Pyrkon 2026
З 19 па 21 чэрвеня ў Познані зноў прайшоў Pyrkon – самы буйны фэст фантастыкі ў Польшчы. Калі коратка, то гэта тры дні, калі ў адным месцы збіраюцца аматары коміксаў, фантастыкі, фэнтэзі, анімэ, настолак і відэагульняў.

Праграма, як заўсёды, велізарная: больш за дзве тысячы розных падзей. Можна было бегаць паміж лекцыямі, гуляць у настолкі, слухаць канцэрты, фатаграфавацца з касплэерамі і выпадкова сустрэць чалавека ў касцюме, пра існаванне якога ты нават не падазраваў.
Для аматараў коміксаў сёлета таксама было на што паглядзець. На фэст прыехаў Kieron Gillen – аўтар The Wicked + The Divine, The Power Fantasy і некалькіх серый Star Wars.
З іншых вядомых гасцей можна адзначыць Giancarlo Esposito, Kevin J. Anderson і польскага астранаўта Sławosz Uznański-Wiśniewski.

Pyrkon ужо даўно вырас з невялікага канвенту ў падзею, куды з’язджаюцца людзі не толькі з усёй Польшчы, але і з іншых краін. І калі судзіць па фотаздымках і чэргах, жадаючых трапіць туды менш не становіцца.

Для фаната коміксаў галоўнай зоркай сёлетняга Pyrkon, напэўна, стаў Kieron Gillen. Калі вы хоць крыху сочыце за сучаснымі англамоўнымі коміксамі, то напэўна сустракалі ягонае імя. Ён паспеў папрацаваць і са Star Wars, і з Marvel, але найбольшую любоў чытачоў яму прынеслі аўтарскія серыі The Wicked + The Divine і The Power Fantasy. Гэта якраз той выпадак, калі на фэст прыязджае не проста чалавек з вялікім спісам праектаў, а аўтар, чые коміксы ўжо некалькі гадоў актыўна абмяркоўваюць у супольнасці.

Не менш цікавы госць – харвацкі мастак Goran Sudžuka. Ягоны малюнак можна пабачыць у Y: The Last Man, Hellblazer, Wonder Woman і дзясятках іншых вядомых серый. На фэсце ён расказаў пра кухню індустрыі праз малюнак комікса.


Tommaso Bennato вядомы перш за ўсё як адзін з аўтараў серыі Monster Allergy – папулярнага італьянскага комікса пра хлопчыка, які можа бачыць монстраў, схаваных ад вачэй звычайных людзей. Акрамя таго, Bennato працаваў над іншымі італьянскімі праектамі і добра ведае спецыфіку еўрапейскага рынку коміксаў, які часта застаецца ў цені амерыканскіх Marvel і DC. А польскім фанам ён блізкі працай над коміксам “Cyberpunk 2077”.

Anna Krztoń – адна з найбольш прыкметных аўтарак сучаснага польскага аўтарскага комікса. Найбольш вядомая яе кніга – «Weź się w garść», у якой яна вельмі адкрыта расказвае пра ўласны досвед барацьбы з дэпрэсіяй. За гэты комікс аўтарка атрымала некалькі польскіх узнагарод і шырокую вядомасць нават па-за комікснай супольнасцю. Яе працы – добры прыклад таго, што коміксы могуць быць не толькі забаўляльнымі гісторыямі пра герояў і прыгоды, але і сур’ёзным спосабам размаўляць пра рэальныя жыццёвыя праблемы.
