акадэміі я ўцякла неўзабаве пасля таго, як упершыню знайшла блакітныя кветкі гліцыніі на сваёй падушцы.
— У якім сэнсе? — Хару нахмурылася. Не можа ж быць, што гэта…
— Ханахакі, — сумна ўсміхнуўшыся, выказала Сэеры думку, якой апасалася яе сяброўка. — Хвароба, пры якой без адказу закаханыя людзі адкашліваюць пялёсткі любімых кветак сваіх каханых.
На некаторы час зноў запанавала маўчанне. Не бачная воку птушка нібыта вырашыла яго запоўніць пералівістымі пошчакамі.
— Ты закахалася ў Такано Кахэку? — агаломшана перапытала Хару. Яе здзівіў не столькі сам факт, што яе сяброўка закаханая ў тую, каго яна ігнаруе, колькі надыходзячае ўсведамленне таго, як менавіта гаспадыня сада на самой справе вырошчвае гэтыя незвычаныя гліцыніі.
— Сама не заўважыла, як, — Сэеры зноў сумна ўсміхнулася, паціснула плячыма. — Дурная хвароба, насамрэч. Калі не хочаш памерці, твая каханая павінная адказаць узаемнасцю. Быццам бы можна прымусіць асобу пакахаць, націснуўшы на жаль! Але паміраць мне пагатоў не хацелася. Прыступы хваробы мацнеюць, калі бачыш аб’ект свайго кахання, таму я збегла з Акадэміі. Напачатку было цяжка маральна, затое лягчэй фізічна. Але калі боль ад раставання з Кахэку сцішыўся, хвароба пачала прагрэсаваць. Усё ж мой лёс быў вызначаны, так ці йначай, пазбяганне Кахэку толькі адтэрмінавала бы маю смерць.
— Але ты не выглядала хворай, калі прыйшла да нас, — прыжмурылася Хару. — Ды й зараз ты на выгляд упоўні здаровая.
Сэеры загадкава ўсміхнулася крайчыкамі вуснаў. Дапіла сваю гарбату і адставіла пустую піялу, ціхенька стукнуўшы керамікай па драўлянай падлозе. Выцягнула ногі і, прыхіліўшыся спінай да краю адчыненых папяровых дзвярэй сёдзі, зноў стала ўглядвацца нібыта скрозь жываплот у бок сада. Толькі праз паўхвіліны і два ціхія ўздыхі яна, нібы сабраўшыся з думкамі, паволі загаварыла:
— Я шмат вандравала ў пошуках вылячэння. Напачатку спрабавала проста выкінуць Кахэку з галавы і сэрца. Калі зразумела, што гэта дарэмна, стала шукаць лечыва звонку. Але аказалася, што людзі ім і не цікавіліся: хворыя альбо неўзабаве паміралі, не здолеўшы расстацца з каханымі, як я, і задыхаліся кветкамі, альбо знаходзілі спосаб прывязаць іх да сябе, — Сэеры паморшчылася, ёй відавочна быў не даспадобы такі спосаб лячэння. — Да таго часу, як я прыйшла да вашага горада, надзеі ў мяне ўжо не заставалася. Я амаль не магла спаць праз кашаль, доўгая хадзьба таксама давалася цяжка — кветкі гліцыній у лёгкіх перашкаджалі дыхаць. Я заначавала ў занядбанай хаце на ўскрайку горада, — жанчына абвяла рукой дом і сад, дзе яны з Хару зараз знаходзіліся. — Яна была дастаткова далёка, каб я не перашкаджала сваім кашлем спаць іншым людзям. І да таго ж яго акружаў дзікі сад. Я вырашыла, што гэта нядрэннае месца, каб дажыць свае апошнія дні, прыгожае…
— Але калі я ўпершыню ўбачыла цябе ў горадзе, як ты цягнеш сюды будматэрыялы для рамонту гэтай хаты, ты была ўпоўні бадзёрая і нават не кашляла! — здзівілася Хару і з нецярплівай цікаўнасцю падалася наперад, чакаючы працягу гісторыі.
Сэеры перавяла позірк на сяброўку і зноў загаварыла:
— У тую ноч, калі я ўпершыню заначавала ў гэтым доме, да мяне на досвітку прыйшла камі-ахоўніца гэтага сада. Аказалася, што сваім кашлем я патурбавала ейны спакой. Я выбачылася перад ёй, патлумачыўшы, што я хворая на ханахакі, і паабяцала пакінуць ейны сад, як толькі ўзыйдзе сонца. Мне здаецца, мая гісторыя кранула камі. Яна распавяла, што дзясяткі гадоў таму папярэднія гаспадары пакінулі гэты дом, пераехаўшы ў буйны горад, і з таго часу сад прыйшоў у запусценне. Ахоўніца сада прапанавала мне сваю дапамогу ў абмен на тое, што я пасялюся тут і стану даглядаць ейны сад.
— Але камі цябе не вылечыла, іначай бы ты не пазбягала Кахэку, — нахмурылася Хару.
— То праўда, — кіўнула Сэеры. — Нават камі не ведала іншых лекаў ад ханахакі, акрамя ўзаемнага кахання. Але яна змяніла маю хваробу так, каб блакітная гліцынія квітнела не ў маіх лёгкіх, а вілася ліянай па дрэвах гэтага сада.
Некалькі хвілін Хару агаломшана глядзела на Сэеры. Яна часам мела падобныя думкі, што не селекцыяй і не геннай інжынерыяй яе сяброўка стварыла блакітную гліцынію. Але каб праўда аказалася такой? Хару пахітала галавой.
— Але я ўсё яшчэ не разумею, чаму ты ігнаруеш Кахэку, — сказала яна. — Калі камі змяніла ход хваробы…
— Я хварэю на ханахакі на працягу ўжо многіх гадоў, Хару, — зноў гэтая сумная ўсмешка, ад якой разрывалася сэрца. — Ніхто да мяне столькі не пратрымалася. Калі я ўбачу Кахэку, нават камі не зможа спыніць рэцыдыў. Я памру на месцы. А я не хачу гэтага.
— Але што калі Кахэку пакахала бы цябе? — не сунімалася Хару. — Ёсць жа хоць маленькая верагоднасць? Пагатоў ты вырошчваеш яе любімыя кветкі. Можна ж гэта хоць як высветліць? Напрыклад, я магу спытаць…
— Не, гэтага не трэба, — адрэзала Сэеры, строга пахітаўшы галавой. — Нават калі дапусціць, што гэта так, і я вылекуюся, калі ўбачу яе… — Кінасіта ўздыхнула. — Разам з хваробай знікнуць і блакітныя гліцыніі. А я не хачу пазбаўляць Кахэку яе любімых кветак, бо яны больш нідзе не сустракаюцца.
З гэтымі словамі гаспадыня сада адзіным рухам паднялася на ногі, узяла з паноса імбрычак і сышла ў кухню запарыць новую гарбату, пакінуўшы сяброўку сам на сам з ейнымі думкамі і рэшткамі пірожных.
Апрытомнеўшы, Хару толькі галавой пахітала і адправіла ў рот чарговы кавалачак прысмакаў, не чакаючы, пакуль Сэеры прынясе новую порцыю гарбаты.
— Выглядае на тое, што ты сапраўды яе кахаеш, — задуменна прамовіла яна, хаця ведала, што з кухні яе не пачуюць.