Хатняя старонка што пачытаць Што пачытаць у маі 2025. Коміксы DC

Што пачытаць у маі 2025. Коміксы DC

У маі – амаль усе новыя коміксы звязаныя з Супермэнам альбо яго сусветам. Вось што варта пачытаць у гэтым месяцы.

Supergirl

Sophie Campbell

Сцэнарыстка Софі Кэмпбел, якая вядома нам па сваёй доўгай працы над “Чарапашкамі-ніндзя”, бярэцца за пераасэнсаванне класічнага персанажа DC. Гэтым разам яна яшчэ і малюе, як рабіла гэта ў самым пачатку сваёй кар’еры. Софі натхнялася коміксамі 70-х, фільмам 84-га года і сучасным серыялам ад CW.

У новым коміксе, які выйшаў 14 мая 2025 года, Кара Зор-Эл вяртаецца ў свой родны горад Мідвейл. Аднак яна са здзіўленнем выяўляе, што ўжо існуе іншая Супергёрл, якая абараняе горад і выконвае яе ролю. Кары трэба раскрыць асобу самазванкі і спыніць яе, пакуль тая не захапіла яе жыццё цалкам.

Superman Unlimited

Dan Slott, Rafael Albuquerque

Адны з маіх самых любімых аўтараў аб’ядналіся пад дахам DC. Што можа быць лепш?

Дэн Слот адказны за тое, як зараз выглядае мульцісусвет Чалавека-павука, заўсёды гатовы здзіўляць новымі ідэямі. Вось і ў гэты раз ён вырашыў дэбютаваць у DC адразу з вялікіх перабудваў свету.

У першым выпуску Зямля сутыкаецца з катастрофай: на яе падае астэроід, насычаны крыптанітам, што робіць раней рэдкі мінерал шырока даступным. Гэта выклікае гонку ўзбраенняў, дзе злачынцы, уключаючы Intergang, атрымліваюць доступ да крыптанітавых куль і зброі. Супермену даводзіцца адаптавацца да новай рэальнасці, дзе яго слабасць стала агульнадаступнай.

Супермен вымушаны шукаць новыя саюзы і распрацоўваць сучасныя тэхналогіі, каб супрацьстаяць пагрозам, звязаным з распаўсюджваннем крыптаніту. Гэта адкрывае магчымасці для з’яўлення новых персанажаў і глыбейшага даследавання сусвету DC. А Дэну Слоту – магчымасць стварыць масу новых герояў, манетызацыя якіх забяспечыць яго ў старасці.

Люблю коміксы, дзе адно з галоўных месц адыгрываюць журналісты, і тут не без гэтага. Газета “Daily Planet” пераўтвараецца ў глабальную медыяплатформу пасля зліцця з Galaxy Communications. Пад кіраўніцтвам галоўнага рэдактара Лоіс Лэйн, рэдакцыя адкрывае офісы ў розных гарадах, уключаючы Готэм і Коўст-Сіці.

За малюнак адказны Рафаэль Альбукерке, у малюнак якога я закахаўся па коміксах “Чарапашкі-ніндзя” і “Амерыканскі вампір”.

We Are Yesterday

Mark Waid, Christopher Cantwell, Clayton Henry, Travis Moore, Jorge Jiménez

Гэта красовер, які аб’ядноўвае серыі “Batman/Superman: World’s Finest” і “Justice League Unlimited”. І даволі кароткі красовер – усяго 7 выпускаў, – так што прачытаць пад сілу кожнаму.

У чым прыкол. Цэнтральным антаганістам з’яўляецца Гарыла Грод, які атрымаў здольнасць прадказваць будучыню, што робіць яго асабліва небяспечным. Гэтая новая здольнасць, верагодна, звязана са смерцю Дарксайда, якая адбылася ў “DC All In Special”. Грод і Легіён Пагібелі (уключаючы Лекса Лютара, Чыту і Джокера) распрацоўваюць план, які пагражае не толькі Супермэну і Бэтмэну, але і ўсёй Лізе Справядлівасці. Гісторыя перамяшчаецца паміж мінулым і будучыняй, аб’ядноўваючы герояў з розных часавых ліній у барацьбе супраць агульнай пагрозы.

Вось спіс усіх выпускаў у рэкамендаваным парадку чытання:

  • Batman / Superman: World’s Finest #38
  • Justice League Unlimited #6
  • Batman / Superman: World’s Finest 2025 Annual #1
  • Batman / Superman: World’s Finest #39
  • Justice League Unlimited #7
  • Justice League Unlimited #8
  • Justice League Unlimited #9 (эпілог івэнта)

Пакінуць адказ