Secret Invasion (2022)

Сакрэтнае ўварванне – гэта комікс пра спробу захопу ўлады на планеце Зямля іншапланетнай расай, якая завецца скруламі. Гэта комікс, які задае пытанне, ці гатова чалавецтва супрацьстаяць такой з’яве і ў чым яго слабасць. Гэта гісторыя прымушае задумацца, ці можа быць сярод ворагаў той, каму можна давяраць, і ці можна ненавідзець усіх прадстаўнікоў адной расы толькі за тое, што яны падобны адзін на аднаго знешне.

Навошта чытаць. Комікс выйшаў перад выхадам аднайменнага серыяла на Disney+. Верагодна, сюжэтна яны будуць неяк злучаны.

Сюжэт. Мікра-серыя пачынаецца з павялічанага выпуску на  32 старонкі. Гэтым аб’ёмам аўтар скарыстаўся, каб увесці нас у тэму.  Нам нагадалі, наколькі скрулы небяспечныя, хоць і выглядаюць на першы  погляд глупымі. За гэты выпуск нас паспеюць увесці ў стан параноі.

Пачынаецца комікс з таго, што Ніка Ф’юры запрашае да сябе ў госці яго  даўняя сяброўка. У яе сям’і здарылася няшчасце – памёр муж. Але ўдава і  яе дзеці не выглядаюць няшчаснымі. Насупраць, яны падазрона шчаслівыя.

Справа ў тым, што на думку жанчыны, яе муж быў падменены скруламі, а  значыць, яе муж дзесьці жывы – гэта добрая навіна. Таму яна просіць  Ф’юры знайсці яе сапраўднага мужа. Якія ў яе доказы: муж стаў больш  халодным з дзецьмі, змяніўся ў ложку, забыўся пра ўгодкі. Але для Ф’юры  гэта, відавочна, не доказы, а звычайнае непрыняцце праўды.

На ўсялякі выпадак Ф’юры паабяцаў пашукаць яе мужа і зазбіраўся. Але ў  апошні момант вырашыў застацца на гарбату, каб хаця б такім чынам  суцешыць удаву.

І тут скрулы пракалоліся. Занадта перабольшылі з капіраваннем людзей.

Адначасова нам паказваюць, як Нік Ф’юры праводзіць размову з Марыяй Хіл  як раз пра выпадак з удавой. Паводле яго справаздачы, нічога не  здарылася, папілі гарбату і разышліся. А перад тым, як прыйсці ў офіс  Марыі Хіл, ён паспяхова прайшоў праверку на скрула і не выклікаў  падазрэнняў.

Марыя Хіл аказалася разумнай і здагадалася, што яе калега не сапраўдны.  Пасля арышту Ф’юры, яна апавясціла ўсе спецслужбы аб уварванні скрулаў. У  тым ліку і Мсціўцаў, сярод якіх, як нам паказалі, таксама ўжо ёсць  скрулы (але пакуль мы ня ведаем, хто дакладна).

Яшчэ горш тое, што пасля апошняга ўварвання скрулы сталі яшчэ больш  небяспечнымі: навучыліся абыходзіць чалавечыя тэхналогіі, сталі лепш  маніпуліраваць, прымаць уласцівасці мутантаў.

У далейшых выпусках нас паступова зняёмяць з сітуацыяй, у якой аказалася  чалавецтва. Марыя Хіл шукае новыя спосабы вызначаць перэвяратняў у  касцюмах. Тоні Старк нечакана аказваецца ўблытаным у гісторыю са  скруламі. Маштабы аперацыі па захопу Зямлі дасягаюць катастрафічных  памераў. А далей – нечаканая канцоўка.

Галоўныя персанажы:

Нік Ф’юры. З яго ўсё пачынаецца, але на некаторы час ён адыходзіць на другі план. Ён застаецца важнай асобай у сусвеце Марвел, але нават ён ня здольны вырашыць усе праблемы зямлян.

Марыя Хіл. Галоўны персанаж гэтага комікса. Паказана вельмі разумнай асобай, якая здольна дзейнічаць дзеля выратавання планеты, не маючы здольнасцяў супергероя. Часам паказана бязчулай салдаткай, якая ў час вайны не адчувае літасці ні да ворагаў, ні да сяброў, якія трапляюць пад падазрэнне.

Тоні Старк, Жалезны чалавек. Большую частку комікса  застаецца на другой ролі, падпарадкоўваючыся Марыі Хіл. Застаецца  наватарам у навуковых распрацоўках. Стварыў нешта новае для сусвету  Марвел. Праявіў сваю эгаістычную натуру, выкарыстаўшы ва ўласных мэтах  дабро іншых людзей.

Галоўны антаганіст. Разумная, але звышсамаўпэўненая.

Сцэнар (Райан Норт). Выкананы выдатна. Усё на сваім месцы. Кампазіцыя паслядоўна. Кожны выпуск заканчваецца нечаканасцю, пасля чаго хочацца хутчэй чытаць працяг. 5 зорак.

Малюнак (Франчэска Мабілі). Вельмі прыгожы і сучасны малюнак. Нават ворагі выглядаюць не як монстры (што было характэрна для коміксаў старой школы), а як прыгожыя істоты. Адсутнічаюць паўторныя кадры. Няма ніякай халтуры. 5 зорак.

Сярэдні бал за комікс: 5 зорак.

Наступствы. Чалавецтва набыла новых ворагаў і атрымала новых сяброў, а разам з імі і новыя іншапланетныя тэхналогіі. Нік Ф’юры стане галоўным героем ваншота пад назвай “Fury”, які выйдзе ў маі. Марыя Хіл наступны раз з’явіцца ў коміксах у юбілейным 700-м выпуску “Фантастычнай чацвёркі”.

Прысмак. У канцы серыі прысутнічае дадатковая старонка, як у кожным фільме Марвел, якая падказвае, што будзе далей.

“Secret Invasion” – закончаная серыя з 5 выпускаў. Выдавецтва Marvel.

Пакінуць адказ