Batman: One Bad Day – The Riddler

Комікс пра тое, як Рыдлер прымусіў усіх сябе баяцца, нават Бэтмэна.

Перад тым, як пачаць чытаць.

Гэта першы комікс з серыі ваншотаў пад агульнай назвай One Bad Day. Усе яны апавядаюць пра галоўных ворагаў Бэтмэна, якія на адзін дзень становяцца галаўным болем для супергероя. Кожны выпуск – новы галаўны боль. Хэдлайнэрам серыі выступіў Рыдлер, верагодна, з-за таго, што ён зараз знаходзіцца на хвалі папулярнасці пасля выхаду фільма «Бэтмэн», той, што з Робертам Пацісанам у галоўнай ролі. Комікс выйшаў у павялічаным фармаце (+/- 60 старонак).

Сюжэт. Аднойчы Рыдлер забівае выпадковага чалавека на вачах ва ўсіх. Злодзей нават не хаваецца, не ўбягае – ён нахабна глядзіць у аб’ектыў, пакуль яго не арыштуюць. А потым чакае ў камеры, каб да яго прывялі на размову Бэтмэна.

Гэтага аднаго забойства Рыдлеру аказалася дастаткова, каб узяць пад кантроль увесь горад: паліцэйскіх, ахову турмы, камісара Джыма Гордана, мэра Готэма, усіх жыхароў горада і нават Бэтмэна. Не, ён больш не забівае, яму дастаткова паразмаўляць з людзьмі, і яны самі пачынаюць забіваць адзін аднаго. 

Калі Бэтмэн нарэшце сустракаецца са злодзеем ў турме, Цёмны рыцар яго нават крануць не адважваецца, ён проста выпускае яго на волю. 

Як Рыдлер здолеў усіх пераканаць падпарадкавацца яму, чытайце самастойна. Комікс таго варты. 

Галоўныя персанажы:

Загадкавік – з тых, хто мог стаць найвыдатным геніям, а стаў злачынцам-маніпулятарам. Ён настолькі пераканаўчы, што хочацца самому пачаць падпарадкоўвацца злодзею. 

Бэтмэн. Не спяшаецца высоўвацца са сваёй пячоры. Ён прыйдзе на дапамогу паліцыі толькі тады, калі ўсе метады барацьбы са злодзеем не скончацца. Гэта значыць тады, калі ўжо будзе запозна. Спачатку герой выглядае разгубленым, але ўрэшце рэшт ён авалодае сабой.

Сцэнар (Tom King). Том Кінг – супярэчлівы аўтар. Ёсць меркаванне, што яго ран «Бэтмэна» (2016-2019) быў самым слабым у гісторыі серыі, але ў той жа час Кінг ствараў найзнакамітыя гісторыі ў кароткім жанры коміксаў (напрыклад, «Віжн»). Комікс One bad day – і пра Бэтмэна, і твор кароткага жанру, таму магло атрымацца ўсё, што заўгодна. У выніку ж у яго атрымаўся якасны трылер, які хоць зараз можа стаць сцэнарам фільма пра Цёмнага рыцара (нават не горшым за той, што знялі ў выніку). 60 старонак прачытваюцца за імгненне. 

Сцэнар – 5 зорак. 

Малюнак (Mitch Gerads). Вельмі якасны малюнак. Дзякуючы колерам адразу разумееш, у які час адбываюцца падзеі: сэпія пераважае ва ўспамінах пра дзяцінства, зялёны – цяперашні час. Малады Рыдлер намаляваны так, што нават тлумачыць ня трэба, хто гэта, і нават можна ўбачыць, як паступова нараджаецца зло. Адсутнасць контураў, рамак, класічная раскадроўка ў 9 панэляў ці неразнастайная сетка вёрсткі, адсутнасць эксперыментаў з формамі панэляў, малюнак алоўкам, быццам без выкарыстання лічбовых тэхналогій – усё гэта плюсы малюнка гэтага комікса. 

Малюнак – 5 зорак. 

Агульная ацэнка комікса – 5 зорак.

Комікс выйшаў у жніўні 2022 года.

Пакінуць адказ