Shredder #1 (2025). Агляд комікса

Комікс пра вяртанне Ароку Сакі ў горад. Усе яго лічылі мёртвым, а ён “проста быў у месцы горшым за пекла.
Пакуль Шрэдар адсутнічаў у Нью-Ёрку, з’явіўся новы клан, які стаў выкарыстоўваць эмблему Фут у перавернутым выглядзе. Чамусьці аўтары звярнулі на гэты факт увагу некалькі разоў.

Арганізацыю ўзначаліла яго даўно забытая вучаніца Mourner (чытачы яе таксама не ўспомняць, бо яе прыдумалі толькі што), якая хутка аказалася на прыкмеце спецслужбаў.

Неяк так атрымалася, што Шрэдар аказаўся патрэбным спецслужбам, і цяпер іх задача зрабіць з яго кантраляванага спецагента. За поспех гэтай трансфармацыі злачынцы ў героя адказная спецагентка Альба Эйван. Гэта таксама новы персанаж. Яна больш падобна на кабінетную следчую, якая ўсё жыццё вывучала профіль Шрэдэра, чым палявы камандзір. Але ў паліцыі яе ўсё слухаюцца.

На маю думку, такая сюжэтная схема, калі выкарыстоўваюць адмоўнага персанажа ў ролі памочніка сілаў дабра, хоць і выкарыстоўвалася шмат разоў раней у кіно (Чорны спіс, Атрад самазабойцаў, Злаві мяне калі зможаш і г.д.), але тут працуе. Шрэдар не стаў зноў біцца з чарапашкамі і захопліваць свет – і гэта ўжо нешта новае. Няхай ён хоць на кароткі час згуляе на баку добрых хлопцаў.
Для прыхільнікаў коміксаў пра чарапашак будзе нечаканым тое, як прыгожа Ароку Сакі выглядае. Калі б не флэшбэкі з чарвякамі, можна было б закахацца. Чарапашак-ніндзя ў коміксе пакуль няма. Міні-серыя будзе працягвацца 6 выпускаў, мабыць, недзе ў наступных выпусках іх пакажуць, хоць па адчуваннях, яны тут не патрэбныя.
