Daredevil #1 (2026) – агляд комікса
У Мэта Мердака новы статус – раней ён быў пастарам, цяпер выкладае ва універсітэце. Але гэта днём. Па начах ён па-ранейшаму палюе на дробных злачынцаў у межах Пякельнай кухні.

Галоўная інтрыга серыі – новы вораг Омен. Ён неяк звязаны з будучыняй Мэта Мердака, а не з гуртом Prodigy. Омен прыйшоў папярэдзіць юрыста, што яго чакае смерць. Відаць, не ад старасці, хоць пра яе Мэт ужо пачаў сур’ёзна задумвацца (актуальная тэма для пасталелага чытача коміксаў).

Мая версія: Омэн – гэта Мэт Мердак з будучыні. Ён мае падобнае адзенне і маску, ведае, дзе жыве Мэт, стараецца схаваць свой голас, каб не пазналі, і прадбачыць кожны рух Дэрдэвіла. Але пабачым у наступных выпусках.

За апошнія некалькі гадоў інтарэс да Дэрдэвіла знізіўся, але папулярнасць серыяла на disney+ рэанімуе персанаж у коміксах. За справу ўзялася сцэнарыстка Стэфані Філіпс, вядомая ў фанатскіх шэрагах тым, што яе серыі звычайна заканчваюцца на 15 выпуску. І гэта настарожвае…
#1 выйшаў 1 красавіка.
