Першы погляд на комікс Beneath the Trees Where Nobody Sees: Rite of Spring
“Пад дрэвамі, дзе ніхто не бачыць: вясновы абрад” – працяг хорар-гісторыі пра мядзведзіцу серыйнага забойцу. Няўжо Саманта Стронг вернецца да свайго жудаснага хобі і зноў пачне забіваць нявінных прастакоў?

Новы комікс абяцае 6 выпускаў і першы з іх выйшаў 9 ліпеня.
Гісторыя пачынаецца з новага персанажа. Моніка Брэўэр вось ужо як 8 гадоў шукае зніклага брата – белага гуся, якога, як мы памятаем з папярэдняй гісторыі, Саманта парэзала на кавалкі і закапала ў лесе ў бляшанках з-пад фарбы.
Сцэнарысты падрабязна расказваюць нам пра персанаж. Мы даведваемся, што яна не затрымліваецца надоўга ў адным месцы. Ёсць падазрэнні, што некаторы час Моніка сядзела ў турме. Мэтанакіраваная, паліць папяросы, можа адлупцаваць вулічных злыдняў, калі спатрэбіцца.

Моніка сур’ёзна ўзялася за пошукі брата. Яна спраўдзіла моргі, паліцэйскія ўчасткі. Уладкавалася на працу ў капіравальны цэнтр, каб раздрукоўваць улёткі без абмежавання на бюджэт і час. Яна нават засвоіла камп’ютар, каб пашукаць інфармацыю ў даркнэце. Так, так, у гэтым сусвеце таксама існуе цёмны інтэрнэт. Моніка паабяцала сабе, што не спыніцца, пакуль не знойдзе забойцу і не адпомсціць яму.
Першы выпуск знаёміць нас з месцам, часам і галоўнай гераіняй. Нават не ведаю, як там трымаецца Мядзведзіца, ведаючы, што яна цяпер не галоўная гераіня.

У канцы першага выпуску нехта падкідвае Моніцы след, і становіцца зразумела, што дзеянне ў наступных выпусках паімчыцца хутчэй. Што ж, будзе цікава паглядзець, як Саманта пазбегне пакаранне гэтым разам, бо чамусьці хочацца верыць, што яна менавіта той тып забойцы, які заўсёды выжывае.
Малюнак комікса на тым жа ўзроўні, што і ў першай частцы гісторыі.
Мне падабаецца, што аўтары не засталіся ў тым жа часе, а перанеслі нас праз гады ў будучыню.
Паглядзіце на дызайн форзаца. Дызайнер незвычайна аформіў капірайт і аўтараў комікса. Такі дызайн не выпадковы, бо менавіта так выглядаў інтэрфейс на камп’ютарах у 1994 годзе, калі адбываюцца падзеі ў коміксе.

Здаецца, што пакаранне прыйдзе да злачынцы, нават калі яна доўгі час больш не парушае законаў. Падабаецца, рэкамендую.
Пераклад “Beneath the Trees Where Nobody Sees” можна пачытаць на нашым сайце.
