Чаму быць, таго не абмінуць? - Частка 2
Частка 2.
Баль скончыўся ўначы, і госці са шкадаваннем пачалі разыходзіцца. Да Кроўлі, якая якраз шукала Мюрыэль, каб выканаць яшчэ адзін этап свайго плана, падышлі Ніна з Мэгі.
— Мы хацелі сказаць… — пачала Ніна, відавочна, як больш смелая.
— Да ведаю я, ты, — пачала Кроўлі з нецярпеннем і паказала на Ніну, — толькі скончыла адносіны і табе патрэбны час, а ты, — яна кіўнула на Мэгі, — збіраешся дачакацца, калі яна будзе гатова зноў падумаць наконт новых адносін, а мы з анёлай не павінны рабіць тое, што зрабілі, і ўвогуле, мусім самі абмяркоўваць свае праблемы словамі, чаго мы ніколі не рабілі шэсць тысяч год, але сёння я планую пачаць. Дзякуй за ідэю, вы маеце рацыю, прабачце за нашы дзеянні.
Жанчыны пераглянуліся са здзіўленнем. У гэты момант Кроўлі зразумела, што яна занадта загулялася і пачынае блытаць несапраўдныя ўспаміны з сапраўднымі. Гэта было блага: ім з Азірафаэль трэба было пагутарыць, і горшае, што можна было б зрабіць, гэта адносіцца да яе як да той Азірафаэль.
— Мы хацелі сказаць, што імпрэза атрымалася цікавай і падзякаваць за яе, — са смехам адказала ёй Ніна.
— Але ж усё, што вы сказалі, таксама праўда, — Ніна з суцяшэннем паляпала яе па плячу. — Жадаю, каб размова атрымалася. Спадарыня Фэлл кахае вас, гэта відавочна, так што дзейнічайце!
На гэтых словах Мэгі зашыпела на яе і, усміхнуўшыся на развітанне, пацягнула яе за сабой.
Спатрэбілася некалькі хвілін, каб Кроўлі прыйшла ў сябе. Якая нахабнасць, казаць нешта пра каханне Азірафаэль! Хто яе ўвогуле прасіў рабіць такія высновы?
Кроўлі вельмі пашанцавала, што Мюрыэль была ветлівай анёлай і не стала сыходзіць, не развітаўшыся з той, хто яе сюды паклікала.
— Спадарышня Кроўлі, я хацела спытаць, вы ж мяне пазвалі не каб я сачыла за вамі з Азірафаэль, а проста каб я паглядзела на баль, так? — спыталася яна і, судзячы па тым, як блішчэлі яе вочы, баль ёй спадабаўся.
Кроўлі не сачыла, але яна магла б ісці ў заклад, што чалавечую ежу Мюрыэль усё ж пакаштавала. І, калі яны не заўважылі, як яна змятае ўсе закускі з усіх паверхняў, здаецца, ежа не так яе ўразіла, як некалі Азірафаэль. Што ж, азначае, што яе галоўны грэх нейкі іншы. Засталося толькі яго знайсці, па разуменню Кроўлі, ён ёсць у ўсіх анёлаў і тых, хто імі некалі быў.
Вось у Кроўлі, здаецца, гэта бязмозгласць, бо чаму тады яны з Азірафаэль так і не пагутарылі пра сваю агульную будучыню да гэтага часу?
— Гэта залежыць ад таго, ці спадабалася вам? — пацікавілася яна, хоць і ведала адказ. Дачакаўшыся захопленага кіўка, яна працягнула. — У мене ёсць яшчэ адна навіна, якая вас парадуе. Раніцай а восьмай я дакладна ведаю, што ў кнігарню завітае арханёл Габрыэль.
— Адкуль вы ведаеце? — ашаломлена перапытала Мюрыэль.
— А гэта вам ведаць не трэба. Можаце сказаць, што даведаліся гэта, калі сачылі за намі на вечарыне. Не павераць — іх праблемы, — паціснула плячыма Кроўлі. — Але калі павераць, узнагарода вам гарантавана, мабыць, нават пёры пазалоцяць.
— Але я… схлушу? — Мюрыэль стала нервова заломваць рукі.
— Чаму? — Кроўлі ссунула акуляры на кончык носа і падміргнула ёй: — Вы гэта даведаліся, калі былі на вечарыне, на якой незаўважна сачылі за здрадніцай. Дзе тут хлусня?
— Так, вы маеце рацыю, — Мюрыэль зноў усміхнулася сваёй дурной анёльскай сонечнай усмешкай.
Азірафаэль так ужо некалькі тысячагоддзяў не ўсміхалася. Толькі ў тых , несапраўдных цяпер успамінах, калі расказвала Кроўлі, што ёй дазволілі забраць тую на нябёсы.
— Тады я пайшла… даваць справаздачу? — нібыта папрасіла дазволу Мюрыэль.
— Так, ідзі, — дазволіла ёй Кроўлі і крыкнула ўслед: — Не забудзься, а восьмай!
За апошнім госцем грымнулі дзверы, Джым, неяк дзіўна ўсміхаючыся, сказаў нешта пра “цудоўную кабету” і пайшоў па лесвіцы ў свой пакой, а Азірафаэль падышла да Кроўлі з келіхам віна.
— Пра што вы там шапталіся? — спытала яна з жартаўлівым дакорам.
Мабыць, будзь гэта звычайны вечар, яны б выпілі віна і Азірафаэль жартавала б пра тое, што ў Кроўлі з’явілася іншая анёла, як жа так… Але гэта быў не звычайны вечар.
— Ай, так, пра ўсялякую лухту, — адмахнулася Кроўлі і паставіла келіх на столік у сцяны: — У час нашай размовы я пажадала б быць цвярозай.
— Эм, — разгубілася Азірафаэль. — Добра, я таксама не паспела выпіць нават аднаго келіха, увесь час былі нейкія пытанні. Ведаеш, даваць баль вельмі складана, я не думала нават, што так складана будзе…
Яны дайшлі да той самай канапы, на якой сядзелі раніцай, калі Азірафаэль паклала сваю далонь на калена Кроўлі. Здавалася, гэта было вечнасць таму.
— У мяне дзве навіны, і я не ведаю, з якой пачаць, — Кроўлі ўвесь дзень кожную свабодную хвіліну ўяўляла гэту размову, але, калі прыйшоў час, у галаве не засталося ніводнай думкі.
— Адна добрая, другая благая? — успомніла Азірафаэль чалавечы абарот і ўсміхнулася.
— На мой погляд так, але я не ўпэўнена, што ты са мной згодзішся, — Кроўлі чамусьці захацелася абняць сябе рукамі, але яна не стала гэтага рабіць. — Пачну, напэўна, з добрай, а то пасля благой, я не ведаю, ці будзеш ты ўвогуле са мной размаўляць.
— Ты перагінаеш, няма ў свеце такой рэчы, якую я б табе не прабачыла, — Азірафаэль прасякнулася сур’ёзным настроем і падрыхтавалася слухаць.
У гэты момант Кроўлі на імгненне закрыла вочы і ўспомніла, як выглядала Азірафаэль, калі казала нешта пасля таго пацалунку ў тых успамінах. І лепей бы гэтага не рабіла, бо цяпер яна была ўпэўнена, што тая Кроўлі пачула ў адказ не “я кахаю цябе” і не “я застануся з табой назаўсёды”, а “я дарую табе”. І гэта было неверагодна балюча. Кроўлі не магла нават уявіць, што яна б адчула, каб яе Азірафаэль нешта такое б сказала.
— Я б палічыла за лепшае, каб ты мяне не выбачала… у некаторых выпадках, — адказала Кроўлі, і яе голас быў вельмі хрыплым.
— Мабыць, вады? — з клопатам спыталася Азірафаэль.
— Не трэба, проста паслухай мяне, — адказала ёй Кроўлі і не змагла нічога сказаць далей, бо і з думкамі, і з тым, каб думкі перадаць словамі, усё было складана.
— Добра? — Азірафаэль заглянула ёй у вочы з тым жа клопатам, што і раней. — А чаму ты не здымаеш акуляры?
З вялікай цяжкасцю, быццам тыя важылі тону, павагаўшыся перад гэтым, Кроўлі ўсё ж сцягнула акуляры.
— Даражэнькая, не трэба так засмучацца, калі што, я не злуюся, — Азірафаэль пабачыла слёзы і зрабіла свае высновы. — Мне нават не трэба нічога расказваць, калі ты не хочаш, я проста зраблю, як скажаш.
— Проста дай сказаць! — не сцярпела Кроўлі. — У мяне тут такая бомба зранку ў галаве ўзарвалася, а я не мела магчымасці расказаць табе да гэтага часу. Разумееш, як мне складана?
— Разумею, — Азірафаэль паслухмяна села на канапе з прамой спінай і нават склала рукі на калені. — Я слухаю.
Кроўлі закаціла вочы, потым уздыхнула, набіраючыся смеласці і ўсё ж пачала:
— Па-першае, я не жадаю зноў станавіцца анёлай. Не ведаю, што ты там у тваёй галаве надумала, але ў мяне няма такога жадання з той пары, калі я зразумела, чым дэманы адрозніваюцца ад анёлаў… на сваёй скуры.
— Але… — пачала нешта адказваць Азірафаэль, і не паспела сказаць аніводнага больш слова, бо Кроўлі яе спыніла.
— Дай мне сказаць, або іначай я не скажу гэтага ніколі. Дык вось… — яна ўсё ж матэрыялізавала шклянку з вадой і зрабіла некалькі глыткоў, толькі ў гэты момант заўважыўшы, як дрыжаць яе рукі. — Дык вось, мне падабаецца быць дэманам, я нават зараз, распляваўшыся з пеклам, спакушаю людзей… і не зусім людзей для забавы. Нягледзячы на гэта, я вельмі доўга лічыла, што гэта не перашкода таму, каб мы з табой былі… на адным баку. У нас цудоўна атрымлівалася, як лічыш?
Азірафаэль была трохі збянтэжана гэтым раптоўным пытаннем, але ж адказала:
— Атрымліваецца выдатна, ты маеш рацыю.
— Наконт аднаго боку, шчыра кажучы, пасля недаАрмагедону, я ў глыбіні душы лічыла, што цяпер гэта так і ёсць, — прызналася Кроўлі, і гэта каштавала ёй вельмі шмат чаго. — І я думала, што ты таксама так лічыш?
— Даражэнькая, калі гэта такая доўгая прамова да таго, каб я больш не брала Бэнтлі, ці каб пераехаць у кнігарню, я згодная, я і так намякала табе раней, калі казала, што кнігарня наша… Не пужай мяне, — на твары Азірафаэль чыталася напружанасць і страх, аснову якога Кроўлі не магла адсачыць.
— Ты нібыта мяне не ведаеш, я б не стала рабіць такую доўгую прамову да гэтага простага пытання. А Бэнтлі я табе і так не дам, ты перафарбавала яе ў жоўты колер і ехала чарапашай хадой!
— А мне пакуль і не трэба, — усміхнулася Азірафаэль і, падбадзёрваючы, зноў паклала сваю далонь Кроўлі на калена. — Тады пра што гаворка?
Відавочна, калі час быў абмежаваны, у Кроўлі адразу атрымлівалася весці такія размовы намнога лепш. А зараз у яе была магчымасць абдумаць тое, што яна скажа, і нічога правільнага не прыходзіла ў галаву. Яна нават слова “пакуль” прапусціла, абдумваючы, як ёй сказаць тое, што яна жадае, так, каб не націснуць на Азірафаэль у палітычным пытанні вяртання на нябёсы і не выкарыстоўваць тыя ж словы, што і ў несапраўдных успамінах: яны ўжо адзін раз не спрацавалі і другога шансу яна ім даваць не збіралася.
Праслізнула думка, што, магчыма, мае сэнс абысціся без усяго гэтага расшарквання і адразу казаць галоўнае, шчыра і проста. У такім выніку складана будзе не зразумець, што яна мае на ўвазе, але гэта будзе складаней, чым той спосаб, які выбрала тая Кроўлі.
— Я думаю, што я, — яна гучна ўдыхнула. Далонь на яе калене пякла, быццам бы была зроблена распаленага жалеза. — Я думаю, што я цябе кахаю.
І, хоць апошняе слова засела недзе ў горле, яна яго вымавіла, і бясконца ганарылася сабой! Нават калі Азірафаэль прыме прапанову і адправіцца на нябёсы, яна будзе ведаць, што недзе на Зямлі яе кахае адзін самотны дэман.
— Калі ты зараз спытаеш, добрая гэта навіна ці благая, я табе… не ведаю што зраблю! — працягнула Кроўлі, таму што Азірафаэль нічога не адказвала.
— Не, не ў гэтым справа, — тая ўзяла ў яе з рук шклянку з вадой і таксама зрабіла глыток. — Табе не здаецца, што гэта, ну ведаеш, не навіна?
Кроўлі адвяла позірк убок, разумеючы, што яна проста не можа дыхаць. Не тое каб ёй гэта патрабавалася, але адказ Азірафаэль абурыў яе да глыбіні душы. Атрымліваецца, яна ведала, але ўсё роўна… сышла?
— Я ведала пра свае пачуцці з сорак першага, але пасля недаАрмагедону вырашыла, што ты таксама прыйшла да такой жа высновы, і мы проста, ведаеш, рухаемся ў сваім тэмпе? — паясніла Азірафаэль і ад яе паясненняў стала яшчэ горш.
— Свае пачуцці? — прыўзняла брыво Кроўлі.
— Я думаю, што я таксама цябе кахаю, — неяк без хвалявання сказала Азірафаэль, здавалася, ёй гэтыя словы даліся лягчэй, чым Кроўлі.
— У сэнсе? — збянтэжана перапытала тая.
— У сэнсе кахання. Вось усе гэтыя моманты, калі жадаеш праводзіць з каханай кожную хвіліну, паказаць ёй свае ўлюбёныя творы, цалаваць, есці разам сняданкі і хадзіць некуды, усё такое, — Азірафаэль заглянула ёй у твар. — Ты ў парадку?
Кроўлі не была ў парадку. Ні на каліва. Ні на кропельку. Зусім не была.
“А чаму ты тады вырашыла сысці на нябёсы?” — хацела сказаць яна.
“А чаму ты тады кінула мяне?” — хацела спытаць яна.
— Цалаваць? — чамусьці выбрала яна з усяго спісу.
— У тым ліку, — згадзілася Азірафаэль.
Яны некалькі хвілін пасядзелі ў цішыні, думаючы кожная пра сваё. Ці пра адно і тое ж, у Кроўлі не было версій, пра што зараз думае Азірафаэль. Цяпер не было.
— Дарэчы пра “праводзіць кожную хвіліну”, — пачала Кроўлі пасля перапынку, усё яшчэ не ў сілах абмяркоўваць з Азірафаэль свае пачуцці далей. — У мяне ёсць нешта, пра што я мушу табе расказаць. Ведаеш, магічны шар не быў звычайным…
***
— І тады Кроўлі вярнулася амаль ад дзвярэй, зграбла Азірафаэль за каўнер і… — гэта была самая цяжкая частка неіснуючых успамінаў і давалася яна Кроўлі не вельмі спакойна.
— Калі ты зараз не скажаш, што далей быў пацалунак, я за сябе не адказваю, — калі рабіць высновы па выразу твару Азірафаэль, тая яе пашкадавала і падказала тое, што дакладна мусіла адбыцца.
— Быў, — згадзілася Кроўлі і горка ўздыхнула.
— Здаецца, я, то-бок тая Азірафаэль, не змяніла свайго меркавання пасля яго? — са спачуваннем пацікавілася Азірафаэль, знайшла далонь Кроўлі і сціснула яе.
— Мяне ўжо пачало выносіць адтуль, але я лічу, што яна сказала нешта падобнае на “я дарую табе”, — адказала Кроўлі і па тону пачула, што яна нібыта скардзіцца гэтай анёле на паводзіны той .
— Мая даражэнькая, гэта было не вельмі ветліва з майго…э-э-э… яе боку, — паматляла галавой з боку ў бок Азірафаэль. — Я магу толькі перапрасіць за яе.
— Яе таксама можна зразумець, — чамусьці вырашыла ўступіцца за тую Азірафаэль Кроўлі. — Ёй не далі дастаткова часу, каб добра падумаць над сваімі магчымасцямі ні я, ні Метатрон, ад яе чакалі рашэння адразу, у той жа час, яна не ведала, што я не жадаю назад на нябёсы…
— Гэта вельмі міла, што ты яе абараняеш, але, я ўпэўнена, яна магла папрасіць Метатрона, каб ёй далі час. Але яна пачула, што ёсць магчымасць быць разам, на баку дабра і пры гэтым паправіць яе памылку…
— Якую памылку? — бровы Кроўлі сышліся на пераноссі.
Пра што яна ўвогуле? Якая такая памылка магла каштаваць ім шчаслівага жыцця разам?
Азірафаэль запанікавала. Яна адпусціла далонь Кроўлі і ўскочыла на ногі. Прайшлася ў адзін бок, потым у другі.
— Табе прыйдзецца адказаць, пра якую памылку гаворка? — Кроўлі таксама стала панікаваць і таму яе тон быў больш халодным, чым патрабавалася.
Што ўвогуле гэтая недарэчная анёла паспела зрабіць незаўважна для яе і чаму маўчала да гэтага часу?
Азірафаэль стала насупраць і пачала заломваць рукі, зусім як Мюрыэль нядаўна.
— Памятаеш тую нашу сустрэчу, калі ты яшчэ была анёлай, а я табе дапамагла запусціць рухавік сістэмы, якая запускала зоркі? — спытала яна амаль на мяжы чутнасці.
— Та-ак, — працягнула Кроўлі, успамінаючы той раз.
— І ты была такая шчаслівая, а туманнасці былі такія прыгожыя, а ты сказала, што ім патрэбны мільёны гадоў, каб яны ператварыліся ў зорныя сістэмы, і тое, што атрымалася спачатку, гэта толькі загатоўка для сапраўднага Сусвету? — Азірафаэль выглядала, быццам у яе ўспамінах тая іх сустрэча скончылася неяк інакш, чым было на самай справе.
Кроўлі выдатна помніла, што яны паглядзелі на туманнасці, пагутарылі зусім нядоўга, здаецца, пра людзей, а потым пайшоў метэарытны дождж і прыйшлося закрываць ад яго Азірафаэль і ўцякаць адтуль. Незразумела, што з гэтага тая ўвогуле магла лічыць сваёй памылкай.
— Помню, і што? — падала яна голас, бо Азірафаэль, здаецца, чакала адказу.
— І я табе сказала, што справа выдатная, але мільёнаў гадоў у твайго тварэння не будзе, бо ўсё прыйдзецца згарнуць недзе праз шэсць тысяч год, а ты абурылася і сказала, што не лічыш пытанні асновай для пакарання, — працягнула тая, і Кроўлі, здаецца, пачала разумець, да чаго яна вядзе.
Дзеля справядлівасці трэба было ўлічваць, што сама Кроўлі вельмі неасцярожна не адзін раз ёй казала, што ў пекла яе прывялі пытанні і благая кампанія. Кроўлі сваімі ж рукамі культывавала ў Азірафаэль гэтае пачуццё віны. Год за годам. Стагоддзе за стагоддзем. Кроўлі любіла гаварыць, што з нябёсамі ў іх складаныя зносіны, і што пекла ёй таксама не падабаецца, але анёла, відавочна, чула і запамінала толькі другую частку яе скарг.
— Ты насамрэч вырашыла, што я пала праз цябе? — са шкадаваннем спыталася Кроўлі.
— А што, гэта было не так? — сумна адказала ёй Азірафаэль і вярнулася на канапу, але села на максімальнай адлегласці, якую тая ёй дазволіла. — Ты збіралася пісаць свае пытанні ў неіснуючую скрыню для скаргаў! Гэта не магло скончыцца добра! — было бачна, як яе да гэтага часу турбуе, што яна нічога не зрабіла тады, каб зберагчы тую дурную яшчэ-не-Кроўлі, ці ўвогуле што пачала тую іх размову пра планы Усявышняй наконт чалавецтва.
Цяпер Кроўлі лепш разумела тое, што ёй сказалі Ніна з Мэгі ў тых успамінах: у іх было вельмі блага з абмеркаваннем сваіх думак і пачуццяў, яны не толькі іх не абмяркоўвалі, яны зусім нічога важнага не абмяркоўвалі. Кроўлі нават умудрылася прапусціць вялізнае пачуццё віны з боку Азірафаэль, хоць, яна была ўпэўнена, тая не аднойчы пра нешта такое ўспамінала. Але ці гонар, ці алкаголь у крыві, ці ўпэўненасць у бездакорнасці анёлы — ці ўсё гэта разам не давала Кроўлі зачапіцца і задаць пытанне.
Дык што далёка хадзіць, Кроўлі нават папрасіцца жыць да Азірафаэль збіралася некалькі гадоў, проста застаючыся спаць у кнігарні па любой нагодзе. Чаму Азірафаэль сама не прапанавала, таксама невядома, мабыць, лічыла, што Кроўлі так больш падабаецца.
— Не так, — Кроўлі нарэшце сфармулявала адказ, хоць успамінаць тыя часы было не вельмі прыемна. — Няўжо ты лічыла, што акрамя цябе мне ніхто не скажа? Амаль адразу пасля нашай размовы мне тое ж самае расказала Саракаэль, а калі б яна пашкадавала мяне і прамаўчала, Люцыфер маўчаць не збіраўся. Так што дабрачынцы, каб данесці да мяне, што я змарнавала свой час і сілы, знайшліся… у немаленькай колькасці і з усімі ў нас былі падобныя размовы, як з табой. Акрамя вярхоўнага Князя Раю: будучы Сатана мае пытанні толькі расхвальваў, таму я і… — яна зглынула, — апынулася ў пекле.
Зараз, з гледзішча сябе сучаснай, Кроўлі разумела, што ў Люцыфера не тое каб быў выбар, на яго месцы яна б зрабіла тое самае. Але зразумець і не асуджваць — гэта зусім розныя рэчы.
— Праўда? — у голасе Азірафаэль было столькі надзеі, што, калі б на гэтым пачуцці працавала электрычнасць, то адным гэтым словам можна б было асвяціць невялічкі горад.
— Чысцюткая! — запэўніла яе Кроўлі.
Калі б яна ведала, што Азірафаэль увесь гэты час не магла прабачыць сабе той іх размовы, Кроўлі б намнога раней расказала пра сваё падзенне. Ёй непрыемна было яго ўспамінаць, але па такой нагодзе яна б гэта зрабіла.
— Усё роўна прабач, — не вельмі паверыла ёй Азірафаэль.
Нешта ў іх вельмі даравальная размова атрымлівалася.
— Без праблем, я табе дарую, — сумна ўсміхнулася Кроўлі, — вельмі дзіўна чуць гэтыя словы цяпер, ведаеш?
— Разумею, — уздыхнула Азірафаэль. — На жаль, я разбіла магічны шар, таму не магу даведацца, што мне сказаў Метатрон.
— А ён можа сказаць нешта, што пераканае цябе больш, чым тое, што мы ўжо ведаем? — спыталася Кроўлі і адразу пашкадавала аб гэтым: Азірафаэль адвяла погляд убок і нічога не адказала.
Цікава, што яна чакала пачуць больш пераканальнага, чым абяцанне вярнуць Кроўлі статус анёла? На жаль, нават калі пацікавіцца, яна, і гэта Кроўлі дакладна ведала, не адкажа.
Кроўлі б і сама не адказала, гэта адчувалася вельмі асабістым.
— Я ўсё разумею, калі што, — сказала яна ціха. — І я не чакаю ад цябе адказу проста зараз. Не тое каб у мяне самой атрымалася пакінуць табе многа часу, — яна паглядзела на свой гадзіннік. — Я сказала мелкай анёле і Вельзевул, што Габрыэль будзе тут а восьмай, а Шакс абяцала паскардзіцца ў Раду Князёў пекла, так што ў цябе ёсць тры ці чатыры гадзіны на абдумванне свайго рашэння, калі што, упэўнена, Вельзевул пацягне з Радай час. Спадзяваюся, узрываць німб не спатрэбіцца.
Яна паднялася на ногі і, давячы ў сабе жаданне паглядзець назад, амаль што пабегла да выхаду, да сваёй выратавальнай Бэнтлі, у якой яна магла б прыйсці ў сябе і заспакоіцца, ці працягваць хвалявацца і панікаваць, але не на вачах у Азірафаэль.
— Пачакай, — крыкнула ёй услед тая.
У галаве Кроўлі адразу з’явіліся фантазіі пра тое, як Азірафаэль яе дагоніць і абдыме, як скажа, што ніколі не збіралася яе пакідаць, і што Метатрон можа пайсці ў сраку са сваімі прапановамі, якія б яны не былі. Яна разумела, што гэта непраўдападобны варыянт развіцця падзей, бо, па-першае, у іншым варыянце сусвету Азірафаэль так не зрабіла, а па-другое, каб яна зараз ужо нешта вырашыла станоўчае адносна Кроўлі, то яна б ужо пра гэта сказала.
Застыўшы на месцы, Кроўлі ўсё ж паглядзела назад. Азірафаэль падбегла да яе і яўна збіралася абняць, але не зрабіла гэтага, што было блага, вельмі блага: зараз яна скажа нешта, чаго Кроўлі якраз збіралася пазбегнуць, калі так хутка сыходзіла.
Адступіўшы на крок, Азірафаэль задрала падбародак, што толькі спраўдзіла непрыемныя чаканні.
— На ўсялякі выпадак, — яна казала гэта як праз сілу. — Я правільна зразумела, гэта ўльтыматум? Ці ты, ці пасада?
Наколькі Кроўлі намагалася заставацца спакойнай, але гэтае пытанне яе канчаткова дабіла: чамусьці ў сваіх марах пра тое, што яна ўсё зменіць, ёй не прыходзіла ў галаву, што справа не ў адсутнасці часу, шкадаванні аб сваёй неіснуючай памылцы або маніпуляцыях Метатрона, зусім не. У Азірафаэль былі свае ўнутраныя прычыны жадаць стаць вярхоўным арханёлам. Гэты цяпер відавочны момант не прыходзіў Кроўлі ў галаву раней, а павінны быў! Мабыць, тады яе сэрца не разбівала б кожнае слова, сказанае Азірафаэль.
— А ў нас ёсць нейкія кампрамісы? — з гаркатой папыталася Кроўлі, нават не хаваючы свайго адчаю. — Нейкія іншыя варыянты, калі я не жадаю быць анёлам? Вось калі ты некалькі дзён таму сказала, каб я ці дапамагала з Габрыэлем, ці ішла прэч, гэта быў ультыматум?
Прыйшла чарга Азірафаэль задумацца над адказам.
— Я верыла, што ты вернешся, і чакала, пакуль астынеш, — прызналася яна нарэшце, абышоўшы прамое пытанне Кроўлі.
І, трэба сказаць, што яна нядрэнна тую ведала: нават калі б не было пагрозы выдалення з Кнігі Жыцця, Кроўлі б вярнулася. Мабыць, на наступны дзень, але яна б не пакінула Азірафаэль з гэтай праблемай сам-насам.
— Вось і я веру, — кінула Кроўлі цераз плячо, ужо адчыняючы дзверы кнігарні, каб выйсці. — Я пабуду звонку, вярнуся да патрэбнага часу!
Азірафаэль ці нічога не адказала, ці Кроўлі нічога не пачула за грукатам дзвярэй.
***
На вуліцы было даволі зябка. Што было нядзіўна: хоць днём было яшчэ цёпла, а ночы ўжо былі халоднымі. Кроўлі ведала, бо даволі даўно жыла ў машыне: не кожны дзень у яе знаходзіліся прычыны заначаваць у кнігарні.
Не тое каб прахалода вельмі дакучала дэманам, але на падтрыманне тэмпературы зямнога цела прыходзілася марнаваць цуды.
Старая добрая Бэнтлі прыняла гаспадыню ў свае абдымкі з радасцю. Кроўлі правяла далонню па прыборнай панэлі:
— Толькі ты мяне ніколі не кінеш.
Загучала мелодыя, якая мусіла заспакоіць Кроўлі: дзеля такога выпадку машына нават уключыла нешта іншае, а не свой улюбёны гурт. Увогуле, пасля таго, як Азірафаэль на ёй з’ездзіла ў Эдынбург, Бэнтлі стала сябе паводзіць намнога больш паслухмяна, чым звычайна. І гэта нервавала Кроўлі, бо нават з яе каштоўнай машынай Азірафаэль ладзіла лепей, чым сама Кроўлі.
Часу яшчэ хапала, але яна не збіралася спаць: па-першае, і не змагла б у такім узрушаным стане, а па-другое, заўсёды заставалася верагоднасць, што нешта пойдзе не так. Пакідаць Азірафаэль у гэтай — мабыць, апошняй, хто ведае — прыгодзе Кроўлі не хацела. Таму яна бавіла час, разглядаючы рэдкіх людзей, якія праходзілі міма, а таксама крамы вакол.
Ва ўстанове мадам “швачкі” было весела: музыка даносілася нават для машыны. Свяцілася акно і ў “магічнай” краме: уладар, напэўна, святкаваў гадавіну са сваім партнёрам. Астатнія крамы стаялі пустыя: пасля вечарыны іх уладары разышліся па дамах. Некаторыя, як Ніна, каб паспаць пару гадзін і адкрыць сваю кавярню а шостай раніцы. Некаторым пашанцавала больш: іх крамы адчыняліся бліжэй да абеду, або іх можна было не адчыняць наогул, як музычную краму Мэгі.
Кроўлі нешта так моцна паглыбілася ў свае думкі, што грукат у шкло вымусіў яе падскокнуць на месцы. За акном пацепвалася ад начной прахалоды і хуталася ў свой шэры кардыган Азірафаэль.
Атрымаўшы ў Кроўлі маўклівы дазвол, Азірафаэль абышла Бэнтлі і села на сядзенне з боку пасажыра.
— Мне не падабаецца, на чым мы завяршылі, — растлумачыла яна сваё з’яўленне. — Я лічу, мы з самага пачатку абмяркоўвалі гэтую тэму няправільна.
— Праўда? — Кроўлі саркастычна прыўзняла брыво, ведаючы, што на вуліцы ўжо дастаткова светла, каб Азірафаэль разглядзела яе выраз твару.
— Не іранізуй, калі ласка, — тая ўздыхнула і павярнулася так, каб глядзець на Кроўлі. — Я проста хацела сказаць, што, калі я нешта зраблю, гэта будзе не таму што я цябе не кахаю і не цаню, і пасада мне цікавей, а таму што я не магу пакінуць чалавецтва ў такім становішчы. Ты сама казала, што ў плане анёлаў ядзерныя выбухі і планета ў полымі. Мы ж гэтага не жадаем?
Упершыню пасля іх размовы пра пачуцці сказанае “мы” разанула вушы, прагучала неяк няёмка, без той лёгкасці, з якой яно звычайна ў іх выкарыстоўвалася.
— А чаму ты думаеш, што ў цябе атрымаецца змяніць іх гледжанне на другую спробу Армагедона, га? — спытала ў адказ Кроўлі, вымушаная прызнаць, што Азірафаэль зусім крышачку, але мела рацыю.
— Мабыць, і не атрымаецца, але я зраблю спробу. Гэта ж лепей, чым увогуле нічога не зрабіць? — паціснула плячыма Азірафаэль.
— Не лепей, — Кроўлі так стамілася за гэты неверагодна доўгі дзень, што ў яе ўжо нават эмоцый не засталося, каб пярэчыць Азірафаэль. — Я няблага ведаю гэтую сістэму, адна ты там нічога не зрушыш, наадварот, яны выкарыстаюць твае веды, каб іх задума не правалілася ў гэты раз.
— Вось таму я і прапаную табе працаваць са мной у камандзе, каб не быць адной, — аказалася, што калі на анёлу не крычаць, яна таксама можа адказваць без моцных эмоцый.
— Усё роўна мы з табой разам зможам больш, калі не будзем змагацца з анёльскай бюракратыяй, а пачнём рабіць нешта рэальнае. Мы можам даведацца ў Габрыэля з Вельзевул сутнасць новага канца сусвету, а потым працаваць праз тых, хто не згодны з афіцыяльнай палітыкай, — забыўшыся пра тое, што яна злуецца на Азірафаэль, Кроўлі з запалам стала разважаць, што яна б рабіла ў гэтай сітуацыі. — Напрыклад, тая ж Шакс ці Фурфур, а з нябеснага боку анёлы невысокіх рангаў, а з высокіх тая ж Саракаэль не здала мяне ў несапраўдных успамінах, ды і Урыэль выглядае не дурной, можна было б прашчупаць глебу наконт супрацоўніцтва. А Міхаліна сваім кіраўніцтвам толькі ўсё ім сапсуе і выгадае нам час. Табе не абавязкова кіраваць раем, каб выратаваць чалавецтва, ведаеш?
Азірафаэль усміхнулася, але яе ўсмешка выглядала сумнай.
— Ведаю, — згадзілася яна. — Але твой план, па-першае, такі ж ненадзейны, як мой, а па-другое, прывядзе мяне ў пекла. Не тое б каб я заўсёды марыла падымаць паўстанні.
— Ёсць і іншыя напрамкі для планавання, — запярэчыла ёй Кроўлі. — Я проста кажу, што прапанова Метатрона — не адзіны магчымы варыянт для цябе, падумай добра. І тое, што нам не патрэбна будзе разыходзіцца — не галоўны плюс майго напрамку планаў вызвалення чалавецтва. Ты ж разумееш, што з пасады Князя нябёсаў проста не сыходзяць?
Іншыя аргументы накшталт смачнай ежы і напояў, а таксама ўлюбёных кнігарні і кніг увогуле Кроўлі нават не стала згадваць, упэўненая, што яны і так прыйдуць у галаву Азірафаэль.
— А ты ўмееш спакушаць, — засмяялася тая і, знайшоўшы далонь Кроўлі, пагладзіла яе вялікім пальцам па тыльным боку.
— Дзіўна было б, калі не, — усміхнулася ёй Кроўлі.
— Давай лепей так пра нешта пагаворым, — прапанавала Азірафаэль, — мне патрэбны час, каб усё ў галаве ўляглося.
— Ну, я хацела папрасіць пакінуць мне кнігарню, калі што, — максімальна спакойным тонам “закінула вудачку” Кроўлі.
— Гэта па-твойму “так пра нешта”? — абурылася Азірафаэль, але далонь Кроўлі са сваёй не выпусціла. — А што, ёсць яшчэ нехта на гэтую ролю? — дабавіла яна пасля паўзы.
Адказаць Кроўлі не паспела, у шкло зноў пагрукалі. Гэта была Ніна, якая якраз прыехала адчыняць кавярню.
— Галубкі, мабыць, жадаеце кавы? Абмяркуеце вашы важныя рэчы ў цяпле кавярні, чаго ў машыне мерзнуць?
Кроўлі з Азірафаэль пераглянуліся, і Кроўлі адказала:
— Жадаем!
***
Яны не сталі вяртацца ў кнігарню. Кроўлі — таму што не жадала, каб успаміны пра іх, магчыма, апошні ранак былі звязаныя з кнігарняй. Чаму гэтага не зрабіла Азірафаэль, невядома, але яна нават не дакранулася да прынесеных ёй Нінай кавы і слоек, што перадавала яе надзвычайную занепакоенасць.
Набліжаўся назначаны Кроўлі час, і тая пераказала Азірафаэль усё, што ведала, у падрабязнасцях. У тым ліку пра тое, што Вельзевул лічыць, што Кнігі Жыцця не існуе, ды і Кроўлі, якая займала некалі даволі высокую пасаду, пра яе нічога не ведала, акрамя жахлівікаў для анёлаў невысокіх рангаў.
Ім было зразумела, што поўнай гарантыі, што Кніга не існуе, ім ніхто не дасць, але гэта ўжо было нешта. Гэта ўжо можна было ўлічваць, хоць, калі што, існавала мноства спосабаў пакараць іх неяк інакш.
Усе магчымыя варыянты, што прыйшлі ім у галаву, яны абмеркавалі і проста сядзелі ў цішыні: Кроўлі піла свае шэсць эспрэса ў адным кубку, Азірафаэль нічога не піла, толькі глядзела з незразумелай эмоцыяй. У нейкі момант яна прытулілася да Кроўлі і паклала галаву ёй на плячо. Тая аж перастала дыхаць, не жадаючы, каб Азірафаэль зразумела, што робіць, і адсунулася.
Але іх час скончыўся, і яны мусілі вяртацца. Калі яны з Азірафаэль зайшлі ў кнігарню, Джым ужо завіхаўся там, працягваючы сваю бессэнсоўную справу па перамешванню кніг.
Першымі прыйшлі былыя “калегі” Кроўлі: не маючы магчымасці зайсці без запрашэння, яны пачалі моцна грукатаць у дзверы яшчэ за хвілін пяць да азначанага часу.
— А Шакс мае ўплывовых сяброў, — заўважыла Кроўлі, паглядзеўшы на гадзіннік. — Скаканула нават праз галаву Вельзевул.
— Спадзяваюся, што ў тваёй нябеснай сяброўкі таксама ёсць дар пераканання, — буркнула Азірафаэль, і ў яе голасе была чутна рэўнасць. — Бо іначай мы рызыкуем застацца з дэманскім бокам адзін на адзін.
— Я б больш за анёлаў хвалявалася, — закаціла вочы Кроўлі.
— А вось і яны, — Азірафаэль уважліва прыслухалася, — ідуць.
Яна адчыніла дзверы і пабачыла цэлы натоўп істот з розных бакоў. І гэтыя істоты былі не тое каб вельмі задаволены суседствам: за тыя некалькі імгненняў, якія яны правялі разам, яны ўмудрыліся палаяцца.
— Пусці, — Міхаліна незадаволена адцясніла плячом Азірафаэль і зайшла ўнутр, а за ёй і Урыэль з анёлай на інваліднай калясцы, якую Кроўлі помніла толькі дзякуючы сваім несапраўдным успамінам. Апошняй, кінуўшы замоцна зацікаўлены для анёлы позірк на дэманаў, у дзверы праціснулася Мюрыэль.
Кроўлі цераз плячо Азірафаэль агледзела дэманаў, адзначаючы, што акрамя Шакс і Вельзевул прысутнічае яшчэ як мінімум адна прадстаўніца Рады Князёў Пекла і даволі знаёмы, яшчэ з сорак першага, дэман.
— Вы таксама заходзьце ў гэты раз, — дазволіла Азірафаэль, і выглядала яна вельмі насцярожана праз тое, што ёй прыйшлося пусціць у сваю ўтульную кнігарню нейкіх іншых дэманаў, акрамя Кроўлі: Вельзевул, якая зайшла апошняй, на іх фоне была амаль што жаданай госцяй.
Яны сталі адны насупраць другіх: анёлы насупраць дэманаў. І ўсе яны глядзелі на іх з Азірафаэль.
— Ты ведаеш, што рабіць, — звярнулася Кроўлі да Вельзевул.
Тая ціхенька пасвістала, падзываючы муху, а далей усё было амаль як у несапраўдных успамінах: Габрыэль усё ўспомніў і нават не падзякаваў за тое, што яго ўратавалі, яны з Вельзевул зніклі — Кроўлі мела надзею, што не на яе ўлюбёную планету, — анёлы з дэманамі пачалі крычаць, як на базары, і тады ў памяшканне зайшоў Метатрон.
Звычайна Азірафаэль адчувала знаходжанне любых анёлаў на даволі вялікай тэрыторыі. Нават Кроўлі іх адчувала: яны быццам бы прымушалі свярбець нейкае адно канкрэтнае месца на патыліцы. Метатрон жа не адчуваўся зусім. Ён і не выглядаў як анёл: тыя звычайна насілі светлае, і выглядалі больш… Кроўлі назвала б гэта фанабэрыстасцю. Дух божы такім не быў: ён выглядаў як амаль што любы больш менш дагледжаны пажылы мужчына.
І, канечне, пра каву ён не забыўся.
Нягледзячы на тое, што Азірафаэль была падрыхтаванай, яе вочы заблішчалі, калі ён сказаў нешта пра тое, што спажываў чалавечыя прадукты. Гэта было такой відавочнай маніпуляцыяй, што Кроўлі ледзь-ледзь стрымалася, каб не зморшчыцца, калі гэта пачула. А дрыжачыя пальцы Азірафаэль, якімі тая забірала гэты кардонны кубак, таксама не дабавілі надзей на найлепшы зыход.
— Мне здаецца, нам патрэбна пашпацыраваць, — усмешка Метатрона выглядала шчырай, але ж Кроўлі ведала, што ў яго ёсць свае матывы, каб выклікаць прыхільнасць Азірафаэль.
Тая кіўнула і выйшла з ім на вуліцу, пакінуўшы Кроўлі ў кнігарні разам з Мюрыэль. Перад тым, як выйсці, Метатрон уважліва і пагрозліва паглядзеў на Кроўлі: у той аж мароз па скуры прайшоў.
Некалькі хвілін Кроўлі сядзела ў цішыні, прыкрыўшы вочы, пакуль не пачула шоргат з кутка. Расплюшчыўшы вочы, яна заўважала Мюрыэль, якая да гэтага часу ціхенька стаяла і не рухалася.
— ЁН сказаў, што я магу спатрэбіцца, — з захапленнем прагаварыла тая, калі Кроўлі спынілася на ёй позіркам і прыўзняла брыво.
— Не спатрэбішся, — буркнула Кроўлі вельмі незадаволена.
Яна не ведала, для чаго тут Мюрыэль, але магла дапусціць, што для таго, каб назначыць яе паслом нябёсаў на Зямлі і перадаць цяперашнюю амбасаду. І, калі супраць таго, каб у найгоршым выпадку Мюрыэль засталася на планеце ў якасці амбасадара, Кроўлі нічога не мела, за кнігарню яна збіралася заўзята біцца, і хай пераможа мацнейшая.
І яны абедзве ведаюць, хто гэта будзе.
Выставіўшы за дзверы — у якасці ахвяры давялося выдаць ёй адну з кніг — мелкую анёлу, Кроўлі плюхнулася назад у фатэль і прыгатавалася чакаць. Размова Азірафаэль, насамрэч, зацягнулася: здавалася, у несапраўдных успамінах яна вярнулася нашмат раней. Кроўлі нават не ведала, ці жадае яна даведацца адказ сваёй анёлы, ці ёй патрэбны яшчэ час, каб яна магла падрыхтавацца да магчымага павароту падзей.
Таму вяртанне Азірафаэль было, з аднаго боку, доўгачаканым, а з іншага, вельмі трывожным.
Мілая, даражэнькая Кроўлі з несапраўдных успамінаў мела магчымасць хоць памарыць пра сняданак у Рыцы, Кроўлі з гэтага часу не магла сабе дазволіць нават гэтага. Чаканні ў яе былі цалкам песімістычнымі: калі б Азірафаэль жадала адмовіць, яна б сказала пра гэта яшчэ ўначы. Ці б надзела на галаву старому хрышчу гэты дзяўбаны кубак з кавай. Ці адмовіла б адразу пасля прапановы і вярнулася б да Кроўлі.
Відавочна, ім было што абмеркаваць. То-бок Азірафаэль збіралася выслухаць прапанову, задаць пытанні, выясніць падрабязнасці, а потым прыняць рашэнне на іх аснове. То-бок варыянт заняць пасаду разглядаўся сур’ёзна. І, здаецца, верагоднасць такога рашэння, судзячы па паводзінах Азірафаэль і яе ўпэўненасці ў тым, што яна мусіць выратаваць чалавецтва, была даволі высокай. Менавіта таму Кроўлі рыхтавалася да горшага.
Нягледзячы на гэта, калі Азірафаэль зайшла ў кнігарню, зачыніла за сабой дзверы і паглядзела на Кроўлі, сэрца той зашчаміла, бо анёла выглядала натхнёнай і поўнай уздыму.
— Божухна, Кроўлі, каб ты ведала, якую колькасць магчымасцяў мне зараз прапанавалі, — у яе тоне адчувалася, што яна шкадуе, што не змагла адмовіцца ад такой цудоўнай прапановы, але пры гэтым яшчэ і захапленне, што гэты варыянт увогуле існаваў.
І для каго, для яе, заўсёды нічым не прыкметнай анёлы не самага высокага чыну!
На жаль, Кроўлі ведала, якія магчымасці маюцца на ўвазе. Ведала нават лепей, чым жадала б ведаць. Бо яна разумела, што такія прапановы на зямлі не валяюцца. Такія шансы бываюць аднойчы за ўсё жыццё. І ад такіх прапаноў не адмаўляюцца, калі ў галаве ёсць хоць кропелька мазгоў.
— Я змагу даць чалавецтву найлепшае жыццё! — вочы Азірафаэль зіхацелі, як дзве зоркі. — Я змагу памірыць пекла і нябёсы! Я змагу зрабіць так, каб у людзей насамрэч быў выбар! Я магу зрабіць так, каб мы с табой былі не адзінай камандай з анёла і дэмана, а каб усе анёлы і ўсе дэманы працавалі плячом да пляча! Разумееш?
Большая частка таго, што казала Азірафаэль, была поўнай лухтой, але Кроўлі разумела. Хоць жадала б не разумець.
У жыцці бываюць рашэнні, ад якіх нельга адмаўляцца, бо будзеш шкадаваць кожную хвіліну свайго існавання аб гэтым. І для Азірафаэль гэта прапанова была менавіта той самай прапановай, ад якой нельга адмовіцца. І Кроўлі б і не раіла гэтага рабіць.
Што ж, збольшага яна ведала, што так адбудзецца, яшчэ ўчора раніцай. Шчыра кажучы, яе дзеянні ставілі мэтай проста даць Азірафаэль больш інфармацыі і часу на падумаць. Не тое каб Кроўлі лічыла, што яна вартая таго, каб адмовіцца ад такой пасады. Ад такіх магчымасцяў. Ад такога прызнання якасцяў і ўнутранай сілы.
— Разумею, — Кроўлі слаба ўсміхнулася і паднялася з фатэля. — Прабач, я не вельмі ў тым стане, каб падбадзёрыць цябе, але я шчыра жадаю, каб твае мары здзейсніліся.
Голас на апошнім слове яе падвёў, але чакаць ад яе яшчэ і валодання сабой было б занадта.
— Кроўлі… Даражэнькая… — Азірафаэль падбегла да яе і з хваляваннем заглянула ў вочы. — Гэта… такая… магчымасць… разумееш…
І ў гэты момант Кроўлі зразумела, што Азірафаэль не верыла ў яе словы пра тое, што яна не жадае вяртаць сабе статус анёлы. Не, тая лічыла, што будзе як заўсёды: Кроўлі трохі пазлуецца і згодзіцца. І гэта было вельмі балюча, бо гэтай Азірафаэль пра тое, што застацца дэманам — яе катэгарычная пазіцыя, было сказана проста і без эківокаў. І так было нашмат горш. Бо тая Кроўлі магла б знайсці для той Азірафаэль апраўданні, гэтая Азірафаэль нават такога варыянту Кроўлі не давала.
Яна выцягнула з кішэні свае акуляры і начапіла іх сабе на нос, а потым яшчэ паправіла, каб больш ладна сядзелі: яна не жадала, каб Азірафаэль убачыла яе слёзы і змяніла сваё рашэнне на эмоцыях.
— Выдатная магчымасць, — услед за акулярамі яна нацягнула і ўсмешку. — Для цябе . Бывай, было цудоўна цябе ведаць.
Не тое каб гэта былі тыя словы, якія яна хацела б сказаць, але ж ужо не “я табе дарую”, праўда?
Яна зусім нядаўна зразумела, што заўсёды кахала гэтую дурніцу, і вось, ім патрэбна развітацца. Цяпер яны сапраўды будуць па розныя бакі. І нават падарунак лёсу ў выглядзе сапраўднага магічнага шара нічога не змяніў.
“Чаму быць, таго не абмінуць“, — кажуць людзі і, здаецца, яны маюць рацыю.
Напэўна, Азірафаэль чакала, што Кроўлі будзе яе ўгаворваць. Будзе прасіць застацца, прыводзіць нейкія аргументы, шукаць у прапанове Метатрона нейкія недахопы. Вядома, усё гэта можна было зрабіць, але Кроўлі не збіралася нават спрабаваць. Усе свае аргументы яна ўжо выказала да ўсіх апошніх падзей. Калі гэтага не хапіла і голас Божы аказаўся больш пераканаўчым, то, як кажуць анёлы, ды і людзі: Бог з ім.
Кроўлі апусціла галаву і паплялася да выхаду, недзе ў глыбіні душы спадзяваючыся, што Азірафаэль яе спыніць.
— Пастой! — яна так і зрабіла.
Кроўлі паглядзела цераз плячо на Азірафаэль, якая, не хаваючы слёз, стаяла ў некалькіх кроках, сціснуўшы далоні ў кулакі.
— Ты не можаш так проста сысці, — вельмі ціха, амаль не чутна сказала яна.
Ад яе ўсмешкі не засталося і ценю. Некалькі імгненняў патрабавалася Азірафаэль для таго каб падысці да Кроўлі, развярнуць яе да сябе і, схваціўшы за каўнер з абодвух бакоў, пацалаваць.
Гэта было нечакана. У любым варыянце сусвету Кроўлі ведала, што менавіта яна будзе той, хто зробіць першы крок. Нават калі гэта крок адчаю. І зусім не чакала гэтага ад Азірафаэль.
Пацалунак быў нязграбным, бо ніхто з іх не ведаў асабліва, як сябе трэба паводзіць, яны нават стукнуліся зубамі. Але яны кампенсавалі гэта палкасцю, адчуванне, што гэты пацалунак першы і апошні адначасова, зусім яго не псавала. І салёныя ад слёз вусны — таксама.
Кроўлі абняла Азірафаэль і адказала на пацалунак, вырашыўшы, што яна дазваляе сабе некалькі імгненняў, каб паверыць у тое, што ўсё будзе інакш. А потым думкі сталі блытацца і станавіцца няважнымі. А важным толькі тое, што яны з Азірафаэль маюць гэтыя некалькі хвілін, каб развітацца правільна .
Калі яны скончылі, Кроўлі аўтаматычна зрабіла крок назад і паглядзела на Азірафаэль, якая выглядала ашаломленай і збянтэжанай.
“Я дарую табе”, — амаль што зляцела з вуснаў Кроўлі, і не таму што яна зразумела паводзіны той Азірафаэль, не, проста гэтыя словы зараз бы вельмі добра перадалі ўнутранае адчуванне Кроўлі.
Я дарую табе, бо ты выбрала не мяне.
Я дарую табе, што прынцыпы ты шануеш больш, чым каханне.
Я дарую табе, што ты не знайшла іншага аргументу, чым пацалунак.
— Бывай, — замест гэтага сказала Кроўлі і, на гэты раз, сапраўды выйшла за дзверы.
Патрабавалася некалькі хвілін, каб дайсці да Бэнтлі. Краем вока яна бачыла, як Метатрон вярнуўся ў кнігарню. Вядома ж, ён чакаў, пакуль яна выйдзе, перш чым гэта зрабіць.
У адчаі Кроўлі прытулілася ілбом да халаднаватай крышы Бэнтлі: яна не жадала бачыць, як Азірафаэль ідзе разам з Метатронам да нябеснага ліфта. Не, хай яна застанецца ва ўспамінах такой, якой яна была пасля іх пацалунка.
Так будзе лягчэй.
Кроўлі цяжка ўздыхнула, быццам на яе грудзях ляжала глыба памерам з паў Лондана.
Думкі ў галаве круціліся і быццам бы сутыкаліся адна з другой.
Цалавацца прыемна. Шакс мусіць вярнуць кватэру. Трэба адабраць у Мюрыэль кнігу, нават без Азірафаэль нельга раздаваць яе маёмасць…
Кнігарня!
Кроўлі рэзка падняла галаву: не, кнігарню яна нікому не збіраецца аддаваць. Нават калі Азірафаэль вырашыць інакш!
— Я б не вырашыла, — пачуўся з-за спіны ціхі голас.
Павярнуўшыся, Кроўлі паглядзела на Азірафаэль, выгнуўшы адно брыво: маўляў, чаму прыйшла і сапсавала нам развітанне?
— Вырашыла самастойна аддаць мне ключы? — знайшла адзіную прычыну, чаму Азірафаэль яшчэ тут, Кроўлі.
У глыбіні душы галаву прыўзняла надзея на тое, што яе анёла засталася з ёй, але Кроўлі задушыла гэта сваё пачуццё на карані.
— Не, — усміхнулася Азірафаэль.
Яна да гэтага часу выглядала збітай з панталыку і крышачку разгубленай, быццам іх пацалунак скончыўся толькі што.
— Я адмовілася ад пасады, — працягнула яна. — Помніш, ты казала, што кампрамісу няма? А я знайшла!
Кроўлі не магла паверыць у тое, што адбываецца: у яе думках Азірафаэль ужо танцавала індыйскія танцы на пару з Міхалінай, Метатронам, Мюрыэль і астатнімі доўбнямі на нябёсах.
— І які ж? — падазрона пацікавілася Кроўлі.
— Яны не выкрэсліваюць нас з Кнігі Жыцця і не перашкаджаюць нам жыць, а я застаюся амбасадарам анёлаў на Зямлі і… кансультантам па людзях! — Азірафаэль падышла бліжэй і працягнула шэптам: — Нам не патрэбны Габрыэль, я буду двайным агентам! Цудоўна, праўда?
Кроўлі ледзь-ледзь стрымалася, каб не закрыць далонню твар: дурная, дурная анёла з яе дурнымі, дурнымі, горшымі на свеце ідэямі!
Азірафаэль тым часам выглядала адзін у адзін як некалькі дзён таму, калі распавядала пра След.
З іншага боку, яна зрабіла свой выбар у бок Кроўлі. Мабыць, не такая і дурная?
— Ты ж разумееш, што ты зараз улезла ў вельмі сур’ёзную справу? — пацікавілася Кроўлі на ўсялякі выпадак.
— Так, — Азірафаэль кіўнула, памахала Мюрыэль, якая якраз заходзіла ў ліфт за Метатронам, і павярнулася да Кроўлі: — Ну што глядзіш, бяры з нашай машыны нашы расліны і пайшлі ў нашу кнігарню! — з напускной весялосцю загадала яна.
Кроўлі адчувала нейкую напружанасць ад таго, што Азірафаэль адмовілася ад прапановы нябёсаў праз яе.
— А чаму ты насамрэч засталася? — спытала яна пасля паўзы, калі яны ўжо неслі скрыні з раслінамі да кнігарні.
— Я зразумела, што ты не жартавала, калі казала, што гэта прынцыповае пытанне наконт застацца дэманам. Мабыць, я не думала, што ты так насамрэч лічыш. І я зразумела, што… — яна спынілася і набрала паветра ў лёгкія: — Я не змагу без цябе. Ніяк. Зусім не змагу. А пасля гэтага выбар быў лёгкім, — яна ўсміхнулася, на гэты раз ужо шчыра, той самай усмешкай, якую Кроўлі не бачыла ўжо некалькі тысячагоддзяў.
— Зразумела, — тая амаль што выпусціла з рук скрыню ад пачутых слоў.
Чамусьці ад сказанага Азірафаэль стала так горка і радасна адначасова.
Кроўлі прыслухалася, бо ёй здалося, што яна чуе нешта, што неверагодна было пачуць у Лондане ў канцы лета: недзе спяваў салавей.
Усміхнуўшыся Азірафаэль і гэтаму спеву, Кроўлі перахапіла зручней скрыню:
— Але Бэнтлі толькі мая машына, дамовіліся?
— Не-не-не, так не пойдзе, мы з ёй цудоўна паладзілі! — адказала ёй Азірафаэль і дастала з кішэні ключы ад кнігарні.