Чаму быць, таго не абмінуць? - Частка 1
Частка 1.
Кроўлі ўвязалася за Азірафаэль абходзіць уікбераўскіх гандляроў, па-першае, бо ў яе не тое каб былі іншыя справы, бо за апошнія чатыры гады яна прывыкла праводзіць амаль увесь свой час каля сваёй анёлы, а па-другое, з моманту, калі яна пабачыла Габрыэля, ёй не давала спакою адчуванне небяспекі. З іншага боку, сачыць за тым, як Азірафаэль спакушае крамнікаў сваімі кніжнымі скарбамі, насамрэч было цікава, таму Кроўлі зусім не пашкадавала аб змарнаваным на абыход часе.
У “магічную” краму яна заходзіла з усмешкай: хоць іх тады амаль што раскрылі, прыгода была шыкоўнай! Асартымент крамы тым часам стаў нашмат большым, і Кроўлі пачала абыходзіць памяшканне ў пошуках нечага забаўнага, ці, мабыць, насамрэч магічнага. Яе ўвагу прыцягнуў шкляны шар пасярэдзіне пакою. Ад яго цягнула нечым… таемным і паколвала кончыкі пальцаў нечым незнаёмым, але прыемным. Мабыць, у імпазантнага ўладара крамы ёсць нейкія вядзьмарскія карані і ён ненаўмысна набыў недзе гэтую яўна магічную рэч.
Дабавіўшы невялічкую долю цудаўства, Кроўлі пачала паводзіць далонню над шарам, не разумеючы, чаму той яе так зацікавіў: не тое каб рэчы з магічнай аўрай так рэдка ёй пападаліся, але менавіта гэта яе прыцягвала.
— Я б не раіў глядзець у гэты шар без падрыхтоўкі, — пачула яна голас гандляра, але ж нічога не паспела адказаць: свет вакол яе закруціўся і яе стала кідаць з адной карцінкі ў іншую. І іншую. І іншую.
Вось яны выходзяць з “магічнай” крамы. Вось Азірафаэль на ламанай французскай размаўляе з уладарніцай вулічнага кафэ. Вось Кроўлі размаўляе з Нінай, якая пытае, колькі яны ўжо разам, і калі чуе адказ, што яны не пара, пытае пра інтрыжку, а Кроўлі адказвае, што Азірафаэль занадта нявінная, каб з ёй мець інтрыжкі. Вось Кроўлі з гэтай нагоды вырашае не працягваць абход, а хуткімі тэмпамі напіваецца. А потым, з падачы Азірафаэль, размаўляе з Габрыэлем, якога ёй, нават, становіцца шкада: ён зусім не памятае, якім ён быў, але ж дурны анёльскі характар не схаваеш, не забудзеш і не паправіш.
А потым баль, дэманы, якія атакуюць кнігарню, Кроўлі выводзіць людзей і адпраўляецца на нябёсы, каб знайсці хоць нейкі след Габрыэля і зразумець, што рабіць у гэтай сітуацыі. Азірафаэль, якую дастаткова аставіць адну на пяць хвілін, каб яна развязала вайну, узрывае німб, Габрыэль вяртае памяць і знікае разам з Вельзевул…
— Кроўлі, даражэнькая, што з табой? — прабіўся голас праз кругаварот успамінаў? Наадварот, яе будучыні? Жыцця Кроўлі з альтэрнатыўнага сусвету?
Яна ня ведала, куды яе адправіў гэты дзяўбаны шар, але, чым бы гэта не было, адтуль яе пачаў выцягваць устрывожаны голас Азірафаэль.
— Кроўлі, нешта здарылася? Кроўлі, што з табой? — Кроўлі было прыемна, што Азірафаэль за яе хвалюецца, але яна павінна была даглядзець, бо гэта было важна, вельмі важна!
Кроўлі з яе несапраўдных успамінаў прыбірала кнігарню пасля таго вэрхалу, які ў ёй адбыўся, дзякуючы дэманам, якіх прывяла Шакс. Прыбірала кнігарню і марыла пра тое, што зараз Азірафаэль павернецца і яны адправяцца на сняданак у “Рытц”. Разам. Толькі ўдвох.
Бедная, бедная тая Кроўлі, з боку было відней, што яе марам не наканавана ажыццявіцца: адчуванне бяды стала выразней, быццам зацішша перад буранам.
— Мабыць, хуткую дапамогу? — праз шум у вушах — тая Азірафаэль якраз вярнулася ад Метатрона, ззяючы шчаслівай усмешкай — прабілася пытанне крамніка. — Ведаеце, з гэтым шарам так бывае, у людзей, якія занадта пільна ўглядаюцца ў яго, пачынае круціцца галава…
Тым часам тая Азірафаэль з захапленнем расказвала, што яе клічуць назад на нябёсы і нават тую Кроўлі дазволілі зноў зрабіць анёлам…
— Гэта не падобна на “круціцца галава”, — закрычала Азірафаэль, і цела Кроўлі, недзе там, далёка-далёка, пачалі тармасіць. — Годзе, любая, не пужай мя…
У несапраўдных успамінах Кроўлі, не маючы ўжо ніякіх надзей, прыцягнула Азірафаэль за каўнер, збіраючыся яе пацалаваць. Тым часам слова “любая”, якое ў першы раз за іх гісторыю і да таго ж так лёгка зляцела з вуснаў сучаснай Азірафаэль, падзейнічала як якар, які пацягнуў ментальную копію Кроўлі з несапраўдных успамінаў у яе фізічнае цела. Яна толькі паспела ўбачыць, як тая Азірафаэль з слязамі на вачах нешта адказала той Кроўлі, і яна магла з упэўненасцю сказаць, што наўрад ці гэта было нешта, што ад яе чакалі пачуць.
Успаміны рэзка прапалі разам з гукам разбітага шкла, і Кроўлі з цяжкасцю расплюшчыла вочы.
— Прабачце за шар, — без ценю віны ці шкадавання сказала Азірафаэль, стоячы пасярод недабіткаў гэтага самага шара.
Кроўлі са здзіўленнем агледзелася навокал. Як яна апынулася на стуле? Што ўвогуле здарылася?
— Нічога, гэта мусіла калі-небудзь адбыцца, — адказаў крамнік без асаблівых эмоцый, — галоўнае, што ваша… партнёрка ачуняла. Як вы? Мабыць, вады?
Напэўна, пасля таго як Азірафаэль скакала вакол яе, называючы яе “любай”, выбар слова ўладаром крамы быў апраўданы, але Кроўлі чакала, што тая будзе неяк пярэчыць, паправіць гэтую самую “партнёрку”. Але Азірафаэль гэтага не зрабіла, толькі забрала з рук крамніка шклянку з вадой і сунула яе ў дрыжачыя рукі Кроўлі. Тая аўтаматычна зрабіла глыток, адчуваючы, як мокрыя — яна плакала, атрымліваецца — шчокі халадзіць паветра.
— Вось, трымай, — Азірафаэль выцягнула аднекуль з кішэні камізэлькі насавую хустачку і таксама аддала Кроўлі. — Як ты?
Крамнік тым часам вярнуўся з падсобкі і буркаючы нешта пра тое, што яму гэты шар як хрустальны прадавалі, пачаў прыбіраць кавалкі шкла з падлогі.
— Я… — пачала Кроўлі, але пытанне было вельмі складаным: розумам яна была ўсё яшчэ там, цалавала Азірафаэль.
Не ведаючы, што сказаць, яна зняла акуляры і стала выціраць твар хустачкай.
— Я не ведаю, што гэта было, — нарэшце сказала Кроўлі, сабраўшыся з думкамі.
— Я ж кажу, галава закруцілася, — падаў голас крамнік.
— Ну, нешта такое, — кіўнула Кроўлі і паспрабавала падняцца на ногі.
У яе галаве да гэтай пары круціліся толькі што пабачаныя ёю карцінкі. І такі зыход справы з Габрыэлем Кроўлі не надта падабаўся. Калі казаць шчыра, то зусім не падабаўся. І, дакладна, не мусіў адбыцца.
Яе Азірафаэль жа не такая дурніца, праўда ж?
— Прабачце, — Кроўлі, як магла, усміхнулася крамніку. — Гэта не ваша віна. Я магу заплаціць за шар?
— Ой, годзе, — адмахнуўся той і таксама ўсміхнуўся. — У гэтай краме шмат чаго адбываецца, я прывык.
Выйсці з памяшкання ёй дапамагла Азірафаэль. З кожным крокам да Кроўлі павярталіся сілы і расла рашучасць не дапусціць таго, што яна пабачыла ў тым варыянце падзей.
— Табе, напэўна, патрэбна скончыць абход? — спытала Кроўлі, калі яны дайшлі да кнігарні.
— Не памяшала б, у мяне яшчэ з тузін гандляроў у спісе, але я хвалююся за твой стан. Што гэта было? — Азірафаэль цудам адчыніла дзверы, і тыя ледзь-ледзь засталіся ў завесах, столькі моцы яна ўклала ў гэтае простае дзеянне.
— Ай, не бяры да галавы, шар напэўна насамрэч некалі нейкай вядзьмарцы належаў, вось мяне і зацягнула, зараз паляжу і адыду, — Кроўлі дазволіла пасадзіць сябе на невялічкую — на дваіх — безгустоўна жоўтую канапу ў глыбіні крамы.
— Цікава, і што там было? — Азірафаэль села побач, зусім блізка, так, каб сцягном кранацца сцягна Кроўлі.
Гэта было дзіўна, бо Кроўлі нават не заўважыла, як тая перастала трымаць дыстанцыю. Калі гэта адбылося? Калі яна пачала дакранацца, каб прыцягнуць увагу, калі стала садзіцца так блізка? Дакладна, яшчэ ў час недаАрмагедону яна б падсунула да канапы фатэль, або б прымасцілася на падлакотніку з іншага краю, каб аставіць паміж сабой і ёй хоць нейкую адлегласць. І Кроўлі раней рабіла тое ж самае, а зараз яна б нават не засяродзіла ўвагу, калі б не пабачыла ў тых, несапраўдных, успамінах сваю размову з Нінай, а потым з Нінай і Мэгі, ды і з самой Азірафаэль.
Калі яны сталі такімі блізкімі, што людзі лічаць іх партнёркамі? І не проста лічаць, а кажуць гэта ў твар?
І, калі яны так добра ведаюць адна адну, чаму ж тая Азірафаэль выбрала нябёсы?
— Нічога там не было, адны каляровыя плямы, — схлусіла Кроўлі, разумеючы, што яна не можа расказаць пра тое, што бачыла, прынамсі, пакуль не атрымае пацвярджэнняў, што гэта ўсё мусіць адбыцца.
— А ты… — Азірафаэль спатыкнулася пасярод сказу, як рабіла заўсёды, калі не была ўпэўнена ў тым, што гаворыць. — А ты чула, што было вакол цябе?
— Так, нейкія асобныя словы, здаецца, вы спрачаліся з крамнікам, — Кроўлі наморшчыла лоб, нібыта ннешта ўспамінае. — А так нічога амаль не чула.
Азірафаэль закусіла губу, але больш нічога пытацца не стала.
— Я ў парадку, — зноў схлусіла Кроўлі. — Ты можаш працягнуць, са мной усё будзе добра.
— Дакладна ў парадку? — падазрона звузіўшы вочы, перапытала Азірафаэль.
Гадзіннік на сцяне адбіваў секунду за секундай. Часу заставалася ўсё меней і меней, а да пачатку сходу ў Кроўлі была пройма спраў.
— Так, я цудоўна сябе адчуваю, не хвалюйся, — яна паклала далонь Азірафаэль на калена ў жэсце даверу і затаіла дыханне, чакаючы, як тая адрэагуе.
— Калі што, пакліч, — Азірафаэль паклала сваю далонь паверх яе і лёгенька сціснула. — Я адразу прыбягу, добра?
Кроўлі ледзь-ледзь змагла адвесці позірк ад іх далоняў і гучна зглынула сліну. Недзе ў яе галаве маленькая Кроўлі ў гэты момант бегала па столі ў захапленні ад таго, што яны цяпер так могуць рабіць.
Секунда, другая, і Азірафаэль прыбрала руку, а за ёй і Кроўлі таксама прыбрала сваю.
— Добра, — яна шчыра ўсміхнулася: хваляванне анёлы было вельмі прыемным.
Раней Кроўлі не заўважала, як тая пра яе клапоціцца. Гэтыя мелкія жэсты, словы, рэчы. Тая ж шматфункцыянальная кававарка на кухні ў Азірафаэль, якой тая карысталася толькі каб варыць эспрэса для Кроўлі.
— Пачакай, — Азірафаэль паднялася з месца і крыкнула: — Джым!
Той спусціўся да іх па лесвіцы і спыніўся ў падножжа, чакаючы.
Кроўлі была вымушана зрабіць выгляд, што яе зусім не пужае гэты небарака з тварам галоўнага ворага яе анёлы. Нават той факт, што яна пабачыла ў тых успамінах, што ён збіраўся прыгнуць з акна, а потым смела выйшаў да зграі дэманаў, якія не тое каб вельмі прыязна сябе да гэтага паводзілі, нават усё гэта не змяніла меркаванне Кроўлі пра небяспечнасць гэтай істоты.
Надзвычайную небяспечнасць!
Мабыць, не трэба было пасля недаАрмагедону шкадаваць пачуцці Азірафаэль і не расказваць ёй пра тое, як гэты выблядак сябе паводзіў у час яе смяротнага пакарання. Магчыма, тады яна б з большай зацікаўленасцю аднеслася да ідэі аставіць Габрыэля пасярод балот. Вядома, Азірафаэль бы ўсё роўна не дазволіла так зрабіць, але бараніла б былога кіраўніка з меншым пылам.
— У мяне ёсць да цябе просьба, — Азірафаэль падышла да Джыма бліжэй. — Калі Кроўлі нешта спатрэбіцца, дапамажы ёй, добра?
Сур’ёзна, яна даручыла паклапаціцца пра Кроўлі… вось яму? Ён і пра сябе не паклапаціўся, як ён гэта зробіць для іншых?
Наіўная, наіўная дурненькая анёла.
За гэтую наіўнасць Кроўлі яе і каха… цаніла. Калі не злавалася на яе за гэта. То-бок, не так часта.
— Канешне, — Джым усміхнуўся той мяккай, спакойнай усмешкай, якой не ўсміхаўся ніколі, калі быў Габрыэлем.
— Дамовіліся, — Азірафаэль падхапіла са стала свой спіс, паглядзела цераз плячо на Кроўлі, якая з усіх сіл рабіла выгляд, што яна ў парадку, і пабегла да ўваходу: часу заставалася зусім мала.
— Джым, — Кроўлі ўстала на ногі і, зразумеўшы, што цела больш менш прыйшло ў норму, падышла да Габрыэля бліжэй. — Скажы, а што ты думаеш пра мух?
Бачыць збянтэжанасць на твары некалі вярхоўнага арханёла і Князя нябёсаў было нават прыемна.
— Мухі? — ён паглядзеў на яе з неразуменнем.
Кроўлі паматляла галавой з боку ў бок: як яна раней не разумела, што не бываюць анёлы такімі добрымі акторамі, каб настолькі якасна сыграць поўную несвядомасць.
— Ага, мухі, — паўтарыла яна. — Лётаюць тут такія, бзыкаюць вось так: б-з-з-з.
— А, мухі, — Джым аж заззяў, зразумеўшы пытанне. — Дакучаюць, але адну з іх у мяне не атрымалася забіць, вось яна мне падабаецца.
Кроўлі фыркнула: Габрыэль у гэтым сваім стане быў яшчэ большым ёлупнем, чым раней.
— Паслухай, Джым, а прынясі мне скрыню, з якой ты прыйшоў, калі ласка, — папрасіла яна.
— Гэта я зараз! — крыкнуў ён, ужо знікаючы на другім паверсе.
Пакуль яго не было, Кроўлі абвяла позіркам увесь пакой. Колькі тут усяго адбылося! Колькі прыгод тут скончыліся!
Як, як Азірафаэль нават магла падумаць, каб пакінуць кнігарню? Гэта ж адно і тое ж, што аставіць на Зямлі адно з крылаў. Немагчыма.
— Вось! — Джым радасна прыскакаў да яе з скрыняй у руках.
— Цудоўна, дзякуй, — яна забрала скрыню і няшчыра, ад вуха да вуха, усміхнулася яму. — Я паклікаю, калі ты мне спатрэбішся.
— Ага, — Джым сышоў назад на другі паверх, на якім быў яго пакой.
Дачакаўшыся, калі ён там знікне, Кроўлі перавярнула скрыню. Там няроўнымі літарамі было напісана “я ў мусе”.
Прывід будучыні, які паказаў ёй шар, пачаў спраўджвацца. Гэта азначала, што трэба было дзейнічаць.
Як мага хутчэй.
***
Нязменны на працягу шасці тысячагоддзяў сакратар Вельзевул меў вельмі набітае вока на тых візіцёраў, ад якіх у яго могуць быць непрыемнасці. Ён нават не паглядзеў у свой спіс давераных асоб, толькі падміргнуў Кроўлі сваім адзіным вокам і адчыніў праход.
— Здрадніца Кроўлі! — аб’явіў ён, прымусіўшы тую зморшчыцца: нельга здрадзіць тым, на чыім баку ты ніколі не была.
Седзячы на сваім троне, Вельзевул выглядала сумнай і самотнай. Пекла ўвогуле не самае вясёлае месца, але і да яго можна прызвычаіцца. Але ж калі недзе існуе альтэрнатыва, прызвычаіцца становіцца нашмат складаней. І справа тут не ў панурай атмасферы, і не ў дэманах, якія зусім не радавалі вока, а ў тым, што ў пекле ўсім на ўсіх было настолькі абыякава, што яны нават не сталі б адзін на аднаго пляваць з высокай званіцы: вось яшчэ, нешта дзеля кагосьці рабіць.
— Нейкія навіны? — Вельзевул нават не спрабавала выказаць зацікаўленасць: ніводная мышца не тузанулася на яе новым — вельмі прыгожым, дарэчы, для Князя пекла — твары, нічога не выдавала яе хвалявання.
Калі яно было ўвогуле.
— Я ведаю, дзе знаходзіцца Габрыэль, — пачала Кроўлі, пільна сочачы за Вельзевул.
— Дык і я ведаю, дзе ён, у тваёй палюбоўніцы, — Вельзевул пазяхнула і падперла падбародак кулаком. — Гэта не навіна.
— Я ведаю, — Кроўлі задрала галаву, гледзячы знізу ўверх на сваю былую кіраўніцу. — І згодна здаць вам яго заўтрашнім ранкам.
— А чаму не зараз? — Вельзевул правярнула трук са знікненнем са свайго трону і перамяшчэннем за спіну Кроўлі, каб напужаць яе.
Здаецца, у Вельзевул ніколі не было анёлы, якая ходзіць так ціха, быццам у яе аблокі замест чаравікаў. Вядома ж не было, гэта толькі Азірафаэль не чула, як да яе падыходзіць Габрыэль, Кроўлі яго чула за палову кнігарні. Таму фокус Вельзевул яе недастаткова ўразіў.
— Проста не зараз, — стараючыся трымаць абыякавы выраз твару, адказала Кроўлі. — І калі вы лічыце, што ў дэманаў пад кіраўніцтвам Шакс атрымаецца хутчэй, то вы памыляецеся, у кнігарні два анёла і водаправод, яны наробяць столькі якаснай святой вады, што на легіён дэманаў хопіць.
Азірафаэль прынцыпова не трымала ў сябе ні кроплі святой вады, хвалюючыся за тое, каб не нашкодзіць Кроўлі, але ж Вельзевул пра гэта ведаць не належала.
— А я так не думаю, — злавесна ўсміхнулася Вельзевул. — Анёлы потым у паперках закапаюцца, каб па кожнаму знішчанаму дэману адпісацца. Я б яшчэ зразумела развасабленне, але поўнае знішчэнне… Не, ніякі анёл на такое не пойдзе без абвяшчэння вайны.
Мухі вакол сталі гудзець нібыта з пагрозай.
— Вам выбіраць: атрымаць раніцай вашага каханага арханёла цэлым… — Кроўлі пачала адказваць максімальна саркастычна, каб у выпадку, калі ў Вельзевул і Гаўрыіла ў гэтым сусвеце няма ніякіх зносін, можна было адгаварыцца тым, што гэта быў здзек.
Таксама не тое каб найлепшая ідэя, але іншай не было.
У момант Вельзевул апынулася побач і, з вялізнай для такога крохкага цела сілай, зграбла Кроўлі за каўнер.
— Што ты вярзеш? — прашыпела яна, дыхнуўшы на тую смуродам.
— Тое і вярзу, — Кроўлі зразумела, што пара ісці па-банку. — Ці раніцай цэлым, ці аддаць гэту справу на водкуп дурным анёлам і дэманам нізкага парадку, — прахрыпела яна. — Вы ўпэўнены, што ў запале бітвы ніводная муха не пацярпіць?
Невядома колькі часу яны з Вельзевул глядзелі адна другой у вочы, але тая ўсё ж адпусціла Кроўлі і падпісала пергамент, які з’явіўся па пстрыку пальцаў.
— Калі падманеш… — Вельзевул паглядзела з пагрозай.
Мухі вакол гудзелі таксама вельмі варожа.
— Не падману! — паабяцала Кроўлі, па чалавечай звычцы скрыжаваўшы ў кішэні пальцы: невядома, як да гэтай ідэі паставіцца Азірафаэль. — Заўтра а восьмай, прыходзьце і забірайце і Габрыэля, і муху.
— Дамовіліся, здрадніца, — Вельзевул зрабіла жэст, маўляў, аўдыенцыя скончана, ідзі, і перамясцілася назад на трон.
Кроўлі засталася стаяць, бо было яшчэ адно пытанне, якое яна мусіла задаць.
Вельзевул ляніва прыўзняла брыво:
— Што табе яшчэ? — стомлена спыталася яна, нават без усіх сваіх фокусаў і пафасу.
У тых успамінах яны з Габрыэлем не вельмі хваляваліся наконт таго, што іх выкрасляць з Кнігі Жыцця. А ўцёкі павінны былі ў іх быць планам “Б”: Князі раю і пекла мусілі прыдумаць больш аднаго плана, калі б з першым нешта пайшло не так. Дык чаму іх не хвалявала Кніга Жыцця, калі яна існуе?
Да таго ж Кроўлі, хоць і займала некалі даволі высокі пост на нябёсах, чула пра гэтую Кнігу толькі як пра нейкі артэфакт для таго, каб пужаць анёлаў малодшых рангаў. Каб яна насамрэч існавала, пра яе ніхто б не ведаў, ці ведалі б усе, ці няпраўда?
— Ведаеце, у нас с вамі ёсць агульныя, скажам так, “праблемы”, — Кроўлі паказала ў паветры двукоссе, каб было зразумела, што гэта яна не ў прамым сэнсе. — І лёс нашых “праблем” вельмі залежыць ад таго, ці існуюць насамрэч крайнія меры .
— Ідзі вон, — Вельзевул закаціла вочы і адвярнулася.
Пры гэтым Кроўлі заўважыла, што яна амаль незаўважна адмоўна матнула галавой.
Кроўлі павярнулася да ўваходу і, не стрымаўшыся, шырока пасміхнулася: цяпер, маючы на руках падпісанае Вельзевул адкліканне для дэманаў, якіх зараз інструктавала Шакс, яна адчувала сябе намнога больш упэўненай у сваёй будучыні.
Сваёй будучыні з Азірафаэль.
***
Кроўлі якраз вярнулася да часу, калі Азірафаэль пачала гатавацца да балю. То-бок штогодняму сходу гандляроў і крамнікаў. Яна амаль лётала па першаму паверху кнігарні, нешта змяняючы, адсоўваючы стэлажы з кнігамі і ўпрыгожваючы пакой, каб ён больш адпавядаў яе ўяўленням пра тое, як мусіць выглядаць бальная зала.
Залюбаваўшыся, Кроўлі трошкі пастаяла ў праходзе, назіраючы. Цяпер, калі яна як след папужала дэманаў святой вадой, а Шакс — цыдулкай ад Вельзевул, ёй зусім крышачку стала весялей: задуманае мерапрыемства магло прайсці спакойна. Калі нічога не пойдзе не так, калі Шакс не вырашыць пайсці супраць Вельзевул, калі дэманы не спужаюцца жахлівікаў, прыдуманых Кроўлі, калі ўладарка мух не вырашыць выкрасці каханага, і яшчэ мноства іншых “калі”. Але Кроўлі зрабіла, што магла, і збіралася атрымаць задавальненне ад гэтага вечара. Наколькі ўвогуле можна атрымаць задавальненне ад нечага, падобнага на баль.
Яна нават у тыя часы, калі іх праводзілі, на іх амаль не хадзіла, пра што ўвогуле тут можна весці гаворку?
— Што ты робіш? — спыталася Кроўлі, падыходзячы бліжэй.
Азірафаэль шырока ўсміхнулася ёй і адказала, аж ззяючы ад сваёй задумы:
— Вызваляю месца, — яна махнула рукой, папраўляючы адзін з стэлажоў. — Для ўсяго, што павінна адбыцца.
— Носам чую, ты нешта задумала! — падыграла ёй Кроўлі.
Калі б ёй не падказалі, яна б ніколі не падумала, што Азірафаэль неўзабаве вырашыць справіць баль!
— Пачакай — і ўбачыш, — загадкава прагаварыла тая і, пабачыўшы, што ад яе адказу Кроўлі не прыйшла ў захапленне, стала падштурхоўваць яе да выхаду. — Давай, правер лепш Ніну ці Мэгі, а лепш абодвух, мне патрэбна, каб яны прыйшлі.
— Добра, добра, — Кроўлі зрабіла выгляд, што працівіцца, але выставіць сябе дазволіла.
Яна прайшла каля акна, каб пабачыць як Азірафаэль з натхненнем запальвае на старадаўняй жырандолі штучныя свечкі: сапраўдныя мець у кнігарні Кроўлі ёй забараніла.
Уздыхнуўшы ад таго, што яна вымушана рабіць справы, а не бавіць час з Азірафаэль, тая зайшла да Мэгі, а потым і да Ніны.
Апошняя на “мерапрыемства” ісці не жадала. Расказаўшы пра свае праблемы з партнёркай, яна ўжо пачала садзіцца на ровар, але была спынена Кроўлі.
— Вы павінны там быць! — тая ўчапілася ў руль ровара, не даючы Ніне зрушыць яго з месца.
— Вас калісьці кідалі? — спытала тая з абурэннем і абаперла рукі ў бакі.
— У сэнсе? — прыўзняла брыво Кроўлі.
— У сэнсе ад вас сыходзілі? — Ніна задумліва паглядзела на дзверы кнігарні.
— Магчыма, — задумліва паціснула плячыма Кроўлі. — Але ж вы не можаце прапусціць сход!
— Чаму? — Ніна паглядзела на Кроўлі проста, не адводзячы позірку. — Я не вытрываю абмяркоўваць бязглуздае каляднае асвятленне, лепей я паеду дахаты, каб напіцца і праплакацца.
— Гэта вы яшчэ паспееце, — усміхнулася ёй Кроўлі і зразумела, што яе ўгаворы не спрацуюць, і было зразумела, чаму.
З моманту, калі яна пабачыла Габрыэля, яе радар на небяспеку працаваў пастаянна, і амаль што ўвесь час Кроўлі адчувала набліжэнне бяды. Але ў гэты вечар ён не пачаў працаваць мацней, з чаго яна зрабіла выснову, што проста зараз ім на вечарыне нічога не пагражае. Гэта ўжо было добра, але пужаць Ніну было нечым.
— Паслухайце мяне, — Кроўлі сцягнула акуляры і пільна паглядзела Ніне ў вочы. — Вам патрэбна пайсці на сход гандляроў, там вам будзе лепей, зразумелі?
Невялічкі дэманічны цуд — зрэнкі Ніны пашырыліся, і яна кіўнула, а потым пайшла ў бок кнігарні.
Кроўлі паправіла пінжак, начапіла назад сонечныя акуляры — і пайшла за ёй.
У гэты вечар нічога не павінна было пайсці не так.
***
Каля ўваходу ў кнігарню стаяла Шакс і, відавочна, чакала Кроўлі.
— Вітанкі, — не хаваючы сарказм, Шакс яго ўсё роўна не разумее, пачала размову Кроўлі і ўхмыльнулася: глядзі ж, дэманы з ёй не пашлі, спужаліся.
А сама дэманіца адна нічога зрабіць не зможа. Ні з амбасадай, ды і ні з Кроўлі, якая вока не спусціць з Азірафаэль гэтым вечарам.
— Як у цябе гэта атрымалася? — Шакс сціснула вусны так моцна, што яны пераўтварыліся ў адну лінію. — Яшчэ некалькі гадзін таму сама Вельзевул мне загадала зраўняць кнігарню з зямлёй, і вось з’яўляешся ты — і загад адмяняецца! Як. У. Цябе. Гэта. Атрымалася! — у канцы сваёй тырады яна амаль што крычала.
— Ну, ведаеш, анёлы ведаюць сія-тыя фокусы, а яшчэ ў нас з Вельзевул шмат агульнага, — Кроўлі зрабіла выгляд, што знімае неіснуючую пылінку з пінжака. — Гады жыцця на зямлі навучылі мяне дамаўляцца, і табе раю навучыцца.
— А што ў цябе, здрадніцы, забаўнай хатняй жывёлы кінутай нябёсамі анёлы, можа быць агульнага з Уладаром пекла? — Шакс паглядзела з-пад ілба цяжкім, пранізлівым поглядам, быццам на нейкага агіднага дэмана ніжэйшага парадку.
Благой навіной для яе б было, што пасля столькіх гадоў з Азірафаэль пад бокам на Кроўлі не дзейнічалі такія простыя спробы маніпуляцый.
— А сама ў яе і спытай, — хмыкнула Кроўлі і дазволіла сабе маленькую шпільку ў бок Шакс: раскрыла зямлю пад яе нагамі.
На жаль, тая, вядома, да нечага такога і рыхтавалася, таму проста перамясцілася на метр убок. А было б так прыгожа, калі пасля слоў Кроўлі яе “калега” правалілася б пад зямлю.
— Не ведаю, што ты ёй паабяцала, здрадніца, але не пазней як заўтра ранкам ты атрымаеш па заслугах, я буду скардзіцца ў Раду Цемры! — Шакс моцна тупнула нагой і знікла.
Кроўлі ўздыхнула з палёгкай: заўтра раніцай хай хоць самага Люцыфера прыводзіць, будзе ўжо позна.
— Дзе ты ходзіш! — Азірафаэль выглянула з-за дзвярэй кнігарні і пацягнула яе за руку ў пакой.
— Ды так, справа адна невялічкая намалявалася, але я ўжо зараз скончу і ўся твая! — запэўніла Кроўлі сваю анёлу, не даючы завесці сябе ў пакой.
Пабачыўшы яму проста каля сваіх дзвярэй, Азірафаэль непахвальна паматляла галавой, але нічога не сказала і знікла ўнутры.
Кроўлі толькі паспела паправіць наступствы свайго цуда і зайсці ў памяшканне, а Азірафаэль ужо некуды знікла.
Пакой уражваў: заліты светлом — звычайна кнігарню трымалі ва ўтульнай паўцемры, — ён вельмі пасаваў да дзіўнага адзення ўсіх людзей, якія ў ім знаходзіліся. Зразумеўшы, што ніводзін сучасны чалавек у сваім розуме не адзене ўсё гэта, Кроўлі з жахам агледзела сябе, чакаючы знайсці сябе адзетай у нейкую сукенку пастэльных тонаў з часоў балей, апісаных у раманах Джэйн Остэн. Але ж кнігарня — ці Азірафаэль, невядома, чыі гэта былі цуды — яе пашкадавала і дазволіла застацца ў сваім.
Кроўлі знайшла позіркам Азірафаэль — тая, з падносам ежы ў руках, усміхалася, гледзячы, як Мэгі запрашае Ніну на танец — і падышла да яе.
— Баль? Жахлівая ідэя, — Кроўлі дабавіла ў голас, акрамя крытыкі, яшчэ крышачку пахвалы. — Але ў тваім стылі.
Азірафаэль заззяла мацней за жырандоль.
— Ну, раз твая ідэя не спрацавала, я падумала, а чаму б не? — адказала яна, сунуўшы Кроўлі паднос у рукі. — Мне патрэбна пару хвілін, і я падыду да цябе, вось, пакаштуй вальван.
Зайграла музыка, і госці пачалі танец, і з сучаснасцю ён меў вельмі мала агульнага.
Выкарыстаўшы тое, што Азірафаэль часова забылася на яе, даючы загады музыкам і назіраючы за тым, каб ніхто з танцораў не збіўся з кроку, Кроўлі кінула паднос на нейкі фатэль — смешна будзе, калі на гэтыя ласункі нехта сядзе — і стала ў сцяны, каб перадыхнуць: дзень выдаўся цяжкі.
***
Ніна з Мэгі перагаворваліся і, судзячы па тым, як Мэгі пачырванела, справы ў іх насамрэч ішлі на лад. Дзівосна, дождж не спрацаваў, а гэтая задума з балем працуе! Хто б мог падумаць! Госці танцавалі з засяроджанымі тварамі, музыкі ведалі сваю справу, а ежа выглядала і пахла смачна нават на густ Кроўлі.
— Неверагодна смачна, — Азірафаэль прымасцілася побач і паклала ці то невялікае пірожнае, ці то цукерку ручной працы да сябе на язык і ціхенька застагнала ад асалоды. — У мяне яшчэ ёсць, будзеш?
Кроўлі зглынула сліну — не з-за цукерак, а ад таго, як Азірафаэль аблізала цукровую пудру з ніжняй губы — і хацела спачатку адмовіцца, але Азірафаэль ужо падхапіла цукерку з талеркі і паднесла яе да вуснаў Кроўлі. Тая паслухмяна адкрыла рот і дазволіла пакласці туды цукерку, толькі намаганнем волі не аблізаўшы дагледжаныя пальцы анёлы.
— Цудоўна, — згадзілася Кроўлі пасля паўзы, зусім не адчуваючы смаку ласунку.
Якія ласункі, калі Азірафаэль так блізка!
— Ведаеш, мне патрэбна будзе сказаць табе пасля балю нешта вельмі важнае, — паведаміла Кроўлі пра свае намеры, каб Азірафаэль не сышла да кагосьці з гасцей глядзець які-небудзь неверагодна каштоўны экзэмпляр нейкага там неверагодна рэдкага выдання.
А гэта было магчыма таму, што ў іх раёне ўсе гандляры былі трошкі ляснутымі, у добрым сэнсе: у іх крамах можна было знайсці што заўгодна. Напрыклад, вось тая пара, якая абходжвае — галоўнае каб беспаспяхова, а то Вельзевул галаву адарве — Габрыэля, яўна нешта ўтойвала. Уладар магічнай крамы выглядаў вельмі зацікаўленым прапановай Азірафаэль гэтым ранкам…
— Я зацікаўлена, — у тоне той не было гуллівасці. — Нешта важнае, хм… — здаецца, “анонс” Кроўлі яе збянтэжыў. — Мабыць, некалькі падказак?
— Пачакай — і даведаешся, — з смехам адказала Кроўлі, вярнуўшы Азірафаэль яе ж фразу, сказаную раней.
— Я зразумела, гэта помста, — Азірафаэль скарысталася тым, што яны знаходзяцца ў не самым светлым месцы і, паленаваўшыся ісці, перамясціла талерку з цукеркамі на стол да посуду. — Нічога, я пачакаю.
У сваю чаргу, яна моцна схапіла Кроўлі за руку і пацягнула за сабой да танцораў.
— Мы павінны станцаваць, паглядзі, як весела! — яна абвяла свабоднай рукой пакой з гасцямі, якім, здавалася, насамрэч падабалася.
Было гэта таму, што Азірафаэль нацудавала ім усім добры настрой, ці таму што людзям сапраўды падабалася, было невядома, але ж вечарына атрымлівалася неблагой. Нават на густ Кроўлі.
У звычайны дзень тая б адмовілася ад танцаў, але перад цяжкой размовай ёй патрэбна было, каб Азірафаэль была ў гуморы.
Добра, Кроўлі б не адмовілася ні ў які дзень. Гэта так працавала: Азірафаэль цягне, Кроўлі цягнецца. Лаецца, бурчыць, выказвае незадаволенасць — але робіць тое, што жадае Азірафаэль.
Мабыць, наконт хатняй жывёлы Шакс мела рацыю. Зусім крышачку, але мела. Але ж яна не разумела наступнага: Кроўлі гэты стан рэчаў падабаўся, і яна б ні на якія скарбы сусвету, ні на якую ўладу, магчымасць нешта там змяніць, абараніць людзей — ні на што б не змяняла сваё цяперашняе жыццё. Акрамя варыянту, дзе яны з Азірафаэль прачынаюцца ранкам у адным ложку.
Дабра, не прачынаюцца, яе анёла не паважае сон, але ж можна памарыць хвілінку ці не?
Яны сталі ў пару і пачалі танцаваць. Трэба было сказаць, што ў гэты момант задума Азірафаэль стала больш яснай: танец, якім бы нявінным ён не быў, неўзабаве чамусьці адчуваўся, як нешта інтымнае. Гэтыя дакрананні далоней і… іншых часцін цела, былі даволі хвалюючымі, Кроўлі нават прыраўнавала, калі некаторыя рухі давялося выконваць з іншымі партнёрамі. Але яна хутка зразумела, што з іншымі Азірафаэль паводзіць сябе зусім па-іншаму: амаль не кранаецца і трымае дыстанцыю, тады як з Кроўлі, наадварот, намагаецца стаяць як мага бліжэй.
Танец нават пачаў захапляць Кроўлі: гэта ж можна было без падазрэнняў прыціснуцца, дакрануцца да запясця, сціснуць далонь, пакласці рукі на плечы ці талію, ці падтрымаць за спіну.
Чаму Кроўлі раней не прыйшлі ў галаву танцы? Гэта ж скарбніца дакрананняў!
Яна толькі рассмакавала гэтае новае для яе хвалюючае пачуццё яднання, як у дзверы пагрукалі. Гучна і даволі… дэманічна.
Сэрца Кроўлі ўпала ў пяткі. Яна нават перастала дыхаць, абдумваючы, што ёй рабіць.
— Я пагляджу, хто гэта, — паабяцала яна Азірафаэль і з жалем выйшла з калоны танцораў. — Я хутка.
Сканчэнне танца адчувалася непрыемна: яна толькі зразумела ўсё хараство задумы Азірафаэль — і вось табе.
За дзвярыма стаяла Вельзевул. У сваім недэманічным выглядзе яна нават не выглядала так пагрозліва, як гэта адбывалася з яе старым тварам.
У думках Кроўлі раздражнена застагнала, але знешне яна гэтага не паказала: з Князем пекла трэба трымаць сябе ў рамках. Нават калі гэтая Князь закаханая, у сваю чаргу, у арханёла.
Кроўлі выйшла на вуліцу і зачыніла за сабой дзверы.
— Я хачу яго пабачыць, — без прывітання, адразу перайшла да галоўнага Вельзевул.
— Пратрывайце яшчэ пару гадзін, зараз ён вас нават не ўспомніць, а вы яго не пазнаеце, — прапанавала Кроўлі, ужо разумеючы па нецярпліваму выразу твару Вельзевул, што чакаць тая не збіраецца.
— Гэта мая справа, успомніць ці не. Хочаш, каб я вярнула Шакс з дэманамі? — як нічога не было, прагаварыла Вельзевул і салодка ўсміхнулася.
І дзе толькі яна гэтаму навучылася, раней у яе арсенале такой прыкрай усмешкі не было. Напэўна, з Габрыэлем… пераапыліліся.
— У чым справа? — з кнігарні высунулася Азірафаэль, але, пабачыўшы Вельзевул, спалохана зацягнула Кроўлі за парог кнігарні. — Гэта пакуль што амбасада, і дэманам сюды шляху няма!
— А мне здаецца, што ёсць, — Вельзевул яшчэ раз усміхнулася, на гэты раз яшчэ больш салодка і цягуча, чым перад гэтым. — Кроўлі, ты што скажаш?
Тая ў гэты момант сударгава прыдумляла, як жа не пусціць Вельзевул і пры гэтым не развязаць новую вайну паміж анёламі і дэманамі.
Па ўсяму атрымлівалася, што ніяк.
— Мы вас пусцім, — Кроўлі праігнаравала абураны погляд Азірафаэль. — Калі вы дасце клятву, што не пашкодзіце нікому з прысутных у памяшканні істот. І Джыму асабліва!
Не тое каб Кроўлі хвалявалася за некалі вярхоўнага арханёла, але няблага было б, каб ён дачакаўся раніцы ў выглядзе Джыма: Габрыэля трэба будзе паказаць абодвум бакам да таго, як яны з Вельзевул збяруцца ўцякаць.
— Я і так не збіралася, — хмыкнула тая. — Клятва Уладара пекла: ніхто не пацярпіць ад мяне, асабліва, — яна фыркнула, — Джым.
— Запрасі яе, — шэптам папрасіла Кроўлі і паглядзела на Азірафаэль з маленнем. — Даверся мне.
Не тое каб Кроўлі тэхнічна сама не магла кагосьці запрасіць у кнігарню, але, па-першае, гэта было не вельмі ветліва з яе боку, а па-другое, няблага было б не раскрываць карты перад былой кіраўніцай так рана.
— Гэта частка той “важнай” размовы? — пацікавілася Азірафаэль таксама шэптам у адказ.
Кроўлі толькі кіўнула.
Азірафаэль, выглядаючы нібыта яна робіць вялізнае намаганне над сабой і гледзячы на Кроўлі з лёгкім расчараваннем, усё ж такі працадзіла:
— Заходзьце.
— Калі ласка, — працягнула яна са здзекам.
— Дзякую, — адказала ёй у тон Вельзевул і зрабіла кплівы кніксэн, на што Азірафаэль нават стрымалася і не закаціла вачэй.
Вельзевул пераступіла парог і пашукала Габрыэля вачыма, ігнаруючы — Кроўлі даўно так не забаўлялася — сукенку, у якую яе адзела кнігарня. Вядома ж, яна яго не знайшла: здзейснены імі цуд працаваў.
— Вунь той ёлуп у дзіўным касцюме, — падказала Кроўлі шэптам.
— Вядома ж, гэта мусіць быць ён, — Вельзевул паглядзела на Джыма і апусціла позірк, быццам бы чырванеючы.
— Звычайнай бясплатнай ежы? — прапанаваў той, падыходзячы бліжэй.
— Пайшлі адсюль, — Кроўлі падхапіла Азірафаэль пад локаць.
— Табе прыйдзецца гэта мне растлумачыць! — абурылася тая, але дазволіла адвесці сябе ад нябесна-пекельнай пары.
— Абавязкова, мой анёл, абавязкова, — паабяцала ёй Кроўлі.
На здзіўленне, Азірафаэль яе вольнасці ў звароце да сябе не заўважыла, ці зрабіла выгляд, што не заўважыла. З іншага боку, яе “любая” раніцай таксама засталася без увагі, як і “партнерка” ад гандляра магічнай крамы. Верагодна, зараз яны рэагуюць на такія рэчы менавіта так.
***
Задума Азірафаэль сапраўды спрацавала: не тое каб танцы моцна паўплывалі на адносіны Ніны і Мэгі, а вось размовы і праведзены разам час — зусім наадварот. Але ж атмасфера “імпрэзы” таксама мела свой уплыў, таму можна было смела залічваць бал на рахунак Азірафаэль. Калі ўлічваць палову бала Кроўлі — жанчыны амаль што паладзілі, і калі б іх не абліла вадой, нешта магло б і скласціся, — то атрымлівалася амаль нічыя.
Вельзевул паводзіла сябе добра, таму Кроўлі вырашыла, што за пару хвілін нічога не здарыцца, і выйшла на вуліцу. У некалькіх дзясяткаў метраў ад кнігарні, у свеце ліхтара стаяла Мюрыэль і нешта там пісала ў сваім блакноце. Вось яна і была патрэбна Кроўлі!
— Добры вечар, я ведаю, што вы анёл і знаходзіцеся тут, каб спраўдзіць цуд Азірафаэль і цішком назіраць за ёй, — адчаканіла Кроўлі, не маючы сіл на тое, каб зноў расшарквацца з анёлай.
Спачатку гэта было смешна і нават міла, але колькі можна было ёй падыгрываць?
— О, — Мюрыэль склала вусны ў ідэальны кружок. — А як вы даведаліся?
Кроўлі закаціла вочы: наіўнасць, святая наіўнасць. Нават Азірафаэль такой ніколі не была: чамусьці яна хутка, яшчэ да стварэння людзей, сцяміла, як усё функцыянуе на самай справе. Намнога хутчэй, чым сама Кроўлі.
Дык вось каго той нагадвала Мюрыэль…
— Якая розніца, як даведалася, іншае пытанне, ці ведаеце вы Уладара пекла Вельзевул?
Мюрыэль затраслася, як асінавы ліст.
— Не, з гэтым спадаром я спраў не мела, — адказала яна дрыжачым голасам. — Вы адзіны дэман, якога я ведаю.
Кроўлі ўздыхнула лягчэй: анёлам трэба лепш навучаць сваіх пасланцоў на зямлю. Але зараз гэта было ёй на руку: можна было завесці Мюрыэль у памяшканне, дзе знаходзілася Вельзевул і гэта не скончыцца сапсаваным балем і такой жа сапсаванай псіхікай гэтай малечы.
— Цудоўна, — Кроўлі ўсміхнулася як мага прыветлівей і дадала: — Мабыць, сачыць за Азірафаэль было б зручней у тым будынку, дзе яна знаходзіцца?
Мюрыэль спачатку паглядзела падазрона, а потым усміхнулася ў адказ:
— Вы маеце рацыю! Але чаму вы мне гэта прапануеце? Вы ж дэман? Ці няма нейкага падвоху?
— Не-е, — паматляла галавой адмоўна Кроўлі. — Я ж дэман, я павінна рабіць падкопы, вось я і раблю. Тым болей, што ў кнігарні зараз баль і там шмат людзей…
— Баль! — ускрыкнула ў захапленні Мюрыэль. — Ніколі не была на балі! А што гэта такое?
— Дык вось, там шмат людзей і Азірафаэль вас не заўважыць, а вы зможаце спраўдзіць яе цуд з каханнем, бо нашыя закаханыя, Ніна з Мэгі, таксама там. За адным заходам пасочыце і за Азірафаэль. Вам жа трэба падаць справаздачу? Згаджайцеся, га?
— А вы не падманваеце? — Мюрыэль зноў паглядзела падазрона.
Каб яна магла, Кроўлі б надзьмулася ад пыхі, што яна ўжо навучыла малую анёлу чуць хлусню. Якая яна добрая настаўніца! Літаральна адна размова — і Мюрыэль нешта падазрае. Цуд, ды і толькі.
— Ні на кроплю! — запэўніла яе Кроўлі. — У нас з вамі будзе ўзаемнае супрацоўніцтва, я строю падкопы, а вы выконваеце свой загад? І мы гэта робім зусім асобна адна ад адной, як вам?
— Калі асобна, добра, — усё ж згадзілася Мюрыэль.
Кроўлі метафарычна выцерла пот з ілба: мерцвякоў лягчэй выкопваць, чым з анёламі дамаўляцца.
— Спадарыня Кроўлі, — падала голас Мюрыэль, пакуль яны ішлі гэтыя няшчасныя дзве хвіліны да кнігарні. — А людзі не спужаюцца, што вы прывялі на іх вечарыну чалавечага паліцэйскага?
— Тады ўжо спадарышня, — буркнула Кроўлі. — А наконт знешняга выгляду не хвалюйцеся, гэта паправіцца.
Паўхвіліны яны ішлі ў цішыні, то-бок Кроўлі ішла, а Мюрыэль драбязіла следам.
— Спадарышня! — пазвала яна Кроўлі. — У мяне ёсць яшчэ адно пытаннечка!
Калі б Кроўлі на сто адсоткаў не ведала б, што Мюрыэль на гэта пакуль што не здатная, яна б вырашыла, што тая здзекуецца.
— Якое? — спыталася Кроўлі максімальна спакойна, хоць ёй і хацелася накрычаць на Мюрыэль, каб тая збегла кудысьці далёка.
— А чаму вы мене пыталі пра… — яна запнулася, але працягнула, — самі ведаеце каго?
Трэба было пахваліць — у думках — мелкую анёлу, яна насамрэч вельмі хутка навучалася. Хутчэй, чым Кроўлі калісьці.
— Чалавечая звычка, — растлумачыла яна, стараючыся выглядаць сур’ёзна. — Яны заўсёды пытаюцца нешта, не звязанае з размовай. Усялякую лухту, сіл няма. Вось я і звыкла так рабіць.
Імгненне, другое, Мюрыэль з такім жа сур’ёзным тварам абдумвала словы Кроўлі.
— Выглядае лагічна, — нарэшце сказала яна і сонечна пасміхнулася.
Яны зайшлі ў кнігарню, і Кроўлі хуценька акінула вокам памяшканне, каб упэўніцца, што за час яе адсутнасці нічога не здарылася.
Азірафаэль таксама яе пабачыла і нават зрабіла крок у яе бок, але заўважыла, як Кроўлі скасіла вочы на Мюрыэль побач з ёй, падміргнула і адвярнулася, быццам яна нікога падазронага не бачыць.
Мюрыэль пакруцілася вакол сябе ў сваёй спадніцы ў складку:
— Цудоўная ідэя: пераапранаць гасцей!
Кроўлі задушыла стогн: чаму гэтыя дзяўбаныя анёлы заўжды бывалі такімі невыноснымі? Напэўна, гэтага не ведала нават іх стваральніца.
Міма праходзіла кіраўніца мясцовага бардэля і ўсміхнулася Мюрыэль.
— А якія тут прыветлівыя людзі! — усплёснула далонямі тая.
Кроўлі звузіла вочы і паглядзела на жанчыну з пагрозай. Тая ўскінула рукі ў абараняльным жэсце, маўляў, зразумела, не чапаю.
— Пойдзем лепей паглядзім на нашых марскіх свінак, — прапанавала Кроўлі і павяла Мюрыэль да таго кута, дзе яшчэ дзесяць хвілін таму, хто з віном, хто з гарбатай, сядзелі дзве іх з Азірафаэль праблемы і з захапленнем размаўлялі адна з другой.
Але ж нешта пайшло не так, і зараз Ніна плакала на плячы ў Мэгі, нават не гледзячы на тое, што пакой быў зачараваны на добрыя эмоцыі.
— А хто такія марскія… — пачала пытаць Мюрыэль і спынілася. — А так павінна быць?
Кроўлі спачатку нават не знайшлася, што сказаць.
— Так, — сумна адказала яна пасля паўзы. — Бывае і так. І часцей, чым жадалася б.
— Але ж каханне — гэта добрае пачуццё, светлае, а вось гэта не выглядае як нешта светлае, — запярэчыла ёй Мюрыэль.
Ніна ў гэты момант падняла твар ад пляча Мэгі, амаль непрыкметна ўсміхнулася і нешта сказала. Тая знайшла яе руку, сціснула пальцы і ўсміхнулася ў адказ.
— Глядзі лепей, — адказала Кроўлі і ўздыхнула: каб у іх з Азірафаэль усё было б так проста, як у гэтых смяротных.
— Цяпер я бачу, — прагаварыла Мюрыэль, не зводзячы вачэй з гэтых жанчын.
— Тое, што ты робіш, называецца вытарашчыцца, і яны хутка заўважаць гэта, — сказала Кроўлі і сама здзівілася з таго, якія бацькоўскія інтанацыі яна выкарыстоўвала.
Яны адышлі далей, пакінуўшы Мэгі і Ніну працягваць размову без іх увагі.
— Ведаеш, каб зразумець людзей, табе б добра нешта з’есці, — прапанавала Кроўлі, заўважыўшы паднос з закускамі.
— А гэта не атрута для мяне? — здзівілася Мюрыэль, але заўважыла, як Азірафаэль кладзе ў рот нешта падобнае і прыкрывае вочы ад асалоды, працягнула: — Пытанне здымаецца.
— Вось, трымай, — Кроўлі сунула ёй талерку ў рукі.
— А вы мяне не спакушаеце? — пацікавілася Мюрыэль, разглядаючы пачастункі.
— Вы што, вы ж… — Кроўлі зрабіла паўзу для найбольшага эфекту, — Анёл! Ці магу я спакусіць анёла?
— Ваша праўда, — Мюрыэль усё ж такі глядзела на ежу падазрона, трымаючы талерку на выцягнутых руках.
Гэты аргумент чамусьці працаваў на ўсіх анёлах!
Мюрыэль збянтэжана паглядзела на Кроўлі, быццам пытаючыся ў той, што ёй рабіць.
— Пакуль што адпачніце, паназірайце за Азірафаэль, пакаштуйце прысмакі, патанцуйце, а там можна і на нябёсы са справаздачай, — падказала ёй Кроўлі, не дачакаўшыся моманту, калі мелкая анёла ўсё ж прыме рашэнне, ці збіраецца яна паганіць “святы храм свайго цела” чалавечай ежай.
— Вы лічыце можна? — Мюрыэль з бляскам у вачах амаль што падскоквала на месцы ад нецярплівасці.
— Канешне, вы ж на працы, выконваеце загад, — фыркнула Кроўлі. — За Азірафаэль і яе сяброўкай трэба прасачыць, ці не так?
— З якой сяброўкай? — не зразумела Мюрыэль.
— Са мной, — ужо не ў моцы цярпець гэтую наіўнасць, растлумачыла Кроўлі. — Я вас зараз пакіну і пайду да Азірафаэль, каб вы маглі за намі вельмі пільна сачыць. Дамовіліся?
Мюрыэль кіўнула са згодай.
Кроўлі адышла за стэлаж і на хвілінку абаперлася лбом у яго тарэц: гэта нейкі бясконцы дзень.
Як жа яна стамілася!